1) Л. ваенны — месца размяшчэння войск па-за населеным пунктам, абсталяванае для выканання баявых, навуч. і інш. задач.
У старажытнасці Л. ствараліся як умацаваныя баявыя пазіцыі, найб. пашырыліся ў Стараж. Рыме (гл.Лагер рымскі). На Русі ў 11—17 ст. уладкаванне Л. (станаў) дасягнула высокага ўзроўню. У Чэхіі ў 15 ст. і ва ўкр. казакоў у 16—17 ст. Л. (табар) акружаўся некалькімі шэрагамі павозак. Ваен. Л. былі паходныя і пастаянныя (агараджаліся ровам, валам, сцяной; некаторыя з умацаваных Л. пераўтвараліся ў крэпасці). З развіццём артылерыі і інш сродкаў масавага паражэння Л. як умацаваныя стаянкі страцілі сваё значэнне. З 2-й пал. 19 ст. захаваліся толькі Л. для навучання войск у палявых умовах (у Расіі такія Л. ствараліся з канца 17 ст.). У Сав. Арміі навуч. Л. існавалі да 1960-х г. (іх замянілі навуч. цэнтры).
2) Часовае пасяленне, стаянка пэўнай групы людзей (лесарубаў, будаўнікоў, даследчыкаў).
3) Летнія загоны для жывёлы паблізу пашы.
4) Месца ўтрымання ваеннапалонных, зняволеных, рэпрэсіраваных (гл.Канцэнтрацыйны лагер).
5) Грамадска-палітычная групоўка; калектыў людзей, аб’яднаных адзінствам поглядаў, перакананняў.
6) Выхаваўча-аздараўленчая ўстанова для дзяцей школьнага ўзросту (напр., «Артэк», «Зубраня»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ГІКА КЛА́САЎ,
раздзел логікі, у якім разглядаюцца класы (мноствы) прадметаў, што задаюцца характарыстычнымі ўласцівасцямі гэтых прадметаў (элементаў класаў). Л.к. выступае як прыватны выпадак логікі прэдыкатаў, што аперыруе з аб’ёмамі (класамі) паняццяў, змест якіх выражаецца адпаведнымі аднамеснымі прэдыкатамі. Л.к. адпавядае таксама сілагістыцы Арыстоцеля. Часам яна разглядаецца як фармалізаваная тэорыя мностваў, у іншых выпадках — як расшырэнне логікі выказванняў. Калі ў логіцы выказванняў абстрагуюцца ад сувязей паміж суб’ектам і прэдыкатам выказвання, то ў Л.к. гэтыя сувязі ўлічваюцца. У лік класаў у Л.к. уключаецца і пусты клас (0), які ўтрымлівае нулявое мноства элементаў, і ўніверсальны клас (1), які ўключае ўсе аб’екты. З класамі (мноствам) можна рабіць аперацыі: перасячэння (знаходжанне агульных для іх элементаў), аб’яднання (складання) і дапаўнення да ўзроўню універсальнага класа. Да алфавіта логікі выказванняў у Л.к. дадаюцца: пераменныя a, b, c, ... для класаў; знакі, якія абазначаюць аперацыі з класамі; пастаянныя тэрмы 0 і 1; знакі для абазначэння адносін паміж класамі. Уводзяцца адносіны ўключэння класа ў клас (a⊂b) — a уключаецца ў клас b; адносіны роўнасці двух класаў (a=b); абедзве гэтыя формы адносін могуць быць вызначаны праз адносіны прыналежнасці элемента класу (a∈b).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri, на мове мясц. індзейцаў — ілістая рака),
рака ў ЗША, галоўны (правы) прыток Місісіпі. Даўж. 4090 км, пл.бас. 1371,1 тыс.км² (з іх каля 10 тыс.км² у межах Канады). Вытокі і большая ч. верхняга цячэння — у Скалістых гарах (у раёне Йелаўстонскага нацыянальнага парку). У сярэднім цячэнні (ад вусця р. Мілк да вусця р. Джэймс) рака перасякае плато Місуры, дзе месцамі цячэ ў цяснінах, утварае парогі. Ніжняе цячэнне ў Межах Цэнтральных раўнін, дзе рэчышча няўстойлівае, шырокая пойма абвалаваная для аховы ад паводак. Гал. прытокі: Йелаўстан, Плат, Канзас (справа). Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое, у сярэднім і ніжнім — пераважна дажджавое. Высокае веснавое разводдзе (павышэнне ўзроўню вады каля вусця да 12 м) і нізкая летняя межань. Характэрны моцныя паводкі. Сярэдні гадавы расход вады каля 2600 м³/с (макс. 19 тыс.м³/с). Цвёрды сцёк 220 млн.т/год; вада брудна-бурага колеру. Сістэма буйных вадасховішчаў (Форт-Пек, Гарысан, Аахе) на М. і ў яе басейне служаць для рэгулявання сцёку, мэтаў ірыгацыі, энергетыкі. Суднаходства да г. Су-Сіці для вял. суднаў і да г. Форт-Бентан для малых суднаў у мнагаводны перыяд. Буйныя гарады і парты: Омаха, Канзас-Сіці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ШКІ (Simulidae),
сямейства насякомых атр. двухкрылых. Больш за 1200 відаў. Пашыраны ўсюды. З камарамі, макрацамі і інш. насякомымі-крывасмокамі атр. двухкрылых утвараюць гнюс. На Беларусі 16 відаў. Найб. трапляюцца М. аздобленая (Odagmia ornata), М. насатая (Gnus rostratum), М. паўзучая. (Simulium repens), М. рачная (Schoenbaueria galeratum), М. тундравая (S. pusilla). Актыўныя ў гарачыя сонечныя дні. Укусы выклікаюць мясц. (папулы, пухліны) і агульныя (ацёкі, гіперэмія, павышэнне т-ры) рэакцыі. М. пераносяць узбуджальнікаў анхацэркозу буйн. раг. жывёлы, тулярэміі, лейкацытазаозу і гемаспарыдыёзу птушак і інш.
Даўж. цела да 7 мм. Ногі кароткія, дужыя. Афарбоўка найчасцей чорная, крылы шырокія, празрыстыя. Ротавыя органы колючага тыпу. Хабаток кароткі. Вусікі 11-членікавыя, кароткія, тоўстыя. Самцы кормяцца нектарам кветак, самкі — крывасмокі. Яйцы адкладваюць у вадзе на камяні, лісце і інш. прадметы. Лічынкі і кукалкі развіваюцца ў праточнай вадзе (патрабавальныя да ўзроўню кіслароду), маюць павуцінавыя залозы, сакрэт якіх спрыяе прымацаванню лічынак да субстрату і з’яўляецца матэрыялам для коканаў, у якіх яны акукліваюцца. Даюць да 4 пакаленняў за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТЫЗА́НСКАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕў Вялікую Айчынную вайну,
адна з арганізацыйных форм аб’яднання партызанскіх брыгад, партызанскіх палкоў, партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі на акупіраванай тэр. Беларусі. У выніку шырокага партыз. руху былі створаны шматлікія фарміраванні, якім для правядзення баявых аперацый у шырокіх маштабах патрэбна было цэнтралізаванае кіраўніцтва і рэгулярная сувязь з сав. тылам. Фарміравалі П.з. ЦШПР, БШПР, падп. абкомы, міжрайкомы, міжрайпартцэнтры і райкомы КП(б)Б. Узначальвалі П.з. звычайна сакратары падп. абкомаў, міжрайкомаў партыі ці афіцэры Чырв. Арміі; кіраўніцтва ажыццяўлялася праз штабы злучэнняў. У розны час дзейнічала каля 40 тэрытарыяльных злучэнняў [наз. таксама ваенна-аператыўнымі групамі (ВАГ), цэнтрамі: абласныя Баранавіцкае, Беластоцкае, Брэсцкае, Вілейскае, Гомельскае, Магілёўскае, Мінскае, Палескае, Пінскае; злучэнні Барысаўска-Бягомльскай, Івянецкай, Лідскай, Паўд. зон Баранавіцкай вобл., Паўд.-Прыпяцкай зоны Палескай вобл., Слуцкай, Стаўбцоўскай, Шчучынскай зон; Клічаўскі аператыўны цэнтр; ВАГ Асіповіцкая, Быхаўская, Бялыніцкая, Бярэзінская, Кіраўская, Клічаўская, Круглянская, Магілёўская, Рагачоўская, Шклоўская; П.з. «Трынаццаць» і інш. Большасць злучэнняў створана ў 1943. Часта ствараліся спец. падраздзяленні аўтаматчыкаў, артылерыстаў, мінамётчыкаў, якія падначальваліся камандзіру злучэння. Стварэнне П.з. садзейнічала павышэнню ўзроўню кіраўніцтва партыз. рухам, баявой і своечасовай актыўнасці партыз. фарміраванняў.
Літ.:
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл.Мн., 1990. С. 398.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВО́ДДЗЕ,
адносна працяглае павелічэнне воднасці ракі, якое паўтараецца штогод у адзін і той жа сезон і выклікае падняцце яе ўзроўню. Звычайна суправаджаецца выхадам вады з рэчышча і затапленнем поймы. Выклікаецца ўзмоцненым прытокам вады пры вясновым раставанні снегу на раўнінах, летнім раставанні снегу і ледавікоў у гарах, вял. дажджамі ў пэўны сезон года, напр., звязанымі з летнімі мусонамі ці зенітальнымі дажджамі (у трапічным поясе). На Беларусі Р. адбываецца вясной ад раставання снегу, звычайна пачынаецца на ПнЗ у пач.сак., на Пн у 3-й дэкадзе сакавіка. Канчаецца раней у бас.р. Нёман (канец крас. — пач. мая), найпазней у бас.р.Зах. Дзвіна і Прыпяць, дзе вельмі малыя нахілы і шырокія поймы (канец мая — пач. чэрвеня). Працягласць Р. (30—120 сут) залежыць ад запасаў снегу ў басейне, ступені прамярзання глебы, т-р паветра, інтэнсіўнасці раставання снегу, памераў ракі, забалочанасці, аблесенасці і азёрнасці вадазбору, формы рэчышча і своеасаблівасцей даліны. Узроўні вясновага Р. на Беларусі, як правіла, самыя высокія за год. Сярэдняе перавышэнне над самым нізкім летнім узроўнем дасягае на рэках Зах. Дзвіна 7—9 м, Дняпро 5—5,5 м, Нёман 2,5—4 м. На гэты перыяд прыпадае 36—77% гадавога сцёку рэк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСАЛІТЭ́Т (франц. vassalité ад позналац. vassallus васал, vassus слуга),
сістэма адносін асабістай залежнасці адных феадалаў (васалаў) ад іншых (сеньёраў або сюзерэнаў) у Зах. Еўропе. Упершыню склаўся ў позняй Франкскай імперыі пры Карле Вялікім (768—814), далейшае развіццё атрымаў у Германіі, Францыі, Англіі. На Беларусі ў класічным выглядзе не аформіўся, спец. тэрміна для яго абазначэння не было, аднак сістэма васальнай залежнасці існавала. У часы Кіеўскай Русі князі ўступалі паміж сабой у васалітэт, калі адзін з іх пагаджаўся лічыцца «сынам» другога (пры раўнапраўных адносінах князі звалі адзін аднаго «братамі»). Баяры былі васаламі таго князя, якому служылі і ад якога за службу мелі маёнткі. У 11—12 ст. у найбуйнейшых баяр з васалаў 3-га ўзроўню з’явіліся асабістыя дружыны. У ВКЛ у 13—14 ст. сістэма кіравання асобнымі землямі (княствамі) будавалася на васальнай залежнасці князёў ад вял. князя ВКЛ. Адначасова кожны князь меў васалаў з баяр, некаторыя з іх былі васаламі непасрэдна вял. князя ВКЛ. У канцы 14—15 ст.юрыд. правы непасрэдных васалаў вял. князя ВКЛ замацаваны ў шэрагу прывілеяў. Шляхта атрымала права распараджацца сваімі ўладаннямі. Васальныя адносіны гэтай групы феадалаў з вял. князем звяліся да абавязку ваен. службы і права падлягаць суду вял. князя ВКЛ ці яго намеснікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БУ́РА І НА́ЦІСК»
(«Sturm und Drang»),
грамадска-літ. рух у Германіі ў 1700—80-я г. (назва ад аднайм. драмы ням. пісьменніка Ф.М.Клінгера; 1776). Найб. значныя прадстаўнікі: І.В.Гётэ і Ф.Шылер (ранні перыяд творчасці), Клінгер, Я.М.Р.Ленц, Г.Л.Вагнер, Г.А.Бюргер, К.Ф.Д.Шубарт, І.Г.Фос. Для творчай практыкі пісьменнікаў «Бура і націск» характэрны пераважна зварот да драматургіі. Яны выступілі з рэзкім пратэстам супраць сац. несправядлівасці, дэспатызму феадалаў, рэліг. і саслоўных ланцугоў грамадства, адстойвалі права асобы на годнасць і свабоднае развіццё. У процілегласць асветніцкаму рацыяналізму і нарматыўнай эстэтыцы класіцызму «бурныя геніі» супрацьпаставілі ідэю самабытнага ва ўсіх праявах «характэрнага мастацтва», патрабавалі адлюстравання моцных пачуццяў, гераічных учынкаў, характараў, не зломленых дэспатычным рэжымам, абвяшчалі культ «арыгінальнага генія» — мастака-творцы. Літ. ўзорамі для іх былі паэмы Гамера і трагедыі У.Шэкспіра. Вырашальнае значэнне ў станаўленні эстэтыкі «Буры і націску» мелі думкі І.Г.Гердэра пра нац. своеасаблівасць мастацтва і яго нар. карані, пра ролю фантазіі і эмацыянальнага пачатку. Моцны пратэст супраць несправядлівасці, характэрны для творчасці прадстаўнікоў руху, дазволіў ням. Асветніцтву ўзняцца да ўзроўнюнац.-вызв. задач эпохі.
Літ.:
Неустроев В.П. «Буря и натиск» // Неустроев В.П. Немецкая литература эпохи Просвещения. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ АГУ́ЛЬНАЯ,
працэс і вынік авалодання асновамі навук, неабходнымі чалавеку для разумення з’яў прыроды і грамадства. Аснова політэхн. і прафес. адукацыі. Адукацыю агульную атрымліваюць у навуч. установах і самаадукацыяй. Асн. структурнай адзінкай у сістэме адукацыі з’яўляецца агульнаадук. школа (дзярж., грамадскія і прыватныя). На аснове Статута сярэдняй агульнаадук. школы ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пачатковыя (1—4-ы кл.), 9-гадовыя (базавыя; 1—9-ы кл.), сярэднія агульнаадукацыйныя школы (1—11, 12-ы кл.), з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школы-інтэрнаты, спец. школы, ліцэі, гімназіі; для працоўнай моладзі створаны вячэрнія (пазменныя) сярэднія агульнаадукац. школы. Змест адукацыі агульнай вызначаецца агульнадзярж. (абавязковым стандартам для пэўнага ўзроўню адукацыі) і школьным (устанаўліваецца з улікам сац.-эканам. абставін, інтарэсаў вучняў) кампанентамі. Базісная частка вучэбных планаў і праграм адукацыі агульнай уяўляе сабой сукупнасць абавязковых і даступных для ўсіх вучняў ведаў і ўменняў, неабходных адукаванаму чалавеку незалежна ад яго прафесіі. Дыферэнцыяцыя навучання праводзіцца на розных узроўнях складанасці з улікам выяўленых здольнасцяў. На розных этапах развіцця грамадства існуе пэўны сац. неабходны і агульнадаступны ўзровень адукацыі. На Беларусі гэта 9-гадовая (базавая) адукацыя, якая гарантуецца дзяржавай. У 1994/95 навуч.г. на Беларусі 5062 агульнаадук. школы, у т. л. 4971 дзённая і 91 вячэрняя (пазменная), у якіх 1561,8 тыс. вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯБЕ́Т ЦУКРО́ВЫ, цукровая хвароба,
эндакрыннае захворванне, абумоўленае поўным (інсулінзалежны Д.ц.) або адносным (інсуліннезалежны Д.ц.) недахопам у арганізме гармону інсуліну або яго нізкай біял. актыўнасцю. Характарызуецца парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і пашкоджаннем буйных і дробных крывяносных сасудаў. Д.ц. — вынік недастатковага ўтварэння ў падстраўнікавай залозе інсуліну з прычыны функцыян. прыгнечанасці або арган. пашкоджання β-клетак астраўкоў Лангерганса ў выніку парушэння абмену рэчываў, інфекц. хвароб, выдзялення вял. колькасці гармонаў антаганістаў інсуліну, атрафіі і перараджэння парэнхімы падстраўнікавай залозы, хранічнага пераядання і інш. Пры недахопе інсуліну памяншаецца ўтварэнне глікагену з глюкозы, таму тканкі не засвойваюць цукар і не могуць выкарыстоўваць яго як крыніцу энергіі, што вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві (гіперглікемія) і выдзяленню яго з мачой (гліказурыя). У больш цяжкіх выпадках парушаецца функцыя печані: у ёй не сінтэзуецца і не назапашваецца глікаген, не абясшкоджваюцца прадукты распаду бялкоў і тлушчаў, што прыводзіць да ацыдозу, які можа выклікаць дыябетычную кетаацыдатычную кому. У хворых на Д.ц. адзначаюцца празмерны апетыт і смага, выдзяленне вял. колькасці мачы (да 8 л за суткі) з высокай удз. в., скурны сверб, запаленне слізістых абалонак поласці рота і інш. Лячэнне — дыета, інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар.
Літ.:
Балаболкин М.И. Сахарный диабет. М., 1994;
Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1996.