ЭСКАЛА́ТАР (англ. escalator ад лац. scala лесвіца),

падымальна-транспартная канструкцыя ў выглядзе лесвіцы з рухомымі прыступкамі для перамяшчэння людзей з аднаго ўзроўню на другі. Прыступкі лесвіцы прымацаваны да бясконцага ланцуга і рухаюцца на роліках па накіравальнай раме. Э. абсталяваны парэнчамі, што рухаюцца сінхронна з лесвічным палатном. На верхняй станцыі размяшчаецца прывод, на ніжняй — нацяжное прыстасаванне для ланцугоў. Скорасць руху лесвічнага палатна 0,5—1 м/с, вугал нахілу 30—35°. Выкарыстоўваецца на станцыях метрапалітэна (тунэльны Э.) і ў шматпавярховых грамадскіх будынках (магазінах, тэатрах, вакзалах).

Схема эскалатара: 1 — парэнчы; 2 — электрарухавік; 3 і 6 — верхняя і ніжняя абаротныя зорачкі; 4 і 5 — унутраная і знешняя рэйкі; 7 — ніжняя пліта з грэбенем.

т. 18, кн. 1, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)