АЎТАМАДЭЛІ́ЗМ, аўтамадэльны спорт,

уключае канструяванне і стварэнне мадэляў аўтамабіляў для спаборніцтваў; тэхнічны від спорту. Адрозніваюць 2 тыпы мадэляў: кордавыя і радыёкіроўныя. Кордавыя маюць рухавікі ўнутр. згарання аб’ёмам да 1,5; 2,5; 5 і 10 см³; спаборніцтвы праводзяць на кардадроме — круглай пляцоўцы з бетоннай дарожкай. Радыёкіроўныя паводле тыпу рухавікоў падзяляюцца на мадэлі з рухавікамі ўнутр. згарання і электрычнымі; спаборніцтвы праводзяць на спец. трасах для групавых гонак. На Беларусі спаборніцтвы па аўтамабілізме праводзяць з 1959. Федэрацыя аўтамадэльнага спорту Рэспублікі Беларусь створана ў 1992 (з 1993 член Еўрапейскай федэрацыі). Чэмпіёны б. СССР па аўтамадэлізме (майстры спорту міжнар. класа) — В.​Кротчанкаў (1975, 1987), В.​Дрозд (1991), чэмпіён і рэкардсмен Рэспублікі Беларусь Кротчанкаў (1992).

т. 2, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́СКЕР (Lasker) Эмануэль (24.12.1868, г. Барлінэк, Польшча — 13.1.1941),

нямецкі шахматыст, шахматны тэарэтык і літаратар. Д-р філасофіі і матэматыкі (1902). Скончыў Гайдэльбергскі ун-т (1889). Рэд.-выдавец час. «Lasker’s Chess Magazine» («Шахматны часопіс Ласкера», 1904—09) і інш. перыяд. шахматных выданняў. Чэмпіён свету (1894—1921). Пераможца буйных турніраў (1893, 1924, Нью-Йорк; 1895—96, 1909, 1914, С.-Пецярбург; 1896, г. Нюрнберг, Германія; 1899, Лондан; 1900, Парыж; 1923 г. Мораўска-Острава, Чэхаславакія). У 1935 эмігрыраваў з фаш. Германіі, жыў у Маскве, двойчы выступаў як прадстаўнік СССР на міжнар. турнірах (1936, Масква і г. Нотынгем, Вялікабрытанія). З 1937 у ЗША.

Тв.:

Рус. пер. — Как Виктор стал шахматным мастером. М., 1973;

Учебник шахматной игры. 6 изд. М., 1980.

т. 9, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАФЕ́ЕЎ Эдуард Васілевіч (н. 2.6.1942, г. Краснаярск, Расія),

бел. і рас. спартсмен і трэнер па футболу. Майстар спорту СССР міжнар. класа (1966), засл. майстар спорту СССР (1967). Засл. трэнер СССР (1989), засл. трэнер Беларусі (1979). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1972), Вышэйшую школу трэнераў (1977, Масква). У 1963—72 у мінскім «Дынама». У складзе зборнай каманды СССР (з 1963) бронз. прызёр чэмпіянату свету (1966, Лондан), сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1964, Мадрыд). У складзе каманды «Дынама» (Мінск) бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1963), фіналіст Кубка СССР (1965). З 1972 на трэнерскай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам каманда мінскага «Дынама» — чэмпіён СССР (1982), бронз. прызёр чэмпіянату СССР (1983). З 1983 ст. трэнер алімп. зборнай каманды СССР па футболе, з 1991 трэнер у рас. футбольных клубах.

т. 10, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАЦЬКО́ Алег Пятровіч (н. 11.9.1968, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. спартсмен (суднамадэльны спорт, стэндавыя мадэлі). Майстар спорту Беларусі міжнар. класа (1994). Скончыў БПА (1992). З 2001 інструктар па спорце Бел. абароннага спарт.-тэхн. т-ва. Залатыя медалі на чэмпіянатах свету (1993, г. Ябланец, Чэхія; 1997, Сент-Гален, Швейцарыя; 1998, г. Гданьск, Польшча; 2002, г. Гановер, Германія — 2 медалі); сярэбраны прызёр (1998, г. Гданьск; 2000, г. Монс, Бельгія — 2 медалі); 2002, г. Гановер). Залатыя медалі на чэмпіянатах Еўропы (1994, г. Адэса, Украіна; 1995, г. Канстанца, Румынія; 2001, г. Кромержыж, Чэхія — 2 медалі); бронз. прызёр (2001, г. Кромержыж). Сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР (1988, г. Кіраваград, Украіна). 19-разовы чэмпіён Беларусі (1988—2002). 15 рэкордаў і вышэйшых дасягненняў Беларусі ў розных класах мадэлей.

т. 16, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАРТЫ́ЎНАЯ ГІМНА́СТЫКА,

практыкаванні і спаборніцтвы на гімнастычных снарадах, у апорных скачках і ў вольных практыкаваннях; від спорту. У праграму гімнастычнага мнагабор’я ўваходзяць адвольныя практыкаванні: для мужчын — у апорных скачках, у вольных практыкаваннях, на кані, кольцах, брусах і перакладзіне; для жанчын — на брусах рознай вышыні, бервяне, у апорных скачках і вольных практыкаваннях.

Гімнастычныя практыкаванні ўваходзілі ў сістэму фіз. выхавання з часоў Стараж. Грэцыі. Практыкаванні на гімнастычных снарадах, апорныя скачкі выкарыстоўваліся ў сістэме фіз. выхавання ў еўрап. краінах з канца 18 — пач. 19 ст. Спаборніцтвы праводзяцца з 2-й пал. 19 ст. Міжнар. федэрацыя гімнастыкі створана ў 1881. З 1896 С.г. ўваходзіць у праграму Алімп. гульняў (жанчыны ўдзельнічаюць з 1928). Чэмпіянаты свету адбываюцца з 1903 (у жанчын — з 1934). Найб. пашырана С.г. на Беларусі, у Германіі, ЗША, Кітаі, Расіі, Украіне, Японіі і інш.

На Беларусі С.г. развіваецца з канца 19 — пач. 20 ст. Заняткі гімнастыкай з 1889 уваходзілі ў вучэбныя праграмы настаўніцкіх семінарый (г. Маладзечна, Нясвіж, Полацк, мяст. Свіслач); як элемент агульнафіз. падрыхтоўкі — у школьныя праграмы. У 1909 у г. Гродна створана гімнастычнае т-ва «Сокал». У 1910—14 у г. Вільня, Гродна, Магілёў, Слуцк і інш. праходзілі гімнастычныя святы вучнёўскай моладзі. На пачатак 1914 мелася каля 50 спарт. і гімнастычных арг-цый. I Усебел. зімовае гімнастычнае свята праведзена ў 1933. Найб. інтэнсіўна С.г. развівалася з 1950-х г. З пач. 1960-х г. складалася бел. жаночая гімнастычная школа (трэнеры Р.​С.​Ваткін, В.​Дз.​Дзмітрыеў, Р.​Л.​Кныш і інш.). Пазней склалася і мужчынская бел. гімнастычная школа. На Беларусі праводзіліся міжнар. спаборніцтвы па С.г., у т. л. чэмпіянат Еўропы (1971). Мужчынская зборная каманда Беларусі — чэмпіён (2001) і бронз. прызёр (1999) чэмпіянатаў свету, чэмпіён (1994) і бронз. прызёр (1996) чэмпіянатаў Еўропы. Сярод бел. гімнастаў найб. вызначыліся І.​Іванкоў, М.​Мілігула, В.​Шчэрба, А.​Кан, А.​Малееў, В.​Рудніцкі, У.​Шчукін і інш.; сярод гімнастак — Т.​Аржаннікава, С.​Багінская, С.​Баітава, А.​Валчэцкая, Н.​Кім, В.​Корбут, А.​Кошаль, Т.​Лазаковіч, Л.​Петрык, А.​Піскун і інш. А.​М.​Петрыкаў.

т. 15, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УРАДЖА́Й»,

прафсаюзнае сельскае спартыўнае таварыства. На Беларусі арганізавана ў 1956 на базе спарт. т-ваў «Калгаснік» і «Ураджай». Аб’ядноўвала фізкультурнікаў і спартсменаў вёскі, навучэнцаў с.-г. сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў, сельскую інтэлігенцыю. Праводзіла летнія і зімовыя сельскія спарт. гульні, спартакіяды па мнагабор’і, спаборніцтвы па асобных відах спорту і інш. Т-ва аб’ядноўвала (1981) больш за 4 тыс. калектываў фізкультуры, мела 57 стадыёнаў, 167 спарт. залаў, больш за 4 тыс. футбольных палёў, каля 15 тыс. спарт. пляцовак, 6 плавальных басейнаў (з іх 5 крытых), 297 стралковых ціраў, 76 лыжных баз і інш. Сярод выхаванцаў т-ва: чэмпіёны Алімп. гульняў Л.Тараненка, В.Угрумаў, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1978), уладальнік Кубка Еўропы (1977) у кіданні кап’я М.​Грэбнеў, чэмпіён СССР (1976, 1977) па веславанні на байдарках і каноэ З.​Сарока і інш. У 1993 т-ва падзелена на шэраг спарт. клубаў.

т. 16, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДКІ́,

руская нар. спартыўная гульня. Бітамі (палкі даўж. Да 1 м) неабходна выбіць з горада (пляцоўка 2 × 2 м) 5 гарадкоў (цуркі даўж. 20 см, дыяметрам 5 см), складзеных у выглядзе розных фігур (звычайна ў партыі іх 15). Біты кідаюць з пэўнай адлегласці (кон — 13 м, паўкон — 6,5 м). Перамагае спартсмен ці каманда, што затрацілі на выбіванне фігур найменшую колькасць біт. Камандныя спаборніцтвы складаюцца з 3—5 партый, у асабістым першынстве спартсмены на працягу 3 тураў выбіваюць 90 фігур (па 30 у кожным). Фіксуюцца рэкорды на выбіванне 15, 30, 45, 60, 90 фігур.

Зарадзіліся гарадкі ў 1820-я г. ў Расіі і на Украіне. Правілы распрацаваны ў 1923. На Беларусі спарт. гарадкі развіваюцца з 1924, чэмпіянаты рэспублікі з 1949, найб. актыўна з 1960-х г. Каманда Беларусі бронзавы прызёр Кубка Еўропы 1994, А.​Ярашэвіч — чэмпіён Еўропы 1996. З 1993 дзейнічае Міжнар. федэрацыя гарадошнага спорту (штаб-кватэра ў Мінску).

В.​Л.​Працкайла.

т. 5, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІРАВЫ́ СПОРТ,

від спорту, спаборніцтвы ў падыманні цяжару (гір). Конкурсы асілкаў маюць глыбокую гісторыю, асабліва ў краінах СНД, дзе найб. папулярны гіравы спорт. Аднак адзіныя правілы спаборніцтваў распрацаваны Міжнар. федэрацыяй гіравога спорту толькі ў 1994. Паводле іх спаборніцтвы праводзяцца ў 7 вагавых катэгорыях — ад 60 да больш як 90 кг. Пераможца вызначаецца па выніках двухбор’я (штуршок і рывок). Першае практыкаванне выконваецца абедзвюма рукамі адначасова, другое папераменна левай і правай з перахопам снарада. На кожнае практыкаванне адводзіцца 20 мін. Маса гіры 32 кг.

Усе вышэйшыя дасягненні ў гіравым спорце на канец 1996 належаць спартсменам Расіі. Бел. федэрацыя гіравога спорту дзейнічае з 1988. Найб. поспехаў з бел. гіравікоў дасягнулі В.​Лянглер (чэмпіён Еўропы 1994), В.​Калмук — сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету (4 разы) і Еўропы (1994), а таксама В.​Харанека, які неаднаразова ставіў рэкорды з гірамі для Кнігі рэкордаў Гінеса. У 1996 у Мінску праходзіў 4-ы чэмпіянат свету па гіравому спорту.

В.​Л.​Працкайла.

т. 5, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЫ́ЖНАЕ ДВАЯБО́Р’Е, паўночнае дваябор’е (афіц. назва Combiné nordique паўночная камбінацыя),

від лыжнага спорту, які ўключае скачкі з 70-метровага трампліна і гонку на 15 км (да 1956—18 км) на перасечанай мясцовасці. Спаборніцтвы праводзяцца ў 2 дні: у 1-ы — скачкі (з трох у залік ідуць 2 лепшыя), у 2-гі — гонка. Вынік вызначаецца сумай балаў за абодва практыкаванні.

Як від спорту ўзнік у Нарвегіі ў канцы 19 ст. У Расіі першыя спаборніцтвы адбыліся ў 1912 пад Пецярбургам. З 1924 уваходзіць у праграму Алімп. гульняў, з 1925 праводзяцца спаборніцтвы Кангрэса Міжнар. федэрацыі лыжнага спорту (ФІС), з 1937 — чэмпіянаты свету.

На Беларусі першыя афіц. спаборніцтвы адбыліся ў 1938 (г. Віцебск), рэгулярна праводзяцца з 1962. Сярод чэмпіёнаў СССР: каманды Беларусі (1982, 1986), В.​Акулаў (1986, камандны залік, таксама ўладальнік Кубка СССР, 1985), С.​Давідчанка (1986, камандны залік), А.​Пектубаеў (1986, камандны і асабісты залікі). Каманда спарт. т-ва «Ураджай» — чэмпіён Усесаюзных зімовых сельскіх гульняў (1977).

т. 9, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́ХМАТНА-ША́ШАЧНЫ КЛУБ Беларусі

(з 1997 Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па шахматах і шашках Мін-ва спорту і турызму Беларусі),

дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спарт. ўстанова. У 1997 аб’яднаны з рэсп. спецыялізаванай школай алімп. рэзерву (Мінск). Будынак цэнтра (да 1985 «Палац шахмат») рэканструяваны ў 1985 (арх. рэканструкцыі — С.Б.Неўмывакін). Асн. змест дзейнасці цэнтра — папулярызацыя і арганізац.-метадычнае забеспячэнне развіцця шахмат і шашак на Беларусі, падрыхтоўка спартсменаў, спартсменаў-інструктараў нац. каманд Беларусі па шахматах і шашках, арганізацыя і правядзенне спарт. мерапрыемстваў і спаборніцтваў, наладжванне міжнар. спарт. сувязей. Цэнтр (2003) мае аддзяленні шахмат і шашак, у 21 групе займаюцца 194 вучні. Сярод выпускнікоў аддз. шахмат — шматразовыя чэмпіёны Беларусі міжнар. гросмайстры С.​Азараў, А.​Аляксандраў, Г.​Лагвілава, І.​Раманава, міжнар. майстры А.​Жыгалка, Н.​Папова, І.​Цяценькіна і інш.; шашак — чэмпіён свету А.Гантварг, віцэ-чэмпіёнка свету І.​Пашкевіч, міжнар. гросмайстры А.​Булатаў, А.​Валюк, міжнар. майстры В.​Варушыла, В.​Садоўская і інш. Пры цэнтры дзейнічае (2003) клуб аматараў шахмат «Ладдзя».

Г.​Н.​Бугрым.

т. 17, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)