ЛАЎРЭ́НЦЬЕЎ (Міхаіл Аляксеевіч) (19.11.1900, г. Казань, Татарстан — 15.10.1980),
расійскі матэматык і механік, стваральнік навук. школы прамысл. выкарыстання выбуху. Акад.АНСССР (1946), АН Украіны (1939). Чл. акадэмій і навук. т-ваў многіх краін свету. Герой Сац. Працы (1967). Скончыў Маскоўскі ун-т (1922). З 1922 ва ун-тах Масквы, Кіева і Новасібірска, з 1935 y АНСССР (у 1957—75 віцэ-прэзідэнт), арганізатар і першы старшыня Сіб.аддз.АНСССР. Навук. працы па новых кірунках тэорыі функцый, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, механікі суцэльнага асяроддзя (гідрадынамічная тэорыя кумуляцыі) і дастасавальнай фізіцы (фізіка выбуху і імпульсных працэсаў). Ленінская прэмія 1958, Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949. Залаты медаль імя Ламаносава АНСССР 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯЗНА́ЎСТВА,
раздзел фізічнай геаграфіі, які вывучае агульныя фізіка-геагр. заканамернасці і галоўныя ўласцівасці геаграфічнай абалонкі Зямлі. Даследуе яе прасторава-часавую арганізацыю, дыферэнцыяцыю, кругаварот рэчываў і энергіі, дынаміку і эвалюцыю, ролю чалавецтва ў трансфармацыі геагр. абалонкі. З’яўляецца прыроднагіст. тэарэт. асновай аховы навакольнага асяроддзя, глабальнага мадэліравання; цесна звязана з краіназнаўствам. У З. шырока выкарыстоўваюцца геафіз., геахім., геал. і картаграфічныя метады. Тэрмін уведзены ням. географам К.Рытэрам (1-я пал. 19 ст.). Асновы сучаснага З. закладзены ў працах А.А.Грыгор’ева, С.В.Калесніка, В.А.Дзяменцьева і інш. Тэрмін выкарыстоўваецца таксама для абазначэння сукупнасці навук, аб’ектам якіх з’яўляецца Зямля як планета (гл.Касмічнае землязнаўства).
Літ.:
Калесник С.В. Общие географические закономерности Земли. М., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕ́ВІЧ (Сяргей Васілевіч) (2.10.1916, в. Стайкі Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 12.1.1996),
бел. фізікахімік. Д-рхім.н. (1971). Скончыў БДУ (1940). У 1946—81 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (у 1952—58 нам. дырэктара, з 1958 заг. лабараторыі). З 1989 у ін-це радыяцыйных фіз.-хім. праблем АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні элементарных працэсаў каталізу, па радыяцыйным каталізе, радыёлізе неарган. і арган. дыэлектрыкаў. Стварыў мед. прэпарат «Рондэкс» — заменнік плазмы крыві.
Тв.:
Реакции превращения этилена на алюмосиликатном катализаторе // Кинетика и катализ. 1963. Т. 4, вып. 5;
Исследование радиолиза высокополимеров глюкозы (у сааўт.) // Радиобиология. 1967. Т. 7, вып. 4. Радиолиз водяного пара в присутствии твердых тел (у сааўт.) // Весці АН Беларусі. Сер. хім.навук. 1995. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ВУШКІН (Яраслаў Міхайлавіч) (8.11.1913, Масква — 2.7.1996),
бел. і расійскі хімік-арганік. Акад.АН Беларусі (1970), д-ртэхн.н. (1948), праф. (1949). Скончыў Маскоўскі хім.-тэхнал.ін-т (1938). З 1945 у Ін-це нафтахім. і газавай прам-сці (Масква). З 1970 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (заг. аддзела). З 1974 у Ін-це гаручых выкапняў (Масква). Навук. працы па нафтахім. сінтэзе паліва і спец. відаў палімераў, хіміі рэактыўнага паліва, тэрмічным ператварэнні вуглевадародаў. Адкрыў рэакцыю алкіліравання араматычных вуглевадародаў алефінамі. Распрацаваў новыя метады сінтэзу шмат’ядз. араматычных поліамінаў і поліфенолаў.
Тв.:
Нефтехимическая наука и промышленность. Мн., 1972;
Жидкие и твердые химические ракетные топлива. М., 1978;
Технология нефтехимического синтеза. 2 изд. М., 1985 (разам з С.В.Адэльсон, Т.П.Вішняковай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТАВАЙ І ГА́ЗАВАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВАДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНЫ ІНСТЫТУТ («БелНДПІнафта»),
Засн. ў 1991 у Гомелі на базе Гомельскага комплекснага аддзела (створаны ў 1967 пасля адкрыцця на Беларусі прамысл. радовішчаў нафты, 1964) ін-та «УкрДЗІПРАНДІнафта». Уваходзіць у склад ВА «Беларусьнафта» Бел.дзярж. канцэрна па нафце і хіміі «Белнафтахім». Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: тэхніка і тэхналогія здабычы нафты; распрацоўка нафтавых і газавых радовішчаў; фізіка-хімія нафтавага пласта, новых метадаў павышэння нафтааддачы; ахова ад карозіі нафтапрамысл. абсталявання; пошук новых кірункаў геолага-разведачных работ, падлік запасаў нафты і газу; нафтавая гідрагеалогія і літагідрагеахімія; распрацоўка новых тэхналогій і тэхн. рашэнняў пры праектаванні буд-ва свідравін; інжынерна-геал. пошукі і падрыхтоўка да работы нафтавых радовішчаў; арг-цыя працы і вытв-сці; ахова навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛО́ПУЛА (Ігар Аляксандравіч) (н. 13.8.1938, г. Таганрог Растоўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне біяарган. хіміі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1996), д-рхім.н. (1984), праф. (1993). Скончыў Маскоўскі ін-т тонкай хім. тэхналогіі (1961). З 1970 у Ін-це фізіка-арган. хіміі, з 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац.АН Беларусі (з 1973 заг. лабараторыі, з 1989 нам. дырэктара). Навук. працы. па біяарган. хіміі кампанентаў нуклеінавых кіслот, распрацоўцы высокаэфектыўных метадаў атрымання біялагічна актыўных злучэнняў. Сінтэзаваў шэраг вытворных нуклеазідаў і нуклеатыдаў, якія аказваюць процівіруснае і проціпухліннае дзеянне.
Тв.:
Synthesis and use of (2′, 5′) oligoadenylate trimers modified at the 2′-terminus in kidney transplantation in rabbits and monkeys (у сааўт.) // Nucleosides and nucleotides. 1995. Vol. 14, № 3—5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛЕ́ВІЧ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 20.9.1938, г. Віцебск),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі. Акад.Нац.АН Беларусі (2000; чл.-кар. 1986), д-ртэхн.н. (1976), праф. (1978). Скончыў БПІ (1961). З 1961 у Фізіка-тэхн. ін-це, з 1966 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (у 1983—88 нам. дырэктара). З 1991 дырэктар Ін-та праблем энергетыкі Нац.АН Беларусі, адначасова (з 1997) заг. кафедры Бел.тэхнал. ун-та. Навук працы па даследаванні механізма цепла- і масаабмену ў элементах энергет. установак, перспектывах развіцця энергетыкі на Беларусі, распрацоўцы сістэм ахаладжэння цеплавых і атамных электрастанцый.
Тв.:
Методы оптимизации параметров теплообменных аппаратов АЭС. Мн., 1981 (у сааўт.);
Математическое моделирование массо- и теплопереноса при конденсации. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКАЯ НІЗІ́НА.
На Пд Беларусі і Пн Украіны; займае большую ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, каля паловы Гомельскай абласцей Беларусі і паўн. часткі Валынскай, Ровенскай, Жытомірскай абласцей Украіны. Мяжуе з Прыбугскай раўнінай на З—ПнЗ, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Прыдняпроўскай нізінай на У, Прыдняпроўскім і Валынскім узвышшамі на Пд. Уключае б.ч. тэрыторыі фізіка-геагр. падправінцый Беларускага Палесся і Украінскага Палесся, а таксама фізіка-геагр. раёны: Брэсцкае Палессе, Загароддзе, Прыпяцкае Палессе, Мазырскае Палессе (паводле В.А.Дзяменцьева) і Валынскае Палессе, Кіеўскае Палессе і нізінную ч. Жытомірскага Палесся. Паводле геамарфалагічнага раянавання (А.В.Мацвееў) П.н. вылучана ў вобласць, якая складаецца з 22 геамарфалагічных раёнаў. На Беларусі П.н. займае пл. каля 43,5 тыс.км², працягнулася з 3 на У на 350—420 км, з Пн на Пд на 60—240 км, пераважныя выш. 110—155 м, найб. 221 м (Мазырская града); на Украіне выш. 150—160 м, найб. 316 м (Оўруцкі краж). У межах П.н. ў рэльефе крышт. фундамента вылучаецца шэраг тэктанічных упадзін і падняццяў, якія значна паўплывалі на фарміраванне сучасных ландшафтаў і геал. будову (магутнасць асадкавага чахла ад 20—50 м на Мікашэвіцка-Жыткавіцкім выступе, каля в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл. сыходзіць да нуля; ва ўсх.ч.Падляска-Брэсцкай упадзіны магутнасць да 1,7 км, у Прыпяцкім прагіне — да 2,6 км). П.н. спалучае ландшафты шырокіх азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі. Характэрны шматлікія плоскія забалочаныя скразныя даліны, азёрныя катлавіны (найб.воз. Чырвонае), буйныя тарфяныя масівы, густая рачная сетка (гал. водная артэрыя р.Прыпяць з прытокамі, у зах.ч.р.Зах. Буг з правымі прытокамі), разгалінаваная сетка меліярац. каналаў (найб.Дняпроўска-Бугскі канал). Пра карысныя выкапні, клімат, глебы, расліннасць П.н. гл. ў арт.Беларускае Палессе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ЗЕ—ЭЙНШТЭ́ЙНА СТАТЫ́СТЫКА,
фізічная статыстыка, якая апісвае фіз. ўласцівасці сістэм тоесных часціц з нулявым і цэлалікавым спінам (базонаў); адна з квантавых статыстык. Прапанавана Ш.Бозе для светлавых квантаў (фатонаў) і развіта А.Эйнштэйнам для часціц ідэальнага газу (1924).
Аснова Бозе—Эйнштэйна статыстыкі — Бозе—Эйнштэйна размеркаванне. Паводле Бозе—Эйнштэйна статыстыкі ў кожным квантавым стане сістэмы можа знаходзіцца любая колькасць базонаў. На падставе Бозе—Эйнштэйна статыстыкі тлумачацца макраскапічныя квантавыя эфекты звышправоднасці і звышцякучасці, а таксама залежнасць цеплаёмістасці цвёрдага цела ад т-ры, законы выпрамянення абсалютна чорнага цела і інш.фіз. з’явы, якія не мелі тлумачэння ў межах законаў класічнай фізікі. Пры высокіх т-рах і малой канцэнтрацыі часціц, калі эфекты спінавага несілавога ўзаемадзеяння можна не ўлічваць, Бозе—Эйнштэйна статыстыка пераходзіць у Больцмана статыстыку. Гл. таксама Фермі—Дзірака статыстыка, Статыстычная фізіка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАХІМІ́ЧНЫЯ ІНДЫКА́ТАРЫ,
хімічныя, фізіка-хім., мінералагічныя паказчыкі працэсаў і пэўных геахім. умоў. Ролю геахімічных індыкатараў могуць выконваць канцэнтрацыі хім. элементаў, іх асацыяцыі, велічыні суадносін і рады рухомасці элементаў, формы прысутнасці хім. элементаў у прыродных аб’ектах, геахім. фацыі, тыпы прадуктаў выветрывання і седыментацыі, канцэнтрацыі і суадносіны тэрыгенных і аўтагенных мінералаў, геахім. асаблівасці асобных мінералаў і інш. Выкарыстоўваюць геахімічныя індыкатары пры разведцы карысных выкапняў, вывучэнні геахім. працэсаў, біягеахім. анамалій, пры вызначэнні і распрацоўцы мерапрыемстваў па ахове прыроды на вызначанай тэрыторыі. На Беларусі з дапамогай геахімічных індыкатараў вывучаюць, напр., геахім. анамаліі, умовы і працэсы ўтварэння лёсаў, палеагеагр. ўмовы фарміравання тэрас Прыпяці, характар палеапатокаў у раннім плейстацэне. Вылучаны геахім. межы неаген-антрапагену, раскрыты ўмовы фарміравання Стаўбцоўскай геахім. анамаліі і інш.
Літ.:
Лукашев В.К. Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования. Мн., 1972.