ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,

(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап. цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр. ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. Грамадзянства ЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ АГЕ́НЦТВА ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РПІ (МАГАТЭ; International Atomic Energy Agency),

міжпародная міжурадавая арг-цыя. Засн. ў 1955. Дзейнічае ў сістэме ААН. У 1999 у МАГАТЭ 131 дзяржава, у т. л. Рэспубліка Беларусь — адна з заснавальніц арг-цыі. Мэты МАГАТЭ: заахвочванне і падтрымка вывучэння, развіцця і практычнага выкарыстання атамнай энергіі ва ўсім свеце ў грамадзянскіх мэтах; пасрэдніцтва ў абмене паслугамі і матэрыяламі паміж сваімі членамі па іх жаданні; забеспячэнне выкарыстання матэрыялаў, паслуг і абсталявання для развіцця атамнай энергетыкі ў мірных мэтах; заахвочванне абмену навук. і тэхн. інфармацыяй у сферы мірнага выкарыстання атамнай энергіі; прыняцце мер бяспекі для папярэджання выкарыстання ядз. матэрыялаў у ваен. мэтах; разам з органамі і ін-тамі сістэмы ААН, якія адказваюць за гэтыя пытанні, вызначэнне і прыняцце норм у галіне бяспекі і аховы здароўя (у 1994 паміж МАГАТЭ і Беларуссю, якая пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, падпісана пагадненне аб гарантыях). У структуру МАГАТЭ уваходзяць: Ген. канферэнцыя, Савет кіраўнікоў, Сакратарыят. Ген. канферэнцыя, якая складаецца з прадстаўнікоў дзяржаў-членаў, збіраецца 1 раз на год. Савет кіраўнікоў (35 чл., у т. л. Рэспубліка Беларусь, якая выбрана ў 1999 на 2 гады) звычайна збіраецца 5 разоў на год. Ён мае шырокія паўнамоцтвы па кіраванні МАГАТЭ, а таксама права ствараць к-ты для вырашэння пэўных пытанняў. Сакратарыят кіруецца ген. дырэктарам, які назначаецца Саветам кіраўніцтва на 4 гады і зацвярджаецца Ген. канферэнцыяй. Месцазнаходжанне — Вена.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каапераванне вытворчасці сацыялістычных краін, гл. ў арт. Савет Эканамічнай Узаемадапамогі, Інтэграцыя эканамічная

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНЫ СТАТУ́Т КАРАЛЕ́ЎСТВА ПО́ЛЬСКАГА 1832 («Органический статут»),

прававы акт, уведзены рас. ўладамі пасля задушэння паўстання 1830—31 у Каралеўстве Польскім замест скасаванай канстытуцыі 1815. Выдадзены 26.2.1832 у Пецярбургу царом Мікалаем I. Паводле статута тэр. Каралеўства ўключалася ў склад Рас. імперыі, скасоўваліся асобны акт каранацыі цара ў Варшаве, сейм і частка ўрадавых камісій, польск. армія, але захоўваліся аўтаномныя польскія ўстановы (намесніцтва, адм. і дзярж. саветы і інш.), польск. мова ва ўстановах і ў школах і інш. Дэклараваныя статутам элементы польск. аўтаноміі па меры ўвядзення ў Каралеўстве адм. нормаў Рас. імерыі былі ліквідаваны (напр., Дзярж. савет у 1841).

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЕ́ЙРА ((Vieira) Жуан Бернарду) (н. 27.4.1939, Бісау),

дзяржаўны, паліт. і ваен. дзеяч Гвінеі-Бісау. Дывізійны генерал (1983). З 1960 чл. Афр. партыі незалежнасці Гвінеі і Каба-Вердэ (ПАІГК). З 1964 камандуючы Паўд. фронтам, з 1965 нам. старшыні Ваен. савета ПАІГК. У 1973—78 старшыня Нац. нар. сходу Гвінеі-Бісау і дзярж. камісар узбр. сіл. З 1978 кіраўнік урада, адначасова ў 1982—84 міністр Нар. рэв. сіл, міністр нац. бяспекі і грамадскага парадку. Пасля ваен. перавароту 14.11.1980 узначаліў Рэв. савет. З 1981 ген. сакратар ЦК ПАІГК. З 1984 старшыня Дзярж. савета (кіраўнік дзяржавы і ўрада). З 1994 прэзідэнт Гвінеі-Бісау.

т. 4, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,

спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).

т. 8, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІСФЕ́Н (Kleisthenēs),

дзяржаўны дзеяч Стараж. Грэцыі ў 6 ст. да н.э. Паходзіў з арыстакратычнага роду Алкмеанідаў, выгнаных з Афін Пісістратыдамі Пасля выгнання з Афін тырана Гіпія ў 510 да н.э. К. вярнуўся ў Афіны і ўзначаліў афінскі дэмас, апазіцыйны арыстакратам на чале з Ісагорам. У 509—507 правёў шэраг дэмакр. рэформ, паводле якіх Атыка падзелена на 10 тэр. філаў (замест 4 родавых), савет 400 (буле) заменены выбарным саветам з 500 дэлегатаў, створана калегія з 10 стратэгаў, якая ўзяла на сябе ваен. функцыі, уведзена новая форма тайнага галасавання — т.зв. астракізм. Рэформы К. замацавалі перамогу афінскага дэмасу над радавой арыстакратыяй.

т. 8, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (МАП; International Labour Organization),

спецыялізаваная ўстанова ААН. Створана ў 1919 паводле рашэння Парыжскай мірнай канферэнцыі як аўт. арг-цыя Лігі нацый. У 1946 стала першай спецыялізаванай установай ААН. У 1999 у МАП больш за 170 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь. МАП аб’ядноўвае на роўных правах урады, прадпрымальнікаў і працоўных з мэтай выпрацоўкі мер па ахове і паляпшэнні ўмоў працы, забеспячэнні поўнай занятасці і росту ўзроўню жыцця, заахвочванні супрацоўніцтва паміж прадпрымальнікамі і працоўнымі. Органы МАП: Адм. савет і Міжнар. бюро працы. Месцазнаходжанне — г. Жэнева (Швейцарыя). Нобелеўская прэмія міру 1969.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ КАНГРЭ́С ПРАФСАЮ́ЗНАГА АДЗІ́НСТВА ПРАЦО́ЎНЫХ ЛАЦІ́НСКАЙ АМЕ́РЫКІ,

аўтаномная рэгіянальная прафс. арг-цыя, якая супрацоўнічае з Сусветнай федэрацыяй прафсаюзаў. Засн. ў г. Бразілія (Бразілія) на кангрэсе прадстаўнікоў прафсаюзаў краін Лац. Амерыкі 24—28.1.1964, на якім былі прадстаўлены левыя прафс. цэнтры пераважнай большасці лац.амер. краін, у т. л. Аргенціны, Бразіліі, Мексікі, Перу, Чылі і інш. Замяніў Лацінаамерыканскую канфедэрацыю працоўных. Асн. мэта — каардынацыя намаганняў людзей наёмнай працы лац.амер. краін у барацьбе за паляпшэнне жыццёвых умоў, дэмакратыю, нац. незалежнасць і сац.-эканам. прагрэс у інтарэсах працоўных. Вышэйшы орган — Ген. савет, выканаўчы — Сакратарыят. Штаб-кватэра ў г. Мехіка.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ЗРЭНСКАЯ ЛІ́ГА, Албанская ліга,

албанская нац. арг-цыя ў 1878—81. Створана 10.6.1878 у г. Прызрэн на сходзе прадстаўнікоў алб. знаці, гандляроў і чыноўніцтва ў знак пратэсту супраць рашэння Берлінскага кангрэса 1878 перадаць землі з алб. насельніцтвам у склад Грэцыі і Чарнагорыі. Напачатку карысталася падтрымкай тур. улад. У ліст. 1878 патрабавала аўтаноміі Албаніі ў складзе Асманскай імперыі. У жн. 1880 стварыла алб. адміністрацыю, ў студз. 1881 — Цэнтр. савет П.Л., (старшыня са жн. 1880 — Абдуль-бей Фрашэры), які абвясціў сябе часовым алб. урадам. У крас. 1881 тур. армія разбіла войскі П.л., і яна спыніла існаванне.

т. 13, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)