падгаліна каляровай металургіі, якая ўключае прадпрыемствы па здабычы алюмініевай сыравіны і вытв-сці гліназёму (алюмінію аксіду), металічнага алюмінію, крэмнію, алюмініева-крэмніевых сплаваў (сілуніту), фторыстых соляў і інш. (больш за 200 відаў прадукцыі). Па аб’ёме вытв-сці і выкарыстанні алюміній у сусв. эканоміцы займае 1-е месца сярод каляровых металаў. Алюмініевая сыравіна — баксіты, нефелін-апатытавыя і алунітавыя руды, нефелінавыя канцэнтраты і інш. (гл.Алюмініевыя руды). Адна з найб. энергаёмістых галін металургіі (на вытв-сць 1 тметал. алюмінію патрэбна каля 18 тыс.кВт∙гадз электраэнергіі), таму яе размяшчэнне залежыць ад наяўнасці крыніц таннай электраэнергіі.
Узнікла ў 1886, калі быў адкрыты спосаб атрымання алюмінію электролізам гліназёму (ЗША, Францыя). Хуткае развіццё алюмініевай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. звязана з вынаходствам гідрахім. спосабу вытв-сці гліназёму з баксітаў і вял. попытам на алюміній, асабліва ў сувязі з ростам авіяцыі. У б.СССР алюмініевая прамысловасць створана ў 1932—33 на энергет. базе першых буйных гідраэлектрастанцый (Волхаўскі і Дняпроўскі алюм. з-ды; пазней пабудаваны буйныя прадпрыемствы на Урале і ў Сібіры). Хуткі рост алюмініевай прамысловасці выклікаў павелічэнне здабычы баксітаў у свеце. Пасля 2-й сусв. вайны знойдзены багатыя радовішчы баксітаў у Афрыцы, Паўд. Амерыцы, пазней — у Аўстраліі. Сусв. здабыча баксітаў 92,5 млн.т (1984), найб. — у Аўстраліі і Гвінеі (49% сусв. рэсурсаў), на Ямайцы. Буйнейшыя вытворцы гліназёму — Аўстралія, ЗША Ямайка. Асн. імпарцёры баксітаў і гліназёму — ЗША, Канада, Японія, Нарвегія. Вытв-сць першаснага алюмінію (ступень ачысткі 99,7%) у свеце пастаянна расце, складае каля 16 млн.т (1984), сканцэнтравана ў ЗША, краінах б.СССР, Канадзе і інш. Акрамя першаснага вырабляюць значную колькасць алюмінію высокай ачысткі. Буйныя экспарцёры алюмінію — Канада, Нарвегія, імпарцёры — Японія, ЗША, ФРГ. Вытв-сцю алюмінію займаюцца больш за 80 кампаній (1982), 6 з іх вядучыя транснацыянальныя («Алкэн алюмініум», «Алюмінум компані оф Амерыка», «Рэйналдс металс», «Кайзер алюмінум энд кемікал», «Пешынэ», «Свіс алюмініум»), якія кантралююць 60% здабычы баксітаў, 65% вытв-сці гліназёму, 55% вытв-сці алюмінію.
Сучасная алюмініевая прамысловасць выкарыстоўвае новыя тэхналогіі комплекснай перапрацоўкі нефелін-апатытавых рудаў і нефелінавых канцэнтратаў на гліназём, содапрадукты, цэмент і інш., вядзе пошук новых эканам. тэхналогій атрымання алюмінію з небаксітавых відаў сыравіны. Буйныя запасы такой сыравіны ў ЗША (160 млрд.т), Нарвегіі, Іране, Іспаніі, ФРГ. На Беларусі — багатае радовішча небаксітавай сыравіны — даўсаніту (Заазерскае, паблізу Мазыра) і каалінітавыя гліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЫТА́НІЯ, Ісламская Рэспубліка Маўрытанія (Аль-Джумхурыя аль-Ісламія аль-Мурытанія),
дзяржава на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Зах. Сахарай і Алжырам, на У з Малі, на Пд з Малі і Сенегалам. На З абмываецца Атлантычным ак.Пл. 1030,7 тыс.км². Нас. 2,5 млн.чал. (1998). Дзярж. мова — арабская; выкарыстоўваюцца таксама французская і мясц. мовы. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г.Нуакшот. Падзяляецца на 12 абласцей і сталічную акругу. Нац. свята — Дзень незалежнасці (28 ліст.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 6 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент: ніжняя палата — Нац. сход (выбіраецца прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў), верхняя палата — Сенат (выбіраецца непрамым галасаваннем кіраўнікамі мясц. органаў на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.
Прырода. У рэльефе пераважаюць раўніны і плато. Пустыня Сахара на Пн займае 2/3 краіны. Амаль усюды масівы дзюн і барханаў. Трапляюцца рэдкія аазісы. У цэнтр.ч. вапнякова-пясчаністае плато Адрар (выш. да 732 м). Найб.выш. на ПнЗ — 915 м. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць вял. запасы жал.руды. Ёсць медныя, уранавыя, нікелевыя, алавяныя і тытанавыя руды, фасфарыты, каменная соль і інш. Клімат трапічны пустынны, вельмі сухі. Сярэднія т-ры студз. 16—20 °C, ліп. 30—32 °C. Ападкаў ад 25—50 мм за год на Пн да 200—300 мм на крайнім Пд. Адзначаюцца засушлівыя гады і шматгадовыя перыяды, калі ападкаў амаль не выпадае. Рэк з пастаянным сцёкам, за выключэннем р. Сенегал, няма. Рэчышчы часовых водных патокаў запаўняюцца на кароткі тэрмін пасля дажджоў. Расліннае покрыва вельмі разрэджанае, пераважае эфемерная травяністая расліннасць. На крайнім Пд паўпустыні з ксерафітнымі хмызнякамі і акацыямі. Характэрныя прадстаўнікі жывёльнага свету — шакалы, ліс фенек, змеі і яшчаркі. Нац. парк Бан-д’Арген уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. Арабы і берберы (агульная назва маўры) складаюць каля 65% насельніцтва, жывуць у асн. на Пн і ў сярэдняй ч. краіны. Негроідныя народы (тукулер, фульбе, сараколе і інш.) жывуць на Пд, пераважна ў даліне р. Сенегал. Існуе падзел на плямёны. Усе вернікі — мусульмане-суніты. Сярэднегадавы прырост больш за 2,5%. Сярэдняя шчыльн. 2,5 чал. на 1 км². 80% насельніцтва жыве ў паўд.ч. краіны, у т. л. каля 20% у даліне р. Сенегал, дзе шчыльн. дасягае 15—20 чал. на 1 км². Больш за 25% насельніцтва качэўнікі. У гарадах жыве 51%. У г. Нуакшот 735 тыс.ж., у г. Нуадыбу каля 50 тыс.ж. (1995); астатнія гарады па 10—20 тыс.ж. У сельскай гаспадарцы занята каля 70% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 14%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў на тэр. М. пражывалі негроідныя плямёны. У 1-м тыс.н.э. іх падпарадкавалі сабе берберы-санханджа. На тэр. паўночнай М. ўзніклі дзярж. ўтварэнні, якія доўгі час кантралявалі гандл. шляхі паміж Паўн. Афрыкай і каралеўствам Гана. Паўд. М. ў 8 — сярэдзіне 11 ст. ўваходзіла ў склад дзяржаў Гана, Тэкрур і інш. У 11—12 ст. М. заваявана Альмаравідамі. У 13—14 ст.паўд. М. ўваходзіла ў склад дзяржавы Малі. У 14—15 ст. М. заваявана арабамі, нашчадкі якіх сталі вышэйшым саслоўем маўрытанскага грамадства, а араб. мова паступова выцесніла берберскія дыялекты. З 15 ст. М. наведвалі еўрапейцы. У 2-й пал. 19 ст. каланізацыю тэр. М. пачала Францыя, якая абвясціла ў 1903 М. сваім пратэктаратам (з 1922 — калонія). З 1946 «заморская тэрыторыя», з 1958 аўт. рэспубліка ў складзе франц. Супольнасці.
28.11.1960 абвешчана незалежная Ісламская Рэспубліка М. Дзяржаву і ўрад М. ўзначаліў прэзідэнт М. ульд Дада (з 1961), які перавыбіраўся ў 1966, 1971 і 1976. Паводле канстытуцыі 1965 адзінай легальнай партыяй засталася створаная ў 1961 Партыя маўрытанскага народа. У канцы 1960 — пач. 1970-х г. М. пацярпела ад моцнай засухі. У 1976 М. і Марока падзялілі паміж сабой Зах. Сахару, якая знаходзілася пад уладай Іспаніі. Вайна з зах.-сахарскімі паўстанцамі з фронту ПОЛІСАРЫО прычыніла вял. страты маўрытанскай эканоміцы. У ліп. 1978 ульд Дада скінуты ваеннымі, і ўлада перайшла да Ваен.к-танац. адраджэння (з крас. 1979 — Ваен.к-тнац. выратавання, ВКНВ) на чале з М. ульд Салехам. У жн. 1979 М. вывела свае войскі з Зах. Сахары. Пасля шэрагу ваен. пераваротаў у снеж. 1984 да ўлады прыйшоў палк. М. ульд Сід Ахмед Тая. У 1989 абвастрыліся адносіны паміж М. і Сенегалам, што прывяло да прымусовай высылкі дзесяткаў тыс.чал. з адной краіны ў другую. У 1991 пачалася дэмакратызацыя паліт. жыцця: прынята новая канстытуцыя, уведзена шматпартыйнасць. На прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбарах, якія адбыліся ў студз. 1992, прэзідэнтам выбраны ульд Сід Ахмед Тая, яго Рэсп.с.-д. партыя атрымала большасць месцаў у парламенце. У крас. 1992 ВКНВ распушчаны. М. — член ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства (з 1963), Лігі араб. дзяржаў (з 1973). Дзейнічаюць Рэсп.с.-д. партыя, Рух за рэформу і Саюз за дэмакратыю і прагрэс.
Гаспадарка. М. — слабаразвітая краіна. Штогадовы даход на 1 чал. — 520 долараў. Сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 30% даходаў, прам-сць — 19,2%, абслуговыя галіны — каля 50%. Аграрны сектар характарызуецца крайняй адсталасцю і залежнасцю ад прыродна-кліматычных умоў. Апрацоўваецца каля 1 млн.га, з іх 95% у даліне р. Сенегал. Збор збожжавых (сорга, проса, рыс, кукуруза) у 1997 склаў каля 150 тыс.т (30% патрэб краіны). Вырошчваюць таксама батат, арахіс, бабовыя культуры, агародніну, у аазісах — фінікавую пальму (800 тыс. дрэў). Нізкапрадукцыйная жывёлагадоўля мае экстэнсіўны характар. Пад пашай каля 25 млн.га, пераважна на Пд. Пагалоўе (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы — 1,3, вярблюдаў — больш за 1, авечак і коз — 8,5. Штогод з некат. відаў акацый збіраюць 5—6 тыс.т гуміарабіку — каля 10% сусв. вытв-сці. Развіта марское рыбалоўства (550 тыс.т, пераважна сардзіны і тунца, 1997). З морапрадуктаў найб. значэнне маюць лангусты і крэветкі. Гал. рыбалоўны порт Нуадыбу. Сярод галін прам-сці вылучаецца горназдабыўная. Штогод здабываецца больш за 10 млн.тжал.руды. Асн. радовішча Іджыль на Пн краіны. Амаль уся руда экспартуецца праз рудаэкспартны порт Кансада (каля Нуадыбу), куды яна паступае па спецыяльна пабудаванай чыгунцы (даўж. 670 км). Вядзецца здабыча меднай руды (каля Акжужта), золата (каля 1,3 т штогод), гіпсу. Са стараж. часоў традыцыйная здабыча каменнай солі ў Сахары. Асн. прадпрыемствы апрацоўчай прам-сці ў гарадах Нуакшот (суднаверф, цукрова-рафінадны з-д, ф-ка па абагачэнні меднай руды, з-д па апрасненні марской вады, ЦЭС, асобныя прадпрыемствы харч., дрэваапр., металаапр. прам-сці), Нуадыбу (нафтаперапр., сталеплавільны, цэментны з-ды, прадпрыемствы суднарамонту і рыбаперапрацоўкі, ЦЭС), Каэды (мясакамбінат і з-д па апрацоўцы скур). Энергетыка заснавана на імпартнай нафце. Гадавая выпрацоўка электраэнергіі каля 150 млн.кВт∙гадз. Развіты саматужныя промыслы, асабліва выраб прадметаў хатняга ўжытку, адзення, упрыгожанняў, апрацоўка скуры, дыванаткацтва. Транспарт пераважна аўтамабільны і марскі. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 1800 км. Гал. марскія парты — Нуакшот (пераважна імпарт) і Нуадыбу разам з Кансада (экспарт жал.руды). Там жа міжнар. аэрапорты. Суднаходства па р. Сенегал. У 1995 экспарт склаў 483 млн.дол., імпарт — 365 млн. долараў. Вывозяцца жал. руда (каля 30% кошту), рыба, жывёла і скуры, золата, гіпс. Увозяцца разнастайныя прамысл. тавары, нафтапрадукты, харч. прадукты і інш.Асн.гандл. партнёры — Францыя, Германія, Японія, Італія, Іспанія. Развіваецца замежны турызм (да 50 тыс.чал. штогод). Знешні доўг — 2,3 млрд. долараў. Краіна штогод атрымлівае фін. і харч. дапамогу пераважна ад Францыі і ЗША. Грашовая адзінка — угія.
Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛІЦА,
вёска ў Лідскім р-не Гродзенскай вобл., на правым беразе р. Нёман. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на Пд ад г. Ліда, 140 км ад Гродна, 9 км ад чыг. ст. Нёман, на шашы Ліда—Слонім. 3079 ж., 1214 двароў (1995).
Вядома з 15 ст. як велікакняжацкае і прыватнае ўладанне. З 1486 мястэчка. У канцы 15 — пач. 16 ст. цэнтр староства і павета. У 1553 М.Радзівіл Руды заснаваў у Беліцы кальвінскі збор, тут праходзілі кальвінісцкія сіноды. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Лідскім пав. У 1886 цэнтр воласці, 883 ж., 100 двароў. З 1921 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета ў Лідскім р-не. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі. У 1970 у Беліцы 913 ж., 285 двароў.
У вёсцы сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, хлебапякарня, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі драўлянага дойлідства — капліца (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (пач. 20 ст.). Каля вёскі стаянкі мезаліту, неаліту і бронзавага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАЗО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Амазонія,
найбуйнейшая на Зямлі нізіна ў Паўд. Амерыцы, у бас.р.Амазонка, пераважна ў Бразіліі, а таксама ў Калумбіі, Эквадоры, Перу. Пл. больш за 5 млн.км². Слаба заселеная. Распасціраецца з З на У на 3200 км ад Андаў да Атлантычнага ак. паміж Гвіянскім і Бразільскім пласкагор’ямі. Размешчана ў вобласці тэктанічнага прагіну (Амазонская сінекліза) Паўд.-Амерыканскай платформы, запоўненага ў асн. палеазойскімі марскімі і меза-кайназойскімі кантынент. адкладамі. Пераважае плоскі рэльеф пластавых раўнін з неглыбокімі шырокімі рачнымі далінамі. Карысныя выкапні: нафта, марганцавыя і жал.руды, золата, алмазы і інш. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны, сярэднія т-ры 24—28 °C, ападкаў 1500—3000 мм за год. Рачная сетка густая, рэкі паўнаводныя. Разнастайная расліннасць вільготных экватарыяльных лясоў (сельвас) уключае 80 тыс. відаў дрэў (шмат каштоўных парод). Жывёльны свет разнастайны — 3 тыс. відаў сухапутных пазваночных (малпы, ляніўцы, малы мураўед, браняносцы, тапіры, пекары і інш.). Шмат птушак, паўзуноў, грызуноў, земнаводных, рыб (2 тыс. прэснаводных відаў), тэрмітаў, мурашак. Праз трапічныя лясы пракладзена Трансамазонская шаша (1970-я г.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал.руды.
паклады карысных выкапняў, звязаныя са стараж. і сучаснымі геахім. працэсамі на паверхні Зямлі. Утвараюцца ў выніку мех. і біяхім. пераўтварэння і дыферэнцыяцыі мінер. рэчываў эндагеннага паходжання ў верхняй ч. зямной кары, якая ўключае грунтавыя і часткова пластавыя падземныя воды, на дне балот, азёр, рэк, мораў і акіянаў. Вылучаюць 4 гал. генетычныя групы гіпергенных радовішчаў: астаткавыя (утвараюцца ў выніку вынасу растваральных мінер. рэчываў з зоны выветрывання і назапашвання цяжкарастваральнага мінер. астатку — карыснага кампанента; руды жалеза, нікелю, марганцу, алюмінію і інш.),
інфільтрацыйныя (узнікаюць шляхам асаджэння з падземных вод паверхневага паходжання раствораных у іх мінер. злучэнняў з утварэннем пакладаў урану, медзі, золата, серабра, самароднай серы), россыпныя (утвараюцца пры намнажэнні ў рыхлых адкладах на дне рэк, азёр, марскіх узбярэжжаў цяжкіх каштоўных мінералаў, якія маюць тытан, вальфрам, волава), асадкавыя (узнікаюць у працэсе асадканамнажэння на дне марскіх і кантынентальных вадаёмаў, у выніку фарміруюцца паклады вугалю, гаручых сланцаў, нафты, гаручага газу, солей, многіх рудных і нярудных карысных выкапняў). Гіпергенныя радовішчы карысных выкапняў маюць прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ГАСНАЯ СЫРАВІ́НА,
адходы жыццезабеспячэння і жыццядзейнасці грамадства, якія пасля адпаведнай апрацоўкі могуць выкарыстоўвацца як вытв. або энергет. сыравіна. Уключае адходы прамысл. вытв-сці, буд-ва (рэшткі металаў, драўніны, шкла), прамысл. вырабаў (брак дэталей, зношаныя аўтапакрышкі), бытавыя (макулатура) і інш.
Неабходнасць выкарыстання Д.с. абумоўлена неўзнаўляльным памяншэннем карысных выкапняў і сыравінных энерганосьбітаў, абмежаванасцю самааднаўлення арган. матэрыялаў расліннага паходжання, таксама эфектыўнасцю. Напр., кошт выплаўкі сталі з металалому ў 10 разоў меншы, чым з руды, медзі — у 5, алюмінію — у 6, прычым затраты эл. энергіі ў 25 разоў; з 1 т косці атрымліваюць 160 кг клею, 110 кгтэхн. тлушчу і 420 кг касцявой мукі.
У Беларусі нарыхтоўкай Д.с. (гл.табл.) займаюцца канцэрн «Белдругрэсурсы» і «Белкаапсаюз», перапрацоўкай — розныя прадпрыемствы і з-ды, у т. л. Жлобінскі металургічны, Магілёўскія рэгенератарны і жэлацінавы, Слонімскі кардонна-папяровы «Альберцін», будматэрыялаў «Даманава» і інш.
А.А.Саламонаў, Я.П.Мініна.
Аб’ёмы нарыхтоўкі некаторых відаў другаснай сыравіны ў Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АЎСТРА́ЛІЯ (Western Australia),
штат на З Аўстралійскага Саюза. Пл. 2525,5 тыс.км². Нас. 1687,3 тыс.чал. (1993). Адм. ц. — г. Перт. Б.ч. паверхні — плато выш. 400—500 м, занятае пераважна пустынямі (Гібсана, Вялікая Пясчаная, Вялікая пустыня Вікторыя) з зараснікамі скрэбу і салёнымі азёрамі, на Пн — саваннай. На плато асобныя горы і хрыбты, у т. л.хр. Хамерслі (1226 м). На Пн адасобленае плато Кімберлі. На ПдЗ невял. раён з хрыбтамі Дарлінг і Стэрлінг (1109 м). Найб. развіты здабыча жал.руды (Ямпі-Саўнд, Пілбара і інш.), баксітаў (Дарлінг, Бугенвіль, Мітчэл), золата (Калгурлі, Тэлфер, Норсмен), алмазаў, нікелю, марганцу, медзі, малібдэну, хрому, каменнага вугалю, нафты і прыроднага газу. Перапрацоўка і абагачэнне руд. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне, нафтаперапрацоўка, хім., харч., дрэваапр. і лесапільная. Асн.прамысл. цэнтры: Перт, Фрымантл, Куінана, Калгурлі. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — авечкагадоўля воўнавага кірунку (каля 30 млн. галоў авечак). Апрацоўваецца каля 4 млн.га зямель, пераважна на ПдЗ. Вырошчваюць пшаніцу, авёс, ячмень. Садоўніцтва, вінаградарства. На Пн у даліне р.
Орд арашальнае земляробства (бавоўна, рыс, цукр. трыснёг). Гал. марскі порт — Фрымантл-Куінана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВІ́НСЛЕНД (Queensland),
штат на ПнУ Аўстраліі. Пл. 1727,5 тыс.км². Нас. 3,1 млн.чал. (1993), з іх каля 80% гарадскога. Адм. ц. — г.Брысбен. Усх. частка К. занятая Вялікім Водападзельным хрыбтом (выш. да 1611 м), зах. — нізіннай раўнінай. Клімат субэкватарыяльны (на Пн) і трапічны (на Пд). На ўсх. схілах гор і прыбярэжнай нізіне выпадае каля 2 тыс.мм ападкаў, месцамі да 2,5 тыс.мм. У гарах захаваліся ўчасткі трапічных і субтрапічных лясоў. Для зах. раёнаў характэрны саванны і пустыні. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. На долю К. прыпадае каля 1/3 агульнааўстралійскага пагалоўя буйн. раг. жывёлы, каля 10% авечак, каля 20% свіней. На прыбярэжных раўнінах пасадкі цукр. трыснягу, трапічных фруктаў (ананасаў, бананаў, папайі, манга і інш.). На зах. схілах гор — пасевы пшаніцы і кукурузы, часта ў спалучэнні з малочнай жывёлагадоўляй. Развіта горназдабыўная прам-сць. Значная здабыча медзі, баксітаў, цынку, свінцу, рутылу, цыркону, каменнага вугалю, вальфраму, золата, урану, волава, жал.руды і інш.Маш.-буд., хім., харч., прам-сць. Транспарт аўтамабільны, чыг., марскі. Гал.індустр. цэнтры: Брысбен, Гладстан, Таўнсвіл, Ракгемптан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІСУ́РЫ (Missouri),
штат у цэнтр. частцы ЗША, у бас. рэк Місісіпі і Місуры. Пл. 180,4 тыс.км². Нас. 5402 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Джэферсан-Сіці; найб. гарады і гал.прамысл. цэнтры — Сент-Луіс і Канзас-Сіці. Паверхня — хвалістая раўніна, якая паступова павышаецца на 3. На Пд вапняковае плато Озарк выш. да 540 м. Клімат умераны. Сярэднія т-ры студз. каля 0 °C, ліп. каля 27 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год; бываюць засухі. Натуральная расліннасць блізкая да стэпавай. Індустр.-агр. штат. Здабыча свінцу (1-е месца ў ЗША), жал.руды, каменнага вугалю, барыту, буд. матэрыялаў. У апрацоўчай прам-сці пераважаюць машынабудаванне (авіяракетнае, аўтамаб., вытв-сць дарожна-буд. і с.-г. машын) і харч. галіна (мясакансервавая, мукамольная). Развіты таксама радыёэлектронная, хім., швейная, гарбарна-абутковая, цэм.прам-сць, чорная і каляровая металургія. З галін сельскай гаспадаркі пераважае жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1998): буйн. раг. жывёлу — 4,3, свіней — 3,5, птушку — 9,4. Вытв-сць бройлераў. Вырошчваюць кукурузу, сою, пшаніцу, на плато Озарк — авёс, на ПдУ у пойме Місісіпі — бавоўнік. Турызм. Транспарт чыг., аўтамаб., рачны.