НЬЮФА́ЎНДЛЕНД (Newfoundland),

правінцыя на У Канады. Уключае в-аў Ньюфаўндленд і паўн.-ўсх. ч. п-ва Лабрадор. Пл. 404,6 тыс. км2. Нас. 551,8 тыс. чал. (1996), пераважна англаканадцы. Каля 90% насельніцтва жыве на в-ве Ньюфаўндленд. Адм. ц. і гал. порт — г. Сент-Джонс. Паверхня — хвалістая раўніна, участкі плато, на п-ве Лабрадор горы Торнгат (выш. да 1676 м). Клімат субарктычны (на Пн), умераны (на Пд). Т-ра паветра ў студз. ад -20 °C на Пн да -4 °C на Пд, у ліп. адпаведна ад 8 °C да 14 °C. Ападкаў каля 500—1500 мм за год. У гаспадарцы вылучаюцца марское рыбалоўства і лесанарыхтоўкі. Н. дае каля 30% улову рыбы (пераважна траска і ласось) і каля 10% лесанарыхтовак Канады. Здабыча жал. руды (Лабрадор), свінцовых, цынкавых, медных руд, плавікавага шпату (в-аў Ньюфаўндленд). Гал. галіны апрацоўчай прам-сці: цэлюлозна-папяровая, рыбаперапрацоўчая, нафтахім., трансп. машынабудаванне (буд-ва і рамонт суднаў), чорная металургія, вытв-сць рыбалоўнага рыштунку. Шэраг ГЭС. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне, больш развіта на Пд. Пераважае малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць сеяныя травы, бульбу, агародніну. Турызм. Транспарт пераважна марскі. На в-ве Ньюфаўндленд вял. міжнар. аэрапорт Гандэр.

т. 11, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)