мясцовы клімат вял. горада. Яго асаблівасці вызначаюцца характарам забудовы і пакрыцця вуліц, наяўнасцю прамысл. прадпрыемстваў, насычанасцю транспартам і інш. Характарызуецца павышанымі т-рамі і забруджанасцю паветра (іншы разсмогам), аслабленнем сонечнай радыяцыі, памяншэннем выпарэння і адноснай вільготнасці, павелічэннем воблачнасці і ападкаў летам, туманаў зімой, памяншэннем скорасці ветру. Унутры горада на асобных вуліцах і плошчах ствараецца мноства тыпаў мікракліматаў. У Мінску сярэднегадавая т-ра паветра на 0,3 °C вышэйшая, чым на ўскраінах. Летам ноччу пры бязвоблачным і бязветраным надвор’і розніца т-р павялічваецца да 5—6 °C. Празрыстасць атмасферы ў Мінску на 3%, а ў найб. забруджаных раёнах на 5% ніжэйшая, чым у сельскай мясцовасці, што зніжае гадавы прыход прамой сонечнай радыяцыі на 12—15%. Колькасць ападкаў у Мінску на 80 мм большая, чым у наваколлі. Сярэдняя гадавая скорасць ветру на тэр. Мінскай метэастанцыі на 0,5 м/с меншая, чым на навакольных станцыях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАТЫ́ (Talpidae),
сямейства млекакормячых атр. насякомаедных. 14 родаў, 31 від. Формы: наземныя бегаючыя, падземнарыючыя (большасць відаў) і паўводныя плаваючыя. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. К. еўрапейскі жыве на ўмерана вільготных лугах, палях, агародах, парках, лясах у глебе на глыбіні 5—60 см. Гнездавыя камеры — на глыб. да 1,5 м. Характэрны сезонныя міграцыі з аднаго біятопу ў другі. Аб’ект промыслу (шкуркі). На Беларусі трапляецца паўднёварускі падвід К. еўрапейскага (Talpa europaea). У Чырв. кнізе МСАП 2 віды.
Тулава выцягнутае, валькаватае, канечнасці ўкарочаныя, прыстасаваныя для рыцця, плавання. На пальцах доўгія пляскатыя кіпцюры. Галава невял., з падоўжанай канічнай мордай. Валасяное покрыва кароткае, густое, мяккае, пераважна чорнае або чорна-бурае. Лінька тройчы за год. Вочы маленькія, у некаторых відаў закрытыя скурай. Вушных ракавін няма. Нюх і дотык добра развітыя. Кормяцца лічынкамі насякомых, дажджавымі чарвямі. Размнажаюцца 1 раз за год, прыплод пераважна 3—7 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЧЫ́ЛКА,
невялікі вершаваны твор, часцей гумарыстычнага характару, з дапамогаю якога вызначаецца чарговасць у гульні, выбіраюцца яе ўдзельнікі або вядучыя; адзін з жанраў дзіцячага фальклору. Паходжанне Л. звязваюць са стараж. вераваннямі, варажбой, з даўнімі часамі, калі людзі вучыліся лічыць. Паводле тэматыкі розныя: ад стараж. цуранняў да сучасных сюжэтаў (пра космас і інш.). Паводле зместу падзяляюцца на сюжэтныя і бессюжэтныя. У залежнасці ад лексічнага складу, кампазіцыйнай будовы і эмацыянальна-гукавой арганізацыі сярод сюжэтных вылучаюцца Л. з пералікам (накшталт «Раз, два, тры, чатыры, пяць...»), з элементамі мудрагелістасці («Энікі-бэнікі...», «Анцы, цванцы, трычы, рычы...») і без пераліку і мудрагелістасці («Бегла курка па таку...»). Важныя элементы выканання Л. — міміка, рухі, якія супадаюць з рытмікай верша (лёгкага для вымаўлення).
Публ.:
Дзіцячы фальклор. Мн., 1972.
Літ.:
Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;
Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987;
Довженок Г.В. Український дитячий фольклор. Київ, 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЫ́ЖНЫ СПОРТ,
спаборніцтвы на лыжах, адзін з зімовых відаў спорту. Уключае лыжныя гонкі, скачкі на лыжах з трампліна, лыжнае дваябор’е, гарналыжны спорт, біятлон, фрыстайл, таксама спарт. арыентаванне на лыжах, спуск на скорасць, паралельны слалам, спуск на адной лыжы, палёты на лыжах з трампліна, зімовы віндсёрфінг, лыжнае дваябор’е-спрынт, камандная гонка біятланістаў, лыжны балет і інш.
Першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў Нарвегіі (1767). Л.с. сфарміраваўся ў канцы 19 — пач. 20 ст.Міжнар. лыжная федэрацыя (ФІС) заснавана ў 1924. У Расіі першыя спаборніцтвы па Л.с. адбыліся ў 1894 (С.-Пецярбург). Праводзяцца спаборніцтвы па Л.с.: зімовыя Алімпійскія гульні (з 1924), чэмпіянаты свету (з 1929; з 1950 — раз у 4 гады) і інш.
На Беларусі першыя аматарскія гурткі па Л.с. створаны ў пач. 1920-х г. у Віцебску. Першы чэмпіянат адбыўся ў 1928. Нац. федэрацыя Л.с. створана ў 1992. Гал. база падрыхтоўкі — рэсп.спарт. комплекс «Раўбічы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДЗІЦЫ (Arctiidae),
сямейства начных матылёў. 2 падсям. (уласна М. — Arctiinae і лішайніцы — Lithosiinae), больш за 7 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, асабліва разнастайныя ў тропіках. Жывуць пераважна ў лясах. На Беларусі каля 40 відаў, у т. л. М. кая (Arctia caja), М.-пані (Panaxia [Callimorpha] dominula), М. чорная (Arctinia caesarea).
Уласна М. — матылі пераважна з шырокімі крыламі (размах да 85 мм), тоўстым касматым тулавам. Вусікі тонкія, у самцоў грабеньчатыя. Хабаток кароткі, часам недаразвіты. Вусені вельмі касматыя (адсюль назва). Афарбоўка большасці відаў стракатая, са спалучэннем белых, жоўтых, карычневых, пунсовых, чорных, іншы раз з метал. адлівам плям, якія ўтвараюць на крылах своеасаблівы малюнак. Трапляюцца і амаль аднаколерныя (ад белых да шэрых і карычневых) віды. Вусені кормяцца лісцем травяністых раслін. Лішайніцы — невял. і няяркія матылі з вузкімі пярэднімі крыламі, тонкім некасматым тулавам. Вусені кормяцца пераважна лішайнікамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПАРАЦЬ-КВЕ́ТКА,
міфалагічны вобраз народнага падання. Вядомы ўсх. славянам і інш. народам. Паводле падання, апоўначы на Купалле ў лясным гушчары раз на год зацвітае папараць. Высачыць і сарваць гэтую кветку, якую ахоўваюць розныя пачвары і страшыдлы, можа толькі адважны і сумленны чалавек. Сарваўшы кветку, ён стане празорлівым і зразумее гаворку дрэў і траў, звяроў і птушак, яму адкрыюцца заклятыя ў зямлі скарбы. У гэтым паданні пра цудадзейную П.-к. ўвасоблена мара чалавека аб шчасці, імкненне да пазнання таямніц свету. У бел. фальклоры паданне мела шмат варыянтаў, у т.-л. і сац. пераасэнсаванне. Міфалагічны матыў П.-к. шырока выкарыстаны ў л-ры і мастацтве. Да яго звярталіся М.Гогаль, Ю.Крашэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, У.Караткевіч (п’еса «Калыска чатырох чараўніц»), І.Козел (п’еса «Папараць-кветка»), А.Туранкоў (опера «Кветка шчасця» паводле муз. драмы М.Чарота «На Купалле»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЫВУНЦЫ́ (Dytiscidae),
сямейства водных насякомых атр. цвердакрылых. Каля 2500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Некат. віды знішчаюць лічынак камароў-крывасмокаў, інш. — малявак рыб. На Беларусі каля 100 відаў. Найб. трапляюцца балацянік буры (Colymbetes fuscus), падводнік выразнакрапінкавы (Coelambus impessopunctatus), паласкун баразнаваты (Acilius sulcatus), П. аблямаваны (Dytiscus marginalis), ціннікі аблямаваны (Ilybius fuliginosus) і чорны (I. ater) і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 2 віды: П. найшырэйшы (D. latissimus) і глейнік невядомы (Rhantus incognitus).
Даўж. да 5 см. Цела авальнае, чорнае, інш.раз з жоўтымі плямамі або палосамі, верх крапінкавы або шчыгрынаваны. Галава шыр., вусікі 11-членікавыя, ніткападобныя. Брушка з 14 сегментаў. Заднія ногі доўгія, плавальныя, пярэднія кароткія, хапальныя. Дыхаюць паветрам, якое ўтрымліваюць пад надкрыламі. Драпежнікі. Развіццё з поўным ператварэннем. Акукліваюцца ў глебе паблізу вады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́РЫ МЯДЗВЕ́ДЗЬ (Ursus arctos),
млекакормячая жывёла сям. мядзведзевых атр. драпежных. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, раней — у Паўн. Афрыцы. На Беларусі захаваўся ў паўн.-ўсх. і некат. раёнах усх. часткі, на Палессі. У пач. 19 ст. трапляўся па ўсёй тэр., з пач. 20 ст. рэдкі. На тэр. рэспублікі жыве прыблізна 100—120 асобін, найб. колькасць (каля 30 асобін) у Бярэзінскім запаведніку; занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела самцоў найб. буйных рас (Камчатка, Аляска) да 2,55 м, выш. ў карку да 1,35 м, маса да 750 кг. Афарбоўка густой, доўгай поўсці ад цёмна-бурай або амаль чорнай да буравата-палевай. Ліняюць 1 раз за год. Мае добры нюх, горшыя зрок і слых. Палаваспеласць у 3 гады. Нараджае да 6 (звычайна 1—3) медзведзянят масай 0,5—0,6 кг. У халодныя і снежныя зімы ў спячцы ў бярлозе. Корміцца лісцем і карэнішчамі раслін, ягадамі, арэхамі, насякомымі, рыбай, нападае на ласёў, буйн. раг. жывёлу і інш. Колькасць скарачаецца. 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НАЎ (Алег Канстанцінавіч) (7.2.1906, с. Троіцкае Падольскага р-на Маскоўскай вобл. — 4.4.1984),
савецкі авіяканструктар і вучоны ў галіне самалётабудавання. Акад.АНСССР (1981), АН Украіны (1968). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Ленінградскі політэхн.ін-т (1930). Працаваў на Маскоўскім планёрным з-дзе, з 1938 у КБ А.С.Якаўлева, у 1946 узначаліў самалётабуд. КБ. Стварыў каля 40 канструкцый планёраў і самалётаў, у т. л. Ан-2 (1947), Ан-8 (1955), самалёты з турбавінтавымі рухавікамі: пасажырскія Ан-10, Ан-24, трансп. Ан-12, Ан-14 і інш. У 1964 створаны шырокафюзеляжны Ан-22 («Антэй»), у 1980-я г. — пасажырскі Ан-28, трансп. скарочанага ўзлёту і насадкі Ан-72, трансп. Ан-124 («Руслан»), Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1962.
Тв.:
На крыльях из дерева и полотна. М., 1962;
Десять раз сначала: Рассказы. Киев, 1981.
Літ.:
Казаков В. Сотвори себя. Саратов, 1986;
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 3 изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЖМЕ́ЛЬ (Lonicera),
род кветкавых раслін сям. бружмелевых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я, у Паўд. паўшар’і — у Андах. На Беларусі 1 дзікарослы від — бружмель звычайны, або лясны (L. xylosteum), трапляецца як падлесак у хвойных і мяшаных лясах на паўд. мяжы арэалу; больш за 60 відаў інтрадукаваны для зялёнага буд-ва (найб. вядомыя бружмель альпійскі — L. alpigena, алтайскі — L. altaica, гарбаты — L. gibbiflora, духмяны, або капрыфоль, — L. caprifolium, павойны — L. periclymenum, сіні — L. caerulea, татарскі — L. tatarica, ядомы — L. edulis).
Лістападныя і шматгадовазялёныя прамастойныя, сцелістыя, інш.раз павойныя куставыя расліны, рэдка невял. дрэўцы і ліяны. Лісце простае, суцэльнае або лопасцевае, супраціўнае, на чаранках, садзячае або зрослае асновамі, суцэльнакрайняе. Кветкі няправільныя, рознага колеру, размешчаны парамі (дыхазіі) на кароткіх пазушных кветаносах, радзей у складаных паўпарасоніках, што ўтвараюць несапраўдныя кальчакі, галоўчатыя або коласападобныя суквецці. Вяночак трубчаста-лейкападобны, часта двухгубы. Плады — сакаўныя, свабодныя або зрослыя парамі ягады (у некаторых відаў ядомыя). Дэкар., тэхн., лек. (ірвотны і слабіцельны сродак) і меданосныя расліны.