ДУБО́ВІК (Сямён Андрэевіч) (парт. псеўд. Андрэй, Стары, Балюк; 16.2.1888, в. Нароўшчына Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 28.10.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У 1909 эміграваў у ЗША, у 1911 за рэв. дзейнасць высланы адтуль, вярнуўся ў Расію. Не раз быў арыштаваны царскімі ўладамі. У грамадз. вайну нач. аддзела забеспячэння 2-й Укр. брыгады. З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. Адзін з заснавальнікаў КПЗБ, удзельнік яе 1-й канферэнцыі (кастр. 1923). У 1923—24 сакратар Брэсцкага акругкома КПЗБ. У 1924 арыштаваны польск. ўладамі, прыгавораны да 4 гадоў турмы. З 1928 у апараце ЦК КПЗБ. З 1930 у СССР, працаваў пры Прадстаўніцтве ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б. У 1937 арыштаваны органамі НКУС і прыгавораны Асобай нарадай да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

В.П.Ласковіч.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)