АДАПТАЦЫЯГЕНЕ́З (ад адаптацыя + ...генез), адаптагенез,
сукупнасць працэсаў узнікнення, развіцця і морфафізіял. пераўтварэнняў, якія забяспечваюць прыстасаванне (адаптацыю) арганізмаў у працэсе эвалюцыі арган. свету. У вузкім сэнсе адаптацыягенез — узнікненне адаптацый, а працэс развіцця і змены прыстасаванняў у працэсе індывід. жыцця арганізмаў і папуляцый наз.адаптацыямарфозам (тэрмін уведзены рус. біёлагам І.І.Шмальгаўзенам, 1939). Адаптацыягенез звязаны са спадчыннасцю і зменлівасцю. Новыя прыстасаванні фарміруюцца ў выніку выжывання найб. прыстасаваных да існуючых умоў асяроддзя арганізмаў. У працэсе эвалюцыі адны прыстасаванні трацяць сваё значэнне і знікаюць, другія распаўсюджваюцца і робяцца характэрнымі для дадзенай групы арганізмаў. Вылучаюць 2 асн. шляхі адаптыўных пераўтварэнняў групы: павышэнне (або рэзкія змены) узроўню арганізацыі (арамарфоз) і развіццё без змен узроўню арганізацыі (ідыяадаптацыя, кладагенез, адаптыўная радыяцыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЎЛІ́ЧНЫ ПРЭС,
машына статычнага (няўдарнага) дзеяння, рабочыя часткі якой прыводзяцца ў рух высокім (20—50 МПа) ціскам вадкасці. Прынцып дзеяння заснаваны на Паскаля законе.
Асн. часткі гідраўлічнага прэса: рабочыя цыліндры з поршнямі, рухомыя і нерухомыя траверсы (бэлькі), размеркавальнае прыстасаванне, сістэма кіравання. На гідраўлічным прэсе робяць коўку, штампоўку, гібку; прасаванне парашковых і інш. матэрыялаў, пакетаванне і брыкетаванне стружкі; атрымліваюць пластмасавыя і гумавыя вырабы, драўняна-стружкавыя пліты, фанеру, тэксталіт, сінт. алмазы і інш. Упершыню гідраўлічны прэс выкарыстаны ў канцы 18 — пач. 19 ст. для пакетавання сена, выціскання вінаграднага соку і інш., з сярэдзіны 19 ст. — для металаапрацоўкі. Унікальныя гідраўлічныя прэсы для аб’ёмнай штампоўкі (развіваюць намаганне да 750 МН) створаны ў СССР (1960-я г.).
Гідраўлічны прэс для аб’ёмнай штампоўкі (развівае намаганне 750 МН).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец.прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАВАГА́ННІ (ад аўта... + ваганні),
незатухальныя ваганні ў нелінейнай вагальнай сістэме пры адсутнасці пераменнага вонкавага ўздзеяння. Форма і ўласцівасці аўтаваганняў вызначаюцца самой сістэмай і не залежаць ад пачатковых умоў (напр., пач. энергіі), што адрознівае іх ад вымушаных ваганняў.
Сістэма, дзе адбываюцца аўтаваганні, наз. аўтавагальнай (або аўтагенератарам) і ў найб. простых выпадках мае вагальную сістэму, крыніцу сілкавання і прыстасаванне, якое рэгулюе паступленне энергіі ад крыніцы сілкавання, напрыклад анкер у мех. гадзінніку. У аўтавагальных сістэмах з 1 ступенню свабоды магчымы толькі простыя перыядычныя аўтаваганні, у больш складаных — складаныя перыядычныя, выпадковыя, імавернасныя (стахастычныя). Пры малых стратах энергіі форма і перыяд аўтаваганняў блізкія да формы і перыяду свабодных ваганняў. Аўтаваганні пераўтвараюцца ў рэлаксацыйныя ваганні, калі за перыяд страчваецца ўся назапашаная энергія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯЛІ́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ І ПРЫСТАСАВА́ННІ.
Дзялільная машына — станок для нанясення дзяленняў (штрыхоў) на лінейках, шкалах прылад, растрах і інш.Найб. пашыраны аўтам. разцовыя машыны для нанясення лінейных і вуглавых шкал на вымяральных інструментах і прыладах. Дзялільная галоўка — прыстасаванне металарэзных (пераважна фрэзерных) станкоў для павароту на пэўны вугал дэталі, якая апрацоўваецца. Бываюць мех. і аптычныя. З іх дапамогай фрэзеруюць упадзіны паміж зубамі зубчастых колаў і рэжучых інструментаў, апрацоўваюць шматграннікі і інш.Дзялільныя прыстасаванні служаць для дакладнага паварочвання або прасоўвання дэталей пры апрацоўцы і вымярэнні паверхняў, наразанні шліцаў, спіральных пазоў і інш. Да іх адносяцца механізмы павароту сталоў разметачна-расточных, зубастругальных і інш. станкоў, а таксама барабанаў, рэвальверных галовак. На універсальных дзялільных прыстасаваннях звычайна апрацоўваюць складаныя дэталі. Для дакладных вымярэнняў яны аснашчаюцца мікраскопам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНАМО́МЕТР (ад дынама... + ...метр),
прылада для вымярэння сілы або моманту сілы. Бываюць: цягавыя — для вымярэння адной сілы (цягі) і вярчальныя — пары сіл (вярчальнага моманту); узорныя і рабочыя (агульнага прызначэння, спецыяльныя); пераносныя і стацыянарныя; мех. (спружынныя, рычажныя), гідраўл., эл. і інш.
Д. мае пругкі элемент, які дэфармуецца пад уздзеяннем сілы, і адліковае прыстасаванне для рэгістрацыі вымеранага намагання. З дапамогай Д. вымяраюць сілы ад некалькіх ньютанаў да 1 МН. Выкарыстоўваюць пры выпрабаваннях і эксплуатацыі машын, для вымярэння сілы рэзання або момантаў сіл, што ўзнікаюць пры апрацоўцы металаў (інструментальны Д.), мускульных намаганняў і інш. Д. з пішучым прыстасаваннем наз.дынамографам, з адліковым або паказвальным прыстасаваннем — работамерам ці імпульсіметрам.
Рабочы спружынны дынамометр (работамер): 1, 4 — захваты; 2 — корпус з пругкім элементам; 3 — цыферблат са шкалой; 5 — стрэлка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. prae спераду, перад + адаптацыя),
уласцівасць арганізма (органа), што мае прыстасавальную здольнасць для форм узаемадзеяння арганізма з асяроддзем, якія яшчэ не адбываюцца, ці функцый органа, якія яшчэ не выконваюцца; таксама працэс набыцця прэадаптыўных асаблівасцей. Узнікае на аснове прыстасавальнай эвалюцыі, што ідзе пад кантролем натуральнага адбору, і з’яўляецца пабочным вынікам эвалюц. змен, якія ўдасканальваюць ранейшыя функцыі органа. Напр., сківіцы ў працэсе эвалюцыі пазваночных жывёл узніклі з пярэдняй жабравай дугі пасля яе раздзялення на рухомыя элементы для інтэнсіфікацыі дыхання. Т.ч. набыццё жабравай дугой функцыі сківіц было прэадаптавана ўдасканаленнем «жабравай помпы». Біял. сэнс П. — прыстасаванне арганізма да змен навакольнага асяроддзя, якое магчыма толькі пры наяўнасці ў яго асаблівасцей, што прыяюць выжыванню ў новых умовах. Гл. таксама Постадаптацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСАДАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
машына для пасадкі ў адкрыты грунт расады гароднінных, тэхн. (тытунь), эфіраалейных культур, чаранкоў пладова-ягадных культур і вусоў суніцы. Бываюць навясныя і прычапныя, 2-, 4- і 6-радковыя.
Маюць пасадачныя секцыі (апараты), сашнікі, каткі, паліўную сістэму, механізм прывода, стэлажы для расады і інш. У працэсе работы Р.м. ўтварае ў глебе баразну, падае ў яе расаду і ваду, закрывае каранёвую частку глебай і ўшчыльняе яе вакол расліны. Пашыраны 6-радковыя Р.м. з шырынёй захопу да 4,2 м. Для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод выкарыстоўваюць лесапасадачныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКА́М (Secam, скар. ад Sequential Couleur Avec Memoire паслядоўная перадача колераў з запамінаннем),
сістэма каляровага тэлебачання з пачарговай (праз радок) перадачай 2 колерарознасных сігналаў пры неперарыўнай перадачы сігналу яркасці. Асаблівасці — магчыма перадача сігналаў на вял. адлегласці пры малым узроўні колеравых скажэнняў, неадчувальнасць да фазавых скажэнняў. Прапанавана франц. інжынерам А. дэ Франсам (1954), для вяшчання прынята ў 1967.
Абодва колерарознасныя сігналы перадаюцца на дапаможных паднясучых частотах, трэці сігнал колернасці (зялёны) фарміруецца ў тэлевізійным прыёмніку прапарцыянальным складаннем (у спец. матрычным прыстасаванні) частак першых двух сігналаў. Для яго фарміравання прыёмнік мае лінію затрымкі на працягласць перадачы аднаго радка (64 мс) з мэтай адначасовага паступлення сігналаў у матрычнае прыстасаванне. Прынята ў 56 краінах, мае 7 версій (1990). Гл. таксама НТСЦ, ПАЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТВОЛ,
1) у пажарнай тэхніцы — брандспойт (устарэлае), прыстасаванне (труба з насадкамі на канцы) для стварэння і накіравання струменяў сумесі вады, пены, парашку і інш. для тушэння агню. Падзяляюцца на лафетныя (бываюць стацыянарныя, што замацоўваюцца на аўтамабілі, катэры, вышцы і інш., пераносныя і перавозныя) і ручныя, якімі камплектуюцца пажарныя аўтамабілі, мотапомпы, унутр. пажарныя краны.
2) У ваеннай справе — асн.ч.агнястрэльнай зброі для выкідвання снарада (гранаты, міны, кулі) і надання яму ўстойлівага палёту ў патрэбным напрамку. Унутраная поласць (канал) С. складаецца з каморы, дзе размяшчаецца зарад, і вядучай часткі. У час выстралу з казённай (задняй) часці С. закрываецца затворам. Бываюць С. незмацаваныя, разборныя і змацаваныя; наразныя (гл.Наразная зброя) і гладкаствольныя. Даўжыня С. залежыць ад прызначэння зброі.