містычная плынь у іудаізме. Аб’яднала пантэістычную пабудову неаплатанізму і міфалагемы гнастыцызму з верай у Біблію як свет сімвалаў. Узнікла ў 9 ст., развіццё атрымала ў 13 ст. сярод яўрэяў Іспаніі і Праванса (Францыя), у 15 ст. распаўсюдзілася сярод хрысціянскіх вучоных Еўропы. Вучэнне К. — кабалістыка прапаведуе пошук асновы ўсіх рэчаў у лічбах і літарах яўр. алфавіта, лекавых сродкаў — у амулетах і формулах. Заснавана на веры, што пры дапамозе спец. рытуалаў і малітваў чалавек можа ўмешвацца ў боска-касм.працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРАЎНІ́ЦКАЙ РЭВАЛЮ́ЦЫІ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Абгрунтавана ў 1930-я г. ў працах эканамістаў А.Берлі і Г.Мінса. У 1940-я г. развіта Дж.Бёрнхемам, у 1960—70-я г. — Дж.Голбрэйтам і інш. У К.р.т. ўхваляецца працэс фарміравання ін-та прафес. арганізатараў вытв-сці — менеджэраў, якія павінны забяспечваць адказнае і эфектыўнае яе кіраванне, раскрываюцца эканам., тэхніка-арганізац. і сац. аспекты менеджменту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАЎТВАРЭ́ННЕ,
працэс утварэння лімфы, што цыркулюе ў лімфатычнай сістэме пазваночных жывёл і чалавека. Механізм Л. звязаны з фільтрацыяй плазмы крыві праз крывяносныя капіляры і выхадам вадкасці (з растворанымі ў ёй малекуламі бялкоў, ліпідаў і інш.) у міжклетачныя поласці. Частка тканкавай вадкасці зваротна ўсмоктваецца ў кроў, частка паступае ў лімфатычныя капіляры і ўтварае лімфу. Рэгуляцыя Л. накіравана на павелічэнне ці памяншэнне фільтрацыі вады і інш. элементаў плазмы крыві: мясц. рэгуляцыя забяспечваецца біялагічна актыўнымі рэчывамі, што выдзяляюцца клеткамі, цэнтральная — вегетатыўнай нерв. сістэмай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТАНС ((Nathans) Даніэл) (н. 30.10.1928, г. Уілмінгтан, ЗША),
амерыканскі вірусолаг. Чл.Амер. акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Дэлавэрскі ун-т (1950). Працаваў ва ун-тах Вашынгтонскім і Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па структуры і функцыі генома віруса. Выкарыстаў ферменты рэстрыктазы для даследавання структуры (карціравання) ДНК аднаго з анкагенных вірусаў. Вывучыў працэс яго рэплікацыі і транскрыпцыі, выявіў у яго геноме «анкагенны» ўчастак, атрымаў яго т.зв. эвалюцыйныя мутанты і гібрыды з адэнавірусамі. Нобелеўская прэмія 1978 (разам з Г.Смітам і В.Арберам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУТАЦЫЯНІ́ЗМ,
канцэпцыя ў біялогіі, якая разглядае эвалюцыю як скачкападобны працэс. Адбываецца ў выглядзе буйных адзінкавых спадчынных змен — макрамутацый або сальтацый. Яны ўзнікаюць у асобін зыходнага віду і адразу ўтвараюць новыя жыццёвыя формы, якія пры спрыяльных умовах асяроддзя з’яўляюцца родапачынальнікамі новых відаў. У якасці рухальнай сілы эвалюцыі ўсталёўвае ўнутраны адносна арганізма фактар — змены спадчыннасці і адмаўляе творчую ролю натуральнага адбору, які мае толькі значэнне фактару, што абмяжоўвае разнастайнасць жыццёвых форм ліквідацыяй нежыццяздольных варыянтаў. Заснавальнік М. — Г.Дэ Фрыз, які распрацаваў мутацыйную тэорыю эвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАТА́ЛІЗ (ад бія... + каталіз),
ферментатыўны каталіз, працэс змянення скорасці або ўзбуджэння біяхім. рэакцый біякаталізатарамі (ферментамі) у жывых арганізмах ці ў эксперыменце. Характарызуецца кінетычнымі параметрамі, якія апісваюцца ўраўненнем Міхаэліса-Ментэн, найб. важны — канстанта Міхаэліса (Км), што паказвае канцэнтрацыю субстрату, пры якой скорасць рэакцыі складае палавіну максімальнай. Кантроль за біякаталізам вядзецца пры дапамозе спец. біяхім. і генет. механізмаў, што рэгулююць лакалізацыю, колькасць і каталітычную актыўнасць ферментаў. З выкарыстаннем біякаталізу ажыццяўляецца вытв-сць шэрагу лек. прэпаратаў, прадуктаў мікрабіял. сінтэзу, ён ляжыць у аснове многіх біятэхнал. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЯ ГІСТО́РЫЯ,
1) працэс развіцця ваен. справы са старажытнасці да нашых часоў.
2) Навука, якая вывучае войны і ўзбр. сілы мінулага, развіццё ваен. майстэрства, ваен. думкі, вопыт падрыхтоўкі і вядзення мінулых войнаў. З’яўляецца часткай гіст. і ваен. навукі. Важнейшыя галіны ваеннай гісторыі: гісторыя войнаў; гісторыя ваеннага будаўніцтваўзбр. сіл; гісторыя ваеннага майстэрства, гісторыя ваен. думкі. Спец. раздзелы ваеннай гісторыі: ваен. гістарыяграфія, ваен. крыніцазнаўства, ваен. археаграфія, ваен. археалогія, ваен. статыстыка. Ваенная гісторыя даследуе таксама суб’ектыўныя фактары: ролю палкаводцаў, здольнасці камандзіраў у арганізацыі баявых дзеянняў, ролю маральна-патрыят. духу войск і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРАНЕ́ННЕ,
працэс атрымання слоя аксідаў жалеза таўшчынёй 1—10 мкм на паверхні дэталяў і вырабаў з вугляродзістай або нізкалегіраванай сталі і чыгуну; прыватны выпадак аксідавання.
Выкарыстоўваецца для ахоўна-дэкар. аддзелкі вырабаў (зброі, прылад і інш.) — надання паверхні карычневага, цёмна-сіняга або чорнага колеру розных адценняў з захаваннем метал. бляску. Раней вараненне рабілі награваннем дэталяў да 265—275 °C і праціркай іх паверхні рыззём, намочаным у канапляным алеі. У сучаснай вытв-сці практыкуецца шчолачнае, кіслотнае і тэрмічнае вараненне. Жалезааксідныя пакрыцці маюць невысокую зносаўстойлівасць і каразійную ўстойлівасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НКЛЕР ((Winkler) Клеменс Аляксандр) (26.12.1838, г. Фрайберг, Германія — 8.10.1904),
нямецкі хімік, распрацоўшчык прамысл. спосабу атрымання сернай кіслаты. Вучыўся ў Фрайбергскай горнай акадэміі (1857—59) і Лейпцыгскім ун-це, працаваў на хім. з-дах. У 1873—1902 праф. Фрайбергскай горнай акадэміі. Навук. працы па хім. тэхналогіі, неарган. і аналітычнай хіміі. Адкрыў германій (1886), існаванне якога прадказваў Дз.І.Мендзялееў у 1870. Распрацаваў метады хім. аналізу газаў і даследаваў асноўны працэс кантактнага спосабу вытв-сці сернай к-ты: каталітычнае акісленне дыаксіду серы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕ́ННАЯ РЭДУ́КЦЫЯ БІЯСФЕ́РЫ,
неабарачальны працэс памяншэння відавой разнастайнасці біясферы, абумоўлены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Адбываецца пры урбанізацыі, забруджванні асяроддзя, знішчэнні лясоў, узорванні стэпаў, залішняй здабычы прамысл. жывёл, некантраляваным збіранні ядомых і лек. раслін, пры зарэгуляванні рэк, неарганізаваным турызме і г.д. Па падліках Міжнар. саюза аховы прыроды і прыродных рэсурсаў кожны год на Зямлі знікае па аднаму віду раслін або жывёл. У сувязі з гэтым распрацаваны і прыняты міжнар. канвенцыі і дагаворы па ахове генетычнага фонду жывёльнага і расліннага свету, пашыраюцца сеткі біясферных запаведнікаў, нац. паркаў і інш.