кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял.Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬНО́Ў (сапр.Уладзіміраў) Іван Ягоравіч
(15.1.1885, с. Багародзіцкае Арлоўскай вобл., Расія — 9.1.1931),
рускі пісьменнік. Настаўнічаў. Быў у партыі эсэраў, ідэалогію якіх потым асудзіў у аповесці «Сустрэча» (1927). За замах на царскага чыноўніка сасланы ў Сібір, адкуль у 1910 уцёк за мяжу. У 1917 вярнуўся ў Расію. Аўтабіягр. «Аповесць пра дні майго жыцця» (1912), аповесці «Юнацтва», «На рубяжы» (абедзве 1913), «Вяртанне» (1928, апубл. 1956) і інш. пра сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦА (Asperugo),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 1 від — вастрыца распасцёртая (Asperugo procumbens). Пашыраны ў Еўропе, Азіі, у Паўн. Афрыцы, як занесеная расліна — у Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца зрэдку як пустазелле на агародах і каля жылля.
Аднагадовая цвёрдаапушаная травяністая расліна з распасцёртым па зямлі сцяблом даўж. да 60 см. Лісце чаргаванае, падоўжана-эліпсоіднае. Кветкі дробныя, спачатку фіялетавыя, потым блакітныя ці сінія, адзіночныя або па 2—3 у пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек. (процізапаленчы і адхарквальны сродак) расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІДЖАЯНА́ГАР,
феадальная дзяржава ў Паўд. Індыі ў 14—17 ст. Знаходзілася на Пд ад р. Крышна. Утварылася ў 1336 у выніку барацьбы мясц. феадалаў з Дэлійскім султанатам. Пры Дэвараі II [1422—46] Віджаянагар падначаліў усю Паўд. Індыю, яго войскі рабілі паходы на Цэйлон і ў Бірму, нанеслі паражэнне Бахманідскаму султанату. Найб. росквіту дасягнуў пры Крышнадэвараі [1509—29]. Віджаянагар пастаянна ваяваў з дзяржавай Бахмані, потым з утворанымі на яе тэр. султанатамі. Пацярпеў паражэнне ў 1565, прыйшоў у заняпад і да сярэдзіны 17 ст. распаўся на княствы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬВА́НІ ((Galvani) Луіджы) (9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),
італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).
Літ.:
Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́НЬКАВА ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Нехрысць, за 33 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 0,51 км², даўж. 2,2 км, найб.шыр. 290 м, найб.глыб. 43,3 м (3-е па глыбіні на Беларусі), даўж. берагавой лініі 4,84 км. Пл. вадазбору 4,4 км². Схілы катлавіны выш. 20—30 м, вельмі стромкія, пад хмызняком. Берагі супадаюць са схіламі. Мелкаводдзе вузкае. Дно да глыб. 6—10 м пясчанае, потым глеістае. Шырыня паласы расліннасці да 25 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯЧЭ́ВІЧ (Іпаліт Вікенцьевіч) (1800 — 46),
удзельнік паўстання 1830—31. Сын В.Гячэвіча. Валодаў маёнткамі Вязынь і Ізабелін у Вілейскім пав. Служыў у Мінскай казённай палаце. З 1826 маршалак шляхты Вілейскага пав. У крас. 1831 узначаліў павятовы паўстанцкі камітэт, які на кароткі тэрмін устанавіў кантроль над паветам. Пасля заняцця Вілейкі казакамі хаваўся ў сваякоў, потым арыштаваны і зняволены ў крэпасць. У вер. 1832 вызвалены пад нагляд паліцыі, але ў хуткім часе высланы ў Варонеж. Вярнуўся на радзіму ў 1837.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВІК (Уладзімір Аляксандравіч) (7.7.1903, в. Немча Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 28.9.1987),
генерал-лейтэнант (1959). У Чырв. Арміі з 1919. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). Удзельнік грамадз. вайны на Паўд. фронце, да 1940 у Генштабе РСЧА, потым у Забайкальскай ваен. акрузе. У Вял.Айч. вайну на фронце з крас. 1944, камандзір дывізіі. Удзельнік вайны з Японіяй. Да 1968 у Сав. Арміі, на розных пасадах у ваен.ВНУ, Генштабе Узбр. Сіл СССР, ваен. аташэ, узначальваў дэлегацыю СССР пры Ваенна-штабным к-це ААН.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКСТРЫ́НЫ,
высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭПАРДЗЬЁ ((Depardieu) Жэрар Ксаўе) (н. 27.12.1948, г. Шатару, Францыя),
французскі кінаакцёр. Скончыў курсы драм. мастацтва Ш.Дзюлена і Школу драм. мастацтва Ж.Л.Кашэ. У 1969—73 у аматарскай групе «Кафэ дэ ла гар». З 1968 у т-ры «Шаё». З 1966 у кіно. Пачынаў з роляў праставатых і цынічных хлопцаў, потым праявіў сябе як майстар псіхал. партрэта. У фільмах «Дваццатае стагоддзе», «Жанчына з Ганга», «Суседка», «Апошняе метро», «Дантон», «Пад сонцам Сатаны», «Сірано дэ Бержэрак» і інш. раскрывае складанае ўнутр. жыццё сваіх герояў.