ШАМПА́НСКАЕ,

пеністае вінаграднае віно, насычанае вуглякіслым газам эндагеннага паходжання. Атрымліваюць другасным браджэннем шампанскіх вінаматэрыялаў са спец. сартоў вінаграду ў герметычна закаркаваных бутэльках ці рэзервуарах, што стварае залішні ціск не менш за 350 кПа. Паводле колькасці цукру адрозніваюць маркі Ш.: брут (да 1,5 г/100 см³), сухое (2—2,5 г/см³), паўсухое (4—4,5 г/100 см³), паўсалодкае (6—6,5 г/100 см³), салодкае (8—8,5 г/100 см³). Назва ад правінцыі Шампань (Францыя), дзе яно ўпершыню было прыгатавана ў 17 ст.

К.​А.​Алексанян.

т. 17, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭРЫТЭ́МА ВУЗЛАВА́ТАЯ,

хвароба скуры таксічна-алергічнага паходжання, якая ўзнікае пры вострых і хранічных інфекцыях і інтаксікацыях. Адрозніваюць вострую і хранічную. Вострая Э.в. пачынаецца дрыжыкамі, павышэннем т-ры цела, болямі ў суставах. На разгінальнай паверхні галёнак, радзей на інш. участках цела ўзнікаюць сіметрычна размешчаныя плямы, балючыя вузлы, скура над якімі ружова-чырв. колеру (з часам афарбоўка мае выгляд сіняка). Працягласць хваробы 4—6 тыдняў. Пры хранічнай Э.в. вузлы больш шчыльныя, адмяжоўваюцца ад тканак, якія іх акружаюць; скура сінюшна-карычневага колеру. Цягнецца гадамі. Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 1, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯГО́РАЎ Аляксей Ягоравіч (1776—22.9.1851),

рускі жывапісец, рысавальшчык; прадстаўнік рус. класіцызму. Паводле паходжання калмык. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1782—97), у 1798—1803 і 1807—40 выкладаў у ёй (з 1812 праф.). Вучань І.Акімава, Р.​Угрумава. У 1803—06 пенсіянер АМ у Рыме. Майстар лірычнага вытанчанага рысунка. Пісаў карціны пераважна на рэліг. і міфалагічныя сюжэты, партрэты: «Сусанна» (1813), «Катаванне Збавіцеля» (1814), «Галава юнака» (1812), партрэт А.​Тамілава (1831). Удзельнік размалёўкі Казанскага сабора ў Пецярбургу. Сярод вучняў К.Брулоў, Ф.Бруні, А.Іванаў.

Літ.:

Мроз Е.А. Е.​Егоров. М.; Л., 1947.

т. 18, кн. 1, с. 230

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯРДА́НГІ, ярангі (на уйгурскай мове абрыў, стромкая града),

формы рэльефу сухіх гліністых пустынь. Уяўляюць сабой падоўжаныя вузкія грады з вострымі грабянямі і стромкімі асіметрычнымі схіламі; грады выцягнуты паралельна адна адной у напрамку пануючых вятроў і падзелены нешырокімі лагчынамі і жалабамі. Даўж. ад некалькіх дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў, шыр. некалькі метраў, выш. да 5 м. Складзены пераважна з дробнаабломкавых азёрных і алювіяльных адкладаў, у асн. эолавага паходжання; некат. ролю ў іх утварэнні мае таксама размываючая дзейнасць часовых вадацёкаў. Я. характэрны для пустынь Цэнтр. Азіі.

т. 18, кн. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНА́РНАЯ ЛАБАРАТО́РЫЯ,

дыягнастычная ўстанова ў сістэме вет. службы. У ветэрынарнай лабараторыі ўстанаўліваюць дыягназ хваробы жывёлы, выяўляюць хворых жывёл, прычыны іх гібелі і масавых захворванняў, а таксама вызначаюць якасць і бясшкоднасць прадуктаў і сыравіны жывёльнага паходжання, кармоў і вады. Праводзяць таксама патолага-анатамічныя, гісталагічныя, бактэрыялагічныя, мікраскапічныя, вірусалагічныя, сералагічныя, мікалагічныя, хім., таксікалагічныя, біяхім., радыелагічныя, гельмінталагічныя і інш. даследаванні. Па тэрыторыі абслугоўвання адрозніваюць раённыя, міжраённыя, занальныя, гар., абласныя ветэрынарныя лабараторыі. Буйныя жывёлагадоўчыя комплексы і птушкафабрыкі маюць свае спец. ветэрынарныя лабараторыі. На Беларусі цэнтр. вет.-дыягнастычная ўстанова — рэспубліканская дзярж. ветэрынарная лабараторыя, якая ажыццяўляе арганізацыйна-метадычнае кіраўніцтва дзейнасцю ветэрынарных лабараторый абласцей, раёнаў, жывёлагадоўчых комплексаў.

т. 4, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭ́ЛЬ (франц. hôtel),

1) гасцініца — дом з мэбляванымі пакоямі для часовага пражывання прыезджых грамадзян, турыстаў. Паводле катэгорыі абслугоўвання і сервісу атэлі падзяляюцца на 1-, 2-, 3-, 4- і 5-зоркавыя. Упершыню з’явіліся ў краінах Зах. Еўропы ў 14 ст. Пашырыліся ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі пасля 2-й сусв. вайны. Развіццю сеткі атэляў садзейнічае міжнар. турызм.

2) У франц. архітэктуры 16—17 ст. — гарадскі асабняк у стылі барока з параднымі і службовымі дварамі для пражывання асоб дваранскага паходжання.

Атэль у Сан-Францыска. Арх. Дж.​Портман. 1973.
Атэль у Сан-Францыска. Інтэр’ер. Арх. Дж.​Портман. 1973.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛАНХО́,

якуцкі гераічны эпас. Складаецца з многіх сказанняў, блізкіх паводле сюжэта, вобразаў і стылю, памерам 10—15 тыс. вершаваных радкоў. Частка тэксту — рытмізаваная проза і кароткія празаічныя ўстаўкі. Словы персанажаў спяваюцца, астатні тэкст выконваецца рэчытатывам, часта без інструмент. суправаджэння. Аланхо адлюстроўваюць рысы патрыярхальна-радавога ладу, міжрадавыя і міжплемянныя адносіны якутаў. У аснове сюжэтаў — барацьба асілкаў з племені айыы аймага са злоснымі аднарукімі ці аднаногімі пачварамі, абарона справядлівасці і мірнага жыцця. У аланхо паяднаны фантастыка і гіпербалізацыя ў паказе асілкаў з рэаліст. апісаннямі побыту, шматлікія міфы стараж. паходжання.

Літ.:

Пухов И.В. Якутский героический эпос олонхо. М., 1962.

т. 1, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НІУС (Arrhenius) Свантэ Аўгуст (19.2.1859, маёнтак Вейк, каля Упсалы, Швецыя — 2.10.1927),

шведскі фізікахімік, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Член Каралеўскай Шведскай АН (1901), замежны член-карэспандэнт Пецярбургскай АН (1903), ганаровы акадэмік АН многіх краін, у т. л. СССР (1926). Скончыў Упсальскі універсітэт (1878). З 1905 дырэктар Нобелеўскага інстытута. Навуковыя працы па тэорыі раствораў электралітычнай дысацыяцыі, даследаванняў па хімічнай кінетыцы (ураўненне Арэніуса), а таксама па астраноміі, астрафізіцы, біялогіі (дастасаванне фізіка-хімічных законаў да біялагічных працэсаў), тэорыі касмічнага паходжання жыцця на Зямлі. Нобелеўская прэмія 1903.

Літ.:

Соловьев Ю.И. Сванте Аррениус, 1859—1927. М., 1990.

С.А.Арэніус.

т. 2, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́НСКІ СКАРБ, Бесарабскі скарб,

рэчавы скарб, знойдзены ў 1912 каля г.п. Барадзіно (зараз Таруцінскі р-н Адэскай вобл.). Датуецца 16—15 ст. да нашай эры. Знаходзіўся ў глінянай пасудзіне, належаў военачальніку ці правадыру племя. Складаўся з 6 каменных баявых сякер (1 з нефрыту), 3 булдавешак для булавы з алебастру, 2 наканечнікаў коп’яў, утулкі ад наканечніка кап’я, сярэбраных кінжала і шпількі. Рэчы рознага паходжання: наканечнікі коп’яў аналагічныя знаходкам з сеймінска-турбінскіх могільнікаў у Прыўраллі, каменныя вырабы — знаходкам з Каўказа, шпілька і кінжал — з Цэнтр. Еўропы. Захоўваецца ў Гіст. музеі ў Маскве.

Барадзінскі скарб.

т. 2, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́Т, цяжкі шпат,

мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (BaO). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.

Барыт.

т. 2, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)