від веснавых песень каляндарнага цыкла; віншавальна-велічальныя творы, з якімі з надыходам вясны валачобнікі абходзілі двары аднавяскоўцаў. Нац. адметнасць бел. нар.-паэт. культуры. З інш.слав. народаў часткова бытавалі ў сербаў. Па функцыі яны аналагічныя абходным калядным песням і звязаны з абнаўляльным наступленнем Новага года, толькі ў розных каляндарных сістэмах і ў розныя гіст. перыяды (валачобныя «з прыходам сонечных дзён», калядныя — «з паваротам сонца на лета»). З пашырэннем хрысціянства валачобныя песні былі прыстасаваны да першага дня Вялікадня. Іх спяваюць гаспадару і гаспадыні, іх незамужняй дачцэ і нежанатаму сыну, старым бабулі і дзядулю. У гэтых песнях-пажаданнях адбілася вера ў магічную моц слова, якое сцвярджае жыццёва важныя моманты дабрабыту земляроба: ураджай на полі, статак у хляве, лад у сям’і. З усіх каляндарных песень валачобным у найб. ступені ўласцівыя эпічная разгорнутасць зместу, жанрава-тыпалагічная акрэсленасць і стабільнасць структур. Яны маюць стройную 3-часткавую кампазіцыю з жанрава вызначальным прыпевам пасля кожнага радка верша: «Вясна красна на дварэ!», «Вясна красна на ўвесь свет!», «Зялён явар кудравы!», «Да віно ж маё зеляно!», «Зялёна траўка-мураўка!», «Зялёны сад вішнёвы!», «А-ля-ля-ля-лё-лё, лі-ляй-лё!», «Гэй, лалын!», «Гэй, віно!», «Няхай так будзе!» (таксама хрысціянскі — «Хрыстос васкрос, сын Божы!»). Найб. адметныя сюжэты і матывы валачобных песень: «цуда», «праява», аб якіх валачобнікі прыйшлі апавясціць гаспадара. Напр., «... У тваім хлеве праява стала, // Праява стала, праявілася: // Сорак каровак ацялілася...» Разгорнуты каляндарны круг аграрных святаў з адпаведнай «адказнасцю» розных святых за ўсе этапы с.-г. работ. Усеабдымнасць самога збору валачобнікаў у эпічных зачынах: «А з-пад лесіку, лесу цёмнага // То не тучы йдуць, то не воблачкі // То ідуць, брыдуць валачобнічкі...» Вобразная сістэма валачобных песень вызначаецца міфал. аб’ёмістасцю (у спалучэнні з рэалістычнымі замалёўкамі), шырокім выкарыстаннем сімволікі, сталых эпітэтаў, прыёмаў гіпербалізацыі і траістасці паўтораў. Паводле музычнага зместу яны яскрава спалучаюць маторную імпульсіўнасць рытму масавага шэсця («веснавы рух») з гукапісам прыпеваў-клічаў («веснавы голас»), іх адметнасць — мужчынская традыцыя выканання, што адбілася на размашыстым (у рамках сярэдняга дыяпазону), часам заліхвацкім характары мажорных мелодый песень. Дынамічнасці напеваў служыць і антыфонная манера спявання, калі сольны запеў кожнага радка верша падхопліваецца ў пастаянных харавых прыпевах. З жанравай чысцінёй валачобных формульных напеваў-сімвалаў звязана строгая акрэсленасць іх песенна-меладычных тыпаў. Бел. этнамузыказнаўцы вылучаюць 4 асн. тыпы напеваў, кожны з якіх мае свой арэал. Першы тып ахоплівае амаль усе этнагр. рэгіёны Беларусі, за выключэннем Гомельскага Палесся; другі — раёны Паазер’я, трэці і чацвёрты — пераважна раёны Панямоння. У сучасных вёсках абрадавы веснавы абход двароў валачобнікамі набывае жартоўна-гуллівы сэнс, што яшчэ больш набліжае валачобныя песні да карнавалізаваных калядных. Разам з тым прыўзнятасць гімнічных мелодый валачобных і сёння сцвярджае ў свядомасці вяскоўцаў высокі статус песень каляндарнага рытуалу, спрадвечную ўрачыстасць іх з’яўлення. Гэта падкрэсліваецца і ў зваротах да гаспадара на заканчэнні валачобнай песні: «...А мы госцікі недакучныя: // А мы ў гадочак — адзін разочак!»
Публ.:
Беларускія народныя песні. Т. 3. Мн., 1962;
Валачобныя песні. Мн., 1980.
Літ.:
Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАВІЦКІ РАЁН.
На ПнУ Брэсцкай вобл Утвораны 15.1.1940 (у сучасных межах з 4.10.1957). Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 37,6 тыс.чал. (1998), гарадскога 32%. Сярэдняя шчыльн. 29 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Ляхавічы. Уключае 124 сельскія нас. пункты, 11 сельсаветаў: Альхоўскі, Востраўскі, Ганчароўскі, Жарабковіцкі, Конькаўскі, Крывошынскі, Куршынавіцкі, Навасёлкаўскі, Начаўскі, Падлескі, Свяціцкі.
Паўн. частка тэр. раёна размешчана ў межах Баранавіцкай раўніны, Клецкай раўніны і Капыльскай грады, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня б.ч. тэрыторыі ўзгорыста-раўнінная, плоская, на Пд дзюнна-бугрыстыя ўчасткі. 70% тэрыторыі на выш. 150—180 м, найвыш. пункт 218,5 м (за 2 км на З ад в. Канюхі). Карысныя выкапні: торф, мел, гліны, суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 635 мм. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб р. Шчара з прытокамі Мышанка, Ліпнянка, Ведзьма; на ПдУ верхняе цячэнне р. Бобрык, на ПнУ — р. Нача. Азёры: Выганашчанскае (на мяжы з Івацэвіцкім р-нам), Качайла; вадасховішчы: Шчара, Нетчынскае. Меліярацыйны Свяціцкі канал. Пераважаюць глебы с.-r. угоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя (30,7%), тарфяна-балотныя (20,2%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (15,1%). Пад лесам 37,6% тэр. раёна, з іх 15,6% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, яловыя, бярозавыя; трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя і інш.Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты займаюць каля 46 тыс.га, частка з іх асушана. Найб.Выганашчанскае балота. На Пд раёна частка гідралагічнага заказніка рэсп. значэння Выганашчанскае; заказнікі мясц. значэння: ландшафтна-гідралагічны ў пойме р. Шчара (ад в. Хацяж да в. Дарава) і гідралагічны — Ліпск (у пойме р. Шчара). Помнікі прыроды рэсп. значэння: парк «Савейкі» (палацава-паркавы ансамбль, 1850, у в. Савейкі), рададэндран жоўты ў Мядзведзіцкім лясніцтве. Зона адпачынку «Шчара».
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 55,7 тыс.га, з іх асушаных 20 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 3 саўгасы, 20 фермерскіх гаспадарак, эксперым. база, ільнонасенная станцыя. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, авечкагадоўлі, конегадоўлі, вытв-сці збожжавых і кармавых культур, лёну, бульбы, насенняводстве лёну-даўгунцу. Прадпрыемствы паліўнай (торфабрыкетны з-д«Ляхавіцкі»), харч., ільняной, буд. матэрыялаў прам-сці; з-д «Металапластмас»; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Баранавічы—Лунінец і Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Брэст—Слуцк, Баранавічы—Ляхавічы—Клецк. У раёне гімназія, 18 сярэдніх, 4 базавыя, 5 пач., маст., 2 муз., спарт. школы, 4 комплексы «Школа-сад», с.-г. тэхнікум, вучэбна-вытв. камбінат, 22 дашкольныя ўстановы, 24 дамы культуры, 21 клуб, кінатэатр, 45 б-к, 6 бальніц, паліклініка, 5 амбулаторый, 23 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Грушаўка, Пакроўская царква (1670, перабудавана ў 1863) у в. Крывошын, Петрапаўлаўскі касцёл (1908) у в. Мядзведзічы, сядзіба (1810—15) у в. Нача, Святадухаўская царква (2-я пал. 18 ст.) у в. Падлессе, парк (2-я палавіна 18 ст.) у в. Сваятычы; сядзіба і парк (2-я пал. 19 ст.) у в. Ураджайная, сядзіба (19 ст.) у в. Флер’янова. Выдаецца газ. «Ляхавіцкі веснік».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад.Нац.АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-рфілал.н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац.АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1981—84;
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;
Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;
Хатняе зайчанё. Мн., 1998.
Літ.:
Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;
Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;
Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ ў 13 ст., шэраг заваёўніцкіх войнаў і паходаў манголаў супраць народаў Азіі і Еўропы. Пачаліся пасля аб’яднання да 1206 Чынгісханам мангольскіх плямён і стварэння дзяржавы. У ходзе М.з. склалася Мангольская імперыя. Баяздольнасць манг. войска, размеркаванага на тумены (дзесяткі тысяч), цьмы (тысячы), сотні, дзесяткі, была абумоўлена жорсткай дысцыплінай, вял. манеўранасцю і мабільнасцю, выкарыстаннем ваен. і тэхн. дасягненняў захопленых краін і народаў, перадавой ваен. тактыкай, хітрасцю і інш. Гэта дазваляла манголам перамагаць нават намнога большыя сілы праціўніка, браць добра ўмацаваныя крэпасці і гарады (з тэхнікай аблогі гарадоў манголы пазнаёміліся ў Кітаі). У 1207—11 манголы падпарадкавалі народы Паўд. Сібіры і Усх. Туркестана. З 1211 пачалося заваяванне Кітая, у 1215 захоплены Пекін (Яньцзін). У канцы 1218 манг. войскі (каля 200 тыс.чал.) на чале з Чынгісханам уварваліся ў Сярэднюю Азію, у 1219—21 разбілі войскі харэзмшаха Мухамеда і яго сына Джэлал-ад-дзіна, захапілі і разбурылі большасць буйных гарадоў, у т. л. Харэзм, Хаджэнт, Мерв, Ургенч. У 1220 войска на чале з Джэбе і Субэдэем уварвалася ў Паўн. Іран, адтуль — у Закаўказзе і ў 1222 разбіла груз. войска. Потым манголы перайшлі Каўказскія горы і ўварваліся ў палавецкія стэпы. 31.5.1223 яны перамаглі войска рус. і палавецкіх князёў у бітве на р. Калка і ў 1224 вярнуліся ў Манголію. У 1226—27 знішчана тангуцкая дзяржава Сі-Ся. У час праўлення сына Чынгісхана Угедэя канчаткова заваяваны Паўн. Кітай і знішчана дзяржава чжурчжэняў (1234). У 1236 пачаўся вял. паход на Захад на чале з унукам Чынгісхана Батыем (Бату). Разграміўшы Балгарыю Волжска-Камскую, манг. войска ўварвалася ў паўн.-ўсх. Русь. 21.2.1237 яно захапіла Разань, у снеж.—лютым 1238 — б.ч. Уладзімірска-Суздальскай зямлі. 4.3.1238 у бітве на р. Сіць разгромлена аб’яднанае войска ўладзімірска-суздальскіх князёў, загінуў вял. князь Юрый Усеваладавіч. У 1240 Батый пачаў новы паход на Пд Русі і Захад. 6.12.1240 захоплены і разбураны Кіеў. У пач. 1241 манг. войска спустошыла Галіцка-Валынскія землі, пацярпелі і некаторыя гарады Палесся. Пачалася мангола-татарская няволя на Русі (пра манг. паходы на ПнЗ Русі і адносіны манголаў з ВКЛгл. ў арт.Залатая Арда). У лют. 1241 манголы ўварваліся ў Польшчу, 3.3.1241 разбілі каля Кракава польск. войска на чале з Баляславам V, 9.4.1241 — апалчэнне ням. і польскіх князёў пры Лягніцы. аднак пасля гэтага яны пацярпелі паражэнне ад чэхаў 24.6.1241 у Оламаўцкай бітве 1241. Другое манг. войска ўварвалася ў Венгрыю, дзе 11.4.1241 у бітве пры Шаё разбіла войска караля Белы IV. У канцы 1241 пачаўся новы паход, спынены весткай пра смерць вял. хана Угедэя. М.з. аднавіліся ў час праўлення Мункэ. Яго брат Хулагу заваяваў у 1256 Іран, у 1258 захапіў Багдад і ліквідаваў халіфат Абасідаў, але быў спынены пасля паражэння 3.9.1260 пры Айн-Джалуце ад войск егіп. султана. У той жа час пачалося заваяванне Паўд. Кітая (скончана ў 1279). М.з. завяршыліся паходам 1300 у М’янму, аднак драпежніцкія паходы мангола-татар на Русь і інш. краіны працягваліся ў 14—15 ст. М.з. былі адной з вял. катастроф у гісторыі: загінула вял. колькасць людзей, былі знішчаны цэнтры стараж. цывілізацыі, што негатыўна паўплывала на далейшае развіццё народаў Азіі і Усх. Еўропы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦЬ,
рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр.Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАВЫ ВЕК,
перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял. значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр.Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр.Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр.Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).
На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл.Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр.паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э.тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.
Літ.:
Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЗАЧНІК,
таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.Навапольцаў, А.К.Барышнікава (Купрыяніха), М.М.Каргуеў, М.А.Сказкін, Г.М.Каралькова, у ўкраінцаў — Р.Ф.Чмыхала, А.С.Калін, К.Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.Дзежка, Д.Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.Смолка і інш.
У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел.Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.Савіцкага, Куляша, М.Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял.Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.С.Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.С.Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.П.Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш.фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.Мельнікава з Лоеўскага, Ф.Вяргун з Мазырскага, Е.Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.Паўлянкова з Гомельскага, М.Коўтун з Чэрвеньскага, Н.Краснякова з Крупскага, У.Русіновіч з Светлагорскага, Л.Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.Казлоўская, У.Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.
Літ.:
Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;
Сказки Ф.П.Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;
Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;
Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;
Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;
Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;
Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫ ФІЛЬМ,
твор кіна-, тэле- і відэамастацтва, у якім музыка з’яўляецца вядучым фактарам драматургіі, выконвае важнейшыя сэнсавыя і кампазіцыйныя функцыі, вызначае жанравую і стылістычную прыналежнасць фільма.
Першыя М.ф. ўзніклі ў ЗША ў 1920—30-я г. з пачаткам гукавога кіно («Спявак джазу», 1927, рэж. А.Кросленд; «Мелодыі Брадвея», 1929, рэж. Г.Боман). Сярод асн. жанраў М.ф. муз. кінакамедыя, фільм-рэвю, муз.-біягр. фільм, кінаканцэрт, кінааперэта, кінабалет, кінаопера. Сярод найб. значных М.ф. сав. кіно: «Вясёлыя рабяты» (1934), «Цырк» (1936), «Волга-Волга» (1938), «Светлы шлях» (1940; рэж. усіх Р.Аляксандраў, кампазітар І.Дунаеўскі), «Багатая нявеста» (1938), «Кубанскія казакі» (1950, кампазітар абодвух Дунаеўскі), «Трактарысты» (1939, кампазітары браты Пакрас), «Свінарка і пастух» (1941, кампазітар Ц.Хрэннікаў; рэж. усіх І.Пыр’еў), а таксама фільмы І.Саўчанкі, А.Іваноўскага, Р.Рашаля, Э.Разанава і інш.
У бел. кіно створаны М.ф.: «Дзяўчына спяшаецца на спатканне», «Шукальнікі шчасця» (абодва 1936; рэж. адпаведна М.Вернер, У.Корш-Саблін), «Канцэрт Бетховена» (1937, рэж. М.Гаўронскі і У.Шмітгоф), «Маё каханне» (1940), «Новы дом» (1947, рэж. абодвух Корш-Саблін, кампазітар усіх І.Дунаеўскі, апошняга разам з І.Любанам), «Нашы суседзі» (1957, рэж. С.Сплашноў, кампазітар Б.Макравусаў), «Саша-Сашачка» (1967, рэж. В.Чацверыкоў, кампазітар Я.Глебаў), «Раскіданае гняздо» (паводле Я.Купалы, 1981), рэж. Б.Луцэнка, кампазітар С.Картэс), «Наш чалавек у Сан-Рэма» (1991, рэж. А.Яфрэмаў, кампазітар А.Несцераў), а таксама тэлевізійныя «Пасля кірмашу» (паводле «Паўлінкі» Я.Купалы), «Веснавая казка» (абодва 1972, рэж. Ю.Цвяткоў, кампазітар Глебаў) і інш., тэлеопера «Ранак» (паводле А.Куляшова, 1968, рэж. В.Карпілаў, кампазітар Г.Вагнер), тэлеэкранізацыі опер «У пушчах Палесся» А.Багатырова (1982), «Сівая легенда» (1986) і «Францыск Скарына» (1990) Дз.Смольскага (рэж.-пастаноўшчык усіх Г.Нікалаеў), першай бел. дзіцячай оперы «Марынка» Р.Пукста (1983, рэж. А.Малчанаў). У жанры тэлемюзікла, які спалучае драматургію, музыку, вакал і харэаграфію, створаны фільмы-казкі рэж. Л.Нячаева — «Прыгода ў горадзе, якога няма» (1974, кампазітар Картэс), «Прыгоды Бураціна» (1975), «Пра Чырвоны Капялюшык» (1977, кампазітар абодвух А.Рыбнікаў), «Прададзены смех» (1981, кампазітар М.Дунаеўскі), «Казка пра зорнага хлопчыка» (1983, кампазітар Рыбнікаў), «Рыжы, шчыры, закаханы» (1984), «Пітэр Пэн» (1987, кампазітар абодвух І.Яфрэмаў) і інш. З канца 1970-х г. паявіліся першыя відэафільмы: відэамюзікл «Гэты доўгі кароткі час» (рэж. У.Арлоў, муз. Глебава, В.Раінчыка), відэабалет «Тры пальмы» (абодва 1979; рэж. В.Шавялевіч, муз. А.Спендыярава, балетмайстар В.Дудкевіч). У 1990-я г. створаны шэраг экранізацый і відэаверсій пастановак нацыянальных акад. т-раў оперы і балета Беларусі, у т. л. опера «Чароўная флейта» В.А.Моцарта (1994), балет «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995; рэж. абодвух Шавялевіч). У дакумент. мастацтве развіваюцца жанры фільма-канцэрта (першы — «Жыві, родная Беларусь», 1944, рэж.
Корш-Саблін, М.Садковіч), муз.-біягр. фільма і фільма-партрэта: «Партытура жыцця» (пра Я.Цікоцкага, 1968, рэж. П.Аліфярэнка), «Кампазітар Яўген Глебаў» (1978, рэж. С.Лук’янчыкаў), «Успаміны пра Мікалая Равенскага» (1993), «На кожны гук ёсць рэха на зямлі» (пра У.Перліна, 1995; рэж: абодвух М.Жданоўскі), «Душа мая, Элізіум ценяў» (пра А.Багатырова, 1998, рэж. С.Галавецкі), «На шляху да танцуючай зоркі» (пра Г.Праваторава, 1998, рэж. М.Князеў) і інш. Асаблівае месца займаюць этнамуз. фільмы сцэнарыста-этнамузыколага З.Мажэйка: «Пранясі, божа, хмару» (1990, рэж.-аператар А.Шклярэўскі), «Рух зямлі» (1999, рэж. Ю.Лысятаў, С.Гайдук, аператар М.Сідорчанка) і інш.
Літ.:
Кудинова Т. От водевиля до мюзикла. М., 1982;
Ханиш М. О песнях под дождем: Пер. с нем. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЬБА́ АРХІТЭКТУ́РНАЯ,
арнаментальная ці сюжэтная кампазіцыя, выкананая спосабам маст. апрацоўкі (пераважна дрэва) для дэкору будынкаў і збудаванняў, від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Упрыгожвае фасады і інтэр’еры будынкаў, надае ім маст. каштоўнасць, узбагачае пластыку фасадаў вытанчанай святлоценявой мадэліроўкай, узмацняе іх рытмічную будову, кантрастна вылучае найб. значныя элементы кампазіцыі, падкрэслівае архітэктоніку будынкаў і збудаванняў.
Вядома з даўніх часоў (Стараж. Егіпет і Грэцыя, Індыя); у Расіі — з 12 ст. (Ноўгарад), асабліва пашырана з 19 ст.: у Расіі — Архангельская, Кастрамская, Маскоўская, Томская, Уладзімірская вобл., у краінах Еўропы — (Венгрыя, Славакія, Фінляндыя, Польшча, Швецыя, Нарвегія, Данія) і інш.
На Беларусі Р.а. пашырана з 12 ст. ў драўляным дойлідстве (Полацк, Віцебск, Мінск, Пінск і інш.). У 17 ст.бел. майстры, якія пераехалі ў Маскоўскую дзяржаву, прынеслі з сабой майстэрства аб’ёмна-ажурнай разьбы, што развівалася на Беларусі з 16 ст. (гл.Беларуская рэзь). У 16 — пач. 20 ст. Р.а. выкарыстоўвалася пераважна ў афармленні фасадаў і інтэр’ераў культавых збудаванняў (Пінскі касцёл францысканцаў), палацаў, сядзібных дамоў, з 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. шырока ўжывалася для знадворнага дэкарыравання гар. і сельскага нар. жылля. Найб. росквіту ў арх. дэкоры дасягнулі веткаўская разьба, разьба ў Магілёве, Гомелі, Шклове, Віцебску, Чачэрску і інш. На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.а.: гранёна-выемчатая (геам. ўзор заглыблены ў гладкі фон), скразная (плоска-ажурная і аб’ёмна-ажурная кампазіцыя без фону), рэльефная (над заглыбленым фонам узнята выява), камбінаваная (спалучае некалькі відаў Р.а. або розныя матэрыялы і спосабы апрацоўкі). У нар. жыллі найб. пашыраны стылізаваныя салярныя (Жыткавіцкі, Лельчыцкі, Пінскі, Слонімскі, Шклоўскі р-ны), зааморфныя (Капыльскі, Клецкі, Дзятлаўскі, Івацэвіцкі, Нясвіжскі р-ны), расл. (паўд. раёны Беларусі), геам. і інш.дэкар. матывы. У творчасці разьбяроў Гомельшчыны сустракаюцца тэмы «Свет Божы», «Рай нябесны», «Рай зямны» і інш. У нар. дойлідстве найб. старадаўнімі элементамі дэкору былі вільчакі. Скразной або краявой разьбой упрыгожвалі падзоры. Р.а. аздаблялі франтоны. Найчасцей дэкор франтонаў — простая (верт., гарыз.), фігурная («квадратам», «ромбам», «у елачку», салярныя матывы) і камбінаваныя шалёўкі, накладкі з разным прафіляваным геам. арнаментам і расфарбоўка (Слуцкі і Любанскі р-ны, Цэнтр. і Зах. Палессе). Асн. дэкор сцен — фігурная шалёўка з элементамі разьбы (найб. пашыраны ў 1950—80-я г. ва ўсх. і цэнтр. р-нах Беларусі). У дэкор уваходзіць таксама ўпрыгожванне Р.а. вуглоў (пашыраны ў 1950—60-я г.; асабліва апрацоўка плоскімі нашчыльнікамі, аздобленымі накладкамі з геам., расл., радзей зааморфнай арнаментыкай). Адзін з гал. элементаў разнога дэкору знадворнай ч. жылля і грамадскіх будынкаў — упрыгожаныя разьбой аконныя ліштвы. Р.а. упрыгожваюць франтончыкі, карнізы, слупы і інш. элементы веранды, ганка, падчэняў. Іх дэкар. выгляд ствараецца маст. шаляваннем у выглядзе выявы сонца з прамянямі, рэльефнымі разеткамі, ажурнай разьбой закрылін па краях стрэшкі, фігурнай апрацоўкай слупоў у выглядзе калон з разнымі капітэлямі, адмысловым малюнкам фігурных аконных пераплётаў у спалучэнні з паліхромнай расфарбоўкай у выглядзе ромбаў, квадратаў, авальных круглых і расл. форм. Для дэкору дзвярэй характэрна маст. разьба з салярнымі выявамі, разеткамі. расл. арнаментам, геральдычнымі і зааморфнымі матывамі. У афармленні малых арх. форм (вароты, калодзежы, альтанкі і інш.) выкарыстоўваюць такія самыя прыёмы Р.а., як і для аддзелкі жылля. На Беларусі вылучаюць некалькі асн.арх.-дэкар. ансамбляў традыц. аздаблення нар. жылля, у т. л. навагрудска-мядзельскі. турава-пінскі, слуцка-любанскі, барысаўска-асіповіцкі, мазырска-хойніцкі, полацка-віцебскі, шклоўска-магілёўскі, веткаўска-гомельскі.
Літ.:
Беларуская народная архітэктурная разьба. Мн., 1958;
Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;
Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978;
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;
Хіцько І.П. Мастацтва разьбы па дрэве. Мн., 1998.
І.П.Хіцько.
Да арт.Разьба архітэктурная. Дэталь фасада 19-й пячоры Аджанты. Індыя. 5—7 ст.Да арт.Разьба архітэктурная. Галоўны алтар Пінскага касцёла францысканцаў. Каля 1730.Да арт.Разьба архітэктурная. Ліштвы жылога дома ў г. Ветка Гомельскай вобл.