ЦІКО́ЦКІ Яўген Карлавіч (26.12.1893, С.-Пецярбург — 23.11.1970),

бел. кампазітар, адзін з заснавальнікаў бел. прафесійнай музыкі. Нар. арт. Беларусі (1953). Нар. арт. СССР (1955). Вучыўся ў Пецярбургу ў псіханеўралагічным ін-це (1911—14), ун-це (1914—15), адначасова ў прыватным муз. вучылішчы З.​Бонч-Бруевіч. З 1920 жыў у Бабруйску; адзін з арганізатараў (1927) і выкладчык муз. школы. З 1934 у Мінску. У разнажанравай яго творчасці пераважала гіст.-рэв. тэматыка, гераічныя вобразы. Вытокі яго муз. мовы ў бел. фальклоры і масавай песні. У муз. драматургіі оперных, сімф., вак.-інстр. твораў развітая лейтматыўная сістэма. Сярод твораў: оперы «Міхась Падгорны» (паст. 1939; 2-я рэд. 1957), «Алеся» (паст. 1944; новая рэд. «Дзяўчына з Палесся», паст. 1957; канчатковая рэд. «Алеся», паст. 1967) і інш.; араторыі «Вызваленне» (1939) і «У.​І.​Ленін» (1946, абедзве не скончаны); гераічная паэма для баса, хору і сімф. аркестра «Песня пра Буравеснік» (1920; 3-я рэд. 1944); 6 сімфоній (1927, 1941, 1948, 1955, 1958, 1963); сімф. паэма «50 гадоў» (1966); уверцюра «Свята на Палессі» (1953); канцэрты для трамбона (1934) і фп. (1954) з аркестрам; хары; песні; музыка да спектакляў і фільмаў. Старшыня праўлення Саюза кампазітараў Беларусі (1950—63). Дзярж. прэмія Беларусі 1968.

Літ.:

Гусин И.Л. Е.​К.​Тикоцкий. М.; Л., 1965;

Нісневіч С.Г. Яўген Цікоцкі. Мн., 1972;

Дубкова Т.А. Сімфоніі Я.​Цікоцкага // Дубкова Т.А. Беларуская сімфонія. Мн., 1974.

Т.​А.​Дубкова.

Я.К.Цікоцкі.

т. 17, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)