БАЦЫЛІ́Н,

антыбіётык, які выпрацоўвае сянная палачка (Bacillus subtilis). Паводле хім. саставу — поліпептыд. Уздзейнічае на грамстаноўчыя (стафілакокі) і грамадмоўныя (кішэчная палачка) бактэрыі. Шырока не выкарыстоўваецца (інактывуецца пры наяўнасці бялковых рэчываў крыві і сывараткі).

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІ́ЦЫ ЗАКО́Н,

эмпірычная заканамернасць, паводле якой эл. супраціўленне полікрышталічных узораў металаў у моцных магн. палях прапарцыянальнае напружанасці магн. поля. Устаноўлены П.Л.Капіцай у 1928 для медзі, золата і серабра. Тлумачыцца тэорыяй гальванамагнітных з’яў.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННАЯ ПАЛА́ТА МІЖНАРО́ДНАГА ПРАВАСУ́ДДЗЯ,

міжнародны судовы орган пры Лізе Нацый у 1921—40. Вырашала міжнар. спрэчкі, перададзеныя яму бакамі добраахвотна, а таксама паводле дзеючых дагавораў і канвенцый. Знаходзілася ў г. Гаага (Нідэрланды).

т. 12, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎКЦЫЁН [лац. auctio (auctionis)],

пачарговы публічны продаж тавараў, уладальнікам якіх становіцца пакупнік, што прапанаваў за іх самую высокую цану. Праводзяцца ў вызначаных месцах, па ўстаноўленых правілах спец. фірмамі, што працуюць на камісійных пачатках. Адрозніваюць аўкцыёны прымусовыя (паводле рашэння суд. органаў, каб спагнаць даўгі з неплацельшчыка) і добраахвотныя (арганізуюць уладальнікі тавараў для іх продажу). Традыцыйная форма міжнар. гандлю — міжнар. аўкцыён, дзе рэалізуюцца тавары пэўнай наменклатуры (воўна, футра, чай, тытунь, кветкі, коні, прадметы раскошы, антыкварыят, творы мастацтва і інш.). На аўкцыёнах прадаюць таксама канфіскаваную і безгаспадарную маёмасць, якая паводле права на спадчыну пераходзіць ва ўласнасць дзяржавы. На валютных аўкцыёнах ажыццяўляецца купля-продаж валюты праз упаўнаважаныя на гэта банкі.

т. 2, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела. Тэарэтычна выведзены В.Вінам. Паводле Віна закона выпрамянення шчыльнасць энергіі выпрамянення Uν, адпаведная частаце ν, выражаецца формулай: Uν = ν3 𝑓( ν/T ) , дзе f — некат. функцыя адносін ν/T, Tабс. т-ра. З Віна закона выпрамянення вынікае т.зв. закон зрушэння Віна, паводле яго даўж. хвалі λmax, на якую прыпадае максімум энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела, адваротна прапарцыянальная яго абс. т-ры: λmaxT=b, дзе b=2,897∙10−3 м. K — пастаянная Віна. Віна закона выпрамянення — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для вял. частот (малых даўжынь хваль).

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́ЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 27.8.1930, Масква),

рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.​Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.​Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.​Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Бераг» паводле Ю.​Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.​Станіслаўскага 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі і Польшчы ў 19—20 ст. Утвораны ў ліп. 1808 у складзе Беластоцкай вобласці. Цэнтр — г. Бельск-Падляскі. З 1842 у Гродзенскай губерні. Пл. 3130,1 кв. вярсты, нас. 164 441 чал. (1897). У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. З 1918 у складзе Польшчы, з 1919 у Беластоцкім ваяводстве. Паводле Рыжскага дагавора 1921 застаўся ў Польшчы. З 1939 у БССР, у Беластоцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, на яго тэрыторыі ўтвораны Бельскі, Бранскі, Кляшчэльскі, Семятыцкі, Цехановецкі і Гайнаўскі р-ны. Паводле дагавора «Аб савецка-польскай дзяржаўнай граніцы» ад 16.8.1945 тэр. былога Бельскага павета перайшла да Польшчы.

т. 3, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎ (Алег) (Альберт) Іванавіч (8.11.1929, г. Прыволжск Іванаўскай вобл., Расія — 28.4.1994),

рускі і ўкр. акцёр. Засл. арт. Украіны (1960), нар. арт. Расіі (1974), нар. арт. СССР (1978). Скончыў школу-студыю МХАТа (1951). Працаваў у Кіеве, С.-Пецярбургу, Маскве. Яго мастацтву былі ўласцівыя арганічнасць, уменне спалучаць у характары персанажа эмац. і аналітычныя пачаткі. Сярод роляў: Ганя Івалгін («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Астраў («Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» паводле М.​Шолахава, Дзярж. прэмія СССР 1978), Павел («Павел I» Дз.​Меражкоўскага, Дзярж. прэмія Расіі 1991). З 1956 здымаўся ў кіно: «Спыніўся цягнік» (Дзярж. прэмія Расіі імя братоў Васільевых 1984), «Слуга» (Дзярж. прэмія СССР 1991) і інш.

т. 2, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЦІ́ ((Baty) Гастон) (26.5.1885, Пелюсэн, дэп. Луара, Францыя — 13.10.1952),

французскі рэжысёр, акцёр. Скончыў Ліёнскі ун-т. З 1919 у трупе рэжысёра Ф.​Жэм’е (Парыж). У 1926 стварыў (разам з Ш.​Дзюленам, Л.​Жувэ, Ж.​Пітоевым) прагрэс. рэжысёрскае аб’яднанне «Картэль». У 1930—47 кіраваў т-рам «Манпарнас—Баці», дзе паставіў «Трохграшовую оперу» Б.​Брэхта, «Злачынства і пакаранне» паводле Ф.​Дастаеўскага, «Мадам Бавары» паводле Г.​Флабера, «Макбета» У.​Шэкспіра і інш. Спектаклі Баці вызначаліся рамантычным кірункам і строгім адборам выразных сродкаў. У шэрагу сваіх пастановак выступаў як мастак. З 1949 працаваў у галіне лялечнага т-ра і ў правінцыяльнай трупе «Камеды дэ Праванс». Аўтар тэарэт. прац пра тэатр.

т. 2, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЕЎ (Браніслаў Віктаравіч) (н. 1.2.1936, г. Варонеж, Расія),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1991). Скончыў Саранскае муз. вучылішча (1963). З 1963 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.​Дуніна-Марцінкевіча (Бабруйск). Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод лепшых роляў: Сырадоеў («Трыбунал» А.​Макаёнка), Анатоль Іванавіч («І змоўклі птушкі...» І.​Шамякіна), Пятро Бусел («Спявае «Жаваранак» Ю.​Семянякі, Рэдактар («Лесвіца ў неба» паводле М.​Слуцкіса), Васкоў («А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.​Васільева), Сямён Каўроў («Ярасць» Я.​Яноўскага), Эгей («Медэя» Л.​Разумоўскай), Залешын («Свеціць, ды не грэе» А.​Астроўскага), Пішта («Прачніся і спявай» М.​Дзьярфаша), Кэбат («Каханне пад вязамі» Ю.​О’Ніла).

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)