пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЦЫФІ́ЗМ (ад лац. pacificus міратворчы),
антываенны міратворчы рух, які выступае супраць усіх войнаў, за раззбраенне. У аснове П. гуманіст. ідэя аб усеагульным братэрстве людзей. Асн. форма барацьбы за мір — перакананне і асабісты прыклад. Пацыфісты вядуць прапаганду, пераконваюць улады вырашаць ваен. праблемы шляхам перагавораў, адмаўляюцца ўдзельнічаць у любых насільных актах, арганізуюць масавыя акцыі, накіраваныя на мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. П., які зыходзіць не столькі з рэальнай паліт. практыкі, колькі з гуманіст. ідэалаў, нясе на сабе пэўны адбітак утапізму. Ен пашыраны ў розных пластах насельніцтва пераважна ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі: інтэлігенцыі, рэліг. настроеных міратворцаў, моладзі і інш. Першыя пацыфісцкія арг-цыі ўзніклі ў ЗША (1815) і Вялікабрытаніі (1816) як рэакцыя на напалеонаўскія і англа-амерыканскую (1812—14) войны. У 1848 адбыўся 1-ы міжнар. кангрэс пацыфістаў у Бруселі. Найб. развіцця П. дасягнуў у 1880—90-я г. Шматлікія міжнар. кангрэсы пацыфістаў заклікалі ўрады ўсіх краін да забароны войнаў, усеагульнага раззбраення і вырашэння міжнар. канфліктаў шляхам прымусовых трацейскіх судоў. Спробай увасобіць некаторыя ідэі П. стала дзейнасць Лігі Нацый (1919—46). Пасля 2-й сусв. вайны некаторыя пацыфісцкія арг-цыі ўключыліся ў Рух прыхільнікаў міру. У розныя часы віднымі дзеячамі П. былі або падзялялі яго ідэалы пісьменнікі Б. фон Зутнер, Л.М.Талстой, А.Барбюс, палітыкі М.К.Гандзі, М.Л.Кінг і інш.Гал. вынік дзейнасці П. да канца 20 ст. ў тым, што ідэя мірнага вырашэння паліт. праблем заняла трывалыя пазіцыі ў свеце, міратворчы рух, які ўключае П., аказвае значны ўплыў на глабальную палітыку.
Літ.:
Пацифизм в истории: Идеи и движения мира. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭХАПЛО́ДНЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
дрэвавыя расліны, якія даюць плады пад агульнай назвай арэхі — ядомыя і пажыўныя ядры ў сухой дравяністай абалонцы. Да іх належаць: арэхі (грэцкі, маньчжурскі, пекан і інш.), ляшчына, фундук, міндаль, каштан, бук, дуб, кедравая хвоя сібірская (кедр сібірскі), фісташка, макадамія (аўстралійскі арэх), берталецыя (бразільскі, ці амерыканскі, арэх) і інш. Арэхаплодныя культуры вырошчваюць для атрымання пладоў (ядры арэхаў маюць да 77% тлушчу, да 22% бялкоў) і драўніны (ідзе на сталярныя і такарныя вырабы), як дэкаратыўныя (для зялёнага будаўніцтва). Жалуды дубоў нарыхтоўваюць для вырабу сурагату кавы. Амаль усе арэхаплодныя культуры ў дзікарослым стане растуць на вялікіх плошчах. На Беларусі пашыраны ляшчына звычайная, дубы звычайны і скальны, некаторыя віды арэхаплодных культур інтрадукаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯАКУ́СТЫКА (ад бія... + акустыка),
біялагічная акустыка, галіна біялогіі, якая вывучае галасы і гукавыя зносіны паміж жывёламі. Афіцыйнае прызнанне атрымала ў 1956 на 1-м Міжнар. біяакустычным кангрэсе (ЗША). Цесна звязана з эталогіяй жывёл, фізіял. акустыкай, якая вывучае будову і функцыі гукаўтваральнай і гукаўспрымальнай сістэм чалавека і жывёл, а таксама з акустыкай. Абмен гукавымі сігналамі найб. развіты ў птушак, у меншай ступені ў млекакормячых і земнаводных. Некаторыя жывёлы (лятучыя мышы, дэльфіны) пры дапамозе гукавой сігналізацыі арыентуюцца ў прасторы, вызначаюць каардынаты, памеры перашкод або здабычы (эхалакацыя). Даныя біяакустыкі выкарыстоўваюць для кіравання паводзінамі жывёл штучна ўтворанымі гукамі (адпужванне птушак ад аэрадромаў, лоўля рыбы, у марской справе і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛО́ХІ (Aphaniptera, Siphonaptera, Suctoria),
атрад крывасосных насякомых. Каля 1 тыс. відаў, пашыраны ўсюды. На Беларусі каля 50 відаў. Дарослыя насякомыя — вонкавыя паразіты цеплакроўных жывёл (млекакормячых, птушак) і чалавека. Найб. вядомыя блыха чалавечая (Pulex irritans), блыха кашэчая (Ctenocephalus felis), блыха сабачая (C. canis).
Даўж. цела 0,5—6 мм. Самцы драбнейшыя за самак. Цела пляскатае з бакоў, укрыта хіцінавым покрывам з валаскамі або шчацінкамі. Бяскрылыя. На галаве пара простых вачэй (некаторыя сляпыя). Ротавы апарат колюча-сысучы. Развіццё з поўным ператварэннем. Лічынкі кормяцца арган. рэшткамі і экскрэментамі блох, дарослыя — крывёй. Многія — пераносчыкі ўзбуджальнікаў чумы, тулярэміі і інш. хвароб, прамежкавыя гаспадары некаторых відаў гельмінтаў. Меры барацьбы: сан.-гігіенічныя, хімічныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́ШЧЫК (Glechoma),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. 5 (паводле інш. звестак 12) відаў. Пашыраны ва ўмеранай Еўропе, Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі ў лясах, хмызняках, на лугах, каля жылля і дарог трапляецца блюшчык плюшчападобны (C. hederacea); блюшчык валасісты (C. hirsuta) — рэдкі від, расце ў лісцевых лясах і хмызняках, пераважна ў зах. і паўд. раёнах.
Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі ўкараняльнымі сцёбламі і ўзыходнымі кветаноснымі парасткамі выш. да 20—25 см. Лісце супраціўнае, круглавата-ныркападобнае, зубчастае, укрытае валаскамі. Кветкі двухполыя, двухгубыя, ліловыя або ружова-ліловыя, у несапраўдных кальчаках. Плод — цэнобій з 4 арэшкаў. Дэкар., лек. (адхарквальны, жаўцягонны, процізапаленчы, гемастатычны сродак) і меданосныя расліны. Маюць эфірны алей, халін, дубільныя рэчывы; некаторыя віды ядавітыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́КАЎ (Віктар Фёдаравіч) (н. 19.9.1914, в. Язвіцы Загорскага р-на Маскоўскай вобл.),
рускі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1938). Аўтар зб-каў вершаў «Застругі» (1958), «Вецер у далонях» (1962), «Лета-мята» (1966), «Аляўціна» (1968), «Калі віднела...» (1972), «У трох кроках ад салаўя» (1977), «Ельнічакбярэзнічак» (1981), кнігі празаічных мініяцюр «Над ракой Істэрмай: Запіскі паэта» (1960), цыкла «Паэзіі сто першая вярста» (1987). Рус. прырода, каханне, жыццё вёскі і рабочага прыгарада — асн. тэмы яго лірыкі, у якой вельмі адчувальныя фалькл. матывы. Некаторыя вершы паэта сталі папулярнымі ў свой час песнямі («Арэнбургская пуховая хустка», «На пабыўку едзе», «На Мамаевым кургане»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫЯ ГІМНА́ЗІІ,
сярэднія навуч. ўстановы паўвайсковага тыпу ў Рас. імперыі ў 19 ст. для дзяцей дваран, пераважна афіцэраў. Утвораны ў 1863—65 на базе кадэцкіх карпусоў. У некаторыя ваенныя гімназіі прымалі юнакоў і недваранскага паходжання. Тэрмін навучання 6, з 1873 — 7 гадоў. Мелі агульнаадук. праграму, але захоўвалі традыц. для кадэцкіх карпусоў паўвайсковы ўклад і вайсковую форму. Выкладаліся Закон Божы, рус., ням. і франц. мовы, матэматыка, геаметрыя, чарчэнне, фізіка, гісторыя, геаграфія, касмаграфія, чыстапісанне і маляванне. У параўнанні з кадэцкімі карпусамі ў ваенных гімназіях была павялічана колькасць цывільных выкладчыкаў. У Рас. імперыі дзейнічала 18 такіх гімназій, у т. л. Полацкая. У 1882 ваенныя гімназіі зноў рэарганізаваны ў кадэцкія карпусы (існавалі да 1918).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАКНІ́СТЫЯ РАСЛІ́НЫ,
група раслін, валокны прыродныя якіх ідуць на розныя вырабы (пражу, тканіны, вяроўкі, канаты, рыбалоўныя снасці і інш.). Да іх належаць некаторыя водарасці, мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя і асабліва пакрытанасенныя. Каля 2000 відаў, выкарыстоўваюцца і культывуюцца каля 600.
Найб. важныя сямействы: мальвавыя (абутылон, або канатнік, бавоўнік, кенаф), лёнавыя (лён), ліпавыя (джут, ліпа), каноплевыя (каноплі), крапіўныя (крапіва, рамі), агававыя (агава), бананавыя (тэкст. банан). Як валакністы матэрыял выкарыстоўваюцца лубяныя і драўняныя валокны, а таксама валаскі раслін, у залежнасці ад чаго валакністыя расліны падзяляюцца на валасковыя, драўняныя і лубяныя. На Беларусі з валакністых раслін культывуюцца каноплі і лён, таксама трапляюцца дзікарослыя з родаў асака, крапіва, ліпа, пажарніца, рагоз, трыснёг, хацьма і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з лютага 1942 да лютага 1944 на тэр. Ваўкавыскага, часткова Поразаўскага і Свіслацкага р-наў, уваходзіла ў Беластоцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю. Налічвала больш за 90 чал., складалася з пярвічных падп. ячэек, якія дзейнічалі ў Ваўкавыску, вёсках Карпаўцы, Каты, Краснае Сяло, Пекары, Петакі, Севашкі, Трунцы Ваўкавыскага, Грыцкі, Задворанцы, Раманаўцы Свіслацкага, Грынявічы і Міхайлы Поразаўскага р-наў. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, зрывалі планы акупантаў па рабаванні насельніцтва і вывазе моладзі ў Германію, учынялі дыверсіі, збіралі і перадавалі партызанам зброю, медыкаменты. У лютым 1944 гітлераўцы арыштавалі 19 патрыётаў, астатнія працягвалі барацьбу, некаторыя пайшлі да партызан. У в. Карпаўцы помнік падпольшчыкам.