спосаб самарэгуляцыі сац. сістэмы, які забяспечвае ўпарадкаванае ўзаемадзеянне яе кампанентаў (індывідаў, груп, супольнасцей) з дапамогай нарматыўнага рэгулявання адпаведнымі нормамі, правіламі, традыцыямі, звычаямі. Важнейшая яго функцыя — стабілізуючая. Для ажыццяўлення К.с. неабходна аўтарытэтная інтэрпрэтацыя нарматыўных абавязацельстваў спец. створанымі сац. ін-тамі культуры, права, кіравання і інш., якія ў неабходных выпадках павінны прыняць не толькі меры выхавання і заахвочвання, але і прымусу. Гэтыя ін-ты ўжываюць санкцыі: фармальныя, афіц. прадпісаныя грамадствам або арг-цыяй (павышэнне або зніжэнне службовага статусу, узнагарода, пакаранне); нефармальныя (ухваленне, абурэнне і інш.); пазітыўныя (грамадскае прызнанне заслуг, прэміраванне, прысваенне ганаровага звання), негатыўныя (вымова, штраф, асуджэнне, ізаляцыя і інш.). Асн. спосабы К.с.: заахвочванне за ўчынкі, якія адпавядаюць каштоўнасцям і нормам, што існуюць у грамадстве; прадухіленне непажаданых учынкаў; устрымліванне ад дзеянняў, якія парушаюць нормы і правілы паводзін; пакаранне за парушэнне прававых, маральных і інш. нормаў; выпраўленне асоб, якія парушылі сац. нормы, учынілі злачынства і г. д. У сістэме К.с. асаблівая роля належыцьсац. ін-там [крымінальнае права, міліцыя (паліцыя), суды, пракуратура і інш.], а таксама грамадскай думцы, культ. традыцыям народа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЛЕ́ТКАВЫ ЎЗРОСТ,
перыяд антагенезу (ад 10—11 да 15 гадоў), які адпавядае этапу пераходу ад дзяцінства да юнацтва. Належыць да крызісных узростаў (гл.Крызісы ўзроставыя), крытычных перыядаў антагенезу, звязаных з кардынальнымі пераўтварэннямі ў сферы свядомасці, дзейнасці, сістэмы ўзаемаадносін індывіда. Характарызуецца бурным ростам чалавека, фарміраваннем арганізма ў працэсе палавога выспявання, што аказвае значны ўплыў на псіхафізіял. асаблівасці падлетка. Аснову фарміравання псіхал. і асобасных якасцей падлеткаў складаюць зносіны ў працэсе розных відаў дзейнасці (вучоба, праца, творчасць, спорт і інш.). Характэрным для П.ў. з’яўляецца станаўленне новага ўзроўню самасвядомасці, Я-канцэпцыі, узнікненне цікавасці да сябе як да асобы, да сваіх магчымасцей, здольнасцей і асаблівасцей, якія аб’ядноўваюць падлетка з іншымі людзьмі, групамі і ў той жа час адрозніваюць ад іх, робяць яго унікальным і непаўторным. З гэтым звязаны рэзкія ваганні ў адносінах да сябе, няўстойлівасць самаацэнкі. Вядучыя патрэбы П.ў. (самасцвярджэнне, зносіны з равеснікамі) таксама разглядаюцца як вядучая дзейнасць у гэтым узросце. Пры адсутнасці ўмоў для індывідуалізацыі і пазітыўнай рэалізацыі сваіх новых магчымасцей самасцвярджэнне падлетка можа прымаць недарэчныя формы (гл.Дэвіянтныя паводзіны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЁЎ ПАХАВА́ЛЬНЫХ У́РНАЎ КУЛЬТУ́РЫ,
агульная назва шэрагу археал. культур паводле характэрнай прыкметы — могільнікаў без насыпаў, што ўтрымлівалі рэшткі крэмацыі, звычайна пахаваныя ў гліняных пасудзінах на дне магілы. Узніклі ў раннім бронзавым веку і існавалі больш за 1700 гадоў. Былі пашыраны па ўсёй Еўропе. У раннім жал. веку ў могільніках трапляюцца таксама пахаванні ў ямках без урнаў і трупапалажэнні. У 15—4 ст. да н.э. ад Балтыйскага ўзбярэжжа да р. Дунай і ад р. Шпрэ да Валыні была пашырана самая стараж. з П.п.у.к. — лужыцкая культура. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. ў далінах рэк Дунай і Рэйн у паўн.-зах. частцы Швейцарыі і Усх. Францыі ўзніклі паўд.-германская і парэйнская П.п.у.к. У пач.жал. веку носьбіты гэтых культур праніклі далей на тэр. Францыі, у 8 ст. да н.э. — на Пірэнейскі п-аў (Каталонія, Кастылія), у 9—8 ст. да н.э. з’явіліся ў Брытаніі. Пашырэнне палёў пахаванняў не звязана з экспансіяй аднаго народа ці генетычнымі сувязямі плямён. Лічаць, што гэты абрад быў успрыняты этнічна разнастайнымі групамі насельніцтва Еўропы. На Беларусі да П.п.у.к. належыцьзарубінецкая культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПАНУ́І, Пасхі востраў,
Вялікадня востраў (палінезійская Rapa Nui, ісп. Pascua, англ. Easter Island),
вулканічны востраў ва ўсх.ч. Ціхага ак.Пл. 165,5 км². Належыць Чылі. Нас. каля 2 тыс.чал. (1999). Каля 40% карэнных жыхароў палінезійцы (рапануйцы), моцна метысаваныя, гавораць на рапануйскай мове, якая ўваходзіць у групу палінезійскіх моў; астатнія пераважна чылійцы. Звязаны авіялініяй з г. Сант’яга (Чылі) і в-вам Таіці. Востраў мае форму трохвугольніка, па баках якога ўзвышаюцца вулканы: Рана-Ароі 539 м (вышэйшы пункт в-ва), Катыкі (377 м), Рана-Као (324 м). Паміж імі ўзгорыстая раўніна, складзеная з вулканічных туфаў і базальтаў і ўкрытая травяністай расліннасцю. Берагі скалістыя, цяжкадаступныя. Клімат трапічны. Сярэднія месячныя т-ры 16—23 °C. Ападкаў больш за 1400 мм за год. Расліннасць: пераважна травы, нешматлікія эўкаліпты. Трапічнае земляробства (бататы, цукр. трыснёг, бананы). Рыбалоўства, авечкагадоўля. Адм. цэнтр — пас. Анга-Роа (Ханга-Роа). Рэшткі зніклай культуры палінезійцаў (скульптура, дошчачкі з пісьмёнамі). Адкрыты галандскім мараплаўцам Я.Рогевенам у 1722 у Вялікдзень (адсюль адна з назваў). Нац. парк Рапануі, які займае 1/3 вострава, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РАБО́ЧАЯ ПА́РТЫЯ ШВЕ́ЦЫІ (СДРПШ; Sveriges Socialdemokratiska Arbetarepartiet),
вядучая паліт. партыя краіны (належыць да левага кірунку). Засн. ў 1889 у Стакгольме. З 1897 дзейнічала парт. праграма, прынятая на ўзор Эрфурцкай праграмы С.-д. партыі Германіі (на аснове марксізму). Да 1899 дамінавала рэв. група А.Даніельсана, потым вылучылася памяркоўнае крыло на чале з К.Я.Брантынгам (лідэр партыі з 1907; у 1920, 1921—23, 1924—25 прэм’ер-міністр Швецыі). З 1930-х г. ідэалогія — рэфармізм (шведскі сацыялізм), у знешняй палітыцы — нейтралітэт краіны. У 1932—76, 1982—91 і з 1994 кіруючая партыя (у час прэм’ерства Брантынга і ў 1925—26, 1991—94 ва ўрадавай кааліцыі з інш. партыямі). Іншыя прэм’ер-міністры Швецыі ад партыі: Р.Сандлер (1925—26), П.А.Хансан (1932—46), Т.Эрландэр (1946—69), С.У.Пальме (1969—76, 1982—86), І.Г.Карлсан (1986—91, 1994—96), К.Більт (1991—94), Г.Персан (з 1996). Друкаваны орган — газ. «Arbetet» («Рабочы»). Уваходзіць у Сацыялістычны інтэрнацыянал.
Літ.:
Плевако Н.С. Швеция: реформизм против реформы: К пробл. «экон. демократии» в 60—80-е гг.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВАБО́ДА ТВО́РЧАСЦІ,
неад’емнае права чалавека і грамадзяніна на навуковую, тэхнічную, літаратурна-мастацкую і інш. віды творчасці, а таксама свабоду выкладання. Пачала замацоўвацца ў канстытуцыях розных краін адносна нядаўна. У Рэспубліцы Беларусь гарантуецца п. 2 арт. 51 Канстытуцыі. С.т. азначае магчымасць свабодна займацца рознымі відамі творчасці, выяўляць і рэалізоўваць свае здольнасці і веды, а таксама вольна прымаць рашэнні пра абнародаванне, укараненне і выкарыстанне вынікаў творчай дзейнасці. Канстытуцыйныя гарантыі рэалізацыі С.т. прадугледжваюць не толькі прадастаўленне свабоды займацца пэўным відам творчасці (магчымасць праводзіць навук. даследаванні, рабіць адкрыцці і вынаходствы, ствараць духоўныя каштоўнасці), але і абавязваюць дзяржаву забяспечваць яе рэалізацыю: устанаўленне прававых асноў ажыццяўлення творчай дзейнасці, стварэнне ўмоў для назапашвання ведаў і іх пашырэння, ахова інтэлектуальнай і маст. уласнасці, матэрыяльная падтрымка творчых грамадскіх аб’яднанняў, суд. абарона права на С.т. С.т. мае ўсеагульны характар: яна належыць не толькі асобам творчых прафесій, але і ўсім грамадзянам. Паводле гэтага права грамадзяне могуць патрабаваць ад дзяржавы і грамадскіх арг-цый устаранення любых перашкод, якія замінаюць іх творчай працы. Важнай гарантыяй С.т. з’яўляецца абарона дзяржавай правоў аўтараў, вынаходнікаў і рацыяналізатараў (гл.Аўтарскае права, Вынаходніцкае права).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛЕ́ЗСКІЯ ШКО́ЛЫ,
дзве літаратурныя школы ў Германіі ў 17 ст. Назва ад цэнтра літ. суполак у сілезскім г. Брэслаў. Заснавальнік першай С.ш. паэт М.Опіц, які першы пачаў пісаць філас.грамадз. лірыку на ням. мове, паслядоўна правёў сілаба-танічную рэформу і напісаў трактат па паэтыцы «Кніга пра нямецкае майстэрства паэзіі» (1624). Ён вызначыў стыль паэтаў гэтай школы, у творчасці якіх рысы барока спалучаліся з элементамі класіцызму, рацыяналізмам і афарыстычнасцю формы (П.Флемінг, Ф. фон Логаў). Асн. праблематыка — 30-гадовая вайна, адказнасць чалавека перад часам, айчынай і сабою. Другая С.ш. ўзнікла ў 2-й пал. 17 ст. (К.Г.Гофмансвальдаў, Д. фон Лоэнштайн, К.Грыфіус) і належыць да барока. Яе стыль адзначаны моцным уплывам марынізму і прэцыёзнай літаратуры, адметны складанай метафарычнасцю, маляўнічасцю, музычнасцю і вытанчанасцю формы. Асн. тэмы — марнасць быцця і велічнасць чалавечага духу, каханне, а таксама геданізм і эратычныя матывы. Абедзве С.ш. з’явіліся фундаментам класічнай ням. паэзіі.
Літ.:
Синило Г.В. Немецкая литература XVII в. // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЛЬШЧЫК,
баявы карабель для пошуку і знішчэння марскіх (рачных) мін з дапамогай тралаў і для правядзення караблёў (суднаў) праз мінныя загароды. Належыць да мінна-тральных сіл ВМФ (ВМС) многіх дзяржаў.
Падзяляюцца на эскадраныя (будавалі да 2-й сусв. вайны), марскія, базавыя, рэйдавыя, рачныя, катэрныя. Водаўмяшчальнасць да 1300 т і больш, скорасць да 18 (на паветр. падушцы 30) вузлоў, далёкасць плавання да 3—5 тыс. міль. Гал. ўзбраенне — проціміннае (кантактныя і некантактныя тралы, шукальнікі-знішчальнікі мін і інш.); ёсць малакаліберныя артыл. або зенітныя ўстаноўкі, буйнакаліберныя кулямёты, пускавыя ўстаноўкі процілодачных ракет, бомбакідальнікі. Маюць маламагн. дызельныя энергет. ўстаноўкі. Карпусы робяць з немагн. сплаваў, дрэва, шклапластыку і інш.
На Беларусі ў 1919—44 баявое траленне праводзілі рачныя Т. (пераабсталяваныя параходы) і катэры-Т., што меліся ў складзе рачных ваен. флатылій (савецкіх Дняпроўскай і Пінскай, польскай Пінскай). У 1927—30 і 1935 у Пінску (Зах. Беларусь) для патрэб польскай Пінскай флатыліі пабудаваны 7 рачных Т. водаўмяшчальнасцю 4,8 і 10,2 Т.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Рачныя тральшчыкі польскай Пінскай флатыліі, якія будаваліся ў Пінску ў 1927—35: 1 — браніраваны; 2 — колавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УВЯДЗЕ́НСКІ (псеўд.Басаргін) Аляксей Іванавіч
(26.5.1861, г. Серпухаў, Расія — 8.3.1913),
расійскі філосаф. Д-р багаслоўя (1902). Скончыў Маскоўскую духоўную акадэмію (1886), з 1887 працаваў у ёй (з 1892 узначальваў кафедру). У працы «Пра задачы сучаснай філасофіі ў сувязі з пытаннем пра магчымасці і кірункі філасофіі самабытна-рускай (pia desideria)» (1893) разглядаў праблемы спецыфікі рус. філасофіі і магчымых шляхоў яе развіцця. Сцвярджаў, што гал. месца ў рус.філас. светасузіранні належыць пытанню пра сэнс і каштоўнасць жыцця, якое, на яго думку, складае перадумову аналізу ўсіх інш.філас. пытанняў. Лічыў, што рус. філасофія звяртаецца да розных праблем, але і ў яе аснове ляжыць рэліг.-царк. пачатак ці «саборнасць свядомасці». У вырашэнні праблемы суадносін матэрыяльнага і ідэальнага светаў зыходзіў з прынцыпу дуалізму матэрыі і духу; выступаў супраць матэрыяліст. і ідэаліст. манізму, абмежаванасць якіх, на яго думку, пераадольваецца трансцэндэнтальным манізмам, што аб’ядноўвае матэрыяльны і духоўны пачаткі. Лічыў, што спасціжэнне ісціны даступна не індывід., а калект. розуму; ступень разумення ісціны ў грамадстве звязваў са стварэннем умоў для зладжанай калект. працы.