КРУКО́ЎСКІ (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.3.1937, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),
бел. мастак-плакатыст. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1972). З 1979 маст. рэдактар час. «Маладосць», у 1982—84 — «Мастацтва Беларусі», з 1989 — «Спадчына». Аўтар плакатаў: «Помнікі архітэктуры — нацыянальны скарб» (1973), «Назаўсёды ў памяці народа» (1974), «У бітвах за волю, у бітвах за долю!..» (1980), трыпціх «Дзень X» (1996), «Што ж мы за людзі?» (1998), а таксама шэрагу плакатаў, прысвечаных славутым дзеячам Беларусі: Ф.Скарыне, Міколе Гусоўскаму, В.Цяпінскаму, К.Каліноўскаму, Цётцы (А.Пашкевіч), М.Багдановічу, Я.Купалу, Я.Коласу, І.Луцкевічу, Я.Драздовічу і інш. Творы адметныя лаканізмам адлюстравання, выразнасцю колеру, трапнасцю сюжэта.
Г.А.Фатыхава.
У.Крукоўскі. Зверанят, нібы братоў малодшых... 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫПТО́Н (лац. Krypton),
Kr, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 36, ат. м. 83,8, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. колькасць 84Kr (56,9% па аб’ёме). У атмасферы 1,1410−4% па аб’ёме. Англ. вучоныя У.Рамзай і М.Траверс адкрылі К. разам з ксенонам і неонам у 1898, з-за цяжкасці атрымання названы ад грэч. kryptos — схаваны.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tкіп -153,36 °C, шчыльн. 3,745 кг/м³ (0 °C). З хім. злучэнняў атрыманы толькі К. дыфтарыд KrF2 — бясколерныя крышталі з рэзкім пахам, наймацнейшы акісляльнік. Выкарыстоўваюць для напаўнення лямпаў напальвання, газаразрадных трубак; радыеактыўны ізатоп 85Кг — як крыніцу β-выпрамянення ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХО́ВІЧ (Валянціна Антонаўна) (н. 3.5.1945, чыг. ст. Дзівенская Гатчынскага р-на Ленінградскай вобл.),
бел. акварэліст; прадстаўніца Віцебскай школы акварэлі. Скончыла Віцебскі пед.ін-т (1969) і выкладае ў гэтым ін-це. Раннія творы, выкананыя ў традыц. жанрах, вылучаюцца лірычнай трактоўкай тэмы: партрэты дзяўчыны (1971), старой (1972), бацькі (1983); пейзажы «Восень» (1966), «Куточак старога Віцебска» (1972), трыпціх «Ранняя вясна» (1976), «Вясна» (1980), «Дрэвы над ракой» (1984), «Стары дом» (1987); нацюрморты «Кветкі зімой» (1987), «Галінка рабіны» (1994) і інш. Творам 1990-х г. уласцівы эмацыянальная выразнасць колеру, гарманічная лінейна-жывапісная арганізацыя кампазіцыі, дэкар. ўпарадкаванасць фармальных элементаў: «Разбураны свет» (1991), «Мігценне думак» (1994), «Ачышчэнне агнём» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́КА (Mikko),
Мік Лепа (7.12.1911, Арукюла Вільяндзіскага пав., Эстонія — 6.12.1978), эстонскі жывапісец. Вучыўся ў Маст.-прамысл. вучылішчы (1927—30) у Таліне, у Вышэйшай маст. школе «Палас» (1931—32, 1936—39) у Тарту. У 1941 выкладаў у Вышэйшай маст. школе імя К.Мягі ў Тарту, з 1944 у Талінскім ін-це прыкладнога мастацтва, з 1951 у Маст. ін-це Эстоніі ў Таліне (з 1965 праф.). Творам уласцівы абагульнена-сімвалічныя вобразы, тэатр. сцэнічнасць, спалучэнні буйных, часам блізкіх да манахромных дэкар. паводле колеру плоскасцей: «Смалільшчыцы лодак» (1939), «Мыццё авечак», «Вячэрні пейзаж» (абодва 1959); «Дзяўчаты шыюць» (1965), «Песні часоў» (1970), «Чалавек і космас» і «Кола часу» (абодва 1971). Дзярж. прэмія Эстоніі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯГЛАБІ́Н (ад мія... + глабін),
складаны бялок мышцаў чалавека і жывёл, які звязвае малекулярны кісларод, што пераносіцца гемаглабінам ад лёгкіх і перадае яго акісляльным сістэмам клетак. Паводле саставу і ўласцівасцей блізкі да гемаглабіну. Ёсць пераважна ў мышцах, якія працуюць рытмічна (напр., сэрца, дыяфрагма, мускульны страўнік птушак). Многа М. ў водных млекакормячых, якія доўгі час не дыхаюць (напр., у дэльфінаў, цюленяў). М. чырв.колеру. Мал. м. 17 000. Малекула М. складаецца з аднаго поліпептыднага ланцуга (каля 150 амінакіслотных рэшткаў) і жалезапарфірынавага комплексу — гема. З кіслародам злучаецца лягчэй за гемаглабін, утварае оксіміяглабін (рэакцыя абарачальная). У чалавека ў складзе оксіміяглабіну да 14% кіслароду ад агульнага яго запасу ў арганізме, у цюленя — 47%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕО́Н (лац. Neon),
Ne, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 10, ат. м. 20,179, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 20—22; найб. колькасць па аб’ёме 20Ne (90,92%). У атмасферы 1,82∙10−3% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 разам з крыптонам, назва ад грэч. neos — новы.
Аднаатамны газ без колеру і паху, tпл −248 52 °C, tкіп −245,93 °C, шчыльн. 0,89994 кг/м (пры нармальных умовах). Хімічна інертны; атрыманы толькі клатраты (напр., Ne∙6H2O). Вылучаюць пры рэктыфікацыі вадкага паветра. Выкарыстоўваюць у газаразрадных крыніцах святла (чырвонае свячэнне), вадкі — як холадагент у тэхніцы нізкіх тэмператур, неонава-геліевую сумесь — як рабочае асяроддзе ў газавых лазерах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІГМЕ́НТНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
храматафоры, свабодныя і эпітэліяльныя клеткі нейраэктадэрмальнага паходжання, якія сінтэзуюць пігменты. Абумоўліваюць афарбоўку скурных покрываў, іх вытворных (валасоў, пер’я), унутр. высцілак цела і вока ў шэрагу груп беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечваюць ахоўную, агрэсіўную і шлюбную афарбоўку, прымаюць удзел у тэрмарэгуляцыі і ахове арганізма ад празмернага ультрафіялетавага выпрамянення. Функцыя П.к. знаходзіцца пад гарманальным, а ў рыб і нерв. кантролем, залежыць ад пары года, асвечанасці, эндагенных рытмаў і інш. Звычайна змена афарбоўкі з’яўляецца прыстасаваннем жывёлы да колеру навакольнага фону (асабліва ў насякомых, малюскаў, ракападобных і інш.). Парушэнні развіцця П.к. у зародка прыводзяць да радзімак (атыпічныя П.к.). У выніку злаякаснага перараджэння П.к. радзімак у чалавека развіваюцца пігментныя пухліны — меланомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІМУТРО́К (ад англ. Plymouth Rock),
мяса-яечная парода курэй, выведзеная ў ЗША у 19 ст. Паводле колеру апярэння вылучаюць 8 іх разнавіднасцей, найб. пашыраны белыя і паласатыя. Паласатыя выведзены скрыжаваннем чорных іспанскіх курэй, белых кахінхінаў, паласатых дамініканскіх і інш. парод; белыя ўзніклі як мутацыя ад паласатых ці ў выніку скрыжавання П. з белымі легорнамі. Белы П. — мацярынская форма ў скрыжаваннях для вытв-сці мясных куранят — бройлераў.
Корпус масіўны, галава невял. з прамастойным лістападобным грэбенем. Сярэдняя маса курэй 2,5—3, пеўняў 3,6—4 кг. Куры пачынаюць несціся ў 6—7 месяцаў. Яйцаноскасць 160—180 яек за год; маса аднаго — да 60 г, шкарлупіна светла-карычневая.