ДАРО́ХІН (Уладзімір Васілевіч) (н. 1.1.1948, г. Слонім Гродзенскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1988). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1973). З 1978 адказны сакратар, з 1986 нам. старшыні праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.
З 1986 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1991 дацэнт). Найб. значныя дасягненні Д. ў галіне сімф. музыкі. З пач. 1980-х г. творчасць набыла неарамант. кірунак. Сярод твораў: араторыя «Зямля Беларусі» на вершы П.Броўкі (1981), кантата «Арабскія прытчы» на вершы Абу Нуваса (1996); сімфоніі (1976, 1979; «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць», 1990), канцэрт для фп. з аркестрам (1983), сюіта «Мемарыял» для камернага арк. (1984), сімф. паэмы, у т. л. «Уяўленне і плач аб пакінутай вёсцы» (1992), «Пастараль» для габоя і камернага арк. (1988), «Музыка» для флейты і камернага ансамбля (1994); камерна-інстр. творы, вак. цыклы на вершы А.Блока і І.Буніна; музыка да драм. спектакляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́ТНЕЎ (Алег Барысавіч) (н. 8.7.1947, г.п. Сухабязводнае Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). У 1979—83 заг.літ. часткі Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі. З 1984 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Творчасці ўласцівы перавага лірычнай вобразнасці, спалучэнне класічнай традыцыі, неакласіцыстычных тэндэнцый і сучасных тэхнік кампазіцыі. Сярод твораў: балет «Кругаверць» па матывах нар. балад (паст. 1996, лібр. Ю.Чурко); драм. араторыя «Лісткі календара» (сл. М.Танка, 1983), «Літургія св. Іаана Златавуста» (1994), «Нясвіжская меса» паводле твораў кампазітараў 18 ст. (1997); камерная сімфонія (1979), адажыо «Doloroso» (1980); канцэрты: для фп. (1974), для голасу (1988), для ўдарных інструментаў «Credo» (1992), для аргана і ўдарных (1993) з аркестрам; паэма-карціна «Купальская ноч» для нар.арк. (1982); «Тэатральны дывертысмент» для ансамбля духавых, ударных і фп. (1992); камерна-вак. і камерна-інстр. творы; хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў, радыёпастановак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫЦЬКО́ (Віктар Мікалаевіч) (н. 8.10.1956, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1982). Яго творчасці ўласцівы шырокі ахоп розных тыпаў культур і сучасных тэхнік кампазіцыі, пошукі індывідуалізацыі Жанрава-драматургічных і тэмбрафанічных вырашэнняў. Авангардныя тэндэнцыі выяўляюцца і ў распрацоўцы нац.-фалькл. элементаў. Сярод твораў: оперы «Дзяўчынка, якая наступіла на хлеб» (паст. 1983), «Яго жонкі» (1988); араторыі «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. (1990), «Дабравешчанне ад Іаана» на кананічныя і фалькл. тэксты і «Меса ў гонар св. Францыска Асізскага» на тэксты св. Францыска і кананічныя (абедзве 1993); кантаты «Аб мудрасці, смутку і радасці», «Карнавальная ноч» (абедзве 1984), «Знакі» на тэкст М.Рэрыха (1992); «Маленькая сімфонія «Са старых сшыткаў» (1983), цыкл «Біблейскія сцэны» (1993) і «Калыханка» (1994) для камернага ансамбля; вак. цыклы і паэмы; фантазія «Паўночны вецер» на старадаўнія кіт. тэксты; хары, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1980).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ВЕНТ-ГА́РДЭН»
(«Covent Garden»),
оперны тэатр у Лондане. Засн. ў 1732 тэатр. дзеячам і акцёрам Дж.Рычам як драматычны. З 1847 оперны, з 1890-х г. «Каралеўскі оперны т-р «Ковент-Гардэн», з 1949 дзяржаўны. У 18—1-й пал. 19 ст. ў т-ры працавалі некалькі самаст. труп; ставіліся драм., оперныя і балетныя спектаклі, цыркавыя праграмы. Сучасны рэпертуар складаюць творы англ.кампазітараў і сусв. класіка. З канца 19 ст. спектаклі ідуць на мове арыгінала. У іх удзельнічаюць буйнейшыя спевакі свету. У розны час спектаклямі т-ра дырыжыравалі Р.Вагнер, Ф.Вейнгартнер, О.Клемперэр, А.Коўтс, Г.Малер, Ф.Мотль, Г.Рыхтэр, Б.Хайтынк, А.Мелік-Пашаеў, Г.Раждзественскі, Я.Святланаў і інш. Сярод муз. кіраўнікоў т-ра Т.Бічэм, К.Ранкль, Р.Кубелік, К.Дэйвіс, Г.Шолці і інш. З 1946 на сцэне «К.-Г.» выступае Каралеўскі балет Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯВО́НЦЬЕЎ (Валерый Якаўлевіч) (н. 19.3.1949, с. Усць-Уса, Рэспубліка Комі),
расійскі эстр. спявак. Засл. арт. Украіны (1987). Нар.арт. Расіі (1996). Скончыў Ленінградскі ін-т культуры (1987), спевам вучыўся ва Усерасійскай творчай майстэрні эстр. мастацтва (1972—73). З 1973 саліст Сыктыўкарскай, Горкаўскай, Варашылаўградскай філармоній. З канца 1980-х г. кіраўнік «Студыі Валерыя Лявонцьева», у складзе якой вак.-інстр. група «Рэха» (з 1973) і балет «Небяспечныя сувязі». Творчасці характэрны вак. і акцёрскае майстэрства, тэмперамент, сцэн. абаяльнасць, маляўнічасць паказаў. У рэпертуары творы рас. і інш.кампазітараў. Першы выканаўца партый Джардана Бруна, Блазна і Сатаны ў рок-оперы «Джардана» Л.Квінт. Здымаўся ў кіно («Дачка генерала», «Заходзь — пакахаю», «Экстрасэнс»). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу на лепшае выкананне песень краін сац. садружнасці (г. Ялта, 1979), міжнар. фестывалю эстр. песні «Залаты Арфей» (Гран-пры, Балгарыя, 1980). Прыз «Залаты скрыпічны ключ» на фестывалі песні ў Монтэ-Карла (1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ ГАРАДСКІ́ СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР.
Створаны ў 1968 у г. Маладзечна Мінскай вобл. як вучэбны калектыў Маладзечанскага музычнага вучылішча. З 1985 гарадскі. У складзе аркестра студэнты, выкладчыкі і выпускнікі муз. вучылішча. У розныя гады калектыў узначальвалі Л.Саламонік, М.Казінец, Ю.Новікаў, З.Кафанава, В Грыбкоў, Р.Фрыдман. З 1979 маст. кіраўнік і дырыжор Р.Сарока. У рэпертуары творы муз. класікі, сучасных, у т. л.бел., кампазітараў: уверцюры «Карыялан» і «Эгмант», 5-я сімфонія Л.Бетховена, сімфоніі 40-я В.А.Моцарта, 1-я В.Каліннікава, 4-я і «Італьянскае капрычыо» П.Чайкоўскага; канцэрты для фп. з арк. Дж.Гершвіна, С.Рахманінава, Чайкоўскага, Э.Грыга; творы Я.Глебава, В.Іванова, У.Солтана і інш. З аркестрам выступаюць піяніст І.Алоўнікаў, спевакі М.Жылюк, Н.Залатарова, В.Кучынскі, В.Скорабагатаў і інш. Лаўрэат Усесаюзнага фестывалю нар. творчасці (1988).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛДЫБА́ЕЎ (Абдылас) (7.7.1906, г.п. Карабулак Талды-Курганскай вобл., Казахстан — 31.5.1978),
кіргізскі спявак (тэнар), кампазітар; адзін з заснавальнікаў кірг.муз.т-ра, вак.-сімф. і песеннага жанраў. Нар.арт.СССР (1939). Вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі (1940—41 і 1947—50). З 1930 дырэктар, з 1933 саліст Кірг.т-ра оперы і балета. У 1939—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Кіргізіі. Аўтар (з У.Уласавым і У.Ферэ) муз. драмы «Не смерць, а жыццё» (3-я рэд., 1936), опер, у т. л. першай нац. «Месяцавая прыгажуня» (паст. 1939), «Манас» (паст. 1946), «На берагах Ісык-Куля» (паст. 1951), «Тактагул» (паст. 1958), музыкі Дзярж. гімна Кіргізіі (1946) і інш. Запісаў больш за 1 тыс.кірг.нар. мелодый. Сярод партый: Бектур, Кульчаро, Сыргак («Не смерць, а жыццё», «Месяцавая прыгажуня», «Манас»), Аскер («Аршын мал алан» У.Гаджыбекава), Тулеген («Кыз-Жыбек» Я.Брусілоўскага), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ВА (Вера Міхайлаўна) (18.3. 1903, г. Тэлаві, Грузія — 19.5.1964),
бел. спявачка (лірычнае сапрана). Нар.арт. Беларусі (1949). Скончыла Тбіліскую кансерваторыю (1933). З 1933 у Груз. т-ры оперы і балета. З 1937 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. У 1953—59 маст. кіраўнік Белдзяржэстрады. Валодала высокім вак. майстэрствам, прыгожым мяккім голасам цёплага тэмбру. Стварыла шэраг паэт. вобразаў у нац. рэпертуары: Марфачка («Алеся» Я.Цікоцкага), Надзейка («Кветка шчасця» А.Туранкова), Вольга («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), у творах рус. і замежнай класікі — Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Мажэнка («Прададзеная нявеста» Б.Сметаны), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Маргарыта («Фауст» Ш.Гуно), Чыо-Чыо-сан («Чыо-Чыо-сан» Дж.Пучыні), Неда («Паяцы» Р.Леан кавала), сучасных кампазітараў (Наталля ў «Ціхім Доне» І.Дзяржынскага).
Літ.:
Жураўлёў Дз. Вера Малькова // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛНГАЙЛІС ((Melngailis) Эміліс) (15.2.1874, Ігатэ, каля г. Рыга — 20.12.1954),
латышскі кампазітар, муз. фалькларыст. Нар.арт. Латвіі (1945). Вучыўся ў Дрэздэнскай кансерваторыі (1896—97). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1901, клас М.Рымскага-Корсакава). У 1901—06 муз. крытык газ. «St.-Petersburger Zeitung» («Санкт-Пецярбургская газета»). У 1906—18 выкладаў у Ташкенце. У 1911—13 адначасова адзін з арганізатараў і гал. дырыжор Дзён песні ў Рызе. З 1920 жыў у Рызе. Адзін з арганізатараў і гал. дырыжор Лат. пеўчых свят (1926—38). З 1944 праф.Латв. кансерваторыі. У 1944—48 старшыня Саюза кампазітараў Латвіі. Майстар хар. песні. У апрацоўках лат.нар. песень стварыў самабытны хар. стыль, узбагачаны сродкамі сучаснай поліфаніі. Сабраў і апублікаваў каля 4,5 тыс.нар. мелодый (зб-кі «Матэрыялы латышскага музычнага фальклору», т. 1—3, 1951—53; «Латышскія танцы», 1949). Аўтар балета «Мая» («Ружа Турайды», 1926), сімф. паэм, інстр. твораў, хароў, рамансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ МУЗЫ́ЧНА-ЛІТАРАТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА.
Існавала ў 1-й пал. 1880-х г. ў Мінску. Арганізатар А.Сакалоў, старшыня К.Дзіберг. Аб’ядноўвала аматараў музыкі і л-ры. Статут (зацверджаны 24.9.1880) прадугледжваў пашырэнне муз. адукацыі, адкрыццё муз. школ, развіццё муз. мастацтва, падтрымку кампазітараў і выканаўцаў і інш.Т-ва ўключала літ., хар., арк. і драм. секцыі. Наладжвала канцэрты, у якіх сімф. аркестр выконваў творы І.Гайдна, Л.Бетховена, Дж.Расіні, Ф.Абера і інш., муз. вечарыны, лекцыі. Грашовыя сродкі складаліся з узносаў правадзейных членаў т-ва і членаў-наведвальнікаў. У рабоце т-ва ўдзельнічалі музыканты: скрыпачы М.Ельскі, В.Нядзведскі, Л.Ступель, піяністы А.Марбург, К.Пелегрыні і інш. Дзейнасць т-ва асвятлялася ў «Минских губернских ведомостях», у польскім перыяд. друку, у т. л. ў час. «Echo Muzyczne» («Музычнае рэха»).
Літ.:
Капілаў А.Л. Музычнае таварыства ў Мінску // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 4.