галіна нар. гаспадаркі, якая займаецца зберажэннем, выкарыстаннем і аднаўленнем лесу. Прадугледжвае ўлік (гл.Лясны кадастр), лесаўпарадкаванне, своечасовае аднаўленне лесу і лесаразвядзенне (гл.Лясныя культуры), ахову лясоў ад пажараў, шкоднікаў і хвароб, найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў і зямель ляснога фонду, усебаковае выкарыстанне вода-, глеба- і полеахоўных, сан.-гігіенічных і інш. функцый лесу. Асн. палажэнні вядзення Л.г. і лесакарыстання закладзены ў Лясным кодэксе Рэспублікі Беларусь, а юрыд. нормы лясных адносін, зберажэння і аховы лесу — ў лясным заканадаўстве. Л.г. стварае базу для развіцця лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці. Асн. работы лесагаспадарчай вытв-сці: высечкі догляду лесу, сяўба і пасадка лесу, догляд лясных культур, асушэнне лясных зямель, збор насення, вырошчванне лесапасадачнага матэрыялу і інш. Л.г. займаецца прамысл. вытв-сцю (перапрацоўка дробнатаварнай, нізкасартавой драўніны і адходаў Л.г.), а таксама зборам дзікарослых пладоў, ягад, грыбоў, лек. і тэхн. сыравіны. На Беларусі землі ляснога фонду займаюць 9,2 млн.га, або 44,3% яе тэрыторыі; з іх уласна лясы складаюць 7,4 млн.га (35,4%). Асн. дрэвавыя пароды: хвойныя (хвоя, елка) — 65%, цвердалістыя (граб, дуб, ясень, клён) — 4% і мяккалістыя (бяроза, асіна, вольха і інш.) — 31%. Агульны запас драўніны на корані складае 1,1 млрд.м³, штогадовы сярэдні прырост — 25 млн.м³, запас драўніны спелых насаджэнняў — 75 млн.м³. Кіруе Л.г. Міністэрства лясной гаспадаркі, якому падпарадкавана 74% зямель ляснога фонду. Астатнія замацаваны за с.-г. прадпрыемствамі і інш. карыстальнікамі. Асн.адм.-гасп. адзінка — лясгас (у 1998 было 88 лясгасаў). Выконваюць усе лесагасп. работы і ажыццяўляюць кантроль за выкарыстаннем лесасыравінных рэсурсаў лясніцтвы. Штогод высечка лесу праводзіцца на пл. 26 тыс.га. Значная ч. драўніны ідзе на перапрацоўку. У 1997 нарыхтавана 11,6 млн.м³ драўніны. Экспартуецца дробнатаварная драўніна (дыяметрам 6—13 см): балансы для цэлюлознапапяровай прам-сці, руднічная стойка для шахтаў. Доля экспарту піламатэрыялаў у 1997 склала 38%, або 115,7 тыс.м³.
За пасляваенны перыяд лясістасць тэр. Беларусі ў выніку лесаразвядзення і лесааднаўлення павялічылася з 21% да 36%. На 1 жыхара рэспублікі прыпадае 0,73 га і 108 м³ лесу, што ў 2 разы вышэй за сярэднееўрап. ўзровень. Спецыфічнымі асаблівасцямі лясоў Беларусі з’яўляюцца: перавага маладых і сярэднеўзроставых насаджэнняў (81%), забалочанасць (15%) і радыеактыўнае забруджванне (23,3%). На землях, забруджаных радыенуклідамі, агульнай пл. 1723,3 тыс.га (на 1.1.1998) штогод праводзіцца лесааднаўленне і залясенне. У цэлым па рэспубліцы лесааднаўленне і залясенне ў 1997 праведзена на пл. 24,3 тыс.га, у т. л. 5,5 тыс.га на тэрыторыі забруджанай радыенуклідамі. Лесапасадачны матэрыял вырошчваецца ў 180 лясных гадавальніках. Штогод нарыхтоўваецца каля 140 т насення дрэвавых і хмызняковых парод. У 1997 лясгасамі нарыхтавана 1550 т ягад (журавіны, брусніцы, чарніцы), 203 т грыбоў, 37 тлек. сыравіны і 38 т мёду. Аб’ектамі палявання з’яўляюцца лось, алень, дзік, казуля, вавёрка, заяц, куніца, ліс чырвоны, андатра, норка, воўк, барсук, рысь, выдра, янотападобны сабака, глушэц, цецярук, курапатка, качка і інш. У 301 паляўнічай гаспадарцы працуе 131 спецыяліст-паляўніцтвазнавец і 986 штатных егераў. З 1991 у лясных угоддзях Беларусі арганізуюцца туры для замежных паляўнічых.
Навук.-даследчую работу па пытаннях Л.г. праводзяць у Ін-це лесу Нац.АН Беларусі, Бел.тэхнал. ун-це і інш. Даследуюцца праблемы гібелі лясных насаджэнняў ад пажараў, уздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я, пашкоджання дзікімі жывёламі, хвароб лесу і інш. Праводзяцца мерапрыемствы па ахове лесу ад шкоднікаў і хвароб. У 1997 біял. метад аховы выкарыстаны на пл. 16,1 тыс.га лясных насаджэнняў, хім. — 3,4 тыс.га. Гл. таксама Лесаводства, Лесазнаўства.
Літ.:
Рублевский С.А. Управление лесами и лесным хозяйством Белорусской ССР. Мн., 1979;
Янушко А. Д., Желибо Б. Н. Интенсификация лесного хозяйства Белоруссии и ее эффективность. Мн., 1975.
Р.Р.Паўлавец.
Да арт.Лясная гаспадарка. Сярэднеўзроставае клянова-асінавае насаджэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДУ́РАС, Андурас (Honduras),
Рэспубліка Гандурас (República de Honduras), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На З мяжуе з Гватэмалай, на ПдЗ — з Сальвадорам, на У — з Нікарагуа; на Пн абмываецца Карыбскім м., на Пд — зал. Фансека Ціхага ак. Падзяляецца на 18 дэпартаментаў. Пл. 112 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1995). Сталіца — г.Тэгусігальпа. Дзярж. мова — іспанская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Гандурас — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1982. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 4 гады. Вышэйшы заканадаўчы орган — аднапалатны Нац. кангрэс (128 дэпутатаў, тэрмін паўнамоцтваў — 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць Кабінету міністраў.
Прырода. На большай ч. краіны горы і ўзвышшы. Цэнтр.ч. займае складкава-глыбавае нагор’е выш. да 2865 м. Вялікае значэнне маюць міжгорныя басейны і катлавіны з слабахвалістай паверхняй. У горных раёнах бываюць разбуральныя землетрасенні. Уздоўж узбярэжжаў нізіны, самая вялікая з іх — Маскітавы бераг. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, свінцу, цынку, жал. руды, вугалю і інш. Клімат трапічны, пасатны, на нізінах і ў далінах гарачы (сярэднія месячныя т-ры ад 22 да 26 °C), на нагор’і цёплы (ад 10 да 24 °C). Ападкаў за год на паўн.-ўсх. схілах гор больш за 3000 мм, на ўчастках, заслоненых гарамі ад пасату, каля 1000 мм. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Пад лесам 34% тэрыторыі. На нізінах і ніжніх схілах гор (да выш. 700 м) трапічныя лясы. Вышэй, у далінах і міжгорных басейнах, на горных схілах, закрытых ад вільготных вятроў, вечназялёныя субтрапічныя і дубова-хваёвыя лясы. У найб. сухіх раёнах — травяністая расліннасць саваннаў. Нац. паркі: Ла-Тыгра, Рыо-Платана; ёсць рэзерваты і лясныя заказнікі.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва гандурасцы, народ, які сфарміраваўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Індзейцы (7%, плямёны ленка, пайя, хікаке, міскіта, сума і інш.) жывуць пераважна каля граніцы з Гватэмалай, негры (2%) — на паўн. ўзбярэжжы. У антрапал. адносінах каля 85% метысаў, 10 — індзейцаў, 2 — неграў, 1% — еўрапейцаў. 97% вернікаў католікі, ёсць групы неграў-пратэстантаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 53,6 чал. На 1 км². Большая ч. яго сканцэнтравана ў міжгорных катлавінах і на паўн. ўзбярэжжы. Каля паловы насельніцтва жыве ў гарадах. Найб. гарады (1993, тыс.ж.): Тэгусігальпа — 718,5, Сан-Педра-Сула — 378,3, Эль-Прагрэса — 124,9, Данлі — 116. У сельскай гаспадарцы занята 62% працаздольнага насельніцтва, у абслуговых галінах — 20, у прам-сці — 9, будаўніцтве — 3%.
Гісторыя. У 2—6 ст. у зах.ч. Гандураса існаваў г. Капан, адзін з буйнейшых цэнтраў цывілізацыі майя. У час адкрыцця Х.Калумбам у 1502 тэр. Гандураса была заселена індзейскімі плямёнамі. З 1524 пачалося заваяванне Гандураса іспанцамі. Індзейцы мужна супраціўляліся, аднак іх паўстанне (1537—39), якое ўзначальваў Лемпіра, пацярпела паражэнне. Значная ч. карэннага насельніцтва вынішчана або памерла ад непасільнай працы на рудніках. У 1542 Гандурас увайшоў у склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія (з 1560 у складзе ген.-капітанства Гватэмала). 15.9.1821 абвешчана незалежнасць Гандураса, і ён увайшоў у склад Мексіканскай імперыі. З 1823 у складзе Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі. З 1838 самаст. дзяржава, прынята 1-я канстытуцыя. У сярэдзіне 19 ст. ішла жорсткая барацьба паміж кансерватарамі (партыя буйных землеўладальнікаў) і лібераламі (партыя буржуазіі), якая суправаджалася грамадз. вайной, неаднаразова адбываліся дзярж. перавароты. Адносная стабілізацыя наступіла з прыходам да ўлады ў 1877 ліберала М.А.Сота, пры якім сталіца перанесена з Камаягуа ў Тэгусігальпу. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзмацнілася пранікненне ў Гандурас амер. капіталу. На ўзбярэжжы Карыбскага мора закладзены велізарныя бананавыя плантацыі, Гандурас паступова ператварыўся ў краіну монакультуры. Амер. фірмы, якія валодалі бананавымі плантацыямі, былі па сутнасці «дзяржавай у дзяржаве». Выступленні гандурасцаў супраць амер. засілля бязлітасна душыліся. Пасля беспаспяховых паўстанняў 1931—32 у краіне ўстанавілася дыктатура прадстаўніка Нац. партыі Т.Карыяса Андзіны; былі забаронены дэмакр. арг-цыі, праследавалася апазіцыя. У час 2-й сусв. вайны Гандурас удзельнічаў у антыгітлераўскай кааліцыі. На выбарах 1954 і 1957 перамог ліберал Ж.Р.Вільеда Маралес. У час яго праўлення праведзена некалькі прагрэс. рэформаў, у т. л. прыняты закон аб агр. рэформе (1962), але практычна сістэма землеўладання не змянілася.
У выніку ваен. перавароту 1963 прэзідэнтам абвешчаны палкоўнік О.Лопес Арэльяна (1956—71). У 1964—65 у некат. раёнах краіны пачалася партыз. барацьба, выступленні працоўных і студэнтаў, супраць якіх былі кінуты войскі. Унутр. і знешняя рэакцыя справакавала ў ліп. 1969 узбр.тэр. канфлікт з Сальвадорам (завяршыўся ў 1992; паводле рашэння Міжнар. Гаагскага трыбунала Гандурас атрымаў 2/3 спрэчнай тэр.). Улада ваенных існавала да 1982, калі прэзідэнтам быў выбраны ліберал Р.Суаса Кордава. Але армія не падпарадкавалася прэзідэнту. Пад выглядам барацьбы з паўстанцамі армейскія спецслужбы ажыццяўлялі рэпрэсіі і тэрор, сотні людзей прапалі без вестак. Гэта выклікала хвалю пратэсту ў краіне і за мяжой. У сак. 1993 урад Р.Гальегаса стварыў спец. камісію для расследавання абвінавачванняў супраць армейскіх спецслужбаў; большасць з іх пацвердзілася. На выбарах у ліст. 1993 перамог К.Р.Рэйна, які пачаў рэфармаванне ўзбр. сіл. Гандурас — чл.ААН з 1945, Арг-цыі амер. дзяржаў, Арг-цыі цэнтральнаамер. дзяржаў і інш.міжнар. арг-цый. Паліт. партыі: Нац. партыя, Ліберальная партыя Гандураса, Сацыяліст. партыя, Хрысц.-дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Гандурас — адна з самых адсталых краін Зах. паўшар’я, агр. краіна з эканомікай монатаварнага тыпу, адна з гал. вытворцаў і экспарцёраў бананаў. У валавым унутр. прадукце доля сельскай гаспадаркі 28%, апрацоўчай прам-сці — 16, горназдабыўной — 2, абслуговых галін — 38%. Апрацоўваецца 14% тэр., пад лугамі і пашай 30%. Большая ч. зямельных угоддзяў належыць мясц. латыфундыстам і кампаніям ЗША. Сялянства беззямельнае і малазямельнае. Характэрны нізкі агратэхн. ўзровень. На ўзбярэжжы Карыбскага мора плантацыі бананаў (збор 931 тыс.т., 1993, у асобныя гады да 1,5 млн.т), цукр. трыснягу (каля 3 млн.т), бавоўны. Горная ч. краіны — зона пераважна спажывецкага земляробства, вырошчваюць (1993, збортыс.т): кукурузу — 638, сорга — 91, рыс — 35, фасолю і інш.харч. культуры; экспартныя культуры — кава і тытунь. Развіта агародніцтва, субтрапічнае і трапічнае садоўніцтва. Жывёлагадоўля арыентавана на ўнутр. рынак. У горных раёнах на пашы і лугах гадуюць буйн. раг. жывёлу (2,3 млн.гал.), паўсюдна ў сял. гаспадарках — свіней (0,6 млн.гал., 1993) і птушку. Важная галіна гаспадаркі — лоўля крэветак і амараў. Цэнтр рыбалоўства і здабычы морапрадуктаў — зал. Фансека. Прам-сць прадстаўлена ў асн. перапрацоўкай с.-г. сыравіны. Невял. здабыча серабра, золата, свінцу, сурмы, цынку. У г. Агультэка металург. з-д выпускае каля 100 тыс.т сталі за год, працуе на мясц.жал. рудзе. У г. Пуэрта-Картэс нафтаперапр.з-д перапрацоўвае за год 500 тыс.т імпартнай нафты. Ёсць цэм.з-д, цэлюлозна-папяровы камбінат. У гарадах невял. прадпрыемствы харчасмакавай (у т. л. маслабойнай, цукровай, піваварнай, спіртагарэлачнай, кансервавай, тытунёвай), тэкст., швейнай, гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, буд. матэрыялаў, керамічнай, металаапр., хім., гумаватэхн. прам-сці. Асн.прамысл. прадпрыемствы знаходзяцца ў г. Сан-Педра-Сула і яго наваколлі і ў Тэгусігальпе. На ПнУ, Пд, у горных далінах — нарыхтоўкі каштоўнай драўніны. Вытв-сць электраэнергіі каля 1млрд. кВт·гадз штогод, на ГЭС у горных раёнах і невялікіх ЦЭС у гарадах. Транспарт пераважна аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 8950 км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1700 км. Па ўзбярэжжы Ціхага ак. праходзіць участак Панамерыканскай шашы. На Пн для вывазу бананаў да партоў пракладзены вузкакалейныя чыгункі агульнай даўж. 785 км. Асобныя ўчасткі рэк (даўж. 465 км) у нізоўях выкарыстоўваюцца для суднаходства. Знешні гандаль забяспечваецца марскім транспартам. Гал. парты: Пуэрта-Картэс і Пуэрта-Кастылья (на Пн), Сан-Ларэнса (на Пд). У сувязі з ільготным падаткаабкладаннем да партоў Гандурас прыпісаны гандл. флот з 252 суднаў агульным танажом каля 1 млн.т. У краіне 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Тэгусігальпы. Развіваецца замежны турызм. Гандурас экспартуе бананы (у асобныя гады складаюць да 60% па кошце), каву, крэветкі і інш. морапрадукты, мінер. сыравіну, мяса, драўніну; імпартуе машыны і трансп. сродкі, хім. прадукты, тавары нар. попыту, паліва, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: ЗША (65% экспарту, 45% імпарту), Японія, Бельгія, Нідэрланды, краіны Лац. Амерыкі. Грашовая адзінка — лемпіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЯЗНА́ЎСТВА,
усебаковае вывучэнне асобнага рэгіёна ці нас. пункта мясц. насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навук. устаноў. Даследуе прыроду, эканоміку, дэмаграфію, гісторыю, мову, культуру. Комплекснае К. разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі. Галіновае К. паглыблена вывучае асобныя яго кірункі: гістарычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапанімічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Адметнасць набывае К. рэгіёнаў, якія пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Асн. метад К. — збор інфармацыі: архіўных і літ. крыніц, прадметаў матэр. культуры, вынікаў назіранняў за прыроднымі з’явамі, анкетаванне і г. д. Ролю навукова-метадычных цэнтраў у рэгіёнах выконваюць краязнаўчыя цэнтры пры аддзелах нар. адукацыі. У Беларусі дзейнасць усіх краязнаўчых арг-цый каардынуе Рада Беларускага краязнаўчага таварыства (БКТ). Разнастайнымі краязн. звесткамі пра Беларусь напоўнены першыя пісьмовыя крыніцы, асабліва бел.-літ. летапісы і хронікі. У сярэднявякоўі цікавасць да вывучэння краю набыла рысы навуковасці, развівалася пад уплывам ідэй Адраджэння. Каштоўнай краязн. крыніцай з’яўляецца «Зборнік прыказак і прымавак» (Любча, 1618), выдадзены С.Рысінскім, «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсея Русі» (1582) М.Стрыйкоўскага, паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Звесткі апісальнага характару ёсць у дзённіках (дыярыушах), мемуарах падарожнікаў, што наведвалі Беларусь у 15—17 ст. (З.Герберштэйн, А.Гваньіні, І.Г.Корб. Б.Танер, П.А.Талстой і інш.). Грунтоўны «Дзённік» пакінуў Мікалай Радзівіл Сіротка пасля падарожжа ў 1582—84 у Егіпет, Сірыю, Палесціну. Аналіз матэр. і духоўнай культуры народаў Зауралля і Сібіры зрабіў у 1660-я г. А.Каменскі. Значна вырасла цікавасць да К. ў канцы 18 ст.Вял. б-кі, архівы, карцінныя галерэі, нумізматычныя, мінералагічныя і інш. калекцыі існавалі ў рэзідэнцыях магнатаў: у Нясвіжы — Радзівілаў, у Шчорсах — Храптовічаў, у Слоніме — Агінскіх і інш. Багатыя зборы былі пры некат. манастырах і навуч. установах. Унікальныя зборы мелі Чапскія, Тызенгаўзы, Плятэры, Ельскія, Тышкевічы, Ходзькі і інш.Вял. група даследчыкаў займалася гіст. К. На багатым дакумент. матэрыяле падрыхтавана «Гісторыя літоўскага народа» (т. 1—9, 1835—41) Т.Нарбута, праца М.В.Без-Карніловіча «Гістарычныя звесткі пра выдатныя мясціны на Беларусі з дадаткам іншых звестак, якія да яе ж адносяцца» (1855). Зборы музея братоў К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча ў Лагойску сталі асновай для стварэння Віленскага музея старажытнасцей, а іх публікацыі — фундаментам для далейшага развіцця розных кірункаў К. Асобныя рэгіёны Беларусі ў 19 ст. вывучалі З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Э.Ф.Плятэр, А.М.Семянтоўскі, К.А.Гаворскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, А.П.Сапуноў, П.М.Шпілеўскі, О.Кольберг, А.Кіркор, М.Ф.Кусцінскі і інш. Своеасаблівымі краязн. даследаваннямі з’яўляюцца асобныя творы паэтаў і пісьменнікаў (Ю.Крашэўскага, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі і інш.). Фальклор і этнаграфію вывучалі Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Міцкевіч. Вял. ўклад у К. зрабілі мастакі Ю.Пешка, М.Кулеша, Н.Орда. Прыкметны след у развіцці розных галін К. інш. народаў пакінулі Ю.Копаць» (Сібір, Камчатка), Ф.Цяцерскі (Забайкалле), Т.Зан (Зауралле), В.М.Кавалеўскі (Манголія, Казахстан, Сібір), І.А.Гашкевіч (Японія), І.І.Дамейка, К.Ельскі (Паўд. Амерыка). Прыкметную ролю ў станаўленні К. ў 1-й пал. 19 ст. адыгралі гурткі пры Віленскім універсітэце, Віленскае т-ва дабрачыннасці, Беларускае вольнае эканамічнае таварыства ў Віцебску. У 2-й пал. 19 ст. разгарнулі дзейнасць Віленская археаграфічная камісія, Віленская археалагічная камісія, Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. У 1860-я г. выдадзены шматтомныя «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба», дзе прыведзены адносна падрабязныя звесткі па геаграфіі, гіст., эканоміцы, дэмаграфіі, адукацыі, ахове здароўя Беларусі, і г. д. Матэрыялы па К. змяшчаліся ў губ. і епархіяльных ведамасцях, «Памятных кнігах губерняў», перыядычных ілюстраваных часопісах, што выдаваліся на польскай мове, і інш. На мяжы 19—20 ст. у многіх рэгіёнах павялічылася колькасць навук. т-ваў, камісій, к-таў, гурткоў; краязн. працу праводзілі т-вы, арганізаваныя пад патранатам царквы. У 1908 пры Мінскай епархіі створаны Мінскі царкоўны гісторыка-археалагічны камітэт. У 1911 засн.Віцебскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута, у 1912 — Мінскае таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. Выдаваліся зборнікі дакументаў і матэрыялаў «Віцебская даўніна», «Мінская даўніна», «Магілёўская даўніна» і інш. Матэрыялы па этнаграфіі, археалогіі друкаваліся ў «Записках Северо-Западного отдела Русского географического общества», у газ.«Наша ніва». У канцы 19 — пач. 20 ст. ў плеяду бел. краязнаўцаў уваходзілі: Я.Ф.Арлоўскі, А.Я.Багдановіч, М.В.Доўнар-Запольскі, А.К.Ельскі, У.З.Завітневіч, Я.Ф.Карскі, Ю.Ф.Крачкоўскі, В.Ю.Ластоўскі, І.І.Луцкевіч, Ф.В.Пакроўскі, Е.Р.Раманаў, Г.Х.Татур, А.М.Уласаў і інш.
У пач. 20 ст. заснаваны краязн. студэнцкія гурткі па вывучэнні Беларусі, у т. л.Беларускі навукова-літаратурны гурток (1912) пры С.-Пецярбургскім ун-це. У 1920-я г. краязн. аб’яднанні ствараліся пры навуч. і навук. установах, аддзелах нар. асветы, у т. л.Беларускае вольна-эканамічнае таварыства (1921). З 1922 каардынацыйным цэнтрам краязн. арг-цый стаў Інстытут беларускай культуры, пры ім — Цэнтральнае бюро краязнаўства (ЦБК). У ліст. 1924 адбылася Першая Усебеларуская краязнаўчая канферэнцыя; у 1926 — Першы Усебеларускі краязнаўчы з’езд. З кастр. 1925 ЦБК выдавала штомесячны час.«Наш край» (у 1930—33 «Савецкая краіна»). Выходзілі мясц. неперыядычныя зборнікі («Віцебшчына», «Полаччына» і інш.). Актыўную выдавецкую дзейнасць разгарнула Віцебскае акруговае таварыства краязнаўства. Удзел у краязн. руху прымалі З.Бядуля, Д.М.Васілеўскі, З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны), М.І.Гарэцкі, В.Д.Дружчыц, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, Я.Колас, К.Крапіва, У.І.Пічэта, М.М.Улашчык, А.А.Шлюбскі, М.М.Шчакаціхін і інш. Прыродазнаўчыя кірункі курыравалі навукоўцы Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горы-Горках. Развівалася К. і ў Зах. Беларусі. У многіх гарадах існавалі філіі Польскага краязн. т-ва, мясц. краязн. аб’яднанні (Палескае т-ва краязнаўства ў Пінску, Т-ва сяброў навук у Гродне і інш.), краязн. музеі (Гродзенскі гістарычны, 1922, Пінскі, 1924, Баранавіцкі і Слонімскі, 1929) і інш. Звесткі па асобных рэгіёнах Зах. Беларусі прыведзены ў працах Ч.Пяткевіча (Палессе, Брэстчына), О.М.Гедэмана (Браслаўшчына), Ю.Ядкоўскага (Гродна) і інш. Актыўнымі краязнаўцамі былі Я.Н.Драздовіч, Л.І.Вітан-Дубейкаўскі, А.І.Луцкевіч, У.І.Самойла, П.Сергіевіч, Б.А.Тарашкееіч, Я.Булгак. Вывучэннем заходнебеларускага краю займаліся Беларускае навуковае таварыства, Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры, Беларускі музей імя І.Луцкевіча, Беларускае навукова-краязнаўчае т-ва ў Латвіі (1920—40-я г.). У пач. 1930-х г. у БССР многія вучоныя і мясц. краязнаўцы рэпрэсіраваны, К. даследавала і паказвала выключна поспехі сацыяліст. будаўніцтва. У пасляваен. час найб. ўвага скіроўвалася на даследаванні гісторыі вайны, партыз. руху на Беларусі, пошукавую працу. Адкрыты шэраг краязн. музеяў: Баранавіцкі (1946), Мазырскі (1949), Слуцкі (1952), Лепельскі (1954), Мінскі (1959), Веткаўскі музей народнай творчасці і інш. У наш час К. займаюцца Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, Бел.т-ва аховы прыроды, Беларускі фонд культуры, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і інш. У снеж. 1989 Усебел. канферэнцыя краязнаўцаў абвясціла пра аднаўленне работы БКТ.
Вывучэнню краю спрыяюць раённыя краязн. канферэнцыі (Браслаў, Навагрудак). Існуюць краязн. аддзелы пры некаторых б-ках. З выкарыстаннем матэрыялаў па К. выдадзены «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (7 тамоў), выдаецца шматтомная серыя кніг «Памяць». Праблемы К. асвятляюцца ў перыяд. выданнях, бюлетэні «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі» (з 1989 час.«Спадчына»), час. «Беларуская мінуўшчына», «Падарожнік» (у якім змяшчаецца дадатак «Наш край» як працяг часопіса, што выдаваўся ў 1930-я г.), у навук.-краязн. зборніках, часопісах і альманахах («Магілёўская даўніна», «Палессе» і інш.). У шэрагу навуч. устаноў уключаны курсы К. (беларусазнаўства). У рознай ступені краязн. даследаваннямі займаюцца бел.навук.-культ. арг-цыі за мяжой: Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы, Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў ЗША, Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Т-вабел. культуры ў Маскве і інш. Значны ўклад у развіццё К. ў пасляваен. перыяд зрабілі і робяць У.А.Калеснік, М.П Клімец (Брэст), Ю.А.Якімовіч, А.М.Белакоз (в. Гудзевічы Мастоўскага р-на), М.Ф.Мельнікаў (г. Крычаў), Г.А.Каханоўскі, М.І.Ермаловіч, М.А.Ткачоў, Г.В.Кісялёў, Л.Р.Казлоў, А.П.Грыцкевіч, А.І.Мальдзіс, У.Ф.Ісаенка, В.Л.Насевіч, Э.М.Загарульскі, Л.У.Дучыц, В.У.Скалабан, М.М.Улашчык, А.К.Каўка, Ю.А.Лабынцаў, В.П.Грыцкевіч, М.В.Нікалаеў (С.-Пецярбург), Д.Фёнік (Беласток), А.Цеханавецкі (Лондан), Я.Запруднік, В. і З. Кіпелі (Нью-Йорк) і інш.
Літ.:
Алексеев Л.В. Археология и краеведение Белоруссии XVI в. — 30-е гг. XX в. Мн., 1996;
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975;
Грыцкевіч В.П., Мальдзіс А.І. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;
Историческое краеведение Белоруссии. Мн., 1980;
Каспяровіч М.І. Краязнаўства. Мн., 1929;
Каханоўскі Г.А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Краязнаўства: Зб. праграм і інструкцый краязнаўчай працы. Мн, 1929;
Матюшин Г.Н. Историческое краеведение. М., 1987;
Polkowski B. Krajoznawca. Warszawa, 1931.
Л.В.Трэпет.
Да арт.Краязнаўства. Вокладка «Віцебскай даўніны». Т. 4. Віцебск, 1835.Да арт.Краязнаўства. Праўленне Краязнаўчага таварыства БДУ на чале з рэктарам У.І.Пічэтам. 1929.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Мінскага абласнога краязнаўчага музея.Да арт.Краязнаўства. Фрагменты экспазіцыі Лепельскага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕМЛЯРО́БСТВА,
1) адна з асноўных галін сельскай гаспадаркі; вырошчванне культурных раслін для забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі, жывёлагадоўлі — кармамі, лёгкай і харч. прам-сці — сыравінай. Уключае паляводства (збожжавая гаспадарка, ільнаводства, буракаводства, бульбаводства, насенняводства, вырошчванне кармавых культур), агародніцтва, пладаводства, кветкаводства.
У 20 ст. распрацаваны і выкарыстоўваюцца навукова абгрунтаваныя сістэмы З., якія ўключаюць развітую агратэхніку, палепшаную апрацоўку глебы, удасканаленае насенняводства, навук. селекцыю высокаўраджайных сартоў с.-г. культур, у адпаведнасці з канкрэтнымі ўмовамі прыродна-эканам. раёнаў уводзяцца севазвароты, ажыццяўляецца меліярацыя, на аснове хімізацыі шырока ўжываюцца мінер. ўгнаенні, развіваецца эфектыўная сістэма аховы раслін. Існуе экстэнсіўнае З. (рост вытв-сці за кошт расшырэння плошчаў) і інтэнсіўнае (рост вытв-сці за кошт дадатковых укладанняў працы і сродкаў). Вылучаюць: арашальнае З, (са штучным арашэннем), багарнае (у раёнах арашальнага З., але магчымае без паліву); сухадольнае або сухое (з дэфіцытам атм. ўвільгатнення і няўстойлівасцю прыродных умоў); устойлівае (у абласцях дастатковага ўвільгатнення); круглагадовае (у вільготных субтропіках і тропіках, з вырошчваннем 2—3 ураджаяў за год), а таксама горнае (пераважна на схілавых тэрасах), палярнае (з выкарыстаннем парнікоў) і інш. Аснова З. — паляводства, а яго гал. галіна — збожжавая гаспадарка. У 1994 сусв.вытв-сць збожжа склала 1940,1 млн.т, яго вядучыя вытворцы — Кітай (больш за 20 % сусв. збору збожжа), ЗША (17%), Індыя (11%). Са збожжавых культур найважнейшае значэнне маюць пшаніца, рыс і кукуруза. У 1994 у свеце было сабрана 534,3 млн.т пшаніцы; вядучыя вытворцы — Кітай (19 % сусв. вытв-сці), ЗША (12%), Індыя (11%). Прыкладна столькі ж збіраюць рысу — 531,З млн.т (1994). Асн. рысасеючыя краіны — Кітай (больш за 30% сусв. збору) і Індыя (больш за 20%). Кукуруза — гал. зернефуражная культура. У 1994 яе вытв-сць склала 551,2 млн. т. Гал. вытворцы — ЗША (42%) і Кітай (19%). Тэхн. культуры забяспечваюць сыравінай розныя галіны прам-сці. Найб. значэнне маюць алейныя (сланечнік, соя, рапс і інш.), цукраносныя (цукр. буракі, цукр. трыснёг), валакністыя (бавоўна, лён-даўгунец, каноплі, джут і інш.). Бульбаводства — галіна З. па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя мэты. Яго сусв.вытв-сць склала 283,3 млн.т (1994). Буйнейшыя вытворцы — Расія, Кітай і Польшча (удз. в. кожнай краіны складае больш за 10% сусв. валавога збору).
Аснову с.-г. вытв-сці Беларусі складае збожжавая гаспадарка. Збожжавыя культуры займаюць амаль палову ўсёй яе пасяўной плошчы (у 1996—43,2%) і выкарыстоўваюцца на харч. і фуражныя мэты. Гал. збожжавыя культуры — жыта і ячмень (гл.табл.). Вырошчваюць таксама азімую і яравую пшаніцу, авёс, грэчку; з зернебабовых — кармавы лубін, гарох, віку, фасолю. Тэхн. культуры маюць невял. ўдз. в. ў структуры пасяўных плошчаў — 2,6% (1996), але іх роля ў эканоміцы вельмі значная. Гал.тэхн. культуры — лён-даўгунец і цукр. буракі, у апошнія гады пашыраюцца пасевы рапсу. Ільнаводства сканцэнтравана пераважна ў Віцебскай, на Пн Мінскай, Гродзенскай і Магілёўскай абл., дзе найб. спрыяльныя ўмовы для вырошчвання лёну-даўгунцу. Цукр. буракі вырошчваюць у зах. і паўд.-зах. частках Беларусі. Пасевы гэтай культуры ўтвараюць сыравінныя зоны 4 цукр. заводаў. Бульбу на Беларусі вырошчваюць усюды, на яе прыпадае 11,6% пасяўной плошчы. Краіна дае каля 4% сусв. вытв-сці бульбы, займае 8—9-е месца ў свеце. Найб.пл. пасеваў гэтай культуры ў цэнтр. і паўд. раёнах. У апошнія гады скарачаюцца плошчы пад бульбай у гаспадарках грамадскага сектара. Гародніцтва і пладаводства сканцэнтраваны на параўнальна невял. плошчах вакол буйных гарадоў і прамысл. цэнтраў. Значную частку прадукцыі атрымліваюць у спецыялізаваных гаспадарках. У апошняе дзесяцігоддзе адбыліся змены ў З. на ПдУ Беларусі, што абумоўлена вынікамі аварыі 1986 на Чарнобыльскай АЭС: скарочана або цалкам спынена вырошчванне лёну, грэчкі, гароднінных і бабовых культур.
2) Навука, якая распрацоўвае спосабы рацыянальнага с.-г. выкарыстання зямлі і павышэння ўрадлівасці глебы для атрымання высокіх ураджаяў; раздзел аграноміі.
Т.Л.Казакова.
Валавы збор асноўных сельскагаспадарчых культур на Беларусі (тыс.т) у гаспадарках усіх катэгорый
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЛЬТАВЫЯ ЗБУДАВА́ННІ Прызначаны для адпраўлення абрадаў рэлігійных. Тыпалогія і гісторыя развіцця К.з. абумоўлена прыналежнасцю да пэўнага веравызнання
(канфесіі),
а таксама ходам развіцця архітэктуры і буд. тэхнікі. Асн. тыпы К.з.: царква, сабор (праваслаўе), касцёл, сабор (каталіцызм), мячэць (іслам), кірха, збор (пратэстантызм), сінагога (іудаізм), пагада, ступа, дацан (будызм), малельны дом у старавераў, а таксама капішчы, званіцы, капліцы, мінарэты, капэлы, кляштары, лаўры, медрэсэ, некат. мемар. збудаванні (піраміды, мастабы, грабніцы) і інш.
Найб. раннія К.з. — мегалітычныя збудаванні позняга неаліту і часоў бронзы. Менгіры, дальмены, кромлехі, катакомбы вядомы ў многіх частках свету (Англія, Скандынавія, Італія, Францыя, Індыя, Кітай, Каўказ). У рабаўладальніцкім грамадстве будавалі грабніцы з пірамідамі ў гонар фараонаў (піраміда Джасера ў Егіпце, 2800 да н.э.), храмы-зікураты (зікурат Этэменанкі ў Вавілоне, т.зв. Вавілонская вежа, сярэдзіна 7 ст. да н.э.). У часы Новага царства (16—11 ст. да н.э.) у Егіпце з’явіліся храмы, прысвечаныя багам (храм Гора ў Эдфу, 237—57 да н.э.). У Стараж. Грэцыі і Рыме са з’яўленнем сістэмы ордэраў К.з. становяцца самымі багатымі і манум. будынкамі гарадоў (храм Парфенон у Афінах, 447—438 да н.э.; Пантэон у Рыме, 118—128 н.э.). Найб. пашыраны тып К.з. у Рым. імперыі — базіліка. Разнастайнасцю тыпаў вызначаецца архітэктура К.з. Візантыі (найб. грандыёзнае збудаванне — Канстанцінопальскі Сафійскі сабор). У раманскі і гатычны перыяды колькасць тыпаў К.з. рэзка зменшылася. Культавая архітэктура Адраджэння вярнулася да ант. ордэра (сабор св. Пятра ў Рыме, 1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджала, Дж. дэла Порта, Дж.Віньёла, К.Мадэрна і інш.). У перыяды барока (палац Сан-Сусі ў г. Патсдам, Германія, 1745—47, арх. Г. фон Кнобельсдорф) і класіцызму (Казанскі сабор у С.-Пецярбургу) ажыццяўляецца перапрацоўка ордэрнай сістэмы. К.з. 20 ст. адметныя выкарыстаннем новых канстр. і пластычных вырашэнняў, маст. выразнасцю (царква Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане, Францыя, 1950—54, арх. Ш.Э. Ле Карбюзье).
На Беларусі найб. пашыраны правасл. і уніяцкія цэрквы, каталіцкія касцёлы і капліцы, кальвінскія зборы, кляштары, трапляюцца сінагогі, мячэці. Мураваныя цэрквы вядомы з 11 ст.Асн. іх тып — крыжова-купальны храм. У 13—16 ст. К.з. звычайна з’яўляліся храмамі-крэпасцямі, у іх архітэктуры былі элементы готыкі і рэнесансу. На мяжы 16—17 ст. яны мелі бязвежавыя або 1-, 2- і 3-вежавыя гал. фасады (Мірскі Мікалаеўскі касцёл, Камайскі касцёл). У 17—18 ст.асн.маст. кірункам у архітэктуры быў стыль барока (касцёл у в. Адэльск Гродзенскага р-на, сярэдзіна 18 ст.). У гэты час пашырыліся 1- і 3- нефавыя базілікі без трансепта, крыжовыя і крыжова-купальныя, спачатку з бязвежавым ці 1-вежавым, потым, як правіла, 2-вежавым фасадам (Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай, Жыровіцкі Успенскі манастыр, Нясвіжскі касцёл езуітаў). Часта К.з. ставілі ў ансамблі з манастырамі і кляштарамі (Гродзенскі кляштар бернардзінцаў, манастыр базыльян у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). У 1-й пал. 19 ст. архітэктура К.з. набыла рысы класіцызму (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор), з сярэдзіны 19 ст. — эклектычныя формы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарус. і псеўдавізант. (Мінская царква Аляксандра Неўскага), мадэрн. Са старажытнасці пашыраны таксама драўляныя К.з.: зрубныя (царква ў в. Здзітава Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл., 1502) і пабудаваныя «ў стоўп» (Успенская царква Пінскага Лешчанскага манастыра). У перыяд барока пераважалі збудаванні 2-зрубнай базілікальнай структуры з бязвежавым, пазней 2-вежавым гал. фасадам (царква ў в. Вавулічы Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл., 1737), 3-зрубныя з рытмічным спалучэннем аб’ёмаў і самаст. крыццём кожнага зруба (Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква). У 17—1-й пал. 19 ст. пашыраны манум. 4- і 5-зрубныя крыжова-купальныя К.з. з планам у выглядзе грэч. або лац. крыжа (Ільінская царква ў Віцебску). Драўляныя К.з. канца 19 — пач. 20 ст., як і мураваныя, маюць эклектычныя формы (касцёл у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл., 1899).
С.А.Сергачоў, Т.В.Габрусь.
Да арт.Культавыя збудаванні. Касцёл у вёсцы Адэльск Гродзенскага раёна. Сярэдзіна 18 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Навасвержанская Успенская царква з брамай-званіцай. Пач. 17 ст.Да арт.Культавыя збудаванні. Саборная мячэць у г. Керман (Іран).Да арт.Культавыя збудаванні. Ступа Бадхнатх у Катманду (Непал). 1 ст. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДРЫ́Д (Madrid),
горад, сталіца Іспаніі. Адм. ц. аўтаномнай вобласці і прав. Мадрыд. Знаходзіцца ў цэнтры Пірэнейскага п-ва, на Новакастыльскім пласкагор’і, на р. Мансанарэс (бас.р. Таха). 4072 тыс.ж., з прыгарадамі ўтварае гар. агламерацыю Вял. Мадрыд з насельніцтвам больш за 5 млн.ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Барахас. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. (у т. л. аўтамабіле-, самалёта- і лакаматывабудаванне, вытв-сць электра- і радыёапаратуры, энергасілавога абсталявання, прыладабудаванне, ваеннае), хіміка-фармацэўтычная, вытв-сць пластмас, швейная, тэкст., абутковая, харч., дрэваапр., папяровая, паліграф., фарфора-фаянсавая, парфумерная, цэментная. Саматужныя промыслы (вытв-сць вышывак, карункаў, хустак, габеленаў, веераў, кастаньет, ювелірных вырабаў). Асн.прамысл. прадпрыемствы ў прадмесцях і гарадах-спадарожніках. Метрапалітэн. 6 ун-таў. Буйны цэнтр міжнар. турызму.
Вядомы з 932, склаўся вакол араб. (маўрскай) крэпасці Маджырыт. У 1083 адваяваны ў арабаў каралём Альфонсам VI і далучаны да Кастыліі. У 1118 за актыўны ўдзел у Рэканкісце атрымаў прывілеі горада. У 14—15 ст. рэзідэнцыя кастыльскіх каралёў і месца пасяджэнняў картэсаў (з 1309). У 1520 гараджане ўдзельнічалі ў паўстанні камунерас. З 1561 сталіца Іспаніі. З канца 17 ст. буйны культ. цэнтр, у 1774 засн. Каралеўская акадэмія мастацтваў. У 1808—12 акупіраваны франц. войскамі, тут пачалася нац.-вызв.Ісп. рэвалюцыя 1808—14; адзін з цэнтраў рэвалюцый 1820—23, 1834—43, 1854—56, 1868—74 (гл.Іспанскія рэвалюцыі 19 стагоддзя). У Іспанскую рэвалюцыю 1931—39 у М размяшчаўся ўрад рэспубліканцаў, 28.3.1939 заняты франкістамі. Пасля 2-й сусв. вайны цэнтр выступленняў супраць дыктатуры Ф.Франка. У 1981 кансерватыўныя вайскоўцы намагаліся ажыццявіць у М. дзярж. пераварот.
Цэнтр М. з параднай паркавай магістраллю размешчаны паміж плошчамі Пуэрта дэль Соль, Пласа Маёр і Пласа дэ Эспанья. Значная ч.арх. помнікаў страчана ў час рэканструкцыі горада ў 19—20 ст. Аблічча старога горада з сярэдневяковай нерэгулярнай планіроўкай захавалася толькі на ПдЗ ад пл. Пуэрта дэль Соль, ад якой адыходзяць 10 радыяльных вуліц. Помнікі 14—18 ст.: вежа Торэ дэ Сан-Ніколас (14 ст., стыль мудэхар), біскупская капэла (1520, стыль платэрэска), ансамбль Пласа Маёр (1619, Х. дэ Мора; стыль эрэрэска), касцёлы Сан-Ісідра эль Рэаль (1626—61), Сан-Хінес (1645, у інтэр’еры жывапіс Эль Грэка, А.Кана і інш., барока), Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала (1764—78, Ф.Сабаціні). У стылі класіцызму 18—19 ст. пабудаваны каралеўскі палац (1738—64, італьян.арх. Дж.Б.Сакеці і Сабаціні, арх. В.Радрыгес, паводле праекта Ф.Ювары; у інтэр’еры багаты збор жывапісу, скульптуры, габеленаў, мэблі і інш.), касцёлы Сан-Франсіска эль Грандэ (1776—85), Эрміта дэ Сан-Антоніо дэ ла Фларыда (1792—98, фрэскі Ф.Гоі), будынак музея Прада У М. шмат парадных пабудоў у духу эклектыкі і стылі мадэрн, у т. л. палац ісп. картэсаў (1843—50, арх. Н.Паскуаль). Паводле генплана 1950-х г. (арх. Х.Л.Серт) М. забудоўваўся на Пн, ПдУ, створаны шэраг гарадоў-спадарожнікаў (Эскарыял, Эль-Парда). Новыя раёны рэгулярнай планіроўкі, з вял. паркамі, праспектамі і плошчамі забудоўваюцца добраўпарадкаванымі шматпавярховымі дамамі пераважна з чырв. цэглы. Сярод пабудоў у духу сучаснай архітэктуры: раён Сьюдад Хардзін («горад-сад») з універсітэцкім гарадком (пачаты ў 1931, арх. М.Лопес Атэра, у 1939 зруйнаваны, адноўлены ў 1950-я г., арх. М.Фісак і інш.), іпадром Сарсуэла (1935), вежавыя дамы, т.зв. Белыя вежы (1969, арх. Ф.Х.Саэнс дэ Ойса і інш.), Цэнтр рэстаўрацыйных работ (1960—70-я г., арх. Ф.Ігерас, А.Міра). Паркі: Мадрыдскі (б. Буэн-Рэціра; 1868), Прада, Заходні, Каса дэ Кампа, фантаны 18 ст. Помнікі: М.Сервантэсу (1835, А.Сола, і 1927, арх. П.Мугуруса, скульпт. К.Валера), Х.Калумбу (1885, А.Меліда і Х.Суньёль), Д.Веласкесу (1899, А.Марынас), Ф.Гоі (1905), Э.Касталару (1908, абодва арх. М.Бенльюрэ). У М. знаходзяцца Каралеўская ісп. акадэмія (з 1713), 6 ун-таў, у т. л.Мадрыдскі універсітэт, Каталіцкі ун-т (з 1860), каралеўская акадэмія прыгожых мастацтваў Сан-Фернанда, кансерваторыя (з 1830). Т-ры: «Рэаль», «Сарсуэла», «Лара», «Эспаньёль». 32 музеі, у т. л. Прада. Нац.археал., ісп. народа, сучаснага мастацтва і інш.
Літ.:
Чернышев В.П. Город вечерней звезды: (Очерки о Мадриде) М., 1990.
Мадрыд. Трыумфальная арка Пуэрта дэль Алькала. 1764—78. Арх. Ф.Сабаціні.Мадрыд. Плошча Кібелы з фантанам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́БЛІЯ (грэч. biblia літар. кнігі),
зборнік твораў стараж. пісьменства, св. пісанне іудзейскай (Стары запавет) і хрысц. (Стары і Новы запаветы) рэлігій. Першая анталогія выбраных кніг (кн. пра станаўленне Сусвету і чалавечага грамадства, хронікі, кодэксы, паэт. медытацыі, маральна-філас. трактаты, прароцтвы, прытчы, афарызмы, апіяграфіі, малітвы, гімны і інш.), аб’яднаных у адным пераплёце паводле храналагічнага і тэматычнага прынцыпаў, зместу і сімвалічнага сэнсу. Складалася на працягу 1-га тыс. да н.э. — 2 ст.н.э. на тэр. Палесціны (стараж. Ізраільска-Іудзейскае царства) і ў месцах яўрэйскай дыяспары на арамейскай, стараж.-яўрэйскай і стараж.-грэч. мовах. Поўная Біблія складаецца з 2 частак — Старога запавету (50 кніг, з іх 39 кананічных, якія выкарыстоўваюцца ў літургічнай службе, і 11 некананічных, прызнаных хрысц. царквой карыснымі для духоўнага выхавання) і Новага запавету [27 кніг; 4 Евангеллі (паводле Матфея, Марка, Лукі, Іаана), зборнік з 22 твораў пад агульнай назвай Апостал, Апакаліпсіс (Адкрыццё Іаана Багаслова)]. Паводле багаслоўскага тлумачэння, слова «запавет» азначае наказ Бога «выбранаму народу» (стараж. яўрэям), а праз яго — усяму чалавецтву. Іудзейская Біблія складаецца з 39 кананічных кніг: Закон, або Пяцікніжжа, прыпісваецца Майсею, Прарокі (кн. Ісаі, Ераміі, Езекііль, Данілы і 12 «малых прарокаў», кн. Ісуса Навіна, Суддзяў, 4 кнігі Царстваў), Пісанні (кн. Руф, 1-я і 2-я Параліпаменом, Ездры, Неяміі, Эсфір, Іова, Псалтыр, Прытчы Саламона, Эклезіяст, Песня песням, Плач Ераміі). Старазапаветная частка хрысц. (праваслаўнай і каталіцкай) Бібліі ў дадатак да кананічных уключае таксама некананічныя кнігі: 1—3-ю Ездры, Тавіта, Юдзіф, Прамудрасць Саламона, Прамудрасць Ісуса Сірахава, прарока Баруха, 1—3-ю кн. Макавеяў. Кананічныя кн. Старога запавету напісаны стараж.-яўр. і часткова арамейскай мовамі, некананічныя — стараж.-грэч. мовай. На т.зв. александрыйскай гаворцы стараж.-грэч. мовы напісаны Новы запавет, за выключэннем Евангелля паводле Матфея, напісанага на сірыйска-халдзейскай гаворцы стараж.-яўр. мовы. У Бібілію не ўвайшлі апокрыфы. Першы збор старазапаветнай часткі Бібіліі стварылі ў 2 ст. да н.э. ў Александрыі на стараж.-грэч. мове 70 перакладчыкаў (Септуагінта — семдзесят — стаў асн. крыніцай пазнейшых выданняў біблейскіх кніг). У 386—406 багаслоў Еранім зрабіў лац. пераклад Бібліі-Вульгату (агульнадаступная), якая легла ў аснову каталіцкай рэдакцыі Бібліі. У Бібліі адлюстраваны драм. шлях развіцця чалавечай духоўнасці. Яна пачынаецца з кн. Быццё (сімвалічная выява ўзнікнення Сусвету, рассялення народаў, станаўленне грамадства і дзяржавы), а заканчваецца Апакаліпсісам — сімвалічным малюнкам «канца свету». У аснове біблейскай філасофіі гісторыі тэадыцэя (апраўданне жыцця і яго крыніцы — Бога перад тварам сусветна-гіст. зла); правідэнцыялізм (гіст. падзеі, з’яўляючыся выяўленнем людской волі, на касм. узроўні прадвызначаныя Богам), месіянства (вера ў прыход Збавіцеля, у яго царства на Зямлі, упэўненасць у тым, што пакліканыя Богам народы і людзі аб’ектыўна выконваюць боскае прадвызначэнне), эсхаталагізм (перакананне ў тым, што гіст. працэс меў свой пачатак і будзе мець сваё завяршэнне). Большасць кніг Старога запавету ёсць гісторыя стараж. ізраільска-іудзейскай тэакратычнай дзяржавы (часткова інш. рэгіёнаў Блізкага Усходу), стараж.-яўр. культуры і старазапаветнай царквы. Новы запавет — гэта аповесць пра зямное жыццё і вучэнне Ісуса Хрыста, яго апосталаў, пра станаўленне хрысц. царквы і прароцтва пра богачалавецтва пасля канца гісторыі.
У 4—13 ст. узніклі шматлікія рэгіянальныя пераклады Бібіліі. У 9 ст.слав. асветнікі браты Кірыла і Мяфодзій пераклалі Біблію на стараслав. мову. Гэты пераклад лёг у аснову рукапісных біблейскіх кніг, што бытавалі на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі. Першы рукапісны звод Бібіліі на царк.-слав. мове ўкладзены ў Ноўгарадзе (1499) па ініцыятыве архіепіскапа Генадзія («Генадзіеўская біблія»). Першую друкаваную Біблію ў слав. свеце выдалі чэхі (1488). На Беларусі спісы біблейскіх кніг з’явіліся пасля хрышчэння Русі (988). Некаторыя з іх, верагодна, рыхтаваліся Рагнедай Рагвалодаўнай, Ефрасінняй Полацкай. Свае скрыпторыі (цэнтры па перапісцы кніг) мелі бел. гарады, манастыры, епіскапскія кафедры. Пра біблейска-выдавецкую традыцыю сярэдневяковай Беларусі сведчаць высокамаст. ілюстраваныя помнікі рукапісных евангелляў і псалтыроў. Першым зборам царкоўнаслав. рукапісных кніг Бібліі на Беларусі стаў багата аздоблены «Дзесятаглаў», створаны ў 1502—07 у Вільні і Супраслі асветнікам Мацеем Дзесятым. Разам з «Пяцікніжжам», перапісаным дзякам Фёдарам у 1514, «Дзесятаглаў» склаў поўны збор Бібліі. У 1517—19 Ф.Скарына выдаў 23 ілюстраваныя кнігі першай бел. Бібліі пад агульнай назвай «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Каля 1522 Скарына надрукаваў у Вільні «Малую падарожную кніжку», у якой аб’яднаны Псалтыр, Часасловец (малітвы), урачыстыя гімны (каноны і акафісты, некаторыя з іх — паэт. творы Скарыны). У 1525 ён жа выдаў «Апостал». Напісаныя Скарынам 50 прадмоў і 62 пасляслоўі да сваіх кніг — першыя на Беларусі каментарыі да Бібліі, у якіх тлумачыцца паходжанне кожнай кнігі, іх аўтарства, асаблівасці зместу, вобразаў і сімвалаў, іх значэнне для рэліг., маральнага і грамадскага выхавання. Свецкае выданне Бібліі Скарынам паўплывала на развіццё кніжна-выдавецкай біблейскай традыцыі на Беларусі (гл.Брэсцкая біблія). Прадаўжальнікам кнігавыдавецкай справы Скарыны быў В.Цяпінскі. Каля 1580 ён пераклаў на старабел. мову і выдаў «Евангелле» (паводле Матфея, Марка і частку Евангелля паводле Лукі). Вопыт Скарыны выкарысталі І.Фёдараў і П.Мсціславец, якія выдалі ў Маскве «Апостал» (1564). У 1566 яны пераехалі на Беларусь, на сродкі Р.Хадкевіча выдалі «Евангелле вучыцельнае» (Заблудаў, 1568—69); Фёдараў выдаў таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1569). Мсціславец выехаў у Вільню і ў друкарні Мамонічаў выдаў «Евангелле напрастольнае», «Псалтыр» і «Часоўнік» (1575—76). Фёдараў у канцы 1572 — пач. 1573 пераехаў у Львоў, выдаў там «Апостал» (1574), пазней у друкарні К.Астрожскага ў Астрогу — «Псалтыр» і «Новы запавет» (1580), а таксама поўную слав. друкаваную кірылічным шрыфтам «Астрожскую біблію» (1581). У канцы 16—17 ст. Вільня і мяст. Еўе (каля Вільні) заставаліся асяродкамі выдання біблейскіх кніг на царк.-слав. мове. З 2-й чвэрці 17 ст. дзейнічалі новыя цэнтры выдання біблейскіх кніг — друкарні: Куцеінскага манастыра пад Оршай, С.Собаля ў Буйнічах пад Магілёвам, магілёўская М.Вашчанкі, брацкая Магілёва, Супрасльскага манастыра. У канцы 18 ст. віленскія друкарні перадрукавалі з маскоўскіх выданняў «Евангелле» (1790), «Евангелле вучыцельнае» (1794), «Псалтыр» 1795 (2-е выд. 1796). З канца 18 ст. да 1917 на Беларусі біблейскія кнігі не друкаваліся. Толькі уніяцкая царква выдала шэраг катэхізісаў, малітоўнікаў і падручнікаў, якія знаёмілі вернікаў са зместам Бібліі. Першыя практычныя крокі да перакладу Новага запавету на сучасную бел. мову зроблены ў Зах. Беларусі і Польшчы. Традыцыя перакладу і выдання Бібліі аднавілася ў Зах. Беларусі (пераклад і выданне на бел. мове Новага запавету прапаведнікам Л.Дзекуць-Малеем і А.Луцкевічам у 1920—30-я г.), за мяжой [выданне ксяндза П.Татарыновіча ў 1954 у Рыме, выданне бел. Бібліі ў перакладзе гісторыка і філолага Я.Станкевіча ў Нью-Йорку (1950—60-я г., 1970, 1973)], замежныя выданні біблейскіх кніг у перакладзе пастара Я.Пятроўскага (Гейневіл, 1984, 1987). У 1990—95 апублікаваны бел. пераклады біблейскіх кніг В.Сёмухі, А.Клышкі; выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя» ажыццёўлена факсімільнае перавыданне «Бібліі» Скарыны (т. 1—3, 1990—91).
Біблія — адзін з самых багатых і складаных помнікаў сусв. культуры, многія старонкі якога насычаны глыбокай жыццёвай мудрасцю і вызначаюцца вял.маст. сілай. Асаблівасцямі Бібліі як помніка культуры з’яўляюцца сінкрэтызм (адзінства рэальнасці і міфа, гісторыі і тэалогіі, гіст. фактаў і цудаў, філасофіі і паэзіі, даследавання і прароцтва, навук. і аксіялагічнага падыходаў да ацэнкі ідэй, фактаў, ідэалаў) і сімвалізм (погляд на гіст. падзеі як на знакавае выяўленне духоўных сэнсаў). Біблія паўплывала на экзістэнцыялісцкую філасофію гісторыі. Біблейскія сюжэты, матывы, вобразы і сімвалы шырока выкарыстоўвае сусв.л-ра, выяўл., тэатр., муз. мастацтва і кіно. У бел. л-ры вобразныя і сімвалічныя сістэмы Бібліі выявіліся ў 12—18 ст. у творчасці Кірылы Тураўскага, Скарыны, М.Сарбеўскага, М.Сматрыцкага, І.Пацея, братоў Л. і С.Зізаніяў, А.Філіповіча і універсальная — у паэзіі і аратарскай прозе Сімяона Полацкага. Біблейскія матывы фалькларызаваліся ў нар. творчасці (чарадзейныя казкі, абрадавыя песні, легенды), у тэатр. і інш. мастацтве, бел. л-ры (творчасць Я.Купалы, З.Бядулі, У.Караткевіча, інш.бел. пісьменнікаў).
Біблія ці яе часткі перакладзены больш як на 1250 моў і дыялектаў практычна ўсіх краін свету. Існуе шырокая сетка т-ваў, аб’яднанняў, асацыяцый, агенцтваў па вывучэнні Бібліі, яе перакладзе, выданні, распаўсюджванні. Вывучэннем Бібліі займаюцца біблеістыка, герменеўтыка, тэалогія і інш. навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАРА́ГУА (Nicaragua),
Рэспубліка Нікарагуа (República de Nicaragua), дзяржава ў Цэнтр. Амерыцы. На Пн мяжуе з Гандурасам, на Пд — з Коста-Рыкай, на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 129,5 тыс.км². Нас. 4717,1 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца, гал.прамысл. і трансп. цэнтр — г.Манагуа. Падзяляецца на 15 дэпартаментаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1987 з папраўкамі 1995. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея (93 дэпутаты), якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах на 5 гадоў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ствараецца прэзідэнтам і яму падсправаздачны.
Прырода. Цэнтр. частка — нагор’е з крышт. і метамарфічных парод (выш. да 2438 м). У зах.ч. нагор’я — тэктанічная ўпадзіна з азёрамі Нікарагуа і Манагуа. Уздоўж упадзіны — ланцуг вулканаў, некаторыя з іх актыўныя. Горныя і перадгорныя раёны церпяць ад вывяржэнняў вулканаў і землетрасенняў. На У шырокая алювіяльная нізіна — Маскітавы бераг (займае палавіну краіны). Невялікія раўнінныя ўчасткі на зах. узбярэжжы. Ёсць радовішчы золата, серабра, медзі, вальфраму, свінцу, цынку, нафты, прыроднага газу. Клімат трапічны, пасатны (на У), субэкватарыяльны (на З). Т-ра паветра круглы год каля 25—28 °C. Ападкаў на У 2000—6500 мм за год, на З — каля 1000—1500 мм (сухі перыяд май — лістапад). Бываюць трапічныя ўраганы (самы разбуральны адзначаны ў 1998). Рэкі мнагаводныя, найб. Рыо-Грандэ-дэ-Матагальпа і Сан-Хуан. Пад лесам і хмызнякамі 27% тэр. На У трапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на З лістападныя лясы і хмызнякі. Для жывёльнага свету характэрны малпы, тапіры, мурашкаеды, пекары. Шмат грызуноў, кажаноў, птушак. Нац. паркі — Волькан-Масая, Саслая; рэзерват Апанас.
Насельніцтва. Больш за 90% складаюць нікарагуанцы — народ, які ўтварыўся ад змяшання іспанцаў з мясц. індзейскім насельніцтвам. Па расавым складзе пераважаюць метысы, ёсць мулаты, групы еўрап. і афр. паходжання. Індзейцаў 5%. Жывуць таксама выхадцы з суседніх краін. Сярод вернікаў католікаў 95%, пратэстантаў 5%. Сярэднегадавы прырост каля 2,8%. Сярэдняя шчыльн. 36,4 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на 3, дзе шчыльн. перавышае 100 чал. на 1 км². У гарадах 63% насельніцтва. Найб. горад Манагуа — 1124 тыс.ж. з прыгарадамі (1998). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Леон, Матагальпа, Гранада. У сельскай гаспадарцы заняты 31% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 15%, у абслуговых галінах — 54%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Н. насялялі індзейскія плямёны маскіта (міскіта), чаратэгі, нікарао (адсюль назва краіны) і інш. Ў 6—10 ст. сюды з Мексікі прыйшлі плямёны тальтэкаў, потым ацтэкаў. 16.9.1502 узбярэжжа Н. адкрыў Х.Калумб. У 1522 краіну пачалі заваёўваць іспанцы. Яны ў 1524 заснавалі тут гарады Леон (першая сталіца Н.) і Гранада, уключылі землі Н. ў склад аўдзьенсіі (адм.-суд. адзінка) Санта-Дамінга (1523). потым аўдзьенсіі Панама (1539), генерал-капітанства Гватэмала (1573). У ходзе ісп. каланізацыі б.ч. індзейцаў Н. асімілявана ці знішчана, ацалелі пераважна маскіта, што жылі на Карыбскім узбярэжжы, названым ад іх Маскітавым берагам. Ён у 1678 — сярэдзіне 19 ст. быў брыт. пратэктаратам. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 Н. далучана да Мекс. імперыі (1822), потым да федэрацыі Злучаных правінцый Цэнтральнай Амерыкі (1823). З крас. 1838 самаст. рэспубліка. У 1-й пал. 19 ст. тут склаліся паліт. партыі лібералаў (асн. падтрымка — г. Леон) і кансерватараў (цэнтр уплыву — г. Гранада), якія і надалей сапернічалі за ўладу. З 1850 краіна стала аб’ектам эканам., паліт. і ваен. экспансіі ЗША. З 1858 сталіца Н. — г. Манагуа. У 1867—93 уладу ўзначальвалі кансерватары. Ліберальны ўрад прэзідэнта Х.С.Селая (1893—1909) увёў усеагульнае выбарчае права, грамадз. шлюб, аддзяліў царкву ад дзяржавы. садзейнічаў развіццю нар. адукацыі, пашырыў чыг.буд-ва, намагаўся абмежаваць пранікненне ў эканоміку Н. амер. капіталу. У 1912—25 і 1926—33 краіна акупіравана атрадамі марской пяхоты ЗША Іх вываду садзейнічала ўзмацненне нац.-вызв. руху, які з 1927 узначальваў А.С.Сандзіна. Пасля яго забойства (люты 1934) і дзярж. перавароту 1936 у краіне пачала ўсталёўвацца праамер. дыктатура сям’і Самоса.
Пры прэзідэнце А.Самосе Гарсія (1936—47, 1950—56) Н. абвясціла вайну Германіі, Італіі і Японіі (снеж. 1941), устанавіла дыпламат. адносіны з СССР (1944); пасля 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ва ўзбр. інтэрвенцыі ў Коста-Рыцы (1948) і Гватэмале (1954). Унутры краіны разгортваліся рэпрэсіі супраць апазіц. сіл (з 1945), якія працягваліся пры прэзідэнтах Л.Самосе Дэбайле (1957—63) і А.Самосе Дэбайле (1967—72, 1974—79; абодва сыны Самосы Гарсія). Пад уплывам Кубінскай рэвалюцыі 1959 у Н. актывізаваліся апазіц. сілы, якія стварылі Сандзінісцкі фронт нацыянальнага вызвалення (СФНВ; 1961), разгарнулі партыз. вайну супраць Нац. гвардыі — гал. апоры дыктатуры Самосы, што ў выніку Нікарагуанскай рэвалюцыі 1979 прывяло да падзення дыктатуры. Быў створаны дэмакр. ўрад Нац. адраджэння. 4.11.1984 адбыліся першыя ў Н. свабодныя ўсеагульныя выбары. Прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам рэспублікі сталі кандыдаты СФНВ Д.Артэга Сааведра і С.Рамірэс. З 1981 спынена эканам. дапамога з боку ЗША, у Н. з тэр. Гандураса пачаліся ўварванні ўзбр. атрадаў контрас (б. вайскоўцы Нац. гвардыі). Ва ўмовах цяжкага эканам. крызісу, выкліканага грамадз. вайной (спынена ў сак. 1988), на прэзідэнцкіх выбарах у лют. 1990 перамог кандыдат ад Апазіц.нац. саюза (блок з 14 антысандзінісцкіх партый) В.Барыяс дэ Чамора. У 1990 распушчаны атрады контрас, ЗША спынілі гандл. эмбарга, але эканам. цяжкасці ў Н. захаваліся. На прэзідэнцкіх выбарах 1996 перамог кандыдат ад Ліберальнага альянсу А.Алеман Лакаё, які ўзяў курс на дасягненне ў краіне нац. згоды.
Н. — чл.ААН (з 1945, адна з дзяржаў-заснавальніц), Арг-цыі амер. дзяржаў (з 1948), Арг-цыі цэнтр.-амер. дзяржаў (з 1951), Цэнтр.-амер. агульнага рынку (з 1960), Лац.-амер.эканам. сістэмы (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў маі 1994.
Паліт. партыі: Ліберальны альянс (складаецца з Ліберальна-канстытуцыя-налістычнай, Неаліберальнай партый і партыі Ліберальнага адзінства) — кіруючая, Сандзінісцкі фронт нац. вызвалення, Незалежная ліберальная партыя, Нікарагуанская сацыяліст. партыя, С.-д. партыя, Нац. партыя, Кансерватыўная партыя Н. і інш.Прафс. аб’яднанні: Асацыяцыя працоўных сельскай гаспадаркі, Усеагульная канфедэрацыя працы (незалежная), Канфедэрацыя прафс. адзінства, Прафцэнтр нікарагуанскіх працоўных, Нац. фронт працоўных.
Гаспадарка Н. — аграрная краіна з экспартным кірункам сельскай гаспадаркі і слаба развітой прам-сцю. Значна пацярпела ад грамадз. вайны (спынена ў 1988) і разбуральнага ўрагану 1998. Валавы ўнутр. прадукт у 1998—11,6 млрд.дол. (каля 2,5 тыс.дол. на 1 чал.). 32% яго ствараецца ў сельскай гаспадарцы, 24% — у прам-сці, 44% — у абслуговых галінах. Сельская гаспадарка — аснова эканомікі краіны. Выкарыстоўваецца каля 7,2 млн.га, у т. л. 1,3 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі, 5,9 млн.га пад пашай. Каля 100 тыс.га пасяўных зямель арашаецца. Экспартныя культуры (збортыс.т, 1998): кава — 50, бавоўна — 120, цукр. трыснёг, кунжут, какава, бананы. Асн. раён земляробства на З краіны, кава на вышыні 500—1000 м, бавоўна на раўнінных участках. На свае патрэбы вырошчваюць (збортыс.т, 1998): кукурузу — 310, рыс — 210, фасолю, маніёк, сорга, агародніну. Трапічнае садоўніцтва (пераважна цытрусавыя). Асн. галіна жывёлагадоўлі — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы і свіней. Пагалоўе (тыс. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 1700, свіней — 420, свойскай птушкі — 7900. Рыбалоўства, промысел крэветак. Лесанарыхтоўкі (чырвонае дрэва, кедр, кебрача, каўчуканосы). Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў звязана з перапрацоўкай с.-г. прадукцыі. Горназдабыўная прам-сць дае менш за 1% кошту прамысл. прадукцыі. Вядзецца невял. здабыча золата, серабра, кухоннай солі, медных і цынкавых руд. У 1996 атрымана 1,7 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 49% на ЦЭС, 21% на ГЭС. Працуюць геатэрмальныя электрастанцыі і інш. На долю харч. прам-сці прыпадае 75% прамысл. вытв-сці. Пераважаюць невялікія прадпрыемствы па апрацоўцы кавы, цукровыя, мукамольныя, хлебапякарныя, алейныя, кансервавыя, па выпуску піва, алкагольных і безалкагольных напіткаў, малочныя з-ды, мясакамбінаты і інш.Тэкст. ф-кі ў гарадах Манагуа, Леон, Дыр’ямба, цэм.з-д у г. Сан-Рафаэльдэль-Сур, нафтаперапр.з-д у Манагуа, металаапр. прадпрыемствы ў Тыпітапе. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, хім., тытунёвай, мэблевай, запалкавай прам-сці. Шырока развіта паўсаматужная і саматужная вытв-сць вырабаў з керамікі, дрэва, скуры, металаў. Транспарт пераважна аўтамабільны. Краіну перасякае з Пн на Пд Панамерыканская шаша. Аўтадарог 16,4 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км, унутр. водных шляхоў 2,2 тыс.км, у т. л. па азёрах Нікарагуа і Манагуа, чыгунак 0,4 тыс.км. У краіне 13 аэрапортаў з цвёрдым пакрыццём лётнага поля. Знешнегандл. сувязі пераважна праз порт Карынта. У 1997 экспарт склаў 704 млн.дол., імпарт — 1,45 млрд.дол. У экспарце пераважаюць кава, бавоўна, морапрадукты, мяса, цукар, бананы, у імпарце — прамысл. вырабы і паліва. Гал.гандл. партнёры: ЗША, краіны Цэнтр. Амерыкі, Германія, Канада.
Краіна атрымлівае фін. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін. Знешні доўг больш за 12 млрд.дол. Грашовая адзінка — кордаба.
Літ.:
Лещинер Р.Е. Никарагуа. М., 1965;
Горнов М.Ф., Смирнова Н.Ю. Никарагуа: возрожденная земля Сандино М., 1986;
Строев А.П. Никарагуанские очерки: По пути соц.-экон. возрождения. М., 1989. Н.А.Сцепанюга (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Н.Р.Кошалева (гісторыя).
Герб і сцяг Нікарагуа.Да арт.Нікарагуа. Ландшафт на захадзе краіны, каля г. Леон.Да арт.Нікарагуа. Новы кафедральны сабор у Манагуа.Нікарагуа. Горад Манагуа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРЫБА́ЦІ (Kiribati),
дзяржава на астравах у зах.ч. Ціхага ак. У складзе К. а-вы Гілберта (пл. 264 км²), Лайн (Спарады Цэнтральныя Палінезійскія, пл. каля 400 км²), Фенікс (пл. 28 км²) і Банаба (Ошэн, пл. 5 км²). Падзяляецца на 6 акруг. Астравы, якія складаюць краіну, распасціраюцца з З на У на 5 тыс.км, з Пн на Пд на 1 тыс.км. Пл. 717 км². Нас. 80,9 тыс.чал. (1996). Сталіца — г.Баірыкі (Тарава) на в-ве Тарава ў групе а-воў Гілберта. Афіц. мова — англійская, насельніцтва размаўляе на тунгуруанскай (кірыбаці) мове. Нац. свята — Дзень незалежнасці (12 ліпеня).
Дзяржаўны лад. К. — рэспубліка. Уваходзіць у Садружнасць на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1979. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Палата сходу (36 членаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць ураду.
Прырода. Амаль усе астравы — нізкія каралавыя атолы з кальцавым рыфам, пясчана-галечнымі дробнымі астраўкамі на ім і ўнутр. лагунай. Складзены пераважна з вапнякоў. Найб.выш. на в-ве Банаба — 81 м. Клімат экватарыяльны. Т-ра паветра ўвесь год каля 26—28 °C. Ападкаў ад 1000 мм (на паўд. астравах) да 3000 мм (на Пн), выпадаюць пераважна ў ліст.—красавіку. Бываюць засухі і разбуральныя ўраганы. Рэк і ручаёў няма. На больш засушлівых астравах растуць нізкарослыя хмызнякі, на Пн ёсць гаі шыракалістых дрэў. Каля берагоў некаторых атолаў развіта мангравая расліннасць. Жывёльны свет бедны. Ёсць яшчаркі, шмат марскіх птушак (фрэгаты, бакланы, крачкі, олушы і інш.). Лагуны і прыбярэжныя акіянскія воды багатыя рыбай, крабамі, малюскамі.
Насельніцтва. 96% складае мікранезійскі народ тунгару (кірыбаці). Ёсць невял. групы палінезійцаў і інш. Сярод вернікаў пераважаюць католікі (53%) і пратэстанты (41%). Сярэдняя шчыльн. 113 чал. на 1 км². Заселены толькі 13 астравоў з 33. Усе яны ў групе а-воў Гілберта. Каля 40% насельніцтва жыве на в-ве Тарава, дзе знаходзіцца сталіца краіны г. Баірыкі (больш за 25 тыс ж.; 1990). На а-вах Лайн і Фенікс насельніцтва часовае (рабочыя плантацый). Характэрна міграцыя мужчын на в-аў Науру, дзе яны працуюць на здабычы фасфарытаў.
Гісторыя. Астравы заселены продкамі сучасных мікранезійцаў у 2-м тыс. да н.э. Першым з еўрапейцаў тут пабываў у 1606 ісп. мараплавец П.Кірос. У 1788 астравы даследаваў англ. капітан Дж.Гілберт (ад яго імя назва гал. архіпелага). Сталыя пасяленні еўрапейцаў з 1837. З 1892 пратэктарат Вялікабрытаніі, у 1916—76 у складзе брыт. калоніі Астравы Гілберта і Эліс. У 2-ю сусв. вайну астравы акупіраваны Японіяй (1942—43). У 1976—79 брыт. калонія пад назвай Астравы Гілберта (з 1977 унутр. аўтаномія). 12.7.1979 К. абвешчана незалежнай дзяржавай. Першы прэзідэнт краіны з 1979 І.Табаі, з 1994 — Т.Ціта.
Гаспадарка. К. — слабаразвітая краіна. Валавы ўнутр. прадукт складае 63 млн.дол. (1995), каля 850 дол. на чалавека. Найб. развіты сельская гаспадарка і рыбалоўства. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 36 тыс.га. Палова гэтай плошчы занята какосавай пальмай. Найб. какосаў вырошчваюць на плантацыях, створаных замежнымі кампаніямі на а-вах Лайн і Фенікс. Вырошчваюць таксама хлебнае дрэва, панданус, тара, батат, бананы, агародніну. Свіна- і птушкагадоўля (другараднае значэнне). Рыбу (кефаль, вугор, тунец, макрэль і інш.) у марской эканам. зоне ловяць жыхары К. і за вызначаную плату рыбалавецкія судны Японіі. У 1995 улоў рыбы 24,7 тыс. т. Лоў крабаў, малюскаў, збор водарасцей. Прам-сць прадстаўлена малымі прадпрыемствамі па вытв-сці копры (каля 10—20 тыс.т штогод), какосавага алею, харч. прадуктаў, мэблі, сувеніраў (вееры, плеценыя кошыкі), перапрацоўцы рыбы. Ёсць некалькі дробных электрастанцый, якія выпрацоўваюць штогод 10—13 млн.кВт∙гадз электраэнергіі. На астравах штогод бывае каля 2 тыс. замежных турыстаў Транспарт пераважна марскі. Гал. порт Баірыкі. Ёсць 20 аэрадромаў і пасадачных пляцовак. Аэрапорт на в-ве Тарава прымае міжнар. рэйсы. Даўж. аўтадарог — 640 км. У краіне 2 тыс. аўтамашын і матацыклаў. У 1995 экспарт склаў 6,3 млн. долараў, імпарт — 38,6 млн. долараў. К. экспартуе ў асн. копру (50% экспарту), рыбу і морапрадукты (31%). У імпарце пераважаюць харч. і прамысл. тавары. Асн.гандл. партнёры: Аўстралія, Японія, ЗША, Новая Зеландыя. Краіна атрымлівае дапамогу развітых дзяржаў і міжнар. арг-цый. У якасці грашовай адзінкі выкарыстоўваецца аўстрал. долар.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТА-РЫ́КА (Costa Rica),
Рэспубліка Коста-Рыка (República de Costa Rica), краіна ў Цэнтр. Амерыцы. Мяжуе на Пн з Нікарагуа, на ПдУ з Панамай; на У абмываецца Карыбскім м., на З — Ціхім ак.Пл. 51,1 тыс.км². Нас. 3534 тыс.чал. (1997). Дзярж. мова — іспанская. Сталіца — г.Сан-Хасэ. Краіна падзяляецца на 7 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (15 вер.).
Дзяржаўны лад. К.-Р. — дэмакратычная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1949. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — Заканад. асамблея (57 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 4 гады). І прэзідэнт, і дэпутаты могуць быць абранымі толькі на адзін тэрмін. Прэзідэнт як кіраўнік урада (кабінета міністраў) назначае членаў кабінета, і яны адказныя перад ім. Губернатараў правінцый назначае прэзідэнт. У кантонах насельніцтва выбірае муніцыпальныя саветы, якія карыстаюцца абмежаванай аўтаноміяй у пытаннях мясц. кіравання. Вышэйшы судовы орган — Вярх. суд, якому належыць і права канстытуц. нагляду. Дзейнічаюць 4 апеляцыйныя суды і касацыйны суд, суды правінцый і мясц. суды.
Прырода. Большую ч. краіны займаюць вулканічныя хрыбты з дзеючымі вулканамі Ірасу (3432 м), Поас (2704 м), Міравальес (2020 м) і міжгорнае вулканічнае цэнтр. плато (Цэнтр. Месета) выш. 900—1200 м. На ПдЗ плато абмежавана хр. Кардыльера-дэ-Таламанка з найвыш. пунктам краіны г. Чырыпо-Грандэ (3820 м). На Пн і па ўзбярэжжах — нізіны. Бываюць разбуральныя вывяржэнні вулканаў і землетрасенні. З карысных выкапняў ёсць невял. радовішчы жал., меднай, марганцавай руд, серы, баксітаў, нафты, серабра і золата. Клімат субэкватарыяльны. На нізінах сярэднямесячныя т-ры 23—25 °C, на плато 19—20 °C. Ападкаў на У да 3000 мм за год, на З — 1000—1500 мм, сухі сезон з ліст. да красавіка. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. На ўсх. узбярэжжы — вечназялёныя вільготнатрапічныя лясы з каштоўнымі пародамі дрэў, на зах. — лістападныя лясы, месцамі саванны. У гарах вышынная пояснасць, дубовыя лясы з падлескам з вечназялёных лаўровых і інш.Нац. паркі Каркавада, Брауліо-Карыльё, Чырыпо; запаведнік Кардыльера-дэ-Таламанка — Ла-Амістад.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва костарыканцы — нашчадкі ісп. каланістаў 16—17 ст. У антрапалагічных адносінах 87% — белыя, астатнія метысы, мулаты, негры. Індзейцаў менш за 1%. Жыве невял. колькасць кітайцаў, немцаў, італьянцаў, амерыканцаў, нікарагуанцаў. 95% вернікаў — католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 70 чал. на 1 км². Каля 75% насельніцтва жыве на цэнтр. плато, дзе шчыльн. да 500 чал. на 1 км². У гарадах — 50% насельніцтва. Найб. горад Сан-Хасэ — 920 тыс.ж. (1997). Каля 100 тыс.ж. у гарадах Алахуэла, Картага, Лімон, Эрэдыя. У прам-сці занята 15% працоўных, у сельскай гаспадарцы — больш за 30%, у абслуговых галінах — 23%.
Гісторыя. Са стараж. часоў гэтую тэрыторыю насялялі індзейскія плямёны. У 1502 яна адкрыта Х Калумбам, з 1513 пачалося заваяванне яе іспанцамі. У 1560 уключана ў склад генерал-капітанства Гватэмала. Іспанцы знішчалі тут стараж. індзейскую культуру і на адабраных у індзейцаў землях закладвалі свае гаспадаркі, будавалі гарады. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 насельніцтва К.-Р. выступіла супраць ісп. панавання і прымусіла ісп. губернатара адмовіцца ад улады. 15.9.1821 абвешчана незалежнасць К.-Р. У 1822 яна далучылася да мекс. імперыі Ітурбідэ, а ў 1823 увайшла ў федэрацыю Злучаных правінцый Цэнтр. Амерыкі; сталіцай К.-Р. стаў г.Сан-Хасэ. У 1825 прынята першая канстытуцыя. У 1838 К.-Р. вылучылася ў самаст. дзяржаву. У 1850-я г. тут пачалася вытв-сць кавы і бананаў на экспарт. З 1870-х г. сюды пранікае капітал ЗША, амер. манаполія «Юнайтэд фрут компані» стала фактычным гаспадаром эканомікі краіны. У канцы 19 ст. ў К.-Р. лібералізаваны адукацыя і заканадаўства. Паліт. стабілізацыя ў краіне з пач. 20 ст. спрыяла ўмацаванню дэмакр. інстытутаў. Эканам. крызіс у час 1-й сусв. вайны даў пачатак працягламу перыяду ўнутр. канфліктаў. Пры прэзідэнце Р.А.Кальдэроне Гуардыі (1940—44) рэфармавана прац. заканадаўства, праведзены абмежаваныя зямельная і сац. рэформы. Гэтую палітыку працягваў прэзідэнт Т.Пікада Міхальскі (1944—48). Змены ў краіне прывялі да палярызацыі грамадства і грамадз. вайны. У 1948 да ўлады прыйшла хунта на чале з Х.Фігерэсам Ферэрам; распушчана рэгулярная армія, аб’яўлена па-за законам камуніст. партыя, праведзены фін. і інш. рэформы. Канстытуцыя 1949 замацавала гэтыя змены.
У 1953—90 на чале ўлады знаходзіліся (з невял. перапынкамі) сацыял-дэмакраты з Партыі нац. вызвалення (ПНВ), у т. л. ў 1953—58 і 1970—74 прэзідэнт Фігерэс Ферэра, у 1986—90 — прэзідэнт О.Арыяс Санчэс. Гэты перыяд адзначаны актыўным умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і сац. палітыку, развіццём перапрацоўчай прам-сці, адноснай паліт. стабілізацыяй, эканам. і гандл. супрацоўніцтвам з цэнтр.-амер. краінамі. З 1981 пачаўся крызіс у адносінах з Нікарагуа, выкліканы пагранічнымі інцыдэнтамі, згодай К.-Р. на знаходжанне на яе тэр. нікарагуанскіх антыўрадавых атрадаў (контрас) і дыпламат. акцыямі, скіраванымі на паліт. -ізаляцыю Нікарагуа. Прэзідэнт Арыяс Санчэс распачаў захады для пераадолення эканам. крызісу і ўрэгулявання цэнтр.-амер. канфлікту (Гватэмальскае пагадненне, падпісанае ў 1987 пяццю дзяржавамі Цэнтр. Амерыкі). У 1994 прэзідэнтам краіны абраны лідэр ПНВ Х.М.Фігерэс Олсен. К.-Р. — чл.ААН (з 1945), Арг-цыі амер. дзяржаў. Дзейнічаюць Партыя нац. вызвалення, Партыя сацыял-хрысц. адзінства, Партыя нар. авангард К.-Р., Партыя костарыканскага народа, Унітарная канфедэрацыя працоўных, Коста-рыканская канфедэрацыя дэмакр. працоўных. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв 1992. К.-Р. добраахвотна адмовілася ад утрымання ўзбр. сіл, што дазволіла палепшыць эканам. становішча насельніцтва.
Гаспадарка. К.-Р. — адна з найб. развітых краін Цэнтр. Амерыкі. Штогадовы даход на 1 чал. больш за 2 тыс.дол. ЗША. У эканоміцы важную ролю адыгрывае замежны капітал. Пад кантролем дзяржавы энергетыка, чыг. транспарт, банкаўская сістэма, нафтаперапрацоўка і размеркаванне нафтапрадуктаў, вытв-сць спіртных напіткаў, сувязь. Доля ў валавым унутр. прадукце сельскай і лясной гаспадаркі каля 20%, прам-сці каля 25%. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вытв-сці трапічных культур, пераважна на экспарт. Апрацоўваецца каля 300 тыс.га, пад шматгадовымі культурамі каля 210 тыс.га, пад пашай і хмызнякамі каля 1,5 млн.га. На цэнтр. плато пераважае дробнае і сярэдняе землеўладанне. Кліматычныя і глебавыя ўмовы спрыяюць вырошчванню кавы гатунку «арабіка». Штогод збіраюць каля 150 тыс.т (каля 2,5% сусв. вытв-сці, 7—11-е месца ў свеце). З харч. культур вырошчваюць кукурузу, рыс, сорга, фасолю, бульбу, батат, агародніну, а таксама кветкі на экспарт (раён г. Алахуэла). На нізінах гал. культура — бананы, штогадовы збор 1—2 млн.т (каля 4% сусв. вытв-сці, 6—8-е месца ў свеце). Меншае значэнне мае вырошчванне какавы, цукр. трыснягу, тэкст. бананаў (з валокнаў вырабляюць т.зв. абаку, або манільскую пяньку, 3-е месца ў свеце пасля Філіпін і Малайзіі), ананасаў, цытрусавых, алейнай і какосавай пальмаў, тытуню, бавоўніку, сізалю. Жывёлагадоўля мяснога кірунку на натуральных лугах і ў саваннах; найб. развіта ў горнай ч. краіны і на зах. узбярэжжы. У 1996 было 1,6 млн. галоў буйн. раг. жывёлы. Гадуюць таксама свіней (каля 200 тыс. галоў), коней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Марское рыбалоўства (18,1 тыс.т, 1992) і збор морапрадуктаў. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Прамысловасць прадстаўлена пераважна дробнымі прадпрыемствамі, больш за 70% якіх спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў харчавання, тэкстылю, абутку, дрэваапрацоўцы. Невял. здабыча золата, серабра, баксітаў, марганцавых руд. На зах. узбярэжжы здабыча солі з марской вады. Вытв-сць электраэнергіі 4,5 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС у гарах. Развіта харч. і харчасмакавая прам-сць (вытв-сць мясных, рыбных і агароднінных кансерваў, цукру, спіртных і прахаладжальных напіткаў, мукі і хлебабулачных вырабаў, цыгарэт, апрацоўка кавы і какавы, пладоў алейнай і какосавай пальмаў), а таксама тэкст. і швейная прам-сць. Ёсць прадпрыемствы гарбарна-абутковай, дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай, шкляной, цэм., гумавай, хім. (мінер. ўгнаенні), металаапр. прам-сці. Выраб радыёапаратуры, зборка аўтамашын з імпартаваных вузлоў і дэталяў. Большая ч.прамысл. прадпрыемстваў у г. Сан-Хасэ. У г. Лімон нафтаперапр.з-д, у г. Картага прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў. Развіта саматужная вытв-сць прадметаў хатняга ўжытку, маст. разьбярства і размалёўка па дрэве. Замежны турызм — каля 0,5 млн.чал. штогод, пераважна з ЗША. Даход ад турызму 626 млн.дол. (1994). Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Даўж. аўтадарог 26 тыс.км, у т. л. 8,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём, чыгунак 950 км. Праз К.-Р. з ПнЗ на ПдУ праходзіць участак Панамерыканскай шашы. Асн. чыгунка (даўж. 687 км) Лімон—Сан-Хасэ—Пунгарэнас злучае сталіцу з гал. партамі на Карыбскім м. і Ціхім ак. Знешні гандаль пераважна марскім транспартам. Дзейнічае прадуктаправод Лімон—Сан-Хасэ. 13 авіяпортаў і пасадачных пляцовак. Міжнар. аэрапорт у Сан-Хасэ. У 1995 экспарт склаў 2,4 млрд.дол., імпарт — 3 млрд.дол. Экспартуюцца кава і бананы (разам больш за 50% па кошце), адзенне, ананасы, мяса, какава, кветкі, абака, цукар, драўніна. У імпарце пераважаюць прамысл. тавары, транспарт. сродкі і абсталяванне, паліва, харч. прадукты. Замежны гандаль вядзецца пераважна з ЗША (42% экспарту, 43% імпарту), Германіяй (адпаведна 9 і 4%), Японіяй (8% імпарту), Гватэмалай, Бельгіяй, Італіяй, Венесуэлай, Мексікай, Бразіліяй. Грашовая адзінка — калон.
Літ.:
Гамбоа Ф. Коста-Рика: Ист.-публицист. очерк: Пер. с исп. М., 1966;
Рютова Т.Ю. Коста-Рика: тревожные времена. М., 1981.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Коста-Рыкі.Да арт.Коста-Рыка. Кававая плантацыя.Да арт.Коста-Рыка. Тыповы краявід на цэнтральным плато.