СЕН-ЖОН ПЕРС [Saint-John Perse; сапр. Лежэ (Léger) Алексі; 31.5.1887, в-аў Гвадэлупа, Францыя — 20.9.1975],

французскі паэт, дыпламат. Атрымаў адукацыю ў Бардо і Парыжы. У 1916—40 на дыпламатычнай рабоце. Друкаваўся з 1909. У творчасці імкнуўся да эпічнасці, нац. традыцый. Форма верша С.-Ж.П. — версэ (верш, які запісваўся прозай і пабудаваны ў духу традыц. франц. метрыкі). Апяваў свет прыроды, нац. традыцыі Усходу (паэма «Анабасіс», 1924). Адзін з натхняльнікаў Руху Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну (цыклы вершаў «Выгнанне», 1942; «Вятры», 1946). У паэмах «Арыенціры» (1957), «Птушкі» (1963), «Песня раўнадзенства» (1971), «Засуха» (1974) і інш. абарона актыўнай грамадз. пазіцыі, пошукі шляху ў аднаўленні нац. велічы Францыі. Нобелеўская прэмія 1960.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1996.

Літ.:

Балашов Н.И. Сен-Жон Перс // История французской литературы. М., 1963. Т. 4.

Сен-Жон Перс.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Канстанцін Адам (Аляксандр Казімір; 28.10.1773, Варшава — 20.3.1860),

польскі і рас. вайск. і дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. У 1795 разам з братам А.Е.Чартарыйскім адпраўлены ў Пецярбург і залічаны афіцэрам у лейб-гвардыі Ізмайлаўскі полк, потым — камер-юнкерам. З 1796 ад’ютант вял. князя Канстанціна Паўлавіча ў чыне ген.-маёра. У 1798 атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму і пасяліўся ў маёнтку Пулавы. У час аўстра-франц. вайны 1809 змагаўся на баку Напалеона I як генерал Варшаўскага княства; у вайну 1812 вызначыўся ў Смаленскай бітве, цяжка кантужаны пад Барадзіном. Пасля ўтварэння Каралеўства Польскага з 1815 каралеўскі ген.-ад’ютант пры імператару Аляксандру I. З 1828 у Вене. У час паўстання 1830—31 выконваў дыпламат. місію ад А.​Е.​Чартарыйскага да К.​Метэрніха. Меў маёнткі на Беларусі (Воўчынскі і Рэчыцкі ключы).

А.​У.​Ерашэвіч.

т. 17, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЧЭВЕ́РЫЯ АЛЬВА́РЭС (Echeverria Alvares) Луіс (н. 17.1.1922, Мехіка),

дзяржаўны дзеяч Мексікі. Скончыў Нац. аўт. ун-т Мексікі (1945). Чл. (з 1946), ген. сакратар Выканкома (1957) правячай Інстытуцыйна-рэв. партыі. З 1952 у мін-вах марскога флоту, асветы. З 1958 нам. міністра, з 1964 міністр унутр. спраў. У 1970—76 прэзідэнт Мексікі. Урад Э.А. прыняў закон аб агр. рэформе (1971), новы выбарчы закон (1972), закон аб заахвочванні мекс. і рэгуляванні замежных капіталаўкладанняў (1973); стварыў фонд жыллёвага буд-ва для рабочых, увёў 5-дзённы рабочы тыдзень для служачых; у знешнепаліт. дзейнасці імкнуўся аслабіць гандл.-эканам. залежнасць Мексікі ад ЗША, пашырыць рознабаковыя сувязі з краінамі Еўропы, Японіяй і СССР, у 1972 устанавіў дыпламат. адносіны з Кіт. Нар. Рэспублікай. У 1976—86 ген. дырэктар Цэнтра вывучэння эканомікі і грамадства краін трэцяга свету.

т. 18, кн. 1, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБУХО́ВІЧ Піліп Казімір (? — 6.9.1656),

дзярж. і ваенны дзеяч ВКЛ, дыпламат, пісьменнік. З роду Абуховічаў, паходжаннем з мазырскай шляхты, якая асела на Навагрудчыне. Скончыў Замойскую акадэмію (цяпер Люблінскае ваяв., Польшча). З 1649 пісар ВКЛ. Пасол у Венецыі і Маскве (1651). Ваявода віцебскі, смаленскі (1653). У 1654 узначальваў абарону Смаленска і пасля доўгай аблогі здаў горад рус. войскам. За гэта быў абвінавачаны ў здрадзе, але на сойме 1658 апраўданы. Яму адрасаваны «Ліст да Абуховіча». Аўтар вершаў на лац. мове. У 1617 у Замосці апубл. прамовы на лац. і грэчаскай мовах у гонар П.​Замойскага. У «Дыярыушы» апісаў падзеі 1630—54: грамадска-паліт. жыццё Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі, ваен. падзеі ў час антыфеад. вайны ўкр. і бел. народаў 1648—54, міжнар. адносіны ва Усх. Еўропе сярэдзіны 17 ст. і інш.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 1, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НШЭР (Genscher) Ганс Дзітрых (н. 21.3.1927, г. Гале, Германія),

палітычны і дзярж. дзеяч ФРГ, дыпламат. Адвакат. У 1945 служыў у вермахце, быў у амер. і брыт. палоне. З 1946 чл. Ліберальна-дэмакр. партыі Германіі. Вучыўся ў Лейпцыгскім (да 1949) і Гамбургскім ун-тах. Пасля расколу Германіі (1949) жыў у ГДР, у 1952 перасяліўся ў ФРГ. З 1952 чл. Свабоднай дэмакр. партыі (СвДП), у 1974—85 яе федэральны старшыня. У 1969—74 міністр унутр. спраў ва ўрадзе В.Бранта. У 1974—92 міністр замежных спраў і нам. федэральнага канцлера (віцэ-канцлер) ва ўрадах Г.Шміта і Г.Коля. Дыпламатычна садзейнічаў палітыцы разрадкі ў адносінах паміж Усходам і Захадам, аб’яднанню Германіі ў 1990, прызнанню ў 1991—92 новых незалежных еўрап. дзяржаў (краін Балтыі, б. рэспублік Югаславіі) і інш. Дэп. бундэстага (з 1965). Ганаровы старшыня СвДП.

У.​Я.​Калаткоў.

Г.​Дз.Геншэр.

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ХАЎ (Buchow) Данііл Прынтц фон [14.9-1546, г. Львоў або Лемперк (Чэхія) — 1608], дыпламат герм. імператара, пісьменнік. Як пасол Максіміляна II і Рудольфа II у 1576 і 1578 ездзіў у Маскву. Дамагаўся садзейнічання Івана IV у абранні на трон Рэчы Паспалітай аўстр. эрцгерцага Эрнста, сына Максіміляна II; прапаноўваў цару вывесці войскі з Інфлянтаў. У 1577 склаў на лац. мове справаздачу аб пасольстве, якая фактычна стала апісаннем Масковіі ў час Інфлянцкай вайны 1558—82. У ёй ёсць звесткі пра баявыя дзеянні, у т. л. на Беларусі, узяцце рус. войскам у 1563 Полацка. Пры напісанні карыстаўся рус. рукапісамі. Твор лічыцца праўдзівым па верагоднасці і дакладнасці звестак. Упершыню выдадзены ў 1668 у Нейсе.

Тв.:

Рус. пер. — Начало и возвышение Московии // Чтения в имп. о-ве истории и древностей Российских. 1876. Кн. 3—4.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІ ШАЎКО́ВЫ ШЛЯХ,

караванны шлях з Кітая ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі ў 2 ст. да н.э. — 15 ст. н.э. Адкрыты ў час падарожжа Чжан Цяня. Ішоў з Сіяня праз Ланьчжоў у Дуньхуан, дзе раздвойваўся: паўн. дарога ішла ў Ферганскую даліну, паўд. перасякала горныя хрыбты Паміра, вяла ў Індыю і на Б. Усход. Гал. таварам быў кіт. шоўк, асн. гандлярамі — сярэднеазіяцкія купцы-пасрэднікі. Актыўна выкарыстоўваўся для дыпламат. сувязей, асабліва на мяжы 1—2 ст., калі ў Кітай і з Кітая штогод адпраўляліся пасольствы, якія суправаджаліся гандл. караванамі. У 3—6 ст. выкарыстоўваўся як «дарога пілігрымаў», па якой будыйскія манахі ішлі з Кітая ў Індыю і назад. У 10 ст. па шляху ўстанавіліся сувязі Кітая з Візантыяй, арабамі. У 13—14 ст. злучыў аддаленыя раёны Манг. імперыі. Заняпаў з развіццём марскіх зносін.

т. 4, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕБЕ́КСКІЯ КАНФЕРЭ́НЦЫІ 1943, 1944,

нарады прэзідэнта ЗША Ф.​Рузвельта і прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі У.​Чэрчыля ў г. Квебек (Канада) у 2-ю сусв. вайну. 1-я К.к. адбылася 14—24.8.1943 пры ўдзеле начальнікаў штабоў ЗША і Вялікабрытаніі. Бакі пацвердзілі свае намеры адкрыць другі фронт у Еўропе (Францыя) не раней як у маі 1944, заключылі сакрэтнае пагадненне аб англа-амер. супрацоўніцтве ў галіне стварэння атамнай бомбы, абмеркавалі пытанні аб дыпламат. прызнанні франц. К-та нац. вызвалення, пра ўмовы капітуляцыі Італіі і інш. 2-я К.к. праходзіла 11—16.9.1944 пры ўдзеле міністра фінансаў ЗША Г.​Моргентау, міністра замежных спраў Вялікабрытаніі Э.​Ідэна і Аб’яднанай групы начальнікаў штабоў. Бакі вырашылі пасля вызвалення Італіі ад ням.-фаш. войск развіваць наступленне на Трыест і Вену, выказаліся за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Японіі, абмяркоўвалі план расчлянення Германіі і інш.

т. 8, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНУА́ (Lannoy) Жыльбер дэ (1386—22.4.1462),

бургундскі падарожнік, дыпламат, мемуарыст. Шмат падарожнічаў (Германія, Данія, Іспанія, Сірыя, Св. Зямля). У 1413—14 і 1421 здзейсніў 2 падарожжы па Усх. Еўропе. 1-е адбылося пасля яго ўдзелу ў паходзе крыжакоў на Польшчу і пралягала праз-ВКЛ па маршруце Дынабург—Вільня—Трокі—Коўна—Мемель. Сустракаўся з вял. кн. Вітаўтам. У час 2-га падарожжа праехаў праз Падолле, у Камянцы зноў сустрэўся з Вітаўтам, прысутнічаў пры прыняцці ім пскоўскага і наўгародскага пасольстваў. У дзённіках шмат каштоўных звестак па гісторыі ВКЛ, у т. л. і этнаграфічнага зместу. Адзначыў наяўнасць у жыхароў ВКЛ «асобнай» мовы і існаванне 12 епархій. Як католік папракаў Вітаўта за сувязь з гусітамі. Місія Л. падвяла рысу пад доўгім перыядам насцярожана-варожага стаўлення да ВКЛ як да дзяржавы «язычнікаў» і садзейнічала пашырэнню ведаў аб ёй у Зах. Еўропе.

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЕРБЕРГ (Meyerberg) Аўгусцін (жн. 1612, Сілезія — 23.3.1688),

аўстрыйскі дыпламат. Сапр. прозвішча фон Маерн, з 1666 меў тытул барона М. У 1661 імператар Леапольд I адправіў яго паслом у Расію з мэтай садзейнічаць заключэнню міру з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67). На зваротным шляху М. правёў каля 9 месяцаў у ВКЛ, праехаў па Дняпры ад Смаленска да Магілёва, адтуль праз Мінск і Барысаў у Вільню. У 1663 апублікаваў кн. «Падарожжа ў Масковію» з апісаннем свайго пасольства, падрабязным экскурсам у гісторыю Маскоўскай дзяржавы, у т. л. яе ўзаемаадносін з ВКЛ і Рэччу Паспалітай. Прывёў звесткі пра забойства гетмана В.​Гасеўскага, пра архітэктуру, побыт жыхароў і прыроду Беларусі. Адзначаў, што пад Белай Руссю ў Расіі разумеюць «вобласці паміж Прыпяццю, Дняпром і Дзвіною, з гарадамі Навагрудкам, Мінскам, Мсціславам, Смаленскам, Віцебскам і Полацкам».

А.​В.​Белы.

т. 9, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)