МЯЦЕ́ЛІЦА (Дзмітрый Іванавіч) (н. 2.2.1938, г. Смаленск, Расія),
бел. вучоны ў галіне фізікахіміі і біяхіміі. Д-р хім. н. (1976), праф. (1988). Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (1961). З 1974 у Ін-це біяарган. хіміі Нац. АН Беларусі (з 1985 заг. лабараторыі). Навук. працы па хім. і ферментатыўнай кінетыцы, даследаванні механізма дзеяння акісляльна-аднаўляльных ферментаў (цытахром Р-450, пераксідаза, каталаза і дэгідрагеназа) і ферментатыўных працэсаў у міцэлярных сістэмах, па імунаферментным аналізе і яго выкарыстанні ў медыцыне.
Тв.:
Активация кислорода ферментными системами. М., 1982;
Моделирование окислительно-восстановительных ферментов. Мн., 1984.
т. 11, с. 83
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУ́МАВА (Софія Фадзееўна) (23.5.1924, в. Заазер’е Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 12.3.2000),
бел. вучоны ў галіне хіміі высокамалекулярных злучэнняў. Д-р хім. н. (1974). Скончыла БДУ (1949). У 1949—89 у Ін-це фізіка-арган. хіміі АН Беларусі (у 1952—67 і 1975—86 заг. лабараторыі). Навук. працы па сінтэзе і даследаванні ўласцівасцей палімерных святлоадчувальных матэрыялаў, антыстатыкаў і антыстатычных лакаў, распрацоўцы новых поліфункцыянальных манамерных і алігамерных стабілізатараў.
Тв.:
Циклогекса-1,3-диен и продукты на его основе. Мн., 1980 (разам з Б.В.Ерафеевым, В.Д.Юрынай).
т. 11, с. 111
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́ЎРЫ (грэч. Nevroi),
старажытнае племя, якое, паводле звестак Герадота, жыло ў 6—5 ст. да н.э. ў басейнах р. Гарынь і Паўд. Буг. Аб Н. і іх краіне Неўрыдзе згадвалі таксама Эфор, Дыянісій Перыегет, Пліній Старэйшы, Аміян Марцэлін і інш. антычныя аўтары. Інфармацыя Герадота пра тое, што кожны неўр штогод на некалькі дзён ператвараецца ў ваўка, дала падставу шматлікім аўтарам (П.Шафарык, П.Шпілеўскі і інш.) змяшчаць Н. на тэр. Беларусі, дзе ўяўленне аб ваўках-пярэваратнях было найб. пашырана. Археал. даследаванні дазваляюць атаясамліваць з герадотавымі Н. частку насельніцтва мілаградскай культуры.
т. 11, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЛЬСАН-Э́ЛЕ ((Nilsson-Ehle) Нільс Герман) (12.2.1873, г. Скаруп, Швецыя — 29.12.1949),
шведскі генетык. Замежны чл.-кар. АН СССР (1932). Скончыў Лундскі ун-т (1894). З 1900 у Шведскай асацыяцыі насенняводства, з 1915 у Ін-це генетыкі і селекцыі ў г. Лунд, у 1925—39 у Ін-це селекцыі раслін у г. Свалёф. Навук. працы па батаніцы, гібрыдызацыі, генетыцы раслін. Вывучаў генетыку колькасных адзнак у с.-r. раслін, правёў фундаментальныя даследаванні па поліплаідыі і эксперым. мутагенезе, трыплаідыі ў яблынь. Устанавіў палімернае (палігеннае) наследаванне ў большасці с.-г. культур.
т. 11, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМАН (Барыс Юсцінавіч) (н. 6.2.1945, С.-Пецярбург),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984), праф. (1985). Скончыў Ленінградскі ун-т (1966). З 1968 працуе ў БДУ. Навук. даследаванні ў галіне агульнага, слав. і рус. мовазнаўства. Аўтар кніг: «Пераходнасць, стан, зваротнасць (на матэрыяле балгарскай і іншых славянскіх моў)» (1972), «Сінтаксіс маўленчай дзейнасці» (1978), «Балгарская мова» (1980), «Агульнае мовазнаўства»» (1983, у сааўт.), «Зборнік задач па ўводзінах у мовазнаўства» (1989), «Лінгвістыка кожнага дня» (1991), вучэбнага дапаможніка «Асновы мовазнаўства» (1996) і інш.
Тв.:
Язык: знакомый незнакомец. Мн., 1987;
Грамматика говорящего. СПб., 1994.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯМЦО́Ў (Валянцін Барысавіч) (н. 24.2.1936, в. Навасёлкі Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне статыстычнай механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1989). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1959). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це. Навук. працы па даследаванні кандэнсаваных сістэм (вадкіх крышталёў, малекул ДНК, біял. мембран). Распрацаваў статыстычную тэорыю нераўнаважных працэсаў у вадкіх крышталях, прадказаў наяўнасць каларычнага і механахім. эфектаў награвання і змен канцэнтрацыі многакампанентных сістэм у выніку арыентацыйнай дэфармацыі хіральнага асяроддзя.
Тв.:
Неравновесная статистическая механика систем с ориентационным порядком. Мн., 1997.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 410
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГРАНІ́ЧНЫ СЛОЙ у гідрадынаміцы,
тонкі слой цячэння вязкай вадкасці (газу), які ўзнікае пры абцяканні цвёрдага цела або на мяжы падзелу 2 патокаў вадкасці з рознымі скарасцямі ці хім. саставам.
Характарызуецца рэзкімі зменамі ў папярочным напрамку скорасці (т-ры, канцэнтрацыі) ад яе пэўнага значэння ў знешнім патоку да нуля на абцяканай паверхні ў выніку вязкага трэння (цеплаправоднасці, дыфузіі) і наліпання вязкай вадкасці на паверхню. Рэжым цячэння вызначаецца Рэйнальдса лікам і можа быць ламінарным ці турбулентным (гл. Ламінарнае цячэнне, Турбулентнае цячэнне). Даследаванні П.с. маюць важнае значэнне ў аэрагідрадынаміцы, метэаралогіі і інш.
т. 11, с. 481
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНСЕ́ВІЧ-КАЛЯДА́ (Васіль Іванавіч) (22.9.1901, в. Пагор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 12.1.1989),
бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1966), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1968). Скончыў БДУ (1935). У 1936—84 у БПІ (у 1955—80 заг. кафедры), адначасова ў 1947—55 у Ін-це хіміі АН Беларусі (заг. лабараторыі). Навук. працы па даследаванні будовы і рэакцыйнай здольнасці эпаксідных злучэнняў. Распрацаваў метады сінтэзу злучэнняў спіранавай структуры.
Тв.:
Органические соединения и введение в химию полимеров. Ч. 1—2. Мн., 1978—80 (разам з І.А.Шнып).
т. 12, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РСАНС (Parsons),
лорд Рос (Rosse) Уільям (17.6.1800, г.Йорк, Вялікабрытанія — 31.10.1867), ірландскі астраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1831) і яго прэзідэнт (1849—54). Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1852). Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Навук. працы па стварэнні тэлескопаў і даследаванні зорных сістэм. Сканструяваў 182-сантыметровы тэлескоп-рэфлектар, які доўгі час заставаўся буйнейшым у свеце, пры дапамозе яго выявіў зоркавую прыроду пазагалактычных туманнасцей (галактык) і ўстанавіў, што многія з іх маюць спіральную будову.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966.
А.І.Болсун.
т. 12, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЕ́НКА (Мікалай Андрэевіч) (26.6.1926, с. Савінка Паласаўскага р-на Валгаградскай вобл., Расія — 10.5.1987),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1979). Скончыў БДУ (1954), выкладаў у ім (з 1980 праф.). З 1985 дырэктар філіяла Ін-та рус. мовы імя А.С.Пушкіна ў Празе. Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, па праблемах бел. словаўтварэння, рус. мове. Аўтар працы «Нарысы па беларускаму словаўтварэнню: Жаночыя асабовыя намінацыі ў старабеларускай мове» (1978), вучэбных дапаможнікаў «Уводзіны ў мовазнаўства» (1962), «Кароткі нарыс гісторыі пісьма» (1965) і інш.
Тв.:
Гісторыя пісьма. 2 выд. Мн., 1987.
т. 12, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)