ФО́ЛКНЕР (Faulkner) Уільям Катберт (25.9.1897, г. Нью-Олбані, штат Місісіпі, ЗША — 6.7.1962),
амерыканскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік л-ры «плыні свядомасці». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (штат Місісіпі; 1919—20). Пачынаў як паэт (зб. «Мармуровы фаўн», 1924). Першы яго раман «Салдацкая ўзнагарода» (1926) пра лёс «страчанага пакалення», раман «Маскіты» (1927) пра людзей мастацтва. Сусв.вядомасць набылі празаічныя творы, якія склалі своеасаблівую эпапею з жыцця амер. Поўдня: раманы «Сартарыс», «Шум і лютасць» (абодва 1929), «Калі я памірала» (1930), «Свяцілішча» (1931), «Святло ў жніўні» (1932), «Авесалом, Авесалом!» (1936); трылогія «Вёсачка» (1940), «Горад» (1957), «Асабняк» (1959); цыклы аповесцей і апавяд. «Няскораныя» (1938), «Сыдзі, Майсей» (1942) і інш. Аўтар раманаў-прыпавесцей «Пілон» (1935), «Прытча» (1954), «Выкрадальнікі» (1962), аповесці «Рэквіем па манашцы» (1951, інсцэніравана А.Камю), кніг нарысаў і эсэ і інш. Яго творы шматгеройныя і шматпадзейныя, адметныя ўвагай да патаемнага існавання чалавека, поліфаніяй думак і пачуццяў, напластаваннем розных часоў, фрагментарнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, насычаны біблейскімі алюзіямі. На бел. мову асобныя навелы Ф. пераклалі А.Асташонак, В.Небышынец. Нобелеўская прэмія 1949.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРА́ФІЯ РАСЛІ́Н, фітагеаграфія,
раздзел батанічнай і фіз. геаграфіі (біягеаграфіі), які вывучае размеркаванне ў сучасным і мінулым асобных відаў раслін і іх сістэматычных груп па паверхні Зямлі і заканамернасці іх пашырэння. Цесна звязана з геабатанікай, палеабатанікай, геалогіяй і інш. Даследуе сучасныя арэалы відаў, родаў, сямействаў раслін (фітахаралогія) і іх гістарычна складзеныя комплексы — геагр. элементы флоры (фларыстычная геаграфія раслін), высвятляе залежнасць пашырэння раслін ад умоў навакольнага асяроддзя (экалагічная геаграфія раслін), гісторыю развіцця флоры зямнога шара і асобных фларыстычных комплексаў, рассяленне і ўзнікненне відаў і інш. таксонаў раслін (флорагенетыка). Практычнае значэнне геаграфіі раслін звязана з пошукам магчымасцей расшырэння асартыменту неабходных для чалавека раслін, з рашэннем пытанняў іх інтрадукцыі і акліматызацыі.
Развіццё геаграфіі раслін як навукі пачалося з даследаванняў ням. вучонага А.Гумбальта і швейц. батаніка К.Дэкандоля. Вял. значэнне для развіцця гіст. эвалюцыйнага прынцыпу ў геаграфіі раслін мелі вучэнне Ч.Дарвіна, работы рус. Вучоных М.Бякетава, А.М.Краснова, М.І.Кузняцова, У.Л.Камарова і інш., а таксама вучэнне В.В.Дакучаева пра зоны прыроды.
На тэр. Беларусі даследаванні па геаграфіі раслін вядуцца з канца 18 — пач. 19 ст. (В.Бесэр, Э.Ліндэман, Р.Пабо, К.Чалоўскі, Р.Траўтфетэр і інш.). Шырокую вядомасць мелі фларыстычныя і фітагеагр. працы І.К.Пачоскага і В.С.Палянскай. Н.-д. работа вядзецца ў НДІАН Беларусі (Ін-тэксперым. батанікі, Ін-тгеал. навук), Цэнтр.бат. садзе, БДУ і інш. Вывучаюцца гіст. і фітагеагр. Сувязі флоры Беларусі з флорамі інш. рэгіёнаў, праводзіцца аналіз уздзеяння чалавека і тэхнагенных фактараў на працэсы флорагенезу, распрацоўваюцца тэарэт. пытанні фітахаралогіі (Н.В.Казлоўская, В.І.Парфёнаў, І.Д.Юркевіч, В.С.Гельтман, Г.У.Вынаеў і інш.).
Літ.:
Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978;
Парфенов В.И., Ким Г.А., Рыковский Г.Ф. Антропогенныя изменения флоры и растительности Белоруссии. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫБАЕ́ДАЎ Аляксандр Сяргеевіч [15.1.1795 (паводле інш. крыніц 1790),
Масква — 11.2.1829], рускі пісьменнік, дыпламат. Скончыў Маскоўскі ун-т (1810). У 1812 пайшоў добраахвотнікам у армію, у 1813—16 служыў у Кобрыне, Брэсце. У 1816 у Пецярбургу зблізіўся з А.Пушкіным, В.Кюхельбекерам, П.Каценіным. З 1817 на службе ў Калегіі замежных спраў, у 1818—22 сакратар рус.дыпламат. місіі ў Персіі. У 1826 за сувязь з дзекабрыстамі арыштаваны, але з-за адсутнасці доказаў вызвалены. З 1828 паўнамоцны пасол Расіі ў Персіі. Забіты ў Тэгеране фанатычным натоўпам мусульман (пахаваны ў Тбілісі). Аўтар камедый «Студэнт» (1817, выд. 1889, з Каценіным), «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (1818, з А.Шахаўскім і М.Хмяльніцкім), «Прытворная нявернасць» (1818, з А.Жандрам). Сусв.вядомасць Грыбаедаву прынесла камедыя ў вершах «Гора ад розуму» (нап. 1822—24). Забароненая цэнзурай (пры жыцці аўтара апубл. толькі ўрыўкі ў альманаху Ф.В.Булгарына «Русская Талия за 1825 г.»), камедыя распаўсюджвалася ў рукапісах (налічвалася каля 40 тыс.экз.). Поўнасцю ў Расіі яна надрукавана ў 1862. «Гора ад розуму» — адзін з самых злабадзённых і вольналюбівых твораў рус. драматургіі 19 ст. Сінтэтычнасць драматургічнай паэтыкі Грыбаедава (спалучэнне ямба з жывой мовай), сінтэз традыцый і наватарства стварылі новую эстэт. якасць — маст. рэалізм, які стаў этапным у развіцці рус. і сусв. драматургіі. У Гомельскім абл. краязнаўчым музеі зберагаецца унікальны варыянт камедыі (належаў графу І.Ф.Паскевічу) з радкамі на рус. і франц. мовах, дапісаных рукой Грыбаедава. На бел. мову камедыю пераклаў М.Лужанін (1949), у 1963 яна была пастаўлена ў Магілёўскім драм. т-ры.
Тв.:
Горе от ума. Комедии. Драматические сцены, 1814—1827. Л., 1987;
Соч.М., 1988;
Бел.пер. — Гора ад розуму. Мн., 1949.
Літ.:
А.С.Грибоедов: Творчество. Биография. Традиции. Л., 1977;
Мещеряков В.П. Жизнь и деяния Александра Грибоедова. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУЛО́Ў Карл Паўлавіч (23.12.1799, С.-Пецярбург — 23.6.1852),
рускі жывапісец. Праф. Пецярбургскай АМ (1836—49), ганаровы чл. Міланскай, Балонскай, Фларэнційскай, Пармскай акадэмій. Брат А.П.Брулова. Вучыўся ў бацькі — скульптара П.Бруло, у Пецярбургскай АМ (1809—21) у А.Іванава, А.Ягорава. Раннія партрэты (П. і М.Кікіных, Н.Рамазанава, усе 1821—22) выяўляюць сувязь з творчасцю А.Кіпрэнскага. У 1823—34 жыў у Італіі, стварыў шэраг жанравых карцін («Італьянскі ранак», 1823; «Італьянскі поўдзень», 1827; «Вірсавія», 1832), у якіх вырашаў праблемы асвятлення. Рысамі рамантызму поўняцца аўтапартрэт (1823—24), партрэты А.Брулова (1823—24), Р.Гагарына (1827—30), В.Пяроўскага (1837), Ю.Самойлавай з выхаванкай (1839—40) і адзін з лепшых — Дж.Пачыні («Жанчына на кані», 1832); паэт. акварэльныя партрэты С.Тургенева (1823—27), З.Валконскай (1830). Шырокую вядомасць набыло палатно «Апошні дзень Пампеі» (1830—33, залаты медаль у Парыжы). Патрыят. тэма — у карціне «Асада Пскова польскім каралём Стафанам Баторыем у 1581 г.» (1839—43; няскончаная). З 1843 больш як 4 гады размалёўваў Ісакіеўскі сабор. Гал. дасягненні гэтага часу — партрэты дзеячаў рус. культуры (Н.Кукальніка, 1836; І.Віталі, 1836—37; В.Жукоўскага, 1837—38; І.Крылова, 1839; А.Стругоўшчыкава, 1840; аўтапартрэт, 1848). У 1849 з-за хваробы выехаў на в-аў Мадэйра, у 1850 — у Рым, там маляваў партрэты археолага М.Ланчы (1851) і членаў сям’і Тытоні (1851—52). Творчасць Брулова — адна з вяршыняў рус. жывапісу 1-й пал. 19 ст. У мастацтва класіцызму ён унёс жыццёвасць і непасрэднасць. Рэалізм яго твораў меў пераважна рамант. афарбоўку. Для яго мастацтва характэрна сцвярджэнне эмоцый, пачуццёва-пластычнай прыгажосці чалавечага цела. У Нац.маст. музеі Беларусі 5 работ Брулова [партрэты М.Ю.Віельгорскага, 1828, М.Д.Алферакі, 1842, «Палажэнне ў труну» (1836—пач. 1840-х г.), «Зацьменне сонца» (1851—52) і інш.].
Літ.:
Леонтьева Г. Карл Брюллов. 2 изд. Л., 1983.
А.Д.Шапашнікава.
К.Брулоў. Партрэт М.Ю.Віельгорскага. 1828. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л Антоні Генрык (13.6.1775, Вільня — 7.4.1833),
палітычны дзеяч, мецэнат, кампазітар-аматар, спявак (тэнар). Сын Міхала Гераніма Радзівіла (гл. ў арт.Радзівілы). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це (да 1794). У 1796 ажаніўся з Фрэдэрыкай Луізай, прынцэсай Брандэнбургскай, пляменніцай прускага караля, і застаўся ў Прусіі. Пасля паўстання 1794 падтрымліваў планы адраджэння польскай дзяржавы на чале з каралём Прусіі Гогенцолернам, дзе сам разлічваў стаць віцэ-каралём, а Т.Касцюшка — галоўнакамандуючым. Выступаў за кааліцыю Прусіі, Расіі і Аўстрыі супраць Напалеона, стварэнне асобнай арміі з ураджэнцаў б. Рэчы Паспалітай. Ардынат нясвіжскі і алыцкі (1814). У 1815—33 намеснік прускага караля ў Вял.кн. Пазнанскім, ген.-паручнік. Трымаў у Берліне і Познані артыстычныя салоны. Быў выдатным віяланчэлістам і гітарыстам, іграў на інш.муз. інструментах, пісаў музыку, спяваў у аматарскіх спектаклях («Вялікі дзень у замку, альбо Сцэны трубадураў з 1148 года»; паст. у час Венскага кангрэса 1815). Пісаў рамансы (у т. л. з «Вільгельма Майстэра» І.В.Гётэ), вак. дуэты і трыа, фп. творы (вальсы, паланэзы), хары (у сучасным рэпертуары хар. калектываў Берлінскай акадэміі музыкі). Набыў вядомасць як кампазітар оперы «Фауст» (лібрэта Гётэ). Падтрымліваў кантакты з вядомымі кампазітарамі. Свае творы яму прысвяцілі Л.Бетховен («Імянінная» уверцюра), Ф.Мендэльсон (фп. квартэт), Ф.Шапэн (фп. трыо g-moll), М.Шыманоўская (серэнада для фп. і віяланчэлі). На Беларусі фрагменты оперы «Фауст» упершыню паказаны ў 1995 у Нясвіжы «Беларускай капэлай», у 1999 цалкам Нац.акад. т-рам оперы, запісана на радыё.
Літ.:
Скорабагатаў В. Беларускі «Фауст» // Спадчына. 1995. № 1;
Яго ж. Лёс падарыў Гётэ музыку Радзівіла // Мастацтва. 1995. № 4;
Собалева Н. Агмень родавы, агмень культурны: (Жыцьцё, дзейнасць і атачэньне Антонія Генрыка Радзівіла) // Там жа. № 8;
Яе ж. «Геніяльная парывістая кампазіцыя...» // Там жа. № 9;
Jachimecki Z., Pozniak W. Antoni Radziwilł i jego muzyka do Fausta. Kraków, 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАЯ́НС (франц. faïence ад назвы італьян. горада Фаэнца, дзе вырабляюць фаянс),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго. Атрымліваюць абпалам паўфабрыкатаў з тонкай сумесі белапаленай гліны, кааліну, кварцу, палявога шпату.
Пасля абпалу Ф. мае шчыльны драбнапорысты непрасвечвальны чарапок. Для змяншэння водапаглынання Ф. пакрываюць непразрыстай (глухой) або празрыстай палівай. Вызначаецца мех. трываласцю, воданепранікальнасцю, хім. і тэрмічнай устойлівасцю. Выкарыстоўваецца для вырабу сан.-тэхн. абсталявання, абліцовачных плітак, посуду, дэкар. вырабаў і інш. Вырабы з матэрыялу, блізкага да Ф., вядомыя з 4—5 ст. (Стараж. Егіпет, Кітай). У 16 ст. выраб Ф. пачаўся ў Францыі, з 18 ст. — у Расіі.
2) У мастацтве — вырабы з гэтага матэрыялу (посуд, дробная пластыка, вазы, арх. дэталі, дэкар. пано і інш.) маст. і быт. прызначэння. Фаянсавым вырабам уласцівы большая ў параўнанні з фарфорам абагульненасць форм, разнастайнасць спосабаў дэкарыравання, колеравай палітры і відаў палівы.
Пераважае размалёўка керамічнымі фарбамі: падпаліваная ручная (солямі металаў, ангобам, каляровымі эмалямі і палівай), а таксама мех. (аэраграфія, шаўкаграфія, штамп); надпаліваная ручная спец. фарбавальнікамі, а таксама надпаліваны друк, штамп, абводка золатам, шаўкаграфія і інш. Вырабы аздабляюць таксама ляпным рэльефам і скульпт. дэталямі ў спалучэнні з размалёўкай. Сусв.вядомасць набылі фаянсавыя вырабы краін Усходу, а таксама дэлфцкі Ф. (Нідэрланды), мануфактуры Дж.Уэджвуда (Вялікабрытанія), гжэльская кераміка (Расія) і інш.
На Беларусі Ф. вядомы з 18 ст. Яго выраблялі на мануфактурах кн. Радзівілаў у Свержані (гл.Свержанская фаянсавая мануфактура) і Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), А.Тызенгаўза ў Гродне, М.Агінскага ў Целяханах (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), з 1818 на ф-цы ў Слуцку, з 1951 на Мінскім фарфора-фаянсавым з-дзе (з 1961 Мінскі фарфоравы завод). З 1960-х г.дэкар. кампазіцыі, вазы, блюды, наборы посуду дэкар. пано стварылі бел. мастакі В.Гаўрылаў, Р.Кійко, Т.Пятроўская, З.Раўко, Э.Фокіна і інш.
Л.Д.Фінкельштэйн.
Да арт.Фаянс. Вазы ў стылі «чорны базальт». Мануфактура «Уэджвуд». Вялікабрытанія. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНС (France) Анатоль [сапр.Цібо
(Thibault) Жак Франсуа Анатоль; 16.4.1844, Парыж — 12.10.1924], французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1896). Літ. дзейнасць пачаў як журналіст і паэт. У ранніх творах (зб. «Залатыя паэмы», 1873; драм. паэма «Карынфскае вяселле», 1876) уплыў паэтаў-парнасцаў. У аповесцях «Іакаста» і «Худы кот» (абедзве 1879) цікавасць да філасофіі пазітывізму, дакладных і прыродазнаўчых навук. Высокім майстэрствам адзначаны яго раманы «Злачынства Сільвестра Банара» (1881),
«Таіс» (1890), «Харчэўня каралевы Гусіныя лапы» (1892), «Меркаванні пана Жэрома Куаньяра» (1893), кн. афарызмаў «Сад Эпікура» (1894), зб-кі навел «Валтасар» (1889), «Перламутравы куфэрак» (1892), «Студня святой Клары» (1895), «Кліо» (1900) і інш.Сусв.вядомасць набылі тэтралогія «Сучасная гісторыя» (1897—1901), раманы філас. «На белым камені» (1904), сатыр. «Востраў пінгвінаў» (1908), гіст. «Богі прагнуць» (1912), «Паўстанне анёлаў» (1914), у якіх выкрываліся сац.-паліт. заганы, падзеі і норавы розных гіст. эпох суадносіліся з тагачасным ладам. Паэтыка Ф. адметная багаццем сатыр. палітры, спалучэннем канкрэтна-рэаліст. з умоўна-фантаст., дакументальнасці з алегорыяй, біблейскімі матывамі і вобразамі, стылізацыямі стараж. легенд, хронік і мемуараў, утопіяй і антыутопіяй. Аўтар кн. «Літаратурнае жыццё» (т. 1—4, 1888—92, т. 5, выд. 1949), гіст. працы «Жыццё Жанны д’Арк» (т. 1—2, 1908), цыкла аўтабіягр. твораў, літ.-крытычных эцюдаў, філас. дыялогаў, п’ес і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Жукоўскі, М.Блісцінаў. Нобелеўская прэмія 1921.
Тв.:
Бел.пер. — Богі прагнуць. Мн., 1940;
Крэнкебіль. 2 выд.Мн., 1940;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Избр. историческая проза. М., 1988.
Літ.:
Лиходзиевский С.И. Анатоль Франс: Очерк творчества. Ташкент, 1962;
Фрид Я.В. Анатоль Франс и его время. М., 1975;
Анатоль Франс: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. языке (1877—1982). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ (Scott) Вальтэр (15.8.1771, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 21.9.1832),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Эдынбургскім ун-це. Па адукацыі юрыст. З 1799 шэрыф, з 1806 сакратар суда. Літ. дзейнасць пачаў са збірання нар. легенд і балад (зб. «Песні шатландскай мяжы», ч. 1—3, 1802—03). Папулярнасць набыў рамант. паэмамі «Песня апошняга менестрэля» (1805), «Марміён» (1808), «Дзева возера» (1810) і інш., у якіх спалучэнне драм. фабулы з маляўнічымі шатл. пейзажамі, сцэнамі палявання і казачнымі прыгодамі. Сусв.вядомасць С. прынеслі гіст. раманы, у якіх ён стварыў партрэты Шатландыі, Англіі і кантынента з пач. сярэдневякоўя і да канца 18 ст., паказаў уплыў паліт. і інш. сіл на развіццё чалавечай асобы. Аўтар т.зв. шатландскіх раманаў, у т. л. «Уэверлі» (1814), «Пурытане» (1816), «Роб Рой» (1818), у якіх адлюстраваў найб. значныя падзеі з гісторыі Шатландыі. У рамане «Айвенга» (т. 1—3, 1820, экранізаваны ў 1952 і 1983) на фоне жорсткага самавольства феадалаў, гвалтоўных дзеянняў рыцараў-крыжакоў паказаў рамант. каханне і адвагу, пышнасць рыцарскіх турніраў. Раманы «Манастыр», «Абат» (абодва 1820), «Кенілварт» (1821), «Вудстак» (1826) і інш. пра падзеі з гісторыі Англіі, раман «Квенцін Дорвард» (т. 1—3, 1823, экранізаваны ў 1988) пра абс. манархію ў Францыі ў часы праўлення Людовіка XI. Сярод найб. вядомых раманаў: «Чорны карлік» (1816), «Ламемурская нявеста» (1819), «Перцкая прыгажуня» (1828), «Граф Роберт Парыжскі» (1832, экранізаваны ў 2000 пад назвай «Рыцарскі раман») і інш. Аўтар гіст. і гісторыка-літ. прац, аповесцей, навел. Творчасць С., якая вызначаецца гістарызмам, асабістым поглядам на падзеі, рамант. героямі і рэаліст. паказам жыцця, паўплывала на развіццё гіст. рамана ў сусв. л-ры 19—20 ст. На бел. мову яго асобныя раманы пераклалі Л.Забалоцкая, М.Пазнякоў.
Тв.:
Бел.пер. — Айвенга. Мн., 1997;
Квенцін Дорвард. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—20. М.; Л., 1960—65.
Літ.:
Орлов С.А. Исторический роман Валыгера Скотга. Горький, 1960;
Реизов Б.Г. Творчество Вальтера Скотта. М.; Л., 1965;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВА́ЦКІ (Słowacki) Юльюш (4.9.1809, г. Крэменец Цярнопальскай вобл., Украіна — 3.4.1849),
польскі паэт, драматург. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1825—28). У 1829 пераехаў у Варшаву. З 1831 у эміграцыі (Францыя, Швейцарыя, Грэцыя, Італія). Раннія вершы («Ода да вольнасці», «Куліг», «Песня літоўскага легіёна» і інш.) прысвечаны нац.-вызв. барацьбе. У паэмах «Гуго» (нап. 1829), «Манах», «Араб», «Ян Бялецкі» (усе нап. 1830), «Змяя» (нап. 1831) уплыў сусв.рамант. паэзіі. Праблемы тагачаснага паліт. жыцця ў цэнтры драм «Міндоўг, кароль літоўскі» (нап. 1829), «Марыя Сцюарт» (паст. 1862). Аўтар аўтабіягр. («Гадзіна роздуму»), гераічнай («Ламбро, грэчаскі паўстанец», абедзве 1833), філас.-патрыят. («Ангелі», 1838), псіхал. («Бацька зачумленых»), лірычнай («У Швейцарыі», абедзве 1839), рэаліст. («Бянёўскі», не закончана, выд. 1841) паэм. У «Паэме Пяста Дантышака... аб пекле» (1839) дантаўскія матывы. Вядомасць набылі яго рамант. драмы «Мазепа» (паст. 1847), «Баладына» (паст. 1862), «Ліля Венеда» (паст. 1863), «Фантазій» (паст. 1867), «Гарштынскі» (паст. 1879), «Кардыян» (паст. 1899), у якіх асэнсаванне канцэпцыі прыроды, гісторыі і чалавека, праблемы нац.-патрыят. руху ў Польшчы, трагедыя рамант. індывідуалізму, палеміка з А.Міцкевічам, выкарыстанне свабоднай маст. формы. Зазнаў уплыў ідэй польскага месіянізму, спрабаваў стварыць сваю філасофію духу (гісторыка-філас. паэма «Кароль-Дух», не закончана; празаічная паэма «Генезіс духу», выд. 1866; драма «Сярэбраны сон Саламеі», паст. 1900). У позняй лірыцы асабістыя пачуцці пераплятаюцца з грамадз. матывамі («Гімн», «Мой тастамент», «Адказ на «Псалмы будучыні» і інш.). На бел. мову асобныя яго творы перакладалі А.Вольскі, С.Дзяргай, У.Дубоўка, А.Звонак, М.Лужанін, П.Пестрак, Я.Семяжон, М.Танк. Паводле аднайм. драмы Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі паставіў оперу «Мазепа» (1952), Бел.т-р імя Я.Купалы — спектакль «Смерць ваяводы» (1959).
Тв.:
Dzieła wszystkie. Т. 1—17. Warszawa, 1952—76;
Бел.пер. — Выбранае. Мн., 1959;
Рус.пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М., 1960;
Избранное. М., 1984.
Літ.:
Дерналович М. Юлиуш Словацкий. Варшава, 1986;
Ю.Словацкий: Биобиблиогр. указ. М., 1959;
Piwińska M. Juliuz Słowacki od duchów. Warszawa, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ (Sienkiewicz) Генрык (5.5.1846, в. Воля-Акшэйска Мазавецкага ваяв., Польшча — 15.11.1916),
польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1869—71). У 1872—87 працаваў у перыяд. друку. На яго светапогляд і творчасць паўплываў «варшаўскі пазітывізм», які прапагандаваў ідэю супрацоўніцтва ў імя эканам. ўзвышэння Польшчы. Дэбютаваў аповесцю «Дарэмна» (1872). Тэмы ранніх аповесцей, апавяданняў і навел, у т. л. «Эскізы вугалем» (1877), «Цераз стэпы» (1879), «Па хлеб» (1880), «Бартак-пераможца» (1882) — жыццё польскага сялянства, лёс дзяцей, трагедыі польскіх эмігрантаў; іх вызначае патрыят. пафас у спалучэнні з трагічным светабачаннем. Шырокую вядомасць прынесла С. гіст. трылогія «Агнём і мячом» (1883—84), «Патоп» (1884—86), «Пан Валадыёўскі» (1887—88), прысвечаная гіст.-сац. асэнсаванню мінуўшчыны Польшчы 17 ст. У сац.-псіхал. раманах «Без догмату» (1889—90), «Сям’я Паланецкіх» (1893—94) праблемы жыцця Польшчы, духоўныя пошукі пакалення канца 19 — пач. 20 ст.Рэв. падзеі 1905—07 у Расіі ў рамане «Віры» (1909—10). Раман «Quo vadis» («Кама градзешы», 1895—96) — гісторыя супрацьстаяння хрысціянства і язычніцтва. Лепшы гіст. раман — «Крыжакі» (1897—1900) — эпапея барацьбы славян супраць Тэўтонскага ордэна на мяжы 14—15 ст.; ён вылучаецца псіхалагізмам, веданнем гіст. рэалій, маст. вобразнасцю. Аўтар прыгодніцкай аповесці «У пустыні і пушчы» (1910—11), незавершанага рамана пра напалеонаўскія войны «Легіёны» (1913—14, выд. 1918), літ.-крытычных прац «Пра гістарычны раман» (1889), «Леў Талстой» (1908) і інш. Творы С. неаднаразова экранізаваны. На бел. мову яго асобныя творы перакладалі П.Бітэль, М.Кенька, М.Машара, П.Татарыновіч, М.Фальскі. Нобелеўская прэмія 1905.
Тв.:
Dzieła T. 1—60. Warszawa. 1948—55;
Бел.пер. — Янка-музыкант Мн., 1938;
Апавяданні. Мн., 1955;
Здарэнне ў гарах // Далягляды, 87 Мн., 1987;
Крыжакі. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1983—85;
Крестоносцы. Мн., 1983.
Літ.:
Горский И.К. Исторический роман Сенкевича. М., 1966;
Лявонава Е.А. Магія таленту: гісторыя і сучаснасць у творчасці Г.Сянкевіча // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Krzyżanowski J. Twórczość Henryka Sienkiewicza. Warszawa, 1970;
Bujnicki T. Sienkiewicz i historia. Warszawa, 1981;
Mazan B. «Impresjonizm» «Trylogii» Henryka Sienkiewicza. Lódź, 1993.