ФО́ЛКНЕР (Faulkner) Уільям Катберт (25.9.1897, г. Нью-Олбані, штат Місісіпі, ЗША — 6.7.1962),
амерыканскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік л-ры «плыні свядомасці». Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (штат Місісіпі; 1919—20). Пачынаў як паэт (зб. «Мармуровы фаўн», 1924). Першы яго раман «Салдацкая ўзнагарода» (1926) пра лёс «страчанага пакалення», раман «Маскіты» (1927) пра людзей мастацтва. Сусв. вядомасць набылі празаічныя творы, якія склалі своеасаблівую эпапею з жыцця амер. Поўдня: раманы «Сартарыс», «Шум і лютасць» (абодва 1929), «Калі я памірала» (1930), «Свяцілішча» (1931), «Святло ў жніўні» (1932), «Авесалом, Авесалом!» (1936); трылогія «Вёсачка» (1940), «Горад» (1957), «Асабняк» (1959); цыклы аповесцей і апавяд. «Няскораныя» (1938), «Сыдзі, Майсей» (1942) і інш. Аўтар раманаў-прыпавесцей «Пілон» (1935), «Прытча» (1954), «Выкрадальнікі» (1962), аповесці «Рэквіем па манашцы» (1951, інсцэніравана А.Камю), кніг нарысаў і эсэ і інш. Яго творы шматгеройныя і шматпадзейныя, адметныя ўвагай да патаемнага існавання чалавека, поліфаніяй думак і пачуццяў, напластаваннем розных часоў, фрагментарнасцю, сюжэтнай разгалінаванасцю, насычаны біблейскімі алюзіямі. На бел. мову асобныя навелы Ф. пераклалі А.Асташонак, В.Небышынец. Нобелеўская прэмія 1949.