ЖО́ДЗІШКАЎСКІ КАЛЬВІ́НСКІ ЗБОР,

помнік архітэктуры рэнесансу. Пабудаваны ў 1612 у в. Жодзішкі (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.), у пач. 19 ст. перабудаваны пад Троіцкі касцёл. Першапачаткова храм быў 1-нефавы, прамавугольны ў плане, без апсіды, з двух’яруснай чацверыковай вежай-званіцай на гал. фасадзе. Пры перабудове да нефа прыбудаваны вял. прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы з трохвугольнымі шчытамі ў завяршэнні тарцовых сцен. Цяпер — мураваны крыжападобны ў плане 1-нефавы будынак з квадратнай у плане алтарнай апсідай з сакрысціяй з Пн і вуглавымі контрфорсамі. Гал. фасад вырашаны плоскасна, завершаны шчытом, партал увахода аформлены рустыкай. Скляпенні капліц упрыгожаны размалёўкай (мастак П.​Сергіевіч, 1937).

А.​А.​Міцянін, А.​А.​Ярашэвіч.

Жодзішкаўскі кальвінскі збор.

т. 6, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМЯШЧЭ́ННЕ РЭА́КЦЫІ ЗАМЯШЧЭ́ННЯ РЭА́КЦЫІ, хімічныя рэакцыі, якія адбываюцца з абменам атамаў ці груп атамаў у малекуле на інш. атамы ці групы. Найб. пашыраны ў арган. хіміі.

З.р. наз. звычайна па назве атама ці групы атамаў, якія ўваходзяць у малекулу субстрату: алкіліраванне, ацыліраванне, азаспалучэнне, нітраванне і інш. Да З.р. адносяцца абменныя рэакцыі, у якіх адным з рэагентаў з’яўляецца растваральнік (напр., аманоліз, гідроліз), і кандэнсацыі рэакцыі, калі ў працэсе замяшчэння адымаецца якая-н. простая неарган. (напр., вада) ці арган. (напр., этылавы спірт) малекула. У хіміі неарганічных злучэнняў З.р. — рэакцыі паміж простым і складаным рэчывамі, напр., выцясненне металу з воднага раствору солі пад уздзеяннем інш. металу: Fe + CuSO4 = FeSO4 + Cu.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 6, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПАВЕ́ДНЫЯ ЛЯСЫ́,

лясныя масівы на тэрыторыі асабліва ахоўных прыродных тэрыторый і аб’ектаў і каштоўныя ўчасткі лесу, абвешчаныя помнікамі прыроды, якія знаходзяцца пад аховай запаведнага рэжыму. З’яўляюцца эталонамі прыроды, прызначаны для захавання генет. фонду жывёл і раслін, натуральных раслінных згуртаванняў і экасістэм, выкарыстоўваюцца для вывучэння прыродных працэсаў у лясах. Частка З.л. (у запаведніках) абсалютна запаведныя, у іх выключаецца любое ўмяшанне ў прыродныя працэсы. На Беларусі агульная пл. З.л. каля 1200 тыс. га, у т. л. лясоў-запаведнікаў і нац. паркаў 240 тыс. га, ландшафтных, біялагічных і гідралагічных заказнікаў каля 800 тыс. га, каштоўных участкаў лесу 5,0 тыс. га. З.л. належаць да лясоў 1-й групы, у іх забаронена высечка і інш. лесагасп. дзейнасць.

т. 6, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХА́ВА (Барыс Яўгенавіч) (24.5.1896, г. Паўлаград, Украіна — 25.11.1976),

расійскі акцёр, рэжысёр, педагог. Нар. арт. СССР (1967). Д-р мастацтвазнаўства (1964). З 1913 у Студэнцкай студыі пад кіраўніцтвам Я.​Вахтангава (з 1926 Тэатр імя Я.​Вахтангава). Сярод роляў: Доктар («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), хан Цімур («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы). Сярод рэжысёрскіх работ: «Барсукі» Л.​Лявонава (1927), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1932), «Арыстакраты» М.​Пагодзіна (1935), «Рэвізор» М.​Гогаля (1939), «Маладая гвардыя» паводле А.​Фадзеева (1947), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1958). З 1925 кіраваў школай пры Тэатры Вахтангава (з 1939 Тэатр. вучылішча імя Б.​Шчукіна), з 1939 прафесар. Аўтар кніг па тэорыі акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва, тэатр. педагогіцы. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВОНЬ, Званское возера,

ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ушача, за 12 км на Пд ад г.п. Ушачы. Пл. 1,46 км², даўж. 2,1 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 17,9 м, даўж. берагавой лініі 7 км. Пл. вадазбору 17,4 км². Схілы катлавіны выш. да 9 м (на ПнУ да 25 м), пераважна разараныя, на Пд і З парослыя лесам. Берагі нізкія, пясчаныя і пясчана-галечныя, часткова пад хмызняком. Дно да глыб. 3,5—4 м пясчанае, ніжэй глеістае. З астравы агульнай пл. 4,2 га. На Пд упадае р. Зуйніца, на Пн выцякае ручай у воз. Вялікая Існа. Адзначаны пасяленні баброў. Уваходзіць у зону адпачынку курорта Ушачы.

т. 7, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕВАЭ́С (Zevaès) Аляксандр [сапр. Бурсон (Bourson) Густаў Аляксандр; 24.5.1873—21.2.1953], французскі паліт. дзеяч, адвакат, гісторык. У 1898—1910 дэп. парламента. З 1892 чл. Рабочай Партыі незалежных сацыялістаў. У 1905 разам з А.Брыянам, А.​Мільеранам і Р.​Вівіяні заснаваў Рэсп. сацыяліст. партыю. У 1-ю сусв. вайну на патрыятычных пазіцыях, у 1919 быў адвакатам Р.​Вілена — забойцы Ж.Жарэса. У 1940 вызначыўся абаронай дэпутатаў-камуністаў перад парыжскім ваен. трыбуналам. Аўтар прац па гісторыі Трэцяй рэспублікі і левага руху ў Францыі. У 1911—23 пад яго рэдакцыяй выйшлі 12 тамоў «Гісторыі французскіх сацыялістычных партый» (4 з іх напісаны З.). Працы З. адметныя багатым фактычным матэрыялам па паліт. гісторыі Францыі 19—20 ст.

В.​В.​Варановіч.

т. 7, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕЛЯЗЕ́Й (Віктар Адамавіч) (8.6.1881, Мінск — пасля 1951),

удзельнік бел. нац. руху пач. 20 ст. З 1903 адзін з кіраўнікоў арг-цыі Бел. сацыяліст. грамады (БСГ) у Мінску (парт. псеўд. Кузьма), на яго кватэры адбыўся 2-і з’езд БСГ (студз. 1906). Працаваў бібліятэкарам б-кі імя Пушкіна. У пач. 1908 арыштаваны, пры вобысках знойдзены нелегальная л-ра, фальшывы пашпарт, пячатка БСГ. У кастр. 1909 засуджаны Віленскай суд. палатай і ў студз. 1910 сасланы ў Кірэенскі пав. Іркуцкай губ. З Сібіры дасылаў лісты ў «Нашу ніву». У 1920-я г. працаваў у Інбелкульце. У 1926 на пасяджэнні секцыі рэв. руху выступіў з дакладам «Утварэнне і праца БСГ». У 1951 жыў у Ратамцы пад Мінскам.

В.​У.​Скалабан.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІЛО́ТЫ,

палітычная групоўка ў г. Фесалонікі (Візантыя) у 1340-я г. Узнікла ў перыяд барацьбы паміж канстанцінопальскім урадам Аляксея Апакаўка (праводзіў цэнтралізатарскую палітыку) і правінцыяльнай знаццю на чале з Іаанам Кантакузінам. У склад З., якія былі на баку ўрада, уваходзілі сталічнае чыноўніцтва, купцы і заможныя рамеснікі, іх падтрымлівалі нар. масы. У 1342 яны паўсталі супраць мясц. знаці і захапілі ўладу ў горадзе. У выніку перавароту і забойства Апакаўка (1345) улада перайшла да феад. знаці, якая вырашыла перадаць горад Кантакузіну. Абураны народ летам 1345 перабіў феад. знаць і горадам зноў авалодалі З. Яны адмовіліся прызнаць уладу Кантакузіна, які ў 1347 пад імем Іаана VI узурпіраваў імператарскі прастол і ў 1349 задушыў рух З. з дапамогаю туркаў.

т. 7, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),

савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд. ф-т, 1912; фіз.-матэм. ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—2. М., 1977.

т. 7, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДРЫ́СІ, аль-Ідрысі Абу Абдалах Мухамед ібн Мухамед (1100, г. Сеута, Марока — 1161 або 1165), арабскі географ і падарожнік. Адукацыю атрымаў у Кордаве. Вандраваў па Партугаліі, Францыі, Англіі, М. Азіі. З 1138 жыў у Палерма. На аснове сваіх назіранняў і звестак, атрыманых ад падарожнікаў, купцоў, паломнікаў, у 1154 склаў вял. каляровую карту свету на 70 аркушах (падзяліў Зямлю на 7 кліматаў, 10 частак у кожным клімаце) з суправаджальным тэкстам пад назвай «Забава таго, хто сумуе аб вандроўках па абласцях». Тэр. Беларусі на карце прадстаўлена ў асноўным на аркушы 65-м (паводле класіфікацыі аўтара, 5-я секцыя VII клімату). Пазначаны г. Мінск («Муніска») — першая выява горада на карце. Праца І. з’явілася вяршыняй класічнай араб. картаграфіі.

т. 7, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)