ПЕРСЕПТРО́Н (англ. perceptron ад лац. perceptio разуменне, успрыманне),
сістэма, якая мадэлюе ўспрыманне вобразаў. Прапанаваны амер. вучоным Ф.Розенблатам (1957; зрокавы аналізатар «Марк-1»). Тэрмін «П.» выкарыстоўваюць таксама ў дачыненні да сістэм (пераважна на базе ЭВМ) для рашэння задач, звязаных з распазнаваннем вобразаў.
Мадэль успрымання (персептыўную мадэль) можна ўявіць у выглядзе 3 слаёў нейронаў: рэцэптарнага (S), пераўтваральных нейронаў (A) і слоя рэагавальных нейронаў (R). Ад знешняга ўзбурэння ў S-слоі ўзнікаюць сігналы, якія распаўсюджваюцца па нервовых шляхах (гл.Нейронная сетка) і дасягаюць A-слоя, дзе ў адпаведнасці з сукупнасцю ўваходных сігналаў выпрацоўваюцца новыя сігналы, якія паступаюць у R-слой. Успрыманне якога-н. аб’екта адпавядае ўзбуджэнню пэўных нейронаў з R-слоя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́КМАН (Ізраіль Цурыелевіч) (20.2.1918, г. Мазыр Гомельскай вобл. — пасля 1990),
бел. кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1975). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1942). З 1946 на кінастудыі «Беларусьфільм». Працаваў пераважна ў дакумент. кіно. Аператарскай манеры ўласцівы псіхалагізм у стварэнні партрэтных характарыстык, тонкае адчуванне светлавой гамы. Рэжысёрская творчасць адметная публіцыстычнасцю. Выступаў і як сцэнарыст. Сярод фільмаў: дакумент. «Штрыхі да партрэта» (1968, рэж. і аператар у сааўт.), «Пастух» (1969, сцэн. у сааўт.), «Мы — сіняблузнікі» (1970), «Пакуль не загрыміць гром» (1973), «Прытча пра кола і біясферу» (1974; Гран-пры Міжнар. кінафестывалю ў г. Варна, Балгарыя), «Чырвоны сшытак» (1980); маст. «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959, аператар з А.Аўдзеевым). З 1990 у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая па вер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́НСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкар. кераміка 16—19 ст. з г. Пінск Брэсцкай вобл. Кафля 16 ст. гаршковая з квадратным вусцем, а таксама (з канца 16 ст.) каробчатая з вонкавай пласцінай, дэкарыраванай геам. малюнкам. Кафля 17—18 ст. каробчатая гзымсавая, вуглавая дывановая), аздобленая расл. арнаментам, геральдычнымі выявамі, манаграмамі; выраблялі таксама каронкі. У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Пінску пашырылася паліхромная рэльефная кафля, у 18 ст. — размаляваная гладкая. З канца 17 ст. малюнак паступова спрашчаўся, з сярэдзіны 18 ст. выраблялі кафлю звычайна без дэкору. Пры абпальванні выкарыстоўвалі пераважна зялёную, а таксама паліхромную паліву. З 2-й пал. 19 ст. была наладжана прамысл.вытв-сць кафлі з расл. дэкорам па замежных ўзорах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАТЭХНІ́ЧНЫЯ САСТА́ВЫ,
сумесі, гарэнне якіх адбываецца адначасова са светлавымі, гукавымі, дымавымі і рэактыўнымі піратэхн. эфектамі (гл.Піратэхніка). Пры гарэнні П.с. вылучаецца вял. колькасць цеплаты; т-ра гарэння ад 400 °C (дымавыя саставы) да 3000 °C (асвятляльныя саставы).
Аснова большасці П.с. — сумесі акісляльніку з гаручым. У якасці акісляльнікаў выкарыстоўваюць нітраты, хлараты шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, аксіды некаторых металаў; у якасці гаручага — пераважна парашкі магнію, алюмінію і іх сплаваў, а таксама вуглевадародныя сумесі (газа, бензін, мазут), драўняны вугаль і інш. Выкарыстоўваюць у вытв-сці боепрыпасаў (гл.Запальныя саставы), для зваркі рэек, труб, эл. правадоў, пры даследаваннях верхніх слаёў атмасферы, кіназдымках, арганізацыі феерверкаў, у сельскай гаспадарцы (барацьба са шкоднікамі, рассейванне граду і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРО́ЛІЗ (ад піра... + лізіс),
дэструктыўныя ператварэнні арган. злучэнняў пад уздзеяннем высокай (некалькі соцень градусаў) т-ры. Пры П. адначасова з асн. рэакцыяй (расшчапленнем вуглярод-вугляродных сувязей), што прыводзіць да ўтварэння прадуктаў ненасычанага характару з меншай малекулярнай масай, адбываюцца рэакцыі ізамерызацыі, цыклізацыі, полімерызацыі ці полікандэнсацыі зыходных злучэнняў і прадуктаў іх ператварэнняў. У прам-сці найб. пашыраны П. нафтавай сыравіны, піроліз драўніны, а таксама вугалю (гл.Каксаванне).
П. нафтавай сыравіны (пераважна газаў нафтаперапрацоўкі, бензінавых і газойлевых фракцый) — дэструктыўныя ператварэнні вуглевадародаў нафты пры т-рах 650—900 °C (гл.Крэкінг тэрмічны). Асн.прамысл. працэс атрымання этылену, прапілену, а таксама бутэнаў, бутадыену, бензолу, талуолу і інш. манамераў і паўпрадуктаў для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРЫДЗІ́Н,
гетэраараматычнае злучэнне, C5H5N. П. і яго вытворныя — аснова пашыраных у прыродзе пірыдзінавых алкалоідаў (напр., анабазіну, нікаціну) і многіх біялагічна важных злучэнняў (напр., пірыдаксіну).
Бясколерная вадкасць з непрыемным пахам tкіп 115,4 °C, шчыльн. 981,9 кг/м3. Змешваецца з вадой і большасцю арган. растваральнікаў. Слабая аснова. З неарг. к-тамі ўтварае ўстойлівыя солі, з галагенідамі металаў, аксідамі серы (SO2, SO3), бромам, вадой — комплексныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна з каменнавугальнай смалы, у якой П. каля 0,08%. Выкарыстоўваюць у сінтэзе лек. сродкаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў (гл. таксама Пікаліны), як растваральнік, у т. л. для многіх неарган. солей. Таксічны; ГДК пары П. ў паветры ̴ 5 мг/м³Іл.гл. да арт.Гетэрацыклічныя злучэнні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЗІЯЗА́ЎРЫ (Plesiosauria),
падатрад вымерлых марскіх паўзуноў атр. заўраптэрыгій падкл. сінаптазаўраў. Вядомы з сярэдняга трыясу да позняга мелу (каля 220—70 млн.г. назад). Вялі спосаб жыцця, падобны да сучасных ластаногіх. 3 надсям.: пістазаўрыды (Pistosauroidea), плезіязаўрыды (Plesiosauroidea), пліязаўрыды (Pliosauroidea). Жылі пераважна ў прыбярэжнай зоне. Характэрныя прадстаўнікі — эласмазаўр (Elasmosaurus), натазаўр (Nothosaurus) і інш. Рэшткі знойдзены на ўсіх мацерыках, па іх вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. ад 1,5 да 16 м. Плезіязаўрыды мелі доўгую шыю, невял. галаву; пліязаўрыды — кароткую шыю, вял. галаву. Канечнасці адносна кароткія, ластападобныя. Пазванкоў да 150, з пляскатымі сучляноўнымі паверхнямі. Зубы канічныя, аднародныя або дыферэнцыраваныя на іклы і больш дробныя зубы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЧАНО́ГІЯ, брахіяподы (Brachiopoda),
клас (тып) беспазваночных жывёл. Вядомы з кембрыю (каля 560 млн.г. назад). 2 кл., 11—12 атр. (5 сучасных), каля 10 тыс. відаў (каля 300 сучасных). Марскія адзіночныя, пераважна прымацаваныя формы. Да субстрату прымацоўваюцца пры дапамозе сцяблінкі або ракавінай. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюцца для вызначэння ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. двухстворкавай вапняковай ракавіны (у сучасных П.) да 10 см. Цела знаходзіцца ў задняй ч. ракавіны: пярэдняя яе ч., высланая мантыяй, занята парай доўгіх нарасцяў цела — «рукамі», на якіх размешчаны шчупальцы з раснічкамі. Другасная поласць цела вялікая, ёсць сэрца і крывяносныя сасуды, каляглотачнае нерв. кольца і нервы. Большасць раздзельнаполыя, развіццё з метамарфозам; лічынкі свабоднаплаваючыя.
сінтэтычныя валокны, што фармуюць з раствораў поліакрыланітрылу. Прамысл.вытв-сць пачата ў ЗША у 1946. Вядома каля 250 гандл. марак П.в., асн. з іх: нітрон, акрылан, арлон, дралон, куртэль, кашмілон.
Паводле мех. уласцівасцей падобныя да шэрсці. Вызначаюцца атмасфера- і святлоўстойлівасцю, устойлівыя да ўздзеяння мікраарганізмаў, а таксама раствораў кіслот і шчолачаў сярэдніх канцэнтрацый, арган. растваральнікаў, у т. л. тых, што выкарыстоўваюць у хім. чыстцы (бензін, ацэтон, трыхлорэтылен і інш.). Вырабляюць пераважна штапельныя (рэзаныя) П.в. ці жгут. Выкарыстоўваюць у вытв-сці трыкатажу, дываноў, штучнага футра, адзежных, абівачных і фільтравальных тканін, для перапрацоўкі ў вугляроднае валакно; у сумесі з бавоўнай і віскознымі валокнамі — для вырабу гардзін, брызенту.