КАВАЛЕ́РЫЯ (італьян. cavalleria ад лац. caballus конь),
конніца, род сухапутных войск, дзе для вядзення баявых дзеянняў і перамяшчэння выкарыстоўваўся верхавы конь. Вырашала розныя тактычныя і аператыўна-стратэг. задачы, у т. л. праводзіла самаст. дзеянні ў адрыве ад астатніх войск, пераадольвала вял. адлегласці за кароткі час, хутка разгортвалася да бою, пераходзіла ад адных дзеянняў да інш. у конным і пешым страі і інш.
Зарадзілася ў краінах Стараж. Усходу ў раёнах масавага развядзення коней. Як род войск узнікла ў 9 ст. да н.э. ў асірыйскай арміі. Рэгулярная К. ўтворана ў Стараж. Грэцыі, вял. развіцця дасягнула ў арміі Аляксандра Македонскага (4 ст. да н.э.). У далейшым была адным з гал. родаў войск у многіх дзяржавах.
У Беларусі прыкметы існавання К. вядомы з 1 ст. да н.э. (шпора з гарадзішча Чаплін). З развіццём дзярж. адносін з’явіліся конныя дружыны князёў і буйных феадалаў. Да 12 ст. склаўся характэрны арсенал коннага ваяра: доўгая піка, меч або шабля, сякерка-чакан, кісцень, невял. шчыт. Паводле комплексу ўзбраення вылучаліся цяжка- і лёгкаўзброеныя коннікі. У 13—14 ст. К. ператварылася ў асн. род войска. У канцы 14 — пач. 15 ст. ў сувязі са з’яўленнем у ВКЛ служылых татар вял. пашырэнне атрымалі коннікі, узброеныя лукам. У канцы 15 — пач. 16 ст. са з’яўленнем суцэльнакаваных даспехаў кавалерысты-капійнікі падзяліліся на «даспешных» і «шчытовых» (гусараў). З 16 ст. кавалерысты-стральцы, узброеныя з 14 ст. арбалетамі, забяспечваліся ручной агнястрэльнай зброяй. У канцы 16 — пач. 17 ст. адбылося рэфармаванне К., яна падзелена на цяжкую (гусары, рэйтары, аркебузеры), сярэднюю (панцырныя або пяцігорцы) і лёгкую. З 18 ст. К. ў асн. ужо не карысталіся ахоўным даспехам. К. адыграла значную ролю ў ваен. дзеяннях на тэр. Беларусі ў 1918—20. У Вял.Айч. вайну ў вызваленні Беларусі ўдзельнічалі Гродзенская (13-я), Кубанска-Баранавіцкая і Кубанска-Слуцкая (9-я і 10-я гвардзейскія казацкія) дывізіі і інш.кав. часці. Гл. таксама Драгуны, Кірасіры, Уланы.
Літ.:
Гатовский В.Н. Конница. Кн. 1—2, 4. М., 1925—28;
Сагановіч Г.М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́ЛЬНЫЯ МАШЫ́НЫ,
машыны для сан. ачысткі населеных пунктаў, рамонту і ўтрымання гар. дарог і будынкаў, догляду за зялёнымі насаджэннямі.
Для збору і вывазу цвёрдых быт. адходаў (ЦБА) прызначаны машыны на шасі аўтамабіляў і трактароў: збіральныя з бакавой або тарцовай загрузкай (абсталёўваюцца захопамі-маніпулятарамі для падняцця і выгрузкі кантэйнераў у герметычны кузаў, дзе ЦБА ушчыльняюцца спец. плітой ці ротарам); транспартныя, закрытыя кузавы якіх маюць люкі для загрузкі ЦБА у пунктах перагрузкі або сарціроўкі. Для ачысткі калодзежаў ліўневай каналізацыі выкарыстоўваюць глеясосныя машыны з герметычнай цыстэрнай, помпавай устаноўкай і шлангам для забору глею; для прачысткі труб гар. каналізацыі — машыны гідрадынамічнай ачысткі (складаюцца з цыстэрны з вадой, помпавай устаноўкі, напорных шлангаў з насадкамі для прамыўкі). Рамонт гар. дарог (ямачны рамонт, ускрыццё асфальтабетоннага пакрыцця, укладка асфальту або брусчаткі) робіцца машынамі на шасі аўтамабіляў або трактароў з выкарыстаннем спец. абсталявання для рэзкі асфальту або грунту, прыгатавання і размеркавання пакрыццяў (бітумных масцік), укладкі і прыкочвання асфальту ці брусчаткі (гл.Дарожныя машыны). Для ўтрымання дарог у летні перыяд выкарыстоўваюць машыны паліва-мыечныя (маюць цыстэрну для вады і прыстасаванні для яе распылення) і падмятальна-ўборачныя (маюць шчотачнае абсталяванне, мех. або вакуумны вузел загрузкі пылу і смецця ў герметычную цыстэрну і прыстасаванне пылаўлоўлівання), у зімовы перыяд — снегаўборачныя машыны, універсальныя пагрузчыкі, пескараскідальнікі (абсталяваны бункерам для пясчана-саляной сумесі, механізмам раскідвання і плужна-шчотачным абсталяваннем), лёдасколвальнікі. Пры рамонце фасадаў будынкаў выкарыстоўваюць спец. вышкі і пад’ёмнікі, падвясныя люлькі, малагабарытныя ўстаноўкі для рамонту мяккіх дахаў і прыгатавання бітумных масцік непасрэдна на даху. Для догляду за газонамі і зялёнымі насаджэннямі выкарыстоўваюць газонакасілкі, апырсквальнікі, ямабуры, машыны для выдалення пнёў і здрабнення галінак і інш.
На Беларусі асн. распрацоўшчыкі К.м. — канструктарскія аддзелы НВА «Жылкамунтэхніка», вытворцы — Асіповіцкі з-д «Каммаш» і ВА «Белкамунмаш». Асобныя віды К.м. вырабляюць прамысл. прадпрыемствы (МАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш», «Амкадор», «Белдартэхніка»), а таксама імпартуюцца з Расіі, Германіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БАЛЬШАВІКО́Ў) ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ [КП(б)ЛіБ]. Утворана ў выніку аб’яднання Камуніст. партыі
(бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б] і Камуністычнай партыі Літвы і Заходняй Беларусі з прычыны аб’яднання Літвы і Беларусі ў адзінае дзярж. ўтварэнне — Літоўска-Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (Літбел). На аб’яднаўчым з’ездзе 4—6.3.1919 у Вільні [гл.Другі з’езд КП(б)Б] выбраны ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, які 8.1.1919 стварыў Прэзідыум ЦК партыі ў складзе В.С.Міцкявічуса-Капсукаса (старшыня),
В.Г.Кнорына, З.І.Ангарэціса, А.Ф.Мяснікова, Я.Г.Далецкага, С.В.Іванова. 24.4.1919 Прэзідыум ЦК КП(б) ЛіБ падзелены на Палітбюро і Аргбюро ЦК КП(б) ЛіБ. З прычыны наступлення польск. войск Палітбюро ЦК КП(б) ЛіБ у крас. 1919 абвясціла рэспубліку на ваен. становішчы і пачало мабілізацыю ў армію камуністаў, камсамольцаў і спачуваючых. Аднак наладзіць актыўнае супраціўленне польск. войскам не ўдалося. 21.4.1919 польск. войскі захапілі сталіцу Літбела Вільню, 8 жн. — Мінск, да вер. 1919 — усю тэр. рэспублікі. Пасля акупацыі Мінска ЦК КП(б) ЛіБ пераехаў у Бабруйск, потым у Смаленск, адкуль кіраваў падп. і партыз. рухам. 3.9.1919 створана Бюро па нелегальнай рабоце (старшыня Міцкявічус-Капсукас). На акупіраванай тэрыторыі выдаваліся газ. «Звязда», «Савецкая Беларусь», «Komunistas» («Камуніст», літ.), «Młot» («Молат», польск.). Пасля вызвалення Беларусі ад польскіх інтэрвентаў (ліп.—жн. 1920) ЦК КП(б) ЛіБ вярнуўся ў Мінск, дзе ўжо дзейнічала Мінская губ.парт.арг-цыя. 30.7.1920 створаны Мінскі губ.к-т КП(б) ЛіБ. Пасля прыняцця 31.7.1920 Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь Аргбюро ЦК РКП(б) 9.8.1920 прыняло пастанову аб перайменаванні Мінскага губ.к-та КП(б)ЛіБ, захаваўшы агульную назву партыі — КП(б) ЛіБ, у Цэнтральнае Бюро КП(б)Б. У пач.вер. 1920 ЦБ КП(б) унесла ў ЦК РКП(б) прапанову аб ліквідацыі КП(б) ЛіБ і стварэнні ў рамках РКП(б) Кампартыі (бальшавікоў) Беларусі і Кампартыі (бальшавікоў) Літвы. 8.11.1920 ЦККП(б)Б вырашыла наступную парт. канферэнцыю назваць Трэцім з’ездам КП(б)Б.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛАКО́ЎСКІ (Аляксей Мікалаевіч) (24.12.1913, в. Кулакі Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 9.4.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў у прэсе. У 1953—58 гал. рэдактар час. «Маладосць», з 1965 нам. адказнага сакратара, адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1977 дырэктар Літ. музея Я.Купалы. Друкаваўся з 1932. Людзям пасляваен. вёскі прысвяціў першы зб. апавяданняў «Сад» (1947), маладым рабочым — аповесць «Гартаванне» (1948). Складаныя гасп. і духоўныя праблемы вёскі, чалавек працы, яго клопаты і турботы, багаты ўнутр. свет у зб-ках «Новыя сустрэчы» (1950), «Хораша ўзыходзіць сонца» (1952), «Незабыўнае рэха» (1956) і аповесці «Тры зоркі» (1963). Значнасцю грамадскай праблематыкі, высокім этычным пафасам, маст. дасканаласцю вылучаецца аповесць «Нявестка» (1956). Аповесці «Тут я жыву...» (1960), «Расце мята пад акном» (1966), зб-кі «Першае чаканне» (1965), «Родныя шыроты» (1978), раман «Васількі» (1979) адлюстроўваюць жыццё горада з першых пасляваен. гадоў. Вайна ў яе суровым і мужным абліччы ў рамане-дылогіі «Расстаёмся ненадоўга» (1953—54) і «Сустрэчы на ростанях» (1961—62), рамане «Сцежкі зведаныя і нязведаныя» (1972), аповесцях «Да ўсходу сонца» (1957), «Твой шлях перад табою» (1965), «Дзе каму жыць» (1971), «Маршрут ад Клічава» і «Хлебарэз» (абедзве 1983). У аповесці «Дабрасельцы» (1958) моцна выявіўся сатыр. пачатак. Яго творам уласцівы асаблівая ўвага да бытавой дэталі, паказ сацыяльна і грамадска значнага праз штодзённыя людскія клопаты, турботы, у яркіх быт. карцінах і характарах і ўзаемаадносінах. Зрабіў літ. запіс кнігі В.І.Казлова «Людзі асобага складу» (1952). На бел. мову перакладаў творы рус., укр., узб. і інш. пісьменнікаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1970—71;
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1984;
Белы Сокал: Аповесці. Мн., 1985;
Тры зоркі: Аповесці. Мн., 1988.
Літ.:
Гусак С.А. Аляксей Кулакоўскі. Мн., 1967;
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 265—349;
Канэ Ю. Дзень сённяшні. Мн., 1962. С. 185—220;
Герцовіч Я. Творчае крэда. Мн., 1970. С. 118—150;
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі Мн., 1997. С. 143—153.
бел. балетмайстар. Нар.арт. Беларусі (1979), нар.арг.СССР (1985). Акад.Міжнар.слав. акадэміі (1996), Пятроўскай акадэміі навук і мастацтваў у С.-Пецярбургу (1997). Праф.Бел. акадэміі музыкі (1995). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча імя А.Ваганавай (1967), балетмайстарскае аддзяленне Ленінградскай кансерваторыі (1972). Стажыраваўся ў Францыі па стыпендыі ЮНЕСКА (1982). З 1973 гал. балетмайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі, з 1996 дырэктар — маст. кіраўнік Нац.акад.т-ра балета Беларусі, дзе стварыў усе свае асн. пастаноўкі: «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ—Р.Шчадрына (1974), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (1978), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага (1982), «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984), «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1986, 1997), «Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева (1988), «Дон Кіхот» Л.Мінкуса (1989), «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані (1995, Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Ставіў балеты таксама ў Расіі, Польшчы, Югаславіі, Турцыі. Стваральнік харэаграфіі для тэлефільма «Фантазія» («Веснавыя воды», паводле І.Тургенева) з удзелам М.Плісецкай (1975, Цэнтр. тэлебачанне, рэж. А.Эфрас) і інш. У творчасці імкнецца да ўвасаблення значных тэм сучаснасці. У харэаграфічнай мове шырока выкарыстоўвае прыёмы сучаснай пластыкі. Яго дзейнасць спрыяла міжнар. прызнанню бел. балетнага т-ра. Пад кіраўніцтвам Е. бел. балет з поспехам гастраліраваў амаль у 30 краінах свету. Яго творчасці прысвечаны тэлефільмы «Стварэнне» (1979) і «Валянцінаў дзень» (1993, рэж. абодвух В.Шавялевіч). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу балетмайстраў і артыстаў балета (1970), 7-га Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1993, Масква, спец. прыз), прэміі «Чалавек года» ў галіне муз. мастацтва з уручэннем прыза «Залатая Неферціці» (1996), вышэйшай узнагароды Міжнар. асацыяцыі танца пад эгідай ЮНЕСКА «Бенуа дэ ла данс» (Парыж, 1996). Чл. Савета Еўропы па культуры (1990), старшыня і чл. журы міжнар. конкурсаў балета ў Маскве, Варне (Балгарыя), Нагоі (Японія), Кіеве, Віцебску.
Літ.:
Народный артаст СССР Валентин Елизарьев. Мн., 1987;
Чурко Ю.М. Искусство, созвучное времени // Чурко Ю.М. Белорусский балет в лицах. Мн., 1988;
Валентин Елизарьев: [Альбом]. Мн., 1997.
Т.М.Мушынская.
В.М.Елізар’еў.Сцэна з балета «Спартак» у пастаноўцы В.Елізар’ева.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПЯШЫ́НСКІ (Панцеляймон Мікалаевіч) (12.3.1868, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.9.1944),
дзеяч рэв. руху, публіцыст, пісьменнік, педагог. Д-ргіст.навук. Скончыў Магілёўскую гімназію (1886). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1886—90), дзе узначальваў бел. зямляцтва. За ўдзел у рэв. руху выключаны (быў чл. нарадавольскага гуртка). Здаў экзамены экстэрнам у Кіеўскім ун-це і атрымаў дыплом настаўніка (1891). З 1894 кіраваў марксісцкім гуртком у Пецярбургу. У 1895 арыштаваны з інш. членамі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губ. Друкаваў артыкулы ў газ. «Сибирская жизнь», «Енисей». З 1900 агент «Искры» ў Пскове. У 1902 зноў арыштаваны і высланы ў Енісейскую губ., адкуль уцёк, з 1903 у Жэневе, далучыўся да бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі II i III з’ездаў РСДРП. Супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах. У 1907—09 выкладаў у Аршанскім рэальным вучылішчы. На Аршанскім чыг. вузле разам з жонкай В.Б.Лепяшынскай аднавіў арг-цыю РСДРП. З 1909 у стат. бюро пры Маскоўскай гар. управе, уваходзіў у бальшавіцкую літ. групу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава ў Оршы, на пед., навуковай і журналісцкай рабоце ў Петраградзе і Маскве, заг. аддзела школы Наркамата асветы. У 1918 заснаваў ў Кармянскім р-не доследна-паказальную прац.Ліцвінавіцкую школу-камуну. У 1921—24 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б) (Гістпарта), выкладаў у Маскоўскім ун-це і Камуністычнай акадэміі, адзін з ініцыятараў стварэння і 1-ы старшыня ЦК МОПР. З 1927 дырэктар Гіст. музея, у 1935—36 — Музея рэвалюцыі ў Маскве. Аўтар драмы «Чырвоным па чырвонаму» (1919), рамана «Барацьба і творчасць», аповесці «У зелянях» (1924), апавяданняў, успамінаў, навук. прац па пытаннях гісторыі, нар. асветы, пра А.Грыбаедава, М.Салтыкова-Шчадрына і інш. З 1967 устаноўлена Дзярж. прэмія Беларусі імя Л. за лепшы публіцыстычны твор.
Тв.:
На повороте. М., 1955;
Бел.пер. — Як узнікла Ленінская партыя. Мн., 1934.
Літ.:
Булацкий Г.В. Ленинской гвардии солдат. 2 изд. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ТКА,
элементарная жывая сістэма, асноўная структурна-функцыянальная адзінка жывых арганізмаў (гл.Клетачная тэорыя). Можа існаваць як асобны арганізм (бактэрыі, прасцейшыя, некат. водарасці і грыбы) або ў складзе тканак шматклетачных жывёл, расл ш, грыбоў. Кожная К. складаецца з 2 асн.ч. — цытаплазмы і ядра (эўкарыёты) ці нуклеаіда (пракарыёты), дзе знаходзіцца генет. апарат. Саматычныя К. ўтвараюцца шляхам мітозу, палавыя — меёзу. Шматлікія функцыі К. (абмен рэчываў, раздражняльнасць, рух, дзяленне, самааднаўленне і інш.) выконваюцца спецыялізаванымі ўнутрыклетачнымі структурамі — арганоідамі (напр., сінтэз бялку — на рыбасомах, клетачнае дыханне — на мембранах мітахондрый). У К. бесперапынна падтрымліваецца пэўная канцэнтрацыя іонаў, якая адрозніваецца ад іх канцэнтрацыі ў навакольным асяроддзі. Абалонка К. (клетачная мембрана) у жывёл рухомая, здольная абвалакваць у асяроддзі кроплі з буйнымі малекуламі (пінацытоз) ці вірусы і невял. К. (фагацытоз). Раслінныя К. пакрыты цвёрдай абалонкай з порамі (плазмадэсмамі). Памеры К. — ад 0,1—0,25 мкм (некат. бактэрыі) да 155 мм (яйцо страуса ў шкарлупіне). Найменшая працягласць жыцця К. чалавека 1—2 дні (К. кішэчнага эпітэлію), інш. жывуць на працягу жыцця арганізма (нейроны, валокны шкілетных мышцаў). У арганізме К. адрозніваюцца па велічыні, форме, колькасці арганоідаў, наборы ферментаў, што абумоўлена каапераваннем К. і выкананнем імі спецыялізаваных функцый (напр., узбудлівыя К. — нервовыя, скарачальныя — мышачныя). Многія К. шматфункцыянальныя, напр. К. печані сінтэзуюць бялкі плазмы крыві і жоўць, назапашваюць глікаген і перапрацоўваюць яго ў глюкозу, акісляюць чужародныя рэчывы. Фактары рэгуляцыі ўнутры К. — метабаліты К., іоны, якія ўздзейнічаюць на гены (што прыводзіць да змянення колькасці ферменту) ці на сам фермент (змяняецца яго актыўнасць), і рэгуляцыя паводле прынцыпу адваротнай сувязі (прадукт рэакцыі вызначае яе інтэнсіўнасць). Фактары рэгуляцыі па-за К. — прамыя кантакты паміж К. і змяненне актыўнасці К. нерв. або гумаральнымі сігналамі. Надзейная і дакладная рэгуляцыя працэсаў унутры і па-за К. забяспечвае эвалюцыю арган. свету на Зямлі. Навука, якая вывучае К. — цыталогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЕР (лац. color),
1) уласцівасць прадметаў ці фіз. з’яў, якая ацэньваецца зрокавым адчуваннем. У пераважнай большасці выпадкаў колернае адчуванне ўзнікае пры ўздзеянні на вока бачнага выпрамянення (эл.-магн. выпрамянення з даўжынямі хваль ад 400 да 750 нм); часам узнікае пры націсканні на вока, эл. раздражненні і інш., а таксама па мысленнай асацыяцыі з інш. адчуваннямі (напр., гуку, цяпла) і ў выніку работы ўяўлення.
К. падзяляюцца на ахраматычныя (чорны, белы і прамежкавыя паміж імі шэрыя) і храматычныя (усе астатнія); характарызуюцца чысцінёй, насычанасцю, тонам і яркасцю. Адрозніваюць К. крыніц святла (вызначаецца спектрам крыніцы) і аб’ектаў, якія не свецяцца ўласным святлом. Прадмет мы бачым белым, калі ён аднолькава адбівае ўсе прамяні бачнага спектра, чорным — цалкам паглынае іх, шэрым — аднолькава, але не поўнасцю паглынае ўсе прамяні, каляровым — паглынае толькі некаторыя з іх. Успрыманне К. абумоўлена рознай рэакцыяй святлоадчувальных элементаў вока на святло рознай даўжыні хвалі і інтэнсіўнасці, але сігналы, што паступаюць у цэнтр.нерв. сістэму, успрымаюцца з улікам раней атрыманай інфармацыі, якая зберагаецца ў памяці чалавека. Гл. таксама Колернасці тэорыя.
2) К. у выяўленчым мастацтве, мастацкі сродак адлюстравання рэчаіснасці ва ўсім багацці яе фарбаў; важны элемент маст. твора, які выконвае ў ім выяўл. і выразныя функцыі і неадрыўна звязаны з інш. элементамі — кампазіцыяй, малюнкам, фактурай і інш.; аснова каларыту. К. розняцца паводле тону, насычанасці, светлаты, падзяляюцца на «цёплыя» і «халодныя». У працэсе развіцця мастацтва склалася багатая сімволіка К., якая мае гіст. і нац. абумоўлены характар, звязана з асаблівасцямі маст. стылю эпохі, відам мастацтва, творчымі задачамі. К. — асн. структурны элемент жывапісу, дзенайб. яскрава праяўляюцца яго выразныя магчымасці: перадача матэр. якасці асобных аб’ектаў (лакальны К.), іх размяшчэнне ў прасторы карцін (гл.Перспектыва), паветр. асяроддзя, асветленасці, сувязі з інш. аб’ектамі і навакольным асяроддзем. З’яўляецца асновай маст. вобраза твора, сродкам псіхал. характарыстыкі, перадачы эмац. стану персанажаў і інш. У манум. мастацтве выконвае дэкар. функцыі і аб’ядноўвае асобныя аб’екты ў адзіны ансамбль; выкарыстоўваецца ў графіцы, скульптуры (паліхромная скульптура), дэкар.-прыкладным мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА (Congo),
рака ў Цэнтр. Афрыцы, пераважна ў Дэмакр. Рэспубліцы Конга (дзеназ. Заір), часткова на яе межах з Рэспублікай Конга і Анголай. Даўж. 4320 км (ад вытоку р. Луалаба), пл.бас. 3,7 млн.км². Па даўжыні займае 2-е месца ў Афрыцы (пасля Ніла), па плошчы басейна і воднасці 1-е месца ў Афрыцы і 2-е ў свеце (пасля р. Амазонка). Вытокі на ПдУДэмакр. Рэспублікі Конга на плато каля мяжы з Замбіяй, упадае ў Атлантычны ак. каля г. Банана. Верхняе цячэнне (да вадаспада Баёма) па пласкагор’ях і плато, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні (ад вадаспада Баёма да г. Кіншаса) у межах упадзіны Конга — раўнінная рака з шырокай далінай (да 20 км), падзяляецца на рукавы і пратокі. Ніжняе цячэнне (ад г. Кіншаса да вусця) пераважна ў глыбокай цясніне па Паўд.-Гвінейскім узв., шмат парогаў і вадаспадаў (Лівінгстана і інш.). Каля г. Матады К. выходзіць на вузкую прыморскую нізіну, рэчышча шыр. да 1,5 км. Каля г. Бома пачынаецца эстуарый. Гал. прытокі: Арувімі, Убангі, Санга (справа), Ламамі, Лулонга, Рукі, Касаі (злева). Да бас. К. належаць буйныя азёры — Танганьіка, Ківу, Бангвеулу, Мверу і інш. Жыўленне дажджавое. Макс. паводкі ў вярхоўях у ліст.—студз., у сярэднім і ніжнім цячэнні — у маі—чэрв. і ліст.—студзені. Сярэдні гадавы расход вады 46 тыс.м³/с. Вял. масы вады, якія К. выносіць у акіян, апрасняюць яго на 75 км ад берага. Цвёрды сцёк каля 50 млн.т за год. Значныя запасы гідраэнергіі (каля 390 ГВт). Вял. 1 ЭС — Нзіла, Нсеке (на р. Луалаба), Інга (у ніжнім цячэнні). Рыбалоўства (тылапія, нільскі акунь, барбель, тыгравая рыба, прэснаводны селядзец і інш.). Агульная даўжыня суднаходных шляхоў у бас. К. каля 20 тыс.км. Уласна К. (укл. Луалабу) суднаходная на б.ч. цячэння за выключэннем парожыстых участкаў, у абход якіх пабудаваны чыгункі. Ніжэй г. Матады заходзяць акіянскія судны. Гал. рачныя парты — Бразавіль (Рэспубліка Конга), Кіншаса, Кісангані, марскія — Матады, Бома, Банана (Дэмакр. Рэспубліка Конга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВЕ́ДНІКІ,
1) тэрыторыя сушы або акваторыя, у межах якой увесь прыродны комплекс поўнасцю выключаны з гасп. дзейнасці і ахоўваецца дзяржавай; від запаведных тэрыторый. Участкі зямлі, яе нетраў і воднай прасторы ў межах З. аддаюцца ў карыстанне грамадскім ці дзярж. органам. Асн. задачы З.: зберажэнне эталонных або найб. тыповых для вызначанай геагр. зоны прыродных ландшафтаў, рэдкіх і каштоўных відаў жывёл і раслін; вывучэнне прыродных працэсаў у натуральным стане; распрацоўка пытанняў рэканструкцыі флоры, фауны і комплексу інш. прыродаахоўных праблем; культ.-асв. работа, папулярызацыя прыродаахоўных поглядаў і аховы прыроды (гл.Маніторынг, Біясферны запаведнік). Вылучаюць З. накіраванага рэжыму, прыродныя, эталонныя, біясферныя, мемарыяльныя і інш. Для аховы прыродных комплексаў З. ствараюцца ахоўныя зоны. Ахоўвае З. спец. служба (дзяржінспектары, егеры). Навук. работа ў З. мае комплексны характар, вядуцца даследаванні па праграме «Летапіс прыроды».
Першыя дзярж. З. ўзніклі ў стараж. Вавілоне, Грэцыі, Індыі і ствараліся з рытуальнымі і паляўнічымі мэтамі. Найстаражытнейшы З. на слав. землях — Белавежская пушча. Першымі дзярж. З. Расіі былі Баргузінскі запаведнік, Кедравая Падзь, Лагадэхскі запаведнік, Саянскі (1915). Самы вял. З. у свеце — Вялікі Габійскі (Манголія, пл. 5 млн.га), у Расіі — Таймырскі запаведнік. Найб. вядомыя З. — Асканія-Нова, Байкальскі запаведнік, Жувінтас, Каўказскі запаведнік, Кызылагаджскі запаведнік, Рэпетэкскі запаведнік і інш.
На Беларусі два З.: Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік (адзіны ў свеце). Стварэнне, статут, структура і рэжым З. вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь «Аб асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях і аб’ектах» (1994) і адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 13.3.1995. Вял. роля З. Беларусі ў зберажэнні і аднаўленні каштоўных і рэдкіх відаў жывёл (алень высакародны, бабёр, зубр, лось і інш.) і раслін, даследаванні па геабатаніцы, фларыстыцы, лесазнаўстве, фауністыцы, паляўніцтвазнаўстве, глебазнаўстве, экалогіі і інш. З. ўдзельнічаюць у міжнар. праграмах па ахове прыроды ў рамках МАБ, ЮНЕП, ЮНЕСКА.
2) Навукова-даследчыя ўстановы, за якімі замацаваны тэрыторыі, дзе вядуцца адпаведныя арганізацыйныя работы і даследаванні.