адработачная феад. павіннасць сялян, часткова мяшчан у ВКЛ у 15—18 ст.; найб. ранняя форма працоўнай павіннасці. З устанаўленнем у 16 ст. штотыднёвай паншчыны З. праводзіліся для тэрміновых с.-г. работ звыш цягла. Падзяляліся на вялікія (зганялі ўсіх працаздольных) і малыя (1—2 работнікі з гаспадаркі на ворыва і сяўбу), на конныя і пешыя. У адрозненне ад паншчыны на З. прымушаліся працаздольныя з кожнай сям’і, нават кутнікі, якія не мелі зямлі і двара. Колькасць З. залежала ад плошчы панскай ворнай зямлі і патрэб у дадатковай рабочай сіле. З часам колькасць іх павялічвалася. У 2-й пал. 18 ст. найчасцей праводзілася 12 З. у год. У залежнасці ад відаў работ З. мелі назву шарваркі, талокі, работы з разавым пачастункам — абжынкі. У балансе рабочай сілы фальварковай гаспадаркі З. мелі значную ўдзельную вагу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАВА́ННЕ.
1) К. харчовых прадуктаў — апрацоўка прадуктаў жывёльнага і расліннага паходжання з мэтай прадухілення іх ад псавання (гніення, браджэння) пры працяглым захоўванні.
Спосабы К. заснаваны на розных прыёмах знішчэння мікробаў і разбурэння ферментаў або стварэння неспрыяльных умоў для іх актыўнасці. Асн. спосабы К.: стэрылізацыя, пастэрызацыя, сушка, замарожванне харчовых прадуктаў, вэнджанне, выкарыстанне хім. сродкаў (марынаванне, засольванне), квашанне, вяленне, К. з дапамогай цукру. Распрацаваны таксама метады К. іанізавальным выпрамяненнем, токамі высокай частаты, апрацоўкай ультрафіялетавымі і інфрачырвонымі прамянямі і інш. 2) К. драўніны — глыбокае насычэнне антысептычнымі сродкамі драўляных элементаў пабудоў і збудаванняў, апор ЛЭП і ліній сувязі, руднічных стоек, шпал і інш. з мэтай іх доўгачасовай аховы ад разбурэння грыбамі (гніення), насякомымі і бактэрыямі. Робіцца пад ціскам ў аўтаклавах, метадам гарача-халодных ваннаў, дыфузіяй і інш. 3) К. шкур — апрацоўка іх кухоннай соллю або высушванне для засцярогі ад гніення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТАНЦІ́НАВА,
вёска ў Свірскім пас. савеце Мядзельскага р-на Мінскай вобл. За 40 км на Зад Мядзела, 180 кмад Мінска, 18 кмадчыг. ст. Лынтупы, каля аўтадарогі Вільнюс — Полацк. 270 ж., 112 двароў (1997).
Вядома з 18 ст. як маёнтак у Ашмянскім пав. З 1785 мястэчка Віленскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі ў Вілейскім пав. У 1847 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1868 у Свірскай вол., 136 ж. У 1897 у вёсцы К. 64 ж, касцёл, заезны дом, крама, карчма, нар. вучылішча, у фальварку 90 ж. З 1921 у складзе Польшчы, з 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Свірскага р-на Вілейскай вобл., з 1959 у Мядзельскім р-не. У 1971 у вёсцы 175 ж., 60 двароў.
Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Канстанцінаўскі касцёл (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎРЫШАВА, Лаўрышаў,
вёска ў Шчорсаўскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. На левым беразе р. Нёман. За 27 км на Уад Навагрудка, 189 кмад Гродна, 55 кмадчыг. ст. Наваельня. 232 ж., 109 двароў (1998).
Узнікла ў 13 ст. як паселішча вакол Лаўрышаўскага манастыра. З 1795 у Рас. імперыі. У 1885 сяло Нягневіцкай вол. Навагрудскага пав., 460 ж., 52 двары, школа, царква, капліца. У 1908—513 ж., 77 двароў. З 1921 у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага пав., 214 ж., 38 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага р-наў. З 1959 у Шчорсаўскім с/с.
Базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1798), помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,
электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн.ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.
Створана амер. вучоным Р.Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдзад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНЫ́Я ПАЖА́РЫ (Узнікаюць па віне насельніцтва) (да 90%),
у выніку с.-г. і лесагасп. работ, забруджвання лесу, самаўзгарання торфу, ад маланак і інш. Асабліва схільныя да Л.п. хвойныя насаджэнні. Адрозніваюць Л.п. нізавыя (найчасцейшыя), верхавыя, падземныя (тарфяныя); нізавыя і верхавыя бываюць беглыя і ўстойлівыя, тарфяныя — устойлівыя. Прычыняюць вял. страты нар. гаспадарцы; разбураюць або аслабляюць лясныя біяцэнозы, спыняюць аднаўленне лесу, садзейнічаюць забалочванню, глебавай эрозіі, пашырэнню шкодных насякомых, дрэваразбуральных грыбоў; пагаршаюць уласцівасці глебы, склад, ахоўныя, сан.-гігіенічныя, рэкрэацыйныя функцыі лясоў. Для прадухілення Л.п. лес ачышчаюць, ствараюць проціпажарныя лясныя палосы і разрывы, праводзяць проціпажарную прапаганду. На Беларусі ў 1990-я г. рэгістравалася ад 0,9 да 8,1 тыс. Л.п. за год на пл.ад 0,3 да 26 тыс.га.
Літ.:
Чулюков В.И., Чайков М.А. Торфяные пожары и меры борьбы с ними., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКА́Я ВАДА́,
вада мораў і акіянаў. Агульны аб’ём у Сусв.ак. 1370 млн.км³. Уяўляе сабой аднародны раствор, у якім 96,5% вады і 3,5% солей (у т. л. 85% хларыду натрыю, у значнай колькасці хларыду магнію, сульфату магнію і кальцыю і браміду натрыю), а таксама завіслыя цвёрдыя часцінкі, раствораныя газы і арган. рэчывы (1—5 мг/л). Сярэдняя салёнасць (вызначаецца ў праміле — ‰) М.в. ў акіяне блізкая да 35‰ (ад 33,99‰ на 50°паўд. ш. да 35,79‰ на 5°паўн. ш.), на Пн Чырвонага м. павышаецца да 41,5‰. Шчыльнасць мяняецца ў залежнасці ад т-ры і салёнасці. У адрозненне ад прэснай М.в. замярзае пры т-ры найб. шчыльнасці (-1,9 °C). Скорасць гуку ў М.в. і яе электраправоднасць большыя, чым у прэснай вады, і нарастаюць з павышэннем салёнасці і т-ры. З М.в. здабываюць хларыды натрыю, магнію, брому і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСПАЛІ́ТАЕ РУШЭ́ННЕ,
шляхецкае апалчэнне ў феад. Польшчы і ВКЛ (Рэчы Паспалітай); асн. форма арганізацыі ўзбр. сіл дзяржавы, заснаваная на прынцыпе, што кожны шляхціц незалежна ад велічыні маёнтка ў час вайны абавязаны адпраўляцца ў ваенны паход. У ВКЛ з пач. 16 ст. землеўладальнікі ад кожных 8, а з 1566—10 службаў (у службе 2 дымы) выстаўлялі ў войска ўзбр. конніка, а калі зямлі было менш, землеўладальнікі ішлі служыць самі. У П.р. ўваходзілі таксама прывілеяваныя сяляне (асочнікі, стральцы, выбранцы), панцырныя баяры, путныя баяры, мяшчане, якія валодалі зямлёй, казакі, татары і інш. Час ад часу праводзіліся попісы войска Вялікага княства Літоўскага. Колькасць П.р. ВКЛ дасягала 30 тыс.чал. П.р. склікалася соймам, узначальвалася вял. гетманамі Польшчы і ВКЛ, часам каралём. Ужо ў 15 ст. немагчымасць караць шляхту і няздольнасць арганізаваць новыя спосабы вядзення вайны рабілі П.р. малапрыгодным. Існавала да канца 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г.Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ. Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІСУЛЬФІ́ДНЫЯ КАЎЧУКІ́, тыяколы,
сінтэтычныя палімеры, прадукты полікандэнсацыі аліфатычных дыгалагенвытворных з полісульфідамі шчолачных металаў. Агульная ф-ла HS[—R—Sm—],SH, дае R — алкіл, m ≈ 2 ці 4.
Існуюць П.к. вадкія і цвёрдыя. Вадкія П.к., ці полісульфідныя алігамеры (т-ра застывання ад -32 да -10 °C), маюць мал. м. 500—7500, раствараюцца ў бензоле, талуоле, цыклагексане, дыаксане, хлараформе. Цвёрдыя П.к. з мал. м. (2—5) 105 нерастваральныя. Найб. пашыраныя вадкія П.к. (каля 90% ад агульнага аб’ёму выпуску) атрымліваюць расшчапленнем П.к. высокай малекулярнай масы. Гума з П.к. масла-, бенза-, атмасфера-, радыяцыйна- і азонаўстойлівая, газа- і воданепранікальная, устойлівая ў разбаўленых к-тах і растворах шчолачаў. Т-ра эксплуатацыі ад -55 да 170 °C. Вадкія П.к. выкарыстоўваюць як аснову герметыкаў і сінт. кляёў, цвёрдыя для гуміравання бетонных паліўных рэзервуараў, у вытв-сці маслабензаўстойлівых гумаватэхн. вырабаў. Гл таксама Вадкія каўчукі.