СПО́РЫ (ад грэч. spora сяўба, семя),
клеткі грыбоў і раслін, што служаць для размнажэння і рассялення. Узнікаюць шляхам мітозу (мітаспоры ў грыбоў і ніжэйшых раслін) ці меёзу (меяспоры ў вышэйшых раслін). Меяспоры бываюць аднолькавыя (у раўнаспоравых) або 2 тыпаў — мікра- і мегаспоры (у разнаспоравых). Паводле месца ўтварэння адрозніваюць эндаспоры, што фарміруюцца ў спарангіях, і экзаспоры, што ўтвараюцца на паверхні (напр., у некат. плесневых грыбоў). У ніжэйшых раслін, якія селяцца ў вадзе, С. маюць жгуцікі для перамяшчэння (напр., зааспоры ў водарасцей). У наземных раслін С. разносяцца ветрам і інш. агентамі, не маюць органаў руху, ахаваны ад высыхання цвёрдай клетачнай абалонкай. Памеры ад 3—5 да 25—50 мкм, маюць разнастайную форму. Тэрмін жыцця зааспор ад некалькіх мінут да 2—3 гадз, С. у абалонцы — ад 10 дзён да 3—5 гадоў, С. галаўнёвых грыбоў — да 25 гадоў. Марфал. і антагенет. асаблівасці С. — важная таксанамічная адзнака, якая выкарыстоўваецца ў спорава-пылковым аналізе. У паразітычных прасцейшых кл. спаравікоў С. — адна- ці мнагаклетачныя ўтварэнні, абкружаныя шчыльнай абалонкай. Служаць для распаўсюджвання і перажывання неспрыяльных умоў. У бактэрый С. — рэпрадуктыўныя клеткі, што знаходзяцца ў спакоі. Характарызуюцца паніжаным узроўнем метабалізму і асобнай ультраструктурнай арганізацыяй. Утвараюцца ў канцы жыццёвага цыкла. Асн. функцыя — рэпрадукцыя і (або) захаванне бактэрый у неспрыяльных умовах навакольнага асяроддзя. Устойлівыя да высокіх т-р, радыяцыі, высушвання, уздзеяння растваральнікаў і інш. неспрыяльных фактараў, што выклікаюць гібель вегетатыўных клетак. У пажыўным асяроддзі С. прарастаюць і даюць пачатак новым вегетатыўным бактэрыяльным клеткам.
С.І.Бельская.
т. 15, с. 120
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)