ПАГО́СТ (ад стараж.-рус. погостити — пабываць у гасцях),

пашыраны ў стараж.-рус., рас. і бел. крыніцах тэрмін, які на працягу 10—20 ст. меў рознае значэнне. Першапачаткова П. называлі сельскія абшчыны на перыферыі Кіеўскай Русі, а таксама цэнтры гэтых абшчын, дзе часова спыняліся князі з дружынамі і вялася «гасцьба» (гандаль). Першае ўпамінанне адносіцца да 947, калі кн. Вольга «устави погосты» ў Наўгародскай зямлі. Паступова П. сталі называць адм.-тэр. адзінкі, якія складаліся з некалькіх паселішчаў, а таксама цэнтр. паселішча гэтай акругі. На чале П. ставілі спец. службовых асоб, што адказвалі за рэгулярны збор даніны. З пашырэннем на Русі хрысціянства ў П. будавалі цэрквы, пры якіх знаходзіліся могілкі. У Рас. дзяржаве падзел на 11. даўжэй за ўсё (да 1775) захоўваўся на ПнЗ краіны. У 15—16 ст. у цэнтр. паветах Расіі П. называлі невял. паселішчы з царквой і могілкамі На Беларусі П. у гэтым значэнні існавалі да пач. 16 ст., потым ператварыліся ў вёскі і мястэчкі, многія з якіх захавалі ў назвах слова «П.» (напр., вёскі Пагост ў Аршанскім, Бярэзінскім, Вілейскім і інш. раёнах, Пагост-Загародскі Пінскага р-на і інш.). У 19—20 ст. слова «П.» ужывалася ў значэнні сельскага прыхода, участка шляху і асабліва часта могілак.

т. 11, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕСТРЫ́НА ((Palestrina) Джавані П’ерлуіджы да) (1525 ці 1526, г. Палестрына, Італія — 2.2.1594),

італьянскі кампазітар; заснавальнік рымскай школы. Музыцы вучыўся ў царкве Санта-Марыя Маджорэ ў Рыме, дзе спяваў у хоры хлопчыкаў. З 1544 арганіст і капельмайстар гал. царквы г. Палестрына, з 1551 у Рыме: узначальваў капэлы цэркваў Сан-Джавані ін Латэрана (1555—60), Санта-Марыя Малжорэ (1561—66), капэлу сабора св. Пятра ў Ватыкане (да 1555 і ў 1571—94). У час, калі каталіцкая царква патрабавала выгнання з царк. музыкі свецкіх і нар. напеваў, спрашчэння поліфанічнай тэхнікі, ствараў рознабакова дасканалае поліфанічнае мастацтва, заснаванае на гарманічнай аснове. Увабраў дасягненні нідэрландскай школы, вызначыў пераход ад поліфаніі да гамафоніі. Яго творы для хору a cappella — вяршыня хар. поліфаніі строгага стылю. Высакародна-велічная музыка П., звязаная з духоўнай тэматыкай, адлюстравала гуманіст. рысы эпохі Адраджэння. Зрабіў вял. ўплыў на творчасць сучаснікаў і паслядоўнікаў, асабліва ў Італіі і Іспаніі. Аўтар каля 100 мес, у т. л. «Меса папы Марчэла» (1555), больш як 370 матэтаў, 68 аферторыяў, літаній, магніфікатаў, духоўных і свецкіх мадрыгалаў. Збор твораў П. выдадзены ў Лейпцыгу (т. 1—33, 1862—1903) і Рыме (т. 1—36, 1939—87).

Літ.:

Иванов-Борецкий М.В. Палестрина. М., 1909;

Ferraci E. Palestrina. Roma, 1960;

Bianchi L, Fellerer K.G. G.P. da Palestrina. [Torino, 1971].

Дж.Палестрына.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧЧА,

вёска ў Гродзенскім р-не, на паўн.-зах. беразе воз. Малочнае, на аўтадарозе Гродна—Друскінінкай (Літва); чыг. ст. на лініях Гродна—Вільнюс і Парэчча—Друскінінкай. Цэнтр сельсавета, калгаса, біял. заказніка Парэцкі. За 32 км на ПнУ ад Гродна. 1958 ж., 630 двароў (2000). 2 лясніцтвы, рыбавяндлярны цэх, санаторый, 2 базы адпачынку. Сярэдняя, муз. і санаторная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі архітэктуры: царква Казанскай Маці Божай (1901), касцёл Маці Божай (1906).

Вядома з 1660 як маёнтак Гродзенскага віцэ-эканома I.Недзялкоўскага. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у Рас. імперыі, з 1802 у Сабалянскай вол. Гродзенскага пав. 15.12.1862 на чыг. магістралі Пецярбург—Варшава побач з вёскай адкрыта станцыя Парэчча — першая на Беларусі. У 1904 у вёсцы 349 ж., у пасёлку на чыг. станцыі 239 ж. З 1921 у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Парэцкага раёна, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, з 25.11.1940 у Гродзенскім р-не. У Вял. Айч. вайну акупіравана ням. фашыстамі, якія стварылі тут лагер смерці, дзе 5.2.1943 загубілі 234 чал. З 1978 цэнтр бат. заказніка рэсп. значэння.

В.​М.​Князева.

т. 12, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯТЫ́ЗМ (ад грэч. patris айчына),

маральны і паліт. прынцып, змест якога — любоў да ўсяго айчыннага, ад мясцовасці. дзе чалавек нарадзіўся, яго народа, мовы, культуры і да дзяржавы, грамадзянінам якой ён з’яўляецца. У паліт. сэнсе — адданасць усяму, што звязана з суверэнітэтам сваёй дзяржавы, яе незалежнасцю і самастойнасцю, бездакорным выкананнем грамадзянскага абавязку. Паняцце «П.» вядома з глыбокай старажытнасці, сфармулявана ў антычныя часы. У бел. духоўнай культуры існуе з пачатку яе гісторыі і выяўлялася пераважна ў маст.-эстэтычнай форме, напр., у дзейнасці Ефрасінні Полацкай, творах Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Міколы Гусоўскага. Выразны характар П. маюць прадмовы і пасляслоўі Ф.​Скарыны да яго перакладаў Бібліі. Патрыят. настроі найб. абуджаліся з нарастаннем нац.вызв. і адраджэнцкага руху на Беларусі ў 19 — пач. 20 ст., што асабліва выявілася ў маст. л-ры і публіцыстыцы (Ф.​Багушэвіч, М.​Багдановіч, Я.​Купала, Я.​Колас і інш.). Асабліва яскрава П. праявіўся ў перыяд Вял. Айч. вайны, калі бел. народ паказваў масавы гераізм і самаахвярнасць пры абароне сваёй Радзімы. У СССР праводзілася ідэалогія агульнасав. П. з устаноўкай на росквіт і ўзаемнае ўзбагачэнне нац. культур. З распадам СССР, усталяваннем незалежнасці і дзярж. суверэнітэту Рэспублікі Беларусь паўстала задача далейшага развіцця бел. нац. культуры і нац. самасвядомасці, адной з гал. частак якой з’яўляецца П.

М.​І.​Крукоўскі.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),

апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.

П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз. культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.

На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.​Танка (для навуч. мэт).

А.​А.​Шымбалёў.

Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТО́НАЎ (Уладзімір Пятровіч) (н. 1.12.1939, в. Стайкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Акад. Нац. АН Беларусі (1972, чл.-кар. 1969). Акад. Рас. АН (1987). Замежны чл. Індыйскай АН (1993). Д-р фіз.-матэм. н. (1967), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1961), дзе і працаваў. У 1971—92 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі (з 1977 дырэктар). Адначасова ў 1987—92 прэзідэнт АН Беларусі, у 1988—91 старшыня Камітэта па Дзярж. прэміях Беларусі, у 1987—92 гал. рэдактар часопіса «Даклады АН БССР». З 1991 у Ін-це перспектыўных даследаванняў (Прынстан, ЗША). З 1992 у ЗША, Канадзе. Навук. працы па алгебры, алг. геаметрыі, лінейных групах, тапалагічнай алгебры. Распрацаваў агульны метад даследавання лінейных груп, прыведзеную К-тэорыю. Вырашыў праблемы Кнезера—Тытса, Танака—Арціна, праблему рацыянальнасці для групавых алг. мнагастайнасцей над лакальнымі і глабальнымі палямі. Ленінская прэмія 1978. Прэмія Ленінскага камсамола 1968.

Тв.:

Проблема сильной аппроксимации и гипотеза Кнезера—Титса для алгебраических групп // Изв. АН СССР. Сер. мат. 1969. Т. 33, № 6;

Проблема Таннака—Артина и приведенная К-теория // Там жа. 1976. Т. 40, № 2;

Алгебраические группы и теория чисел. М., 1991 (разам з А.​С.​Рапінчуком).

Літ.:

В.​П.​Платонов // Успехи мат. наук. 1990. Т. 45, вып. 3.

У.П.Платонаў.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛІНГ, Паўлінг (Pauling) Лайнус Карл (н. 28.2.1901, г. Портленд, штат Арэгон, ЗША — 19.8.1994), амерыканскі фізік і хімік, грамадскі дзеяч. Чл. Нац. АН ЗША (1933), Амер. АН мастацтваў і навук (1944). Замежны чл. АН СССР (1958). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т у Пасадэне (1925; д-р філасофіі), дзе і працаваў ў 1927—64 (з 1931 праф.). У 1969—74 у Станфардскім ун-це. З 1975 у Ін-це навукі і медыцыны. Навук. працы па тэорыі хім. сувязей, даследаванні структуры малекул, біяхіміі, імунахіміі, малекулярнай генетыцы. Распрацаваў квантава-механічны метад разліку структуры малекул — метад валентных сувязей (1931, адначасова з амер. фізікахімікам Дж.​К.​Слейтэрам), на аснове якога стварыў новую тэорыю будовы хім. злучэнняў — тэорыю рэзанансу (1931—33). Увёў паняцце электраадмоўнасці, прапанаваў спосаб яе колькаснага вызначэння (1932) і шкалу адносных лікавых значэнняў электраадмоўнасцей хім. элементаў. Заклаў асновы структурнага аналізу бялкоў (1946—50, разам з Дж.Д.Берналам, У.​Л.​Брэгам), выказаў думку пра спіральную будову поліпептыднага ланцуга ў бялках. Адзін з ініцыятараў Пагуашскага руху. Нобелеўская прэмія 1954, Нобелеўская прэмія міру 1962, Міжнар. Ленінская прэмія 1970.

Тв.:

Рус. пер. — Природа химической связи. М., Л., 1947;

Общая химия. М., 1974;

Химия. М., 1978 (разам з П.​Полінгам).

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981. С. 315.

Л.Полінг.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТАТЫ́П (ад грэч. prototypon правобраз),

рэальная асоба, якая паслужыла асновай для стварэння літ. вобраза, персанажа. Арыентаванасць на П., характар яго выкарыстання залежаць ад кірунку, жанру і творчай індывідуальнасці пісьменніка. Наяўнасць П. з’яўляецца істотнай рысай рэалістычнай творчасці з яе жыццепадабенствам, псіхалагізмам, быт. каларытам, у адрозненне ад л-р і стыляў з высокай ступенню нарматыўнасці і дэманстратыўнай умоўнасцю (класіцызм, барока, сентыменталізм). Паказваючы рэальную асобу, пісьменнік не капіруе характар і жыццё П., а адбірае патрэбнае яму. Зварот да П. найб. характэрны ў аўтабіягр. творах (трылогія Л.​Талстога «Дзяцінства», «Гады падлетка», «Юнацтва», паэма Я.​Коласа «Новая зямля») і ў лірыцы, дзе ў якасці П. лірычнага героя выступае сам аўтар. У літ. персанажа можа быць некалькі П (вобраз Грушніцкага ў рамане М.​Лермантава «Герой нашага часу»), у некалькіх літ. персанажаў можа быць адзін П. (П. для вобразаў Садовіча ў рамане Я.​Коласа «На ростанях», Баса-Грэнкі ў п’есе Я.​Коласа «Забастоўшчыкі», Сташынскага ў рамане А.​Фадзеева «Разгром» паслужыў А.​Сянкевіч). Але часцей аўтар, ствараючы вобраз, асноўваецца на адной рэальнай асобе. якую ўспрымае як блізкі да маст. завершанасці тып (П. для вобраза дзеда Талаша ў аповесці Я.​Коласа «Дрыгва» паслужыў В.​І.​Талаш, для вобраза Чубара ў рамане І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі» М.​Сяднёў).

Літ.:

Атрашкевіч В.І. Ад прататыпа да вобраза. Мн., 1984.

т. 13, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПШЧО́ЛКА (Аляксандр Раманавіч) (1869, в. Чарсцвяды Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 1943),

бел. пісьменнік, этнограф, фалькларыст. Скончыў Віцебскую духоўную семінарыю (1890), юрыд. ф-т Юр’еўскага (Тартускага) ун-та (1907). Настаўнічаў, працаваў адвакатам. Друкаваўся з 1898 у «Витебских губернских ведомостях», пазней у газ. «Сельский вестник», «Минское слово», «Белорусская жизнь» і інш. Пісаў на бел. і рус. мовах. Выдаў больш за 10 кніг апавяданняў і нарысаў («Нарысы з жыцця беларускай вёскі», 1899; «Беларускія апавяданні», 1901; і інш.), дзе паказаў жыццё і побыт бел. сялян канца 19 ст. Для літ. дзейнасці П. характэрны маралізатарства, натуралізм, супярэчлівасць і неакрэсленасць аўтарскай пазіцыі (цыкл нарысаў «Пісьмы з вёскі», 1907). У этнагр. нарысах апісваў звычаі, абрады і побыт Лепельшчыны («Дзяды», «Мікітавы хаўтуры», «Зажынкі і абжынкі», «Талака», «Беларускія святы»), У Полацку стварыў хор, які выконваў бел. нар. песні, у Вільні арганізаваў вечар бел. нар. музыкі. Пад яго рэдакцыяй у Віцебску выдадзена паэма «Тарас на Парнасе» (3-е выд., 1910).

Тв.:

Пилипово веселье: (Бел. очерк). Витебск, 1901;

Очерки и рассказы из белорусской жизни. Вып. 2. Витебск, 1903;

Очерки и рассказы из жизни белорусской деревни. 2 изд. Вильна, 1906;

Очерки и рассказы из жизни Белоруссии. Сб. 2. 2 изд. Витебск, 1910.

Літ.:

Васілевіч У.А. Збіральнікі. Мн., 1991.

У.​А.​Васілевіч.

т. 13, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мацей) (10.11.1749—2.9.1800),

дзяржаўны дзеяч ВКЛ, кампазітар, драматург. Атрымаў хатнюю адукацыю ў Нясвіжы. У 1786—90 падкаморы ВКЛ, з 1790 кашталян віленскі; пасол на сойм 1780. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, уваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады. Як драматург дэбютаваў у 1784, калі да прыезду караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Нясвіжы была пастаўлена опера «Агатка, або Прыезд пана» (лібрэта Р., музыка Я.Ц.Голанда). Пазней опера ставілася ў Варшаве, Любліне, Вільні, Львове; з 1799 выконвалася ў 2-актавай версіі пад назвай «Добры пан — бацька сваіх падданых». У ёй апаэтызаваны людзі з народа, даводзілася неабходнасць аблегчыць долю сялян, паказана, што цяжкая сял. праца — аснова ўсеагульнага дабрабыту. У 1786 да імянін К.С. Радзівіла Пане Каханку ў Альбе пад Нясвіжам пастаўлена опера «Войт альбанскага сялення» (лібрэта і музыка Р.), дзе асуджалася жорсткае абыходжанне з сялянамі. З інш. яго муз. твораў: дывертысмент, саната, серэнада, 6 паланэзаў. Пісаў вершы. У творчасці Р. сентыменталізм і класіцызм спалучаліся з перадрамант. тэндэнцыямі.

Тв.:

Бел. пер. — Агатка, або Прыезд пана // Тэатр. Беларусь. 1993. № 4.

Літ.:

Мальдзіс А. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Дадиомова О.В. Музыкальная культура городов Белоруссии в XVIII в. Мн., 1992;

Яе ж. Нясьвіжскі маэстра // Мастацтва. 1994. № 3;

Яе ж. Опера «Агатка» і яе месца ў еўрапейскай культурнай прасторы // Там жа. 1995. № 9.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)