ЛІТО́ЎСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР О́ПЕРЫ І БАЛЕ́ТА.

Засн. ў 1920 у г. Каўнас па ініцыятыве К.Пятраўскаса, Ю.Талат-Кялпшы і інш. З 1922 дзяржаўны, з 1944 Т-р оперы і балета Літ. ССР, у 1948 пераведзены ў Вільнюс, з 1954 акадэмічны, з 1990 наз. Літ. опера, з 1998 сучасная назва. Першы оперны спектакль — «Травіята» Дж.Вердзі (1920). У 1933—40 пастаўлены нац. оперы «Гражына» і «Радвіла Пяркунас» Ю.Карнавічуса, «Тры талісманы» А.Рачунаса. Першы балетны спектакль — «Капелія» Л.Дэліба (1925), у 1928 пастаўлены харэаграфічная карціна «Літоўская рапсодыя» на муз. Карпавічуса, першыя балеты літ. кампазітараў «Юратэ і Касціціс» Ю.Груадзіса, «Сватанне» Б.Дварыёнаса, «У віхуры танцаў» В.Бацявічуса. Сучасны рэпертуар т-ра складаюць творы сусв. і рус. класікі, літ. і інш. сучасных кампазітараў. У т-ры працавалі: спевакі В.Адамкявічус, Н.Амбразайцітэ, Г.Апанавічутэ, В.Даўнарас, Э.Канява, А.Кучынгіс, Ю.Мажэйка, Р.Марыёшус, І.Мількявічутэ, В.Нарэйка, Пятраўскас, А.Садзейка, Э.Саўлявічугэ, Р.Сіпарыс, І.Стасюнас, А.Сташкевічутэ, А.Чудакова; артысты балета Л.Ашкелавічутэ, Г.Баніс, Б.Кялбаўскас, В.Куджма, Г.Кунавічус, Г.Сабаляўскайтэ, Т.Свенціцкайтэ, М.Юазапайцітэ; дырыжоры І.Алекса (гал. дырыжор з 1975), М.Букша, Р.Генюшас, Х.Паташынскас, Талат-Кялпша; балетмайстры П.Баравікас, В.Браздзіліс, В.Грывіцкас, В.Дубеняцкене, Кялбаўскас, П.Пятроў, з 1992 кіраўнік балетнай трупы Т.Сядунова; рэжысёры Ю.Грыбаўскас, Ю.Густайціс, Э.Домаркас, В.Мікштайтэ, Сіпарыс; ген. дырэктар т-ра Ю.Андрэевас (з 1999).

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВОЎ (Мікалай Аляксандравіч) (15.3. 1751, с. Нікольскае Цвярской вобл., Расія — 2 ці 3.1.1804),

рускі архітэктар і тэарэтык архітэктуры, графік, паэт, музыкант, вынаходнік; прадстаўнік архітэктуры класіцызму; адзін з заснавальнікаў пейзажнага стылю ў рус. садова-паркавым мастацтве. Чл. Рас. акадэміі (з 1783) і ганаровы чл. Пецярбургскай АМ (з 1786). Архітэктуру вывучаў самастойна. У арх. творчасці пераважалі кампактныя цэнтрычныя купальныя будынкі з лаканічным дэкар. афармленнем: Неўскія вароты Петрапаўлаўскай крэпасці (1784—87) і паштамт (1782—89) у Пецярбургу, Барысаглебскі сабор (1785—96) у г. Таржок, сядзібныя комплексы ў Маскоўскай, Цвярской і Наўгародскай абласцях, землябітны Прыярацкі палац (1798—99) у г. Гатчына Ленінградскай вобл. і інш. На Беларусі стварыў Магілёўскі Іосіфаўскі сабор, серыю акварэляў з відамі Магілёва (канец 18 ст.) і інш. Распрацоўваў вогнетрывалыя буд. матэрыялы, у т. л. «каменны кардон». Аўтар іл. да «Метамарфозаў» Авідзія, твораў Г.Дзяржавіна (да 1755), лібрэта камічнай оперы «Ямшчыкі на падставе» (паст. 1787). Склаў нотны «Збор рускіх народных песень з іх галасамі. На музыку паклаў Іван Прач» (т. 1—2, 1790, у сааўт.). Выдаў адзін з першых перакладаў ісландскай сагі «Песня нарвежскага віцязя Гаральда Храбрага» (1793). Перакладаў творы Анакрэонта, Ф.Петраркі, Сафо, кн. па архітэктуры А.Паладыо і інш.

Літ.:

Глумов А. Н.А.Львов. М., 1980.

В.М.Чарнатаў.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЙШУ́НЬ, Порт-Артур,

горад, порт і ваенна-марская база на ПнУ Кітая, у заліве Бахайвань Жоўтага м., у прав. Ляанін. Каля 1 млн. ж. (1997). Пачатковы пункт чыгункі і аўтадарогі. Цэнтр суднабудавання і суднарамонту. Могілкі рас. воінаў, якія загінулі ў час абароны Порт-Артура 1904—05 і сав. воінаў, што загінулі пры вызваленні Паўн.-Усх. Кітая ад японцаў у 1945.

Да 1880-х г. невял. рыбацкае паселішча са зручным для стаянкі караблёў рэйдам. З 1890-х г. кіт. ваен. крэпасць. У ходзе яп.-кіт. вайны 1894—95 узяты яп. войскамі, разам з Ляадунскім п-вам перададзены Японіі (крас. 1895). Пад націскам Расіі, Германіі і Францыі ў канцы 1895 вернуты Кітаю. Паводле канвенцыі 1898 Расія атрымала Л. у часовую арэнду ад Кітая. У канцы 19 — пач. 20 ст. рас. ваенна-марская база і г. Порт-Артур. У час рус.-яп. вайны 1904—05 горад гераічна абараняўся на працягу 329 дзён (гл. Порт-Артура абарона). У 1905—45 уладанне Японіі. 23.8.1945 вызвалены сав. войскамі (сумесная сав.-кіт. ваенна-марская база). У маі 1955 урад СССР вывеў з Л. свае войскі і перадаў збудаванні ў раёне базы ўраду Кітая.

т. 9, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАБЛІ́ ((Mably) Габрыэль Бано дэ) (14.3.1709, г. Грэнобль, Францыя — 23.4.1785),

французскі паліт. мысліцель і гісторык. Брат Э.Кандыльяка. Вучыўся ў езуіцкім каледжы і семінарыі, пазней адмовіўся ад духоўнай кар’еры. З 1742 на дыпламат. службе, з 1746 прысвяціў сябе навук. заняткам. Асн. ідэі М. выкладзены ў працах «Сумненні, якія прапануюцца філосафам-эканамістам адносна прыроднага і неабходнага парадку палітычных грамадстваў» (1768) і «Аб заканадаўстве, або Прынцыпы законаў» (1776). У сац.-філас. разважаннях М. зыходзіў з уласнага паняцця аб чалавечай прыродзе, лічыў, што менавіта добрыя пачаткі (спачуванне, удзячнасць) аб’ядноўваюць людзей у грамадства, а розум дыктуе пэўныя законы дзеля агульнага дабрабыту і стрымання чалавечага эгаізму. Адзінай крыніцай і носьбітам усялякай улады лічыў народ; яму належыць права змены тыранічнай улады з дапамогай любых сродкаў, у т. л. рэвалюцыі. Як прыхільнік эгалітарызму патрабаваў адпаведных законаў з мэтай устанаўлення сістэмы кіравання, якая б абараняла грамадства ад разбурэнняў. Прапаноўваў прыняць законы супраць раскошы, дзярж. падтрымкі гандлю і купецтва; выказваўся за абмежаванне багаццяў прыватных асоб, у т. л. землеўладальнікаў, адмаўляў гіст. рэгрэс і магчымасць вяртання ў «залаты век» — да першабытнага камунізму.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М.; Л., 1950;

Об изучении истории. О том, как писать историю. М., 1993.

В.І.Боўш.

т. 9, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРГО́ЛІН (Зіновій Эмануілавіч) (н. 15.2.1960, Мінск),

бел. мастак тэатра. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1982). Працуе ў т-рах Беларусі і Расіі. Ў рознай творчай манеры аформіў спектаклі: у Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі — «Пэпі» У.Дашкевіча (1987), «Прынцэса цырка» І.Кальмана (1989); у Бел. т-ры імя Я.Купалы — «Жудасныя бацькі» Ж.Както (1985), «Курыца» М.Каляды (1992) і «Ідылія» В.Дуніна-Марцінкевіча (1993); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Рэцэпт Макропуласа» К.Чапека (1995); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — «Візіт дамы» С.Картэса (1995); у Дзярж. рус. драм. т-ры — «Хрыстос і Антыхрыст» Дз.Меражкоўскага (1991); у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі (у 1988—98 гал. мастак) — «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» паводле У.Караткевіча (1990), «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера (1991), «Пры зачыненых дзвярах» Ж.П.Сартра і «Ягоныя сны» («Тайнае жыццё Сальвадора Далі») паводле дзённікаў С.Далі (1993), «Хітрыкі Скапэна» Мальера (1994), сцэнаграфія якіх выканана пераважна ў жорсткай алегарычна-знакавай манеры з выкарыстаннем метал. канструкцый і натуральных матэрыялаў урбаністычнага свету. У творчасці апошніх гадоў — уплыў ідэй канцэптуалізму і функцыян. сцэнаграфіі. Лаўрэат «Пражскай квадрыенале-95» (сярэбраны медаль).

Літ.:

Ратабыльская Т. Спыніся, імгненне // Тэатр. Мінск. 1989. № 1;

Мальцаў У. Медыяутопіі Зіновія Марголіна // Мастацгва. 1996. № 12.

У.В.Мальцаў.

т. 10, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРДЖАНІШВІ́ЛІ (Катэ) (сапр. Марджанаў Канстанцін Аляксандравіч; 9.6.1872, г. Кварэлі, Грузія — 17.4.1933),

грузінскі рэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1931). З 1893 акцёр, рэжысёр груз. і рус. т-раў, з 1910 у МХТ. У 1913 арганізаваў у Маскве Вольны т-р, у якім імкнуўся стварыць атмасферу святочнай урачыстасці, ажыццявіць ідэю сінт. тэатр. мастацтва. З 1918 камісар т-раў Кіева. У 1919 паставіў героіка-рамантычны спектакль «Фуэнтэ авехуна» Лопэ дэ Вэгі. У 1920 у Петраградзе стварыў Т-р камічнай оперы, удзельнічаў у пастаноўцы масавых тэатралізаваных відовішчаў. З 1922 вядучы дзеяч груз. т-ра, яго рэфарматар; узначальваў Т-р імя Руставелі ў Тбілісі. У 1928 у Кутаісі заснаваў драм. т-р (з 1930 у Тбілісі, з 1933 імя М.). Сярод пастановак: «Дачнікі» М.Горкага (1904, Рыга), «Гамлет» У.Шэкспіра (1925), «Урыэль Акоста» К.Гуцкава (1929), «Дон Карлас» Ф.Шылера (1933, Малы т-р). Мастацтву М. ўласцівы асучасненае вытлумачэнне класікі, яркая тэатральнасць, выразнасць масавых сцэн. У 1916 паставіў фільм «Каханне ўсёмагутнае». У 1924—29 рэжысёр і сцэнарыст у Дзяржкінпраме Грузіі. Сярод фільмаў: «Закон і абавязак» («Амок» паводле С.Цвэйга, 1927), «Авадзень» (паводле Э.Л.Войніч, 1928) і інш.

Тв.:

Воспоминания. Статьи. Т. 1—2. Тбилиси, 1958—66.

Літ.:

Гугушвили Э.Н. Путь режиссера. Тбилиси, 1972.

К.Марджанішвілі.

т. 10, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХ ((Mach) Эрнст) (18.2.1838, Туржані, Чэхія — 19.2.1916),

аўстрыйскі філосаф, фізік, адзін з заснавальнікаў эмпірыякрытыцызму (махізму). Скончыў Венскі ун-т. З 1864 праф. у Грацы, з 1867 праф. і рэктар ням. ун-та ў Празе, у 1895—1901 праф. Венскага ун-та. Навук. працы па механіцы, газавай дынаміцы, фізіял. акустыцы, оптыцы. Адкрыў і даследаваў ударныя хвалі. У галіне філасофіі зыходзіў з таго, што свет ёсць «комплекс адчуванняў», а самі адчуванні атаясамліваюцца ім з нейтральнымі «элементамі свету». У залежнасці ад пункта погляду суб’екта яны здольныя выступаць як псіхічныя або фіз. з’явы. Адмаўляў н’ютанаўскія ўяўленні пра абс. прастору, рух, час і вытлумачыў іх у рэлятывісцкім сэнсе, выкарыстоўваючы паняцце сістэмы адліку; заняў пры гэтым суб’ектыўна-ідэаліст. пазіцыю. Суб’ектыўна-ідэаліст. існасць яго вучэння праявілася і ў распрацаваным метадалагічным прынцыпе «эканоміі мыслення» і чыстага апісання ў тэорыі пазнання. Ідэі М. распаўсюдзіліся ў Еўропе. М. крытыкавалі Г.В.Пляханаў і У.І.Ленін.

Тв.:

Рус. пер. — Анализ ощущений и отношение физического к психическому. 2 изд. М., 1908;

Механика: Ист.-критич. очерк. ее развития. СПб.,1909;

Познание и заблуждение. М., 1909;

Философское и естественно-научное мышление // Новые идеи в философии. СПб., 1912. Сб. 1.

Т.Л.Адула.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ ((Mill) Джон Сцюарт) (20.5.1806, Лондан — 8.5.1873),

англійскі філосаф, логік, эканаміст, грамадскі дзеяч ліберальна-дэмакр. кірунку. Яго філас., эканам. погляды сфарміраваліся пад уплывам ідэй Дж.Берклі, Д.Юма, А.Конта, Д.Рыкарда, І.Бентама. У «Аглядзе філасофіі сэра Вільяма Гамільтона...» (1865) М. з пазіцый фенаменалістычнага пазітывізму рабіў спробу пераадолець «метафізічныя» крайнасці матэрыялізму і ідэалізму шляхам абвяшчэння вопыту чалавека крыніцай ведаў, а іх прадметам — пачуцці. Матэрыя ў М. атаясамлівалася са сталай магчымасцю перажывання пачуццяў; сцвярджалася існаванне рэчаў у працэсе іх успрымання суб’ектам пазнавальнай дзейнасці і даступнасць пазнанню выключна «з’яў», межы якіх яно не ў стане пераадолець. Навук. ўклад М. — індуктывісцкая трактоўка логікі як агульнай метадалогіі навук і распрацоўка метадаў індуктыўнага даследавання прычыннай сувязі. Этычныя погляды М. абапіраліся на утылізатарысцкую этыку Бентама і служылі яе развіццём у кірунку прызнання грамадскай каштоўнасці бескарыслівых імкненняў асобы, неабходнасці ўлічваць разнастайныя інтарэсы, што стрымліваюць эгаізм («Утылітарызм», 1863). У паліт. эканоміі выступаў супраць класічнай эканам. тэорыі А.Сміта, абгрунтоўваў канцэпцыю вытв. затрат, абараняў тэорыю народанасельніцтва Мальтуса («Падставы палітычнай эканоміі...», т. 1—2, 1848).

Тв.:

Рус. пер. — Обзор философии сэра Вильяма Гамильтона и главных философских вопросов... СПб., 1869;

Основания политической экономии. СПб., 1909;

Система логики силлогистической и индуктивной. 2 изд. М., 1914.

В.І.Боўш.

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛЬТКЕ (Moltke) Старэйшы Гельмут Карл Бернхард

(26.10.1800, г. Пархім, Германія — 24.4.1891),

прускі і герм. ваен. дзеяч і тэарэтык. Вучань К.Клаўзевіца. Граф (1870). Ген.-фельдмаршал (1871), ген.-фельдмаршал рас. войск (1872). Скончыў кадэцкі корпус у Капенгагене (1818), Берлінскую ваен. акадэмію (1826). З 1819 у дацкай, з 1822 у прускай арміі. З 1833 у Генштабе. У 1836—39 ваен. саветнік у тур. арміі. У 1855 з дыпламат. місіяй наведаў Расію. У 1858—88 нач. прускага (з 1871 імперскага) Генштаба, які пад кіраўніцтвам М. ператварыўся у гал. орган падрыхтоўкі краіны і ўзбр. сіл да вайны. Ажыццявіў шэраг мерапрыемстваў па рэарганізацыі арміі. У час пераможных войнаў Прусіі з Даніяй (1864), Аўстрыяй (1866) і Францыяй (1870—71) нач. палявога штаба (фактычна галоўнакамандуючы герм. ўзбр. сіламі). Кіраваў стварэннем афіц. гісторыі франка-прускай вайны 1870—71 і займаўся распрацоўкай планаў адначасовых кампаній супраць Францыі і Расіі. У 1867—91 чл. рэйхстага ад партыі кансерватараў. Адзін з ідэолагаў герм. мілітарызму. У сваіх працах праводзіў думку пра непазбежнасць вайны і яе «цывілізуючую» ролю; прыхільнік тэорыі «маланкавай вайны».

Тв. : Рус. пер. — История германо-французской войны 1870—1871. М., 1937; Военные поучения: Оперативная подготовка к сражению. М., 1938.

А.М.Лукашэвіч.

т. 10, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЭМ ((Maugham) Уільям Сомерсет) (25.1.1874, Парыж — 16.12.1965),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Гайдэльбергскім ун-це, атрымаў мед. адукацыю ў Лондане. Першы раман «Ліза з Ламбета» (1897) напісаны ў традыцыях натуралізму. Вядомасць прынёс аўтабіягр. «раман выхавання» «Цяжар страсцей чалавечых» (1915, экранізацыя 1963), у якім духоўнае станаўленне героя, пошукі ім гуманіст. ідэалаў. Праблемы творчасці і творцы, яго ўзаемаадносін з соцыумам, маральна-этычныя пытанні ў цэнтры раманаў «Месяц і грош» (1919), «Размаляваная вуаль» (1925), «Пірагі і піва» (1930), «Тэатр» (1937, тэлефільм 1978), «Вастрыё брытвы» (1944) і інш. Майстар навелы (зб-кі «Трапятанне ліста», 1921; «Ад першай асобы», 1931; «Забаўкі лёсу», 1947, і інш.). Аўтар п’ес «Лэдзі Фрэдэрык» (1907), «Круг» (1921), «Шэпі» (1933) і інш., мемуарна-крытычных кніг «Падводзячы вынікі» (1938), «Пункт гледжання» (1959). Яго творчай манеры ўласцівы тонкі псіхалагізм, філігранная проза, майстэрства пабудовы сюжэта. На бел. мову навелы М. пераклалі В.Валынскі, Я.Міклашэўскі, Я.Верабей. Дзярж. т-р муз. камедыі Беларусі паводле яго рамана «Тэатр» паставіў мюзікл «Джулія» (1991).

Тв.:

Бел. пер. — Апавяданні. Мн., 1990;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—5. М., 1991—94;

Тогда и теперь: Романы. М., 1991.

Літ.:

Английская литература, 1945—1980. М., 1987.

Т.Я.Камароўская.

У.С.Моэм.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)