цеплаабменны апарат для зніжэння т-ры паветра, якое падаецца ў памяшканне. Рух паветра ў ім забяспечваецца вентылятарам (убудаваным ці ўстаноўленым асобна). «Сухія» П. маюць рабрыстыя або гладкія трубы, дзе выпараецца холадагент, у «мокрых» П. паветра ахаладжаецца за кошт арашэння, напр., вадой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДЗЕ́МНЫ ЛЁД,
лёд у тоўшчы мёрзлых горных парод і грунтоў у абласцях пашырэння шматгадовамёрзлых парод. Вылучаюць першасны П.л., які ўтвараецца ў працэсе прамярзання рыхлых адкладаў (лёд-цэмент) і другасны, які крышталізуецца з вады і вадзяной пары ў шчылінах (жыльны лёд), у порах і пустотах (пячорны лёд) або ўтвараецца на зямной паверхні і перакрываецца асадкавымі пародамі (пахаваны лёд).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЭ́ЛЬНАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
від цэнтральнага ацяплення, пры якім цяпло ў памяшканне перадаецца ад нагрэтых паверхняў ацяпляльных панэлей, размешчаных у сценах, перагародках, часам у падлозе. Унутры бетонных панэлей размяшчаюць стальныя трубы ці чыгунныя ўкладышы, па якіх цыркулюе гарачая вада, пара або (радзей) паветра. Існуюць таксама панэлі з электранагравальнымі элементамі. Вызначаецца высокімі сан.-гігіенічнымі якасцямі. Выкарыстоўваецца ў грамадскіх, прамысл. і жылых памяшканнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,
сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАСНАЯ НЫ́РКА, мезанефрас,
парны орган выдзялення ў пазваночных. Складаецца са шматлікіх канальцаў (адзін канец кожнага мае выраст — мальпігіева цельца, другім канцом каналец адкрываецца ў першаснанырачны або вольфаў канал). У кругларотых, рыб і земнаводных П.н. функцыянуе на працягу жыцця, у вышэйшых пазваночных — толькі на ранніх стадыях зародкавага развіцця, потым замяняецца метанефрасам (другаснай ныркай). Гл. таксама Выдзяляльная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСКАДУ́ЎНАЯ МАШЫ́НА,
машына, якая энергіяй сціснутага паветра падае фармовачную або стрыжнёвую сумесь у апоку ці стрыжнёвую скрыню. Выкарыстоўваецца ў ліцейнай вытворчасці для вырабу ліцейных форм і стрыжняў. На аснове П.м. створаны аўтам. фармовачныя лініі. Пры вырабе стрыжняў выкарыстоўваюцца пераважна пескастрэльныя машыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІГРА́ФІЯ (лац. planum паверхня + ...графія) у археалогіі, апісанне паверхні зямельнага ўчастка археал. помніка. Праводзіцца з мэтай вызначэння адначасова існаваўшых западзін, штучных насыпаў, рэшткаў пабудоў, месцаў рознага функцыян. прызначэння (жытлаў, майстэрняў, магіл, культавых месцаў, ям для адходаў і інш.) і збору матэрыялу па аб’ектах. Вывучаецца і складаецца асобна на кожным гарызонце або пласце помніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІМЕРА́ЗЫ,
ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЫМНАЯ ПЕЧ,
прамысловая печ, у якой цеплата атрымліваецца ад непасрэднага згарання паліва, перадаецца вырабам (матэрыялам) выпрамяненнем і канвекцыяй ад газападобных прадуктаў гарэння, а таксама выпрамяненнем ад распаленай муроўкі. Да П.п. адносяцца некаторыя награвальныя печы (напр., вярчальная печ, камерная печ), плавільныя печы і тэрмічныя печы. Цвёрдае, вадкае ці газападобнае паліва згарае ў топцы печы або ў яе рабочай прасторы.