гарадскі пасёлак у Беларусі, у Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці. За 22 км ад Шчучына, 29 км ад чыг. ст. Ражанка на лініі Масты—Ліда, на скрыжаванні аўтадарог Гродна—Ліда і Масты—Шчучын—Радунь—Вільнюс. 2,8 тыс.ж. (1995).
Па пісьмовых крыніцах вядома з 1450. У 15 — пач. 16 ст. каралеўскае ўладанне, цэнтр воласці Трокскага пав. З 1487 мястэчка. У 16—18 ст. цэнтр староства ў Лідскім пав. У 1641 атрымала магдэбургскае права. З 1793 цэнтр воласці. З 1795 у складзе Рас. імперыі. У 1859 у мястэчку 970 ж., 170 дамоў, царква, капліца, праводзіліся штотыднёвыя кірмашы. У 1897 — 2410 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, з 1926 цэнтр гміны Шчучынскага пав. З 1939 у БССР, з 1940 гар. пасёлак Васілішкаўскага р-на. У Вял.Айч. вайну акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1954—60 цэнтр Васілішкаўскага р-на, у 1960—62 у Скідзельскім, з 1962 у Шчучынскім р-нах.
Дрэваапр., буд. матэрыялаў, харч.прам-сць. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Помнік Цётцы (А.Пашкевіч). Царква 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ІНСТЫТУ́Т ГАСПАДА́РКІ І КУЛЬТУ́РЫ (БІГіК),
арганізацыя культ.-асв. і гасп. кірунку ў Зах. Беларусі. Дзейнічаў з чэрв. 1926 да 4.12.1936 як філіял Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Стваральнікі і кіраўнікі А.Станкевіч, Ф.Ярэміч, В.Багдановіч, У.Казлоўскі, В.Рагуля, В.Гадлеўскі, А.Уласаў. Асн. мэта — арганізацыя культ.-асв. працы і гасп. дзейнасці праз стварэнне бібліятэк, клубаў, с.-г. кааператываў, забеспячэнне сялян с.-г. тэхнікай і пашырэнне с.-г. ведаў. У сярэдзіне 1927 БІГіК налічваў 52 гурткі, у 1934—35 — 80 гурткоў (аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс.чал.) у Віленскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Вілейскім, Ашмянскім, Лідскім і Баранавіцкім пав. Іх уплыў пашыраўся на частку бел. інтэлігенцыі і сялянства пераважна каталіцкага веравызнання. Кіраўніцтва БІГіК знаходзілася ў канфрантацыі з КПЗБ, рэв.-дэмакр. арг-цыяй Беларуская сялянска-работніцкая грамада, культ.-асв. арг-цыяй Таварыства беларускай школы (ТБШ). У пач. 1936 па ініцыятыве ЦККПЗБ на глебе барацьбы за школу на роднай мове намецілася супрацоўніцтва паміж ТБШ і БІГіК. У канцы 1936 дзейнасць БІГіК забаронена польскімі ўладамі.
У.Ф.Ладысеў.
Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СЬ У ЭПО́ХУ ФЕАДАЛІ́ЗМУ», «Белоруссия в эпоху феодализма»,
зборнік дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ад стараж. часоў да 1861. Падрыхтаваны Ін-там гісторыі АНБССР і Архіўным упраўленнем пры СМБССР (т. 1—4, Мн., 1959—79). Матэрыялы для зборніка запазычаны з інш. выданняў, значная частка (асабліва за 17—19 ст.) выяўлена ў архівах; апублікаваны на рус. і стараж.-бел. мовах, некаторыя дакументы — у перакладах з польск. і лац. моў.
1-ы том (ад стараж. часоў да сярэдзіны 17 ст.) змяшчае матэрыялы пра развіццё феадалізму, феад. раздробленасць, утварэнне ВКЛ, уніі з Польшчай. Матэрыялы 2-га тома (сярэдзіна 17 — 18 ст.) прысвечаны вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, сац.-эканам. і культурнаму развіццю Беларусі, паліт. і рэлігійным рухам. 3-і том (канец 18 — 1-я пал. 19 ст.) змяшчае дакументы аб падзелах Рэчы Паспалітай і сац.-эканам. становішчы Беларусі, 4-ы том (1-я пал. 19 ст.) — пра вайну 1812, палітыку рас. улад на Беларусі, нац.-вызв. рух, культуру Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РГМАНА ПРА́ВІЛА,
вызначае заканамернасць змянення памераў чалавека і цеплакроўных жывёл у залежнасці ад пануючых тэмператур навакольнага асяроддзя. Устанавіў ням. вучоны К.Бергман (1847). Паводле Бергмана правіла, у чалавека і жывёл аднаго віду або групы блізкіх відаў памеры цела большыя ў паўн. шыротах і меншыя на Пд. Напр., у жыхароў Скандынавіі сярэдні рост 170—175 см, у Іспаніі і Паўд. Італіі — менш за 160 см, такая ж залежнасць і па масе цела; у ваўка на Таймыры даўж. цела да 137 см, маса да 49 кг, у Манголіі адпаведна да 120 см і да 40 кг; у сярэдняй паласе даўж. цела ліса да 90 см, маса да 10 кг, у Туркменіі да 57 см і да 3,2 кг. Бергмана правіла адлюстроўвае адаптацыю чалавека і жывёл да падтрымання пастаяннай т-ры цела ў розных кліматычных умовах: у чалавека і буйных жывёл адносіны паверхні цела да яго аб’ёму меншыя, чым у дробных, таму меншы расход энергіі для падтрымання ўласнай т-ры цела, што важна пры нізкіх т-рах навакольнага асяроддзя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́ГІНСКАЕ ВО́ЗЕРА, Богіна,
у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Дзісна, за 28 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 13,2 км², даўж. 9,1 км, найб.шыр. 2,9 км, найб.глыб. 15 м, даўж. берагавой лініі 32,2 км. Пл. вадазабору 914 км².
Схілы катлавіны выш. да 6 м, пераважна спадзістыя, паўн.выш. да 12 м, стромкія, месцамі разараныя. Да ўсх. берага прылягае маляўнічы лясны масіў Бяльмонт. Берагі нізкія, пясчаныя, паўд. і паўд.-зах. забалочаныя; паўн.-зах. і паўн. зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе да глыб. 2 м пясчанае і пясчана-жвіровае, глыбей — сапрапель і глей. 8 астравоў агульнай пл. 32,5 га, 2 з іх (Гарадзішча і Церанцейка) — помнікі прыроды. Каля берагоў і астравоў зарастае аерам, хвашчом, трыснягом, чаротам, гарлачыкамі. Праз возера цячэ р. Дрысвята, пры яе ўпадзенні пабудавана ГЭС. На ўсх. беразе сажалкавая гаспадарка па развядзенні малявак сазана, карпа, белага амура, таўсталобіка. Месца адпачынку і турызму. На сажалках каля в. Чарніцы адзначана гнездаванне рэдкай для Беларусі птушкі — паганкі малой, занесенай у Чырв. Кнігу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДЧЫ́НЕНЫХ ДЗВЯРЭ́Й» ПАЛІ́ТЫКА,
1) адзін са стратэгічных кірункаў знешняй палітыкі ЗША у канцы 19 — пач. 20 ст.па стварэнні спрыяльных умоў для эканам. экспансіі ў Кітаі. ЗША, прызнаючы падзел Кітая на сферы ўплыву паміж Вялікабрытаніяй, Германіяй, Францыяй, Расіяй, Японіяй і інш. дзяржавамі, патрабавала захаваць для амер. капіталу ў гэтых сферах «адчыненыя дзверы» — роўныя правы і магчымасці, ільготы і тарыфы. Афіцыйна «Адчыненых дзвярэй» палітыка прызнана на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22. У сав.гіст. л-ры наз. «Адкрытых дзвярэй» дактрына.
2) Сучасны кірунак развіцця сусв. эканомікі і гандлю, галоўны прынцып якога — узаемаадкрытасць эканомікі праз дзейнасць транснац. карпарацый і транснац. банкаў. Падтрымліваецца найб. краінамі свету: ЗША, Японіяй, Францыяй, Германіяй і інш. 3) Курс некаторых дзяржаў Азіі (Кітай, Паўд. Карэя, Малайзія, Індыя і інш.), Афрыкі (Егіпет, Нігерыя, Кенія і інш.), Лац. Амерыкі (Аргенціна, Мексіка, Багамскія Астравы і інш.), рэспублік б.СССР (Расія, Украіна, Літва, Латвія, Эстонія) на эканам. развіццё за кошт прыцягнення замежнага капіталу, тэхнікі і тэхналогій і стварэння свабодных эканамічных зон з ільготным падатковым рэжымам, асобнымі правамі ў сац.-эканам. і паліт. сферах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НХІ (ад грэч. bronchos дыхальнае горла),
дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.
Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаў — бранхіт.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Бронхі: 1 — агульная схема будовы і разгалінавання бронхаў; 2 — частка бранхіяльнага дрэва чалавека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб.фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451°па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.Хэмета і Р.Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.
Тв.:
Бел.пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр.паўн. і цэнтр. раёнаў Брэсцкай вобл. і суседніх раёнаў Беластоцкай і Баранавіцкай абл. 12.5.1942 арганізаваны міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі», які накіроўваў дзейнасць раённых і падраённых антыфаш. арг-цый, вял. ўвагу аддаваў разгортванню партыз. руху, меў падп. друкарню. Да восені 1942 антыфаш. арг-цыі і партыз. атрады дзейнічалі ў Бярозаўскім, Брэсцкім, Камянецкім, Косаўскім, Поразаўскім, Пружанскім, Шарашоўскім, а пазней і ў інш. раёнах. Са жн. 1942 да ліп. 1944 дзейнічала разгалінаваная Брэсцкая гар. антыфаш. арг-цыя. У ліп. 1943 на базе міжраённага «К-та барацьбы з ням. акупантамі» створаны Брэсцкі абл. антыфаш. к-т, які са снеж. 1943 выдаваў газ. «За Родину», лістоўкі, адозвы, зводкі Саўінфармбюро і інш. на бел., рус., польск. і ням. мовах. Падпольшчыкі забяспечвалі партызан прадуктамі харчавання, адзеннем, медыкаментамі, зброяй і боепрыпасамі, удзельнічалі ў іх баявых аперацыях па разгроме гарнізонаў ворага, падпальвалі ў маёнтках акупантаў склады, зрывалі выкананне паставак. Напярэдадні вызвалення Брэсцкай вобл.арг-цыя аб’ядноўвала 422 ячэйкі, каля 2 тыс. падпольшчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННА-ПРАМЫСЛО́ВЫ КО́МПЛЕКС (ВПК),
альянс ваеннай прамысловасці, узбр. сіл і звязаных з імі дзярж. апарату, навукі і сродкаў масавай інфармацыі. Пачаў фарміравацца ў ЗША і СССР у 2-ю сусв. вайну. Тэрмін уведзены амер. прэзідэнтам Д.Эйзенхаўэрам у 1950-я г. ВПК асабліва актыўна развіваўся пасля 2-й сусв. вайны ў сувязі з нарастаннем процістаяння 2 процілеглых сусв. сістэм, «халоднай вайны». У выніку ўзніклі блокі ваенныя, у т. л. Паўночны Атлантычны пакт і Варшаўскі дагавор 1955. У ВПК выкарыстоўваліся найноўшыя дасягненні навук.-тэхн. прагрэсу, ён быў асновай мілітарызацыі эканомікі. У свеце ў канцы 1980-х г. у ваен. вытв-сці было занята каля 30 млн.чал. і столькі ж пастаўлена пад ружжо ва ўзбр. сілах, каля 500 тыс. вучоных займаліся ваен.-навук. распрацоўкамі. У сувязі з раззбраеннем, асабліва пасля распаду СССР, сусв.сацыяліст. сістэмы і яе ваен. блока на многіх прадпрыемствах ВПК пачалася канверсія. Але ён па-ранейшаму мае магутны патэнцыял, выпускае вял. колькасць узбраенняў для сваіх краін і ваен. бізнесу. На Беларусі на ВПК працавала больш за 100 прадпрыемстваў — пераважна радыёэлектроннай прам-сці і прыладабудавання.