ВЕРХНЯРЭ́ЙНСКАЯ НІЗІ́НА,
нізіна па цячэнні р. Рэйн паміж гарамі Юра і Рэйнскімі Сланцавымі гарамі, у Францыі і Германіі. Даўж. каля 300 км, шыр. да 40 км. Верхнярэйнская нізіна — складаны грабен, запоўнены кайназойскімі адкладамі, месцамі — выхады вулканічных парод. Радовішчы калійнай солі і нафты. Клімат умерана кантынентальны, ападкаў 500—700 мм за год. Пасевы пшаніцы, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі. Буйныя гарады: Карлсруэ, Мангейм, Франкфурт-на-Майне (ФРГ), Кальмар, Страсбур (Францыя).
т. 4, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНО́Н,
рака ў Манголіі і Чыцінскай вобл. Расійскай Федэрацыі. Пры зліцці з р. Інгада ўтварае р. Шылка. Даўж. 1032 км, пл. бас. 96,2 тыс. км². Пачынаецца на нагор’і Хэнтэй, цячэ пераважна па ўзвышаных стэпавых раўнінах. Жыўленне ў асн. снегавое. Частыя летнія паводкі. Ледастаў з ліст., на перакатах перамярзае. Крыгалом у канцы крас. — пач. мая. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 191 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння і прамысл. водазабеспячэння.
т. 1, с. 374
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБА,
рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Паддуб’е, цячэ ў межах Віцебскага узв. Асн. прытокі: Горнаўка (злева) і Сільніца (справа). У ніжнім цячэнні на працягу 5 км цячэ ў межах Віцебска, дзе і ўпадае ў Зах. Дзвіну. Паводле Віцебскага летапісу, у сутоках Віцьбы і Зах. Дзвіны ў 974 заснаваны г. Віцебск.
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЛТА́ВА (Vltava),
рака ў Чэхіі, левы прыток р. Лаба (Эльба). Даўж. 446 км, пл. бас. 28 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Шумава; пасля прарыву цераз цясніну «Чортавы сцены» (каля г. Вішы-Брод), цячэ па Будзеёвіцкай раўніне, потым па ўзвышшах Сярэдняй Чэхіі. Сярэдні расход вады каля г. Прага 142 м³/с. Веснавая паводка. Суднаходная (з дапамогай шлюзаў) у ніжнім цячэнні на 84 км. Вадасховішча. ГЭС. На Влтаве гарады Прага, Чэске-Будзеёвіцы.
т. 4, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДВЕ́КЦЫЯ (ад лац. advectio дастаўка),
1) у метэаралогіі гарызантальнае перамяшчэнне паветраных мас, якое абумоўлівае перанос цяпла і вільгаці з адных раёнаў Зямлі ў іншыя; адзін з найважн. фактараў фарміравання надвор’я. Адбываецца ў выніку руху цыклонаў, пераносу паветра пануючымі вятрамі. Тэр. Беларусі знаходзіцца пад уплывам адвекцыі амаль 2/3 года. Гл. таксама Канвекцыя.
2) У акіяналогіі адвекцыя — перанос вады ў гарызантальным, іншы раз у вертыкальным напрамку (гл. Марскія цячэнні).
т. 1, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ДАГА,
рака ў Чэрыкаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 37 км. Пл. вадазбору 261 км². Пачынаецца на У ад в. Каркоўшчына. Асн. прытокі: Казёл (злева), Малая Вудажка (справа). Цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, ніжэй в. Жытнёў трапецападобная, шыр. 500—600 м, у вусці каля 1 км. Пойма двухбаковая, лугавая, шыр. 100—150 м. Рэчышча звілістае, неразгалінаванае. У вусці г. Чэрыкаў.
т. 4, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫНЯ́,
рака ў Нясвіжскім і Капыльскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток Лошы (бас. Нёмана). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 366 км². Пачынаецца на ПдУ ад в. Дубейкі Нясвіжскага р-на, цячэ па слабахвалістай раўніне. Асн. Прыток — р. Грыўчык (справа). Даліна пераважна невыразная. Пойма двухбаковая, шыр. 300—400 м, у верхнім цячэнні — меліяраванае балота, ніжэй — роўная, сухая. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае, у пойме меліярац. каналы, 2 сажалкі.
т. 4, с. 317
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус. пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.
т. 4, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫ́НА (Drina),
рака ў Югаславіі, Босніі і Герцагавіне, правы прыток р. Сава (бас. Дуная). Утвараецца ад сутокаў рэк Тара і Піва, якія пачынаюцца ў Чарнагорыі. Даўж. 460 км, пл. бас. 19,6 тыс. км². Цячэ па Дзінарскім нагор’і ў вузкай, глыбокай даліне, утварае парогі і вадаспады, у нізоўі па Сярэднедунайскай раўніне. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 341 м³/с. Веснавое разводдзе, асенне-зімовыя паводкі. ГЭС. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 6, с. 227
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЭЙФ ІЛЬДО́Ў,
рух ільдоў у вадаёмах пад уздзеяннем вятроў і цячэнняў. Ад дзеяння сілы вярчэння Зямлі адбываецца адхіленне лёду ад напрамку ветру ў сярэднім на 30° управа ў арктычных і ўлева ў антарктычных шыротах. Скорасць ветравога Д.і. у 50 разоў меншая за скорасць ветру. На характар Д.і. уплываюць берагі, астравы, водмелі. Больш павольна, чым ледзяныя палі, дрэйфуюць айсбергі. Магутныя халодныя цячэнні (Лабрадорскае, Перуанскае) выносяць палярныя льды ва ўмераныя, радзей субтрапічныя шыроты.
т. 6, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)