Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАВЫ́Я ЦЯЧЭ́ННІ,
марскія цячэнні, якія ўзнікаюць у выніку ўздзеяння ветру на водную паверхню. Развіваюцца пад сукупным уплывам сіл трэння, турбулентнай вязкасці, градыента ціску, адхіляючай сілы вярчэння Зямлі і інш. Ахопліваюць паверхневы слой мора таўшчынёй каля 100 м. Называюцца таксама дрэйфавымі цячэннямі, калі вецер, што выклікае іх, устойлівы (напр., Паўн. і Паўд. пасатныя цячэнні, Антарктычнае цыркумпалярнае цячэнне, або цячэнне Зах. Вятроў, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,
паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн.ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
паверхневыя цячэнніСусв. акіяна ў трапічных і экватарыяльных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў, якія выклікаюцца пасатамі. Накіраваны з У на 3, падзяляюцца міжпасатнымі супрацьцячэннямі. У паўн.ч. Індыйскага ак. з-за мусоннай цыркуляцыі П.ц. назіраюцца зімой. У зах.ч. акіянаў даюць пачатак цячэнням: Антыльскаму і Бразільскаму ў Атлантычным ак., Мінданао і Усх.-Аўстралійскаму ў Ціхім ак., Самалійскаму (зімой) і Мазамбікскаму ў Індыйскім ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎНО́ЧНЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
паверхневыя цячэнні ў Атлантычным і Ціхім акіянах. Выклікаюцца дзеяннем устойлівых паўн.-ўсх.пасатаў. Накіраваны на З, назіраюцца на 10—30°паўн. ш.Шыр. да 2000 км, скорасць 0,4—1,8 км/гадз. Т-ра вады 24—29 °C. Утвараюць паўд. сектары субтрапічных кругаваротаў Паўн. паўшар’я і з’яўляюцца працягам Канарскага цячэння (у Атлантычным ак.) і Каліфарнійскага цячэння (у Ціхім ак.) і адпаведна пачаткам сістэм цячэнняў Гальфстрым і Курасіо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДНЁВЫЯ ПАСА́ТНЫЯ ЦЯЧЭ́ННІ,
цёплыя, паверхневыя, накіраваныя на Зцячэнні Сусветнага акіяна. Выклікаюцца ўстойлівымі паўд.-ўсх.пасатамі. У Атлантычным і Ціхім акіянах размешчаны паміж 25°паўд. ш. і 5°паўн. ш., у Індыйскім ак. — паміж 25 і 5°паўд. ш. Вылучаюцца значнай шырынёй (да 2500 км) і адносна малымі скарасцямі (0,36—1,8 км/гадз). Т-ра вады 22—28 °C. П.п.ц. складаюць паўн. сектар субтрапічных кругаваротаў Паўд. паўшар’я і з’яўляюцца працягам у Атлантычным ак.Бенгельскага цячэння, у Ціхім — Перуанскага цячэння, у Індыйскім — Заходне-Аўстралійскага цячэння.