СІМФАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР БЕЛАРУ́СКАГА ДЗЯРЖА́ЎНАГА ТЭА́ТРА ПЕ́РШАГА.

Існаваў у 1920—28 у Мінску пры БДТ-1. Аркестр узначальвалі дырыжоры В.​Хаэнт, А.​Ягораў, В.​Субашэеў, М.​Купер. У складзе аркестра каля 24 музыкантаў: І.​Фідлон (канцэртмайстар), С.​Жыў (пам. канцэртмайстра), М.​Саламонаў, Л.​Маркевіч (усе скрыпка), З.​Гінзбург і А.​Бародкін (2-я скрыпка), М.​Гітліц і М.​Голанд (альт), С.​Фішкоў (віяланчэль), Я.​Цымбал (кантрабас), Я.​Саламонаў (флейта), Г.​Эльтэрман і М.​Бусловіч (кларнет), Б.​Паграбняк (габой), Б.​Яўзераў (фагот), Я.​Сцягенны і А.​Буры (валторна), М.​Фідлон (труба), Я.​Штэйман (трамбон), У.​Докун (ударныя), Я.​Жыў і А.​Ягораў (фп.), Я.​Жыдовіч (цымбалы) і інш. Аркестр удзельнічаў у пастаноўках т-ра, у т. л. балетных «Фея лялек» І.​Баера, «Зачараваны лес» Р.​Дрыга (абедзве 1922), «Капелія» Л.​Дэліба (1923) і оперных «Русалка» А.​Даргамыжскага (1927) і інш. Штотыднёва ладзіў адкрытыя канцэрты сімф. музыкі. У канцэртным рэпертуары творы рус. і зах.-еўрап. класікі, у т. л. амаль усе сімфоніі Л.​Бетховена. На базе аркестра створаны Сімфанічны аркестр Белрадыёцэнтра.

Літ.:

Некрашэвіч А. Беларускі першы дзяржаўны тэатр, 1920—1930. Мн., 1930;

Алексютович Л.К. Балетмейстер Константин Алексютович Мн., 1984.

В.​У.​Мазанік.

Канцэртная афіша Сімфанічнага аркестра Беларускага дзяржаўнага тэатра першага.

т. 14, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНЫЯ РАСКО́ПКІ,

даследаванне археалагічных помнікаў пры дапамозе раскопвання культурнага пласта ў адпаведнасці з прынятай методыкай; раздзел палявой археалогіі. Праводзяцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. устаноў спецыялістамі-археолагамі дзеля далейшага даследавання і гіст. вывадаў. Ажыццяўляюцца пасля археалагічнай разведкі. Культурны пласт помнікаў выбіраецца гарыз. пластамі таўшчынёй ад 5 да 20 см і перабіраецца рукамі (або прамываецца вадой), каб выявіць усе, нават дробныя рэчы. Пасля даследаванняў раскоп закопваецца, участак рэкультывуецца, некат. тыпы помнікаў (гарадзішчы, курганы) звычайна ўзнаўляюцца.

Археалагічныя раскопкі Віцебскага Верхняга замка. 1978.

т. 1, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПО́ВІЧ (Аркадзь Антонавіч) (30.9.1896, Мінск — 21.9.1941),

бел. графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у Петраградзе (1914—16) у І.​Білібіна, А.​Зберлінга, П.​Навумава. У 1921—22 наведваў рысавальныя класы ў Харкаве. З 1929 у Мінску. Працаваў як станкавіст у жанры лірычнага пейзажа ў тэхніках акварэлі і тушы: «Зімовы надвячорак» і «Дворык» (1921), «Сакавік» (1923). Аўтар цыкла лінарытаў: «Зіма», «Вясковая вуліца», «Млын», «Царква» (усе 1920-я г). Афармляў кнігі і часопісы.

Н.​М.​Усава.

А.Астаповіч. Зіма. Лінагравюра. 1920-я гады.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРЭЛІЯ́Н (Луцый Даміцый) (Lucius Domitius Aurelianus; 9.9.214—275),

рымскі імператар з 270. Ілірыец з Паноніі. Служыў у рым. арміі, пры імператару Клаўдзію II начальнік конніцы, пасля яго смерці абвешчаны імператарам. Аўрэліян вярнуў амаль усе страчаныя раней правінцыі і аднавіў межы Рым. імперыі: адкінуў готаў за Дунай, выцесніў алеманаў з Рэцыі і Італіі (але страціў Дакію). Правёў грашовую рэформу; у 273 задушыў у Рыме рух манетарыяў (работнікаў манетнага двара). Імкнуўся да неабмежаванай улады. Забіты змоўшчыкамі ў час падрыхтоўкі да парфянскага паходу.

т. 2, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЎГІНЫ, Боэн (Bauhin),

швейцарскія батанікі, браты. Нарадзіліся ў г. Базель (Швейцарыя).

Іаган (12.2.1541—27.10.1613), апісаў 5000 відаў раслін («Новая універсальная гісторыя раслін», т. 1—3, 1650—61). Каспар (17.1.1560—15.12.1624) упершыню выкарыстаў бінарную наменклатуру ў сістэматыцы раслін (1620). Спрабаваў аб’яднаць усе віды па прыкметах агульнага падабенства ў пэўныя групы. Падзяліў расліны на 12 «кніг», кожную з якіх — на секцыі (адпавядаюць сямейству па сучаснай сістэматыцы), роды і віды. Дыягнаставаў некат. расліны да разнавіднасці. Апісаў засланку (клапан) у кішэчніку, якая названа яго імем (баўгінава засланка).

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́ДАЎ (Вальмен Мікалаевіч) (н. 12.2.1930, Мінск),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Канд. архітэктуры (1972). Сын М.І.Аладава. Скончыў Маскоўскі арх. ін-т (1953). Працаваў у ін-це «Белдзяржпраект», у 1965—80 дырэктар ін-та «Белдзіпрагандаль», з 1980 выкладае ў БПА. Асн. работы: абл. бібліятэка ў г. Маладзечна; Камароўскі крыты рынак у Мінску; рэсп. спарт. комплекс «Раўбічы» (у сааўт.); афармленне выставак дасягненняў нар. гаспадаркі Беларусі ў Лейпцыгу, Плоўдзіве, Мінску, Маскве (усе ў аўтарскім калектыве). У 1966—70 старшыня праўлення Саюза архітэктараў Беларусі.

т. 1, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКАНО́ІДНАЯ РА́СА,

адгалінаванне вял. мангалоіднай расы, уключае карэннае насельніцтва Амерыкі — індзейцаў. Асн. прыкметы чалавека амерыканоіднай расы — прамыя чорныя валасы, цёмныя вочы, скура з бурым адценнем, вял. твар, вусы і барада растуць слаба. Сярод прадстаўнікоў амерыканоіднай расы адсутнічаюць рэзус-адмоўныя індывідуумы, амаль усе яны маюць 0 (І) групу крыві, што разам са слаба развітой мангольскай складкай павека і адносна буйным носам адрознівае амерыканоідаў ад мангалоідаў. Індзейцы складаюць значную частку сучаснага насельніцтва ў краінах Паўд. Амерыкі, у Паўн. Амерыцы іх засталося няшмат.

А.​І.​Мікуліч.

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІКУ́ШЫН (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 2.10.1917, Масква),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1963). Правадзейны чл. АМ СССР (1962). Герой Сац. Працы (1977). Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1947). Аўтар помнікаў А.​С.​Пушкіну (1957; Ленінская прэмія 1958), У.​М.​Бехцераву (1960), скульптур да мемарыяла «Гераічным абаронцам Ленінграда» (1975, у сааўт.; усе ў С.-Пецярбургу), станковых партрэтаў («А.​П.​Чэхаў», 1964) і інш.

Літ.:

Прибульская Г. Аникушин. Л.;

М., 1961.

М.Анікушын. А.​П.​Чэхаў. 1964. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РТАСНЫЯ ЛІ́ЧБЫ ў матэматыцы,

усе лічбы набліжанага ліку ад першай злева, адметнай ад нуля, да апошняй, за сапраўднасць якіх можна ручацца. Напр., калі ўзважванне праведзена з дакладнасцю да 1 г, то ў запісе вынікаў 0,320 вартасныя лічбы будуць 3, 2 і 0. Вартасная лічба наз. праўдзівай, калі абсалютная хібнасць набліжанага ліку не перавышае палавіны адзінкі разраду гэтай лічбы. Напр., у запісе скорасці святла с = (299 796 ± 4) км/с праўдзівыя вартасныя лічбы 2, 9, 9, 7 і 9. Гл. таксама Набліжанае вылічэнне.

т. 4, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛУБ (Уладзімір Пятровіч) (н. 7.11.1953, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Сярод твораў: тэматычныя карціны «Роспач», «Плады-1», «Плады-2», «Пан» (усе 1992), серыі «Спакуса» (1992), «Птушкі, якія не лятаюць» (1993), «Месячны шлях» (1996); пейзажы «Ранні снег» (1983), «Кінутыя гнёзды» (1995); нацюрморты «Сухія кветкі» (1981) і інш.; партрэты бацькі (1980), князя Міндоўга (1990) і інш. Творчасць вылучаецца багатай вобразнасцю, яркай метафарычнай мовай.

Л.​Ф.​Салавей.

У.Голуб. «Гняздо». Серыя «Птушкі, якія не лятаюць». 1993.

т. 5, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)