ГАЗААБМЕ́Н у фізіялогіі,

працэс пастаяннага абмену газаў паміж арганізмам і навакольным асяроддзем пры дыханні, фотасінтэзе і інш. Заключаецца ў паглынанні арганізмам кіслароду (O2) і выдзяленні вуглякіслага газу (CO2) — канчатковага прадукту акісляльнага метабалізму. Біял. роля газаабмену вызначаецца яго непасрэдным удзелам у абмене рэчываў, пераўтварэнні хім. энергіі засваяльных пажыўных прадуктаў у энергію, неабходную для жыццядзейнасці арганізма. Газаабмен адлюстроўвае інтэнсіўнасць працэсаў акіслення біялагічнага ва ўсіх органах і тканках. У раслін газаабмен адбываецца праз вусцейкі ліста; у чалавека і высокаарганізаваных жывёл — праз сістэмы органаў дыхання і кровазвароту і скуру, у прасцейшых — шляхам дыфузіі газаў праз паверхню цела. Патрэба ў газаабмене тым большая, чым вышэй арганізаваны жывы арганізм.

Газаабмен у чалавека і жывёл вызначаюць спец. прыладамі, з дапамогай якіх разлічваюць энергазатраты арганізма (непрамая каларыметрыя). Узровень газаабмену залежыць ад стану арганізма, умоў знешняга асяроддзя, інтэнсіўнасці мышачнай дзейнасці і інш. Рэгуляцыя газаабмену ідзе на ўсіх этапах транспарту газаў за кошт біяхім., біяфіз., нервовых і гумаральных уплываў. Газаабмен вывучаюць для ацэнкі дынамікі захворванняў і эфектыўнасці іх лячэння, у с.-г. жывёл — для распрацоўкі навукова абгрунтаваных нарматываў кармлення і ўтрымання.

Літ.:

Уэст Дж. Физиология дыхания: Основы: Пер. с англ. М., 1988;

Физиология дыхания. Л., 1991 (Руководство по физиологии).

Н.​М.​Петрашэўская.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́НЕЗІС (грэч. genesis),

філасофская катэгорыя, якая абазначае ўзнікненне, паходжанне, станаўленне аб’ектаў і з’яў, што развіваюцца. Першапачаткова стасаваўся да ўяўленняў аб паходжанні прыроды, быцця. Гэты аспект назіраўся яшчэ ў міфалогіі (багі як стваральнікі космасу), а потым у філасофіі (Геракліт, І.​Кант, Г.​Гегель) і канкрэтна-навук. галінах ведаў (касмаганічная гіпотэза Канта—Лапласа, атамістыка Дж.​Дальтона і інш.). З 19 ст. катэгорыя генезісу пачынае адыгрываць важную метадалагічную ролю ў навук. пазнанні, асабліва ў навуках аб працэсах развіцця (тэорыя паходжання відаў праз натуральны адбор у біялогіі). Гэта прывяло да ўсталявання генетычнага метаду як асобнага метаду пазнання і ўзнікнення навук. дысцыплін, што вывучаюць пераважна генетычныя аспекты з’яў і працэсаў (генетычная псіхалогія, генетычная сацыялогія і інш.). У сучаснай навуцы асэнсавана неабходнасць злучэння генетычнага (дыяхроннага) і структурна-функцыянальнага (сінхроннага) даследавання аб’ектаў. У рамках апошняга, у прыватнасці, у розных варунках агульнай тэорыі сістэм (Ю.​А.​Абрамаў, Л.​Берталанфі, Дж.​Клір, Э.​М.​Сарока, А.​І.​Уёмаў, Ю.​А.​Урманцаў) робяцца спробы па мадыфікацыі структурна-функцыянальнага падыходу з тым, каб было магчымым вывучэнне генезісу і развіцця структур. Выключна важную ролю набываюць праблема глабальнай эвалюцыі і праблема генеалогіі формаў свядомасці.

У.​К.​Лукашэвіч.

т. 5, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ, гетэрацыклы,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць цыклы, што змяшчаюць адначасова атамы вугляроду і атамы інш. элементаў (гетэраатамы), найчасцей азоту, кіслароду, серы. Самы шматлікі клас злучэнняў (уключае каля ⅔ усіх вядомых прыродных і сінт. арган. рэчываў). Уваходзяць у састаў нуклеінавых кіслот, бялкоў, ферментаў, вітамінаў, якія адыгрываюць выключную ролю ў працэсах жыццядзейнасці раслін, жывёл і чалавека.

Разнастайнасць тыпаў гетэрацыклічных злучэнняў абумоўлена тым, што яны могуць адрознівацца: агульным лікам атамаў у цыкле; прыродай, колькасцю і размяшчэннем гетэраатамаў; наяўнасцю або адсутнасцю замяшчальнікаў ці кандэнсаваных цыклаў; насычаным ці ненасычаным характарам гетэрацыклічнага кальца, якое вызначае іх хім. ўласцівасці. Насычаныя гетэрацыклічныя злучэнні хім. ўласцівасцямі блізкія да сваіх аналагаў з адкрытым ланцугом: простых эфіраў, амінаў, сульфідаў і інш. Ненасычаныя гетэрацыклы (пераважна 5- і 6-членныя), якія праяўляюць араматычнасць (напр., фуран, тыяфан, пірол, пірыдзін) наз. гетэраараматычнымі злучэннямі. Для іх, як і для араматычных злучэнняў раду бензолу, найб. характэрныя рэакцыі замяшчэння. На Беларусі даследаванні гетэрацыклічных злучэнняў і іх вытворных праводзяцца ў Ін-тах фізіка-арган. хіміі, біяарган. хіміі Нац. АН, БДУ і Бел. дзярж. тэхнал. ун-це.

А.​М.​Звонак.

Гетэрацыклічныя злучэнні: 1 — фуран; 2 — пірол; 3 — піразол; 4 — імідазол; 5 — пірыдзін; 6 — хіналін.

т. 5, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДУ́КЦЫЯ ў фізіялогіі,

дынамічнае ўзаемадзеянне нервовых працэсаў узбуджэння і тармажэння. Выражаецца ў тым, што тармажэнне ў групе нерв. клетак выклікае ўзбуджэнне (станоўчая І.) і, наадварот, калі першаснае ўзбуджэнне індуцыруе тармажэнне (адмоўная І.). Мае 2 формы: адначасовую, калі ўзбуджэнне ў адным участку мозга выклікае тармажэнне ў суседніх і наадварот; паслядоўную, калі змена адносін праходзіць з цягам часу. Характэрна для ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы. Абмяжоўвае распаўсюджванне нерв. працэсаў і спрыяе іх канцэнтрацыі. Прыклад адмоўнай І.: моцнае раздражненне слыхавога цэнтра (напр., рэзкі званок) выклікае тармажэнне ў харчовым, бо спыняецца слінавыдзяленне. У эмбрыялогіі І. — уздзеянне адных частак (індуктараў) зародка, які развіваецца, на другія яго часткі (сістэмы, якія рэагуюць). Адкрыта ням. эмбрыёлагам Г.​Шпеманам (1901). Адбываецца пры кантакце і вызначае напрамак развіцця сістэмы, якая рэагуе, гоматыпічны, калі дыферэнцыроўка падобна індуктару, і гетэратыпічны, калі адрозніваецца ад яго. Пашырана сярод хордавых і многіх беспазваночных жывёл. Ажыццяўляецца пры ўмове, што клеткі сістэмы, якая рэагуе, здольны ўспрымаць індуцыраваны стымул і адказваць на яго стварэннем адпаведных структур. Тэрмінам «І.» вызначаюць таксама больш шырокі круг з’яў у індывід. развіцці жывёл і раслін: дыферэнцыроўка другасных палавых прыкмет, лінька лічынак насякомых, дыферэнцыроўка і рост раслін фітагармонамі, святлом, т-рай і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),

форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл. Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.

Літ.:

Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;

Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;

Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.

Г.​Г.​Шанько.

т. 7, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КРЭДЫТ,

форма міжнар. эканам. супрацоўніцтва, пры якой дзяржавы, банкі і фін. арг-цыі, а таксама інш. юрыд. і фіз. асобы адных краін выдзяляюць сродкі адпаведным контрагентам інш. краін. Сутнасць міжнар. крэдытных адносін заключаецца ў тым, што крэдытор прадастаўляе пазычальніку ў часовае карыстанне пэўныя рэсурсы ў таварнай або грашовай форме для развіцця канкрэтных галін або на пэўныя мэты нац. эканомікі і для пашырэння ўзаемных гасп. сувязей. Асн. віды М.к.: міждзярж. (міжурадавы), банкаўскі, фірменны (камерцыйны.). У залежнасці ад тэрмінаў выдачы адрозніваюць кароткатэрміновыя, сярэднетэрміновыя і доўгатэрміновыя М.к. Паводле характару пазыкі бываюць таварныя, інвестыцыйныя і валютныя (грашовыя). Таварныя крэдыты характэрны для сферы знешняга гандлю і выдзяляюцца ў выглядзе паставак прамысл., харч. і інш. тавараў. Іх пагашэнне і выплата на іх працэнтаў ажыццяўляюцца звычайна таварамі традыц. экспарту краіны-пазычальніцы. Інвестыцыйныя крэдыты выкарыстоўваюцца пры будаўніцтве, расшырэнні, рэканструкцыі прамысл., трансп., с.-г. і інш. аб’ектаў у выглядзе камплектных паставак машын, абсталявання або поўнага будаўніцтва за кошт сродкаў крэдытора. Такія пазыкі звычайна прадастаўляюцца на кампенсацыйнай аснове і пагашаюцца прадукцыяй тых прадпрыемстваў, на затраты якіх гэтыя пазыкі прызначаліся. Валютныя крэдыты выдаюцца ў свабодна канверсаванай або інш. валюце, золаце.

т. 10, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЭТАЗГО́ДНАСЦЬ,

адпаведнасць з’явы (працэсу) пэўнаму (адносна завершанаму) стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога прадстаўляецца ў якасці мэты. Спецыфічна праяўляецца ў арган. свеце, грамадскіх сістэмах, дзеяннях чалавека. Паняцце «М.» генетычна звязана з мэтамеркаваннем як сутнасным элементам чалавечай дзейнасці, які характарызуе мысліцельныя працэсы і прадметную яго дзейнасць. Дзеянні чалавека, якія адпавядаюць нейкай мэце, мэтазгодныя ў шырокім сэнсе слова. У больш вузкім сэнсе мэтазгодна такая дзейнасць, што адпавядае ўмовам дадзенага моманту і агульнаму кірунку развіцця, заснаванаму на веданні грамадскіх законаў і патрэб развіцця. М. арганічна разглядаецца як прыстасаванасць арганізмаў да ўмоў існавання, накіраванасць працэсаў развіцця жывых сістэм, якая вызначаецца ўзаемадзеяннем знешніх і ўнутр. умоў, актыўнасцю арганізмаў. Паводле Ч.​Дарвіна, адносная М. жывых арганізмаў — вынік натуральнага адбору, у ходзе якога назапашваюцца і замацоўваюцца карысныя для арганізмаў адзнакі. Тэлеалогія пашырае М. на ўсю прыроду і разглядае развіццё ўсяго існуючага як ажыццяўленне загадзя прадугледжанага плана — руху да ўстаноўленай, зададзенай зверху мэты, што пацвярджаецца гарманічнай, мэтазгоднай будовай жывых арганізмаў. У кібернетыцы М. вызначаецца тым, што складаная дынамічная сістэма захоўвае сваю ўстойлівасць дзякуючы наяўнасці адваротнай сувязі — атрыманай інфармацыі пра фактычны стан дзейных органаў сістэмы, іх узаемадзеянні з навакольным асяроддзем, а не ў сілу ўсвядомленага імкнення да якой-н. мэты.

А.​Л.​Галаўнёў.

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКАЗА́ЛЬНІК,

пералік упарадкаваных паводле алфавітнай, храналагічнай, нумарацыйнай ці інш. прыкметы апісанняў твораў друку і пісьменства, назваў прадметаў, уласных імён, абазначэнняў і інш., які дазваляе хутка знаходзіць неабходныя звесткі ў адпаведным інфарм. масіве. Паводле зместу і прызначэння традыцыйна адрозніваюць П. бібліягр. і дапаможныя. Бібліягр. П. з’яўляецца разнавіднасцю бібліягр. дапаможнікаў; мае самаст. даведачнае значэнне (гл. Бібліяграфія). Дапаможны П. не мае самаст. даведачнага значэння; выступае ў якасці даведніка па тэксце, ён абавязковы для даведачных, навук. і навуч. выданняў. Складаецца са спасылак да тэксту (старонкі, нумары параграфаў і да т.п.), якія паказваюць на месца знаходжання інфармацыі. У залежнасці ад зместу рубрык П. бываюць імянныя, прадметныя, геагр. і інш.; паводле прынцыпу размяшчэння матэрыялу — алфавітныя, сістэматычныя, храналагічныя і інш.; паводле структуры рубрык — простыя і разгорнутыя П., а пры наяўнасці дадатковых звестак — анатаваныя. Па ступені раскрыцця зместу дакумента бываюць П. да ўсяго тэксту, часткі тэксту, па аднаму ці некалькіх аспектах. Выбар тыпу П. залежыць ад зместу выдання, яго чытацкага прызначэння, аб’ёму, традыцый у канкрэтных галінах ведаў. Чым больш складаны тэкст выдання, тым больш разнастайныя П. да яго.

Літ.:

Кунце Х. Составление вспомогательных указателей: Пер. с нем. М., 1977;

Призмент Э.Л., Динерштейн Е.А. Вспомогательные указатели к книжным изданиям. М., 1988.

А.​І.​Чарняева.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЭВІ́ЛЬ (франц. vaudeville),

жанр драматургіі; від лёгкага камедыйнага паказу з займальнай, нярэдка заблытанай інтрыгай, з песнямі-куплетамі, рамансамі і танцамі. Узнік у Францыі ў 18 ст. Класікі жанру Э.​Скрыб, Э.​Лабіш. Франц. вадэвіль паўплываў на развіццё гэтага жанру ў Польшчы (А.​Фрэдра), Германіі (Г.​Фрайтаг), Даніі (І.​Л.​Хэйберг) і інш. краінах Еўропы. У Расіі з’явіўся на пач. 19 ст. (А.​Шахаўской, Дз.​Ленскі, П.​Каратыгін, Ф.​Коні, М.​Някрасаў, А.​Чэхаў).

На Беларусі элементы вадэвіля былі ў інтэрмедыях фалькл. т-ра 16—19 ст. У прафес. драматургіі жанр вадэвіля распрацоўваў В.​Дунін-Марцінкевіч. Свае п’есы «Пінская шляхта» (1866) і «Залёты» (1870) ён вызначыў як фарс-вадэвіль. Яны насычаны песнямі, куплетамі, рамансамі, разам з тым вызначаюцца сац. зместам, глыбінёй, сатыр. завостранасцю. Бел. вадэвіль, прыняўшы каноны класічнага франц. вадэвіля, меў уласную нац. адметнасць, што выявілася ў характары гумару, большай схільнасці да сатыры і фарсу. Элементы вадэвіля ёсць у п’есах «Модны шляхцюк» К.​Каганца (1910), «Прымакі» Я.​Купалы (1913), «Снатворны мак» К.​Лейкі (1912), «Чорт і баба» Ф.​Аляхновіча (1920), «Мікітаў лапаць» М.​Чарота (1923), «Мужчына, будзь мужчынам» М.​Матукоўскага (1966); на фарсава-вадэвільных сітуацыях заснаваны п’есы Л.​Родзевіча «Пасланец» (1918), «Конскі партрэт» (1920) і «Збянтэжаны Саўка» (1921). На сучасным этапе вадэвіль у драм. мастацтве замяніла камедыя, у музычным — аперэта, мюзікл.

т. 3, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТА́ВА (Ottawa),

горад, сталіца Канады, у правінцыі Антарыо, на р. Атава. 920,8 тыс. ж. (1994), у т. л. ⅔ англамоўных, ⅓ франкамоўных. Трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Аплендс. Радыёэлектроннае машынабудаванне (у т. л. вытв-сць ЭВМ), прыладабудаванне; паліграф., цэлюлозна-папяровая, лёгкая, дрэваапр. і хім. прам-сць, вытв-сць алюмінію, сталі, бронзы, гадзіннікаў, шкла. Англ. і франц. ун-ты.

Засн. ў 1827 як пас. Байтаўн у сувязі з будаўніцтвам канала р. Атава — воз. Антарыо. З 1850 горад, з 1854 наз. Атава, з 1857 сталіца англ. калоніі, з 1867 — дамініёна Канада. З 1899 развіваецца паводле генплана (арх: Ф.​Тод і інш., у 1937—59 — Дж.​Грэбер). Шахматная сетка вуліц. У горадзе шмат вадаёмаў і паркаў з развітой сістэмай паркавых дарог. Арх. помнікі: неагатычны парламенцкі комплекс (1860; пасля пажару адбудаваны ў 1919—27, арх. Дж.​Пірсан, О.​Маршан), атэль «Шато-Лар’е» (1910, арх. Д.​Х.​Мак-Фарлін). Сярод інш. збудаванняў: Нац. б-ка (1956), Карлтанскі ун-т (1959), аэрапорт Аплендс (1960), Нац. цэнтр мастацтваў (1970), Нац. галерэя (1980) і інш. Помнікі: Ж.​Карцье (1885), Дж.​Макдональду (1895), каралеве Вікторыі, тым, хто загінуў у англа-бурскай вайне (абодва 1901), Р.​Болдуіну і Л.​Лафантэну (1908—14) і інш. У 1842 засн. Нац. музей (калекцыі мастацтва індзейцаў і эскімосаў).

Агульны від г. Атава (на пярэднім плане — парламенцкі комплекс).

т. 2, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)