ПРАКАРЫЁТЫ (ад лац. pro перад, раней, замест + грэч. karyon ядро),
мікраскапічныя арганізмы, клеткі якіх не маюць абмежаванага мембранай ядра. Каля 6 тыс. відаў. Да П. адносяцца ўсе бактэрыі, у т. л.архебактэрыі і цыянабактэрыі. Клеткі П. паводле будовы проціпастаўлены эўкарыётам (ядзерным арганізмам) і разам з іх продкамі (уркарыётамі) лічацца найб.стараж. даядзернымі арганізмамі. Асн. структурны кампанент клетачнай сценкі — глікапептыд мурэін, які не выяўлены ў інш. групах арганізмаў. Аналаг ядра — структура, якая мае ДНК, бялкі і РНК. Генет. сістэма П. замацавана на клетачнай мембране і адпавядае прымітыўнай храмасоме. Размнажаюцца П. дзяленнем без выяўленага палавога працэсу. У адрозненне ад эўкарыётаў не маюць хларапластаў, мітахондрый, апарата Гольджы, цэнтрыёлей. Адрозненні паміж П. і эўкарыётамі больш істотныя, чым паміж вышэйшымі жывёламі і вышэйшымі раслінамі, таму ў сістэме арганізмаў П. вылучаны ў надцарствы. Адыгрываюць важную ролю ў кругавароце рэчываў у прыродзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМЯНІ́СТЫЯ», Таварыства сяброў карыснай забавы,
легальная патрыятычная арг-цыя студэнтаў Віленскага ун-та ў крас.—чэрв. 1820. Засн. Т.Занам (Архіпрамяністы, Архі). Аб’ядноўвала моладзь Беларусі, Літвы і Польшчы. Кіраўніцтва ажыццяўлялі філаматы. Структура арг-цыі распрацавана А.Петрашкевічам. Статут «Пятнаццаць правіл паводзін для моладзі, якая належаць Таварыству сяброў карыснай забавы» складзены Ю.Яжоўскім і зацверджаны 3.6.1820 рэктарам ун-та Ш.Малеўскім. Паводле статута мэтай П. было далучэнне моладзі да навукі, добрыя паводзіны, падтрымка роднай мовы, л-ры, гісторыі і г.д. Колькасць П. дасягала 200—300 чал. (каля 33% віленскіх студэнтаў). Хуткі рост колькасці П. выклікаў у кансерватыўных колах рэакц. часткі прафесуры ун-та і святароў нараканні, якія прывялі да забароны т-ва. Пасля першага следства па справе П. у 1822 быў вынесены вердыкт, што гэта не тайнае т-ва, а дазволенае рэктарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ВЕ́ЦЕР,
пастаяннае радыяльнае распаўсюджванне плазмы сонечнай кароны ў міжпланетную прастору. Утварэнне С.в. звязана з патокам энергіі, што паступае ў сонечную карону з больш глыбокіх слаёў Сонца. Пры высокіх т-рах, якія існуюць у кароне (1,5-106К), ціск яе вышэйшых слаёў не ўраўнаважвае газавы ціск рэчыва кароны, і яна расшыраецца. С.в. складаецца з пратонаў, электронаў, невял. колькасці іонаў гелію і інш.Структура С.в. звязана з магн. полем Сонца і мяняецца са зменай сонечнай актыўнасці. За кошт С.в. Сонца губляе 10−34Дж/с энергіі і штогод 10−14 часткі масы. У межах арбіты Зямлі канцэнтрацыя пратонаў 6 см−3, скорасць 400 км/с. Пры набліжэнні С.в. да Зямлі на мяжы з яе магнітасферай узнікае магнітагідрадынамічная ўдарная хваля, што прыводзіць да істотных дэфармацый магнітнага поля Зямлі — узнікаюць магнітныя буры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАВА Альбіна Мікалаеўна (н. 11.7.1929, г. Паўлава Ніжагародскай вобл., Расія),
бел. мовазнавец. Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Д-рфілал.н. 1979). Праф. (1981). Скончыла Горкаўскі ін-т замежных моў (1951). З 1965 у Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы семантыкі, тэорыі рэферэнцыі, семантычнага і прагматычнага сінтаксісу франц. мовы, тэорыі часу і часавай прасторы таго, хто гаворыць. Аўтар кніг «Да праблемы граматычнай формы граматычнай катэгорыі» (1972), «Структура і ўзаемадзеянне форм функцыянальна-семантычнай катэгорыі акалічнасці спосабу дзеяння ў сучаснай французскай мове» (1973), «Прамарфалагічныя адзінкі французскай мовы» (1975), «Нарысы-роздумы і цытацыі пра прагмасінтаксіс французскай мовы: імя і яго дэтэрмінатывы» (2000) і інш. Сааўтар «Практыкуму па тэарэтычнай граматыцы французскай мовы» (1986), кн. «Функцыянаванне і развіццё моўных сістэм» (1990), «Актуальныя пытанні мовазнаўства і інтэнсіфікацыі выкладання замежных моў» (1993), «Вучэбныя граматыкі нацыянальных моў» (1996) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЦЯПА́НАЎ Васіль Іванавіч (13.3.1903, с. Залатое Краснаармейскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 22.5.1979),
бел. філосаф. Чл.-кар.АН Беларусі (1967), д-рфілас.н. (1960), праф. (1961). Засл. дз. нав. Беларусі (1977). Скончыў Акадэмію камуніст. выхавання імя Крупскай (1932). У 1935—42 у Сталінградскім пед. ін-це. З 1947 у БДУ (у 1962—67 прарэктар). Даследаваў законы і катэгорыі дыялектыкі ў адзінстве з тэорыяй пазнання і логікай, іх значэнне ў развіцці прыродазнаўчых навук, філас. і сацыялагічныя погляды В.Р.Бялінскага, некаторыя праблемы тэорыі змянення сац. структуры грамадства і інш. Аўтар прац па гісторыі рус. філасофіі і грамадска-паліт. думкі.
Тв.:
Философские и социологические воззрения В.Г.Белинского. Мн., 1959;
О «Философских тетрадях» В.И.Ленина. М., 1959 (у сааўт.);
Роль интеллигенции в формировании нового духовного облика народа // Структура советской интеллигенции. Мн., 1970;
Вопросы диалектического материализма. Мн., 1976 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯМ’Я́ў жывёл,
устойлівае аб’яднанне асобін, засн. на палавой цязе, сувязях паміж бацькамі і патомкамі, тэр. супольнасці і неабходнасці сумеснага клопату пра патомства. Гэтыя ўмовы выконваюцца ў манагамнай С., напр., у аселых відаў птушак, пары якіх захоўваюцца да смерці аднаго з партнёраў, а ч. маладняку застаецца на тэр. бацькоў. Такія камунальныя ячэйкі характэрны і для некат. млекакормячых (напр., мангусты). У многіх птушак (асабліва ва ўмераных паясах) манагамная С. ўтвараецца толькі на сезон размнажэння, але часта пары аднаўляюцца і на новы перыяд. У гусей і лебедзяў адзінства С. падтрымліваецца таксама ў час сезонных міграцый і на зімоўках. У большасці млекакормячых жывёл утвараецца сямейная група, якая складаецца з самкі, яе патомства аднаго ці двух пакаленняў і без самца. Структура і ўстойлівасць сямейных ячэек у палігамных відаў абумоўлены асаблівасцямі тыпу палавых зносін — праміскуітэт, полігінія ці поліандрыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў і сплаваў, сукупнасць аперацый пластычнай дэфармацыі, нагрэву і ахаладжэння, у выніку якіх канчатковая структура і ўласцівасці матэрыялу фарміруюцца з вял. колькасцю дэфектаў у крышталях (пераважна дыслакацый); адзін з асн. спосабаў павышэння трываласці канструкцыйных металаў і сплаваў. Бывае высока- і нізкатэмпературная.
Высокатэмпературная Т.а. — гарачая апрацоўка ціскам (коўка, пракатка і інш.) у межах т-р устойлівасці аўстэніту з неадкладным ахаладжэннем для папярэджання яго рэкрышталізацыі; нізкатэмпературная — дэфармацыя ў межах т-р няўстойлівасці аўстэніту і ніжэй за т-ру яго рэкрышталізацыі. З такога аўстэніту пры далейшай загартоўцы атрымліваецца мартэнсіт з асаблівай будовай, якая забяспечвае вельмі высокае супраціўленне разрыву (мяжу трываласці). Т.а. старэючых сплаваў (алюмініевых, медных, нікелевых і інш.) робяць халоднай пластычнай дэфармацыяй пасля загартоўкі, але перад штучным старэннем металаў.
Літ.:
Шаврин О.И. Технология и оборудование термомеханической обработки деталей машин. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНА́НСАВАЯ АЛІГА́РХІЯ,
палітычнае і эканам. панаванне невялікай групы людзей, якія кіруюць дзяржавай і яе эканомікай. Звычайна гэта найбуйнейшыя ўласнікі капіталу, найб. уплывовыя прадстаўнікі гандл.-прамысл. і фін. манаполій, іх эліта. Узнікае на аснове зрошчвання прамысл. і банкаўскага капіталу ў выніку канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу на аснове асабістай уніі ці працяглых сувязей. Канкрэтнай арганізацыйнай іх формай з’яўляюцца манапалістычныя фінансава-прамысловыя групы, якія ўяўляюць сабой аб’яднанні прамысл., банкаўскіх і гандл. манаполій пад кантролем найбуйнейшых з іх. Фін.-прамысл. эліта кантралюе працэс прыняцця рашэнняў у галіне эканам. і сац. палітыкі. Інтэрнацыяналізацыя гасп. жыцця, узмацненне інтэграцыйных працэсаў, развіццё міжнар.прамысл. і банкаўскіх манаполій садзейнічаюць узнікненню міжнар. паводле складу і сфер уплыву фін. груп, вядуць да ўсё больш цеснага перапляцення інтарэсаў Ф.а. розных дзяржаў. Структура Ф.а. мяняецца ў працэсе развіцця і эвалюцыі форм уласнасці. Гл. таксама Фінансавы капітал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОН (Kohn) Вальтэр (н. 9.3.1923, Вена),
амерыканскі фізік-тэарэтык. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1963), Нац.АН ЗША (1969). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1998). Скончыў ун-т Таронта (1946) і Гарвардскі ун-т (1948). З 1950 праф.Тэхнал. ін-та Карнегі (г. Пітсбург), з 1960 Каліфарнійскага ун-та (г. Сан-Дыега), з 1979 Каліфарнійскага ун-та (г. Санта-Барбара; у 1979—84 дырэктар Ін-та тэарэт. фізікі). Навук. працы па электроннай структуры рэчыва. Прапанаваў метад функцыянала шчыльнасці, які шырока выкарыстоўваецца для разлікаў электроннай зоннай структуры цвёрдых цел і вадкасцей (1964). Нобелеўская прэмія 1998 (з Дж.Э.Поплам; гл. Дадатак). Нац.навук. медаль ЗША (1988). Залаты медаль Н.Бора ЮНЕСКА (1998).
Тв.:
Рус.пер. — Электронная структура вещества — волновые функции и функционалы плотности // Успехи физ. наук. 2002. Т. 172, №3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЬВІ́НКА Наталля Міхайлаўна (н. 11.5.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. біяхімік. Д-рхім.н. (2001). Скончыла БДУ (1971). З 1971 у Ін-це арган. хіміі АНСССР (Масква). З 1975 у Ін-це біяарган. хіміі АН Беларусі. З 1998 у Дзярж. атэстацыйным к-це Рэспублікі Беларусь. З 2002 вучоны сакратар Аддзялення хіміі і навук аб Зямлі Прэзідыума Нац.АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні актыўнасці ліпалітычных ферментаў, што ажыццяўляюць дэградацыю фосфаліпідаў — асн. кампанентаў біял. мембраны. Распрацавала эксперым. асновы вылучэння ў гамагенным стане фосфаліпаз A2 і C з біял. аб’ектаў з улікам структурна-функцыян. асаблівасцей гэтых ферментаў.
Тв.:
Biophosphates and their analogous — synthesis, strukture, metabolism and activity. Amsterdam, 1987 (у сааўт.);
Эндогенные фосфолипазы A2: структура и функция. Мн., 1991 (разам з М.А.Кісялём);
Активность фосфолипаз A2 и C при биохимическом. моделировании. Мн., 2003.