СЯМ’Я́ ў жывёл,

устойлівае аб’яднанне асобін, засн. на палавой цязе, сувязях паміж бацькамі і патомкамі, тэр. супольнасці і неабходнасці сумеснага клопату пра патомства. Гэтыя ўмовы выконваюцца ў манагамнай С., напр., у аселых відаў птушак, пары якіх захоўваюцца да смерці аднаго з партнёраў, а ч. маладняку застаецца на тэр. бацькоў. Такія камунальныя ячэйкі характэрны і для некат. млекакормячых (напр., мангусты). У многіх птушак (асабліва ва ўмераных паясах) манагамная С. ўтвараецца толькі на сезон размнажэння, але часта пары аднаўляюцца і на новы перыяд. У гусей і лебедзяў адзінства С. падтрымліваецца таксама ў час сезонных міграцый і на зімоўках. У большасці млекакормячых жывёл утвараецца сямейная група, якая складаецца з самкі, яе патомства аднаго ці двух пакаленняў і без самца. Структура і ўстойлівасць сямейных ячэек у палігамных відаў абумоўлены асаблівасцямі тыпу палавых зносін — праміскуітэт, полігінія ці поліандрыя.

т. 15, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)