вызначэнне размеркавання прыкладзеных сіл, дэфармацый, перамяшчэнняў, што ўзнікаюць у элементах збудаванняў пры статычных, дынамічных, тэмпературных і інш. нагрузках.
Мэта Р.з. — забеспячэнне надзейнасці і даўгавечнасці збудавання ў адпаведнасці з умовамі трываласці, жорсткасці і ўстойлівасці найб. напружаных яго элементаў пры мінім. расходзе матэрыялаў, а таксама ацэнка параметраў гранічнага стану канструкцый. У залежнасці ад тыпу збудавання і віду нагрузкі для Р.з. выкарыстоўваюць розныя разліковыя схемы і метады разліку. Праводзіцца на аснове законаў будаўнічай механікі, супраціўлення матэрыялаў і тэорыі пругкасці. У разліках жалезабетонных збудаванняў, фундаментаў улічваюць і рэалагічныя ўласцівасці матэрыялаў (гл.Рэалогія). Збудаванні, што трапляюць пад уздзеянне выпадковых нагрузак (марскіх хваль, сейсмічных сіл), разлічваюць статыстычнымі метадамі. Для Р.з. выкарыстоўваюць лікавыя метады ў матэматыцы і сродкі вылічальнай тэхнікі. Гл. таксама Дынаміка збудаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКЛІМАТАЛО́ГІЯ (ад бія... + кліматалогія),
раздзел кліматалогіі, які вывучае ўплыў клімату на здароўе і дзейнасць чалавека, развіццё жывёл і раслін. Склалася ў канцы 19 — пач. 20 ст. (працы А.І.Ваейкава ў Расіі, Дж.Ацы ў Італіі, Б.Лівінгстана ў ЗША, А.І.Кайгарадава ў Беларусі). Вывучае ўплыў стану атмасферы на жывыя арганізмы, даследуе рэакцыю іх на забруджванне асяроддзя, уздзеянне сонечнай радыяцыі, геамагнітнага поля і інш. Аналізуе сувязі паміж надвор’ем і кліматам, умовы і працягласць камфортнага надвор’я ў розныя сезоны і ў розных геагр. зонах, уплыў экстрэмальных кліматычных умоў на жывыя арганізмы. Даныя біякліматалогіі выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, горадабудаўніцтве, курарталогіі і інш. На Беларусі даследаванні вядуцца ў Гідраметэаралагічнай службе. Вызначана, напр., што ў Мінску бывае каля 166 дзён за год са спрыяльнымі для чалавека біякліматычнымі характарыстыкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДГЕ́ЗІЯ (ад лац. adhaesio прыліпанне),
1) счапленне паверхняў разнародных цвёрдых ці вадкіх целаў (фазаў) пры кантактаванні. Абумоўлена тымі ж прычынамі, што і адсорбцыя. Характарызуецца адгезійнай трываласцю — работай, неабходнай для раздзялення целаў у разліку на адзінку паверхні; цесна звязана з кагезіяй. Уплывае на мех. ўласцівасці кампазіцыйных матэрыялаў. Улічваецца пры нанясенні палімерных пакрыццяў, склейванні, спяканні, зварцы, луджэнні і інш., павялічвае трэнне.
2) У біялогіі адгезія клетак — здольнасць іх зліпацца паміж сабой і з рознымі субстратамі біял. і небіял. паходжання. Залежыць ад стану вонкавай паверхні плазматычнай мембраны і складу пазаклетачнага асяроддзя. Для ажыццяўлення адгезіі неабходна прысутнасць іонаў кальцыю і магнію. Паводле сучасных меркаванняў за міжклетачную адгезію адказныя глікапратэіды. Большасці клетак уласціва выбіральная адгезія. З яе парушэннем звязана здольнасць пухлінных клетак да метастазавання. На адгезіі заснавана агрэгацыя клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕРГІ́Я (ад ала... + грэч. ergon дзеянне),
імунная рэакцыя арганізма да паўторнага ўздзеяння алергенаў з пашкоджаннем уласнай тканкі. Клінічныя праяўленні алергічных рэакцый бываюць неадкладныя і запаволеныя. Рэакцыі неадкладнага тыпу (скурныя і сістэмныя) узнікаюць праз 15—20 мін пасля ўздзеяння спецыфічнага А. пры анафілактычным шоку, крапіўніцы, сываратачнай хваробе, бранхіяльнай астме, сеннай ліхаманцы, ацёку Квінке. Рэакцыі запаволенага тыпу развіваюцца гадзінамі, іншы раз суткамі пры лекавым дэрматыце, вакцынацыях, інфекцыях (туберкулёз, дыфтэрыя і інш.). Адрозніваюць 3 стадыі развіцця алергіі: імуналагічную (алерген — цела), патахім. (вызваленне біял. актыўных рэчываў — медыятараў), патафізіял. (патагеннае ўздзеянне медыятараў на клеткі, органы і тканкі). Значная роля пры гэтым належыць спадчыннасці, стану эндакрыннай і нерв.сістэм. Адсутнасць алергічнай рэакцыі на паўторна ўведзены алерген наз. энергіяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛО́НАЎ (Яўген Піліпавіч) (1875, Гарадоцкі р-н Віцебскай вобл. — 23.12.1929),
ветэрынарны ўрач, заснавальнік навук. ветэрынарыі на Беларусі. Герой працы (1924). Скончыў Варшаўскі вет.ін-т (1903). У 1913 арганізаваў першую на Беларусі вет. лабараторыю ў Віцебску, у 1914 — экспедыцыйнае абследаванне жывёлагадоўлі Віцебскай губ. Заснавальнік і з 1924 рэктар Віцебскага вет. ін-та, адначасова кіраўнік Вет. ўпраўлення Наркамата земляробства БССР. Навук. працы па аналізе вет.-сан.стану і прычынах хвароб с.-г. жывёлы на Беларусі. Ініцыятар распрацоўкі «Ветэрынарнага статута БССР», заснавання віцебскіх вет.-заалагічнага музея (1918), бат. сада, музея анатоміі, арніталогіі і энтамалогіі (1924).
Тв.:
Витебская губерния в ветеринарно-санитарном отношении (1903—1910). Витебск, 1912.
Літ.:
Вышелесский С. Е.Ф.Алонов // Бел. ветэрынарыя. 1929. № 10—12;
Сипко Н.Г. Ветеринарное образование в Белоруссии // Ветеринария. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕ́ДА (ад лац. albus светлы),
велічыня, якая характарызуе адбівальную здольнасць паверхні цела. Вымяраецца адносінамі колькасці адбітага паверхняй святла да колькасці святла, якое падае на яе. Выражаецца ў працэнтах ці долях адзінкі. Альбеда натуральных паверхняў вымяраецца альбедаметрам, вывучаецца актынаметрыяй. Характарызуе адбівальную здольнасць нябеснага цела, якое само не свеціцца.
Адрозніваюць інтэгральнае альбеда — для ўсяго патоку выпрамянення, монахраматычнае — для пэўнай даўжыні хваляў, спектральнае — для розных участкаў спектра (ультрафіялетавае, бачнае, інфрачырв. і інш.). Інтэгральнае альбеда планеты Зямля (з атмасферай) каля 35%, у бачнай частцы спектра 40%. Залежыць ад геагр. шыраты, пары года, часу сутак, стану расліннага покрыва, воднай паверхні і інш. Альбеда вільготнай глебы 5—10%, лесу 5—20%, травянога покрыва 20—25%. свежага снегу 70—90%. Ад велічыні альбеда залежыць радыяцыйны баланс паверхні Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗУМО́ЎНЫЯ РЭФЛЕ́КСЫ,
адносна пастаянныя, стэрэатыпныя, генетычна замацаваныя рэакцыі арганізма на ўнутр. і вонкавыя раздражняльнікі (стымулы), якія рэгулююцца ц. н. с. Падзяляюць на харчовыя, палавыя, абарончыя, арыенціровачныя і інш. У асобную групу прыроджаных стэрэатыпных складанарэфлекторных актаў вылучаюць інстынкты. Тэрмін «безумоўныя рэфлексы» ўвёў рус. вучоны І.П.Паўлаў для абазначэння рэфлексаў, якія аўтаматычна ўзнікаюць пры ўздзеянні раздражняльнікаў на рэцэптары (выдзяленне сліны пры пападанні ежы ў рот, адхапленне рукі пры ўколе пальца і інш.). Узбуджэнне ад рэцэптара перадаецца эфектару па рэфлекторнай дузе. Безумоўныя рэфлексы мяняюцца на працягу філагенезу і антагенезу, залежаць ад уздзеяння на іх інш. рэфлексаў, стануц. н. с., эндакрыннай сістэмы і інш. фактараў (напр., смактальны рэфлекс у нованароджаных з узростам страчваецца). Пры выспяванні арганізма з’яўляюцца новыя безумоўныя рэфлексы, напрыклад палавыя. У дарослых жывёл «чыстыя» безумоўныя рэфлексы «абрастаюць» умоўнымі рэфлексамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМАЛО́ГІЯ (ад грэч. homologia адпаведнасць) у біялогіі, 1) адпаведнасць органаў у арганізмах розных відаў, абумоўленая іх філагенетычнай роднасцю. Падобныя органы або іх часткі звычайна развіваюцца ад эвалюцыйна аднолькавых зыходных зачаткаў, якія могуць выконваць розныя функцыі. Такія органы наз. гомалагічнымі. Напр., канечнасці пазваночных — ногі, ласты, крылы лятучых мышэй. Гамалогія як падабенства, заснаванае на роднасці, процістаіць аналогіі. Гамалогія органаў у розных відаў мае 3 крытэрыі: падабенства марфалагічнага плана будовы органаў, таксама іх стану ў арганізме ў адносінах да інш. органаў і падабенства іх морфагенезу.
2) Ідэнтычнасць структуры 2 (у дыплоідаў) або большай колькасці (у аўтапаліплоідаў) храмасом, якая азначае, што ў гомалагічных храмасомах аднолькавыя локусы размешчаны ў той жа лінейнай паслядоўнасці. Доказам гамалогіі генет. структур служыць дакладная кан’югацыя іх храмасом у прафазе меёзу і ўтварэнне жыццяздольных гамет і зігот.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІЛЕ́ЎСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (10.12.1822, Арлоўская губ. — 19.11.1885),
расійскі прыродазнавец, адзін з тэарэтыкаў і ідэолагаў славянафільства і панславізму. Член Рус.геагр.т-ва. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1847). За ўдзел у руху петрашэўцаў у 1849—52 праследаваўся ўладамі. Удзельнік (1853—57) і кіраўнік (1858—71) шэрагу навук. экспедыцый па даследаванні стану рыбалоўства ў Расіі. Распрацаваў канцэпцыю культ.-гіст. тыпаў (цывілізацый), у якой абгрунтаваў курс Расіі на барацьбу супраць Захаду за ўплыў на слав. і інш. народы Еўропы, з пазіцый тэлеалогіі крытыкаваў эвалюц. тэорыю Ч.Дарвіна. Аўтар паліт. і эканам. артыкулаў.
Тв.:
Россия и Европа. М., 1991.
Літ.:
Захарова АА Россия в философско-исторической концепции Н.Я.Данилевского. Томск, 1986;
Авдеева Л.Р. Русские мыслители: Ап.Л.Григорьев, Н.Я.Данилевский, Н.Н.Страхов: Филос. культурология второй половины XIX в.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. labillis рухомы, няўстойлівы) у фізіялогіі, функцыянальная рухавасць, уласцівасць узбудлівай тканкі ўзнаўляць без скажэння частату наносімых рытмічных раздражненняў. Тэрмін прапанаваны М.Я.Увядзенскім (1886). Мера Л. — макс. колькасць імпульсаў за 1 сек, якую фізіял. апарат (валакно, сінапс) здольны ўзнавіць пры зададзеным рытме. Адлюстроўвае час, на працягу якога тканка аднаўляе працаздольнасць пасля чарговага цыкла ўзбуджэння. Пры перавышэнні Л. ўзнікае мясц. застойнае ўзбуджэнне, якое прыводзіць да тармажэння. Неаднолькавую Л. маюць нейроны з розных абласцей нерв. сістэмы. Напр., рухальныя нейроны спіннога мозга ўзнаўляюць частату 200—300 Гц, уставачныя да 1000 Гц. У біялогіі і медыцыне Л. азначае рухомасць, няўстойлівасць, зменлівасць (напр., псіхікі, фізіял.стану, пульсу, т-ры цела і інш).
Літ.:
Голиков Н.В. Физиологическая лабильность и ее изменения при основных нервных процессах. Л., 1950.