род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (C. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (C. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.
Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙНАСЦЬ,
спецыфічна чалавечая форма адносін да навакольнага свету, змест якой складае яго мэтазгоднае змяненне і пераўтварэнне ў інтарэсах людзей; умова існавання грамадства. Усякая дзейнасць уключае мэту, сродак, вынік і сам працэс. Гісторыя грамадства, матэрыяльнай і духоўнай культуры чалавецтва — гэта працэс рэалізацыі дзейнатворчых адносін чалавека да навакольнага свету, які выражаецца ў пабудове новых спосабаў і праграм дзейнасці (пераход ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі, ад рамёстваў і мануфактуры да буйной машыннай вытв-сці, ад індустр. грамадства да постіндустрыяльнага, да навук.-тэхн. рэвалюцыі). Існуюць разнастайныя класіфікацыі тыпаў і форм Дз.: духоўная, матэрыяльная, вытворчая, працоўная, пазнавальная, прадпрымальніцкая, палітычная і г.д. Асаблівай формай прадукцыйнай Дз. з’яўляецца творчасць. Пытанне аб адносінах Дз. і асобы вырашаецца як частка больш шырокай праблемы чалавека (гл. таксама Дзеянне, Дзеянне сацыяльнае, Практыка).
Літ.:
Суходольский Г.В. Основы психологической теории деятельности. Л., 1988;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн.. 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯЛО́Г (ад грэч. dialogos размова, гутарка),
размова паміж дзвюма або некалькімі асобамі; функцыянальная разнавіднасць вуснай мовы. Структура Д. не нарматыўная: памеры яго могуць быць самыя розныя, рэплікі ў ім — таксама (ад маналагічна разгорнутых да ўсечаных). Ужываецца ва ўсіх відах літ. творчасці. У прозе побач з аўтарскай мовай Д. выступае адным са сродкаў слоўнага жывапісу, выконвае характаралагічную ролю. У драме Д. — найважнейшы выяўл.сродак, пры дапамозе якога фарміруецца і развіваецца дзея, выяўляюцца характары. Драматургічны Д. удасканальваўся на працягу многіх стагоддзяў, набыў выключнае багацце «інструментоўкі»: разарванасць, дэфармаванасць знешнелагічных сувязей паміж рэплікамі, іх амбівалентнасць, шматгалоссе (перапляценне рэплік многіх персанажаў), падтэкст і інш. Д. вядомы і як самаст. публіцыст. і філас. жанр («Федр» Платона, «Размова гетэр» Лукіяна, «Размова вольных муляраў» Г.Э.Лесінга, «Пляменнік Рамо» Д.Дзідро, «Сын і маці» Я.Купалы і інш.). У пераносным сэнсе Д. — перагаворы, свабодны абмен думкамі, напр., паліт. Д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́СТАЎ МО́ВА,
камунікатыўная сістэма на кінетычнай (жэстыкуляторна-мімічнай) аснове; асн.сродак зносін глухіх. Мінімальная адзінка Ж.м. — жэст — складаецца з херэм (ад грэч. hejr, hejrōs рука), якія паказваюць на месца, канфігурацыю і характар жэста. Колькасць херэм параўнальная з колькасцю фанем гукавой мовы. Ж.м. ўключае таксама позірк, выраз твару, рухі галавы і цела, функцыі якіх больш шырокія, чым у гукавых мовах. Структурна і катэгарыяльна такія Ж.м. не залежаць ад гукавых моў, іх роднасныя сувязі не вызначаюцца адпаведнымі нац. мовамі (напр., амслен, Ж.м. глухіх ЗША і большай часткі Канады, блізкі да мовы глухіх Францыі, аднак не роднасны мове глухіх Англіі).
Ж.м. называюць таксама жэставыя маніфестацыі гукавых моў. У развітых грамадствах большая частка глухіх двухмоўная (валодаюць роднай Ж.м. і нац. мовай). Ў час зносін на агульнанац. мове выкарыстоўваюць яе жэставы варыянт: захоўваецца сінтакс. структура, рэдуцыруецца марфалогія, словы замяняюцца жэстамі; безаналагавыя элементы гукавой мовы дактыліруюцца (палітарна перадаюцца пальцавай азбукай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПА (Tilia),
род кветкавых раслін сям. ліпавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. драбналістая, або сэрцалістая (T. cordata), і каля 30 інтрадукаваных відаў і форм: Л. амерыканская (T. americana), лямцавая, або венгерская, ці серабрыстая (T. tomentosa), еўрапейская (T. europaea), крымская (T. euchlora) і інш. Расце ў шыракалістых, часам хвойна-лісцевых лясах, утварае ліпавыя лясы.
Лістападныя дрэвы з шырокай раскідзістай кронай выш. да 40 м. Жывуць 300—400 гадоў. Кара гладкая, на старых дрэвах патрэсканая. Лісце круглавата-яйцападобнае, чаранковае, зубчастае. Кветкі двухполыя, жаўтаватыя, духмяныя, у шчыткападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак, ядомы. Мяккая драўніна ідзе на выраб муз. інструментаў, фанеры, мэблі, тары. З лубу вырабляюць вяроўкі, рагожы. З насення атрымліваюць харч. алей (нагадвае міндальны або персікавы). Высушаныя кветкі (ліпавы цвет) патагонны і гарачкапаніжальны сродак. Ліпавы мёд (ліпіца) — адзін з лепшых. Лясныя, лесамеліярац., глебаахоўныя, глебапаляпшальныя, дэкар., лубяныя, меданосныя, перганосныя, лек. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЫ́Н (Artemisia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 400 (па інш. звестках 250) відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы, Паўн. Амерыцы. Некат. віды дамінуюць у раслінным покрыве засушлівых, пераважна засоленых абласцей (напр., палынныя пустыні Паўд. Казахстана, Сярэдняй Азіі). На Беларусі 15 відаў. Найб. вядомыя П.: горкі (A. absinthium), звычайны, або чарнобыльнік (A. vulgaris), палявы (A. campestris). Культывуецца П. эстрагонавы, або эстрагон. Трапляюцца на сухіх лугах, пясках, у агародах, садах, каля жылля.
Адна-, двух- і шматгадовыя, пераважна апушаныя травяністыя расліны і паўкусты выш. да 1,5 м. Большасць мае характэрны «палынны» пах. Сцёблы прамастойныя, узыходныя ці ляжачыя. Лісце перыстарассечанае, лопасцевае ці суцэльнае. Жоўтыя ці чырванаватыя кветкі ў дробных шматлікіх кошыках, якія сабраны ў агульныя гронкападобныя або мяцёлчатыя суквецці. Плод — сямянка. Як лек.сродак ужываюць П. цытварны, горкі і інш.Лек., кармавыя, фарбавальныя, эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, інсектыцыдныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ГАЎКІН (Міхаіл Іванавіч) (н. 13.7.1923, в. Рамешкі Яраслаўскай вобл., Расія),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1977). Нар.арт.СССР (1988). Вучыўся ў Школе-студыі Маскоўскага маст.акад.т-ра. З 1948 у т-ры Паўн. флоту, у 1950—58 у Маскоўскім т-ры імя Ленінскага камсамола, у 1962—77 у Т-ры-студыі кінаакцёра. З 1941 у кіно (фільм «Справа Артамонавых»). Майстэрства П. вызначаецца вострай характарнасцю, духоўнасцю аблічча персанажаў, своеасаблівай камедыйнай абаяльнасцю. Зняўся ў фільмах: «Кутузаў» (1944), «Максімка», «Адмірал Ушакоў», «Караблі штурмуюць бастыёны» (усе 1953), «Салдат Іван Броўкін» (1955), «Іван Броўкін на цаліне» (1959), «Дзяўчаты» (1962), «Аперацыя “Ы” і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Вяселле ў Малінаўцы» (1967), «Дванаццаць крэслаў», «Шальменка-дзяншчык» (абодва 1971), «Новыя прыгоды капітана Урунгеля» (1979), «Спортлато» (1982), «Візіт да Мінатаўра» (1987), «Артыстка з Грыбава» (1988), «Балотная street, ці Сродак супраць сексу» (1991), «Стрэл у труне» (1992) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́КАШ (польск. Rokosz літар. бунт, мяцеж),
від узброенай шляхецкай апазіцыі ў Польшчы і Рэчы Паспалітай у 16—17 ст. Першапачаткова азначаў з’езд на сейм усёй шляхты, а не толькі яе выбраных прадстаўнікоў. Назва паходзіць з Венгрыі, дзе ў пач. 16 ст. шляхта з’язджалася на сеймы на полі Рокаш каля г. Пешт. Кароль і магнаты не прызнавалі права ўсёй шляхты на непасрэдны ўдзел у сеймах, адсюль тэрмін «Р.» стаў сінонімам бунту супраць караля. Шляхецкія ідэолагі разглядалі Р. як сродак абароны шляхецкіх вольнасцей і інстанцыю, якая можа судзіць караля, міністраў і сенатараў; юрыд. асновай Р. лічылі права на адмову ў паслушэнстве каралю, зафіксаванае ў Генрыкавых артыкулах і Пакта канвента. Характар мяцяжу мелі Р. Мікалая Зебжыдоўскага 1606—09 і Ежы Любамірскага 1665—66. Шляхта, якая збіралася на Р., утварала канфедэрацыю. Пазней ідэя рокашавых сеймаў была заменена шляхтай на лозунг збірання т.зв. конных сеймаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЮЧЫЯ ВО́СЫ (Sphecoidea),
надсямейства насякомых атр. перапончатакрылых. 12 тыс. відаў. Жывуць у розных ландшафтах, паасобна. Гнёзды ў глебе на пясчаных месцах (адсюль назва), пустых сцёблах травяністых раслін, у гнёздах насякомых і інш. Ёсць гнездавыя паразіты. На Беларусі найб. трапляюцца пчаліны воўк, амафіла пясчаная (Ammophila sabulosa), бембекс насаты (Bembex rostrata), сфекс зубасты (Sphex maxillosus), цэрцэрыс пясчаны (Cerceris arenaria), аса тоўстагаловая вялікая (Crabro cribrarius).
Даўж. да 6 см. Цела голае або пакрыта валаскамі, чорнае, часта з жоўтым або чырв. малюнкам. Брушка з тонкай сцяблінкай. Яйцаклад зменены ў тонкае джала — сродак нападу на здабычу і абароны ад ворагаў, праз якое ў момант уколу выводзіцца сакрэт ядавітых залоз. Лічынкі — драпежнікі, дарослыя кормяцца нектарам і пылком кветак, асобныя віды Р.в. палююць на пэўных насякомых і іх лічынак. Ператварэнне поўнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМБУ́К (Bambusa),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Азіі, Афрыкі, Аўстраліі і Амерыкі. На Беларусі вырошчваецца ў аранжарэі Цэнтр.бат. саду АН. Часам бамбукам называюць віды інш. родаў (напр., лістакалоснік, саза) падсям. бамбукавых (Bambusoidea), якое ўключае больш за 1000 відаў.
Шматгадовыя дрэвападобныя злакі з паўзучым карэнішчам і моцна развітым адраўнелым сцяблом (саломінай) выш да 35 м, дыям. да 30 см. Лісце пераважна ланцэтнае, цвёрдае, з похвамі і кароткім чаранком. Кветкі дробныя, сабраныя ў каласкі. Плод — зярняўка. Вызначаюцца хуткім ростам — да 75 см за суткі. Тэхн. (з бамбуку будуюць дамы, масты, водаправоды, вырабляюць мэблю, кашолкі, цыноўкі, вуды і інш., заменнік драўніны ў цэлюлозна-папяровай прам-сці), кармавыя, лек. (сродак ад жаўтухі, дызентэрыі, ліхаманкі, туберкулёзу і інш.), дэкар. і харч. (маладыя парасткі і насенне ідуць у ежу; у стрыжні сцябла некаторых відаў ёсць салодкі сок, з якога вырабляюць т.зв. бамбукавы цукар) расліны.