тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЮ́ШКА ((Moniuszko) Станіслаў) (5.5.1819, б. фальварак Убель Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. — 4.6.1872),
польскі і бел. кампазітар, дырыжор, педагог. Стваральнік польскай нац. класічнай оперы, першых нац.сімф. твораў, класік польск. вак. лірыкі. Пачатковую муз. адукацыю атрымаў у Д.Стафановіча ў Мінску. З 1840 арганіст, дырыжор, выкладчык музыкі ў Вільні, у 1858—72 дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі», з 1864 адначасова праф.Муз. ін-та ў Варшаве. Стварэнне першых вадэвіляў, муз. камедый і камічных опер звязана з Беларуссю. У 1834 мінскімі аматарамі пастаўлены «Канторскія служачыя», у 1841 у Гродне і ў 1843 у Мінску — «Латарэя». На лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча напісаны «Рэкруцкі набор» (з К.Кжыжаноўскім; паст. 1841, Мінск), «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Ідылія» («Сялянка», з Кжыжаноўскім; паст. 1852, Мінск; асобныя нумары — 1994, Нац.акад.т-р імя Я.Купалы). «Сялянка», дзякуючы выкарыстанню ў лібрэта бел. мовы (разам з польскай) і апоры на бел. муз.фальклор, мела вял. значэнне для бел.муз. культуры. М. пастаянна падтрымліваў сувязі з бел. музыкантамі, пісаў пра іх, садзейнічаў выданню іх твораў (даслаў творы Ф.Міладоўскага Ф.Лісту), памагаў атрымаць муз. адукацыю, наладжваў канцэрты, дасылаў у Мінск Стафановічу і Міладоўскаму свае творы. Са сталых опер найб. папулярная «Галька» (1847, паст. 1854, 2-я рэд. 1859; 1856, Мінск; 1975, Дзярж.т-р оперы і балета Беларусі), якая адлюстроўвае сац. канфлікты і мае дэмакр. накіраванасць. Сярод інш. твораў: оперы «Графіня» (1860), «Вербум нобіле» («Слова гонару», 1861), «Страшны двор» (1865; у 1952 упершыню ў СССРпаст.Дзярж. т-рам оперы і балета Беларусі, пераклад на бел. мову М.Танка), «Парыя» (1869); балеты «Монтэ-Крыста» (1866), «На пастоі» (1868), «Хітрыкі сатаны» (1870); кантаты. «Мільда» (1848), «Ніёла» (1865), «Крымскія санеты» на словы А.Міцкевіча (1868); месы, 4 «Вострабрамскія літаніі», рэквіем; арк. уверцюры і танцы; 2 стр. квартэты; творы для фп., у т. л. цыкл «Забаўкі» (1843), транскрыпцыі паланэзаў М.К.Агінскага; больш за 400 сольных песень (увайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў», 12 песень на вершы Я.Чачота), музыка да драм. спектакляў і інш. Творам М. ўласцівы яскравая меладычнасць, лірызм, даступнасць муз. мовы, операм і аперэтам — майстэрства стварэння індывід. характарыстык і будовы масавых, ансамблевых і сольных сцэн. Вытокі яго муз. мовы ў польск. і бел. фальклоры (многія з яго арыгінальных мелодый лічацца народнымі). У Мінску выдадзены зб. рамансаў і песень М. на словы У.Сыракомлі «Ліра мая для спеваў» (1998).
Літ. тв.: Listy zebrane. Kraków, 1969.
Літ.:
Станислав Монюшко. М.; Л., 1952;
Рудзинский В. Монюшко: Пер. с под. М., 1960;
Яго ж. Монюшко и его связи с русской культурой // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963;
Мальдзіс А. Станіслаў Манюшка // Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст.Мн., 1969;
Смольский Б.С. Белорусский музыкальный театр. Мн., 1963. С. 52—63;
Бравер Л. Продкі і сваякі Манюшкі // Маладосць. 1967. № 9;
Фукс М. Манюшка на Беларусі: Пер. с пол. // Полымя. 1967. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́ТАРСКАЯ ПРО́ЗА,
помнікі красамоўства, а таксама літаратурныя творы, напісаныя ў прамоўніцкім стылі. Найб. росквіту дасягнула ў Грэцыі (5—4 ст. да н. э.) і Рыме (1 ст. да н. э.), дзе выпрацавана тэорыя аратарскага мастацтва — рыторыка. Узоры класічнага красамоўства — прамовы Цыцэрона, буйнейшага тэарэтыка і практыка аратарскай прозы. У перыяд сярэднявечча мела пераважна царкоўна-рэліг. характар. Эпоха Адраджэння садзейнічала развіццю свецкай аратарскай прозы. На Беларусі першыя выдатныя прадстаўнікі царк. красамоўства Іларыён і Кірыла Тураўскі. Жанравую сувязь з аратарскай прозай мае «Слова пра паход Ігараў». У 16—17 ст. у перыяд рэліг. палемікі бытавалі «слова», прамова, казанне, пропаведзь. Развіццю аратарскай прозы садзейнічалі і арацыі. Выдатным прамоўцам быў грамадска-паліт. дзеяч і дыпламат Л.Сапега (прамова на Варшаўскім сейме 1588). Сярод прадстаўнікоў бел.царк. красамоўства вылучаліся Л.Карповіч, М.Сматрыцкі і Сімяон Полацкі. У 17—18 ст. на Беларусі з’явіліся гумарыстычна-парадыйныя і сатыр. творы, складзеныя ў прамоўніцкім стылі («Прамова Мялешкі», «Прамова русіна», Жыровіцкія арацыі і інш.). У стылі прамоў напісаны публіцыст. маналогі, «словы» да чытачоў К.Каліноўскага ў газ. «Мужыцкая праўда». У аратарскай прозе 20 ст. пакінуў след сваімі палкімі прамовамі ў польскім сейме Б.Тарашкевіч, які выступаў у абарону нац. і сац. правоў працоўных Зах. Беларусі. Цесна звязаныя з надзённымі праблемамі грамадскага жыцця творы аратарскай прозы — каштоўная крыніца ведаў пра культ. і гіст. мінулае краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ГНЕР (Генрых Матусавіч) (н. 2.7.1922, г. Жырардаў, Польшча),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1963). Нар.арт. Беларусі (1988). Вучыўся ў Варшаўскай кансерваторыі (1936—39). З 1939 на Беларусі. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1948) і кампазіцыі (1954). У 1962—95 выкладаў у Бел.пед. ун-це (з 1988 праф.). Муз. стылю Вагнера ўласцівыя тэатральнасць, якая выяўляецца ў вобразнай канкрэтнасці, апоры на бытавыя жанры, кантрастным супастаўленні муз. карцін, сцэн і партрэтаў, дынамічнасць развіцця, яркі каларыт і нац. акрэсленасць муз. мовы, спалучэнне класічных і сучасных сродкаў выразнасці. Сярод твораў: опера «Сцежкаю жыцця» (паст. 1980), тэлеопера «Ранак» (паст. 1967); балеты «Падстаўная нявеста» (паст. 1958), «Святло і цені» (паст. 1963), «Пасля балю» (паст. 1971); вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» (1959), «Героям Брэста» (1975, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); 4 сімфоніі, у т. л. 3-я «Памяці матуль» на словы Н.Гілевіча для дзіцячага хору, барытона і сімф.арк. (1992) і 4-я для сімф.арк. і нар. хору (1996); канцэрты: для сімф.арк. (1991), для фп. (1964, 1977, 1981), кларнета (1982), скрыпкі (1985) з арк., для цымбалаў з арк.нар. інструментаў (1985); Канцэрт-паэма для хору а капэла (1995); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
Літ.:
Нісневіч С.Г. Генрых Вагнер. Мн., 1969;
Щербакова Т.А. Штрихи к портрету симфониста // Сов. музыка. 1976. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ВЫ,
устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб.стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТАРЫ́ЧНЫЯ ФІГУ́РЫ,
стылістычныя прыёмы ў празаічнай і вершаванай мове, якія павышаюць эмацыянальнасць выказвання. Сустракаюцца ў творах стараж.бел. л-ры («словы» Кірылы Тураўскага, «Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» Афанасія Філіповіча), фальклоры. Шырока ўжываюцца ў публіцыстыцы, грамадз. і медытатыўнай лірыцы, эпісталярных творах; адсутнічаюць у дзелавой і навук. мове. У сучасным літ.-знаўстве паняццем Р.ф. карыстаюцца ў дачыненні да 3 стылістычна-інтанацыйных прыёмаў: рытарычнага воклічу, рытарычнага звароту, рытарычнага пытання. Праз рытарычны вокліч пэўнае паняцце сцвярджаецца эмацыянальнай, паэтычна-ўзнёслай інтанацыяй.
О вясна! Таполі! Свеце мілы! Сонца німб! Аблокі! Сад! Рака!
Залатая падаплёка крылаў
Маладога звонкага шпака.
(У.Караткевіч. «О вясна! Таполі! Свеце мілы!»)
Рытарычны зварот не патрабуе непасрэднага водгуку названых асоб ці прадметаў на заклік або дзеянне. Пашыраны ў фальклоры, дзе часта выконвае ролю запеву, стварае адпаведны эмацыянальны настрой:
Зелле маё ды зялёнае. Старана мая ды вясёлая.
Не магу цябе пазабыціся.
Уначы сплючы, а ўдзень робячы...
(Бел. народная песня)
У пісьмовай л-ры рытарычны зварот вядомы з часоў «Слова пра паход Ігаравы»: «О светлае сонца, прасветлае! Усім ты нясеш і цяпло і красу!» (пераклад Я.Купалы). Пры рытарычным пытанні пэўная думка сцвярджаецца ў пытальнай форме, перадае аўтарскую ўзрушанасць, захапленне або павышаную цікавасць да з’явы, падзеі, прадмета. Нярэдка сустракаецца ў нар. паэзіі.
Пярсцёначкі залатыя. Ці бочкі вамі набіваці?
Да сукенкі мае дарагія. Ці пнёўя вамі ўбіраці?
Палаценцы мае белыя. Ці горы вамі ўсцілаці?
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЙЯ ПІСЬМО́,
арыгінальнае пісьменства народа майя. Існавала з першых ст. н.э. да забароны ў 16 ст. ісп. царквой (кнігі майя былі знішчаны). Захаваліся 4 рукапісы: дрэздэнскі («Дрэздэнскі кодэкс», знойдзены ў Вене ў 1739), мадрыдскі («Кодэкс Тро-Картэзіянус», урыўкі з 2 манускрыптаў, знойдзеных у 2-й пал. 19 ст. ў Мадрыдзе), парыжскі («Кодэкс Перэсіянус», 2 урыўкі, знойдзеныя ў Парыжы ў 1859), рукапіс Гралье (апубл. 1973) і значная колькасць надпісаў на камянях руін гарадоў майя (на многіх сляды наўмысных пашкоджанняў). Кнігі майя ўяўляюць сабой паласу паперы, вырабленую з расл. валакна і натуральнага клейкага рэчыва і пакрытую з абодвух бакоў белай вапнай. Іерагліфічныя знакі выводзілі пэндзлікамі. Побач з пісьмёнамі размяшчаліся рознакаляровыя малюнкі. Да манускрыпта дадавалася драўляная ці скураная вокладка. Надпісы на камянях і ў рукапісах значна адрозніваліся. У М.п. ўжываліся фанет. знакі (алфавітныя і складовыя), ідэяграфічныя (абазначаюць цэлыя словы) і ключавыя (тлумачаць значэнні слоў, але не чытаюцца). Майя ведалі каля 800 знакаў. Мова іерагліфічных тэкстаў значна адрозніваецца (вымаўленне, слоўнік, граматыка) ад жывой мовы майя 16—17 ст. Іерагліфічныя тэксты і надпісы майя перакладзены не цалкам (каля 85%). Першыя спробы расшыфроўкі — сярэдзіна 19 ст. У сярэдзіне 1950—60-х г.вял. ўклад у дэшыфроўку М.п. зрабіў рас. вучоны Ю.Кнарозаў.
Літ.:
Кнорозов Ю.В. Система письма древних майя. М.; Л., 1955;
Яго ж. Иероглифические рукописи майя. Л., 1975;
Александровский Г. Майя. Иероглифы и пирамиды // Наука и жизнь. 1997. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІ́М ГРЭК (сапр.Трыволіс Міхаіл; каля 1470, г. Арта, Грэцыя — 12.12.1555),
пісьменнік-публіцыст, перакладчык, багаслоў. Адукацыю атрымаў у Фларэнцыі. Пастрыгся ў манахі і жыў на Афоне, адкуль у 1516 па запрашэнні вял.кн. Васіля III прыбыў у Маскву для выпраўлення і перакладу грэч. кніг. За збліжэнне з царк. апазіцыяй асуджаны на саборах 1525 і 1531, у 1525—51 вязень манастырскіх турмаў. Яго літ. спадчына — «словы», публіцыстычныя артыкулы, пропаведзі, філас. і багаслоўскія разважанні, пераклады. Яны вызначаюцца вобразным выкладаннем і эмацыянальнасцю стылю, іх мова кніжная, са складанымі сінтакс. зваротамі. Выступаў супраць хцівасці, бязлітаснасці і багацця царк. феадалаў («Аповесць страшная і варта памяці і пра дасканалае манаскае пражыванне», «Слова, якое падрабязней выкладае, з жалем, беспарадкі і бясчынствы цароў і ўлад апошняга жыція», «Размова розуму з душою», «Слова пра пакаянне» і інш.). Аўтар прац па фанетыцы («Пра грэчаскія галосныя і зычныя, пра склады, пра надрадковыя знакі грэчаскія і славянскія»), прасодыі («Аб прасодыі»), граматыцы. Яго праца «Тлумачэнні імёнам па алфавіце» — гал. крыніца для больш позніх рус.азбукоўнікаў. Творы М.Г. былі шырока вядомы на Беларусі. «Канон малебен...» уваходзіў у кнігу Фікарыя «Вертаград душэўны» (Вільня, 1620). «Слова на лацінаў» і «Пахвальнае слова да святых апосталаў Пятра і Паўла» выдадзены ў Магілёве (1625). Кананізаваны Рус. праваслаўнай царквою (1988).
Літ.:
Иванов А.И. Литературное наследие Максима Грека. Л., 1969;
Громов М.Н. Максим Грек. М., 1983;
Александропулос М. Сцены из жизни Максима Грека: Пер. с греч. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ВЕЦ Пётр Цімафеевіч, адзін з першых бел. і рас. друкароў, гравёр 16 ст. Нарадзіўся ў г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Удзельнічаў у заснаванні (з І.Фёдаравым) друкарні ў Маскве, дзе яны выдалі «Апостал» (1564), 2 выданні «Часоўніка» (1565). Пад націскам рэакц. колаў і кансерватыўнага духавенства з Фёдаравым пакінуў Маскву і пераехаў у мяст. Заблудава Гродзенскага пав. да гетмана ВКЛ Р.Хадкевіча, які дапамог заснаваць Заблудаўскую друкарню і выдаць «Евангелле вучыцельнае» (1569), куды ўвайшлі перакладныя «Словы» і творы айч. аўтараў, у т. л. «Слова на ўшэсце» Кірылы Тураўскага, а таксама «Псалтыр з Часаслоўцам» (1570). У сярэдзіне 1570-х г. з дапамогаю Мамонічаў заснаваў друкарню ў Вільні, у якой адрадзіў кірыліцкае кнігадрукаванне пасля спынення выдавецкай дзейнасці Ф.Скарыны. У друкарні выдаў «Часоўнік» [1574—76 (?)], «Евангелле напрастольнае» (1575), «Псалтыр» (1576). Выданні М. адметныя высокім паліграф. узроўнем, мелі маляўнічы арнамент, гравюры. У 1576 пачаўся судовы працэс М. з К.Мамонічам за друкарню, пасля чаго частка матэрыялу з друкарні Мамонічаў апынулася ў Астрожскай друкарні. Друкарскія матэрыялы М. (шрыфты, арнамент, ламбарды) пазней трапляюцца ў выданнях Астрожскай, Дзерманскай і інш.укр. друкарняў 16 — пач. 17 ст. Пасля 1576 звесткі пра М. не выяўлены.
Літ.:
Зернова А.С. Первопечатник Петр Тимофеев Мстиславец // Книга: Исслед. и материалы. М., 1964. Сб. 9;
Неміроўскі Я.Л. Іван Фёдараў і Пётр Цімафееў Мсціславец у Беларусі // 450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Иван Федоров и восточнославянское книгопечатание. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІ (Мікалай Якаўлевіч) (17.12.1886, в. Капланцы Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 3.3.1953),
бел. кампазітар. Вучыўся на рэгенцкіх курсах у Маскве і Пецярбургу (1913—15), скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1930). Працаваў рэгентам і настаўнікам спеваў у г. Навагрудак (Гродзенская вобл.). З 1919 у Мінску, кіраўнік хору пры Бел. рабочым клубе, хормайстар гар.т-ра. З 1930 выкладаў у муз. тэхнікуме, Бел. кансерваторыі. У Вял.Айч. вайну рэгент царк. хору ў г. Чэрвень Мінскай вобл. З 1944 у Германіі, з 1950 у Бельгіі, у Лювенскім ун-це стварыў студэнцкі ансамбль бел. музыкі. Аўтар апрацовак бел.нар. песень і песень на вершы М.Багдановіча («Слуцкія ткачыхі» і інш.), Я.Купалы, Я.Коласа («Мой родны кут», «Край наш бедны» і інш.), К.Буйло (гіст. сюіта «Курган» паводле аднайм. верша), Ц.Гартнага, З.Бядулі, якія часткова ўвайшлі ў яго «Зборнік песень з нотамі» (1922), бел. оперы «Браніслава» (лібрэта У.Дубоўкі; не завершана), бел. аперэты «Залёты» (паводле В.Дуніна-Марцінкевіча), музыкі на тэксты царкоўных малітваў, у т. л. «Магутны Божа» (на словы Н.Арсенневай). Падрыхтаваў працу «Характэрныя рысы беларускай народнай песні» (засталася ў рукапісе).
Тв.:
Жыцьцяпіс // Спадчына. 2000. №4.
Літ.:
Дубоўка У. Беларускі кампазітар Мікола Равенскі // Узвышша. 1928. №3;
Адамовіч А. Лірнік краіны ветлай: (З успамінаў пра Міколу Равенскага) // Бел. моладзь. 1961. №12;
1962. №13,16;
1963. №17;
Мдзівані Т.Г., Сергіенка Р.І. Кампазітары Беларусі. Мн., 1997;