другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскае узв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскае узв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19°паўн. і 16°паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30°паўн. і 30°паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19°паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскае узв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт.Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт.Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт.Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт.Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСО́ЎСКІ (Мікола) (1470-я г. — пасля 1533),
паэт-гуманіст, прадстаўнік новалацінскай паэзіі эпохі Адраджэння ў ВКЛ. Нарадзіўся, найб. верагодна, у в. Уса (Усава) цэнтр. Беларусі, у сям’і лоўчага (паляўнічага). Добра ведаў прыроду, жыццё простага чалавека, звычкі жыхароў бел. пушчаў. У сталыя гады жыў пераважна ў Польшчы, служыў пры двары свайго мецэната, плоцкага біскупа Эразма Вітэлія (Цёлка), які ў 1492—99 працаваў сакратаром велікакняжацкай канцылярыі ў Вільні. Як сведчыць нядаўна выяўлены ў Варшаве тастамент С.Гальшанскай, складзены ў 1518 у Воўпе пад Ваўкавыскам і засведчаны Гусоўскім, ён у той час меў духоўны сан (называў сябе клерыкам Перамышленскай епархіі) і часам выконваў абавязкі публічнага натарыуса. У 1520—22 у складзе пасольства ВКЛ і Каралеўства Польскага да папы Льва Х пабываў у Рыме. Там напісаў на лац. мове паэму «Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis» («Песня пра выгляд, лютасць зубра і паляванне на яго») і шэраг вершаў (выд. ў зб. «Песня пра зубра», Кракаў, 1523). Вярнуўшыся ў Польшчу, напісаў і апублікаваў у Кракаве паэмы «Новая і слаўная перамога над туркамі» (1524) і «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта» (1525). Апошнія гады жыцця паэта прайшлі ў нястачы, хваробах, пошуках мецэнатаў і сталага заробку. Неапубл. творы не захаваліся.
Гусоўскі — заснавальнік лацінамоўнай рэнесансавай паэзіі Беларусі і Літвы. Быў таленавітай высокаадукаванай асобаю, выхаванай на лепшых нац. і агульнахрысц. культ. традыцыях, шчырым патрыётам сваёй Радзімы. Дасведчанасць у ант. і еўрап. сярэдневяковай л-ры, выдатнае валоданне латынню сведчаць, што паэт набыў веды ў адным з тагачасных ун-таў. Пад уплывам Эразма Вітэлія, які вылучаўся шырокімі культ. інтарэсамі і гуманіст. поглядамі, агульнай атмасферай рэнесансавай Еўропы паэт канчаткова сфарміраваўся як творчая асоба. Першыя яго літ. спробы з’явіліся, напэўна, яшчэ ў дарымскі перыяд творчасці.
У літ. спадчыне Гусоўскага самы значны і яркі твор — «Песня пра зубра», першая рэаліст. ліра-эпічная паэма пра нашу краіну. Адрасаваная найперш еўрап. лацінамоўнаму чытачу, яна стала ўзнёслай патрыят. песняй паэта пра сваю Бацькаўшчыну і свой народ. Гэты адносна невял. твор (1074 радкі гекзаметра), заснаваны на асабістых назіраннях, уражаннях і перажываннях аўтара, вылучаецца арыгінальнасцю і самабытнасцю, першароднай свежасцю вобразаў і малюнкаў, цеснай сувяззю з тагачаснай бел. рэчаіснасцю. З вял.маст. сілаю, пачуццём гонару і шчымлівай любоўю апісаў паэт спрадвечнае хараство і багацце прыроды роднага краю (называе яго Літвою), праўдзіва падаў ратныя і працоўныя справы свайго народа, яго заняткі, норавы і звычаі, уславіў яго гераічную мінуўшчыну. Амаль палавіну твора займаюць апісанні вонкавага выгляду, звычак, жыцця зубра. Сцэны палявання поўныя напружанасці і драматызму, выпісаны з вял. майстэрствам, эмацыянальна і маляўніча, так рэалістычна і дакладна, што могуць служыць своеасаблівым вершаваным падручнікам для паляўнічых. Паэт захапляецца сілай і высакародствам зубра, з асаблівай цеплынёю і спачуваннем расказвае пра паводзіны цяжка параненага звера. Вобраз зубра для Гусоўскага — сімвал Бацькаўшчыны. Настальгічныя ўспаміны аб роднай зямлі, якую ён хацеў бачыць шчаслівай, свабоднай і незалежнай, глыбокія перажыванні за яе будучыню, гераічны дух продкаў былі жыватворнай крыніцай яго паэт. натхнення. З горыччу піша ён пра цяжкае становішча свайго народа з прычыны бесперапынных войнаў і сац. прыгнёту, асуджае эгаістычную, антынар. палітыку ўладароў, няздольных арганізаваць абарону краіны ад знешніх ворагаў, заклікае хрысціянскія народы Еўропы да яднання перад турэцкай пагрозаю. У эпічных традыцыях Гусоўскі стварыў велічны вобраз вял.кн. Вітаўта як магутнага і справядлівага валадара, таленавітага палкаводца і мужнага воіна, сапраўднага патрыёта сваёй дзяржавы, які клапаціўся пра чысціню нораваў людзей, высокі маральны дух і баяздольнасць воінаў, які ўсе сілы аддаваў умацаванню магутнасці, незалежнасці і высокага міжнар. аўтарытэту сваёй краіны. У паэме выявіўся рэнесансавы эстэт. ідэал паэта з яго верай у дзейнага, гарманічна развітога, духоўна і фізічна дасканалага, гістарычна і нацыянальна свядомага чалавека. Гэтыя ідэі Гусоўскага аб патрыят. служэнні свайму народу і Бацькаўшчыне, аб дасканалым чалавеку і грамадстве, яго клопат аб развіцці культуры ў краіне пераклікаюцца з ідэямі Ф.Скарыны і паслужылі ідэалагічнай асновай першага бел. Адраджэння. У празаічнай прадмове, звернутай да каралевы Боны, паэт асабліва падкрэслівае непасрэдную сувязь магутнасці дзяржавы са станам навукі, л-ры і мастацтваў, з духоўным абліччам яе грамадзян. «Песня пра зубра» — каштоўная крыніца для вывучэння біяграфіі аўтара, яго поглядаў і творчых прынцыпаў, для пазнання эпохі, у якую ён жыў, этнаграфіі, асаблівасцей духоўнага жыцця і побыту нашых продкаў, прыроды і гісторыі Беларусі позняга сярэдневякоўя і ранняга Адраджэння. Ідэі хрысц. гуманізму гучаць у інш. вершаваных творах Гусоўскага, прысвечаных розным актуальным тэмам, праблемам і падзеям свайго часу. Паэта глыбока хвалявалі сац. няроўнасць і неспакой у грамадстве, падзенне нораваў і аслабленне веры ў Бога, а таксама небяспека хрысц. царкве, што зыходзіла ад рэфармацыі, якая пачалася ў Еўропе. У гэтым ключы напісана паэма «Жыццё і подзвігі св. Гіяцынта». У творы ў сярэдневяковых агіяграфічных традыцыях выведзены вобраз польск. місіянера 13 ст., які вандраваў па землях Польшчы, Літвы і Русі, паказваючы ўласным прыкладам жыцця, паводзін і ўчынкаў узор самаахвярнага служэння царкве і людзям у духу хрысціянскіх ідэалаў. Асобныя творы Гусоўскага перакладзены на польскую (Я.Каспровіч), літ. (Б.Казлаўскас), рус. (Я.Парэцкі) і інш. мовы. На бел. мову іх перакладалі Я.Семяжон, У.Шатон, Н.Арсеннева. Да творчасці Гусоўскага звярталіся бел. мастакі Э.Агуновіч, У.Басалыга, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, А.Марачкін, М.Селяшчук і інш., драматургі (А.Петрашкевіч), кінематаграфісты. Імем Гусоўскага названа вуліца ў Мінску.
Тв.:
Песня пра зубра. Мн., 1973;
Песня пра зубра. Мн., 1980;
Песьня пра зубра. Мн., 1994.
Літ.:
Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы. Первая половина XVI в. Мн., 1979;
Порецкий Я.И. Николай Гусовский. Мн., 1984;
Калеснік У.А. Мікола Гусоўскі // Гісторыя беларускай літаратуры: Старажыт. перыяд. 2 выд.Мн., 1996.
В.А.Чамярыцкі.
Да арт. М.Гусоўскі. Вокладка кнігі «Песня пра зубра». Кракаў. 1523.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎКА́З (паходжанне слова, магчыма, звязана з хецкім «каз-каз» — назва народа, які жыў на паўд. беразе Чорнага м),
тэрыторыя паміж Чорным, Азоўскім і Каспійскім морамі ад Кума-Маныцкай упадзіны да паўд. часткі Армянскага нагор’я. У межах К. частка Расіі, Азербайджан, Арменія, Грузія, частка Турцыі і Ірана. Пл. больш за 500 тыс.км². Вылучаюць Паўн. К., Перадкаўказзе і Закаўказзе. У цэнтры — горная сістэма Вял. К., якая падзяляецца на Зах. К. (да Эльбруса), Цэнтр. К. (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. К. (на У ад Казбека). Вял. К. цягнецца ад Таманскага п-ва да Апшэронскага на 1500 км, шыр. 160—180 км. Восевую частку К. складаюць Галоўны, або Водападзельны, і Бакавы хрыбты, з вяршынямі больш за 5000 м (г. Эльбрус — 5642 м, Дыхтау — 5203 м, Шхара — 5068 м, Казбек — 5033 м). На Пн ад восевай зоны перадавыя хрыбты — Скалісты, Пашавы, Церскі, на Пд — Бзыбскі, Кадорскі, Рачынскі. Хрыбты Вял. К. вызначаюцца альпійскімі формамі рэльефу або маюць характар куэстаў. Рэльеф Перадкаўказзя раўнінны; у яго зах.ч. Кубана-Прыазоўская нізіна, ва ўсходняй — Прыкаспійская нізіна, паміж імі Стаўрапольскае ўзв. з выш. да 831 м. У цэнтры і на З Закаўказзя — сярэднягорны рэльеф; горныя хрыбты Малога К. (выш. да 3724 м, г. Гямыш) і Армянскае нагор’е (выш. да 5165 м, г.Вял. Арарат). На ПнЗ размешчана Калхідская, на У — Кура-Араксінская нізіны, на ПдУ — Ленкаранская нізіна і складкавыя Талышскія горы (выш. да 2492 м). Тэр. К. знаходзіцца ў межах Альпійскай складкавай вобласці. Утварэнне горнай сістэмы пачалося ў мезазоі, у кайназоі адбылося падняцце і фарміраванне горнага рэльефу, у антрапагене ў выніку амаладжэння гор склалася сучасная араграфічная структура К. Горныя хрыбты Вял. К. і масівы Малога К. складзены пераважна з палеазойскіх гранітоідаў. Пашыраны таксама юрскія, мелавыя, палеагенавыя адклады. Армянскае нагор’е ўкрыта вулканічнымі пародамі неагенавага і чацвярцічнага часу. Нізіны Перадкаўказзя і Калхідская нізіна характарызуюцца шырокім развіццём неагенавых і палеагенавых кантынентальных і марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта (Баку, Грозны, Майкоп), газ (Краснадарскі і Стаўрапольскі краі), жалеза (Дашкесан), вальфрам і малібдэн (Тырныауз), цынк, свінцовыя руды (Садон), буд. матэрыялы (граніт, габра, мармур, туф, базальт, андэзіт, вапняк). Шмат мінер. крыніц. К. размешчаны на мяжы ўмеранага і субтрапічнага кліматычных паясоў. Хрыбты Вял. К. перашкаджаюць пранікненню халодных паветр. мас у Закаўказзе і цёплых субтрапічных у Перадкаўказзе. Сярэдняя т-растудз. ў Перадкаўказзі ад -2 °C да -5 °C, у Закаўказзі 3—6 °C. Летам на Зах. К. уплываюць вільготныя паветр. масы Атлантыкі і Міжземнамор’я, на Усх. К. — сухія кантынентальныя масы ўнутр. абласцей Еўразіі. Сярэдняя т-раліп. ад 23—24 °C на З да 25—29 °C на У. На схілах Вял. К. вышынная кліматычная пояснасць. Сярэдняя т-растудз. на выш. 2000 м каля -8 °C, жн. (самы цёплы месяц) 13 °C. Вышэй — высакагорны клімат з вял. вільгаццю і нівальны клімат вяршынь. Гадавая колькасць ападкаў у Перадкаўказзі 200—800 мм, на ЗВял. К. і Калхідскай нізіне больш за 1500 мм, у хрыбтах Малога К. і Армянскім нагор’і 400—800 мм, на Кура-Араксінскай нізіне 200—400 мм. У гарах Вял. К. каля 2000 ледавікоў (агульная пл. 1428 км²); буйнейшыя — Дыхсу, Безенгі, Караугом, Цанер. Рэкі належаць да бас. Чорнага (Рыёні, Інгуры), Каспійскага (Церак, Кура, Самур) і Азоўскага (Кубань) мораў. Рэкі парожыстыя, багатыя гідраэнергіяй, выкарыстоўваюцца для арашэння, суднаходныя ў ніжнім цячэнні. Шмат невял. азёр; буйныя — Ван, Севан, Урмія. Глебава-расліннае покрыва і жывёльны свет К. разнастайныя. На З Перадкаўказзя стэпавыя і лесастэпавыя ландшафты, на У — паўпустынныя, кавыльныя і ціпчаковыя стэпы на чарназёмах і палыновыя групоўкі на светла-каштанавых глебах. У межах Вял. К. выразная вышынная занальнасць, дзе вылучаюцца горна-лясная, горна-лугавая і гляцыяльна-нівальная зоны. Унізе схілаў Зах. К. дубовыя лясы на шэрых лясных глебах (на Пн) і рэліктавыя шыракалістыя на дзярнова-карбанатных глебах (на Пд) пераходзяць у грабава-букава-дубовыя лясы на бурых лясных глебах; на выш. 1200—1500 м ялова-піхтавыя лясы на дзярнова-карбанатных глебах. На выш. 2200 м — субальпійскія і альпійскія лугі на горна-лугавых тарфяністых глебах, вышэй 2750—3200 м — ледавікі. Ніжнюю ч. гор Усх. К. займаюць стэпы на горна-лугавых глебах, у лясной зоне арыднае рэдкалессе або хмызняковыя субтрапічныя зараснікі на горных карбанатных глебах, потым грабава-дубовыя лясы, вышэй хваёвыя лясы і горныя стэпы, якія пераходзяць у субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі і снежнікі на выш. 3700—4200 м. У Закаўказзі субтрапічнае глебава-расліннае покрыва. На Калхідскай нізіне пашыраны балоты і альховыя лясы на забалочаных падзолістых і тарфяна-балотных глебах. Каля перадгор’яў іх змяняюць рэліктавыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У цэнтры Кура-Араксінскай нізіны палыновыя і салянкавыя паўпустыні на шэразёмах, у перадгор’ях стэпавыя групоўкі і арыднае рэдкалессе на шэра-карычневых і карычневых глебах. На Армянскім нагор’і расліннасць горна-Стэпавая і горна-лугавая на чарназёмах і каштанавых глебах. Схілы Малога К. і Талышскіх гор маюць вышынную пояснасць, блізкую да паўд. схілаў Вял. К., толькі ў Талышскіх тарах горна-лясны пояс гірканскага (азіяцкага) тыпу. Жывёльны свет Перадкаўказзя прадстаўлены пераважна грызунамі (суслік, палёўка, тушканчык, пясчанка). Вял. К. населены ляснымі і высакагорнымі жывёламі (алень, дзік, зубр, буры мядзведзь, куніца, вавёрка, муфлон); ёсць эндэмічныя віды (тур, каўказскі цецярук, улар). Фауна Кура-Араксінскай нізіны блізкая да сярэднеазіяцкай (джэйран, дзікабраз, тушканчык, пясчанка), на Армянскім нагор’і — заходнеазіяцкага тыпу (малаазіяцкі суслік, хамяк, сляпыш, горная курапатка). На тэр. К. 20 запаведнікаў, у т. л. Каўказскі, Тэбердзінскі, Рыцынскі, Дыліжанскі. К. — адзін з найб. курортных раёнаў (Каўказскія Мінеральныя Воды, група курортаў на Чарнаморскім узбярэжжы ад Анапы да Батумі). Цэнтр турызму і альпінізму, горналыжнага спорту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЫЛЕ́РЫЯ (франц. artillerie),
1) род войскаў, прызначаны для абслугоўвання і баявога выкарыстання артыл.ўзбраення. Ва ўсіх арміях свету выконвае баявыя задачы ў інтарэсах інш. родаў войскаў.
У сучасных сухапутных войсках падзяляецца на артылерыю вайсковую (палявую) — армейскую, карпусную, палкавую і да т.п. і рэзерву Гал. камандавання, на наземную (бывае пушачная, гаўбічная, рэактыўная, процітанкавая, горная і мінамёты) і зенітную. Залежна ад спосабу арганізацыі ўзаемадзеяння з інш. родамі войскаў адрозніваюць артылерыю прыдадзеную (на час выканання баявой задачы перадаецца ў распараджэнне камандзіра злучэння, часці) і артылерыю падтрымкі (застаецца ў падначаленні ст.артыл. камандзіра, але выконвае агнявыя задачы, пастаўленыя агульнавайск. камандзірам). Артылерыя ў ВПС — авіяц. пушкі на самалётах і верталётах. У ВМФ падзяляецца на карабельную (у т. л. зенітную) і берагавую.
Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь артылерыя складаецца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў уласнаствольных артыл. сістэм, процітанкавых кіроўных ракет, а таксама падраздзяленняў артыл. разведкі і спец. падраздзяленняў, што ўваходзяць у склад артыл. злучэнняў і часцей. Артыл. злучэнні і часці, што не належаць да вайсковай артылерыі, з’яўляюцца рэзервам Гал. камандавання і прызначаны для ўзмацнення дзеянняў агульнавайск. падраздзяленняў, а таксама для стварэння артыл. рэзерваў.
2) Від зброі або сукупнасць прадметаў артыл. ўзбраення, уключаючы сродкі наземнай і паветр. разведкі, сувязі, назірання, кіравання агнём, цягі, транспарту і інш. 3) Навука, якая вывучае асновы будовы матэрыяльнай часткі агнястрэльнай зброі, яе ўласцівасці і спосабы выкарыстання ў баі. Асн. раздзелы: унутраная і знешняя балістыка, асновы будовы матэрыяльнай часткі боепрыпасаў, выбуховыя сродкі і порахі, тэхналогія артыл. вытв-сці, тактыка, тэорыя стральбы, гісторыя артылерыі.
Самы ранні этап развіцця артылерыі — сценабітная і кідальная зброя краін Стараж. Усходу (Егіпет, Індыя, Кітай і інш.), Грэцыі і Рыму. З вынаходствам пораху ўзнікла агнястрэльная зброя: у Кітаі ў 11 ст., у Еўропе першыя ўзоры яе з’явіліся ў Італіі, Францыі. Германіі, Англіі, на Беларусі — у 14 ст. Войскі ВКЛ упершыню сутыкнуліся з новай зброяй у 1341, калі ў час аблогі крыжацкага замка Баербург «вогненнай стралой» быў забіты вял. князь Гедзімін. У 1382 войскі ВКЛ ужо мелі ўласныя бамбарды, пры дапамозе якіх штурмавалі ордэнскі замак Георгенбург. Першыя гарматы рабілі з дрэва (Кітай, Галандыя), потым з жалеза ў выглядзе каванай метал. трубы, якая мацавалася да масіўнай драўлянай калодкі. Ядры напачатку былі драўляныя і каменныя, пазней алавяныя і бронзавыя. У 14 ст. з’явіліся гарматы з бронзы (на Беларусі іх выраблялі майстэрні ў Полацку, Віцебску, Навагрудку і інш.). У 1384 кідальныя балісты, зробленыя на Беларусі, выкарыстоўваліся супраць войскаў Лівонскага ордэна. Каля 1540 у Вільні заснаваны гарматны ліцейны двор — людвісарня, у 1597 — майстэрня па вытв-сці куль і ядраў Бараньская кульня. У 16—17 ст. гарматы ставілі на колы, у іх з’явіўся перадок з зараднай скрыняй. Ядры былі жалезныя, чыгунныя і нават шкляныя. Напачатку артылерыю на Беларусі абслугоўвалі наёмныя пушкары з Германіі, Чэхіі, Галандыі (у іх вучыліся бел. майстры), з сярэдзіны 16 ст. абыходзіліся без іх. Вядомы імёны майстроў Сцяпана і Пятра з Нясвіжа (канец 16 — пач. 17 ст.), К.Ганусава з Быхава (2-я пал. 16 ст.) і інш. У 1-й пал. 17 ст. выпушчаны падручнікі па артыл. справе на лац. і польскай мовах: італьянца Андрэя дэль’-Аква, іспанца Дыега Уфана, ураджэнца Беларусі К.Семяновіча. У 18 ст.артыл. гарматы выраблялі ў Слуцку, Быхаве, Нясвіжы, Гродне, Жлобіне, Вішневе. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі выраб гармат спынены, эпізадычна для асобных магнатаў рабіліся невял. гарматы-салютоўкі. З сярэдзіны 19 ст. ў большасці краін пачаўся пераход да наразной артылерыі. У пач. 20 ст. артылерысты ўпершыню вялі стральбу з закрытых агнявых пазіцый, быў створаны і выкарыстаны мінамёт (1904—05). У перыяд 1-й сусв. вайны з’явілася артылерыя суправаджэння, зенітная, процітанкавая, былі ўдасканалены мінамёты. 2-я сусв. вайна выклікала ўсебаковае развіццё зенітнай, процітанкавай, рэактыўнай і самаходнай артылерыі, выкарыстоўвалася артылерыя вялікай і асаблівай магутнасці. Узніклі новыя формы баявых дзеянняў артылерыі, павялічылася яе шчыльнасць на ўчастках прарыву (да 200—300 гармат на 1 км фронту). Вопыт баявога выкарыстання артылерыі даў багаты матэрыял для развіцця артыл. навукі. Удасканаленне артылерыі працягваецца.
Літ.:
Передельский Г.Е., Токмаков А.И., Хорошилов Г.Т. Артиллерия в бою и операции. М., 1980;
Отечественная артиллерия, 600 лет. М., 1986;
Nowak T. Polska technika wojenna XVI — XVIII w. Warszawa, 1970.
М.Р.Плахотны, В.А.Юшкевіч.
Да арт.Артылерыя. Ручная кідальная зброя даагнястрэльнай эпохі: 1, 2 — нервабалістычныя баявыя гарматы; 3, 4 — барабалістычныя гарматы (а — гіганцкіх памераў, б — з процівагай); 5 — акрабаліста (таксабаліста).Да арт.Артылерыя. Гарматы 11 — пач. 20 ст.: 1 — старажытная кітайская драўляная гармата 11 ст.; 2 — марціра 14 ст.; 3 — доўгая французская серпанціна 15 ст.; 4 — гафуніца 1542; 5 — трохфунтовая палявая пушка 1700; 6 — бронзавая марціра Чохава 1606; 7 — «сакрэтная гаўбіца» Шувалава 1754; 8 — руская шасцідзюймовая аблогавая гармата 1877; 9 — 122-мм палявая скарастрэльная гаўбіца ўзору 1910; 10 — 76-мм зенітная пушка ўзору 1915.Да арт.Артылерыя. I. Гарматы 16 — 17 ст. з Нясвіжскага замка: 1, 2, 3 — з фігурнымі аздабленнямі, 4 — з серыі Германа Мольтфельда. II. Гарматы корпуса артылерыі ВКЛ канца 18 ст.: 1 — адна—трохфунтовая палявая гармата, зробленая на аўстрыйскі ўзор, 2 — двух—васьміфунтовая гаўбіца, зробленая на ўзор французскай гаўбіцы сістэмы Грыбаваля (лафет паказаны ў разрэзе). III. Адна з гармат польска-беларуска-літоўскіх паўстанцаў 1863 — 64 (паводле Баляслава Галэцкага).Да арт.Артылерыя. Гарматы перыяду 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — 155-мм палявая пушка (Францыя); 2 — 76-мм палявая скарастрэльная пушка ўзору 1902 (Расія); 3 — 210-мм аблогавая гаўбіца Крупа (Германія); 4 — 305-мм марціра (Аўстрыя); 5 — 105-мм гаўбіца (ЗША); 6 — шасціствольны мінамёт (Германія); 7 — 105-мм лёгкая гаўбіца (Германія); 8 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-13 (СССР); 9 — 76-мм самаходная артылерыйская ўстаноўка СУ-76 (СССР).Да арт.Артылерыя. Сучасная артылерыя: 1 — 139,7-мм пушка МК-3 (Вялікабрытанія); 2 — баявая машына рэактыўнай артылерыі БМ-24 (Расія); 3 — 90-мм самарушная процітанкавая пушка (ФРГ); 4 — устаноўка рэактыўных кіроўных процітанкавых снарадаў 55-II (Францыя); 5 — 122-мм самаходная гаўбіца (Расія); 6 — 203-мм самаходная гаўбіца M 1101 E2 (ЗША); 7 — 105-мм горная гаўбіца ўзору 1956 (Італія); 8 — 122-мм гаўбіца Д-30 (Беларусь).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́РЫЯ, Аджарская Аўтаномная Рэспубліка,
у складзе Грузіі. Пл. 3 тыс.км². Нас. 385 тыс.чал. (1987), гарадскога 16%; грузіны (аджарцы), рускія, армяне і інш. Сталіца — г.Батумі. Найб. гарады: Кабулеты, Хула, Шуахеві, Ачхамуры.
Прырода. Аджарыя размешчана ў паўд.-зах.ч. Закаўказзя, на З абмываецца Чорным м. Большая ч.тэр. занята горнымі хрыбтамі і адгор’ямі М.Каўказа. З ПдЗ на ПнУ Аджарыю перасякае Месхецкі (Аджара-Імерэцінскі) хрыбет, яго адгор’і — Чаквінскі хрыбет і Кабулецкія горы; на У Арсіянскі хрыбет; на Пд па граніцы з Турцыяй Шаўшэцкі хрыбет. Карысныя выкапні: медзь, поліметалічныя руды, вогнетрывалыя гліны. Гідрарэсурсы. Крыніцы лячэбных мінер. водаў. Клімат прыморскай нізіны вільготны субтрапічны, у гарах — ад умерана цёплага да халоднага. Сярэдняя т-растудз. ў прыморскай паласе ад 4 °C да 6 °C, у гарах ад 2 °C да -2 °C; ліп. адпаведна 20—23 °C і 22—16 °C. Гадавая колькасць ападкаў на ўзбярэжжы і схілах 2500—2800 мм, ва ўнутраных раёнах 1000—1400 мм. Сярэдняя працягласць безмарознага перыяду ў прыморскай паласе 300 дзён; самы цёплы раён Закаўказзя. Рака Чарох (ніжняе цячэнне) з прытокам Аджарысцкалі — гал. водныя артэрыі, апошняя са значнымі гідраэнергарэсурсамі. На нізінах пашыраны алювіяльныя, часткова забалочаныя глебы, на перадгор’ях — чырваназёмы, па схілах гор — бурыя лясныя і горна-лугавыя. Больш як палавіна тэр. пад лясамі. Да выш. 600 м пераважаюць шыракалістыя лясы (каштан, дуб, граб, бук) з вечназялёным падлескам з ліян, лаўравішні, пантыйскага рададэндрана (па цяснінах самшыт), да 1500 м — мяшаныя лясы (пераважае бук), якія змяняюцца на хвойныя (хвоя, елка), вышэй за 1800 м — зараснікі хмызняку, яшчэ вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. Прыморскія нізіны і перадгор’і асвоены пад субтрапічныя і тэхн. культуры. У горных лясах разнастайны жывёльны свет: казуля, дзік, шакал, барсук, куніца. Кінтрышскі запаведнік і Батумскі бат. сад.
Гісторыя. Першыя звесткі пра Аджарыю адносяцца да 6—4 ст. да н.э., калі яна ўваходзіла ў Калхідскае царства, потым Іберыю; у 4 ст. ў складзе груз.дзярж. аб’яднання — Лазіка. У 6 ст. Аджарыя — арэна барацьбы паміж Візантыяй і Іранам. З канца 10 ст. — частка груз.феад. дзяржавы, кіравалася эрыставамі (царскімі правіцелямі правінцый). У 11—13 ст. перажыла нашэсці сельджукаў і манголаў. У 2-й пал. 16 ст. захоплена Турцыяй, супраць прыгнёту якой насельніцтва паўставала ў 1680, 1685, 1697, 1744, 1819, 1856. У выніку рус.-тур. вайны 1877—78 Аджарыя далучана да Рас. імперыі, увайшла ў склад Кутаіскай губ. З канца 1880-х г. тут развіваецца прам-сць, праз тэр. Аджарыі ў 1897—1907 пракладзены нафтаправод Баку—Батум. У 1-ю сусв. вайну на тэр. Аджарыі ішлі ваен. дзеянні. Пасля Лют. рэв. 1917 знаходзілася пад уладай Асобага закаўказскага камітэта, з ліст. 1917 — Закаўказскага камісарыята. У крас. 1918 Батум, частку Гурыі і інш. раёны Аджарыі захапілі туркі, у снеж. 1918 — ліп. 1920 акупіравана англ. войскамі. У ліп. 1920 да ўлады ў Аджарыі прыйшлі меншавікі. 11.3.1921 Батум зноў акупіравалі тур. войскі. 18 сак. з дапамогай Чырв. Арміі ўстаноўлена сав. ўлада. 16 ліп. створана Адж. АССР у складзе Груз. ССР. 12.3.1922 Аджарыя як састаўная ч. Грузіі ўвайшла ў Закаўказскую федэрацыю. 25.10.1937 на 12-м Усеаджарскім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя Адж. АССР. Пасля абвяшчэння Грузіяй у 1991 дзярж. незалежнасці Аджарыя захавала статус аўт. рэспублікі ў яе складзе.
Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. (Батумі), машынабуд. (эл.-тэхн. вырабы, абсталяванне для харч. прам-сці, суднабудаванне), харчасмакавая (чайная, вінаробная, кансервавая і інш.). Ёсць хім.-фармацэўтычная, лёгкая, дрэваапр.прам-сць, працуе Аджарысцкальская ГЭС. Аджарыя — самая развітая ч. Грузіі ў галіне субтрапічнай гаспадаркі. Асноўныя с.-г. культуры — чай і цытрусавыя, культывуюцца тунг, хурма, мушмула, лаўр, эўкаліпт, бамбук. Пасевы збожжавых (кукуруза, ячмень, авёс, рыс), бульбы, тытуню, агародніны. Па схілах гор — вінаграднікі. Гадуюць буйн. раг. жывёлу. У гарах — авечка- і козагадоўля. Шаўкаводства, пчалярства. Вял. роля належыць марскому транспарту. Гал. порт — Батумі. Чыг. Баку—Батумі, шаша Батумі—Новарасійск, нафтаправод Баку—Батумі. Прыморскія курорты: Батумі, Кабулеты, Цыхісдзіры, Зялёны Мыс, Махінджауры.
Культура. У 1990 у Аджарыі 154 дашкольныя дзіцячыя ўстановы (12,2 тыс. дзяцей), 408 агульнаадук. школ (67 тыс. вучняў), 5 ПТВ (2,7 тыс. навучэнцаў), 9 сярэдніх спец.навуч. устаноў (больш за 3 тыс. навучэнцаў). ВНУ: Батумскі ун-т і філіял Груз.тэхн. ун-та (усяго каля 3 тыс. студэнтаў). 353 б-кі, Дзярж. музей Аджарыі, Дзярж. музей рэвалюцыі. Навук. даследаванні вядуцца ў філіялах НДІ фітапаталогіі (Кабулеты), Ін-та чаю і субтрапічных культур (Чакві), Груз.НДІхарч. прам-сці, Дзярж.НДІ лакафарбавай прам-сці (усе ў Батумі), Батумскім бат. садзе і інш.
Рэсп. радыё вядзе перадачы на груз. і рус. мовах. Рэтрансліруюцца радыё- і тэлепраграмы з Тбілісі, Сочы, Масквы.
На тэр. Аджарыі захаваліся помнікі дагіст. перыяду: менгіры, «квакацэбі» (каменныя чалавечыя фігуры), рэшткі калхідскіх паселішчаў (3—2-га тыс. да н.э.), гарадзішча ў Кабулеты (4—3 ст. да н.э.). Арх. помнікі сярэднявечча: крэпасці Ганіясцыхе, Тамарысцыхе, Барцхана, масты Сапуткрэты, Дандальскі, храм Схалта. Сучаснае нар. мастацтва: разьба па дрэве, маст. апрацоўка металу, вышыўка. У 1939 заснаваны Адж.аддз. Саюза мастакоў Грузіі, у 1962 — Адж.аддз. Саюза архітэктараў Грузіі.
У нар. песнятворчасці Аджарыі пераважаюць натуральныя лады, характэрны фігурацыйны тып мелодыкі, часам віртуознага плана, з шырокім выкарыстаннем сінкоп. Пашыраны мужчынскія харавыя спевы а капэла і жаночыя сольныя спевы з інстр. суправаджэннем. Сярод інструментаў: духавыя — чыбоні, саламуры; струнна-шчыпковыя — чангуры, саз, пандуры; струнна-смычковыя — чыянуры, кеманча; ударныя — даўлі (долі), а таксама гармонік т.зв.ўсх. строю. Муз. адукацыя ў Аджарыі з 1890-х г. (муз. гурткі і прыватныя муз. класы ў Батумі). Нар. песні збіралі і запісвалі К.Пацхверашвілі, Ш.Мшвелідзе, Дз.Аракішвілі і інш. Працуюць (1988): сімф. аркестр Аджарыі, камерны хор, філармонія, Ансамбль песні і танца Аджарыі, муз. вучылішча (Батумі), муз. школы і інш.
У Аджарыі з 1880-х г. існавалі груз.драм. гурткі. У 1912 акцёр і драматург Ш.Дадыяні стварыў у Батумі прафес.т-р «Вандроўная трупа», які з 1921 наз.Дзярж.т-р Аджарыі імя І.Чаўчавадзе. Пастаноўкі: «Выгнаннік» Важа Пшавелы, «Цар Эдып» Сафокла, «Гамлет» і «Атэла» У.Шэкспіра і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36°паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВт∙гадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНІГАДРУКАВА́ННЕ,
спосаб размнажэння кніг, заснаваны на пераносе фарбы з друкарскай формы на паперу. Тэрмін «К.» звычайна выкарыстоўваюць у дачыненні да гісторыі вырабу друкаванай кнігі, да сучаснай кнігадрукавальнай вытв-сці часцей ужываюць тэрмін паліграфія. Асн. спосабы К. — высокі друк, глыбокі друк, плоскі друк, якія рэалізуюцца ў адпаведных друкарскіх машынах.
Да К. існавала бясфарбавае адцісканне тэксту з дапамогай рэльефных форм (захаваўся гліняны дыск з в-ва Крыт, 17 ст. да н.э.). Самы ранні спосаб мех. ўзнаўлення тэксту і ілюстрацый — ксілаграфія (дрэварыт), пры якой на дошцы выразалася форма для друкавання цэлых старонак. Адбіткі, зробленыя гэтым спосабам, знойдзены ў Карэі (датуюцца 704—751), Кітаі (713—741), Японіі (764—770). Друкаванне пераносам фарбавага слоя з наборнай формы на паперу ажыццявіў Бі Шэн (у 1041—48, Кітай). Ён складаў тэкставую форму з рухомых гліняных літар, пакрываў іх фарбай і атрымліваў адбіткі (некалькі тыс.экз.), вынайшаў таксама драўляныя скрыні-касеты для захоўвання шрыфту. Метал. літары (з бронзы) выкарыстаны ў 15 ст. ў Карэі. У Еўропе К. ўзнікла ў 1440-я г. пасля вынаходства І.Гутэнбергам друкарскага станка (прэса), прыстасавання для адліўкі метал. шрыфту ў матрыцах і спец. фарбаў. Ён заснаваў у Майнцы (Германія) першую друкарню, выдаў шэраг кніг. У іх друкарскім спосабам узнаўляўся толькі тэкст, а арнаментальныя ўпрыгожанні рабіліся ад рукі па палях. Упершыню арнаментыка перададзена друкаваннем на старонках т. зв. Майнцкай псалтыры ў 1457 (П.Шофер), дзе з’явіліся і шматфарбавыя адбіткі. У 1461 у Бамбергу (цяпер г. Быдгашч, Польшча) выдадзена кніга з гравіраванымі на дрэве ілюстрацыямі. З Германіі К. пранікла ў Італію (1465), Швейцарыю (каля 1468), Францыю (1470), Бельгію і Венгрыю (1473), Польшчу (каля 1473), Іспанію (1474), Чэхію (1476, выдадзена першая дакладна датаваная кніга), Англію (1476) і інш. У 15 ст. значнае развіццё К. атрымала ў Венецыі, дзе да 1500 заснавана каля 150 друкарняў. Да 1500 друкарні ўзніклі прыкладна ў 260 гарадах, надрукавана каля 40 тыс. кніг тыражом больш за 10 млн.экз. (кнігі, выдадзеныя ў Еўропе да 1.1.1501, наз.інкунабуламі, у 1-й пал. 16 ст. — палеатыпамі). У канцы 15 ст. буйныя рамесныя друкарні сталі ператварацца ў мануфактуры. У Еўропе ў 16 ст. выдадзена каля 500 тыс. назваў кніг, у 17 ст. — каля 3 млн.Асн. друкарска-выдавецкія дынастыі — Мануцыі (Італія), Эцьены (Францыя), Плантэны (Бельгія), Эльзевіры (Нідэрланды). Першыя кнігі славянскай глаголіцай надрукаваны ў 1483, кірыліцай — у 1491 (Ш.Фіёль, Кракаў). У 1517 бел. асветнік Ф.Скарына першы ва ўсходнеславянскім свеце надрукаваў кірыліцкім шрыфтам у Празе 23 кнігі Бібліі, каля 1520 у Вільні заснаваў першую друкарню ў Вялікім княстве Літоўскім. Каля 1553 заснавана т. зв. ананімная друкарня ў Маскве, у якой І.Фёдараў і П.Мсціславец у 1564 выпусцілі першую дакладна датаваную рус. друкаваную кнігу «Апостал». Першая друкарня на Украіне заснавана І.Фёдаравым у 1573 у Львове.
Тэхн. ўдасканаленне К. спачатку ішло пераважна ў ілюстрацыйных формных працэсах. У 15 ст. побач з ксілаграфіяй развівалася паглыбленая (разцовая і «сухой іголкі») гравюра на метале (гравіраваныя ілюстрацыі), каляровая фігурная ксілаграфія. Пашыранай тэхнікай ілюстравання стаў афорт (заснаваны на траўленні металу кіслотамі), яго разнавіднасць т. зв. мяккі лак і акватынта. Для друкавання выкарыстоўваўся ручны друкарскі станок (першы яго відарыс адносіцца да 1499), які паступова ўдасканальваўся: механізаваліся асобныя працэсы, драўляныя дэталі замяняліся металічнымі і інш. Першы суцэльнаметал. друкарскі станок зроблены ў 1800 (Ч.Стэнхап, Англія). Развіццю К. паспрыяла тыпаметрыя — друкарская сістэма мер, прапанаваная ў 1737 П.С.Фурнье (Францыя). Яна стварыла магчымасць стандартызацыі друкарскіх шрыфтоў. Бел. кнігавыдавец І.Ф.Капіевіч на аснове шрыфту Скарыны стварыў удасканалены кірыліцкі шрыфт, якім карыстаюцца многія славянскія краіны У канцы 18 ст. ў К. з’явіліся новыя спосабы рэпрадуцыравання — тарцовая ксілаграфія і літаграфія (вынайдзена каля 1798 А.Зенефельдэрам, Германія), якія зрабілі ілюстраванне кніг больш танным. У 1811 створана плоскадрукавальная машына (Ф.Кёніг, Германія), у 1840-х г. у выніку развіцця стэрэатыпіі — ратацыйная друкарская машына. Значным крокам у развіцці паліграф. тэхнікі стала ратацыйная машына, якая друкавала з паўцыліндрычных стэрэатыпаў на паперу, што змотвалася з рулона (запатэнтавана У.Балакам, ЗША). У 1851 створана тыгельная друкарская машына з верт. размяшчэннем формы (Дж.Гордан, ЗША), значнае пашырэнне набыла вынайдзеная ў 1869 (М.Галі, ЗША) тыгельная машына з нерухомым талерам (з замацаванай на ім формай) і рухомым тыглем (для прыціскання паперы). У 1822 запатэнтавана наборная машына (У.Чорч, Англія), у 1886 — радковаадліўная наборная машына лінатып (О.Мергенталер, ЗША), якая набыла масавае пашырэнне; у 1897 вынайдзена (Т.Ланстан, ЗША) літараадліўная наборная машына — манатып. У 19 ст. асвоены фотамех. рэпрадукцыйныя працэсы. цынкаграфія (прапанавана ў 1850 Ф.Жыло, удасканалена ў 1862 Г.Джэймсам), фотатыпія (1865, Я.Гуснік), геліягравюра — спосаб глыбокага друку, пры якім друкарская форма рабілася з выкарыстаннем фатаграфічных і хім. працэсаў (1879, К.Кліч, Чэхія), аўтатыпія (1880-я г., С.Д.Лапцеў, Г.Майзенбах). У 1890 Кліч пабудаваў машыну ракельнага глыбокага друку, у пач. 20 ст. А.Рубел (ЗША) і К.Герман (Германія) стварылі новы друкарскі працэс — афсетны друк. Удасканальваліся і наборныя працэсы. У 1894 Е.Порцэльт (Венгрыя) абгрунтаваў ідэю фотанабору, у 1895 В.А.Гасіеў (Расія) пабудаваў першую фотанаборную машыну (пашырыліся ў 1950—60-я г., калі ў паліграфію ўкаранілася электроніка). З дапамогай фотаэлектронікі ўдасканалены працэсы вырабу ілюстрацыйных форм (электрагравіравальнымі апаратамі), колеракарэктура і колерадзяленне. З’явіліся эл. спосабы фарміравання відарысу на фотапаўправадніковых паверхнях (электраграфія), бескантактныя электрастатычныя і эл.-магн. спосабы пераносу фарбавай выявы. У сучасным К. шырока выкарыстоўваюцца сінт. матэрыялы (фотапалімерныя друкарскія формы, пластмасавыя пераплётныя накрыўкі і інш). Пра развіццё і сучасны стан К. на Беларусі гл. ў арт Выдавецкая справа, а таксама Друк, Нотадрукаванне, Картадрукаванне, Паліграфічная прамысловасць.
Літ.:
Щелкунов М.И. История, техника, искусство книгопечатания. М.; Л., 1926;
Кацпржак Е.И. История письменности и книги М., 1955;
Пятьсот лет после Гутенберга, 1468—1968. М., 1968;
Варбанец Н.В. Йоханн Гутенберг и начало книгопечатания в Европе. М., 1980;
Немировский Е.Л. Начало славянского книгопечатания. М., 1971;
450 год беларускага кнігадрукавання. Мн., 1968;
Волк А.А., Ракович А.И. Книгоиздательское дело в Белоруссии: Ист. очерк. Мн., 1977;
Бярозкіна Н.Ю. Гісторыя кнігадрукавання Беларусі (XVI — пачатак XX ст.). Мн., 1998.
У.М.Сацута.
Да арт.Кнігадрукаванне. Друкарня. Гравюра І.Амана. 16 ст.Да арт.Кнігадрукаванне. 1 — выгляд адной з першых шрыфтаадліўных майстэрняў, т.зв. словалітні (гравюра І.Амана); 2 — першая плоскадрукавальная друкарская машына з аўтаматычным накатам друкарскай формы (вынайдзена ў 1839 С.Раглсам, ЗША); 3 — ратацыйная машына «Вікторы» (вынайдзена ў Англіі, друкавала на рулоннай паперы і фальцавала разрэзаныя лісты); 4 — тыгельная друкарская машына (у СССР выраблялі з 1932); 5 — наборна-праграмавальны апарат (манатып) МК-5 (асартымент розных знакаў да 288).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЦКЕ́ВІЧ ((Mickiewicz) Адам) (24.12.1798, в. Завоссе Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.; паводле інш. крыніц, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 26.11.1855),
польскі паэт беларускага паходжання, грамадскі дзеяч, публіцыст. Паходзіў са старадаўняй збяднелай бел. шляхты роду Рымвідаў-Міцкевічаў герба «Порай». Скончыў Навагрудскую дамініканскую школу (1815), Віленскі ун-т (1819). У час вучобы ва ун-це — адзін з лідэраў тайных т-ваў філаматаў і філарэтаў. Настаўнічаў у Коўне (1819—23). Быў арыштаваны, з кастр. 1824 у ссылцы. Жыў у Пецярбургу, Адэсе, Маскве. Зблізіўся з дзекабрыстамі і А.Пушкіным. З мая 1829 у эміграцыі. Жыў пераважна ў Рыме, часам у Швейцарыі. З 1832 у Парыжы, разам з І.Лялевелем — адзін з лідэраў левага дэмакр. крыла польск. эміграцыі, рэдагаваў час. «Pielgrzym Polski» («Польскі пілігрым»), які быў трыбунай свабодалюбівых ідэй. У 1839 праф. Лазанскага ун-та. З 1840 узначальваў кафедру слав. л-р у Калеж дэ Франс у Парыжы. У гэты час на М. моцна паўплывалі містычна-месіянскія ідэі і настроі А.Тавянскага. У 1848 далучыўся да рэв. падзей, што ўскалыхнулі ўсю Еўропу. Выехаў у Італію, дзе ўзначаліў польскі легіён, які змагаўся поруч з войскамі італьян. паўстанцаў. Для польск. легіёна напісаў «Звод прынцыпаў», у якім адбіліся яго дэмакр. і нац.-вызв. ідэі. З 1849 зноў у Парыжы, рэдагаваў прагрэс.дэмакр.газ. «La Tribune des Peuples» («Трыбуна народаў»), у сваіх артыкулах выступаў як духоўны лідэр еўрап. дэмакратыі. З 1852 бібліятэкар Арсенала. У 1855 выехаў у Турцыю, дзе ствараў польск. атрады для барацьбы супраць царскай Расіі. Памёр раптоўна ў Канстанцінопалі. Ужо ў ранняй «філамацкай» творчасці М. знайшлі адлюстраванне яго грамадска-паліт. погляды на гісторыю і лёс роднага краю, ролю нац.-вызв. барацьбы ў гіст. працэсе. У паэме «Мешка, князь Навагрудка» (1822) створаны рамант. вобраз жанчыны-патрыёткі і ваяводы Парая, гатовых на самаахвярнае змаганне дзеля вызвалення айчыны. Гэта стала асн. тэмай усёй яго творчасці. У вершах «Ужо з пагодных нябёс...», «Картофля» выказваў пачуццё замілаванасці і любові да роднага краю, заклікаў маладых людзей да ахвярнасці і адвагі ў імя свайго патрыят. абавязку. Вершы ковенскага перыяду (1819—23) «Песня Адама», «Песня філарэтаў», «Ода да маладосці» сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху, у якіх нац.-вызв. пафас спалучаецца з роздумам паэта пра лёс усяго чалавецтва. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам 2 кніг «Вершаваных твораў» М., у якіх змешчаны «Балады і рамансы» (1822), паэмы «Гражына» і «Дзяды» (ч. 2 і 4, 1823). Са з’яўленнем гэтых твораў постаць М. ў польск. л-ры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літ. жыцця. «Балады і рамансы» сведчылі пра пачатак новага маст. кірунку — рамантызму, асн. прынцыпы народнасці і нац. самабытнасці якога М. сфармуляваў у літ. маніфесце «Пра паэзію рамантычную». Творы знаменавалі перавагу пачуццёвага светаўспрымання над рацыяналістычна-асветніцкім (новая эстэтыка праграмна зафіксавана ў баладзе «Рамантычнасць», 1821), грунтаваліся на бел.гіст. і фалькл. матэрыяле. Паэма «Гражына» прысвечана гераічнай барацьбе супраць крыжакоў і прасякнута патрыят. пафасам, а ў аснове сюжэта «Дзядоў» стараж.-бел. язычніцкі абрад памінання продкаў. У перыяд рас. ссылкі напісаў «Санеты» (1826) і паэму «Конрад Валенрод» (1828). «Санеты», што складаюцца з адэскага і крымскага цыклаў, напоўнены глыбінёй душэўных перажыванняў, настальгічных патрыят. пачуццяў і лічацца шэдэўрам сусв. л-ры. У іх паэт. майстэрства М. дасягнула надзвычайнай віртуознасці. У сюжэце паэмы «Конрад Валенрод» выкарыстаны матывы гіст. змагання стараж. ліцвінаў-беларусаў супраць крыжакоў. У эмігранцкі перыяд дзейнасці ў Дрэздэне М. пад уплывам паўстання 1830—31 і яго паражэння напісаў лепшыя свае вершы «Смерць палкоўніка», «Рэдут Ардока», а таксама 3-ю частку драм. паэмы «Дзяды» (1832), дзе апяваў гераізм і ахвярнасць свайго народа, што ў чарговы раз паўстаў на змаганне за свабоду, супраць самадзяржаўнай тыраніі. У Парыжы ён стварыў знакамітыя «Кнігі польскага народа і польскага пілігрымства» (1832), дзе ў стылі біблейскіх прарокаў выказаў веру ў вызваленне народа, што стане сімвалам і прадвеснікам свабоды ўсіх еўрап. народаў. Тут завершаны і надрукаваны самы значны маст. твор М., вял.нац. эпапея — паэма «Пан Тадэвуш» (1834; аднайм. кінафільм 1999, рэж. А.Вайда). У ёй маляўніча і яскрава раскрыты характэрны ўклад жыцця і побыту мясц. шляхты, дадзены шырокая панарама нар. жыцця на Беларусі пач. 19 ст., яркія пейзажы Навагрудчыны і Налібоцкай пушчы. Маст. спадчына М. завяршаецца невял. цыклам «лазанскай» лірыкі («Над вадою вялікай і чыстай», «Паліліся мае слёзы» і інш.), дзе ў філасофска-элегічным ключы выяўлены матывы настальгічнага смутку і выгнанніцтва. Выхаваўчае і пазнавальнае значэнне мелі яго лекцыі па гісторыі слав. л-р. Творчасць М. зрабіла вял. ўплыў на ўсё далейшае развіццё бел. л-ры. У 19 ст. ён адчуваецца ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча, У.Сыракомлі, А.Вярыгі-Дарэўскага, В.Каратынскага, Я.Лучыны, Ф.Багушэвіча, у пач. 20 ст. — Я.Купалы, Я.Коласа, у сучаснай л-ры — у творчасці У.Караткевіча. З сярэдзіны 19 ст. да сучаснасці яго творы актыўна перакладаліся і перакладаюцца на бел. мову Дуніным-Марцінкевічам (першы перакладчык), А.Ельскім, А.Гурыновічам, Я.Купалам, Я.Коласам, М.Танкам, А.Куляшовым, П.Панчанкам, І.Багдановіч, У.Мархелем, К.Цвіркам і інш. Балады «Тры Будрысы» і «Удагонку» пераклаў Я.Купала, баладу «Пані Твардоўская» — Я.Купала, В.Сёмуха, паэму «Гражына» — С.Дзяргай, П.Бітэль, паэму «Конрад Валенрод» — Вярыга-Дарэўскі, Бітэль, паэму «Мешка, князь Навагрудка» — Караткевіч, паэму «Дзяды» — С.Мінскевіч. Паэма «Пан Тадэвуш» у пер. Б.Тарашкевіча выдадзена ў 1981, у пер. Я.Семяжона — у 1985, у пер. Бітэля — у 1998. У Навагрудку створаны Міцкевіча Адама дом-музей, на Замкавай гары ў яго гонар насыпаны мемарыяльны курган. У Завоссі створаны музей-сядзіба М. і пастаўлены абеліск. М. прысвечаны многія вершы бел. паэтаў («Даліна Міцкевіча» М.Калачынскага, «Адаму Міцкевічу» Я.Пушчы, «Вадаспад Адама Міцкевіча» М.Танка і інш.), творы мастакоў. У 1998 грамадскасць Беларусі шырока адзначыла 200-гадовы юбілей М.: адбыліся міжнар.навук.-тэарэт. канферэнцыі ў Гродне, Брэсце, Навагрудку, Мінску, выйшлі новыя выданні яго твораў.
Тв.:
Dzieła. T. 1—16. Warszawa, 1955;
Бел.пер. — Выбр. творы. Мн., 1955;
«Зямля навагрудская, краю мой родны...» Мн., 1969;
У кн.: Ажэшка А. Зімовым вечарам;
Міцкевіч А. Свіцязанка: Вершы, балады, паэмы. Мн., 1996;
Да Нёмна. Мн., 1998;
Санеты=Sonety. Мн., 1998;
Дзяды=Dziady. Т. 1—2. Мн., 1999;
Рус.пер. — Ода к молодости: Стихотворения. Поэмы. Мн., 1997.
Літ.:
Лойка А. Адам Міцкевіч і беларуская літаратура. Мн., 1959;
Мірачыцкі Л.П. Светлым ценем Адама Міцкевіча. Мн., 1994;
Адам Міцкевіч і Беларусь = Adam Mickiewicz a Białoruś. Мн., 1997;
Мархель У.І. «Ты як здароўе...»: Адам Міцкевіч і тэндэнцыі адраджэння бел.літ.Мн., 1998;
Адам Міцкевіч і нацыянальныя культуры: Матэрыялы Міжнар.навук.канф.Мн., 1998. Witkowska A. Mickiewicz: Słowo i czyn. Warszawa, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ АКІЯ́Н (лац. Mare Atlanticum, грэч. Atlantis),
частка Сусветнага ак. паміж Еўропай, Афрыкай, Антарктыдай, Паўд. і Паўн. Амерыкай. Другі па велічыні і глыбіні (пасля Ціхага акіяна) на Зямлі. Працягласць Атлантычнага акіяна з Пн на Пд каля 15 тыс.км. Пл. 91,6 млн.км², аб’ём вады 329,7 млн.м³. Сярэдняя глыб. каля 3600 м, найб. — 8742 м (жолаб Пуэрта-Рыка).
Берагі. Берагавая лінія моцна расчлянёная ў Паўн. паўшар’і, дзе размешчаны амаль усе моры і вял. залівы Атлантычнага акіяна (Балтыйскае, Паўночнае, Міжземнае, Карыбскае моры і інш. і буйн. залівы Біскайскі і Гвінейскі), і слаба парэзана ў Паўднёвым (мора Уэдэла, Скота, Лазарава — каля Антарктыды). Важная асаблівасць Атлантычнага акіяна — наяўнасць міжземных мораў (Мексіканскі заліў і Карыбскае м. на З і Сярэднеземнаморскі бас. на У).
Астравы. Агульная пл. астравоў 1070 тыс.км². Асн. група мацерыковага паходжання: Брытанскія, Канарскія, Зялёнага Мыса, Фалклендскія (Мальвінскія), В. Антыльскія, Ньюфаўндленд і часткова М. Антыльскія. Ёсць вулканічныя (Азорскія, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.) і каралавыя (Багамскія і інш.).
Рэльеф дна і тэктанічная будова. У будове дна вылучаюцца падводная ўскраіна мацерыкоў (шэльф), мацерыковы схіл і ложа акіяна. Шэльф займае каля 10,3% пл. дна, мае слабы нахіл у бок адкрытага акіяна. Каля берагоў в-ва Грэнландыя, п-ва Лабрадор шырыня шэльфа дасягае 300—400 км. Параўнальна вузкая шэльфавая зона акаймоўвае Зах. Еўропу і берагі Зах. Афрыкі. Уздоўж аргенцінскага берага шырыня шэльфа 400 км і глыб. 140—150 м; каля вусця Амазонкі 300 км; уздоўж гвіянскага ўзбярэжжа 90 км. Шэльфавая зона ў паўд.ч. Карыбскага м. і ў раёне Антыльскіх а-воў развіта слаба. Мацерыковы схіл стромкі, парэзаны падводнымі каньёнамі, самывял. з іх — Гудзон. Рэльеф ложа — спалучэнне падводных хрыбтоў, падняццяў і катлавін. У цэнтр.ч. акіяна ад в-ва Ісландыя да в-ва Буве на 18 тыс.км цягнецца S-падобны мерыдыянальны Сярэдзінна-Атлантычны хрыбет, які падзяляе Атлантычны акіян на ўсх. і зах. часткі (з глыбінёй над ім каля 3000 м; на У і З ад яго — 5000—6000 м). На Пн (каля Ісландыі) хрыбет мае назву Рэйк’янес, на Пд каля в-ва Буве хрыбет паварочвае на У і пераходзіць у Афрыканска-Антарктычны хрыбет. Там, дзе хрыбет уздымаецца на ўзр. мора, — астравы вулканічнага паходжання (Ісландыя, Азорскія, Сан-Паўлу і інш.). Важнейшая рыса будовы Сярэдзінна-Атлантычнага хр. — папярочныя разломы (Чарлі Гібса, Атлантыс, Кейн, Віма, Романш, Сан-Паўлу, Св. Алены і інш.), якія разбіваюць асн. хрыбет на асобныя блокі з шыротным зрушэннем іх адносна восі. На З і У ад Сярэдзінна-Атлантычнага хр. размешчаны падводныя ўзвышшы (Рыу-Гранды, Бермудскае), плато (Хатан, Зялёнага Мыса), хрыбты (Кітовы хрыбет, Паўднёва-Антыльскі хрыбет) і ўзвышшы, якія раздзяляюць катлавіны Паўночна-Амерыканскую, Бразільскую, Аргенцінскую, Заходне-Еўрапейскую, Канарскую, Ангольскую, Капскую і інш. з глыб. больш за 3000 м.
Донныя адклады. Найб. пашыраны арганагенныя адклады (фарамініферавыя ці глабігерынавыя глеі), якія займаюць 67,5% плошчы дна ад Ісландыі да 57—58°паўд. шыраты. Чырвоныя гліны (каля 25% плошчы) высцілаюць днішчы амаль усіх глыбакаводных катлавін. Тэрыгенныя адклады (жвірова-галечны матэрыял, гліны) пашыраны на шэльфе, мацерыковым схіле і шырокай паласой акаймоўваюць ложа акіяна каля ўзбярэжжаў ЗША, Бразіліі, Аргенціны, Антарктыды. Карысныя выкапні: золата і алмазы (у рачных вынасах паўд.-ўсх. часткі), фасфарыты (на шэльфе), нафта і газ (Венесуэльскі зал., Мексіканскі зал., Паўночнае м.), жал. руда (каля Ньюфаўндленда і інш.), алавяныя руды (каля берагоў Вялікабрытаніі), жалеза-марганцавыя канкрэцыі (каля Фларыды, Паўд. Афрыкі) і інш.
Клімат. Атлантычны акіян размешчаны з Пн на Пд амаль ва ўсіх кліматычных паясах — ад экватарыяльнага да субарктычнага на Пн і антарктычнага на Пд. Над ім развіваюцца 4 асн. цэнтры дзеяння атмасферы — Ісландскі і Антарктычны мінімумы, Паўн.-Атлантычны (Азорскі) і Паўд.-Атлантычны максімумы, якія ў раёне экватара падзелены зонай паніжанага ціску. Гэтыя цэнтры пры ўзаемадзеянні з іншымі абласцямі атм. ціску абумоўліваюць панаванне моцных зах. вятроў ва ўмераных шыротах і паўн.-ўсх. і паўд.-ўсх. вятроў (пасатаў) у субтрапічных і трапічных шыротах, адпаведна Паўн. і Паўд. паўшар’яў. Найб. моцныя вятры ва ўмераных шыротах Паўд. паўшар’я («равучыя саракавыя»). Для паўн. трапічных шырот характэрны т.зв. вест-індскія ураганы, якія пануюць з чэрв. да ліст. і перасякаюць акіян з У на З.
Гідралагічны рэжым. Паверхневыя цячэнні пад уплывам цыркуляцыі атмасферы ўтвараюць у субтрапічных і трапічных шыротах антыцыкланальны, а ў паўн. умераных і паўд. высокіх — цыкланальны кругаварот. Характэрная рыса Атлантычнага акіяна — магутная сістэма Гальфстрыма. Гальфстрым і яго працяг — Паўночна-Атлантычнае цячэнне — утвараюць адпаведна зах. і паўн. перыферыі паўн. антыцыкланальнага кругавароту, у якім усх. перыферыя — халоднае Канарскае цячэнне, паўд. — цёплае Паўночнае Пасатнае цячэнне. Паўночны цыкланальны кругаварот складаецца цячэннямі — цёплымі Паўн.-Атлантычным і Ірмінгера і халодным Лабрадорскім, якое паступае з м. Бафіна. У паўд. частцы атлантычны антыцыкланальны кругаварот утвараецца на Пн з З цёплымі Паўд. Пасатным і Бразільскім. Цыкланальны кругаварот развіваецца каля 50°паўд. ш. з цэнтрам у м. Уэдэла. Атлантычныя цыркуляцыі паўн. і паўд. частак Атлантычнага акіяна падзяляюцца летам на Пн ад экватара Міжпасатным (Экватарыяльным) проціцячэннем, якое зімой зменьваецца агульным зах. пераносам паверхневых водаў. Больш пастаяннай мяжой з’яўляецца на экватары падпаверхневае проціцячэнне Ламаносава. Т-ра вады на паверхні Атлантычнага акіяна зімой (у лютым у паўн., у жніўні ў паўд. частцы) ад 28 °C на экватары да 6 °C на 60°паўн. ш. І -1 °C на 60°паўд. ш., летам (у жніўні ў паўн., у лют. у паўд. частцы) адпаведна ад 26 °C да 10 °C і каля О °C. Салёнасць 34—37,3‰. Самая вял. шчыльнасць вады больш за 1027 кг/м³ на ПнУ і Пд; да экватара змяншаецца да 1022,5 кг/м³. Прылівы пераважаюць паўсутачныя (да 18 м у зал. Фанды). У асобных раёнах прылівы мяшаныя і суткавыя (ад 0,5 да 2,2 м). Ільды ў паўн. частцы Атлантычнага акіяна ўтвараюцца толькі ва ўнутр. морах умераных шырот (Балтыйскім, Паўночным, Азоўскім і інш.). Вялікая колькасць ільдоў і айсбергаў выносіцца ў адкрыты акіян з Паўн. Ледавітага ак. (да 30°паўн. ш.), утвараецца каля Антарктыды і ў м. Уэдэла, дасягаючы 35°паўд. ш.
Флора і фауна. Атлантычны акіян насяляюць каля 2000 тыс. відаў раслін і жывёл. Да глыб. 100—200 м донная расліннасць (ламінарыі, зялёныя і чырв. водарасці). У трапічным поясе сіне-зялёныя, у палярным — дыятомавыя водарасці, у Саргасавым м.вял. колькасць саргасавых. Значную масу планктону складаюць ракападобныя — амфіподы і эраўзііды, крыль Кітоў і ластаногіх каля 100 відаў. Агульная колькасць відаў рыб перавышае 15 тысяч. Фауна трапічных шырот — радыялярыі, сіфанафоры, медузы, крабы, лятучыя рыбы, акулы, марскія чарапахі і кашалоты; умераных і палярных — весланогія ракападобныя і крыланогія малюскі, селядзец, трасковыя і камбалавыя рыбы, кіты, ластаногія і інш. Глыбакаводная фауна — ігласкурыя рыбы, губкі, гідроіды. Марскіх птушак мала; у Антарктыцы — фрэгаты, альбатросы, пінгвіны і інш.
Гаспадарчае выкарыстанне. Атлантычны акіян дае 35% сусв. ўлову рыбы. Гал. прамысловыя віды: траска, мойва, селядзец, стаўрыда, марскі акунь, скумбрыя, тунец; значнае месца належыць беспазваночным (крэветкі, вустрыцы, мідыі, кальмары). Прамысловыя раёны: паўн.-ўсх., цэнтр.-ўсх. і паўд.-заходні. Вядзецца здабыча нафты і газу (Венесуэльскі, Мексіканскі, Гвінейскі залівы, Паўн. і Міжземнае моры), серы (Мексіканскі зал.), жал. руды (каля п-ва Ньюфаўндленд, Фінляндыі і інш.), каменнага вугалю (прыбярэжныя раёны Канады і Вялікабрытаніі) і інш. Прыліўная электрастанцыя ў вусці р. Ранс (Францыя). На долю Атлантычнага акіяна прыпадае прыблізна 2/3 аб’ёму сусв. марскога гандлю. Самая шчыльная сетка акіянскіх шляхоў паміж 35—40 і 55—60°паўн. ш. (маршруты паміж партамі Еўропы і Паўн. Амерыкі). Над паўн. часткай Атлантычнага акіяна пралягаюць асн. трансатлантычныя авіялініі, па дне пракладзены тэлеграфныя кабелі (агульная даўж. каля 200 тыс.км). Развіты прыморская рэкрэацыя і марскі турызм. Важнейшыя парты: Ротэрдам (Нідэрланды), Антверпен (Бельгія), Марсель, Гаўр (Францыя), Гамбург (Германія), Лондан (Вялікабрытанія), Генуя (Італія), Новарасійск, Санкт-Пецярбург (Расія), Ільічоўск, Адэса (Украіна), Рыга (Латвія), Дакар (Сенегал), Кейптаун (ПАР), Буэнас-Айрэс (Аргенціна), Нью-Йорк, Х’юстан, Новы Арлеан, Філадэльфія (ЗША).
Літ.:
Леонтьев О.К. Физическая география Мирового океана. М., 1982;
Слевич С.Б. Океан: ресурсы и хозяйство Л., 1988;
Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI века. М., 1991.