форма мыслення або лагічнае дзеянне, у выніку якога з аднаго або некалькіх суджэнняў (пасылак) выводзіцца новае суджэнне (заключэнне або вывад). Р., атрыманае на аснове пэўных правіл логікі сапраўдных ведаў з сапраўдных пасылак, з’яўляецца найпрасцейшай формай доказу. Веданне мяркуемых пасылак і правіл логікі, якія выяўляюцца пры дапамозе фармалізацыі канкрэтных па змесце Р., дазваляе кантраляваць выкарыстанне розных відаў розумазаключальнай дзейнасці мыслення. Усе гіпотэзы, тэорыі і інш. развітыя формы арг-цыі навук. ведаў уяўляюць сабой разгорнутыя Р. або іх сістэмы. У залежнасці ад колькасці пасылак Р. падзяляюцца на непасрэдныя, у якіх заключэнне атрымліваецца з адной пасылкі, і апасродкаваныя, дзе заключэнне выводзіцца не менш як з 2 пасылак. Паводле характару сувязі паміж веданнем рознай ступені агульнасці, якая выражаецца ў пасылках і заключэнні, адрозніваюць 3 віды Р.: дэдукцыйныя (ад агульнага да прыватнага, гл.Дэдукцыя), індукцыйныя (ад прыватнага да агульнага, гл.Індукцыя), па аналогіі (ад прыватнага да прыватнага). Фармалізаванае выражэнне структуры дэдукцыйных Р. распрацавана ў сілагістыцы Арыстоцеля. У індукцыйных Р., распрацаваных Ф.Бэканам і Дж.Мілем, пры сапраўднасці пасылак і захаванні адпаведных лагічных працэдур (напр., правіл абагульнення) заключэнне ў агульным выпадку можа быць як сапраўдным так і памылковым. Такім, напр., можа аказацца сцвярджэнне: «калі электраправоднасцю валодаюць некаторыя прадстаўнікі класа металаў, то і ўсе металы электраправодныя». Але гэта заключэнне будзе з неабходнасцю вынікаць, калі пераканацца, што ўсе прадстаўнікі металаў валодаюць уласцівасцю электраправоднасці; у такім выпадку няпоўная індукцыя пераходзіць у поўную. У залежнасці ад структуры складаных суджэнняў і лагічных звязак Р. логікі суджэнняў падзяляюцца на ўмоўна-катэгарычныя, чыста-ўмоўныя, раздзяляльна-катэгарычныя, умоўна-раздзяляльныя (дылема). Асобную групу несілагістычных Р. складаюць Р. адносін. Такімі Р. з’яўляюцца, напр., Р. роўнасці (калі x=y, y=z, то x=z), Р. ступені (калі A>B; B>C, то A>C), Р. роднасці (Іван — брат Пятра, Пётр — брат Андрэя, значыць, Іван — брат Андрэя). У працэсе мыслення некаторыя пасылкі часта прапускаюцца, а правілы вываду робяцца на інтуітыўнай аснове, што вядзе да з’яўлення лагічных памылак і няправільных Р. (паралагізм, сафізм). Навук. распрацоўкі тэорыі Р. і звязанай з ёю тэорыі доказу ажыццяўляюцца ў рамках фармальнай матэм. логікі.
Літ.:
Колмогоров А.Н., Драгалин А.Г. Введение в математическую логику. М., 1982;
Бочаров В.А. Аристотель и традиционная логика. М., 1984;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев. М., 1996;
Минто В. Дедуктивная и индуктивная логика: Пер. с англ. СПб., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРРЭФАРМА́ЦЫЯ (ад контр... + рэфармацыя),
рэлігійна-паліт. рух у Еўропе ў 2-й пал. 16—17 ст., узначалены папствам і накіраваны супраць Рэфармацыі з мэтай узнаўлення страчаных каталіцызмам пазіцый. Гал. сродкамі К. былі інквізіцыя, манаскія ордэны, рым. курыя. Самы актыўны ўдзел у К. прыняў ордэн езуітаў (створаны ў. 1534—40). У 1559 быў апублікаваны Індэкс забароненых кніг. Праграмай К. сталі рашэнні Трыдэнцкага сабору 1545—63 (вяршэнства папы над саборам, увядзенне строгай царк. цэнзуры, богаслужэнне толькі на лац. мове і інш.). Былі створаны спец. органы кіравання — кангрэгацыі, шэраг навуч. устаноў (калегіумаў) для падрыхтоўкі каталіцкага духавенства. К. ўключала барацьбу супраць свецкай навукі і навук. светапогляду, праследаванне перадавых мысліцеляў (Дж.Бруна, Г.Галілей, Дж.Ваніні і інш.), знішчэнне пратэстантаў (Варфаламееўская ноч), арганізоўвала т. зв.рэліг. войны, праследавала ерасі. У Беларусі К. актыўна праявілася пасля Люблінскай уніі 1569. Праваднікамі яе былі езуіты. Гал. ідэолагам К. ў ВКЛ быў П.Скарга. У 16—18 ст. тут асталяваліся яшчэ 24 каталіцкія манаскія ордэны (францысканцы, дамініканцы, кармеліты, бенедыкцінцы, піяры і інш.). Зачыняліся пратэстанцкія і праваслаўныя школы і друкарні, учыняліся пагромы. К. была накіравана не толькі супраць пратэстантызму, але і праваслаўя. На хвалі К. нарадзілася Брэсцкая унія 1596 і створана уніяцкая царква. Супраціўленне каталіцкай экспансіі вылівалася ў нар. паўстанні (Віцебскае паўстанне 1623; антыкаталіцкую накіраванасць мела антыфеадальная вайна 1648—51). Найб. жорсткія ганенні з боку каталіцкай царквы і дзяржавы пачаліся супраць антытрынітарыяў. У канцы 16 ст. рэфармацыйны рух у Беларусі пачаў паступова згасаць, большасць кальвінісцкай шляхты стала пераходзіць у каталіцтва, а ў пач. 17 ст. большая частка дробнай правасл. шляхты прыняла унію. Паводле сеймавых пастаноў 1764 адступніцтва каралася выгнаннем з краіны або смерцю. У 1733 правасл. шляхта і духавенства былі пазбаўлены права займаць пасады ў сенаце, сейме, судах і інш.дзярж. установах. У 2-й пал. 17—1-й трэці 18 ст. адбывалася амаль поўная клерыкалізацыя культуры і падпарадкаванне яе рэлігіі. Навук. веды абвяшчаліся грахоўнымі, панізіўся ўзровень адукацыі. У аснову навучання былі пакладзены тэалогія, схаластычная філасофія і лац. мова. З 1696 бел. мова стала выцясняцца з афіц. справаводства. Уздзеянне К. не было такім адмоўным у мастацтве. Пануючым стылем тут стала барока. Масавая паланізацыя пануючага класа Беларусі праз акаталічванне ў 17 ст. ўскладніла працэс кансалідацыі бел. народнасці, запаволіла фарміраванне яе свядомасці. У 1730—40-я г. на змену К. прыйшла эпоха Асветніцтва.
Літ.:
Подокшин С. А Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УСХО́ДНЕ-ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПЛАТФО́РМА, Руская платформа,
старажытная (дарыфейская) глыба кантынент. зямной кары (кратон), якая складае ядро Еўрап. мацерыка. Уваходзіць у склад Еўразіяцкай літасфернай пліты. Тэктанатып стараж. платформ. Мае форму няправільнага пяцівугольніка пл. каля 6 млн.км². Абмежавана насовамі і покрывамі складкавых збудаванняў: байкалід (рыфейскі Ціман), каледанід (Скандынавія, Польшча і Украіна — Тэйсера—Торнквіста лінія), герцынід (Урал, Перадкаўказзе, Прычарнамор’е), альпід (Карпаты). Некат. даследчыкі ўключаюць у склад платформы Баранцаваморска-Пячорскую пліту. Фундамент платформы складзены з крышт. моцна метамарфізаваных, змятых у складкі і магматычных парод архею — ніжняга пратэразою. У фундаменце адны даследчыкі вылучаюць 3 сегменты паводле ўзросту горных парод: на ПнЗ — Фенаскандыя (у асн. раннепратэразойскі), на ПдЗ — Сарматыя і У — Волга-Уралія (пераважна архейскі); іншыя вылучаюць 3 сегменты паводле рэчыўнага складу: зах. і ўсх. сегменты (пераважна складзеныя з гранулітавых комплексаў) і цэнтр. (амфібалітава-гнейсавы).
На ПнЗ і Пд платформы фундамент выходзіць на паверхню Зямлі і ўтварае Балтыйскі шчыт і Украінскі шчыт. Астатняя ч. платформы перакрыта платформавым чахлом Рускай пліты, на крайнім ПдЗ — Валына-Падольскай пліты. На З Рускай пліты ў скляпенневых ч.Беларускай антэклізы і Варонежскай антэклізы фундамент залягае каля паверхні Зямлі, часам утварае агаленні. На У пліты найб. буйная Волга-Уральская антэкліза. Цэнтр.ч. Рускай пліты займае Маскоўская сінекліза, якая на ПнУпераходзіць у Мезенскую. На ўсх. ускраіне пліты Камска-Бельскі перыкратонны прагін, на зах. — Балтыйска-Прыднястроўская зона перыкратонных прагінаў, у складзе якой Балтыйская сінекліза, Падляска-Брэсцкая ўпадзіна. На ПдУ платформы Прыкаспійская ўпадзіна (найб. глыбокая). Паміж антэклізамі шэраг позніх (палеазойскіх) аўлакагенаў: Прыпяцка-Данецкі, Вяцкі, Дона-Мядзведзіцкі. У мезазоі і раннім кайназоі над Прыпяцка-Данецкім аўлакагенам утварылася Прыпяцка-Дняпроўская сінекліза. Перад горнымі збудаваннямі Урала і Карпат утварыліся Перадуральскі і Перадкарпацкі краявыя прагіны. Праз усх.ч. Балтыйскага шчыта, Латвійскую і Палескую седлавіны, Беларускую антэклізу праходзіць Балтыйска-Украінская зона прыўзнятага залягання фундамента (гал. субмерыдыянальная тэктанічная вось платформы). Платформавы чахол магутнасцю да 5—6 км, радзей да 10—20 км, складзены з асадкавых адкладаў, радзей эфузіўных утварэнняў рыфею — фанеразою. Чахол падзяляюць на структурныя мегакомплексы: квазіплатформавы (гоцкі і дальсландскі комплексы ніжняга — сярэдняга рыфею; асадкава-эфузіўны), катаплатформавы (ніжнебайкальскі комплекс верхняга рыфею — ніжняга венду; эфузіўна-асадкавы) і ортаплатформавы (верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі, кімерыйска-альпійскі комплексы верхняга венду — антрапагену; асадкавы, часткова эфузіўны). З пародамі фундамента звязаны радовішчы жал. руды (Крыварожскі жалезарудны басейн, Курская магнітная анамалія і інш.), руд нікелю, медзі, тытану; слюды, пегматыты, паклады апатытаў і інш. У асадкавым чахле паклады гаручых газаў і нафты (Волга-Уральскі нафтагазаносны басейн і інш.), каменнай і калійных солей (Прыпяцкі саляносны басейн і інш.), выкапнёвых вуглёў (Данецкі вугальны басейн і інш.), фасфарытаў, баксітаў, буд. сыравіны, прэсных і мінер. вод і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДНЯПРО́, Днепр (стараж.-грэч.Барысфен,
укр.Славуціч),
рака ў Расіі, у Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абл. Беларусі і на Украіне; трэцяя па даўжыні і плошчы басейна ў Еўропе (пасля Волгі і Дуная). Даўж. 2145 км, на Беларусі 689 км, у т. л. на мяжы Расіі і Беларусі 17 км, у Беларусі да Лоева 562 км і 110 км на мяжы Беларусі і Украіны. Пл. вадазбору 504 тыс.км², у т. л. на Беларусі 118 тыс.км². Пачынаецца з невял. балота на Валдайскім узв. (Смаленская вобл., Расія), упадае ў Дняпроўскі ліман Чорнага м. Вярхоўі вадазбору ў межах Смаленскага ўзв., правабярэжжа сярэдняй ч. верхняга цячэння на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, левабярэжжа на Аршанска-Магілёўскай раўніне, што на Пдпераходзіць у нізіну Беларускага Палесся. На Пд ад г. Рагачоў па левабярэжжы ракі цягнецца Прыдняпроўская нізіна. У вярхоўі даліна добра распрацаваная, трапецападобная, шыр. 600 м — 1 км. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, шыр. ад 50 м да 1,5 км. Рэчышча свабодна меандрыруе. У межах Беларусі даліна пераважна трапецападобная, ніжэй вусця р. Сож невыразная, шыр. ад 800 м да 10 км, у межах Палескай нізіны зліваецца з прылеглай мясцовасцю. Пойма на значным працягу ад Магілёва — двухбаковая тэраса, шыр. яе ад 1 да 10 км у межах Гомельскага Палесся. Рэчышча на вял. працягу моцназвілістае, багатае перакатамі і мелямі, найб. выразнымі на ўчастку паміж вусцямі рэк Друць і Сож. За 9 км вышэй г. Орша рака праразае граду дэвонскіх вапнякоў, утварае т.зв. Кабяляцкія парогі, даўж. якіх каля 200 м. У сярэднім цячэнні даліна Д. шыр. 6—10 км. Правы бераг узвышаны і стромкі, абрываецца да ракі. Каля г. Канеў даліна звужаецца да 2 км. Паміж гарадамі Днепрапятроўск і Запарожжа Д. перасякае гранітны масіў, дзе да буд-ва Днепрагэса былі Дняпроўскія парогі. У нізоўях Д. цячэ па Прычарнаморскай нізіне, шыр. поймы 23 км. Асн. прытокі на Беларусі: Адроў, Лахва, Друць, Бярэзіна, Прыпяць (справа), Ухлясць, Ржаўка, Сож (злева). Сярэдні і ніжні Д. ў асноўным — каскад ГЭС (з вадасховішчамі): Кіеўская, Канеўская, Крамянчугская, Днепрадзяржынская, Дняпроўская, Кахоўская. У сярэднім цячэнні гал. прытокі Рось (справа), Сула, Псёл, Ворскла, Самара (злева); у ніжнім — Базаўлук, Інгулец (справа), Конка (злева). Асноўны сцёк ракі фарміруецца ў верхнім цячэнні. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 1670 м³/с. Ледастаў з снеж. да сак. ў нізоўі і да пач.крас. ў вярхоўі. Воды Д. выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння і арашэння (каналы: Д. — Крывы Рог, Д. — Данбас, Паўночна-Крымскі арашальны). Суднаходны ад вусця да г. Дарагабуж. Д. злучаны з бас. Віслы Дняпроўска-Бугскім каналам, з бас. Нёмана — Агінскім каналам, з бас.Зах. Дзвіны — Бярэзінскім каналам. На правым беразе Д. Канеўскі запаведнік. Асн. гарады: Дарагабуж, Смаленск (Расія), Орша, Шклоў, Магілёў, Быхаў, Рагачоў, Жлобін, Рэчыца (Беларусь), Кіеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Нікапаль, Херсон (Украіна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,
сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн.чал.Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.
Літ.:
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];
Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;
Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРБ,
1) знаходкі комплексаў манет, плацежных зліткаў і разнастайных рэчаў (вырабаў), ухаваных у зямлі ці інш. месцах, уладальнік якіх невядомы. Самыя стараж. С. з эпохі неаліту — каменныя прылады працы і зброя. У 7 ст. да н.э. — 20 ст.н.э. пераважаюць манетныя і манетна-рэчавыя С. (манеты, сярэбраныя і залатыя плацежныя зліткі і іх фрагменты, тавара-грошы рознага тыпу, упрыгожанні і г.д.). У С. позняга сярэдневякоўя пераважалі манеты (манетным лічыцца С., калі ў ім знаходзілася не менш як 5 адзінак). Захоўваліся яны ў розных упакоўках (посудзе, шкатулках, скрынках, скураных і палатняных торбах, драўляных калодах і інш.), часам у камбінаваных (напр., скрутак тканіны, у якім былі грошы, змяшчаўся ў скрынку ці інш. ўпакоўку). Звычайна С. выяўляюць на невял. глыбіні (0,2—1 м), што тлумачыцца выветрываннем, узорваннем ці вымываннем глебы. Знаходкі багатых С. і ўзнікненне легенд, звязаных з імі, садзейнічалі вял. пашырэнню скарбашукальніцтва ва ўсіх краінах. С. з’яўляліся ў выніку адтоку грошай з абарачэння, выключэння ранніх паўнавагавых (па масе і пробе) манет у параўнанні з больш познімі легкавагавымі, у час войнаў, паўстанняў і інш. грамадска-сац. узрушэнняў ці прыродных катаклізмаў. Паводле заканадаўства знойдзены С. належыць дзяржаве і павінен быць перададзены ў банк ці музей. У Рас. імперыі згодна з указамі 1718 і 1728 С., знойдзеныя на дзярж., грамадскіх і ўдзельных землях, належалі дзяржаве, а на прыватных — землеўладальнікам з правам музеяў набываць іх для нумізматычных калекцый. Да 1917 С. ў Рас. імперыі вывучаліся ў Імператарскай археал. камісіі, у 1919—29 — секцыяй нумізматыкі і гліптыкі Акадэміі матэрыяльнай культуры, з 1930-х г. — у рэсп. музеях. З 1920-х г. той, хто знаходзіў С., атрымліваў узнагароджанне ў памеры 25% ад кошту знаходкі. Тэр. Беларусі багатая на С. і адзінкавыя знаходкі манет. Зафіксавана больш за 1100 С., з іх больш за 100 у Брэсцкай вобл., больш за 200 у Віцебскай, больш за 170 у Гомельскай, каля 140 у Гродзенскай, больш як па 200 у Мінскай і Магілёўскай абл. Самыя стараж. манеты — стараж.-грэч. і рымскія (адпаведна і С., у якіх яны былі) — на тэр. Беларусі з’явіліся ў канцы 1 — пач. 2 ст., пасля некат. перапынку ў 4—8 ст. яны выкарыстоўваліся рэгулярна.
2) У праве — закапаныя ў зямлі або схаваныя інш. спосабам грошы ці каштоўныя прадметы, уласнік якіх не можа быць устаноўлены ці паводле акта заканадаўства страціў на іх права. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь С. пераходзіць ва ўласнасць асобы, якой належыць маёмасць (зямельны ўчастак, пабудова і да т.п.), дзе С. быў схаваны, і асобы, якая знайшла С., у роўных долях, калі пагадненнямі паміж імі не ўстаноўлена іншае. У выпадку, калі ў С. былі рэчы, што адносяцца да помнікаў гісторыі або культуры, яны належаць перадачы ў дзярж. ўласнасць. Пры гэтым уласнік маёмасці і асоба, якая знайшла С., маюць права на атрыманне ўзнагароджання ў памеры палавіны кошту знойдзенага. Прысваенне С., які мае вял. каштоўнасць, цягне за сабой крымін. адказнасць.
Літ.:
Рябцевич В.Н. Нумизматика Беларуси. Мн., 1995.
Ш.І.Бекцінееў, Г.А.Маслыка (права).
Да арт.Скарб. Гальшанскі манетны скарб. Пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКА (Alaska),
штат ЗША, на ПнЗПаўн. Амерыкі. Аддзелены ад асн. часткі ЗША тэр. Канады. Акрамя мацерыковай часткі займае Алеуцкія а-вы, архіпелаг Аляксандра і інш.Пл. 1477 тыс.км², нас. 599 тыс.чал. (1993). Адм. цэнтр — г. Джуна. Найб. гарады Анкарыдж, Кетчыкан, Сітка і Фэрбанкс. Пераважае гар. насельніцтва, якое сканцэнтравана на ПдУ, каля палавіны — у Анкарыджы. На Пн і ў цэнтр.ч. Аляскі расчлянёнае плато, якое пераходзіць у прыбярэжную нізіну, на Пд Аляскінскі хр. з найвыш. пунктам Паўн. Амерыкі г. Мак-Кінлі (6193 м). Вял. рэкі Юкан і Кускакуім. Клімат халодны, кантынентальны. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. ад -1,6 °C да -24,8 °C, ліп. 13,3—15,7 °C. Ападкаў на Пн каля 300 мм, на Пд 1500—4000 мм за год. Шматгадовая мерзлата, тундры і рэдкія лясы на Пн, хваёвыя лясы ў гарах на Пд. Па далінах рэк невял. плошчы, прыдатныя для земляробства. Вядучая галіна гаспадаркі — горназдабыўная: нафта, газ, вугаль, золата, руды серабра, медзі, ртуці і інш. Лясная, рыбная прам-сць. Жывёлагадоўля (паўн. алені, буйн. раг. жывёла, зверагадоўля), паляўніцтва. Вырошчваюць ячмень, сеяныя травы, бульбу. Турызм. Транспарт марскі, авіяцыйны, аўтамабільны, чыгуначны. Трансаляскінскі нафтаправод перасякае з Пн на Пд.
На думку многіх вучоных, продкі сучасных карэнных жыхароў Аляскі (індзейцаў, эскімосаў, алеутаў) паходзяць з Паўн.-Усх. Азіі. У 17 ст. эскімосы жылі пераважна ў прыбярэжных раёнах, алеуты — на п-ве алеуты — на Алеуцкіх а-вах, індзейцы — на паўд.-ўсх. узбярэжжы (тлінкіты і хайда) і ва ўнутр. раёнах Аляскі (атапаскі). У 1730-я г. Аляску даследавалі рус. экспедыцыі П.Нагібіна, В.Берынга, А.Мельнікава, І.Фёдарава, М.Гвоздзева, але адкрыццё Аляскі звязваюць з экспедыцыяй А.Чырыкава ў 1741. Першае рус. паселішча засн. ў 1784 на в-ве Кадзьяк. У 1798 рус. купцы стварылі «злучаную амерыканскую кампанію» (з 1799 наз.Рас.-Амер. кампанія), у карыстанне якой былі перададзены ўсе промыслы і выкапні на паўн.-зах. беразе Амерыкі ад 55°паўн. ш. да Берынгава праліва, на а-вах Алеуцкіх, Курыльскіх і інш. Цэнтрам Аляскі стаў г. Нова-Архангельск (цяпер Сітка). Першы гал. правіцель рус. паселішчаў у Амерыцы — А.Баранаў (1790—1818). Валоданне Аляскай прыводзіла Расію да канфліктаў з Англіяй і ЗША У 1821 рас. імператар Аляксандр I забараніў замежным суднам плаваць уздоўж берагоў рас. уладанняў на Алясцы, але неўзабаве Расія была вымушана дазволіць ЗША (1824) і Англіі (1825) мараходства і гандаль у гэтым раёне на льготных умовах. У 1839 англ. кампанія Гудзонава заліва атрымала ў арэнду на выгадных умовах частку прыбярэжнай паласы рас. уладанняў. У час Крымскай вайны 1853—56 царскі ўрад не меў неабходных сіл у раёне Ціхага ак. для абароны сваіх паселішчаў у Паўн. Амерыцы, таму вырашыў прадаць Аляску ЗША у разліку на іх падтрымку ў барацьбе за ліквідацыю ўмоў Парыжскага мірнага дагавора 1856. Паводле дагавора 30.3.1867 Аляска была прададзена ЗША за 7,2 млн. долараў (каля 11 млн.руб.). У канцы 19 ст. ў блізка размешчаным раёне Канады (Клондайк), а потым і на тэр. Аляскі былі адкрыты вял. радовішчы золата, што выклікала т.зв. «залатую ліхаманку». У 1867—84 Аляска ў падпарадкаванні ваен.мін-ва ЗША У 1884—1912 — акруга на чале з губернатарам, у 1912 пераўтворана ў «тэрыторыю» ЗША, з 1959 — штат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНЫ ВЫ́БУХ,
магутны выбух, выкліканы надзвычайна хуткім вылучэннем велізарнай колькасці ядзернай энергіі ў выніку ланцуговай ядзернай рэакцыі дзялення цяжкіх ядраў або тэрмаядзернай рэакцыі сінтэзу. У цэнтры Я.в. развіваюцца вялізныя т-ра (~108К) і ціск (~1012атм.). Рэчыва пераўтвараецца ў плазму і разлятаецца. Утвараюцца асн. паражальныя фактары Я.в.: светлавое выпрамяненне, ударная хваля, пранікальная радыяцыя, радыеактыўны пыл. Магутнасць Я.в. вымяраецца тратылавым эквівалентам (для ядз. бомбаў 1—20 кт, для тэрмаядз. парадку 105—106т).
Могуць выкарыстоўвацца ў ваен. (гл.Ядзерная зброя) і мірных (для буйнамаштабных горных работ, здабычы карысных выкапняў і інш.) мэтах.
Для ажыццяўлення Я.н. ў выніку ланцуговай рэакцыі дзялення неабходна. каб маса падзельнага рэчыва (урану-235, плутонію-239; гл.Ядзернае паліва) перавысіла т. зв. крытычную масу, якая залежыць ад шчыльнасці рэчыва і яго геам. канфігурацыі. Да выбуху сістэма павінна быць падкрытычнай. Пераход у надкрытычны стан ажыццяўляецца хуткім збліжэннем некалькіх кавалкаў падзельнага матэрыялу. Для гэтага выкарыстоўваецца звычайнае выбуховае рэчыва, выбух якога дае высокі (-106атм.) ціск і выклікае сцісканне падзельнага матэрыялу. У тэрмаядз. выбуховым прыстасаванні Я.в. дасягаецца з дапамогай ядз. бомбы дзялення. выбух якой служыць дэтанатарам.
Адрозніваюць Я.в. паветраныя (на вышыні, пры якой святлівая вобласць не дакранаецца да паверхні зямлі, але не вышэй за 10 км), вышынныя (вышэй мяжы трапасферы — вышэй за 10 км), надводныя і надземныя (на паверхні вады або зямлі. або на такой вышыні. калі святлівая вобласць датыкаецца да іх), падводныя і падземныя. Светлавое выпрамяненне Я.в. складаецца з ультрафіялетавых. бачных і інфрачырвоных прамянёў. Крыніца яго — вогненны шар, які для бомбы ў 20 кт праз 0,1 с дасягае радыуса 150 км. т-ры 8000 К. За некалькі секунд свячэння ў эл.-магн. выпрамяненне пераходзіць 10—20% энергіі Я.в., якое выклікае пажары, абвугліванне матэрыялаў, апёкі. Ударная хваля — вынік сціскання паветра або інш. асяроддзя пры расшырэнні вогненнай сферы, распаўсюджваецца са звышгукавой скорасцю. Выклікае разбурэнні наземных збудаванняў. Радыус моцнага паражэння для ядз. бомбы ў 20 кт да 1 км. Пранікальная радыяцыя — магутны паток нейтронаў і гама-выпрамянення. складае каля 1% усёй вылучанай энергіі Я.в. Пры выбуху на вышыні -1 км можа дасягаць паверхні зямлі (атмасфера аслабляе паток удвая на адлегласці 150 м), ствараючы лятальную дозу. На адкрытай паверхні паражае жывыя арганізмы ў радыусе некалькіх кіламетраў, паражэнне людзей прыводзіць да прамянёвай хваробы (гл.Радыяцыя, Іанізавальнае выпрамяненне). Радыеактыўны пыл дзейнічае на арганізм чалавека гэтак жа. як і пранікальная радыяцыя. Разрэджанае нагрэтае паветра, якое нясе радыеактыўныя прадукты Я.в., падымаецца ўверх і праз некалькі мінут дасягае 10—15 км. пасля чаго расплываецца на сотні кіламетраў. Радыеактыўныя часціцы выпадаюць на паверхню зямлі і ўтвараюць т.зв. радыеактыўны след. Пры прыземным Я.в. вогненны шар дакранаецца да паверхні зямлі. падымае ўверх пыл. радыеактыўныя нукліды прыліпаюць да часцінак зямлі і выпадаюць паблізу эпіцэнтра выбуху ў канцэнтрацыі. лятальнай для чалавека. Пры падводным і падземным Я.в. ў цэнтры ўзнікае газавы пузыр высокага ціску, асн. разбурэнні выклікае ўдарная хваля. Першы Я.в. ажыццёўлены ў ЗША у 1945. у СССР у 1949, тэрмаядз. ў 1953. Гл. таксама Ядзерная бомба, Радыеактыўнае забруджванне.
Літ.:
Ядерный взрыв в космосе. на земле и под землей: Пер. с англ.М., 1974: Израэль Ю.А. Мирные ядерные взрывы и окружающая среда. Л., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕСТ І ФО́РМА,
суадносныя філас. катэгорыі. Змест — вызначальны бок цэлага, сукупнасць усіх частак (элементаў) прадмета, адзінства яго ўласцівасцей, унутр. працэсаў, сувязей, супярэчнасцей, узаемадзеянняў з іншымі прадметамі. Форма — унутр. арганізацыя, тып і структура зместу. З. і ф. знаходзяцца ў адзінстве, могуць нават пераходзіць адно ў адно, але гэтае адзінства адноснае. Змест уяўляе сабой дынамічны бок адзінага цэлага, форма, наадварот, — больш кансерватыўная. У выніку ў пэўны час узнікае супярэчнасць паміж новым зместам і старой формай, якая вырашаецца шляхам «скідвання» старой формы і заменай яе новай, адпаведнай новаму зместу. Катэгорыі З. і ф. ўпершыню распрацаваны ў стараж.-грэч. філасофіі. Першапачатковым разуменнем катэгорыі зместу было меркаванне аб існаванні нейкага пастаяннага субстрату (першаасновы ў выглядзе апейрона, матэрыі і г.д.) у адрозненне ад узнікаючага і знікаючага свету навакольных рэчаў. Форму ж разумелі як прасторава-арганізаваную структуру цела (атамісты), як нейкую цэласнасць, сутнасць быцця кожнай рэчы (Платон), як пэўнасць саміх матэрыяльных рэчаў (Арыстоцель). Арыстоцель дапускаў таксама існаванне і неаформленай матэрыі і нематэрыяльнай формы, узыходнай да «формы формаў», г.зн. да бога. У філасофіі новага часу (Дж.Бруна, Ф.Бэкан, Р.Дэкарт, Т.Гобс і інш.) быў абгрунтаваны тэзіс аб прымаце матэрыі над формай, аб адзінстве З. і ф. І.Кант засяродзіў увагу на праяўленні З. і ф. ў мысленні. Ён атаясамліваў матэрыю з пачуццёва-дадзеным зместам мыслення, з яго разнастайнасцю, а форму — з тым, што сістэматызуе гэтую разнастайнасць. Г.Гегель адхіліў метафізічны падыход да З. і ф. як самаізаляваных і ўпершыню ўсебакова раскрыў дыялектную ўзаемасувязь. К.Маркс, Ф.Энгельс, У.І.Ленін разглядалі З. і ф. з дыялектыка-матэрыяліст. пазіцый, аналізавалі гэтыя катэгорыі і ў тэарэт. і ў канкрэтнай сац.-практ. плоскасці. Катэгорыі З. і ф. маюць прынцыповае значэнне і для разумення гіст. працэсаў у цэлым, і для свядомага ўздзеяння на сац.-эканам., паліт., духоўна-маральныя адносіны ў грамадстве.
З. і ф. ў літаратуры і мастацтве характарызуюць дыялектычную структуру маст. вобраза і выступаюць у якасці крытэрыю яго эстэт. вартасці. Змест адлюстроўвае агульныя, сутнасныя тыповыя рысы прадмета, форма — яго асаблівыя, наяўныя, індывід. рысы. Звязаныя з прадметам як аб’ектам успрымання, яны адпаведна звязаны і з суб’ектам: змест суадносіцца з рацыянальным, форма — з эмацыянальным пачаткам. У эстэт. аспекце спецыфіка З. і ф. заключаецца ў іх непарыўным адзінстве і ўзаемадзеянні, могуць выступаць і як сукупнасць пэўных узроўняў маст. твора. У структуры літ.-маст. твора могуць быць вылучаны наступныя ўзроўні: моўныя гукі, марфемы, словы, тропы, сінтакс. адзінкі, моўная тканіна, кампазіцыя, сюжэт, фабула, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры жывапіснага вобраза — колеры, лініі, контуры, кампазіцыя, перспектыва, прадметы, сюжэт, тыпаж, характар, тэма, ідэя; у структуры арх. твора — колер, фактура, матэрыял, сілуэт, канструкцыя, функцыя. Пераход ад аднаго ўзроўню да другога адметны паступовасцю, запоўненасцю паміж полюсамі З. і ф., іх цэласнасцю і рухомасцю адзінства. Прамежкавыя ўзроўні суадносяцца паміж сабою як З. і ф. ў залежнасці ад іх месца ў агульнай структуры твора. Маст. твор і адпаведны яму маст. вобраз як дыялектычна супярэчлівае адзінства З. і ф. маюць зменлівы, рухомы характар. Адзінства З. і ф. можа знаходзіцца ў розных станах — гарманічнай цэласнасці, антаганістычным проціпастаўленні, перавагі зместу над формай ці наадварот. У агульнаэстэт. аспекце такія станы суадносяцца з асн.эстэт. катэгорыямі (прыгожага, агіднага і інш.). У мастацтвазнаўчым плане яны звязаны з тыпалогіяй стыляў, што змяняюцца ў пэўнай паслядоўнасці, выступаюць як адзін з асн. законаў гісторыі, мастацтва і цесна звязаны з законамі развіцця грамадства ўвогуле.
Літ.:
Аристотель. Метафизика // Соч.М., 1976. Т. 1;
Гегель Г.В.Ф. Энциклопедия философских наук. Т. 1. М., 1974;
Энгельс Ф. Анты-Дзюрынг. Мн., 1952;
Современные зарубежные концепции диалектики: Критич. очерки. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЎРАПО́ЛЬСКІ КРАЙ Размешчаны на Пдеўрап.ч.Рас. Федэрацыі, у цэнтры Перадкаўказзя, каля паўн. схілаў Вял. Каўказа. Утвораны 13.2.1924 як Паўд.-Усх.вобл. (край), з 16.10.1924 — Паўн.-Каўказскі край, з 13.3.1937 — Арджанікідзеўскі край, з 12.1.1943 — сучасная назва. Пл. 66,5 тыс.км². Нас. 2660,7 тыс.чал. (2000), гарадскога 54,1%. Жывуць рускія (84%), армяне (2,9%), украінцы (2,6%) і інш. Цэнтр — г.Стаўрапаль. Найб. гарады: Пяцігорск, Нявіннамыск, Кіславодск, Есентукі, Георгіеўск, Мінеральныя Воды, Будзёнаўск.
Прырода. Рэльеф С.к. зменьваецца ад раўніннага на Пн і ПнУ да перадгорнага і горнага на Пд і ПдЗ. Цэнтр.ч. занята Стаўрапольскім узвышшам. На У узвышша пераходзіць у Церска-Кумскую нізіну (ч. Прыкаспійскай нізіны), на ПнУ Кума-Маныцкая ўпадзіна, на ПдЗ схілы Вял. Каўказа. У паласе перадгор’яў вылучаецца раён Каўказскіх Мінеральных Вод з гарамі-лакалітамі выш. да 1401 м (г. Бештау). Карысныя выкапні: прыродны газ (запасы 55 млрд.м³), нафта (234 млн.т), медзь, поліметалы, уранавыя руды, вугаль, мінер.буд. матэрыялы (гіпс, даламіты, гліны, ракушачнік і інш.). Больш за 130 крыніц мінер. вод. Клімат кантынентальны. Лета гарачае і засушлівае, зіма мяккая. Сярэдняя т-раліп. 22—25 °C (у гарах 14 °C), студз. -5 °C (у гарах да -10 °C). Ападкаў на раўніне 300—350 мм за год, у перадгор’ях больш за 600 мм. Найб. рэкі: Кубань, Кума, Калаус, Егарлык. Азёры: Тамбуканскае (з запасамі лекавай гразі), частка воз. Маныч-Гудзіла, Цаган-Хак, Салёнае і інш.Вадасх. Краснае, Егарлыкскае і інш. Глебы чарназёмныя, каштанавыя, алювіяльныя, на горных схілах горна-лясныя, горналугавыя, на У і ПнУ бурыя з саланцамі і саланчакамі. Большая ч. С.к. ў стэпавай і паўпустыннай прыродных зонах. Пад лесам (бук, дуб, граб, елка, піхта) каля 4%, пераважна ў гарах. Стэпы з разнатраўна-кавыльнай (на ПнЗ) і палынова-ціпчакова-кавыльнай (ПнУ і У) расліннасцю, на крайнім У паўпустыні са злакава-палыновай і палыновай расліннасцю.
Гаспадарка. С.к. — рэгіён са шматгаліновым індустр.-агр.-рэкрэацыйным комплексам. Сярод розных галін прам-сці вылучаюцца харч., хім., маш.-буд. і металаапр., паліўная, буд. матэрыялаў, лёгкая, электраэнергетыка. Харч.прам-сць (21,9% кошту прамысл. прадукцыі) грунтуецца на магутнай базе с.-г. сыравіны. Развіты мясная і мясакансервавая, масласыраробная, піваварная, тытунёвая, вінаробная, рыбная, кансервавая, мукамольна-крупяная і інш.). Вытв-сцьмінер. вод «Есентукі», «Нарзан», «Нагуцкая». Хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. смолы, пластмасы, тэхн. вуглярод, прадукцыя быт. хіміі), маш.-буд. і металаапр. (станкі, інструменты, тэхналагічная аснастка, с.-г. машыны, аўтапрычэпы, электратэхн. вырабы, кінатэхніка, халадзільнае абсталяванне, паўправадніковая тэхніка), лёгкая (ваўнамыйная, тэкст., абутковая), вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Здабыча прыроднага газу (330 млн.м³, 1999) і нафты (908 тыс.т). Вытв-сць электраэнергіі 17,7 млрд.кВт∙гадз (1999). Стаўрапольская і Нявіннамыская ДРЭС. Егарлыкская і Кубанская ГЭС. С.к. — важны с.-г. рэгіён Расіі. Пл.с.-г. угоддзяў 5,4 млн.га, у т. л. пад ворнымі землямі 3,9 млн.га. Пасевы азімай пшаніцы (1,2 млн.га), цукр. буракоў, сланечніку, кукурузы, грэчкі, гарчыцы, рапсу; на арашальных землях — рыс, на засушлівых — проса. Агародніцтва, бульбаводства. Збор (тыс.т, 1999): збожжа — 3293 (2-е месца ў Расіі), сланечніку — 277,5, цукр. буракоў — 512,3, бульбы —351,2. Вінаградарства, садоўніцтва, бахчаводства. Гадуюць (тыс. галоў) буйн. раг. жывёлу (446), свіней (510), авечак (1425). Птушкагадоўля. Пчалярства. Рыбаводства. Вытв-сць воўны (1999) 7168 т (2-е месца ў Расіі). Танкарунная племянная авечкагадоўля. Арашэнне зямель і абвадненне пашы (Вял. Стаўрапольскі, Нявіннамыскі, Кума-Маныцкі і інш. каналы). Даўж. чыгункі 944 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 7447 км. Асн. чыгункі Нявіннамыск—Мінеральныя Воды—Пяцігорск, Пяцігорск—Есентукі—Кіславодск, аўтадарогі Георгіеўск—Мінеральныя Воды—Нявіннамыск, Мінеральныя Воды—Пяцігорск—Есентукі—Кіславодск і інш. Газаправоды ў Маскву, С.-Пецярбург. Курорты: Каўказскія Мінеральныя Воды, Кумагорск.