МІНДА́ЛІНЫ,
вялікая колькасць лімфоіднай тканкі ў слізістай абалонцы верхніх дыхальных шляхоў і пачатковых аддзелах страўнікавага тракту наземных пазваночных жывёл і чалавека; органы лімфоіднай сістэмы. У млекакормячых жывёл і чалавека М. кальцом абкружаюць уваход у глотку, уключаюць М. парныя паднябенныя (паміж паднябеннымі дужкамі), трубныя (паміж адтулінамі еўстахіевых труб і мяккім паднябеннем), няпарныя языковую (каля кораня языка), глотачную (пасярэдзіне задняй ч. верхняй сценкі глоткі). Выконваюць ахоўную ролю арганізма ад мікробаў, удзельнічаюць у выпрацоўцы імунітэту. Захворванне М. — востры танзіліт, або ангіна. У многіх птушак і млекакормячых ёсць страваводная М. (у сценцы задняга аддзела стрававода).
А.С.Леанцюк.
т. 10, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАЛЬНІ́ЦА,
атмасферная з’ява, пры якой у магутных кучава-дажджавых воблаках, паміж імі або паміж воблакамі і зямлёй узнікаюць моцныя эл. разрады — маланкі, якія суправаджаюцца громам. У час Н. звычайна бывае лівень, часам град, адзначаецца імклівы вецер — шквал. Здараюцца Н. без ападкаў. Адрозніваюць Н. франтальныя, што ўзнікаюць на стыку франтоў атмасферных, і ўнутрымасавыя, якія ўтвараюцца ў выніку мясц. прагравання паветра ад зямной паверхні. На зямным шары адначасова адбываецца да 1800 Н. На Беларусі за год у кожным пункце бывае ў сярэднім 25—30 сут з Н., пераважна летам (чэрв., ліпень), найчасцей над узвышанымі ўчасткамі паверхні.
т. 11, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́ЦЬ, паветка,
у беларусаў гаспадарчая пабудова на сял. двары для захоўвання с.-г. прылад (калёс, саней і інш. начыння), а таксама дроў. Найчасцей бываюць адкрытыя (у выглядзе навеса) ці агароджаныя дошкамі. Аснову каркаснай канструкцыі складаюць слупы (сохі, паўсошкі) або крыжы, злучаныя паміж сабой суцэльным бервяном (правілам), на якое навешваюцца кроквы. Паверх крокваў прымацоўваюцца латы пад пакрыццё 1- або 2-схільнай страхі. Звычайна займае свабоднае месца паміж дзвюма пабудовамі. П., дзе захоўваецца с.-г. інвентар, звычайна наз. вазоўняй ці абозняй, для дроў — дрывотняй або дрывотнікам. Пашырана па ўсёй Беларусі.
У.С.Гуркоў, С.А.Сергачоў.
т. 11, с. 469
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНТАГМА́ТЫКА,
адзін з двух (разам з парадыгматыкай) сістэмна-структурных планаў арганізацыі мовы і аспектаў яе даследавання; сукупнасць заканамернасцей, што вызначаюць адносіны паміж адзінкамі ў патоку маўлення, у выказвальным ланцужку. Сінтагматычныя адносіны засн. на лінейнасці маўлення — абавязковай размеркаванасці яго ў часе; узнікаюць паміж адзінкамі аднаго ўзроўню (фанемамі, марфемамі, словаформамі, сказамі). Сінтагматычныя адносіны заўсёды наяўныя ў маўленні і проціпастаўляюцца адносінам парадыгматычным, што існуюць у моўнай свядомасці носьбіта мовы ў выглядзе асацыятыўных груповак адзінак (або парадыгматычных класаў), з якіх робіцца выбар адной з іх для ўключэння ў сінтагматычны ланцужок — выказванне адпаведнай структуры.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАМАГНІ́ТНЫЯ З’ЯВЫ,
з’явы, у якіх праяўляецца сувязь паміж магнітнымі момантамі мікрааб’ектаў (электронаў, пратонаў, атамных ядраў і інш.) і іх момантамі імпульсаў (мех. момантаў); тое, што магнітамеханічныя з’явы.
т. 5, с. 261
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРУЭ́Т (ад франц. pirouette),
у танцы поўны кругавы паварот (ці некалькі паваротаў) танцоўшчыка на месцы на адной назе. Асобныя П. могуць аб’ядноўвацца паміж сабою танцавальнымі крокамі (па).
т. 12, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМ (ад лац. vacuum пустата) у тэхніцы, стан разрэджанага газу пры цісках, значна меншых за атмасферны. Паводзіны газу ў вакуумных прыстасаваннях вызначаюцца суадносінамі паміж даўжынёй свабоднага прабегу l малекул або атамаў і памерам d, характэрным для дадзенай прылады ці працэсу (напр., адлегласць паміж сценкамі сасуда, дыяметр трубаправода, адлегласць паміж электродамі). У залежнасці ад суадносін l і d адрозніваюць вакуум нізкі (пры l), сярэдні (пры l ≈ d) і высокі (пры l ≫ d). Пры яшчэ меншых цісках вакуум называюць звышвысокім, калі ў 1 см³ застаецца ўсяго некалькі дзесяткаў малекул (пры атм. ціску ў 1 см³ іх ~1019).
У вакуумных прыладах і ўстаноўках з d ≈ 10 см нізкаму вакууму адпавядае вобласць ціскаў вышэй за 100 Па, сярэдняму — ад 100 да 0,1 Па, высокаму — ад 0,1 да 10−6 Па, звышвысокаму — ніжэй за 10−6 Па. Уласцівасці газу ў нізкім вакууме вызначаюцца частымі сутыкненнямі паміж малекуламі газу, цячэнне газу вязкаснае, гал. роля ў праходжанні току належыць іанізацыі малекул. У высокім вакууме ўласцівасці газу вызначаюцца сутыкненнямі яго малекул са сценкамі сасуда, ток праходзіць толькі пры наяўнасці эмісіі электронаў і іонаў электродамі. Уласцівасці газу ў сярэднім вакууме прамежкавыя. Звышвысокі вакуум вызначаецца паводзінамі ў вакууме паверхняў цвёрдых цел. Ствараецца і падтрымліваецца вакуум вакуумнымі помпамі, вентылямі, клапанамі і інш. прыстасаваннямі і прыладамі (гл. Вакуумная тэхніка)-, вымяраецца вакуумметрамі. Выкарыстоўваецца вакуум ў вакуумнай металургіі, пры вакуумаванні бетону і сталі, вакуум-фармаванні вырабаў з тэрмапластаў, стварэнні вакуумных пакрыццяў і інш.
У.М.Сацута.
т. 3, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ПЕРАМІ́Р’І 1917,
пагадненне аб часовым спыненні ваен. дзеянняў паміж Сав. Расіяй і дзяржавамі герм. блока, заключанае 2(15).12.1917 у Брэст-Літоўску. Гл. Брэсцкі мір 1918.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЯТЧА́ТКА,
1) поліцукрыд, тое, што цэлюлоза. 2) Рыхлая валакністая неаформленая злучальная тканка, іншы раз з уключэннем тлушчавай тканкі паміж унутр. органамі, вакол сасудаў, нерваў, касцей, суставаў і інш.
т. 8, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РСКАЕ МО́РА,
паўднёва-ўсходняя частка Баранцава м., паміж а-вамі Калгуеў і Вайгач. Глыб. да 210 м. Прылівы няправільныя паўсутачныя. Ад ліст. да чэрв. ўкрыта плывучымі льдамі. Рыбалоўства.
т. 13, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)