ДВА́ЦЦАЦЬ ТРЭ́ЦІ З’ЕЗД КПБ (нечарговы). Адбыўся 14—15.1.1959 у Мінску. Прысутнічала 645 дэлегатаў з рашаючым і 83 з дарадчым голасам ад 187 909 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і задачы Кампартыі Беларусі (К.​Т.​Мазураў). Падрыхтоўка да з’езда супала са святкаваннем 40-годдзя БССР і КПБ, узнагароджаннем рэспублікі другім ордэнам Леніна. У дакладзе адзначаліся вынікі эканам. развіцця Беларусі за 1956—58: аб’ём прамысл. вытв-сці павялічыўся на 41%, у лік дзеючых уступілі Мінскія з-ды аўтам. ліній, трактарных запчастак, гадзіннікавы, электратэхнічны, ацяпляльнага абсталявання, камвольны камбінат; Полацкі з-д шкловалакна, 1-я чарга Васілевіцкай, 2-я чарга Смалявіцкай ДРЭС. Валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі ў 1953—58 вырасла ў 2,2 раза, у т. л. жывёлагадоўлі ў 3,1 раза. Павялічваліся маштабы буд-ва (у 1958 пабудавана 1,7 млн. м² жылля, у вёсцы — 28 тыс. дамоў). Аднак дакладчык і выступаючыя ў спрэчках (24 чал.) адзначалі недахопы ў развіцці нар. гаспадаркі, культуры: невыкананне многімі прамысл. і с.-г. прадпрыемствамі даведзеных ім заданняў, марудны рост прадукцыйнасці працы, вял. выдаткі на выпуск адзінкі прадукцыі, вял. аб’ём незавершанага буд-ва і інш. З’езд ухваліў кантрольныя лічбы развіцця нар. гаспадаркі СССР на 1959—65 і дырэктыўныя ўстаноўкі для Беларусі.

Р.​П.​Платонаў.

т. 6, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТАЛЯХІ́МІЯ,

раздзел хіміі, у якім вывучаюцца прасторавае размяшчэнне і характар узаемадзеяння паміж атамамі, іонамі, малекуламі, з якіх складаюцца крышталі, а таксама сувязь паміж структурай крышталёў і іх уласцівасцямі.

Асн. характарыстыкай структуры крышталёў з’яўляецца элементарная ячэйка, якая адлюстроўвае характар сіметрыі крышталёў, узаемнае размяшчэнне, каардынацыйны лік і адлегласці паміж атамамі (іонамі, малекуламі) у крышталях. Элементарныя ячэйкі маюць форму шматграннікаў, а сукупнасць такіх шматграннікаў з агульнымі гранямі складае прасторавую крышталічную рашотку. К. вызначае фактары, якімі абумоўлены характар сіметрыі і структура элементарнай ячэйкі; устанаўлівае тып крышталёў — іх прыналежнасць да кавалентных (атамы ў рашотцы злучаны кавалентнай сувяззю), іонных крышталёў, метал. (атамы злучаны металічнай сувяззю) ці малекулярных крышталёў, а таксама вывучае ўплыў структуры і характару хім. сувязі на ўласцівасці крышт. рэчываў. Устанаўленне колькаснай залежнасці паміж крышт. структурай і ўласцівасцямі рэчываў неабходна для стварэння новых матэрыялаў з зададзенымі ўласцівасцямі. К. вылучылася з крышталяграфіі і як самастойная навука сфарміравалася пасля адкрыцця дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў (1912) і даследаванняў У.Г.Брэгам і У.Л.Брэгам крышт. структуры шэрагу хім. індывідуальных цвёрдых рэчываў (1913—15) з дапамогай рэнтгенаструктурнага аналізу. Гл. таксама Хімія цвёрдага цела.

Літ.:

Бокий Г.Б. Кристаллохимия. 3 изд. М., 1971;

Урусов В.С. Теоретическая кристаллохимия. М., 1987;

Уэллс А.Ф. Структурная неорганическая химия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1987—88.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 8, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ЧБЫ,

умоўныя знакі для абазначэння лікаў. У вузкім сэнсе — знакі 0, 1, 2, 3, 4, 5, 6, 7, 8, 9.

Найб. раннім з’яўляецца запіс лікаў словамі, які захоўваўся, напр., у матэматыкаў Сярэдняй Азіі і Б. Усходу да 10 ст. З развіццём эканомікі ўзнікла неабходнасць стварэння больш дасканалых спосабаў абазначэння лікаў і распрацоўкі прынцыпаў іх запісу (сістэм лічэння). Самыя старажытныя Л. з’явіліся ў 3—2-м тыс. да н. э. (Вавілон, Стараж. Егіпет, Кітай). Напр., вавілонскія Л. ўяўлялі сабой клінапісныя знакі для абазначэння лікаў 1, 10 і 100 (ці толькі 1 і 10); астатнія натуральныя лікі запісвалі з дапамогай іх злучэння. У егіпецкай іерагліфічнай нумарацыі існавалі асобныя знакі для абазначэння адзінак дзесятковых разрадаў. З 1-га тыс. да н. э. многія народы (грэкі, фінікійцы, арабы, армяне, славяне і інш.) з алфавітным пісьмом Л. абазначалі літарамі алфавіта; у славянскай нумарацыі пры гэтым зверху ставіўся спец. знак (цітла). У сярэднія вякі ў Еўропе карысталіся рымскай нумарацыяй, у якой асобнымі знакамі (рымскімі лічбамі) можна было запісаць любы лік да мільёна. Больш дасканалая нумарацыя ўзнікла ў Індыі не пазней 5 ст.; у Еўропу яе перанеслі арабы (адсюль назва арабскія Л.); сучасная дзесятковая сістэма лічэння вядома з 15 ст. Гл. таксама Лічэнне.

В.​І.​Бернік.

т. 9, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМАВЕ́РНАСЦЕЙ ТЭО́РЫЯ,

матэматычная тэорыя, якая вывучае імавернасці выпадковых падзей і дае магчымасць вызначыць імавернасці складаных падзей праз імавернасці простых, калі вядома, як састаўлены з іх складаныя падзеі. Асн. аб’ект вывучэння І.т. — паслядоўнасці і сем’і выпадковых велічынь. І.т. будуецца на аснове мностваў тэорыі і тэорыі меры (гл. Мера мноства). Гэты падыход распрацаваны А.М.Калмагоравым. І.т. выкарыстоўваецца ў стат. фізіцы, матэм. статыстыцы, імавернаснай логіцы, а таксама ў біялогіі, ваен. справе, тэхніцы і інш.

Зыходныя паняцці І.т. — паняцці выпадковай падзеі і яе імавернасці. Падзеі рэчаіснасці бываюць: дакладныя — заўсёды адбываюцца; немагчымыя — ніколі не адбываюцца; выпадковыя — часам адбываюцца, а часам не. З двух выпадковых падзей A і B можна ўтварыць складаныя падзеі: аб’яднанне (суму) A∪B — {адбудзецца ці A, ці B}, перасячэнне (здабытак) A∩B — {адбудуцца і A і B}, рознасць A\B — {адбудзецца A, але не адбудзецца B}. Выкарыстоўваючы гэтыя аперацыі над дзвюма ці больш падзеямі, атрымліваюць складаныя падзеі. Мяркуецца, што для кожнай выпадковай падзеі A вызначана імавернасць — лік P(A), які задавальняе ўмовам: P(A)>0; калі падзеі A і B не могуць адбыцца адначасова, тады P(A∪B) = P(A) + P(B); імавернасць дакладнай падзеі роўна 1. У прасцейшых выпадках гэтыя ўмовы відавочныя; у агульным выпадку яны прымаюцца без доказу (аксіёмы). Па фармальных (матэм.) правілах атрымліваюць шэраг тэарэм пра імавернасці складаных падзей. Калі ажыццяўленне падзеі A не залежыць ад таго, адбудзецца ці не падзея B, тады A і B — незалежныя падзеі. Імавернасць P(A∩B) сумеснага ажыццяўлення дзвюх незалежных падзей A і B роўна P(A)∙P(B). Часам, калі нават дакладна можна запісаць імавернасці пэўных выпадковых падзей, вылічыць іх цяжка. Напр., імавернасць Pn(m) таго, што ў серыі з n незалежных ажыццяўленняў выпадковай падзеі A з P(A) = p(p ≠ 0,1) яна адбудзецца m разоў, роўна Cnmp​mq​n-m, дзе Cnmлік спалучэнняў з n элементаў na m, q = 1 − p. Пры вялікіх n і m для вылічэння імавернасцей тыпу Pn(m) выкарыстоўваюць лімітавыя тэарэмы: 1) калі n→∞, то Pn(m) ~ 1 2πnpq e x2 2 пры ўмове, што x = m np npq застаецца ў межах фіксаванага інтэрвалу (лакальная тэарэма Муаўра—Лапласа); 2) пры кожных фіксаваных ліках a і b, (a<b), limP ( a m np npq < b ) = 1 2π a b e x2 2 dx (інтэгральная тэарэма Муаўра—Лапласа). Да лімітавых тэарэм адносіцца таксама вялікіх лікаў закон, які мае важнае значэнне для філас. асэнсавання І.т. і ў дастасаваннях. Вял. ўклад у развіццё лімітавых тэарэм зрабілі П.​Л.​Чабышоў і А.​М.​Ляпуноў. Узнікненне большасці лімітавых тэарэм звязана з тэорыяй выпадковых працэсаў. На Беларусі І.т. даследуецца ў асноўным ў БДУ (Г.​А.​Мядзведзеў, Ю.​С.​Харын і інш.).

Літ.:

Гнеденко Б.В. Курс теории вероятностей. 6 изд. М., 1988;

Колмогоров А.Н. Основные понятия теории вероятностей. М.; Л., 1936;

Лоэв М. Теория вероятностей: Пер. с англ. М., 1962;

Феллер В. Введение в теорию вероятностей и ее приложения: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1984;

Ширяев А.Н. Вероятность. М., 1980.

В.​І.​Бернік, У.​Г.​Спрынджук.

т. 7, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЗО́ЎНІК,

знамянальная часціна мовы, якая характарызуецца грамат. значэннем прадметнасці. Н. абазначаюць канкрэтныя прадметы, жывых істот, абстрактныя паняцці, рэчывы, апрадмечаныя дзеянні, якасці, уласцівасці, працэсы, з’явы і інш. Паводле значэння падзяляюцца на агульныя («горад», «паэт») і ўласныя («Васіль», «Свіцязь»), адушаўлёныя («чалавек», «мыш») і неадушаўлёныя («вецер», «мора»), асабовыя («мужчына», «патрыёт») і неасабовыя («неба», «алень»), канкрэтныя («стол», «год») і абстрактныя («воля», «слава»), зборныя («моладзь», «крылле»), рэчыўныя («лён», «хлеб»). Значэнне прадметнасці могуць набываць інш. самаст. і службовыя часціны мовы (гл. Субстантывацыя). Н. мае: род — мужчынскі («горад»), жаночы («вёска»), ніякі («сяло»); л і к — адзіночны і множны («сад — сады»); склон — назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, месны. У бел. мове бываюць Н. агульнага роду («сірата»), Н., якія ўжываюцца толькі ў адзіночным («трысцё») або множным ліках («нетры»); у дыялектах захаваліся рэшткі парнага ліку («дзве вярбе», «дзве вядрэ») і клічнай формы («браце», «сынку»). Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення. Нешматлікія Н. рознаскланяльныя («імя», «дзіця») і нязменныя («таксі», «калібры»), Утвараюцца афіксальным (суфіксальным: «касец», «паляшук»; прэфіксальным: «прыгарад», «нядоля»; прэфіксальна-суфіксальным: «падпечак», «пралеска»); бязафіксным («кліч», «сон») спосабамі, асноваскладаннем («крыгаход», «вадаспад»), абрэвіяцыяй («калгас», «БДУ») і інш. Могуць уступаць у сэнсава-сінтакс. сувязі з інш. словамі ў сказе і ўтвараць адпаведныя тыпы словазлучэнняў. У сказе найчасцей выконваюць ролю дзейніка, дапаўнення ці прыдатка, радзей — выказніка, акалічнасці, азначэння.

Літ.:

Жыдовіч М.А. Назоўнік у беларускай мове. Ч. 1. Адзіночны лік. Мн., 1969;

Наркевіч А.І. Назоўнік: Грамат. катэгорыі і формы. Мн., 1976;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 11, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ДЫНА́МІКА,

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух газападобных і вадкіх асяроддзяў з улікам сціскальнасці і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Сучасная газавая дынаміка вывучае таксама цячэнне газаў пры высокіх т-рах, што суправаджаецца хім. (дысацыяцыя, гарэнне і інш.) і фіз. (іанізацыя, выпрамяненне і інш.) працэсамі. Да газавай дынаміцы адносяцца таксама радыяцыйная газавая дынаміка, дынаміка плазмы, дынаміка выбуху і дэтанацыі, дынамічная метэаралогія і інш. Газавая дынаміка цесна звязана з тэрмадынамікай.

Газавая дынаміка займаецца вывучэннем сіл, якія дзейнічаюць на самалёт, снарад, ракету, на лапаткі турбін, вызначэннем найбольш прыдатных (абцякальных) формаў гэтых цел, разлікам соплаў, дыфузараў, эжэктараў, эксперым. даследаваннямі ў аэрадынамічных трубах, мадэляваннем на ЭВМ і інш. Тэарэт. разлікі пераносяцца на натуру метадамі падобнасці тэорыі. Найб. важная характарыстыка газавых патокаў — лік Маха: М = ν/a (ν — скорасць газу, а — скорасць гуку ў газе). Пры скарасцях газаў, меншых за скорасць гуку ў газе (М<1), сціскальнасць газу надае патоку толькі якасныя змены, а пры скарасцях газу, большых за скорасць гуку ў газе (М>1), рух цела суправаджаецца ўзнікненнем ударнай хвалі і рэзкім ростам супраціўлення руху. Вялікі ўклад у развіццё газавай дынамікі зрабілі вучоныя: расійскі С.​А.​Чаплыгін, савецкія С.​А.​Хрысціяновіч, А.​А.​Дарадніцын, Л.​І.​Сядоў, ням. Л.​Прандтль, Т.​Маер, англ. Дж.​І.​Тэйлар і інш.

На Беларусі даследаванні па газавай дынаміцы пачаліся ў 1960-я г. ў АН Беларусі і БДУ. Вынікі даследаванняў па газавай дынаміцы выкарыстоўваюцца ў фізіцы плазмы, балістыцы, ракета- і турбамашынабудаванні і інш.

Літ.:

Абрамович Г.Н. Прикладная газовая динамика. Ч. 1—2. 5 изд. М., 1991;

Зельдович Я.Б., Райзер Ю.П. Физика ударных волн и высокотемпературных гидродинамических явлений. 2 изд. М., 1966.

Л.​Я.​Мінько.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНЫЯ СПЕ́КТРЫ,

спектры, якія ўзнікаюць пры выпрамяненні і паглынанні фатонаў свабоднымі ці слаба ўзаемадзейнымі атамамі (атамнымі газамі, парай невял. шчыльнасці). Лінейчастыя, складаюцца з асобных спектральных ліній, кожная з якіх адпавядае пераходу электрона паміж двума адпаведнымі ўзроўнямі энергіі атама.

Спектральныя лініі характарызуюцца пэўнымі значэннямі частаты ваганняў святла ν, хвалевага ліку ν/c і даўжыні хвалі λ=c/ν, дзе c — скорасць святла ў вакууме. Для найбольш простых атамных спектраў, якімі з’яўляюцца спектры атама вадароду і вадародападобных іонаў, месцазнаходжанне спектральных ліній вызначаецца па формуле: 1 λ = ν c = Eni Enk hc = RZ2 ( 1 n2k 1 n2i ) , дзе En — энергія ўзроўню, h — Планка пастаянная, R — Рыдберга пастаянная, Z — атамны нумар, n — галоўны квантавы лік. Спектральныя лініі аб’ядноўваюцца ў спектральныя серыі, адна з якіх (пры nk=2, ni=3, 4, 5) наз. серыяй Бальмера; адкрыццё яе ў 1885 дало пачатак выяўленню заканамернасцяў у атамных спектрах. Спектры атамаў шчолачных металаў, якія маюць адзін знешні электрон, падобны да спектра атама вадароду, але зрушаны ў бок меншых частот, колькасць спектральных серый павялічана, заканамернасці ў спектрах апісваюцца больш складанымі формуламі. Атамы, у якіх дабудоўваюцца dw- і f-абалонкі (гл. ў арт. Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева), маюць найб. складаныя спектры (многа соцень і тысяч ліній).

Тэорыя атамных спектраў заснавана на характарыстыцы электронаў у атаме квантавымі лікамі n і 1 і дазваляе вызначыць магчымыя ўзроўні энергіі. Вывучаны спектры вял. колькасці нейтральных і іанізаваных атамаў, расшчапленне спектральных ліній атамаў у магнітным (Зеемана з’ява) і ў электрычным (Штарка з’ява) палях. З дапамогай атамных спектраў вызначаецца састаў рэчыва (спектральны аналіз).

Літ.:

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскоп я. М., 1962;

Фриш С.Э. Оптические спектры атомов М.; Л., 1963;

Собельман И.И. Введение в теорию атомных спектров. М., 1977.

М.​А.​Ельяшэвіч.

т. 2, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. valentia сіла),

здольнасць атама хім. элемента ўтвараць пэўную колькасць хімічных сувязяў з інш. атамамі. Паняцце «валентнасць» увёў англ. хімік Э.Франкленд (1853). Велічыня валентнасці атама хім. элемента вызначаецца колькасцю атамаў вадароду (прынята лічыць аднавалентным), якія ён далучае пры ўтварэнні гідрыдаў (злучэнні з вадародам). Напр., атам хлору далучае 1 атам вадароду (хлорысты вадарод HCl), атам кіслароду — 2 атамы (вада H2O), таму валентнасць хлору і кіслароду ў гэтых злучэннях адпаведна 1 і 2. Паняцце «валентнасць» атрымала развіццё ў квантава-хім. тэорыі хім. сувязі. Паводле гэтай тэорыі велічыня валентнеасці атама (спін-валентнасць) вызначаецца колькасцю электронных пар, якія фарміруюцца пры ўтварэнні хім. сувязяў паміж дадзеным і інш. атамамі за кошт абагульнення іх электронаў з няспаранымі спінамі. Электроны атама, якія могуць удзельнічаць у фарміраванні агульных электронных пар, наз. валентнымі (электроны вонкавых электронных слаёў). У атамах элементаў з недабудаваным перадапошнім слоем (напр., у атамаў жалеза Fe, марганцу Mn, вальфраму W) валентнымі могуць быць і некаторыя электроны гэтага слоя. Многія элементы маюць пераменную валентнасць (напр., у серавадародзе H2S, аксідах SO2 і SO3 валентнасць серы адпаведна 2, 4, 6).

Валентнасць вызначаецца толькі колькасцю кавалентных сувязяў. Для злучэнняў з іоннай сувяззю выкарыстоўваецца паняцце акіслення ступень, якая колькасна роўная валентнасці, але дадаткова характарызуецца дадатным ці адмоўным знакам. У комплексных злучэннях і іонных крышталях каардынацыйны лік атамаў (іонаў) перавышае велічыню спін-валентнасці, таму карыстаюцца паняццем каардынацыйнай валентнасці, якая колькасна роўная суме спін-валентнасці і колькасці атамаў (іонаў), дадаткова звязаных з валентнанасычаным атамам. Напр., у комплексным злучэнні гексафтораалюмінат (III) натрыю Na3[AlF6] спін-валентнасць атама алюмінію 3, ступень акіслення +3, але пры ўтварэнні злучэння з AlF3 і NaF атам валентнанасычанага Al дадаткова хімічна звязваецца з 3 іонамі F​, таму каардынацыйная валентнасць алюмінію ў гэтым злучэнні 6. Гл. таксама Комплексныя злучэнні, Малекула, Крышталі.

Літ.:

Чаркин О.П. Проблемы теории валентности, химической связи, молекулярной структуры. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 3, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛІЎНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

сукупнасць галін прамысловасці, занятых здабычай і перапрацоўкай мінеральнага паліва; частка паліўна-энергетычнага комплексу. Уключае нафтаздабыўную, нафтаперапрацоўчую, газавую, вугальную, тарфяную і сланцавую прамысловасці (гл. адпаведныя артыкулы).

П.п. сфарміравалася як галіна цяжкай прамысловасці ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў выніку індустр. асваення запасаў карысных выкапняў (вугалю, нафты, прыроднага газу). Да сярэдзіны 20 ст. асн. яе галіной была вугальная прамысловасць. З сярэдзіны 1950-х г. паскорана развіваюцца нафтавая і газавая прамысловасць. На развіццё П.п. паўплывалі сусветныя энергет. крызісы 1973—74 і 1979—80-х г. Рост цэн на нафту абумовіў павелічэнне здабычы вугалю. гаручых сланцаў і торфу.

У агульнай здабычы нафты першыя месцы займаюць краіны Б. і Сярэдняга Усходу; у лік лідэраў уваходзяць Расія, ЗША, Саудаўская Аравія, Іран, Кітай, Мексіка, Венесуэла. Па ўзроўні здабычы прыроднага газу вылучаюцца Расія, ЗША, Канада, Нідэрланды, Вялікабрытанія, Нарвегія. Асн. частка здабычы вугалю прыпадае на Кітай, ЗША, Расію, Германію, Аўстралію, Паўд.-Афр. Рэспубліку; торфу — на Расію, Ірландыю, Беларусь, Германію і Фінляндыю.

На Беларусі прадукцыя П.п. ў 1999 склала 13 млн. т умоўнага паліва. Здабыча нафты на Беларусі вядзецца з 1965. У эксплуатацыі знаходзяцца 37 радовішчаў; найбуйнейшыя з іх — Рэчыцкае, Асташкавіцкае, Вішанскае, Заходне-Цішкаўскае, Паўднёва-Асташкавіцкае. Макс. аб’ём здабычы нафты дасягнуты ў 1975 (7953 тыс. т); потым ён паступова скарачаўся і з 1984 стабілізаваўся ў межах 2 млн. т. У працэсе здабычы нафты вядзецца адбор спадарожнага газу (у 1999—255,8 млн. м³). Перапрацоўка нафты ажыццяўляецца ў Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе; іх сумарная магутнасць перавышае 40 млн. т за год. Прамысл. здабыча торфу на Беларусі вядзецца з 1896. У перыяд актыўнай распрацоўкі радовішчаў колькасць торфапрадпрыемстваў дасягала 200, у выніку скарачэння запасаў знізілася да 37. Наступную перапрацоўку ў торфабрыкеты ажыццяўляюць 32 прадпрыемствы. Больш за 50% торфу здабываецца ў Мінскай і Гомельскай абласцях.

А.​А.​Пінчук.

Здабыча паліва па відах на Беларусі
Нафта (уключаючы газавы кандэнсат), млн. т Газ натуральны, млн. м³ Паліўны торф (умоўнай вільготнасці), млн. т
1980 2,6 320 4,9
1985 2,0 224 4,8
1990 2,1 297 3,4
1995 1,9 266 3,1
1998 1,8 252 2,0

т. 12, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГАРЭІ́ЗМ,

філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст. н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​Л.​Адула.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)