КУРАПА́ТЫ,

урочышча пад Мінскам, за 200 м на ПнЗ ад мікрараёна Зялёны Луг, на тэр. Бараўлянскага с/с Мінскага р-на; месца масавых расстрэлаў. У крас. — маі 1988 у лясным масіве К. былі знойдзены астанкі людзей. У чэрв. 1988 створана ўрадавая камісія, Пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа. У працэсе расследавання правяраліся 2 версіі. Паводле адной, тут да вайны супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсіраваных жыхароў рэспублікі, паводле другой, у К. ляжаць ахвяры фаш. генацыду. У ходзе расследавання знойдзены шкілетныя астанкі людзей, рэчы загінуўшых. Вядзенне крымінальнай справы працягваецца. На ўшанаванне памяці ахвяр у К. пастаўлены крыжы, камень, шчыты з надпісамі, мемар. пліта.

т. 9, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́ТАПІС БЕЛАРУ́СКАЙ ЭМІГРА́ЦЫІ»,

часопіс. Выдаваўся з 1947 на бел. мове неперыядычна. Заснавальнік Л.​Галяк. Спачатку выходзіў у Германіі, з 1955 — у ЗША. У 1947—80 выйшла 14 нумароў пад назвай «Летапіс». У 1980—84 не выдаваўся. Адноўлены ў кастр. 1984 па ініцыятыве і пад рэдакцыяй М.​Панькова; выходзіў пад назвай «Летапіс жыцця беларускай эміграцыі». З вер. 1985 — «Л.б.э.». Друкаваў дакументы і матэрыялы з асабістага архіва заснавальніка, па гісторыі бел. эміграцыі з 1920-х г., інфармаваў пра навіны бел. друку. Шэраг матэрыялаў надрукаваны лацінкай, на англ. і польск. мовах. Пры рэдакцыі існавалі архіў і б-ка. Да крас. 1991 выйшла 76 нумароў.

Г.​В.​Запартыка.

т. 9, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ СЫН МАН (26.3.1875, б. прав. Хванхэ, Кар. Нар.-Дэмакр. Рэспубліка — 19.7.1965),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Д-р філасофіі (1910). Знаходзіўся ў роднасных сувязях з дынастыяй Лі. Скончыў Вашынгтонскі, Прынстанскі і Гарвардскі ун-ты (ЗША). З 1896 удзельнік кар. нац. руху; у 1898—1904 зняволены за арганізацыю студэнцкіх дэманстрацый. З 1904 у ЗША. У 1919—39 прэзідэнт т.зв. Кар часовага ўрада ў выгнанні. У вер. 1945 вярнуўся ў Карэю з амер. войскамі. З 1948 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. Пад націскам масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у крас. 1960 падаў у адстаўку. З 1960 у эміграцыі на Гавайскіх а-вах (ЗША).

т. 9, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ДАГАВО́Р 1915,

сакрэтнае пагадненне паміж Вялікабрытаніяй, Расіяй і Францыяй з аднаго боку і Італіяй з другога. Падпісана 26 крас. ў Лондане. Вызначаў умовы ўступлення Італіі, якая раней уваходзіла ў Траісты саюз, у 1-ю сусв. вайну 1914—18 на баку Антанты. Паводле дагавора Італія абавязалася не пазней чым праз месяц аб’явіць вайну Аўстра-Венгрыі і выступіць (без вызначэння дакладнага тэрміну) супраць «усіх... ворагаў» Антанты. У абмен на такую згоду Італіі дэкларавалася перадача некаторых тэрыторый у Адрыятычным і Эгейскім морах, М. Азіі, Афрыцы і інш. Пасля заканчэння вайны на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Італія дамагалася поўнага выканання ўмоў Л.д., але саюзнікі адхілілі многія яе прэтэнзіі.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГДАЛЕ́НА (Magdalena),

рака ў Калумбіі. Даўж. 1540 км, пл. бас. 260 тыс. км². Выток на Пд Цэнтр. Кардыльеры, да г. Нарэ цячэ па міжгорнай упадзіне паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, далей па Прыкарыбскай нізіне, упадае ў Карыбскае м. Гал. прытокі: Каўка і Сан-Хорхе (злева). Высокія ўзроўні (з затапленнем зямель у ніжнім цячэнні) у крас.—маі і вер.—лістападзе. У сярэднім цячэнні парогі. Сярэдні расход вады 8—10 тыс. м³/с. Суднаходства да г. Баранкілья да г. Ла-Дарада (каля 880 км) і ад г. Онда да Нейвы — у высокую ваду (370 км). У нізоўях М. пракладзены суднаходны канал да порта Картахена.

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДАЗБО́Р, ношка,

збіранне нектару і пылку з меданосных раслін і назапашванне іх пчоламі (мёд, пярга); таксама колькасць мёду, назапашанага пчоламі за які-н. перыяд. Забяспечвае перакрыжаванае апыленне меданосаў. Адрозніваюць М.: веснавы, летні, асенні; падтрымны (у межах патрэбы пчалінай сям’і) і прадукцыйны (да 2—3 за сезон), які выкарыстоўваецца для адбору таварнага мёду. Пчаліная сям’я нарыхтоўвае за сезон да 200—300 кг мёду і больш. На Беларусі М. працягваецца з крас. па вер. (гал. — у чэрв. і ліпені), няўстойлівы па гадах; макс. да 50 кг на пчаліную сям’ю за сезон. Асн. тыпы М.: вярбовы, пладова-ягадны, крушынавы, малінавы, лугавы, канюшынавы, грэцкі, верасовы.

т. 10, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМА́НАЎ (Нарыман Кербалай Наджафаглы) (14.4.1870, Тбілісі — 19.3.1925),

азербайджанскі сав. дзярж. дзеяч, пісьменнік. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Горы (1890) і Новарасійскі ун-т (Адэса, 1908). З 1905 чл. с.-д. арг-цыі «Гумет», з 1917 яе старшыня і чл. Бакінскага к-та РСДРП(б). З крас. 1918 Бакінскага СНК. У 1919—20 заг. Блізкаўсх. аддзела Наркамата замежных спраў, нам. наркома па справах нацыянальнасцей РСФСР. У 1920—21 старшыня часовага рэв. к-та, з 1921 — СНК Азерб. ССР, чл. Закаўказскага бюро і Закаўказскага краявога к-та ЦК РКП(б). З 1922 адзін са старшынь ЦВК СССР. Аўтар драм, камедый, рамана «Бахадур і Сона» (ч. 1—2, 1896).

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНГЕРМА́НСКІ САЮ́З (Alldeutscher Verband),

нацыяналістычная паліт. арг-цыя ў Германіі ў 1891—1939. Засн. ў крас. 1891 пры дапамозе прадпрымальніка А.​Гугенберга і калан. паліт. дзеяча К.​Петэрса. Да 1.7.1894 наз. Усеагульны ням. саюз (Allgemeiner Deutscher Verband). Дзейнічаў у кантакце з Калан. т-вам, Флоцкім саюзам, Імперскім аб’яднаннем супраць сацыял-дэмакратыі, Нацыянал-ліберальнай і Кансерватыўнай партыяй. З часоў Мараканскага крызісу 1911 знаходзіўся ў апазіцыі да палітыкі рэйхсканцлера Т. фон Бетман-Гольвега. У 1914—18 налічваў 30—40 тыс. чл. Пасля 1918 страціў паліт. актыўнасць. Ідэалогія — пангерманізм. Старшыні — Э.​Хасе (1893—1908), Г.​Клас (1908—39). Друкаваны орган — «Alldeutschen Blätter» («Пангерманскія лісты»). Забаронены нацыстамі вясной 1939.

т. 12, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1815,

мірны дагавор паміж удзельнікамі 7-й антыфранц. кааліцыі (Расіяй, Вялікабрытаніяй, Аўстрыяй і Прусіяй) і пераможанай Францыяй, падпісаны ў Парыжы 20 ліст. Завяршыў апошнюю з Напалеонаўскіх войнаў (крас.чэрв. 1815), у выніку якой у Францыі ў другі раз быў скінуты з прастола Напалеон I і адноўлена ўлада Бурбонаў (гл. «Сто дзён»), Умовы П.м.д. 1815 былі больш суровымі, чым умовы Парыжскага мірнага дагавора 1814. Францыя, зведзеная да межаў 1790, страчвала важныя стратэг. раёны (Філіпвіль, Саарлуі і інш.), павінна была выплаціць кантрыбуцыю (700 млн. франкаў), утрымліваць войскі саюзнікаў, якія заставаліся на яе тэр. на працягу 3—5 гадоў (фактычна акупацыя спынена ў 1818).

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́ТЭРС (Георгій Барысавіч) (27.7.1897, г. Масква — 18.5.1978),

удзельнік баёў у Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1924), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1929). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік вызвалення Беларусі ад герм. і польскіх інтэрвентаў у 1918—20. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., 3-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам П. вызначылася ў чэрв.ліп. ў час Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 пры вызваленні г. Орша і фарсіраванні Нёмана, у крас. 1945 у час штурму крэпасці Пілаў (цяпер г. Балтыйск, Расія). Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 12, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)