Раздра́й ’разгубленасць, неўсталяванасць, нестабільнасць’ (ЛіМ, 1994, 25 крас.). Ад раз- і драць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раске́піць ’расшчапіць’ (Касп.), раскяпі́ць ’раскалоць, расшчапіць’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Жд. 3, Юрч.), раскяпі́цца ’расшчапіцца’ (Касп.), раскёпка ’расшчапленне, расколванне’, сюды ж з метафарычным працягам семантычнага развіцця раскепіцца ’рассесціся’ (рагач., Наша Ніва, 2004, 16 крас.). Да ске́піць (гл.) са спрашчэннем падвойнага ‑с‑ на стыку прыстаўкі і кораня; гл. таксама скапа́ць. Параўн. рус. смал. раскепи́ть ’раскалоць (бервяно, дровы)’. Параўн. раскеп (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тата́рка ’зялёная цыбуля’ (беласт., Ніва, 1977, 3 крас.), татаркі́ ’пер’е цыбулі’ (кам., ЛА, 2). Укр. тата́рка ’цыбуля батун, Allium fistulosum L.’, дыял. татари́н ’тс’, рус. тата́рка ’тс’, польск. tatarka ’пер’е часнаку’. Ад этноніма тата́рын, тата́ры (гл.) з негатыўнай анатацыяй ’з рэзкім пахам’ на базе першаснага ’не свой, чужы’, гл. Беразовіч, Язык и трад. культура, 435; ЕСУМ, 5, 526; Брукнер, 567. Параўн. таксама татарак, татарнік, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Траска́1 ‘прамысловая рыба, Gadus morhua’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). З рус. треска́ ‘тс’, што збліжаюць з дыял. тре́ска (гл. трэска), нешта накшталт ‘рыба-трэска’ (сухая, нятлустая, а высушаная — расшчэпваецца, як дрэва), і аналагічна да ням. Stockfisch ‘траска’ (< Stock ‘палка’ і Fisch ‘рыба’) (Фасмер, 4, 100; ЕСУМ, 5, 645; Чарных, 2, 261–262; Арол, 4, 100). Белы (Наша Ніва, 2007, 27 крас.) падтрымлівае версію паходжання ад ст.-нарв. thorskr ‘штосьці, што належыць сушыць’, ‘сушаніна’ і характарызуе нарыхтоўку рыбы ў запас, а таксама запазычанне непасрэдна з мовы вікінгаў, што адлюстравалася таксама ў ірл. trosc і шатл. trosg ‘траска’.

Траска́2 ‘траста’ (Мат. Гом.; докш., Янк. Мат.), ‘дробныя частачкі, што застаюцца ад валокнаў лёну’ (лаг., Гіл.), трыска́ ‘лён, падняты і звязаны пасля вылежвання’ (Мат. Маг., 2). Параўн. рус. треста́ ‘кастрыца’, ‘сцябло лёну і канапель пасля сушэння’. Вынік своеасаблівага чаргавання спалучэння зычных *‑st‑/*‑sk‑: траста (гл.) — траска, трэскацца, аналагічна: *pustiti/*puskati > пусціць/пускаць (Трубачоў, Ремесл. терм., 85).

Траска́3 ‘дранка, тоненькія дошчачкі для пакрыцця даху, танчэйшыя за гонт’ (Жд. 1; докш., Янк. Мат.; лаг., Жыв. сл.; віл., Сл. ПЗБ), рус. пск. тре́ска, тре́ски ‘дранка’, ‘трэскі’. Да трэ́ска (гл.). Націск на канцы, відаць, характарызуе сукупнасць, як у літ. skiedrà, skalà ‘дранка’ і ў рус. щепа́, — дарэчы, усе яны абазначаюць як ‘трэска’, так і ‘дранка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)