адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана на У Беларусі, каля граніцы з Расіяй. Утворана 15.1.1938. Пл. 29 тыс.км². Нас. 1241,3 тыс.чал. (1998). Цэнтр — г.Магілёў. У вобласці 21 раён: Асіповіцкі, Бабруйскі, Быхаўскі, Бялыніцкі, Глускі, Горацкі, Дрыбінскі, Касцюковіцкі, Кіраўскі, Клімавіцкі, Клічаўскі, Краснапольскі, Круглянскі, Крычаўскі, Магілёўскі, Мсціслаўскі, Слаўгарадскі, Хоцімскі, Чавускі, Чэрыкаўскі, Шклоўскі (гл. адпаведныя артыкулы), 14 гарадоў, у т. л. 4 абласнога падпарадкавання — Магілёў, Асіповічы, Бабруйск, Горкі, 11 гар. пасёлкаў, 196 сельсаветаў, 3247 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці пераважна раўнінная. Усх.ч. займае Аршанска-Магілёўская раўніна, зах. — Цэнтральнабярэзінская раўніна. На ПнЗ — частка Аршанскага ўзвышша, на ПнУ — Горацка-Мсціслаўская ўзвышаная раўніна і частка Смаленскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 239 м. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. 126 м (урэз р. Сож, ніжэй в. Гайшын Слаўгарадскага р-на). Карысныя выкапні: цэментны мел і мергель (каля 75% агульнарэспубліканскіх запасаў цэм. сыравіны, Камунарскае, Сожскае, Каменкаўскае, Варонькаўскае радовішчы), фасфарыты, мел (найб. паклады ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Крычаўскім і Чэрыкаўскім р-нах), гліна і цагельныя суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. і сілікатныя пяскі, трэпел, торф, сапрапелі і інш. Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -8,2 °C на ПнУ да -6,5 °C на ПдЗ, у ліп. ад 17,8 °C на ПнУ да 18,7 °C на ПдЗ. Вегетац. перыяд 183—194 дні. Гадавая колькасць ападкаў 575—675 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Тэрыторыя М.в. адносіцца да бас. Дняпра, які перасякае вобласць з Пн на Пд. Найб. яго прытокі Лахва, Друць, Бярэзіна (справа), Сож (злева). Найб. прытокі Бярэзіны — Свіслач, Ольса, Ала; Друці — Аслік, Вабіч, Грэза; Сажа — Лабжанка, Волчас, Проня з Басяй і Растой, Бесядзь з Суравам і Жадунькай; на ПдЗ працякае р. Пціч (прыток Прыпяці). Азёр мала, яны невялікія. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (53,5%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,7%), тарфяна-балотныя (8,3%), поймавыя і інш. Паводле мех. складу пераважаюць сугліністыя (45,9%) і супясчаныя (38,7%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 15% сельгасугоддзяў, найб. у Быхаўскім, Бабруйскім, Глускім, Асіповіцкім і Горацкім р-нах. Пад лесам каля 34% тэр. вобласці. На хваёвыя лясы прыпадае 54,9%, яловыя і бярозавыя па 15,1, альховыя 5,6, дубовыя 5,4%. Найб. лясістасць на ПдЗ вобласці, у асобных раёнах больш за 50%. Пад лугамі 17,6%, каля палавіны іх нізінныя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць каля 7,7% тэр. вобласці, большасць іх асушана. На тэр. вобласці гідралагічныя заказнікі рэсп. значэння Заазер’е і Астравы Дулебы, 72 заказнікі мясц. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 33,3% тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду, у т. л. зона са шчыльнасцю забруджвання па цэзіі-137 больш як 5 Кі/км² займае 11,7% тэр. вобласці. Найб. забруджана радыенуклідамі тэр. Краснапольскага, Чэрыкаўскага, Касцюковіцкага і Слаўгарадскага р-наў.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,3%), жывуць таксама рускія (11,1%), украінцы (1,9%) і інш. Гарадскога насельніцтва 70,4% (1998). Сярэдняя шчыльн. 42,8 чал. на 1 км², сельскага насельніцтва 12,7 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Магілёў (369), Бабруйск (227), Асіповічы (33,8), Горкі (33,5). Колькасць насельніцтва мае тэндэнцыю да памяншэння (з 1992 смяротнасць насельніцтва перавышае нараджальнасць), павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост. З 1986 насельніцтва ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Слаўгарадскім і Чэрыкаўскім р-нах (найб. пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС) паменшылася на 40—50%.
Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. У ёй занята 29,4% працуючых. За 1991—97 аб’ём прамысл. прадукцыі знізіўся на 25%, вял. спад адбыўся ў чорнай металургіі (на 69%), прам-сці буд. матэрыялаў (на 48%). Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі хім. і нафтахім., маш.-буд., дрэваапр., буд. матэрыялаў, лёгкай і харчовай прам-сці. Вядучае месца (1997) належыць хім. і нафтахім. прадукцыі (28,7%), машынабудаванню і металаапрацоўцы (14,0%), лёгкай (10,1%) і харч. прам-сці. У 1996 у М.в. атрымана (у % да рэсп. вытв-сці): шын аўтамаб. і для с.-г. машын — 100, хім. валокнаў і нітак — 55, сінт. смол і пластмас — 40,6, электрарухавікоў пераменнага току — 59,6, магнітафонаў — 77, ліфтаў — 100, драўняна-валакністых пліт — 33,8, фанеры — 22, кардону — 27,6, цэменту — 43, шаўковых тканін — 39, цюлегардзінных вырабаў — 100, гумавага абутку — 48,7, безалкагольных напіткаў — 28, масла жывёльнага — 15,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Магілёве і Бабруйску; значныя прамысл. цэнтры — Асіповічы, Крычаў, Шклоў, Быхаў, Касцюковічы. Прадпрыемствы хім. прам-сці размешчаны пераважна ў Магілёве (аб’яднанне «Хімвалакно», якое выпускае поліэфірныя і віскозныя валокны і ніткі, прадукцыю аргсінтэзу, розныя тавары нар. ўжытку; рэгенератны з-д, хімкамбінат «Зара» і інш.), Бабруйску (шынны камбінат, вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, гідролізная вытв-сць) і Крычаве (вытв-сць гумавага абутку, гумава-тэхн. вырабаў). Машынабудаванне сканцэнтравана ў Магілёве (аўтамабільны з-д, выпускае самазвалы, падземныя аўтапаязды, скрэперы, бульдозеры, пагрузчыкі і інш.; «Магілёўтрансмаш» па вытв-сці аўтамаб. прычэпаў, гідраўлічных кранаў, рэфрыжэратараў і інш.; ліфтабудаўнічы з-д; аб’яднанне «Тэхнапрылада»; з-ды «Строммашына» і «Электрарухавік» і інш.), у Бабруйску (вытв-сць цэнтрабежных помпаў, вымяральных прылад, машын для ўнясення ўгнаенняў, трактарных дэталей і агрэгатаў і інш.), у Асіповічах (з-даўтамаб. агрэгатаў). У Магілёве працуе металургічны з-д, які выпускае стальныя і чыгунныя трубы. Самае буйное прадпрыемства дрэваапрацоўкі — фанера-дрэваапр. камбінат у Бабруйску; мэблю робяць у Бабруйску, Магілёве, Быхаве; у Шклове — папяровая ф-ка «Спартак». Прам-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена 2 цэментнымі прадпрыемствамі (у Крычаве і Касцюковічах), камбінатамі буд. матэрыялаў, сілікатных вырабаў, з-дамі зборных жалезабетонных вырабаў (пераважна Магілёў і Бабруйск), кардонна-руберойдным (Асіповічы), цагельнымі. Развітая лёгкая прам-сць уключае швейныя, трыкат., абутковыя, маст. вырабаў прадпрыемствы. У Магілёве буйныя прадпрыемствы «Магатэкс» (шаўковыя тканіны і вырабы з іх), «Стужка» (стужкаткацкія і гардзінныя вырабы), ф-ка галаўных убораў, у Бабруйску — гарбарны з-д, футравая, валюшна-лямцавая, люстраная ф-кі. На тэр. вобласці 10 ільнозаводаў. Харч.прам-сць прадстаўлена кандытарскай ф-кай «Чырвоны харчавік», маслабойным з-дам (Бабруйск), мясакамбінатамі (Магілёў, Бабруйск), 20 заводамі па перапрацоўцы малака, кансервава-агароднінасушыльным камбінатам (Быхаў) і інш.
Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, бульбаводстве ў спалучэнні з ільнаводствам. Усюды пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур, бульбы. У прыгарадных зонах гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,2% тэрыторыі, ворныя землі — 35,5% (1997). За 1986—91 з сельгасабароту выведзена 47 тыс. га сельгасугоддзяў, забруджаных радыенуклідамі. Акрамя таго, на 1.1.1997 доля забруджаных радыенуклідамі зямель у агульнай плошчы сельгасугоддзяў у грамадскім сектары складае 29,7%. М.в. дае 16,7% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 12,8% бульбы, 7,7% ільновалакна, каля 16% мяса (у жывой вазе), 12,6% малака (1997). За 1991—97 вытв-сць валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі знізілася на 27,4%, у т. л. прадукцыі жывёлагадоўлі — на 33,3%, раслінаводства — на 12,7%, у выніку чаго доля жывёлагадоўлі ў валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці панізілася і склала 52,3%, а раслінаводства павялічылася да 47,7%. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад ільном-даўгунцом. На 1.1.1998 у М.в. 445 фермерскіх гаспадарак, яны мелі 14,7 тыс. га сельгасугоддзяў, у т. л. 12,1 тыс. га ворнай зямлі. У карыстанні грамадзян (разам з фермерскімі гаспадаркамі) 13,2% сельгасугоддзяў і 14,7% ворнай зямлі. У 1997 у асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарках атрымана 85% бульбы, 82% агародніны, 94% садавіны і ягад. Развіта таксама жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, свінагадоўля, птушкагадоўля. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і птушкі зніжаецца (гл.табл. 2). Характэрна павелічэнне долі асабістых гаспадарак насельніцтва (разам з фермерскімі) у вытв-сці мяса (з 12,8% у 1990 да 24,7% у 1997) і малака (з 21,5% да 35,7%).
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 818 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Віцебск—Орша—Магілёў—Жлобін, Жлобін—Бабруйск—Мінск, Орша—Крычаў—Унеча, Крычаў—Магілёў—Асіповічы, якія звязваюць вобласць з Расіяй, Украінай, інш. абласцямі рэспублікі. Найважн.чыг. вузлы: Магілёў, Бабруйск, Асіповічы, Крычаў. На долю чыг. транспарту прыпадае 93% грузаабароту (1997). Працягласць аўтамабільных шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 8,02 тыс. км (1997). Асн. магістралі Санкт-Пецярбург—Магілёў—Кіеў, Рослаўль—Бабруйск—Брэст, Магілёў—Беразіно—Мінск, Магілёў—Бабруйск—Мінск. Суднаходства па Дняпры, Бярэзіне, Сажы (грузаабарот рачнога транспарту складае 0,1% ад агульнага грузаабароту, 1997). Па тэр. вобласці праходзіць нафтаправод Унеча—Полацк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПА́Л, Каралеўства Непал (Непал Адхірая),
дзяржава ў Паўд. Азіі. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Пл. 140,8 тыс.км². Нас. 24,3 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — непалі. Сталіца — г.Катманду. Падзяляецца на 14 зон (анчол), якія складаюцца з 75 абласцей. Нац. свята — Дзень нараджэння караля (28 снежня).
Дзяржаўны лад. Н. — канстытуцыйная манархія. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы і вярх. галоўнакамандуючы — кароль. Заканад. ўлада належыць манарху і двухпалатнаму парламенту, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (ніжняя палата, 205 дэпутатаў выбіраюцца прамым усеагульным і тайным галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў) і Нац. асамблеі (верхняя палата, складаецца з 60 членаў, 10 з якіх назначае кароль, 35 выбіраюцца ніжняй палатай, астатнія 15 — калегіяй выбаршчыкаў. Тэрмін паўнамоцтваў верхняй палаты — 6 гадоў, яна абнаўляецца на 1/3 кожныя 2 гады; яе роспуск не дапускаецца. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе кіраўнік урада.
Прырода. Тэр. Н. размешчана на паўд. схіле цэнтр.ч.Гімалаяў і ў перадгор’ях. На мяжы Н. і Кітая найвыш. вяршыня Зямлі — г.Джамалунгма. На крайнім Пд краіны — вузкая паласа алювіяльнай нізіны — тэраі (ч.Інда-Гангскай раўніны). У Гімалаях вылучаюцца 3 паралельныя хрыбты: Вял. Гімалаі (сярэднія выш. 5000—6000 м), Малыя Гімалаі (выш. каля 3000 м), хр. Сівалік (700—900 м). Паміж хрыбтамі — міжгорныя даліны на выш. 1000—1500 м, найб. з іх Катманду. Ёсць невял. радовішчы каменнага вугалю, сланцаў, жал., медных, свінцова-цынкавых руд, золата, серабра і інш. Клімат трапічны, мусонны, залежыць ад выш. над узр. мора. У студз. т-ры ў ніжняй зоне 15 °C, у сярэдняй каля 0 °C; у ліп. адпаведна 30 і 21 °C. На выш. больш за 4500—5000 м т-ры ўвесь год адмоўныя, вышэй 5000—5900 м — вечныя снягі і ледавікі. Ападкаў 1000—3000 мм, месцамі больш. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй, належаць бас. Ганга, найб. — Карналі, Гандак, Арун. У ніжняй зоне забалочаныя вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя лясы, у сярэдняй — лістападныя шыракалістыя з дамешкам вечназялёных дрэў, на выш. 3500—4500 м — хвойныя, вышэй — хмызнякі і альпійскія лугі. Пад лесам і хмызнякамі 42% тэр. краіны. У джунглях трапляюцца сланы, тыгры, леапарды, насарогі, дзікі, у гарах — гімалайскія мядзведзі, снежныя барсы, горныя бараны, дзікія козы. Нац. паркі — Чытаўэн, Сагарматха (разам з далінай Катманду ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны) і інш., некалькі запаведнікаў.
Насельніцтва. Больш за 80% складаюць народы індаарыйскай групы: непальцы, або гуркхі — каля 13,4 млн.чал., біхарцы — каля 4,3 млн.чал., тхару, хіндустанцы, бенгальцы. Жывуць таксама народы сіна-тыбецкай сям’і (разам больш за 4 млн.чал.): тамангі, невары, магары, раі, гурунг, ламбу, бхатыя, шэрпа і інш. Каля 90% вернікаў вызнаюць індуізм, 5% — будызм (пераважна ламаізм), 3% — іслам. Сярэднегадавы прырост 2,5% (1998). Сярэдняя шчыльн. 172,6 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены міжгорныя даліны, асабліва даліна Катманду, дзе на 1 юг прыпадае больш за 1 тыс.чал. Шчыльна населены тэраі — да 200—300 чал. на 1 км². У гарадах жыве 11% насельніцтва (1998). Найб. гарады (1993, тыс.чал.): Катманду — 535, Лалітпур — 190, Бхактапур — 132. У сельскай гаспадарцы заняты 81% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 3%, у абслуговых галінах — 16%.
Гісторыя. Паселішчы на тэр. Н. вядомы з 3-га тыс. да н.э., а дзярж. ўтварэнні — з 8 ст. да н.э. У 1769 Прытхві Нараян Шах аб’яднаў тэр. Н. ў адзіную дзяржаву і заснаваў каралеўскую дынастыю Шах, якая кіруе дагэтуль. Пасля англа-непальскай вайны 1814—16 быў заключаны Сегаульскі дагавор, які ператварыў Н. у залежную ад Вялікабрытаніі дзяржаву. У 1846 пры падтрымцы англічан уладу захапіў прэм’ер-міністр Джанг Бахадур Рана, клан якога кіраваў Н. больш за 100 гадоў, каралі Н. заставаліся намінальнымі правіцелямі. У 1951 улада клана Рана скінута і ўсталявана канстытуцыйная манархія. Пасля перамогі на выбарах партыі Непальскі кангрэс (НК, засн. ў 1947) кароль Махендра Бір Бікрам Шах Дэў [1955—72] распусціў парламент і забараніў усе паліт. партыі. Канстытуцыя 1962 усталявала беспарт. сістэму панчаятаў (саветаў), пазбаўленых рэальнай улады. Пад націскам нар. выступленняў кароль Бірэндра Бір Бікрам Шах Дэў (з 1972) санкцыяніраваў увядзенне ў 1990 новай канстытуцыі, якая ўстанавіла шматпарт. рэжым парламенцкай дэмакратыі. Але ніводная з паліт. партый не можа атрымаць устойлівую большасць у парламенце.
Унутрыпаліт. становішча Н. ў 1990-я г. характарызавалася вострай барацьбой паміж НК і Камуніст. партыяй Н. — аб’яднанай марксісцка-ленінскай (КПН — АМЛ). Становішча ўскладняе т.зв.нар. вайна, якую з 1996 вядзе адна з мааісцкіх груповак. Пасля ўрада КПН — АМЛ (1994—95) на чале з М.М.Адхікары ў Н. змянілася некалькі кааліцыйных кабінетаў з прадстаўнікоў НК, КПН — АМЛ і Нац.дэмакр. партыі. Н. — чл.ААН (з 1955). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліп. 1993.
Дзейнічаюць паліт. партыі: Непальскі кангрэс, Камуніст. партыя Н. — аб’яднаная марксісцка-ленінская, Нац.дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з панаваннем феад. і паўфеад. адносін. Адна з найменш эканамічна развітых краін Азіі. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на 1 чал. за год 1100 дол. (1998). Сельская гаспадарка дае 41% ВУП, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 37% (1997). У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 4,5 млн.га зямель (32% пл. краіны), у т. л. пад ворывам і шматгадовымі культурамі каля 2,4 млн.га (арашаецца 0,85 млн.га), пад лугамі і пашай — каля 2,1 млн.га. 70% апрацаванай зямлі прыпадае на тэраі, 27% — на сярэднягорную вобласць, 3% — на высакагор’е. У гарах земляробства на тэрасавых схілах. Захоўваюцца памешчыцкае землеўладанне і дробнае сял. землекарыстанне. Значная частка сялян арандуе зямлю. На адну сял. гаспадарку прыпадае 0,5 га пашы. Гал.харч. культура — рыс (60% пасяўных плошчаў, штогадовы збор 2—3 млн.т). Вырошчваюць у тэраях і даліне Катманду, дзе збіраюць 2—3 ураджаі за год. Там жа вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, сою, экспартныя і тэхн. культуры — джут (3-е месца ў свеце), цукр. трыснёг, бавоўнік, алейныя культуры (гарчыца, арахіс), тытунь, чай, вострыя прыправы. У гарах вырошчваюць жыта, ячмень, проса, грэчку, гарох, бульбу; адзначана незаконнае вырошчванне опіумнага маку і кантрабандны вываз опію. Жывёлагадоўля — асн. галіна ў горных раёнах, разводзяць якаў, цзо (гібрыд яка і каровы), коз, авечак. У раўнінных раёнах пераважае буйн. раг. жывёла, выкарыстоўваецца і як цяглавая сіла. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (разам з якамі, буйваламі і зебу) 10,4, коз 5,9, авечак 0,9, свіней 0,7, птушкі 15,6. У прам-сці развіты асобныя галіны. Невял. здабыча жал., медных, цынкавых, свінцовых руд, золата, слюды, мармуру і інш.Вытв-сць электраэнергіі 1 млрд.кВт∙гадз (1996), 97% атрымліваюць на невялікіх ГЭС (выкарыстоўваецца толькі 0,2% гідраэнергет. патэнцыялу краіны). Пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. і лясной прадукцыі: джутавыя, тэкст., гарбарна-абутковыя, цукр., рысаачышчальныя, алейныя, піваварныя, малочныя, мукамольныя, запалкавыя, лесаапрацоўчыя. Гал. экспартнае значэнне маюць дывановая, швейная і джутавая галіны. Ёсць прадпрыемствы па выпуску паркету, тытунёвых вырабаў, цэменту, шкла, паперы, мыла і інш.Гал.прамысл. цэнтр — Катманду. Пашыраны саматужныя промыслы, звязаныя з вырабам прадметаў хатняга ўжытку, тканін, абутку, кошыкаў, цыновак, керамічнага посуду, с.-г. прылад, біжутэрыі, упрыгожанняў і інш. Экспартны кірунак маюць саматужнае дыванаткацтва і выраб прадметаў рэліг. культу. Развіта лесанарыхтоўка. Транспарт аўтамаб. і авіяцыйны. У краіне 7,7 тыс.км аўтадарог, у т. л. 3,2 тыс.км з цвёрдым пакрыццём. Авіяц. сувязі забяспечваюць 45 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля Катманду. У гарах пераважае ўючны транспарт. Каля граніцы з Індыяй участкі чыгункі (101 км), канатная падвесная дарога (42 км). У 1997 экспарт склаў 394 млн.дол., імпарт — 1,7 млрд.дол. Н. экспартуе дываны і швейныя вырабы (70% кошту экспарту), джут і джутавыя вырабы, драўніну, рыс, алейную сыравіну, скуры, прадукцыю маст. промыслаў, імпартуе нафтапрадукты, хімікаты, трансп. сродкі, машыны і абсталяванне, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Індыя (каля 30% экспарту і імпарту), ЗША, Сінгапур, Кітай, Японія. Важную ролю адыгрываюць замежны турызм і альпінізм. Асн. раён турызму — даліна Катманду, альпінізму — раёны найвышэйшых гор-васьмітысячнікаў. Штогод Н. наведвае 300—400 тыс. замежных грамадзян, краіна атрымлівае каля 200 млн. долараў. Дэфіцыт гандл. балансу часткова пакрываецца пераводамі замежнай валюты непальцамі, якія працуюць за мяжой. Н. атрымлівае замежную дапамогу (35% расходнай ч. бюджэту). Асн. донары — Японія, Германія, ЗША, Індыя, Швейцарыя, Вялікабрытанія, міжнар. фінансавыя арг-цыі. Знешні доўг каля 2,5 млрд.дол. (1997). Грашовая адзінка — непальская рупія.
Літ.:
Непал: история, этногр., экономика: [Сб. ст.] М., 1974;
Редько И.Б. Очерки социально-политической истории Непала в новое и новейшее время. М., 1976.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя).
Герб і сцяг Непала.Да арт.Непал. Вялікі Гімалайскі хрыбет.Да арт.Непал. Ворыва на штучнай тэрасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГО́ЛА (Angola), Народная Рэспубліка Ангола (Repúblika Popular de Angola),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн і ПнУ з Заірам, на У з Замбіяй, на Пд з Намібіяй, на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 1246,7 тыс.км². Нас. 11,2 млн.чал. (1994). Афіц. мова — партугальская. Сталіца — г.Луанда. Падзяляецца на 18 правінцый (дыстрыктаў), уключае правінцыю Кабінда (паўанклаў). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнасці (11 ліст.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1975 з папраўкамі 1991 Ангола — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы і галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе Савет Міністраў.
Прырода. Большую ч. тэрыторыі займае пласкагор’е (пераважна выш. 1000—1500 м). На З горны масіў Біе (найб.выш. 2610 м, г. Мока). Уздоўж узбярэжжа шэраг невысокіх ступеньчатых плато шыр. ад 100 да 200 км і вузкая паласа прыморскай нізіны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, алмазы, медныя, жал., марганцавыя і уранавыя руды, баксіты, золата, тытан, плаціна, слюда. Клімат трапічны, гарачы, засушлівы зімой і вільготны летам. Сярэдняя т-ранайб. цёплага месяца (студз.) ад 21 да 29 °C, найб. халоднага (ліп.) ад 15 да 22 °C. Ападкаў ва ўнутр. раёнах 1000—1500 мм за год; на ўзбярэжжы, дзе ўплывае халоднае Бенгальскае цячэнне, — 50—500 мм за год. Гал. рэкі: Кванга, Касаі, Кунене, Кванза, частка эстуарыя р. Конга, на У верхняе цячэнне р. Замбезі. Значныя энергет. рэсурсы. Парогі і вадаспады перашкаджаюць суднаходству. Расліннасць унутр. раёнаў — сухое лістападнае рэдкалессе на фералітавых глебах, зах. схілы пласкагор’я і даліны рэк пад вільготнымі трапічнымі лясамі, на ўзбярэжжы — травяністыя і хмызняковыя саванны на чырвона-бурых глебах, на Пд — паўпустыня, якая пераходзіць у пустыню Наміб. Жывёльны свет: сланы, насарогі, буйвалы, зебры, ільвы, леапарды, гіены і інш., у трапічных лясах малпы. Нац. паркі і заказнікі: Кісама, Лванда, Камея, Намібе і інш.
Насельніцтва. Каля 96% насельніцтва належыць да народу моўнай сям’і банту (мбунду, конга, авімбунду, баконга, вачакве, ваньянка, авамба і інш.), жывуць партугальцы. Паводле веравызнання католікі (больш за 80%), пашыраны анімістычныя культы. Сярэдняя шчыльн. 8 чал. на 1 км². Найб. густа заселены нізіны і даліны рэк. Гар. насельніцтва 28,3% (1990). Найб. гарады: Луанда, Уамба, Лабіту, Бенгела, Лубанга і інш.
Гісторыя. Першабытная матэрыяльная культура на тэр. Анголы зарадзілася ў 8-м тыс. да н.э. Яе носьбітамі былі народы, нашчадкамі якіх з’яўляюцца пігмеі кангалезскіх лясоў, бушмены паўд.-зах. пустыняў і кой (гатэнтоты) Паўд. Афрыкі. Каля З тыс. гадоў назад сюды з бас.р. Конга і раёна вял. афрыканскіх азёраў перамясціліся негроідныя плямёны моўнай сям’і банту. Да пач.еўрап. каланізацыі на тэр. Анголы размяшчаліся раннефеад. дзяржавы Конга, Ндонга, Луанда, Бенгела і інш.Феад. адносіны тут суіснавалі з родаплемяннымі. У канцы 15 ст. на ўзбярэжжа вусця р. Конга высадзіліся партугальцы і залажылі тут апорны пункт Сан-Паўлу-ды-Луанда, які стаў цэнтрам гандлю рабамі. З 16 ст. Ангола — крыніца таннай рабочай сілы для цукр. плантацый Бразіліі. У 1671 афіцыйна абвешчана ўладаннем Партугаліі, хоць доўгі час яна кантралявала толькі крэпасці і факторыі на ўзбярэжжы. Паводле дагавора 1885—99 Партугаліі з Бельгіяй, Францыяй, Германіяй і Англіяй канчаткова вызначаны межы партуг. калоніі Анголы За працяглы час гандлю рабамі многія раёны краіны абязлюдзелі, знішчана духоўная і матэрыяльная культура раннефеад. дзяржаў.
З пачатку каланізацыі партугальцы сустрэлі ўпартае супраціўленне афр. плямёнаў. Цэнтрам антыкалан. руху была дзяржава Ндонга, якую партугальцы называлі Анголай (ад імя правячай дынастыі Нгола). У 17 ст. барацьбу за незалежнасць узначаліла каралева Нзінга Мбандзі Нгола. Прасоўванне партугальцаў у глыб краіны было прыпынена. У канцы 17 — пач. 18 ст. супраціўленне захопнікам у раёне Каконды аказалі плямёны пад кіраўніцтвам Хамба. У 1885 на Пд Анголы пачалася вызв. барацьба плямёнаў этнічнай групы авамба, якая працягвалася 30 гадоў. У 1956 некалькі падп. груп аб’ядналіся ў Народны рух за вызваленне Анголы (МПЛА) пад кіраўніцтвам А.Нета. Хоць паўстанне ў Луандзе было задушана, узбр. барацьба ахапіла ўсю краіну. У ёй прынялі ўдзел таксама Нац. саюз за поўную незалежнасць Анголы (УНІТА) і Нац. фронт вызвалення Анголы (ФНЛА). Да пач. 1970-х г. паўстанцы вызвалілі значную частку Анголы. У ліп. 1972 Ангола атрымала статус штата з правам мясц. аўтаноміі, але заставалася ў паліт. і эканам. залежнасці ад Партугаліі.
У 1974 Партугалія прызнала права Анголы на самавызначэнне і незалежнасць. Паводле двухбаковай дамоўленасці ўзбр. барацьба ў краіне спынялася. У створаны ў 1975 пераходны ўрад увайшлі прадстаўнікі МПЛА, УНІТА і ФНЛА. Аднак з-за шматлікіх супярэчнасцяў гэты ўрад распаўся. Супраць новага кабінета, створанага МПЛА, выступіла УНІТА. Узбр. барацьба паміж імі перарасла ў грамадз. вайну. 11.11.1975 у Луандзе абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Ангола, якую прызналі СССР, Куба і інш. краіны. Першым прэзідэнтам стаў А.Нета. Але на тэр. Анголы ўварваліся войскі ПАР і наёмнікаў. Урад Анголы папрасіў дапамогі ў Кубы. Нац.ўзбр. сілы Анголы пры дапамозе кубінскіх ваеннаслужачых да сак. 1976 выцеснілі інтэрвентаў. У 1979 прэзідэнтам краіны стаў Ж.Э. душ Сантуш. Узбр. акцыі супраць Анголы працягваліся. У 1988 паміж Анголай, Кубай, ПАР і ЗША падпісаны пагадненні, паводле якіх з Анголы выводзіліся войскі ПАР і Кубы. Але грамадз. вайна не спынілася. 31.5.1991 падпісана пагадненне аб мірным урэгуляванні паміж МПЛА і УНІТА, створана аб’яднаная нац. армія. У вер. 1992 пад наглядам ААН прайшлі парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, на якіх перамагла партыя МПЛА. УНІТА адмовілася прызнаць вынікі выбараў, і ваен. дзеянні аднавіліся. У кастр. 1993 УНІТА прызнала вынікі выбараў 1992, у снеж. 1993 паміж урадам і УНІТА падпісана перамір’е.
У Анголе зарэгістравана каля 30 партый. Асн. з іх: МПЛА, УНІТА, ФНЛА.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыўная прам-сць і сельская гаспадарка. Валавы ўнутр. прадукт у 1991 склаў 9,1 млрд.дол. (36% прыпадае на нафту і нафтапрадукты). Здабыча нафты (21 млн.т, 1991), алмазаў (961 тыс. карат, 1991). Вытв-сць электраэнергіі (730 млн.кВт∙гадз, 1987, 70% на ГЭС). Развіваюцца апрацоўчая прам-сць (перапрацоўка с.-г. сыравіны, металаапр., нафтаперапр., лесапілаванне, тэкст., швейная і інш.), буд. індустрыя (вытв-сць цэменту, азбесту), суднабудаванне. Важная галіна сельскай гаспадаркі — плантацыйнае земляробства. Культывуюць каву (13 тыс.т, 1987), кукурузу, сізаль, цукр. трыснёг, алейную пальму, пшаніцу, какаву, гевею, тытунь і інш. Вырошчваюць бавоўну, маніёк, фасоль, рыс, арахіс. Жывёлагадоўля ў асн. у паўд. раёнах (буйн. раг. жывёла, свінні, козы). Рыбалоўства. Развіты чыг. (каля 3,3 тыс.км) і аўтамаб. (каля 80 тыс.км) транспарт. Марское кабатажнае суднаходства. Гал. парты — Луанда, Лабіту, Кабінда. У Луандзе міжнар. аэрапорт. У экспарце Анголы 88,9% займае нафта, 7,3% — алмазы. Больш за 90% экспарту паступае ў ЗША, краіны Зах. Еўропы (з 1985 Ангола асацыіраваны член Еўрап. Саюза), Бразілію. Вывозяцца кава (6 тыс.т, 1991), алмазы, сізаль, кукуруза, пальмавы алей, драўніна. Імпартуюцца машыны, абсталяванне, тэкстыль, металы. У 1989 Ангола прынята ў Міжнар. валютны фонд і Міжнар. банк рэканструкцыі і развіцця. Грашовая адзінка — кванэа кванза.
Літаратура. Багатая вусная л-ра існуе на мовах народаў банту — кімбунду, умбунду, кіконга, гангела і інш. У канцы 19 ст. К. да Мата сабраў і выдаў кн. «Народная мудрасць у ангольскіх прымаўках», А.Рыбаш — кн. казак і прымавак «Місоса» (т. 1—3, 1961—64) і «Ангольскія абрады і божаствы» (1958). На аснове нар. легендаў Каштру Сараменью стварыў кн. «Гісторыя Чорнай Зямлі» (т. 1—2, 1960). Пісьмовая л-ра, пераважна на партуг. мове, узнікла ў 19 ст. і мела публіцыст. характар. Літаратуры на мовах кімбунду і умбунду не мелі магчымасці друкавацца. У друку разгарнуўся патрыят. рух за аднаўленне сапраўднай нац. культуры. У 1920—30-я г.асн. жанры — бытапісальныя і дыдактычныя апавяданні. Тэмы нац. самасцвярджэння гал. чынам адлюстроўваюцца ў паэзіі і журналістыцы. З 1930-х г. вядомыя раманы П.Машаду і А.Троні, А. ды Асіс Жуніёр. Пасля 2-й сусв. вайны ўзніклі патрыятычны культ.-асв. рух «Ідзём адкрываць Анголу» (1948), «Культурнае таварыства Анголы» (1952), выдадзены першы кімбунду-партут. слоўнік (1953). Пад уплывам нац.-вызв. вайны 1961—74 у л-ры актуалізуецца тэма барацьбы супраць каланіялізму і расізму. Вылучаюцца вершы А.Нета, А.Жасінту, А.Барбейтуша, Р.Дуарці ды Карвалью і інш. Антыкаланіяльны кірунак маюць трылогія Каштру Сараменью «Мёртвая зямля» (1949), «Паварот» (1957), «Язва» (1970). Раман Рыбаша «Уанга» (1953) перакладзены на многія еўрап. мовы. Значнае дасягненне прозы — апавяданні і аповесці Л.Віейры. У 1977 створаны Саюз пісьменнікаў Анголы.
Мастацтва. На тэр. Анголы захаваліся першабытныя наскальныя геаметрызаваныя малюнкі жывёл. У сярэдневяковых дзярж. утварэннях (Луанда, Конга) развівалася дэкар.-прыкладное мастацтва, асабліва пляценне і разьба. Планіроўка пасяленняў кругавая: у цэнтры — памяшканне для сходаў, вакол яго — жылыя дамы з гасп. пабудовамі. Жылыя дамы прамавугольнай (радзей круглай) формы на каркасе з калоў, пераплеценых галінкамі, часам абмазаныя глінай, з глінабітнай падлогай, канічнай або 2-схільнай саламянай страхой. Дзверы і сцены часта ўпрыгожваюць разьбяным выпаленым ці маляваным геам. арнаментам. З прыходам еўрапейцаў у Анголу з’явіліся гарады, якія забудоўваліся на ўзор правінцыяльных партуг. гарадоў мураванымі будынкамі ў стылі барока і ранняга класіцызму. З пач. 20 ст. забудова вядзецца ў духу сучаснай еўрап. архітэктуры з выкарыстаннем новых канструкцый і матэрыялаў. Развіта маст. разьба: стылізаваныя, схематычныя статуэткі людзей і жывёл, якія, паводле нар. павер’яў, валодаюць магічнай сілай, рытуальныя маскі. Разьбянымі выявамі (часам са складанымі дэкар. кампазіцыямі) аздабляюць драўляную мэблю, рэчы хатняга ўжытку. Пляцёнкі з галінак і саломы, кошыкі, цыноўкі і інш. вырабы нар. мастацтва ўпрыгожваюць геам. арнаментам чорнага, жоўтага, чырвона-карычневага колеру. З 1970-х г. развіваецца выяўленчае (асабліва графіка) і дэкар.-прыкладное мастацтва.
Літ.:
Фитуни Л.Л. Народная Республика Ангола: Справ. М., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс.км². Нас. 4048 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г.Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.
Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-растудз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пдр. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр. пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст.башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл.Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале з Салаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк.абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк.нац. ўрад на чале з З.Валідавым і М.Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл.Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял. ўрада з Башк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.
11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам з інш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.
Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс.агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец.навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш.навук. установах.
Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.Ялсыгул, Ш.Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.Акмулы, М.Бікчурына, М.Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.Гафуры, А.Тагірава, Д.Юлтыя, Ш.Бабіча і інш.Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.Агіша, Б.Бікбая, І.Насыры, Х.Даўлетшынай, А.Бікчэнтаева, Тагірава, З.Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.Кудаша, Р.Нігматы, М.Сюндзюкле, драмы А.Мірзагітава, І.Абдуліна). Паэзія Т.Арслана, М.Карыма, Х.Карыма, Н.Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял.Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.Кірэеў, Нігматы, Г.Рамазанаў, М.Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел. літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.Карым, Г.Аміры, Нігматы, Х.Бікулаў, Рамазанаў і інш.
На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц.нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання з цюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст. — арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г. З.Гаянаў, Б.Дамашнікаў, А.Бурзянцаў, А.Панцялееў, Р.Нурмухаметаў, А.Лутфулін, Ф.Кашчэеў, А.Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.Нячаева, Б.Фузееў, Р.Фатыхаў; сярод графікаў — Р.Гумераў, В.Дзіянаў, Э.Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.
Сярод найб.стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар.муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г.паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.Ісмагілавы, Х.Ахметаў, Р.Муртазін, Н.Сабітаў, Х.Заімаў, Т.Карымаў, Р.Газізаў, Р.Хасанаў, Д.Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк.т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).
У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес.тэатр. калектыў (цяпер Башкірскі акад.т-р драмы). Ставіліся нац.фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.Гафуры, Х.Ібрагімава, А.Тагірава, Д.Юлтыя). У гады Вял.Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.Мэргэна, «На беразе Белай» Р.Нігматы, «Нашэсце» Л.Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.Карыма, Н.Наджмі, Н.Асанбаева, А.Атнабаева, Р.Ішмурата, А.Мірзагітава, І.Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус.драм. і лялечны т-ры.
Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).
Да арт.Башкортастан. А.Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.Да арт.Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.Да арт.Башкортастан. А.Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.Да арт.Башкортастан. З.Гаянаў. Час уборкі. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка Рэспублікі Беларусь. Размешчана ў цэнтры Беларусі, мяжуе з усімі абласцямі рэспублікі. Утворана 15.1.1938. Пл. 39,96 тыс.км². Нас. 1554,6 тыс.чал. (без Мінска, на 1.1.1999). Цэнтр — горад рэсп. падпарадкавання Мінск. У вобласці 22 раёны: Барысаўскі, Бярэзінскі, Валожынскі, Вілейскі, Дзяржынскі, Капыльскі, Клецкі, Крупскі, Лагойскі, Любанскі, Маладзечанскі, Мінскі, Мядзельскі, Нясвіжскі, Пухавіцкі, Салігорскі, Слуцкі, Смалявіцкі, Старадарожскі, Стаўбцоўскі, Уздзенскі, Чэрвеньскі (гл. адпаведныя арт.), 20 гарадоў, у т. л. 7 абласнога падпарадкавання — Барысаў, Вілейка, Жодзіна, Заслаўе, Маладзечна, Салігорск, Слуцк, 23 гар. пасёлкі, 307 сельсаветаў, 5248 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Паверхня вобласці характарызуецца чаргаваннем узгорыста-марэнных узвышшаў з раўніннымі і нізіннымі ўчасткамі. На ПнЗ — Мінскае ўзвышша, дзе знаходзіцца самы высокі пункт Беларусі — Дзяржынская гара (345 м) і Ашмянская града, на ПнУ — адгор’і Аршанскага ўзвышша. Крайні ПнЗ займае Нарачана-Вілейская нізіна, ПнУ — Верхнебярэзінская нізіна, усх.ч. — Цэнтральнабярэзінская раўніна, паўд. — Стаўбцоўская раўніна, Капыльская града і ўскраіна Палескай нізіны. Пераважаюць выш. 150—200 м, найб. нізкая адзнака М.в. — 130 м (урэз р. Арэса пры выхадзе за межы вобласці). Карысныя выкапні: калійныя і каменная солі (гл.Старобінскае радовішча калійных і каменнай солей), торф (1277 радовішчаў; 1-е месца па запасах на Беларусі), буд. матэрыялы (мел, пясок, пясчана-жвіровы матэрыял, гліна), сапрапелі. Выяўлены Аколаўскае радовішча жалезных рудаў, Любанскае радовішча гаручых сланцаў. Ёсць мінер. воды (Ждановіцкая, Мінская і Нарачанская мінер. крыніцы). Клімат умерана-кантынентальны. Зіма мяккая, лета цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,2 °C на ПдЗ да -7,5 °C на ПнУ, у ліп. ад 18,4 °C на Пд да 17,3 °C на Пн. Вегетац. перыяд 186—195 дзён. Гадавая колькасць ападкаў 580—670 мм. 70% ападкаў бывае ў цёплую палавіну года (крас.—кастр.). Большая ч.тэр. вобласці адносіцца да бас.р. Дняпро. На ПнУ працякае р. Бярэзіна з прытокамі Сха, Бобр з Можай і Начай, Клява (злева), Гайна з Цной і Усяжай, Пліса, Уша, Уса, Свіслач з Волмай (справа), на Пд — Пціч і Случ з прытокамі (бас.р. Прыпяць). З і ПнЗ вобласці адносяцца да бас.р. Нёман. На З бярэ пачатак Нёман з прытокамі Лоша, Уса, Сула, Уша, Бярэзіна з Іслаччу. На ПнЗ цячэ р. Вілія з прытокамі. Частка вады з Віліі перакідваецца ў р. Свіслач па Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Найб. азёры: на ПнЗ — Нарач, Мядзел, Мястра, Свір, на ПнУ — Сялява і Палік. Вадасховішчы: Вілейскае, Заслаўскае, Любанскае, Салігорскае, Чырвонаслабодскае і інш. Глебы сельгасугоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя (44,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (26,4%), тарфяна-балотныя (18,5%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя (8%) і інш. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя (53,4%) і сугліністыя (35,2%) глебы. Асушаныя землі займаюць каля 27% с.-г. угоддзяў, найб. у Любанскім, Салігорскім і Слуцкім р-нах. Пад лесам 36% тэр. вобласці, найб. (да 49—51%) у Барысаўскім, Лагойскім, Старадарожскім і Бярэзінскім р-нах. Пераважаюць хвойныя (75,5%) і драбналістыя (22,7%) лясы. Пад лугамі каля 14%, больш за палавіну іх нізінныя. Пад балотамі 14,3% тэрыторыі, амаль усе асушаны. На тэр. вобласці частка Бярэзінскага біясфернага запаведніка, прыродны нац. парк Нарачанскі і шэраг іншых асабліва ахаваных прыродных тэрыторый рэсп. значэння: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка»; заказнікі: біялагічныя — Рудакова, Некасецкі; гідралагічныя — Прошыцкія Балоты, Чарэмшыца; ландшафтны — Блакітныя Азёры; заалагічныя — Антонава, Лебядзіны; лясны — Прылуцкі; паляўнічы — Налібоцкі (частка); журавіннікі — Амяльнянскі, Дзянісавіцкі, Копыш, Мацеевіцкае, Фаліцкі Мох, Чэрнеўскі, 32 помнікі прыроды рэсп. значэння. У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС 1,67 тыс.км²тэр. вобласці забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі распаду (найб. — тэр. Валожынскага і Бярэзінскага р-наў).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (88,8%), жывуць таксама рускія (6,9%), палякі (2%), украінцы (1,3%). Гарадскога насельніцтва (без г. Мінска) 52%. Сярэдняя шчыльн. 38,9 чал. на 1 км² (з Мінскам — 82,2 чал. на 1 км²), сельскага — 18,4 чал. на 1 км². Найб. гарады (тыс.чал., 1998): Барысаў (154, Салігорск (102), Маладзечна (99), Слуцк (63), Жодзіна (60). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1991 ён стаў адмоўным), з 1995 адбываецца абсалютнае зніжэнне колькасці насельніцтва.
Гаспадарка. Вядучымі галінамі гасп. комплексу вобласці з’яўляюцца сельская гаспадарка (занята 27,8% працуючых) і прам-сць (занята 26,2%). Прамысловасць мае развітую галіновую структуру і цесныя вытв. сувязі з прамысл. комплексам Мінска. На тэр. вобласці размешчаны філіялы і падраздзяленні буйнейшых мінскіх прадпрыемстваў і аб’яднанняў. Прамысл. спецыялізацыю вызначаюць машынабудаванне і металаапрацоўка (23,2% агульнага аб’ёму прамысл. прадукцыі), хім. (28,2%), харч. (21,5%), дрэваапр. (7,5%) і лёгкая прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў. За 1991—99 удзельная вага машынабудавання і металаапрацоўкі крыху знізілася, паменшала доля лёгкай прам-сці, павялічылася доля хімічнай. У вобласці вырабляецца (1997, у % да рэсп. вытв-сці): мінер. угнаенняў 83,8, у т. л. калійных 100; грузавых аўтамабіляў 8,4, фотаапаратаў 96,7, металарэзных станкоў 7,3, піяніна 100, бялізнавага трыкатажу 72,6, верхняга трыкатажу 13,5, цукру-пяску 45,8, макаронных вырабаў 64, мяса 20,7, калбасных вырабаў 17,5, масла 17,2. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Слуцку, Жодзіне, Вілейцы. Найб. прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі: Бел. аўтамабільны з-д (кар’ерныя самазвалы) і з-ды цяжкіх кавальскіх штамповак у Жодзіне, «Аўтагідраўзмацняльнік», аўтатрактарнага электраабсталявання, інструментальны, аўтаагрэгатаў у Барысаве, станкабудаўнічы, сілавых паўправадніковых вентыляў, лёгкіх металаканструкцый у Маладзечне, з-д фотаапаратаў «Зеніт» у Вілейцы. Хім.прам-сць прадстаўлена вытв. аб’яднаннем «Беларуськалій» у Салігорску, з-дамі хіміка-фармацэўтычным, гумава-тэхн. вырабаў, пластмасавых вырабаў у Барысаве. Асн. прадпрыемствы лясной, дрэваапр., і цэлюлозна-папяровай прам-сці ў Барысаве (дрэваапр., папярова-лесахім. і фанерна-запалкавы камбінаты, ф-ка піяніна і інш.), мэблевыя ф-кі ў Маладзечне, Вілейцы, Слуцку. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў прадстаўлена з-дамі жалезабетонных вырабаў, зборнага жалезабетону, буд. дэталяў, цагельнымі і асфальтавымі, аб’яднаннем па здабычы пяску і гравію. Найб. буйнымі прадпрыемствамі лёгкай прам-сці з’яўляюцца трыкатажныя ф-кі ў Салігорску і Жодзіне, тэкст. аб’яднанне ў Слуцку, швейныя ф-кі ў Маладзечне, Салігорску, Барысаве, Дзяржынску, філіялы мінскіх абутковых фабрык. На тэр. вобласці 7 ільнозаводаў, 2 шклозаводы, 3 ф-кі маст. вырабаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ва ўсіх гарадах і гар. пасёлках. Найб. з іх цукрова-рафінадны камбінат у Слуцку і цукр. камбінат у Гарадзеі. Сельская гаспадарка арыентавана на забеспячэнне патрэб насельніцтва Мінска і вобласці ў харч. прадуктах. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы ў спалучэнні з ільнаводствам, а на ПдЗ — з пасевамі цукр. буракоў. Пашыраны пасевы збожжавых (жыта, ячмень, авёс, пшаніца), кармавых культур. У прыгарадных зонах гарадоў развіты птушкагадоўля, агародніцтва і садоўніцтва. Пад сельгасугоддзямі 1,9 млн.га (47,5% тэр. вобласці), у т. л. пад ворывам 1,3 млн.га (32,5%). Найб. асвоены землі на ПнЗ — у Нясвіжскім, Капыльскім, Слуцкім і Клецкім р-нах пад сельгасугоддзямі больш за 60% тэрыторыі. Пры ўдзельнай вазе ў сельгасугоддзях краіны 19,2% у вобласці атрымліваюць (1996, у % да вытв-сці ў краіне): збожжа 22,3, бульбы 24,7, агародніны 21,7, ільновалакна 16,3, цукр. буракоў 29,4, мяса 23,4, малака 22,4. На долю раслінаводства прыпадае 42,3% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі вобласці. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (іл.табл. 1).
У 1997 сабрана (тыс.т; у дужках — 1990): збожжа 1287 (1483), бульбы 1707 (2807), агародніны 252 (232), ільновалакна 5 (13), цукр. буракоў 352 (440). Жывёлагадоўля дае 57,7% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, аднак яе ўдзельная вага ў параўнанні з 1990 знізілася. Адзначаецца тэндэнцыя зніжэння пагалоўя жывёлы і птушкі (гл.табл. 2). Змяншаюцца аб’ёмы прадукцыі рыбнай гаспадаркі на базе азёр і сажалак.
У 1997 атрымана (у дужках 1990): 1149 тыс.т малака (1713 тыс.т), 961 млн.шт. яец (1018 млн.шт.), закуплена жывёлы і птушкі ў жывой вазе 120 тыс.т. (356 тыс.т). На пач. 1998 у вобласці 522 фермерскія гаспадаркі, за якімі замацавана 11,2 тыс.га зямлі. Доля асабістых дапаможных і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 49% у 1990 да 81% у 1996, агародніны з 24% да 73%, малака з 22% да 40%, мяса з 13% да 24%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 888 км (1997). Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі Масква—Мінск—Брэст, Вільнюс—Мінск—Гомель, Асіповічы—Баранавічы з адгалінаваннем Слуцк—Салігорск, Ліда—Маладзечна—Полацк, якія звязваюць вобласць з інш. абласцямі рэспублікі, Расіяй, Прыбалтыкай, Украінай, Польшчай. Электрыфікаваны лініі ад Мінска да Масквы і Брэста, Маладзечна і Асіповіч. Гал.чыг. вузел Мінск, меншы па значэнні — Маладзечна. На долю чыг. транспарту прыпадае больш за 90% грузаабароту. Працягласць аўтамаб. шляхоў агульнага карыстання з цвёрдым пакрыццём 13,4 тыс.км. Асн. аўтадарогі: Брэст—Мінск—Масква, Вільнюс—Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйск—Слуцк—Івацэвічы, Мінск—Магілёў, Мінск—Віцебск, Мінск—Салігорск і інш. Нерэгулярнае суднаходства па Бярэзіне. Тэр. вобласці перасякаюць магістральныя газаправоды Таржок—Мінск—Івацэвічы і Ямал—Зах. Еўропа (будуецца).
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1. Пасяўныя плошчы вобласці (тыс. га)
Гады
1990
1997
Уся пасяўная плошча
1280,5
1326,5
Збожжавыя і зернебабовыя
550,3
558,1
Лён-даўгунец
24,2
12,4
Цукровыя буракі
14,4
14,1
Бульба
155,9
187,6
Агародніна
10,8
20,1
Кармавыя культуры
513
524,9
Табліца 2. Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1990
1997
Буйная рагатая жывёла
1522,9
1016,1
у т. л. каровы
549,6
444,5
Свінні
1226,4
866,6
Авечкі і козы
115,3
34,4
Птушка
13 148
11 976
Да арт.Мінская вобласць. Краявід у Клецкім раёне.Да арт.Мінская вобласць. Акультураная паша ў Вілейскім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
М’Я́НМА, Саюз М’янма (П’ідаўнзу м’янманайнган),
дзяржава ў Паўд.-Усх. Азіі, на ПнЗ п-ва Індакітай. Мяжуе на З з Бангладэш і Індыяй, на У з Кітаем, Лаосам, Тайландам. На Пд абмываецца Бенгальскім зал. і Алдаманскім м.Пл. 676,6 тыс.км². Нас. 48,1 млн.чал. (1999). Дзярж. мова — м’янма (бірманская). Сталіца — г.Янгон (Рангун). Падзяляецца на 14 адм. адзінак (7 нац. аўтаномных і 7 адм. абласцей). Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 студз.).
Дзяржаўны лад. М. — рэспубліка. Да правядзення парламенцкіх выбараў уладу ў краіне ажыццяўляе Дзярж. савет міру і парадку, старшыня якога займае пасады кіраўніка дзяржавы, прэм’ер-міністра і міністра абароны.
Прырода. Пераважае горны рэльеф. У цэнтр.ч. — падоўжнае паніжэнне з р. Іравадзі, якое ў восевай ч. занята раўнінай, на Пд — нізіннай дэльтай. На З сістэма сярэдневысокіх, глыбока парэзаных складкавых гор; гал. хрыбты Пакхайн (на Пн) і Ракхайн (на Пд). На крайняй Пн горы да 5881 м (г. Кхакабаразі). На У Шанскае нагор’е з чаргаваннем горных хрыбтоў (выш. каля 1,5 тыс.м) і катлавін. Бываюць землетрасенні. На тэр. М. адкрыты і разведаны радовішчы нафты, прыроднага газу, каменнага вугалю, руд нікелю, вальфраму, волава, медзі, свінцу, жалеза, сурмы, золата, каштоўных і вырабных камянёў (рубін, жадэіт, сапфір, ювелірная шпінель) і інш. Клімат субэкватарыяльнага пояса. на Пд з мусонным рэжымам ападкаў, на Пн пераходны да субтрапічнага. У раўнінных раёнах сярэдняя т-растудз. на Пд каля 20—25 °C, на Пн 13—15 °C, найб. горача ў сак.—крас. (30—32 °C). Ападкаў у гарах да 2000—3000 мм, месцамі да 5000 мм, ва ўнутр. катлавінах 500—1000 мм за год. Чэрв.—кастр. — перыяд дажджоў. Рэкі мнагаводныя, выкарыстоўваюцца на арашэнне. Галоўныя: Іравадзі (найб. прыток Чындуін), Салуін, Каладан, Сітаўн. Больш як палавіна тэр. пад лесам. На нізінах і ў перадгор’ях пальмы, фікусы, бамбук. вышэй — каштоўныя пароды (цік, сал), у цэнтр. раёнах — лістападныя лясы, саванны. Жывёльны свет багаты і разнастайны: сланы, тыгры, насарогі, леапарды, шакалы, гімалайскі і малайскі мядзведзі, малпы, куніцы. Шмат птушак, насякомых. На тэр. М. — рэзерваты Підаўн, Шуэдаўн і інш.
Насельніцтва. Каля 75% складаюць м’янма (бірманцы), народ тыбета-бірманскай моўнай групы, да якой у М. належаць карэны (больш за 3,5 млн.чал.), чыны (каля 0,9 млн.), качыны (каля 0,7 млн.), кая (каля 150 тыс.); да тайскай моўнай групы адносяцца шаны (больш за 3 млн.чал.), да аўстраазіяцкай сям’і — моны (каля 0,7 млн.). На Пд і ў буйных гарадах — каля 0,5 млн. выхадцаў з Індыі і Бангладэш, 0,4 млн. кітайцаў. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (каля 90%); мусульман 4%, хрысціян і індуістаў — па 1,5%. Сярэднегадавы прырост насельніцтва 1,65%. Сярэдняя шчыльн. каля 71 чал. на 1 км². Большасць насельніцтва сканцэнтравана ў даліне і дэльце Іравадзі, дзе шчыльн. дасягае 1000 чал. на 1 км². Павышаная шчыльн. на марскім узбярэжжы, рэдкая — у горных і лясных раёнах (1—5 чал. на 1 км²). У гарадах 26% насельніцтва. Найб. горад Янгон — 3873 тыс.ж. (1998). Каля 400—500 тыс.ж. у гарадах Мандалай, Басейн, Малам’яйн, М’ей. У сельскай гаспадарцы занята 67% працаздольнага насельніцтва, у прам-сці — 10%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Чалавек на тэр. М. вядомы з ніжняга палеаліту. З 9 ст. тут пасяліліся плямёны бірманцаў (м’янма). Яны стварылі дзяржаву Паган, якая дасягнула росквіту ў 11—13 ст. У канцы 13 ст. Паган разгромлены манголамі (гл.Мангольскія заваяванні) і распаўся. У сярэдзіне 18 ст. адбылося аб’яднанне краіны пад уладай дынастыі Канбаўн. У выніку англа-бірманскіх войнаў (1824—26, 1852—53, 1885) М. заваявана Вялікабрытаніяй. У 1886—1937 — у складзе Брыт. Індыі, з 1937 — асобная калонія (англ. — Бірма). У 1942—45 акупіравана яп. войскамі, барацьбу супраць якіх узначаліла створаная ў 1944 Антыфашысцкая ліга народнай свабоды (АЛНС) на чале з Аун Санам. У маі 1945 вызвалена ў выніку ўзбр. паўстання на чале з АЛНС пры падтрымцы брыт. войск. На парламенцкіх выбарах 1947 перамагла АЛНС, яе лідэр У Ну стаў прэм’ер-міністрам краіны.
4.1.1948 абвешчаны незалежны Бірманскі саюз. Унутрыпаліт. становішча краіны было няўстойлівым з-за вострай барацьбы паміж паліт. партыямі, грамадз. вайны супраць камуністаў і нац. меншасцей на ўскраінах М. 2.3.1962 вайскоўцы скінулі ўрад У Ну. Новы ўрад на чале з Не Вінам прыняў праграму «Бірманскі шлях да сацыялізму» і абвясціў сацыяліст. арыентацыю краіны. Была створана адзіная легальная партыя — Бірманская партыя сацыяліст. праграмы. У 1974 прынята новая канстытуцыя, краіна атрымала назву Бірманскі Сацыяліст. Саюз. Курс на сацыяліст. арыентацыю ў 1960—80-я г. скончыўся правалам. У выніку масавых нар. выступленняў у сак.—жніўні 1988 Не Він падаў у адстаўку. 18.9.1988 адбыўся ваен. пераварот і ўлада перайшла да Дзярж. савета па аднаўленні законнасці і парадку (ДСАЗП; з ліст. 1997 — Дзярж. савет міру і развіцця) на чале з ген. Тан Шве. З 1989 краіна наз. Саюз М. На выбарах 1990 80% месцаў у парламенце заваявала гал. апазіцыйная арг-цыя — Нац. ліга за дэмакратыю (НЛД) на чале з Аун Сан Су Чжы. ДСАЗП адмовіўся перадаць уладу парламенту і арыштаваў лідэраў апазіцыі. У студз. 1993 ён стварыў Нац. канстытуцыйную канферэнцыю (НКК) для распрацоўкі новай канстытуцыі. У 1995 прадстаўнікі НЛД выйшлі з НКК і стварылі Парламенцкі прадстаўнічы к-т дэпутатаў, выбраных у 1990. Частка дэпутатаў на чале з Сейн Лвінам стварыла за мяжой «Нацыянальны кааліцыйны ўрад».
М. — чл.ААН (з 1948), Арг-цыі дзяржаў Паўд.-Усх. Азіі (АСЕАН, з 1997). Дыпламат. адносіны паміж Саюзам М. і Рэспублікай Беларусь устаноўлены 22.9.1999. Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нац. ліга за дэмакратыю, Партыя нац. адзінства.
Гаспадарка. М. — агр. краіна з цэнтралізаваным планаваннем эканомікі. Даход на 1 чал. адзін з самых нізкіх у свеце, не перавышае 250—300 дол. ЗША за год. Праведзена агр. рэформа, створаны дзярж. сектар (буйныя прамысл. прадпрыемствы, чыг., унутр. водны і паветр. транспарт, цэнтр. банк і інш.); дзяржава кантралюе знешні гандаль і крэдытна-фін. сістэму. У дзярж. і каап. сектарах ствараецца больш за 50% валавога ўнутр. прадукту. Сельская гаспадарка разам з лясной і рыбалоўствам дае каля 60% нац. даходу. Пад с.-г. ўгоддзямі 15% тэр. (больш за 10 млн.га). Арашаецца каля 2 млн.га, з некаторых участкаў збіраюць 2 і больш ураджаяў за год. Асн. частку прадукцыі даюць дробныя гаспадаркі (да 3—4 га). Гал.с.-г. раёны — даліна і дэльта р. Іравадзі, марское ўзбярэжжа. Збор (тыс.т, 1995): рысу — 20 100 (гал.с.-г. культура, займае больш за палавіну с.-г. зямель), кукурузы — 275, пшаніцы — 147, проса — 150, арахісу — 501, кунжуту — 966. Цукр. трыснягу сабрана 2,2 млн.т, агародніны — 2,2 млн.т, фруктаў (цытрусавыя, бананы, ананасы, манга) — 1 млн.т. Вырошчваюць таксама батат, маніёк, бавоўнік, джут, тытунь, сланечнік, перац, каву, чай, каўчуканосы. М. — буйнейшы ў свеце вытворца опіуму-сырцу (больш за 2,5 тыс.т штогод). Больш за 80% усіх пасеваў рысу — у ніжняй ч. даліны Іравадзі і яе дэльце. У больш засушлівай ч. даліны вырошчваюць проса, кукурузу, бабовыя, кунжут, арахіс, бавоўнік, сланечнік, на Шанскім нагор’і — пшаніцу, цытрусавыя, чай, батат, маніёк, на ўзбярэжжы — каўчуканосы і какосавую пальму. Жывёлагадоўля развіта слаба, буйн. раг. жывёлу і буйвалаў выкарыстоўваюць як цяглавую сілу. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 10,5, буйвалаў 2,3, свіней 3,5, коз 1,3, авечак 0,37. У сельскай і лясной гаспадарцы выкарыстоўваюць прыручаных сланоў (каля 1 тыс.). Пашавая жывёла гадоўля найб. развіта на Шанскім нагор’і. Вытв-сць (1995, тыс.т): малака кароў і буйваліц 548, свініны 102, ялавічыны і цяляціны 92. Развіта птушкагадоўля, у 1997 было 33 млн. курэй. Пашырана марское і рачное рыбалоўства, у 1997 вылаўлена 830,3 тыс.т рыбы. Здабыча жэмчугу. Лясная гаспадарка займае самаст. месца ў эканоміцы краіны. Нарыхтоўваецца драўніна ціку (каля 70% сусв. прадукцыі), а таксама інш. цвёрдых лісцевых парод. Развіты гарнарудная і апрацоўчая прам-сць. Здабываюць (1995) нафту — каля 1 млн.т, прыродны газ — 1,9 млрд.м³, каменны вугаль — 48 тыс.т, руды цынку, свінцу, вальфраму, волава, медзі і інш., каштоўныя і вырабныя камяні. У 1996 атрымана 3,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі. Электрастанцыі працуюць пераважна на прыродным газе ў найб. гарадах, ёсць ГЭС на горных рэках. Гал. галіны апрацоўчай прам-сці — харч. (рысаачышчальная, рыбаперапр., алейная, цукр., тытунёвая) і тэкст. (вытв-сць шаўковых і баваўняных тканін, джутавых вырабаў). Ёсць свінцова-цынкавы камбінат, 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць 1 млн.т), металургічны з-д (выпускае штогод 50—100 тыс.т сталі), прадпрыемствы суднабудаўнічыя і суднарамонтныя, трактара-, аўта- і велазборачныя, па вытв-сці азотных угнаенняў і фармацэўтычных тавараў, цэм. і цагельныя з-ды. Працуюць лесапільні, прадпрыемствы па вырабе абутку, запалак, цэлюлозы і паперы. Развіта саматужная вытв-сцьс.-г. прылад, мэблі, посуду, тканін, лакіраваных і плеценых вырабаў, прадметаў будыйскага культу, разьбярства па дрэве, слановай косці і серабру. Больш за палавіну прамысл. прадукцыі вырабляецца ў г. Янгон. Транспарт унутр. водны, чыг., аўтамаб., марскі. Працягласць унутр. водных шляхоў больш за 8 тыс.км. Гал.трансп. артэрыя — р. Іравадзі і яе прыток Чындуін, суднаходныя таксама ніжнія цячэнні рэк Салуін і Каладан. Даўж. чыгункі 5060 км. Асн. лініі ў даліне р. Іравадзі, злучаюць унутр. раёны з марскімі партамі. Аўтадарог 27 тыс.км. У краіне 35 тыс. легкавых аўтамабіляў, 34 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Марскі транспарт абслугоўвае знешнія сувязі, пашыраны кабатажныя перавозкі. Гал. парты: Янгон, Басейн, Малам’яйн, Сітуэ. Гал.ўнутр. порт і трансп. вузел Мандалай. 19 аэрапортаў, міжнар. аэрапорты каля Янгона і Мандалая. У 1996 экспарт склаў 1,1 млрд.дол., імпарт — 2 млрд.дол. М. экспартуе драўніну і піламатэрыялы, рыс, каўчук, каштоўныя і вырабныя камяні, канцэнтраты і руды каляровых металаў, імпартуе машыны і абсталяванне, хімікаты, спажывецкія тавары. Гал.гандл. партнёры: Кітай, Японія, Сінгапур, Інданезія. Грашовая адзінка — к’ят (чжа або джа).
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС і ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў (нар. паліцыя і нар. міліцыя). Агульная колькасць (1999) больш за 0,5 млн.чал., у т. л. 429 тыс.чал. у рэгулярных узбр. сілах. Вярх. галоўнакамандуючы — старшыня Дзярж. савета міру і парадку. Камплектаванне паводле прызыву. У сухап. войсках больш за 400 тыс.чал., 235 танкаў, 270 бронетранспарцёраў, 250 гармат і інш. У ВПС 9 тыс.чал., 91 баявы самалёт, 18 баявых верталётаў. У ВМС каля 20 тыс.чал., у т. л. 800 чал. у марской пяхоце, 7 баявых караблёў (5 дэсантных), 63 катэры, у т. л. 3 ракетныя.
Літ.:
Можейко И.В., Узянов А.Н. История Бирмы (Краткий очерк). М., 1973.
М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.М.Пісараў (гісторыя), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы).
Герб і сцяг М’янмы.Да арт.М’янма: 1 — ландшафт у цэнтральнай частцы М’янмы; 2 — ірыгацыйная сістэма Чэмоўтау.Да арт.М’янма. Пагада Шуэдагоўн (Шведагон) у Рангуне. 14 ст., неаднаразова перабудаваная да 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВЁЛАГАДОЎЛЯ
Сельская гаспадарка Беларусі мае пэўную жывёлагадоўчую спецыялізацыю. На долю гэтай галіны прыпадае 42,1% прадукцыі с.-г. вытв-сці. У былым СССР Беларусь займала адно з першых месц па вытв-сці жывёлагадоўчай прадукцыі. У 1990-я г. пагалоўе жывёлы і аб’ёмы вытв-сці набылі тэндэнцыю да скарачэння (гл.табл. 8 і 9). Скарацілася вытв-сць і спажыванне жывёлагадоўчай прадукцыі ў разліку на душу насельніцтва. У 2003 атрымана 61 кг мясной прадукцыі на душу насельніцтва, малака 474 кг, яец 285 шт. На долю жывёлагадоўлі прыпадае каля 80% таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі; асн. вытворцы прадукцыі — калект. гаспадаркі, значная доля належыць таксама дапаможным прысядзібным гаспадаркам.
У сав. перыяд вял. ўвага аддавалася племянной рабоце, што дазволіла забяспечыць грамадскі статак высокапрадукцыйнымі пародамі жывёлы. Закупкі жывёлы і птушкі (у жывой вазе) дасягаюць 0,5 млн.т, малака 2,9 млн.т, яец 0,9 млрд. шт.
У структуры мясной прадукцыі ялавічына складае 35%, свініна 49,7%, птушынае мяса 14,4%, бараніна 0,3%, інш. віды 1%. Больш развіта жывёлагадоўля ў Гродзенскай, Брэсцкай абл. і на захадзе Мінскай вобл.
Гадоўля буйной рагатай жывёлы малочных і малочна-мясных парод — асн. галіна жывёлагадоўлі. Ялавічына належыць да найб. запатрабаваных відаў мясной прадукцыі, але ў апошнія гады яе вытв-сць стратная. Для большасці гаспадарак характэрна нізкая прадукцыйнасць малочнага статку — сярэднегадавы надой на адну карову складае каля 2500—3000 кг малака, што звязана з недахопамі ў кармленні жывёлы і ў арганізацыі племянной работы. Найб. пашырана бел. чорна-пярэстая парода малочнага кірунку (98% пагалоўя); гадуюць таксама жывёл малочных і малочна-мясных парод: чырвоную беларускую, бурую латвійскую, кастрамскую, сіментальскую, швіцкую, галандскую; з мясных — шарале, лімузін, мен-анжу, герафордскую. Гадоўля буйной рагатай жывёлы больш развіта на захадзе Беларусі — у Гродзенскай, Брэсцкай, часткова Мінскай абл. На 100 гас.-г. угоддзяў у 2003 ва ўсіх катэгорыях гаспадарак прыпадала па 44,2 галавы буйной рагатай жывёлы, атрымана 2,4 т мяса і 52,7 т малака. У сав. час былі створаны буйныя прадпрыемствы па вытв-сці малака на 800—1200 і на 2 тыс. галоў, комплексы па адкорме 6—10 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, якія часова не выкарыстоўваюцца на поўную магутнасць. На Беларусі больш за 150 жывёлагадоўчых комплексаў па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, найбольшае — с.-г. сумеснае калект. прадпрыемства «Астрамечава» ў Брэсцкім р-не (7,5 тыс. галоў). На Пн Беларусі склалася малочная і малочна-мясная, на Пд — мясамалочная, у прыгарадах буйных гарадоў — малочная жывёлагадоўля.
Свінагадоўлі належыць каля палавіны аб’ёму вытв-сці мяса. Свіней адкормліваюць пераважна да мясных і беконных кандыцый, што адпавядае попыту насельніцтва. Для гэтай галіны характэрна развіццё канцэнтрацыі і спецыялізацыі вытв-сці. З 1970 галіна пераводзілася на прамысл. аснову — пабудаваны буйныя высокамеханізаваныя комплексы і ўкаранёна паточна-цэхавая сістэма вытв-сці на фермах калект. гаспадарак. На Беларусі 100 свінагадоўчых комплексаў і больш за 1 тыс. ферм 3 тыпаў: з закончаным абаротам статку, рэпрадукцыйных і адкормачных. Галіна вылучаецца станоўчай рэнтабельнасцю вытв-сці. У 2003 налічвалася 3,3 млн. галоў свіней; асн. пароды: буйная белая, чорна-белая, беларуская мясная, эстонская беконная, ландрас і інш. Свінагадоўля развіта паўсюдна (60 галоў на 100 га ворыва), але найб. шчыльнасць іх пагалоўя ў разліку на 100 га ворыва — у раёнах цэнтр. і паўд. Беларусі, дзе значныя пасевы бульбы і цукр. буракоў. Большай эфектыўнасцю вытв-сці свініны вызначаюцца гаспадаркі Віцебскай і Гродзенскай абл., што звязана з высокай канцэнтрацыяй пагалоўя на комплексах (да 90%), у Магілёўскай вобл. — каля 60%.
Авечкагадоўля мае мяса-воўнавы кірунак. У параўнанні з даваенным перыядам пагалоўе авечак скарацілася амаль у 20 разоў і складае каля 126 тыс. галоў, з іх каля 90% прыпадае на асабістыя гаспадаркі. Пераважаюць пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская. У 2003 асноўны аб’ём воўны (136 т) прыпадаў на долю танкаруннай і паўтанкаруннай авечкагадоўлі. Гадоўля авечак пашырана пераважна ў Гомельскай вобл.
Птушкагадоўля дае высокакаштоўныя прадукты і сыравіну для прамысловасці. У аснове інтэнсіфікацыі галіны — паглыбленая спецыялізацыя і стварэнне буйных птушкагадоўчых прадпрыемстваў. Шырока выкарыстоўваюцца пароды курэй легорн, у бройлернай вытв-сці — пароды корніш і плімутрок. Аналагічныя пародныя групы і ў развядзенні гусей, качак, індыкоў. Інтэнсіўная птушкагадоўля развіта пераважна ў прыгарадных зонах. Шырокае выкарыстанне канцэнтраваных кармоў і высокі ўзровень механізацыі вытв. працэсаў спрыяюць стабільнасці і рэнтабельнасці галіны. Ва ўсіх катэгорыях гаспадарак гадуюць каля 25 млн. галоў птушкі (2003). Больш за 70% яец вырабляецца на 39 птушкафабрыках. Для вядзення племянной работы створаны 3 племзаводы, 5 племянных рэпрадуктараў. Найб. птушкафабрыкі: Аршанская, Баранавіцкая, Смалявіцкая бройлерная, Мінскае ВА па птушкагадоўлі. Гадуюць таксама гусей, індыкоў, качак, цацарак, перапёлак; на Маладзечанскай птушкафабрыцы і прадпрыемстве «Тэўрупол-Сувораў» (Пастаўскі р-н) — страусаў.
Зверагадоўля — адна з маладых галін сельскай гаспадаркі Беларусі. Гадуюць каштоўных пушных звяроў, пераважна норку (цёмна-карычневай, пастэльнай, серабрыста-блакітнай, тапазавай, жамчужнай і белай афарбоўкі), нарвежскіх вуалевых пясцоў, серабрыста-чорных лісоў, нутрый, шыншыл, андатраў і інш.Найб. пашырана клетачная форма зверагадоўлі, існуе таксама паўвольнае развядзенне асобных відаў. Найб. прадпрыемствы: Маладзечанская, Баранавіцкая, Пінская зверагаспадаркі, зверасаўгас «Беларускі» (Вілейскі р-н). Удзельная вага пушніны, што дае зверагадоўля (у вартасным выражэнні), складае больш за 95% усяго аб’ёму нарыхтовак пушніны ў краіне.
Конегадоўля на Беларусі — пераважна племяннога і спарт. кірунку. У сувязі з механізацыяй сельскай гаспадаркі пагалоўе коней паступова скарачаецца (з 1916 па 2003 — у 7 разоў). Развіваецца племянная, карыстальніцкая (цяглава-транспартная) і прадукцыйная гадоўля коней. Элітныя пароды коней гадуюць на 5 спецыялізаваных конезаводах: беларуская запражная («Мір», Баранавіцкі р-н); руская рысістая (конезавод №59, Веткаўскі р-н); цяжкавозная (конезавод №120, Мсціслаўскі р-н); тракененская (імя Даватара, Мінскі р-н); запражная (конезавод №5, Смалявіцкі р-н). Спарт. пароды коней разводзяць у 3 гаспадарках (тракененская, гановерская, украінская верхавая, будзёнаўская пароды). Цяглава-трансп. конегадоўля прадстаўлена ва ўсіх с.-г. прадпрыемствах, у т. л. фермерскіх. Да мясц. умоў найб. прыстасаваны коні бел. запражной пароды.
Пчалярствам займаюцца ў асноўным у с.-г. прадпрыемствах. Яно мае апыляльна-мядовы кірунак. Разводзяць пераважна карпацкую пароду пчол. Для развядзення і якаснага паляпшэння пчаліных сямей створаны пчолагадавальнікі — Брэсцкі, Баранавіцкі і Гродзенскі. Найб. пчолапрадпрыемствы — Мастоўскае і Шчучынскае. На Беларусі больш за 400 тыс. пчоласямей, у асноўным у пчаляроў-аматараў, штогадовая вытв-сць мёду каля 7 тыс.т.
Рыбаводства як галіна сельскай гаспадаркі ўключае сажалкавае, садковае і індустр. развядзенне рыб. Працуюць 18 сажалкавых гаспадарак і 1 халаднаводная гаспадарка па вырошчванні стронгі. Рыбныя сажалкі ёсць у шэрагу с.-г. прадпрыемстваў, у дапаможных гаспадарках прамысл. прадпрыемстваў; арандаваныя вадаёмы для вядзення рыбагадоўлі — у фермераў. Асн. аб’ект рыбагадоўлі — карп, дадатковыя — карась, таўсталобік, белы амур, шчупак, стронга. Штогадовая вытв-сць рыбы каля 10 тыс.т.
На Беларусі склаліся 5 зон спецыялізацыі сельскай гаспадаркі, якія маюць шмат агульных і спецыфічных рыс. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вядучае месца належыць жывёлагадоўлі. Аднак яны істотна адрозніваюцца структурай пасяўной плошчы, суадносінамі відаў жывёлы. Зніжэнне колькасці прац. рэсурсаў у сельскай мясцовасці, наступствы Чарнобыльскай катастрофы, змяненні структуры прамысловасці і рост гарадоў змянілі межы былых зон спецыялізацыі сельскай гаспадаркі краіны. На Пн Беларусі склалася зона малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі з развітымі свінагадоўляй і льнаводствам. Яна ўключае ўсе раёны Віцебскай, паўн.-ўсх. раёны Магілёўскай і Гродзенскай, паўн. раёны Мінскай абл. Гэта зона прыдатных для земляробства сугліністых глеб, што залягаюць на лёсападобных пародах або на азёрных і марэнных суглінках. Кліматычныя ўмовы спрыяльныя для вырошчвання траў і лёну. Большая частка таварнай прадукцыі забяспечана малочна-мясной жывёлагадоўляй і льнаводствам. На захадзе Гродзенскай, большай частцы Брэсцкай, паўд.-зах. раёнах Мінскай абласцей, дзе больш цёплы і мяккі клімат і ўрадлівыя глебы, знаходзіцца зона высокаразвітой мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і буракасеяння. Для зоны характэрна пашырэнне пасеваў бульбы і агародніны, асабліва ў прыватным сектары; на гэтай тэр. размешчаны ўсе цукровыя заводы краіны, значная колькасць прадпрыемстваў па перапрацоўцы бульбы і агародніны. Зона вызначаецца высокай ступенню разаранасці і недахопу натуральнай пашы і сенажацяў. Для кармлення жывёлы шырока выкарыстоўваюцца сакавітыя кармы (кукурузны сілас), бульба і адходы буракаводства і харч. прамысловасці.
Паўд.-ўсх. і паўн.-зах. часткі Мінскай, паўд.-ўсх. Гродзенскай, паўн.-ўсх. Брэсцкай, большая частка Магілёўскай абл. — зона малочна-мясной і мяса-малочнай жывёлагадоўлі, бульбаводства з пасевамі лёну-даўгунцу, буракоў. З інш. галін вылучаюцца агародніцтва і садоўніцтва. Большую частку Гомельскай, усх. часткі Брэсцкай і Магілёўскай абл. займае зона мяса-малочнай і малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі і бульбаводства. У параўнанні з інш. зонамі тут меншая доля разараных зямель, даволі значная — сенажацей і пашы, на якіх грунтуецца мяса-малочная жывёлагадоўля. У сувязі са значным забруджваннем тэрыторыі радыенуклідамі вялікія плошчы с.-г. угоддзяў выведзены з с.-г. карыстання, значна скараціліся пасяўныя плошчы пад лёнам; вядзенне сельскай гаспадаркі патрабуе дадатковых мер па бяспечнай с.-г. вытворчасці і атрыманні экалагічна чыстай прадукцыі.
Вакол гарадоў Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Орша, Брэст, Гродна, Баранавічы, Барысаў, Полацк з Наваполацкам даўно існуюць зоны прыгараднай сельскай гаспадаркі. З ростам колькасці насельніцтва і прамысл. развіццём такія зоны сталі фарміравацца вакол Мазыра, Ліды, Пінска, Маладзечна, Салігорска, Бабруйска. Для іх характэрна развіццё малочна-мясной і малочнай жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, агародніцтва і бульбаводства. У структуры іх таварнай прадукцыі ўдзельная вага збожжавых культур, тэхн. культур і свінагадоўлі значна меншая, чым у інш. зонах.
Табліца 8 Пагалоўе жывёлы і птушкі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак на пач. года, тыс. галоў)
1916
1941
1985
1990
1995
2000
2003
2004
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
7556
7166
5403
4326
4005
3924
у т. л.
каровы
1610
1956
2738
2439
2180
1885
1716
1658
Свінні
2444
2520
5012
5204
4005
3566
3329
3287
Авечкі і козы
2050
2578
670
510
284
150
137
126
Коні
1483
1170
230
219
220
221
202
192
Птушка, млн. галоў
44,3
49,8
30,9
27,4
25,1
24,5
Табліца 9 Вытворчасць асноўных прадуктаў жывёлагадоўлі (ва ўсіх катэгорыях гаспадарак)
1913
1940
1985
1990
1995
2000
2002
2003
Мяса (у жывой вазе), тыс.т
323
424
1534
1758
995
854
883
878
у т. л.
свініны
168
168
424
438
263
301
301
301
Малако, тыс.т
1429
2005
6759
7457
5070
4490
4773
4683
Яйкі, млн.шт.
413
612
3363
3657
3373
3288
2923
2815
Воўна, т
2700
3285
1223
958
396
184
154
136
Статак кароў беларускай чорна-пярэстай пароды.Даільная пляцоўка малочнатаварнай фермы агракамбіната «Ждановічы» (Мінскі раён).Лінія па вытворчасці яец ААТ «Птушкафабрыка імя Крупскай».Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.Свінні беларускай мясной пароды.Табун коней беларускай запражной пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛЬСКАЯ ГАСПАДА́РКА,
адна з найважнейшых галін матэрыяльнай вытв-сці, якая забяспечвае насельніцтва харч. прадуктамі, а прам-сць сыравінай. Займаецца вырошчваннем с.-г. культур і гадоўляй с.-г. жывёлы. Падзяляецца на раслінаводства, жывёлагадоўлю і кормавытворчасць. Уключае таксама некаторыя віды першаснай перапрацоўкі раслін і жывёльных прадуктаў, гадоўлі жывой цяглавай сілы. У шэрагу краін да С.г. адносяць і лясную гаспадарку. Дакладнае спалучэнне галін забяспечвае рацыянальнае выкарыстанне матэрыяльных і прац. рэсурсаў. Гал. сродак вытв-сці ў С.-г. — зямля, якая ў час выкарыстання пры ўмове правільных да яе адносін не змяншае сваёй вартасці, г.зн. не амартызуе, а, наадварот, можа яе павялічваць. Значная частка С.-г. валавой прадукцыі выступае ў далейшым вытв. працэсе як сродак вытв-сці. С.г. моцна залежыць ад умоў навакольнага асяроддзя, што абумоўлівае асаблівасці арганізацыі вытв. працэсу.
Чалавецтва займаецца С.г. прыкладна 10—15 тыс. гадоў. Збіральніцтва, паляванне і рыбная лоўля вызначалі поўную залежнасць людзей ад прыроды. Вынікам развіцця грамадскіх адносін з’явілася ўзнікненне ў неаліце с.-г. дзейнасці, што ў далейшым абумовіла пэўную незалежнасць людзей ад умоў навакольнага асяроддзя. Першай галіной С.г., якая забяспечвала такую незалежнасць, лічыцца жывёлагадоўля. На базе збіральніцтва ўзнікла раслінаводства, калі чалавек пачаў апрацоўваць простымі прыладамі глебу для задавальнення сваіх патрэб. На працягу доўгага часу ў адпаведнасці з мясц. ўмовамі ўзнікалі, удасканальваліся і змяняліся сістэмы земляробства ад прымітыўных да інтэнсіўных, паляпшаліся карысныя якасці жывёлы. Пры малаінтэнсіўнай нізкапрадукцыйнай вытв-сці С.г. мела натуральны характар. З ростам інтэнсіўнасці многія галіны набылі таварны характар, узніклі зоны спецыялізацыі.
Плошча с.-г. угоддзяў на Зямлі каля 4,8 млрд.га, або 34% сушы (1999). У большасці краін асн. галіна С.г. — збожжавая гаспадарка. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (пшаніца, кукуруза, рыс і інш.) займаюць амаль палову пасяўных плошчаў свету. Асн. пасевы пшаніцы знаходзяцца ў Еўропе, Паўн. Амерыцы і Азіі, кукурузы — у Паўн. Амерыцы, рысу — у краінах Азіі. Сусв.вытв-сць за год у сярэднім каля 400 млн.т. З тэхн. культур пашыраны бавоўнік. лён-даўгунец, цукр. трыснёг і цукр. буракі, сланечнік, масліны, бульба і інш. Большасць тэхн. культур вырошчваецца ў краінах, што развіваюцца, якія і выступаюць на сусв. рынку як гал. экспарцёры; з эканамічна развітых краін па вытв-сці тэхн. культур вылучаюцца толькі ЗША. У апошнія гады 20 ст. шырокую вядомасць набылі танізуючыя культуры (чай, кава, какава). Сусв.вытв-сць кавы за год складае 6 млн.т, чаю і какавы — па 2,5 млн.т. Асн. вытворцы кавы — Бразілія, Калумбія, Кот-д’Івуар, Уганда, Бурундзі. Па вытв-сці чаю вылучаюцца Кітай, Індыя, Шры-Ланка, Бангладэш, В’етнам. У сучаснай С.г. важнае месца займаюць агародніцтва, вінаградарства і садоўніцтва. Сусв. вядомасць мае вытв-сць пладовых культур у Міжземнамор’і, Каліфорніі, Фларыдзе. Большая частка вінаграднікаў сканцэнтравана ў краінах Зах. Еўропы і Паўн. Афрыкі. У сусв. гандлі вял. значэнне набылі бананы, плантацыі якіх знаходзяцца пераважна ў краінах Лац. Амерыкі, вільготных трапічных раёнах Афрыкі і Азіі. Сярод галін жывёлагадоўлі найб. развіццё атрымалі буйной рагатай жывёлы гадоўля, свінагадоўля і авечкагадоўля. У 2000 буйн. раг. жывёлы было каля 1,4 млрд. галоў, свіней — 0,9 млрд. галоў, авечак — каля 1,1 млрд. галоў. У сусв. гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі першыя месцы займаюць развітыя краіны. Гал. краіны-экспарцёры ялавічыны — Аўстралія, Германія, Францыя, Новая Зеландыя, Нідэрланды, ЗША; свініны — Нідэрланды, Бельгія, Данія, Канада; бараніны — Новая Зеландыя, Аўстралія, Вялікабрытанія; мяса птушкі — Францыя, ЗША, Нідэрланды; воўны — Аўстралія, Новая Зеландыя, Аргенціна, Уругвай, Паўд.-Афр. Рэспубліка. Індустрыялізацыя і урбанізацыя прывялі да зніжэння ўдз. вагі насельніцтва, занятага ў С.г., да 44% (1998). У 1960—90-я г. ў прамыслова развітых краінах у сярэднім доля занятых у С.г. знізілася з 13 да 7%, а ў краінах, што развіваюцца — з 65 да 57%. Адпаведна доля С.г. ва ўнутр. валавым прадукце скарацілася з 7 да 4% і з 46 да 21%. З агульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва ў С.г. заняты: у Азіі і Афрыцы больш за 60%, у Паўд. Амерыцы і Акіяніі каля 19%, у Еўропе і Паўн. Амерыцы — 9—10%. З пач. 1960-х г. на сусв. рынку с.-г. прадукцыі гал. таварапатокі і аб’ёмы вытв-сці рэгулююцца міжнар. арг-цыямі.
На С.г. істотна ўплывае навук.-тэхн. прагрэс, які ўдзельнічае праз перабудову ў інш. сферах гаспадаркі, мадэрнізацыю і індустрыялізацыю самой галіны. У 1920—30-я г. прагрэс у с.-г. вытв-сці адбываўся праз трактарызацыю; у 1940—50-я г. — праз селекцыю і хімізацыю; у 1960-я г. — праз «зялёную» рэвалюцыю. З 1980-х г. пачалося развіццё біятэхналогіі і камп’ютэрызацыі. У сучасны перыяд 78% зямной паверхні маюць сур’ёзныя прыродныя абмежаванні для развіцця земляробства, 13% плошчаў маюць нізкую прадукцыйнасць, 6% — сярэднюю і толькі 3% — высокую. У пач. 21 ст., нягледзячы на навук.-тэхн. прагрэс і глабалізацыю эканомікі, С.г. застаецца на нізкім узроўні развіцця. Найб. перадавыя тэхналогіі выкарыстоўваюцца ў эканам. развітых краінах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
На Беларусі с.-г. дзейнасць узнікла, як мяркуюць, у канцы неаліту (канец 5—4-е тыс. да н.э.). У 13—14 ст. сфарміраваліся асн. формы феад. і сял. землеўладання, катэгорыі феадалаў і сялян. Асн. галіной было раслінаводства. Вырошчвалі жыта, авёс, грэчку, гарох, лён-даўгунец, каноплі. Неад’емнай часткай С.-г. заставаліся разнастайныя промыслы: пчалярства, рыбалоўства, паляванне, рамёствы. З’яўленне фальваркаў, арыентаваных на вытв-сць таварнай прадукцыі, прыпадае на 15—16 ст. Першая аграрная рэформа (валочная памера) 2-й пал. 16—1-й пал. 17 ст. прывяла да дакладнага ўліку і рацыянальнага размеркавання зямель, уніфікацыі сял. правіннасцей. У зах. і цэнтр. Беларусі С.г. стала індывідуальнай праз падворнае землекарыстанне. Пасля далучэння да Рас. імперыі бел. губерні былі ўцягнуты ў яе гасп. сістэму, што дазволіла забяспечыць рынак збыту с.-г. прадукцыі і стымуляваць яе вытв-сць, пашырыць пасевы тэхн. культур (лёну, канапель, бульбы), вызначыць раёны з акрэсленай с.-г. спецыялізацыяй. Сусв. аграрны крызіс 1880—90-х г. зрабіў нявыгадным вытв-сць збожжа на Беларусі як таварнай прадукцыі. Сітуацыя тут ускладнілася ўтварэннем зоны таварнай вытв-сці збожжа ў чарназёмнай зоне Рас. імперыі. У выніку асн. галіной С.г. Беларусі стала малочная жывёлагадоўля, у важныя кірункі яе спецыялізацыі ператварыліся льнаводства і авечкагадоўля. Значна паўплывала на С.г. сталыпінская агр. рэформа. Напярэдадні 1-й сусв. вайны Беларусь заставалася агр. краінай: каля 75% яе жыхароў былі заняты ў С.г., доля якой у нац. прыбытку складала 67,5%. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 ішло аднаўленне разбуранай войнамі с.-г. вытв-сці, яно прыблізна завяршылася да 1925. У 1929 у БССР пачалася паўсюдная калектывізацыя, якая суправаджалася раскулачваннем. Да 1935 у калгасах апынулася 85,6% гаспадарак, абагульнена 92,3% пас. плошчаў. У гасп. жыцці ўсталяваліся метады пазаэканам. прымусу, склалася сістэма неэквівалентнага абмену паміж горадам і вёскай, узнікла адчужэнне селяніна ад асн. сродкаў вытв-сці і вынікаў працы. Вялізныя страты С.г. Беларусі прычынены ў гады 2-й сусв. вайны: разбурана 10 тыс. калгасаў, 92 саўгасы, 36 МТС, прыкладна на 40% скараціліся пасяўныя плошчы, пагалоўе буйн. раг. жывёлы знізілася амаль на 49%, коней — на 61, свіней — на 89, авечак і коз — на 78%, поўнасцю разбурана энергетычная і тэхн. база С.г. У пасляваенны перыяд праведзена калектывізацыя і ў Зах. Беларусі, прыняты шэраг захадаў па матэрыяльным стымуляванні, удасканаленні планавання і арганізацыі с.-г. вытв-сці, перавод яе на інтэнсіўны шлях развіцця. У 1970—80-я г. ў выніку спецыялізацыі і канцэнтрацыі на аснове міжгасп. і аграпрамысл. інтэграцыі адбыўся пэўны рост с.-г. вытв-сці. Але звышцэнтралізаванае кіраванне, манапалізм у вытв-сці, бюракратызм не дазволілі зламаць механізм тармажэння, забяспечыць развіццё прадукцыйных сіл. Недаацэнка с.-г. працы стымулявала адток сельскага насельніцтва ў гарады, вяла да пастарэння і абязлюдзення вёскі: За 1960—80-я г. ўдз. вага сельскага насельніцтва знізілася да 35%. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС, распад СССР, агульны эканам. крызіс абвастрылі супярэчнасці агр. сектара краіны. Перавага адзяржаўленай калгасна-кааператыўнай уласнасці, слабая эканам. матывацыя працы сялянства пакуль яшчэ стрымліваюць развіццё С.г. Марудна пашыраюцца новыя формы прадпрыемстваў у С.г. (акц. т-вы, асацыяцыі, кааператывы і інш.), фермерства. Розніца ў цэнах на прамысл. прадукцыю і с.-г. сыравіну перашкаджае эканам. развіццю С.г. краіны. На Беларусі ўдз. вага занятага ў С.г. насельніцтва складае (2000) 14,1%, у інвестыцыях у асн. капітал 6,7% у асн. фондах 16,5% у валавым унутр. прадукце 12,7%. Налічваецца 1730 калгасаў, 617 саўгасаў, 2,5 тыс. сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак. Сярод прадпрыемстваў 48,8% стратных. Асн. паказчыкі развіцця С.г. гл. ў табл. 1 і 2.
С.г. Беларусі спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вытв-сці бульбы і лёну. На тэр. краіны вылучаюць 5 зон спецыялізацыі, якія ўтварыліся пад уздзеяннем розных фактараў: кліматычных і глебавых умоў, аб’ёмаў і структуры попыту насельніцтва і прам-сці на прадукцыю С.г., размяшчэння гаспадарак адносна да прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, трансп. умоў, узроўню цэн на с.-г. прадукцыю, ступені забяспечанасці прац. рэсурсамі. У гэтых зонах шмат агульнага і ў той жа час кожная з іх мае свае асаблівасці. Ва ўсіх зонах развіта збожжавая гаспадарка, вырошчваюцца тэхн. культуры і бульба, паўсюдна гал. галіна — жывёлагадоўля. Аднак структура пасяўных плошчаў і суадносіны відаў жывёлы істотна розняцца. Асн.харч. культурамі з’яўляюцца жыта і пшаніца. Некалькі больш пашыраны пасевы жыта на пясчаных і супясчаных глебах Палесся, пшаніцы — у Брэсцкай, Гродзенскай, на ПдЗ Мінскай і на У Гомельскай абласцей. Найб. плошчы ячменю і аўса ў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для палескіх раёнаў характэрны пасевы кармавога лубіну на зерне. Паўн. і паўн.-ўсх. часткі Беларусі найб. прыдатныя для пасеваў і лёну-даўгунцу. Пасевы цукр. буракоў сканцэнтраваны на ўрадлівых глебах вакол цукр. з-даў. У некаторых раёнах (Петрыкаўскім, Лідскім і інш.) вырошчваюць эфіраалейныя культуры. Большая ўдз. вага пасеваў бульбы характэрна для Брэсцкай, Гомельскай і Мінскай абласцей. Вакол Мінска сфарміравалася самая развітая зона агародніцтва. Па развіцці садоўніцтва вылучаецца Мінская і Гомельская вобл., асабліва ў прыгарадных зонах. Развядзенне буйн. раг. жывёлы характарызуецца раўнамерным размяшчэннем па тэр. краіны. У цэнтр., паўд. і зах. раёнах больш развіта свінагадоўля. Птушкагадоўля — самая індустрыяльная галіна жывёлагадоўлі. У асн. развіваецца на спецыялізаваных прадпрыемствах, найб. з якіх Мінскае ВА па птушкагадоўлі, Смалявіцкая бройлерная ф-ка, Аршанская, Баранавіцкая, Кобрынская птушкафабрыкі. З інш. галін жывёлагадоўлі пэўнае развіццё атрымалі рыбаводства, зверагадоўля і пчалярства. Гл. таксама Аграрнае пытанне, Аграрны крызіс, Аграрныя рэформы.
Літ.:
Алисов Н.В., Хорев Б.С. Экономическая и социальная география мира (общий обзор). М., 2000;
Социально-экономическая география зарубежного мира. М., 1998;
Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95.
Г.С.Смалякоў.
Табліца 1 Вытворчасць асноўных відаў с.-г. прадукцыі ў Беларусі
Віды прадукцыі
1913
1940
1960
1980
1990
1995
2000
Збожжа, млн.т
2,6
2,7
2,2
4,1
7,0
5,5
4,5
Ільновалакно, тыс.т
32,8
36,5
84,4
61,0
52,0
60,0
37,0
Цукровыя буракі, тыс.т
—
—
383
1122
1479
1472
1474
Бульба, млн.т
4,1
11,9
10,6
9,3
8,6
9,5
8,7
Агародніна, тыс.т
—
673
843
733
749
1031
1379
Садавіна, тыс.т
—
—
—
414
373
383
—
Мяса ў забойнай вазе, тыс.т
219,3
274,7
401,8
857,0
1181,0
657
598
Малако, млн.т
1,4
2,0
3,2
6,1
7,5
5,1
4,5
Яйцы, млн.шт.
413,0
611,8
867,8
3035,0
3657,0
3373,0
3288,0
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў Беларусі (тыс. галоў)
Віды прадукцыі
1916
1941
1961
1980
1990
1996
2000
Буйная рагатая жывёла
2293
2843
3666
6735
7166
5054
4221
у т. л. каровы
1610
1956
2021
2748
2439
2137
1845
Коні
1483
1170
519
234
219
229
217
Свінні
2444
2520
3164
4437
5204
3895
3566
Авечкі і козы
2050
2578
1213
564
510
262
174
Птушка, млн. галоў
—
14,7
18,6
37,3
49,8
40,1
30,1
Да арт.Сельская гаспадарка. Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДА́Н, Рэспубліка Судан (араб. Гумхурыя ас-Судан),
дзяржава на ПнУ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Егіптам, на З з Лівіяй, Чадам, Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пд з Дэмакр. Рэспублікай Конга, Угандай і Кеніяй, на У з Эфіопіяй і Эрытрэяй, абмываецца Чырвоным морам. Пл. 2505,8 тыс.км². Нас. 34 475,7 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — арабская. Сталіца — г.Хартум. Краіна падзяляецца на 26 штатаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (1 студз.).
Дзяржаўны лад. С. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1998. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт. Вышэйшы прадстаўнічы і заканад. орган. — парламент (Нац. асамблея, 400 дэпутатаў).
Прырода. Тэр. краіны з’яўляецца ўсх.ч. прыроднай вобласці Судан. У рэльефе пераважаюць пласкагор’і (выш. 300—1500 м). Значную тэр. займае катлавіна сістэмы р. Ніл. На ПнЗ частка Сахары (Лівійская пустыня), на Пд ад яе плато Дарфур і Кардафан з асобнымі гарамі і масівамі (адпаведна да 3088 м і 1460 м) На Пд адгор’і Цэнтральнаафр. нагор’я (г. Кіньеты, 3187 м), на УНубійская пустыня і ўскраіны Эфіопскага нагор’я. Ёсць радовішчы золата, азбесту, слюды, гіпсу, нафты, каменнай солі, руд медзі, волава, свінцу, жалеза, хрому, магнію і інш. Клімат пераходны — ад экватарыяльна-мусоннага на Пд да пустыннага трапічнага на Пн. У Хартуме сярэдняя т-растудз. 23 °C, ліп. — 32 °C. Ападкаў ад 25 мм за год на Пн да 1000—1400 мм на Пд. Гал.р. Ніл з прытокамі.
Паўд. частка С. ў зоне саваннаў, паўн. — у зонах трапічных пустынь і паўпустынь. У гарах і па далінах рэк на крайнім Пд і У краіны трапічныя і галерэйныя лясы. Пад лесам і хмызнякамі каля 19 % тэр. Жывёльны свет: антылопы, жырафы, сланы, ільвы, леапарды, насарогі, бегемоты, кракадзілы; з птушак — страусы, дрофы, марабу; з насякомых на ПдЗ распаўсюджана муха цэцэ. Буйныя нац. паркі — Дындэр, Саўтэрн (Паўднёвы), Німуле, Шамбе; некалькі рэзерватаў.
Насельніцтва. С. — шматнацыянальная краіна, жывуць прадстаўнікі больш як 30 народаў. Каля 45 % складаюць суданскія арабы (пераважна на Пн). На Пд жывуць негроідныя народы ніла-сахарскай моўнай групы (каля 40 %; дзінка, нуэр, бары, фур, шылук, нубійцы) і нігера-кардафанскай сям’і [каля 6 %; азандэ (зандэ) і інш.]. На ўзбярэжжы Чырвонага м. жыве народ беджа (каля 6 %, кушыцкая моўная група). Сярод вернікаў мусульман-сунітаў 70 % (на Пн), прыхільнікаў мясц.традыц. вераванняў 25% і хрысціян 5% (на Пд). Сярэднегадавы прырост 2,7%. Сярэдняя шчыльн. 13,8 чал. на 1 км². Найб. шчыльнасць (да 300—400 чал. на 1 км²) у раёнах арашальнага земляробства вакол Хартума; у Сахары месцамі менш як 1 чал. на 1 км². Качавы і паўкачавы лад жыцця ў пустынях і саваннах вядуць каля 30% насельніцтва. Гар. насельніцтва 35% (1999). Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Хартум — 2731, Амдурман — 1271, Паўн. Хартум — каля 700. Больш за 200 тыс.ж. у гарадах Порт-Судан, Касала, Вад-Медані, Эль-Абейд. У сельскай гаспадарцы занята 80% працаздольных, у прам-сці і гандлі — 10%, у абслуговых галінах — 10%.
Гісторыя Тэр. С. заселена чалавекам з глыбокай старажытнасці. Земляробства і жывёлагадоўля ўзніклі на мяжы 5—4-га тыс. да н.э. У 2-й пал. 3-га — 2-м тыс. да н.э.паўн.ч. С. — Нубія ўваходзіла ў склад Стараж. Егіпта. З гэтага часу ў Нубіі ўзнікла цывілізацыя Куш, якая існавала да 4 ст.н.э. У 5—6 ст. правіцелі паўн. С. прынялі хрысціянства. Аднак пад націскам арабаў-мусульман да 15 ст. тут зніклі апошнія хрысц. дзяржавы. У 1504 у Сенары створана першая мусульм. дзяржава — султанат Фундж. Да пач. 19 ст. большасць насельніцтва С. ісламізавана, некат. народы паўд. С. захавалі традыц. вераванні і культуру.
У 1821 С заваяваны правіцелем Егіпта Мухамедам Алі. У 1881 прапаведнік Мухамед Ахмед (гл.Махдзі Суданскі) абвясціў сябе махдзі і ўзначаліў махдзістаў паўстанне, якое паклала канец тур.-егіпецкаму панаванню і стварыла ў С. тэакратычную незалежную дзяржаву Паўстанне ў 1898—99 задушылі англічане. У 1899—1955 С. — калонія Вялікабрытаніі (да 1951 фармальна лічыўся англа-егіпецкім кандамініумам). У 1940-я г. склаліся партыі аль-Ума (стаяла за незалежнасць С.) і нац.-юніянісцкая (НЮП; стаяла за саюз з Егіптам).
1.1.1956 абвешчана незалежнасць С. З 1958 усталяваўся рэжым ваен. дыктатуры ген. І.Абуда, які скінуты ў 1964. Аднак і новыя ўрады 1964 і 1965 не здолелі вырашыць наспелыя праблемы. У 1969 ваенныя на чале з Дж.Німейры ажыццявілі дзярж. пераварот; краіна атрымала назву Дэмакр. Рэспубліка С.; яе прэзідэнтам з 1971 стаў Німейры. У 1972 падпісана пагадненне з прадстаўнікамі паўстанцаў паўд. правінцый С. аб пашырэнні самакіравання. У 1973 прынята канстытуцыя, якая дазваляла толькі адну паліт. партыю — Суданскі сацыяліст. саюз (ССС). Увядзенне ў 1983 ісламскага заканадаўства выклікала незадаволенасць немусульм. насельніцтва Пд, дзе аднавіла ўзбр. барацьбу Суданская нац.-вызв. армія. У 1985 ваенныя на чале з ген. С. ад-Дагабам скінулі Німейры, ССС распушчаны, адноўлена дзейнасць інш.паліт. партый; краіна перайменавана ў Рэспубліку С. Па выніках парламенцкіх выбараў у 1986 створаны кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам партыі аль-Ума С. аль-Махдзі. Няздольны вырашыць складаныя эканам. праблемы краіны, гэты ўрад скінуты 30.6.1989 у выніку ваен. перавароту з удзелам ісламскіх фундаменталістаў; дзейнасць канстытуцыі і паліт. партый прыпынена. Улада перайшла да Савета камандавання рэвалюцыяй на чале з ген. Х.А. аль-Башыра (з 1998 прэзідэнт С.). Значны ўплыў на ўрад мае ісламская фундаменталісцкая арг-цыяНац. ісламскі фронт. С. — чл.ААН (з 1956), Арг-цыяафр. адзінства, Лігі араб. дзяржаў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 15.9.1999.
Гаспадарка. С. — слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт 31,2 млрд.дол. (1998), каля 930 дол. у год на 1 чал. Удзельная вага сельскай гаспадаркі каля 33 %, прам-сці — 17 %, абслуговых галін — 50 %. Дзяржаве належаць чыгункі, сродкі сувязі, гал. арашальныя сістэмы, камунальныя прадпрыемствы, бавоўнаачышчальная прам-сць і шэраг інш. прадпрыемстваў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 128 млн.га зямлі, у т. л. каля 12,5 млн.га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля 2 млн.га арашаецца), каля 115,5 млн.га пад пашай (саванны і паўпустыні). Пераважае земляробства. На Пн яно засн. на штучным арашэнні водамі Ніла і яго прытокаў, на Пд, дзе ападкаў значна больш, пераважае непаліўное. Вядучая галіна — вырошчванне доўгавалакністай бавоўны на арашальных землях. Акрамя валакна з семя бавоўніку атрымліваюць алей. Гал. бавоўнаводчыя раёны — міжрэчча Белага і Блакітнага Ніла, даліны рэк Атбара, Белы і Блакітны Ніл. Гаспадарку вядуць сяляне на землях, якія яны арандуюць у дзяржавы. У інш. земляробчых раёнах ёсць буйныя ўласнікі, якія таксама здаюць зямлю на ўмовах арэнды. На ўласныя патрэбы вырошчваюць мясц. віды сорга і проса, пшаніцу, кукурузу, рыс, ячмень. Асн. алейныя культуры арахіс і кунжут. Вырошчваюць клешчавіну (алейная і кармавая культура), бабовыя, маніёк, сачавіцу, перац; месцамі — каву і тытунь. Асн. віды с.-г. прадукцыі (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г., тыс.т): бавоўна-сырэц — каля 300 (2-е месца ў Афрыцы, пасля Егіпта), сорга — 2500, проса — 250, пшаніца — 500, арахіс — 400, кунжут — 120; цукр. трыснёг — 5 млн.т. Агародніцтва. Садоўніцтва (цытрусавыя, бананы). На Пн культывуюць фінікавую пальму (больш за 2 млн. дрэў, штогадовы збор 100—200 тыс.т), на Пд — алейную пальму. Збор гуміарабіку (каля 50 тыс.т. штогод, больш за 50 % сусв. вытв-сці, гал. чынам з дзікарослых акацый), лісця сены (александрыйскі ліст) і арэхаў пальмы дум. Жывёлагадоўля качавая і паўкачавая на Пн, адгонная на Пд. Пагалоўе (1997, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы (пераважна зебу) — 35, авечак — 42,5, коз — 37,5. На Пн развіта вярблюдагадоўля (каля 3 млн. галоў); гадуюць таксама коней, аслоў, мулаў. Птушкагадоўля (у 1997—41 млн. курэй). Рачное і марское рыбалоўства (у 1998—48 тыс.т). На Чырвоным м. промысел жэмчугу, каралаў, марскіх губак і чарапах. Паляўніцтва. У лясных раёнах нарыхтоўка драўніны. У прам-сці пераважаюць дробныя прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, вытв-сці спажывецкіх тавараў і буд. матэрыялаў. Частка прамысл. вытв-сці ў дзярж. сектары. Здабыча жал.; хромавай і марганцавай руд, золата, солі з марской вады, буд. матэрыялаў. З 1999 вядзецца здабыча нафты. У 1998 атрымана 1,8 млрд.кВт∙гадз электраэнергіі, у т. л. 72 % на ГЭС (на рэках Блакітны Ніл і Атбара), 28 % на цеплавых электрастанцыях. У апрацоўчай прам-сці вылучаюцца харч. (мукамольная, мяса- і рыбаперапр., малочная, алейная, цукр., кансервавая), тэкст. (пераважна баваўняная) і гарбарна-абутковая. Развіта бавоўнаачышчальная прам-сць. Ёсць нафтаперапр., металаапр., фармацэўтычныя, шкляныя прадпрыемствы, чыг. і аўтарамонтныя майстэрні, суднабуд. і суднарамонтныя верфі і інш. Асобныя прадпрыемствы выпускаюць запалкі, шкляны і метал. посуд, парфуму, мыла і інш.Асн.прамысл. цэнтры: Паўн. Хартум, Хартум, Амдурман, Порт-Судан. Развіты саматужныя промыслы і рамёствы (ганчарны, апрацоўка драўніны, дубленне скур, выраб абутку і нац. адзення, вытв-сць прахаладжальных напіткаў, макароны, вострых прыпраў і інш.). Транспарт чыг., аўтамаб., унутр. водны, марскі. Шырока выкарыстоўваецца гужавы і ўючны транспарт. Даўж. (тыс.км, 1996) чыгунак — 5,5, аўтадарог — 11,9, у т. л. з цвёрдым пакрыццём — 4,3; унутр. водных шляхоў — 5,3, прадуктаправодаў — 0,8. У краіне 35 тыс. легкавых, 40 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Гал. рачныя парты — Хартум, Малакаль, Джуба; марскі порт — Порт-Судан. 63 аэрапорты, у т. л.міжнар. каля Хартума. У 1997 экспарт склаў 594 млн.дол., імпарт — 1,42 млрд.дол. У экспарце пераважаюць бавоўна (23 %), семя кунжуту (22 %), жывёла і мяса (13%), гуміарабік (5 %), арахіс, золата, скуры, фінікі і інш.; у імпарце — харч. прадукты, паліва, спажывецкія тавары, машыны і трансп. сродкі, лекі і інш. Праз С. праходзіць традыц. шлях мусульман-паломнікаў з Зах. і Цэнтр. Афрыкі да святынь Аравіі (даход у 1998—8 млн.дол.). Краіна атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных мусульм. краін (у 1995—254,5 млн.дол.). Грашовая адзінка — суданскі фунт.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ад эпохі неаліту захаваліся гліняныя статуэткі жывёл, ляпная кераміка, наскальныя выявы. У 2-м тыс. да н.э. мастацтва С. развівалася ў рэчышчы стараж.-егіп. культуры, з канца 1-га тыс. да н.э. ў ім пачалі выяўляцца рысы нац. своеасаблівасці: прыземістасць і масіўнасць прапорцый у архітэктуры, адносная свабода ад канонаў у манум. рэльефах. З 2-й пал. 6 ст. н э. ўзводзілі хрысц. храмы, архітэктура і насценныя размалёўкі якіх блізкія да копцкага мастацтва. Архітэктура Зах. С. 15—16 ст. ў рэчышчы сярэдневяковага каменнага дойлідства Усх. Афрыкі (руіны г. Уры і інш.). У жыллёвым буд-ве пераважалі прамавугольныя ў плане хаціны з цэглы-сырцу, на ўзбярэжжы Чырвонага мора — дамы з каралавага вапняку з выступаючымі закрытымі кратамі вокнамі, у негроідных плямён Пд С. — круглыя гліняныя або плеценыя хаціны са стрэхамі з травы. У 20 ст. ў буйных цэнтрах (Хартум і інш.) пашырылася буд-ваеўрап. тыпу. Традыц. віды выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва — драўляная скульптура, якая вызначаецца іератызмам і слабай расчлянёнасцю форм, дробная гліняная пластыка; у арабаў Пн С. — філігранныя работы па медзі, серабры, вырабы са скуры; у негроідных народаў Пд — маст. пляценне. З сярэдзіны 20 ст. складваецца нац. школа станковага мастацтва, якая аб’ядноўвае мясц.дэкар. і еўрап. традыцыі: скульптары М.Куа, А.Хамід, жывапісцы Х.Абас, М.А.Бешыр, графік А.А.Борхан і інш.
Літ.:
Смирнов С.Р. История Судана (1821—1956). М., 1968;
Вобликов Д.Р. Судан: история и современность. М., 1984;
История Судана в новое и новейшее время. М., 1992.
І.Я.Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).
Герб і сцяг Судана.Ландшафт у Сахары, на поўначы Рэспублікі Судан.Рака Ніл на поўдні Рэспублікі Судан.Вёска на поўдні Рэспублікі Судан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫ-ЛА́НКА, Дэмакратычная Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка,
дзяржава ў Паўд. Азіі, на аднайм. востраве (б. Цэйлон), у Індыйскім акіяне. Ад Індыі аддзелена Манарскім зал. і Полкскім пралівам. Пл. 65,61 тыс.км². Нас. 19 576,8 тыс.чал. (2002). Афіц. мовы — сінгальская і тамільская; мова міжнац. зносін — англійская. Афіц. сталіца — Шры-Джаявардэнапура-Котэ (месцазнаходжанне парламента), фактычная — г.Каломба. Краіна падзяляецца на 8 правінцый. Нац. свята — Дзень незалежнасці (4 лютага).
Дзяржаўны лад. Прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Выканаўчую ўладу ажыццяўляюць прэзідэнт і прэм’ер-міністр, які ўзначальвае Савет Міністраў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Нац.дзярж. асамблеі, дэпутаты якой выбіраюцца на 6 гадоў. Выбарчым правам карыстаюцца ўсе грамадзяне з 18 гадоў. Суд. сістэма ўключае Вярх. суд, які з’яўляецца таксама апеляцыйнай інстанцыяй, суды акруговыя, магістратаў і сельскія. Суддзяў прызначае ўрад, членаў Вярх. суда — прэзідэнт.
Прырода. Большая ч. краіны — узгорыстыя раўніны. На Пд і ў цэнтры сталовыя горы з пераважнымі выш. 1000—2000 м (найб. 2524 м, г. Підуруталагала). Карысныя выкапні: графіт, вапнякі, паўкаштоўныя і каштоўныя камяні (рубіны, сапфіры, тапазы, турмаліны, аметысты), фасфарыты; на ПнУ і ПдУ узбярэжжа — чорныя пяскі з рэдкімі і рэдказямельнымі элементамі (ільменіт, манацыт, цырконій, рутыл, радый); разнастайныя буд. матэрыялы (граніты, гнейсы, латэрыты). Клімат субэкватарыяльны, на Пд экватарыяльны. Сярэднямесячная т-ра на раўнінах каля 27 °C, у гарах 23—25 °C. Адно з самых халодных месцаў — горны курорт Нувара-Элія (2000 м над узр. м.) з сярэднегадавой т-рай 15 °C. Колькасць ападкаў за год павялічваецца з ПнУ на ПдЗ з 1300—2000 мм да 2500—3000 мм. Рачная сетка густая. Рэкі кароткія, найб. — Махавелі (330 км). Глебы чырвона-бурыя і чырвона-жоўтыя фералітныя, у далінах рэк — алювіяльныя. Больш за 70% тэр. ўкрыта натуральным раслінным покрывам. На Пд — участкі вечназялёных трапічных лясоў, на ПнУ трапічныя лістападныя лясы. Жывёльны свет разнастайны: сланы, леапарды, рысі, гепарды, шакалы. мядзведзі, шмат малпаў, ядавітых змей, яшчарак, у рэках — кракадзілы. Нац. паркі: Васгамува, Вілпату, Гал-Оя, Кумана, Мадуру-Оя, Уда-Валаве, Яла (Рухуна).
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — сінгалы (74%) і тамілы (18%). Жывуць таксама маўры (нашчадкі арабаў і мясц. мусульман) — 7%, бюргеры (нашчадкі галандцаў і партугальцаў), малайцы, веды, кафіры (афрыканцы), ланкійскія цыганы. Сярод вернікаў пераважаюць будысты (70%) і індуісты (15%). Ёсць хрысціяне (католікі) — 8%, мусульмане — 7% (1999). Натуральны прырост 0,85% (2002). Сярэдняя шчыльн. 298 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены ПдЗ вострава. У акрузе Каломба шчыльн. больш за 2 тыс.чал. на 1 км². У гарадах жыве 23% насельніцтва. Буйныя гарады (тыс.ж., 1993): Каломба — 2026 (з прыгарадамі), Маўнт-Лавінія — 175, Моратува — 135, Джафна — 125. Працаздольнага насельніцтва 6,6 млн.чал. (1998). У прам-сці занята 17% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 38%, у сферы паслуг — 45%.
Гісторыя. З часоў палеаліту Ш.-Л. насялялі плямёны паляўнічых-збіральнікаў, ад якіх, відаць, пайшоў сучасны народ веды. У 6—3 ст. да н.э. востраў засялілі інда-арыйскія плямёны з Паўн. Індыі. Яны назвалі краіну Сінхаладвіпа (санскр. — «краіна львоў»), у скажонай транскрыпцыі Сілон (рус. і бел. Цэйлон), а сябе — сінгаламі. Адначасова ўжывалася і другая назва вострава — Ланка (благаславёная, цудоўная зямля). У 3 ст.н.э. склалася Сінгальская дзяржава (сталіцы — гарады Анурадхапура, Паланарува), дзе дзярж. рэлігіяй стаў будызм. Яна з пераменным поспехам ваявала з прышэльцамі з Паўд. Індыі таміламі і ў 15 ст. распалася. На Пн вострава ўзнікла Тамільская дзяржава са сталіцай у г. Джафна. З 1505 да пач. 17 ст. прыбярэжныя раёны Ш.-Л. заваяваны партугальцамі, але яны не здолелі зламаць супраціўленне сінгальскага каралеўства з цэнтрам у г. Канды, якое з 15 ст. існавала ў горнай частцы вострава. У 1658 галандцы з дапамогай кандыйцаў выгналі партугальцаў, але ў 1795—96 самі былі выгнаны англічанамі. З 1802 Ш.-Л. — асобная брыт. калонія Цэйлон, у 1815 англічане захапілі і Кандыйскае каралеўства. У 1833 пры брыт. губернатару створаны Заканад. савет, у 1912 прынята канстытуцыя. Паводле канстытуцыі 1931 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. 4.2.1948 абвешчана незалежнасць Ш.-Л. ў складзе брыт.Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1972 Ш.-Л. — рэспубліка. У краіне дзейнічаюць каля 30 паліт. партый, але ўвесь перыяд незалежнасці ўлада папераменна належыць або правай Аб’яднанай нац. партыі (засн. ў 1946, правіла ў 1948—56, 1960, 1964—70, 1977—94), або левай Партыі свабоды Ш.-Л. (засн. ў 1951, правіла ў 1956—60, 1960—64, 1970—77 і са жн. 1994 у складзе Нар. альянсу). З 1994 прэм’ер-міністр Ш.-Л. — С.Бандаранаіке, прэзідэнт — яе дачка Ч.Кумаратунге. Становішча ў краіне ўскладнена ўзбр. канфліктам (з 1983) паміж урадам і арг-цыяй Тыгры вызвалення Таміл Ілама, якая тэрарыст. метадамі змагаецца за стварэнне на Пн і ПнУ вострава незалежнай Тамільскай дзяржавы. Ш.-Л. — чл.ААН (з 1955), Руху недалучэння (з 1961), інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў ліст. 2000.
Гаспадарка. Ш.-Л. — агр.-індустр. краіна з развітой плантацыйнай гаспадаркай. З 1970-х г. у краіне праводзяцца рыначныя рэформы, што спрыяе пашырэнню аб’ёму інвестыцый у эканоміку (у 1997—550 млн.дол.), хуткаму развіццю прам-сці і сферы паслуг. Асн. інвестары — Японія, Паўд. Карэя, Сінгапур, мадэлі эканам. развіцця якіх Ш.-Л. прыстасоўвае да сваіх умоў. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 62,7 млрд.дол. (3,25 тыс.дол. на 1 чал.). Штогадовы рост ВУП у 1997—2000—5,3%. У сельскай гаспадарцы ствараецца 21% ВУП, у прам-сці — 27%, у сферы паслуг — 52%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — земляробства, якое пашырана пераважна на ПдЗ вострава, дзе няма патрэбы ў арашэнні. Апрацоўваецца 14% тэр.Гал. плантацыйныя культуры — чай (збор больш за 240 тыс.т штогод), гевея (100 тыс.т натуральнага каўчуку), какосавая пальма (60 тыс.т копры), займаюць 2/3 пл. зямель, што апрацоўваюцца. З інш. плантацыйных культур вырошчваюць вострапрыпраўныя расліны (перац, кардамон, мускатны арэх, карыца, гваздзіка і інш.), какава, ананасы, цукр. трыснёг, тытунь. У канцы 20 ст. роля плантацыйнай гаспадаркі ў экспартных паступленнях значна знізілася (з 90% у 1970 да 20% у 2000). Гал.харч. культура — рыс (2,76 млн.т, 2000), пашырана паўсюдна, асабліва на алювіяльных глебах у далінах рэк і на прыморскіх нізінах. Кліматычныя ўмовы дазваляюць збіраць па 2—3 ураджаі за год. У больш засушлівых раёнах вырошчваюць проса (491 тыс.т, 2000), кукурузу (315 тыс.т), сорга (140 тыс.т), бабовыя, батат, маніёк, агародніну. Жывёлагадоўля развіта слаба. Пагалоўе (млн. галоў, 2001): буйн. раг. жывёлы — 1,56, коз — 0,5, птушак — 11, свіней — 0,07, авечак — 0,01. Буйн. раг. жывёла выкарыстоўваецца як цяглавая сіла. Улоў рыбы (1999) 247 тыс.т. У прамысловасці найб. інтэнсіўна развіваюцца тэкст. і швейная галіны. У 5 зонах свабоднага гандлю працуюць больш за 150 прадпрыемстваў па вытв-сці тэкст. вырабаў на экспарт. Развіты традыц. галіны — чайная, перапрацоўка какосавых арэхаў (алей, мыла, гліцэрын, кандытарскія вырабы, алкагольныя напіткі і інш.), цукр., тытунёвая, мукамольная, гарбарна-абутковая. Ёсць прадпрыемствы чорнай металургіі (Орувела), маш.-буд. (пераважна зборачныя, па вытв-сці абсталявання для лёгкай прам-сці і інш.), нафтаперапр., гумавай (шынны з-д у Келані), фарфоравай, цэм. прам-сці. 50% прамысл. прадпрыемстваў сканцэнтравана ў г. Каломба і яго прадмесцях. Выпрацоўка электраэнергіі 6,6 млрд.кВт∙гадз (2000) на ГЭС (68%) і ЦЭС (32%). Здабыча графіту, каштоўных і паўкаштоўных камянёў, солі. Вял. значэнне маюць маст. промыслы — разьба па дрэве, рогу, чарапахавых пласцінах, слановай косці, чаканка па метале, вытв-сць упрыгожанняў з каштоўных камянёў. Асн. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог больш за 25 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 11,3 тыс.км. У краіне 220 тыс. легкавых і 249 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў. Чыгункі (даўж. 1463 км) пераважна аднакалейныя. Унутр. водных шляхоў — 430 км, трубаправодаў — 62 км. Гал. марскія парты: Каломба, Гале, Джафна, Трынкамалі. 15 аэрапортаў, у т. л.міжнар. ў Каломба. Экспарт (4,9 млрд.дол., 2001) тканін, швейных і гумава-тэхн. вырабаў, чаю, каштоўных камянёў, прадуктаў какосавай пальмы. Імпарт (6 млрд.дол., 2001) машын і абсталявання, паліва, харч. прадуктаў. Асн.гандл. партнёры: ЗША, Вялікабрытанія, Японія, Індыя. Штогод краіну наведваюць каля 500 тыс. замежных турыстаў. Даход ад турызму 275 млн.дол. (1998). Грашовая адзінка — рупія Ш.-Л.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Вял. ўплыў на стараж. мастацтва Ш-Л. (3 ст. да н.э. — 8 ст.н.э.) зрабіла культура Індыі. У аснове планіроўкі стараж. гарадоў быў падзел на Унутр. (т.зв. Царскі) горад, умацаваны сценамі, з палацам і гал. культавымі пабудовамі, і Знешні горад з жылымі кварталамі, манастырамі, прадмесцямі (Анурадхапура). Самы вял.арх. комплекс горада — будыйскі манастыр (віхара) — пераўзыходзіў інда-будыйскія ўзоры па памерах, разнастайнасці тыпаў пабудоў: ступа (дагоба), дамы дрэва Бодхі, астанкаў, рэліквій і інш.Найб. даўнія арх. помнікі: звонападобныя ступы Тхупарама (3 ст. да н.э.), Руанвелі (2—1 ст. да н.э.), скальны манастыр Ісурумунія (5—8 ст.н.э.), палацы, штучныя вадаёмы ў г. Анурадхапуры; рэшткі палацавых будынкаў, ступы Даміла-тхупа, Ранкатвіхара-ступа, Кірывіхара, круглы храм Вата-да-ге, дом вобраза Ланкатылака, пячорны комплекс Галвіхара і інш. ў г. Паланарува. Для будыйскай каменнай пластыкі характэрны манументальнасць, стрыманасць вобразаў, лаканізм форм: гарэльеф «Закаханыя» ў Анурадхапуры (5 ст.), гіганцкія скальныя статуі Буды і Ананды ў Паланаруве (12 ст.). З 11 ст. ўзводзілі індуісцкія храмы (Шыва Дэвале № 1 і № 2 у Паланаруве). Выяўл. мастацтва звязана з інд.маст. школамі. У 5 ст. на скале Сігірыя створаны размалёўкі (мяркуюць, што першапачаткова іх было 500; захавалася 21) з выявамі фігур знатных жанчын у выглядзе паўбожастваў апсар, якія скрозь воблакі кідаюць на зямлю кветкі. З 16 ст. пашырыліся еўрап. ўплывы. Традыцыі нац. архітэктуры захоўваліся ў г. Канды [храм Зуба Буды (Далада Малігава), 14, 18—19 ст.], мастацтва — у Дамбуле (размалёўка пячорнага храма, 18 ст.). У 1-й пал. 19 ст. пераважалі формы англ. класіцызму, станковае мастацтва развівалася ў духу англ. акадэмізму. У 1888 прадстаўнікі традыц. кірунку ў мастацтве аб’ядналіся ў «Цэйлонскае таварыства мастацтва». У 1-й пал. 20 ст. ў сувязі з нац.-вызв. рухам склалася маст. аб’яднанне «Група 43», прадстаўнікі якога Х.Піерыс, Дж.Кіт, Дж.Дэраніягала і інш. спалучалі нар. і міфалагічныя сюжэты з прыёмамі еўрап. мастацтва. Члены «Таварыства нацыянальнага мастацтва» (1950, арганізатар будыйскі вучоны-манах Мапалагама Віпуласара тхера) у сваіх творах адраджалі традыцыі сярэдневяковага сценапісу (Б.Л.А.Мендыс, К.С.Віджая і інш.). Развіваюцца стараж. віды маст. рамяства: ткацтва, разьба па дрэве (арх. дэталі, маскі), апрацоўка металу (насечка, чаканка) і каштоўных камянёў, вытанчаная разьба па слановай косці, выраб лакавых рэчаў. У буд-ве выкарыстоўваюцца дасягненні сусв. дойлідства і вопыт нац. архітэктуры. Помнікі гарадоў Анурадхапура, Паланарува, Сігірыя, Канды ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Літ.:
Талмуд Э.Д. История Цейлона, 1795—1965. М., 1973;
Республика Шри Ланка: История и современность. М., 1977;
Страны и народы: [Зарубежная Азия. Южная Азия]. М., 1982;
Тюляев С.И., Бонгард-Левин Г.М. Искусство Шри Ланка. М., 1974.
У.М.Зайцаў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя), Я.Ф.Шунейка (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Шры-Ланкі.Да арт.Шры-Ланка. У наваколлі горада Канды.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка на скале. Сігірыя. 5. ст.Да арт.Шры-Ланка. Скульптурнае аздабленне круглага храма Вата-да-ге ў г. Паланарува. 12 ст.Да арт.Шры-Ланка. Размалёўка пячорнага храма ў Дамбуле. 18 ст.